Читать книгу Закон захавання кахання - Зінаіда Дудзюк - Страница 7
Закон захавання кахання
6
ОглавлениеКасьян сапраўды прыехаў у жніўні, папярэдне патэлефанаваў ёй у рэдакцыю, а потым яны сустрэліся ў гасцініцы. У ягоным нумары працаваў тэлевізар. Касьян уладна абняў Аду. Дыктарка прамовіла:
– Мужчына ёсць мужчына.
Так супала. Было не зразумела, чаму яна гэта прамовіла? Які знак падавала? Але Касьян парывіста выключыў тэлевізар і зноў абхапіў Аду за плечы.
– Як жа я засумавала па табе, Лятаўчык мой! – прашаптала яна.
– Сумаваць не варта, мы ўсё нагонім. У нас цэлае жыццё наперадзе.
– Цяжкая справа – усё жыццё даганяць ды чакаць, – засмяялася яна. – А нельга неяк проста жыць, нічога не даганяць і не спаганяць?
– Мусіць, можна, толькі ў мяне не атрымліваецца. Хочацца шмат паспець – сказаў ён, яшчэ мацней прыціснуў да сябе жанчыну і доўга цалаваў.
Яна адказвала ўзаемнасцю, гэта былі хвіліны любасці, пра якія яна марыла, аднак не была да канца перакананая ў ягоных пачуццях, таму спытала:
– Ці кахаеш мяне?
– Анягож, – адказаў ён адным словам, і яна паверыла яму, бо прагнула пачуць прызнанне няхай сабе і так.
Потым было мілаванне, захапленне і пяшчотныя словы. Ён называў яе ластавачкай і сонейкам, чаго яна ніколі і ні ад кога не чула, што западала ў душу і заставалася там назаўсёды, як памяць пра лепшы час жыцця. Упершыню ў жыцці Ада адчула сябе часцінкаю другога чалавека, свайго Лятаўчыка. І гэта было дзіўна, бо такое адчуванне перажывала ўпершыню.
Праз тры дні Касьянавы справы былі скончаны, ён адвыступаў, адспяваў і паехаў. Ада адразу напісала яму, выслала новыя газетныя нататкі пра яго песні і талент. Дарэмна чакала званка ці ліста. Толькі аднойчы выпадкова ўключыла тэлевізар і ўбачыла яго з гітарай, ён спяваў і чытаў вершы. Яна падумала тады, што, мусіць, магла б усё жыццё праседзець ля тэлевізара, каб толькі глядзець на яго:
– Лятавец мой, Лятавец. Дзе ж ты лётаеш? Чаму ніколі не згадваеш пра мяне?
Яна набралася адвагі і патэлефанавала сама, сказала, што глядзела па тэлебачанні перадачу з ягоным удзелам, і вельмі ёй спадабаліся вершы. Пагутарылі не вельмі доўга, бо Касьян некуды спяшаў. Яна папрасіла напісаць ёй доўгі-доўгі ліст, ён паабяцаў і ўсё ж напісаў. Толькі давялося ёй чакаць некалькі месяцаў.
«Дзень добры, Сонейка, Сонейка-Слязінка!
Вось і пачаў гэты доўгі-доўгі ліст. Праўда, не маю пэўнасці, ці скончу сёння. Хаця і так затрымаўся з ім аж занадта. Даруй. Праўда, парываўся, але то тое, то гэта, адным словам – нечага не хапала. А можа, таму што я ўсё-ткі эгаіст, атрымаў ад цябе вестачку з аўраю дабрыні і любові і сяджу, як той ангельскі лорд, маўляў, мне добра, дык, пэўна, добра і ўсім.
Маўчанне, маўчанне, заснула душа, а мо і не прачыналася. Жыццё складаецца з суцэльнай бязладнай мітусні. Займаешся чорт ведама чым, толькі не сваёю душою. А яна ж птушка далікатная, падганяць цябе не будзе. Сядзі, куме, можа, выседзіш трасцу з халераю. Пі гарэлку, калі надта прыцісне, марнуй час.
Я ведаю, як цяжка жыць і помніць пра смерць, і ведаю, што іншага шляху няма, і ўсё-ткі жыву, як гарох пры дарозе. А засталося ўсяго нічога, агарак свечкі… Запаленай… Кім? Куды іду? Куды вядзе дарога? Як сплаціць тыя паскудствы, да якіх прычыніўся? А круглая поўня вісіць над светам, як бубен, стукае па сэрцы. Плаціць, плаціць!.. У гэтым свеце за ўсё трэба плаціць, нават за знічку, якая ляціць не ў твае далоні… За позірк… Значыць, усё залежыць ад таго, якімі вачамі ты глядзіш на гэты свет. Заблудзіўся, закруціўся з высалапленым языком, з няўцямнымі вычыма подбежкам шыбую да ямы, у якую буду падаць усю рэшту вечнасці. І сапраўды, без’языкі звон гайдаецца над галавою. Бом! Бом! Толькі аглухлы ўсё адно нічога не чуе. Бом! І паляцела пясчынка часу няўзнак ператварацца ў валун. Бом – і канат, які вяжа цябе з гэтым жыццём, выцягваецца ў тоненькую нітку. Бом! І замест торнай дарогі – балота! А ўсё ж наперакор усяму подбежкам, подбежкам…
Бывай здаровенькая, купальская зараначка».
Ада чытала, перачытвала гэты ліст і не знаходзіла нічога, чым магла б наталіць сваё каханне, каб яно расло і дужэла, каб імклівай ракой поўніла істоту. Гэта быў ліст ні пра што, каб толькі адчапіцца ад надакучлівай жанчыны. Ён здаволіўся яе каханнем, яна для яго толькі адна з мноства іншых, якія, магчыма, таксама дамагаюцца ягонай увагі.
Яна адступілася. Паміж імі ўсталявалася доўгае маўчанне, пакуль выпадкова не сустрэліся ў Вязынцы, дзе ладзілася Свята паэзіі. Сутыкнуліся лоб у лоб і хвіліну стаялі, быццам не пазнаючы адно аднаго ў дзіўным утрапенні. Пасля загаварылі разам, спехам, жартамі ды смехам. А праз колькі хвілін разышліся ў розныя бакі, бо Касьяну трэба было напрыканцы дня выступаць, спяваць песні ды чытаць вершы, а ёй шукаць спадарожны транспарт і памалу дабірацца ў Бабруйск. Адчуваючы віну за тое паспешлівае развітанне, ён прыслаў ёй яшчэ адзін ліст:
«Добры дзень, Зара-Зараніца! Шкадую, што так бязглузда, так недарэчна развітаўся з табою. Некуды бег, некуды спяшаўся, так хацелася сказаць галоўнае пра нашу занядбаную мову і гісторыю – ажно трэсла. А потым высветлілася, што нікому гэта не трэба, нас пакінулі на закуску павесяліць публіку. Калі ўжо і людзей амаль не было. Божа, як цяжка разварушыць гэтае балота абыякавасці да сваёй культуры, да мінулага народа, да саміх сябе. Заснула годнасць чалавечая, як той казачны волат, спавілі закалыхалі, ці дазволяць калі прачнуцца, невядома.
Абухом у свядомасць убіта, што гэтая ненармальнасць і ёсць норма. Маўляў, у цябе ніколі нічога свайго не было і не будзе, ты маленькая шэрая авечка з вялікага статку, ідзі туды, куды вядзе пастухова пуга і не пытайся пра шлях, бо нічога, акрамя лішніх пісягоў, з гэтага не прыдбаеш. Геній Брэйгеля сёння гучыць так, што ажно жудасна робіцца.
Дайшоў да нейкай мяжы, да глухога раздарожжа, а тут яшчэ “прэ́ласці” сямейнага жыцця. Я не скарджуся. Мой дзед казаў: “Кожны мае тое, што заслужыў”».
А далей быў верш, дзе лірычны герой звяртаўся з любоўю да невядомай жанчыны, называў планетаю любові і недасяжнаю зоркаю, але Ада ўжо не магла прымаць гэтыя параўнанні на свой кошт і безаглядна верыць радкам хаця б таму, што Касьян не напісаў, што прысвячае іх ёй. Мо проста хацеў паказаць новы твор.
Трывожны дзень, ашчодраны дажджом.
Ты адплыла планетаю любові,
Адцятая бязлітасным нажом
Сляпога лёсу… Божа, што з табою?
Шалёны вецер. Скроні студзіць золь.
Маўчыць прастор. Заві – не дазавешся.
Як балагол за мной вандруе боль,
Брыдзе ўслед па гарадах і весях.
Каго люляюць рэкі добрых рук?
Каму світае светлае прадонне
Душы тваёй?.. Гудзе настылы брук.
Золь літасцівіца суцешыць і прыгорне.
Над раздарожжам лёсаў і надзей
Палае зорка, што была табою.
Самотны, я малюся на цябе,
Планета запаветнае любові.
Яна падзякавала яму за ліст, паслала некалькі сваіх новых вершаў, але адказу не атрымала. На наступнае лета Касьян не прыехаў. І яна зразумела, што зорка яе душы, назаўсёды згасла на ягоным небасхіле, перастала існаваць. На яе звалілася дэпрэсія, не хацелася ні працаваць, ні варушыцца. Падумвала пра самазабойства і пісала спавядальныя радкі не для друку, сабе:
Зноў цемрай знішчана святло,
А смерць зацягвае сіло
Ды кліча йсці за ёю ўслед,
Каб сэрцу смуткам не смылець,
І абяцае вечны рай.
Памры і болей не ўмірай!
Ні звад, ні бедаў, ні пакут,
Увесь цяжар пакінеш тут…
Так лёгка крок у крок ступіць.
Жыць ці не жыць?..
Яна ўяўляла, як яе будуць хаваць, як збяруцца калегі, знаёмыя, суседзі, толькі Касьяна між іх не будзе. Ён нават не даведаецца, што яна памерла. Гэта спыняла яе. Як жа можна памерці і не развітацца з ім? «Ах, Лятавец, колькі тугі прынёс ты мне? Навошта ў нябёсы паклікаў, а потым пакінуў на грэшнай зямлі?» – з горыччу думала яна і трывала з апошняй сілы. Калі боль станавіўся невыносны, зноў прыходзілі думкі пра самазабойства:
Даўно ўжо мне няма куды ўцякаць,
Няма куды схаваць гаркоту думак.
Трымаю лёс, як амфару ў руках,
Разглядваю з усмешкаю і сумам.
Што там, на дне? Дапіць ці пачакаць?
А голас глухне ў малітоўным тлуме.
Трымаю лёс, як амфару ў руках,
Разглядваю з усмешкаю і сумам…
Нарэшце ўсё ж знайшла выйсце, зразумела: трэба нешта мяняць, нельга хаваць сябе зажыва. Вось і наважылася паехаць вучыцца ў Маскву, тады і паклікала яго з сабою.
Ён не адказаў на яе ліст. Яна зразумела, што яму яе прапанова не спатрэбілася і больш не турбавала, нічым не нагадвала пра сябе. Толькі калі ў ліпені атрымала паведамленне, што залічана на курсы, паслала Касьяну паштоўку, павіншавала з днём нараджэння і паведаміла, што едзе вучыцца. Дзіва дзіўнае – атрымала адказ.
«Дзень добры, Сонейка!
Атрымаў тваю паштоўку. Яна такая шчымлівая і сонечная, адпавядае майму настрою. Дзякуй!
Зайздрошчу табе, цэласнасці тваёй натуры. Змагла вырвацца з такога цёплага балота паўсядзённасці, працуеш, спеліш душу, імкнеш да мэты. А ў мяне не атрымліваецца так, за два гады нашкрабаў адзін вершык – вось і ўвесь набытак.
Самотніка чакала кара
Наканавання
Быць толькі сведкам
І рабом свайго маўчання.
Нядаўна сустракаўся з сябрамі, трохі мы перабралі за сталом, палезла з нас брыдота. А раней мы так добра разумелі адно аднаго. Мяняецца час і мяняе нас. Вось такая “геніяльная” выснова. Зазвычай я не п’ю, а тут як з ланцуга сарваўся. Цяпер разумею, што ўсё можна было зрабіць па-іншаму, але, мусіць, планіда ўжо такая. Не так даўно мне трапілася на вочы цытата, здаецца, Канфуцыя: “Усё будзе так, як будзе, нават калі будзе не так”. Бачыш, цягне мяне на філасофію, можа, у гэтым вінаватая твая паштоўка, бо сяджу і пішу гэты ліст, гледзячы на яе. Згадваю Вязынку, Бабруйск, Бярэзіну і цябе над ёю… Даруй асталопу. Плёну табе. Да пабачэння».
Гэты ягоны ліст быццам абяцаў працяг адносін, таму і думала Ада пра Касьяна ў Маскве, хоць і забараняла сабе, адгаворвала, але не здолела перасіліць парыванне. Напісала яму ліст да запатрабавання, расказала пра першыя дні вучобы, паведаміла адрас і тэлефоны, па якіх яе можна адшукаць і паслала. Спадзявалася, раптам знойдзе магчымасць і прыедзе да яе ў Маскву хоць на дзень. Якое гэта было б шчасце – вольна пахадзіць за руку па горадзе, пагутарыць, наслухацца і нагледзецца на яго! На ўсялякі выпадак праз тыдні два яшчэ і патэлефанавала яму, папярэдзіла, што ліст чакае яго на пошце, але тады нехта быў дома з сямейнікаў, таму размаўляць доўга не маглі. Ада засталася чакаць. Цяпер, перабіраючы ў памяці згадкі, яна з цеплынёю думала пра той час, бо нічога больш светлага і прыгожага не было ў яе жыцці. Безумоўна, першае пачуццё закаханасці яна зведала яшчэ ў школе, але гэта было дзіцячае захапленне, калі з хлопчыкам, які ёй падабаўся, яна нават не адважвалася загаварыць.
Ахопленая ўспамінамі, Ада доўга не магла заснуць, не ўдавалася спыніць плынь думак, нешта спрабавала рыфмаваць, але бачыла, што атрымліваецца лухта і пакінула гэты занятак. Варта было ёй задрамаць, як нехта зноў пачаў малаціць у дзверы. «Якому дурню не спіцца? – злосна буркнула сама сабе, але адчыняць дзверы і не падумала. – Гэта ж якім трэба быць баязліўцам, каб ноччу, употай, стукаць да жанчыны?..»