Читать книгу Сімъ побѣдиши - Алесь Пашкевіч - Страница 3

І

Оглавление

Чэрвень 1429 года ад нараджэння Хрыстовага

Калі манах пакінуў пячору, пачало ўзыходзіць сонца.

Усю ноч ён маліўся, а над зямлёй грукатала навальніца. Маланкі распорвалі неба, падалі ў марскую бездань і – атушаныя – распырскваліся па наваколлі. І тады ўзрываўся гром, стагналі зямля і горы, страшнае рэха кацілася з вышыняў – нібыта ўадначас заходзіліся тысячы іерыхонскіх трубаў ці насмерць біліся за прастору дахрысціянскія Ярыла і Зеўс.

І перакульвалася неба, і расцякалася вадою па горных стромах, і нельга ўжо было зразумець, дзе ніз і дзе верх, дзе сцяжына людская, а дзе Божая, дзе ўява і дзе жыццё.

Затым усё аціхла. І было чутна, як словы зліваліся з шаптаннем нястомных раўчукоў, па якіх неба сцякала ў недалёкае мора.

А калі ўзышло сонца, манах адзінец пакінуў пячору.

На Афоне, ён жыў з сонцам і ветрам, сыціўся зямнымі дарамі, мацаваўся святым словам. І прасіў Бога назаўсёдна пакінуць яго тут – аднак нядаўні сон змусіў перапыніць скіт ды спусціцца ў зямныя клопаты…

Дарога адабрала ўсе старэчыя сілы, але ён не адчуваў гэтага. Не адчуваў ні збітых ног, ні задубелай ад глеістай гразі тогі, ні спапяляльнай смагі. Ішоў ды ішоў, гохкаючы кіем, сунуўся ды поўз, калі строміўся горны схіл. Радаваўся дзённаму святлу, а кароткія ночы праводзіў у сонным памараку. Ды крочыў далей – аж пакуль не ўбачыў перад сабой манастырскія вароты.

Сілаў узняць жалезнае кольца і пастукаць ужо не засталося. «Дзякуй табе, Божа», – вымавіў ці падумаў манах – і страціў прытомнасць.


Першымі яго заўважылі рыбакі, якія прывезлі з Салонікаў муку і воск. Яны занеслі старога за манастырскія сцены, паклалі ў цень кіпарыса ды паведамілі ігумену Нілу. Калі той прыйшоў, манах ужо агоўтаўся ды радасна глядзеў на царкоўны крыж.

– Брат Філафей?.. Вітаю цябе, богалюбівы сябар! Пасля нялёгкай дарогі зрабі ласку: будзь госцем у маёй келлі, – ігумен азірнуўся на маладога келейніка, каб той дапамог, але стары манах нечакана ўпаў да іхніх ног.

– Эвлагітэ (Дабраславіце)! – прашаптаў ён традыцыйнае афонскае прывітанне, перахрысціўся і пачаў прасіць даравання, але словы патаналі ў перасмяглай глотцы.

– О Кірыёс (Гасподзь дабраславіць), – крыху збянтэжыўся ігумен. Ён паслаў келейніка па ваду і паспрабаваў падняць старца Філафея, але той зноў лёг на зямлю і апантана зашаптаў:

– Паляць цела маё грахі непагасныя, каменнямі іхнімі рукі й ногі абцяжараныя, і няма мне даравання за тое, што выпрасіў я ў Бога скіт высокі – ды пакінуў яго…

Слёзы цяклі па худых шчоках, па старэчых маршчынах, па крывавых драпінах. У сівую бараду ўблыталіся некалькі сухіх лістоў айвы і алівы: пячора Філафея была ў Каруле, найвысокім і найсуровым афонскім месцы…

Ігумен Ніл прысеў да старца і пачаў гладзіць ягоны хітон, правільней – тое, што засталося ад яго пасля доўгага пустэльніцтва. Філафей – ягоны папярэднік на ігуменстве, дванаццаць гадоў таму падаўся ў пустэльніцкі скіт – і з’явіўся нібыта з іншага свету…

Прыбег келейнік. Хоць Філафей і не піў ужо трое сутак, але вадзе не абрадаваўся: зрабіў тры невялікія глыткі ды аддаў карэц. І, укленчыўшы, загаварыў гучней:

– Як вучыў айцец Іаан, Сінайскі ігумен: пакінуўшы людскі свет, больш не дакранайся да яго, бо страсці зручна зноў вяртацца. Маліцеся, браты мае ў Хрысце, каб страсці тыя мной зноў не апанавалі…

Ігумену і келейніку ўдалося ўзняць манаха з каленяў ды адвесці ў трапезную. Але і ад сціплай манастырскай ежы ён адмовіўся:

– Не магу я сыціць цела, не спатоліўшы перш душу малітваю, а вочы – сузіраннем святых іконаў. Пакіньце, браты любыя, мяне ў адзінотнай малітве, а потым я распавяду вам аб прычыне майго прыходу…

Філафей так і не ўвайшоў у царкву: як укленчыў перад каменнымі прыступкамі, так і сам скамянеў на ўвесь астатні дзень. Вусны дрогка шапталі словы да Усявышняга, а вочы – па ранейшаму глыбокія і маладыя – іскрыліся слёзнай мілатою ды глядзелі некуды наперад праз царкоўныя сцены, праз час і прастору…

Стук драўлянай калатухі абудзіў яго. Была сярэдзіна начы, і манахаў звалі на службу. Афон пачынаў малітву за дабрастаянне свету, і Філафей разам з усімі, але апошнім, увайшоў у храм. Усё ахутваў змрок, толькі мігцелі пад іконамі некалькі цьмяных лампадак. Але ён памятаў тут кожную пядзю…

Прачыталі ўрачыстую паўночніцу, адслужылі ранішнюю з паліелеем, і калі заспявалі Херувімскую – надышоў світанак.

– Кірые элейсон! – прагучала справа ад алтара.

– Госпадзі, памілуй! – паўтарыў падхапіў нізкі голас…

Анішто не здольна перадаць адчуванне вечнасці і ўзнёсласці так, як грэчаскія царкоўныя песняспевы…

Пасля літургіі манахі перайшлі ў трапезную, дзе з нагоды нядзельнага ранку да гарбаты з хлебам дадалі мёд, халву і тахін. Усе павольна расселіся на лавы, ігумен запрасіў у галаву стала старца Філафея, але той зноў адмовіўся ад ежы і пайшоў да ўзвышэння чытаць: у манастыры падчас трапезы гучалі жыціі святых. А затым, калі ўсе паснедалі і яшчэ раз агульнай малітвай падзякавалі Стваральніку за мілату, Філафей папрасіў слова.

– Браты мае ў Хрысце, – мовіў ён ціха, – хацеў я закончыць шлях свой у пячоры пустэльніка і там перадаць дух свой літасціваму Богу. Ды спадобіў Ён мяне, грэшнага, на іншае: паслаў недастойным вачам маім сон нечаканы. Разбудзіла ў ім мяне Дабраслаўная афонская апякунка і Усяшчодрая роду нашага заступніца Маці Божая ды сказала: «Не спі, чалавеча! Глянь, не світанак на ўсходзе разгараецца, а полымя душагубнае». І паглядзеў я на ўсход, і сэрца маё анямела. Убачыў я сцены Царгорада ў агні дымным, а над Храмам Саборным – двух галубоў. У дзюбе ў белага – пшанічны колас. Чорны ж б’е яго люта, і з коласа не зярняты выпадаюць, а словы Божыя. І ўпала першая сцяна канстанцінопальская. І зноў стукнуліся галубы, і другая сцяна абвалілася. І трэці раз стукнуліся – і знікла сцяна Верхняга горада. І гром трубны загучаў нада мной. І ўбачыў я, як вадой вуліцы запаўняюцца, як рушыцца купал саборны, а на алтар белы голуб падае. «Ідзі і раскажы», – казала Апякунка Нябесная, і ўбачылася мне, як у полымі словы Божыя гараць – кнігі Святога Пісання… – па трапезнай прабег трывожны ўздых, і старац узвысіў голас: – «Ідзі і раскажы», – паўтарыла Валадарка Цноты, і ўбачыў я, як увайшла Яна ў агонь, і выйшла непашкоджанай, і паклала на ваду кнігу, і сказала: «Вось цела Сына майго». І разгарнула кнігу, і перст свой да радкоў прыклала, і сказала: «А гэта кроў Ягоная»… – старац памаўчаў і закончыў: – Пасля таго сну і спусціўся я са скіту свайго. І не стамлюся прасіць вас, браты любыя, аб малітвах да Бога літасцівага, каб дараваў мне зыход мой…

Ён перахрысціўся і памкнуўся было выйсці з трапезнай, але манахі кінуліся, перабіваючы адзін аднаго, распытваць, што абазначаюць тыя нябесныя знакі.

– А тое, што чакаюць народ Хрыстовы новыя выпрабаванні, – Філафей наблізіўся да ігумена, паклаў яму на плячо сваю дрыготкую руку, пранікнёна паглядзеў у вочы ды падрахаваў: – Пройдзе два разы па столькі, як я пакінуў наш манастыр, і Царгорад, Канстанцінопаль, захопяць чужынцы. І ты, добрапрыстойны брат Ніл, мусіш ехаць да патрыярха і папярэдзіць яго аб небяспецы. Не ўваскрэснуць таму, што не памерла. Але цела Божага ад крыві Ягонай адлучаць нельга. У Канстанцінопалі захоўваецца найбагацейшы скрыпторый. Не дай яму знікнуць! Ратуй слова Збаўцы!

– Брат Філафей… – голас ігумена задрыжэў. – Разам і ў малітвах, і ў справах клапаціцца аб тым будзем.

– Не наканавана таму збыцца, – прачула ўсміхнуўся афонскі старац. – Праз сем дзён Усявышні пакліча мяне на суд свой строгі…

* * *

Верасень 1429 года


Сонца гарэла над святой гарой, і каб не мружыцца, ігумен Ніл насунуў на сівыя бровы востраканечны куколь выцертага схімніцкага хітона. Чорная тканіна, сшытая зверху над галавой, разрэзы на рукавах – усё сведчыла пра строгасць і пакору абранага жыцця, адасобленага ад свету…

Бераг адплываў далей і далей, а Ніл не мог адарваць ад яго свайго блакітнага позірку. Што было ў ягоных вачах, у якіх адбівалася вада і неба, смутак і надзея? Што, акрамя малітвы, было ў ягонай душы?

Калі адышоў да Бога старац Філафей, у манастырскай царкве заплакала ікона Божай Маці «Троеручыца», а нараніцу пасля пахавання старца ў келлю ігумена ўляцеў белы голуб: сеў на падваконне і не варушыўся ўвесь час малітвы…

І тады ігумен вырашыў адправіцца ў Канстанцінопаль да патрыярха – распавесці пра Філафееў сон ды папрасіць святой парады.

Афон з карабля ўжо здаваўся невялікай даланёй – толькі заручальны пярсцёнак хмаркі завісаў над гарой. Там – падумалася ігумену – і злучалася неба з зямлёй.

…Яшчэ ў язычніцкія часы на паўвостраве ўзвышалася пазалочаная статуя Апалона, а на гары быў ягоны храм. І само месца звалася Апаланіядай. Пазней там узвялі храм Зеўса, якога па грэцку звалі Афос (Афон). Цяпер жа і да заканчэння свету той край з нябесным спалучаны імем Маці Божай. Калі яна плыла да Лазара Чацвёрадзённага на Кіпр, на моры раз’юцілася бура – і карабель прыбіла да скалістага афонскага берага. Гавораць, калі святая Марыя ступіла на яго, статуя Апалона павалілася…

– Дык ці будзе, ойча, у нас добры ўлоў? – спытаў ігумена старэйшы рыбак (напрыканцы шляху збіраліся закідваць невад – каб прадаць рыбу на канстанцінопальскім рынку).

Ігумен Ніл усміхнуўся, правёў даланёй па мяккай барадзе і мовіў:

– Я ж не варажбіт, чалавеча. Нікому са смяротных не дадзена знаць пра жыццёвую лоўлю. На тое ёсць вечны лавец душаў – Бог наш нябесны. Папрасіце ласкі Ягонай – і будзе вам улоў…


Яшчэ тры разы вынырвала з марскіх глыбіняў і атухала ў паружавелай вадзе вераснёвае сонца, пакуль іхні карабель скінуў якар на дно бухты Залаты Рог.

Кажуць, выспа – вароты Басфора – нагадвае галаву арла. Арол з дзвюма галовамі – герб Усясветнай Канстанцінопальскай Патрыярхіі і цяперашняй імператарскай дынастыі Палеалогаў.

У даўнія часы грэкі каланісты заснавалі на выспе горад Візантыя ў гонар свайго правадыра Візанта. Затым ён стаў новай сталіцай Рымскай імперыі і назваўся Канстанцінопалем – у памяць пра першага хрысціянскага імператара Канстанціна Вялікага. З Рыма, Афінаў, Эфеса ды іншых гарадоў сюды звозілі лепшыя скульптуры, каштоўныя рукапісы ды таленавітых архітэктараў.

Прайшла пасля таго тысяча гадоў, а прасолены Мармуровым морам ды ўсушаны высокім сонцам горад выглядаў маладым і бадзёрым. Як і раней, сцякаліся на форум – рынкавую плошчу – гандляры і купцы, узвышаўся над засмяглай у спёцы зелянінай і квеценню Букалеон – імператарскі палац, за ім – жоўтыя каменныя сцены цырка, тэатра, ніжэй, уздоўж пыльных выпетраных вулак – двух трохпавярховыя дамкі з аркадамі, грамадскія лазні, якія ледзь не ўсутыч ляпіліся да старой гарадской сцяны.

Цяпер жа горад пераліўся і праз тую, і цераз новую сцяну: яго абаранялі ўжо тры рады каменнай цвержы з глыбокімі забраснелымі ірвамі перад кожнай і дзевяноста шэсць вартавых вежаў. І сем абшытых тоўстымі металёвымі лістамі брамаў.

Калі стомлены дарогай ігумен з дапамогай келейніка спускаўся ў лодку, штось бліснула ў ягоных вачах.

– Хвала Табе невымерная, Нябесны стваральнік, – прашаптаў Ніл і перахрысціўся.

На асмужаным даляглядзе вынырнуў пазалачоны купал Святой Сафіі.

Толькі напрыканцы трэцяй варты1 афонскі ігумен патрапіў у Верхні горад. Патрыяршы спраўнік запрасіў у гасцёўны пакой, дзе манахі – Ніл і ягоны келейнік – маглі памыцца і адпачыць з дарогі.

– Яго Вялікасць Боская Усесвяцейшасць Архіяпіскап Канстанцінопальскі Новага Рыма і Усясветны Патрыярх, – паведаміў ён, развітваючыся, – зможа прыняць вас пасля вячэрні.

Службу ў Святой Сафіі яны аніяк не маглі прапусціць – калі б нават раскрыліся нябёсы над Вечным горадам і загулі трубы іерыхонскія. Келейнік наведваў храм упершыню, а ігумен Ніл у свае маладыя гады быў ягоным дыяканам – ды таксама адчуў першасную акрыленасць ад сузірання велічных сценаў. Унутры яны, як і падлога, да самага мазаічнага ўзвышша пакрытыя прыроднымі роспісамі мармура з белымі, бірузовымі і вогненна карычневымі вертыкальнымі разводамі… Вось і Харалагін, дзверы, праз якія можна выйсці на каменны пандус і дабрацца на верхнюю галерэю – нібы на нябачных крылах узняцца да залачоных архангелаў і зверху ўвабраць у дрыготкую душу храмную прастору…

Аграмадны купал, які – здавалася звонку – уціскаў святыню ў грэшную зямлю, унутры на далонях двух нефаў выглядаў лёгкім і ўзлётным. Можа – ад сонечнага вянка ўрэзаных у яго авальных вокнаў, можа – ад гонкіх узалочаных фрэсак, можа – ад высозных калонаў, а можа – ад намоленых слоў, што гучалі пад тым купалам і ўжо не месціліся ў храме.

Але ім, малітоўным словам, было прасторна ў манашскіх душах, якія ў час гэтай вячэрні таксама ўзнімаліся да нябеснага купала…

– Эвлагітэ! – ігумен упаў на калені, калі патрыярх увайшоў у свой тронны пакой – пераапрануты, у простым падрасніку. На галаве замест сферычнай клабукі была белая скуфія.

– Бог дабраславіць, мой дарагі брат! – адказаў патрыярх і таксама ўкленчыў перад госцем. – Думаў, ужо й не пабачу тваю мудрую сівізну.

Яны абняліся і прыселі на лаву, прыстаўленую ўздоўж сцяны з высокім арачным акном. Леваруч ад іх на пакрытым дарагім дываном узвышэнні стаяў залачоны трон з аксамітнай падушкай і доўгімі кутасамі.

Патрыяршы трон ніколі не пуставаў: на ім месцілася кніга старадаўняга рукапіснага Евангелля ў залатых вокладках. Па абодва бакі трону – гліняныя вазы гаршкі з доўгімі пальмавымі галінамі. Просты ж драўляны сталец патрыярха быў пад узвышэннем, але ўладыка сеў побач з госцем.

– Ці добрай была дарога? І як цячэ жыццё Божае на Афоне?

– Хвала Богу, і дарогі, і жыццё нашае добрыя, – пачаў Ніл – і спыніўся, не ведаючы, як падступіцца ў размове са сваім клопатам, але патрыярх нібыта адгадаў ягоныя думкі:

– Аднак бачу пакутнае ў вачах тваіх: гавары.

– На дванаццатым годзе чорнага скіту адкрылася нашаму старэйшаму брату Філафею відзежа нябесная: Маці Божая паказала яму бой двух галубоў, чорнага з белым. І ўбачыў брат наш Божы… смерць Канстанцінопаля і разбурэнне Святой Сафіі… – ігумен сполашна перахрысціўся і адвёў ад патрыярха вочы.

Праз акно ў залу запаўзалі першыя вечаровыя цені. Бліснула пад нізкімі промнямі астылага свяціла залатое акаймленне Евангелля на патрыяршым троне – і адлюстравалася ў блакітных зрэнках ігумена.

– Гавары далей, – загадаў папрасіў патрыярх.

Ігумен уздыхнуў, нярвова скрыгатнуў зубамі – ажно зварушыліся абветраныя жаўлакі – і прадоўжыў:

– Апякунка Нябесная спусцілася ў агонь высокі, у якім гарэлі словы Божыя – кнігі Святога Пісання… «Ідзі і раскажы», – загадала Валадарка Цноты старцу Філафею, і ўбачыў ён у тым сне, як выйшла Бязгрэшная з агня, і паклала на ваду кнігу, і сказала: «Вось цела Сына майго». І разгарнула кнігу, і перст свой да радкоў прыклала, і сказала: «А гэта кроў Ягоная»…

Патрыярх устаў, прайшоў да трона, укленчыў перад Евангеллем:

– Госпадзе, Божа мой! Ты паставіў зямлю на цвёрдых асновах: не пахіснецца яна векавечна! – прашаптаў словы псалма і, не паварочваючыся да ігумена, спытаў:

– І як брат Філафей тлумачыў сваю відзежу?

– Загадаў адпраўляцца да Вашай Усесвяцейшасці і папярэдзіць аб небяспецы. «У Канстанцінопалі захоўваецца найбагацейшы скрыпторый, – мовіў. – Ратуйце і пашырайце слова Хрыстова. Цела Божага ад крыві Ягонай адлучаць нельга»…

– І якім чынам ратавацца Святому гораду? Мне, можа, ігумен, пайсці да імператара і папрасіць яго новую сталіцу заснаваць, калі гэтай вы смерць прарочыце?! – у словы патрыярха ўпляталіся ноткі абурэння: – Канстанцінопаль цяпер як ніколі моцны. Рыхтуецца Фларэнційскі Сабор і падпісанне царкоўнай уніі з Рымам… І туркі цяпер аслабленыя: Цімур мангол на Анкары надоўга сілу з іх выбіў. Успомні, як восем летаў таму Мурат Другі насмеліўся напасці на Канстанцінопаль – і што з таго сталася?! – патрыярх трывожна памаўчаў, падышоў і зноў прысеў да ігумена: – Ідзі з Богам, браце Ніл. Дзякуй за расповед. Адпачні, колькі трэба, ды вяртайся мацаваць веру Хрыстовую ў душах манашскіх…

Яны расцалаваліся і развіталіся.

…А ноччу ў патрыяршы сон увайшла сумная Нябесная Апякунка. У правай руцэ яна трымала раскрытую вогненную кнігу, а левай гладзіла канстанцінопальскага ўладыку і шаптала: «Вось цела Сына майго». І кнігу бліжэй падносіла… «А гэта кроў Ягоная», – і пераставала гладзіць, і праводзіла пальцам па радках. І адышла ў вогненную сферу, адкуль яшчэ доўга чуліся Ейныя словы: «Рабі, Іосіф, што засведчана… Перад ранкам пакажацца табе трэці знак»…

Яшчэ да ўзыходу сонца патрыярх упаў ніцма перад іконаю Маці Божай і доўга маліўся, а калі ўстаў, святло ўжо разыходзілася па храме. Там яго адшукаў спраўнік – хацеў паведаміць пра нейкі клопат, але ўзрушана застыў, прыкрыўшы рукою рот. Патрыярх неўразумела нахмурыўся, але служка нават не варухнуўся: як прыкіпеў вачыма да іканастасу. Азірнуўся патрыярх – і яго як дзідай працялі: упершыню заміраточыла старадаўняя ікона Божай Маці…

Ён зноў кінуўся перад ёй на калені і ўмольна зашаптаў:

– Апякунка Нябесная! Злітуйся і дапамажы нам, грэшным… Выратуй і зберажы!.. – па яго сухіх шчоках пабеглі слёзы. Затым звярнуўся да спраўніка і папрасіў дрыготкім голасам: – Пакліч сюды афонскага ігумена…

Але той, правёўшы ноч у малітве, як толькі прагучала першая варта – рушыў са сваім келейнікам да карабельнай прыстані. Там яго і адшукаў спалоханы спраўнік. І вось ігумен – зноў у троннай зале.

– Сядай, браце, на маё месца, – паказаў яму патрыярх на свой сталец, – а я, грэшны і сляпы, буду каля ног тваіх літасці прасіць, – і ўкленчыў перад ігуменам. Той усё зразумеў і асунуўся звяў каля патрыярха.

Яны абняліся і плакалі, не маючы сілаў на словы. І слёзы былі іхнімі словамі.

Так і сядзелі: адзін насупраць другога.

– Што яшчэ распавёў брат Філафей? Што сам аб тым думаеш?

– Думаю, што храм унутры кожнага з нас, і калі ёсць вера – аніводзін вораг яго не разбурыць. А ў кожнай душы павінна быць слова Божае. Думаю, – ігумен натхнёна зірнуў патрыярху ў вочы, – святую Канстанцінопальскую бібліятэку небяспечна захоўваць у адным месцы…

– Прапануеш перавезці скрыпторый?

– Так, часткова. Падзяліць на тры траціны – і ў спакойнае месца, пад апякунства братоў праведных… «Чаму сонца асвятляе ўсю зямлю? – казаў нам брат Філафей. – Бо вандруе па ўсім свеце. Так і святыя кнігі павінны асвятляць усе землі Гасподнія. Асабліва тыя, дзе мала святла»…

Зноў доўга маўчалі.

– І яшчэ… – абудзіўся ігумен. – Варта шырыць Евангелле й словы апосталаў ды святых айцоў Царквы Хрыстовай. Некалі пры патрыярху Фоцію квітнела вялікая школа перапісчыкаў. Дзейнасць яго вучня асветніка Канстанціна Кірыла ад балгараў да русаў увасобілася ў літарах і словах. І ўжо хутка дзень, калі святую кнігу будзе мець кожная авечка Хрыстовая…

Патрыярх неўразумела апусціў бровы, а ігумен патлумачыў:

– Святло веры Хрыстовай шырыцца па ўсім свеце, і перапісчыкі ўжо не могуць, не паспяваюць задаволіць кнігамі нават святароў новаўзведзеных цэркваў. Не хапае пергамена, не кажу ўжо пра танчэйшы велен… – і Нілавы вочы раптам заззялі: – Мы павінны даць кніжнаму слову новае жыццё!

Бровы патрыярха апусціліся яшчэ ніжэй.

– Так, новае! – ігумен Ніл аглядзеўся наўкол, узняўся (за ім – і патрыярх) ды падышоў да глінянай вазы, асцярожна павярнуў яе, прымружыў вочы: – Так, вось… – ён пастукаў пальцам па ганчарнай метцы таўру. – Вось знак адціснуты, а не напісаны. Гэта – новае нараджэнне і знака, і слова.

Патрыярх стаяў каля ігумена, слухаў, але – было відаць – мала што разумеў.

– Ці яшчэ… Вашая Свяцейшасць, колькі разоў вы прыкладалі на булы й пасланні сваю патрыяршую пячатку?

– Дык хіба ж тое злічыш?

– Вось! – узрадаваўся ігумен. – А цяпер уявіце, што пячатка мае памер кнігі – гэта ж колькі старонак за адну варту адціснуць можна! Тысяча пісцоў з тым не справіцца!

Патрыярх змуліў вусны, прыгладзіў акуратна падрэзаную бараду, а ігумен працягваў:

– На тое мне нядаўна наш малады манах паказаў, брат Максім. Ён прыйшоў на Афон аднекуль з прыморскай Сербіі і паслушнікам выціскаў алей з маслінаў. Аднойчы падклаў пад вінт аліўні гліняную дошку і стварыў на ёй крыжы Гасподнія. Прынёс да мяне і кажа: «А на іх месцы могуць літары быць. А замест гліны – пергамен ці папера!»…

Пасля службы яшчэ доўгі вечар і бяссонную ноч прагаварылі патрыярх з ігуменам. Вырашана было павялічыць колькасць перапісчыкаў скрыпторыя і падзяліць старадаўнюю бібліятэку на тры часткі. А вось куды выпраўляць? І хто будзе ахоўваць?

– Колькі ў тваім манастыры манахаў? – раптам як пра нешта ўспомніў патрыярх.

– Акром тых, хто ў скітах, трыццаць два…

– З табой, значыць, трыццаць тры?

– Так, – ігумен яшчэ не разумеў прычыны пытанняў.

– Вось, нават і ў гэтым – сімвалічна… – патрыярх устаў і паклаў на плячо ігумена руку. На пярсцёнках завесяліліся адлюстраванні свечак. Ігумен таксама памкнуўся ўстаць, але патрыяршая рука спыніла яго, і позіркі абодвух сустрэліся: – З нябеснай дапамогаю Госпада нашага Ісуса Хрыста, са святою падтрымкаю Маці Ягонай Вечнадзевы Марыі наракаю аб стварэнні патрыяршага манашскага брацтва, клопатам якога навекі стануць зберажэнне і пашырэнне Евангельскага слова і кніг царкоўных. У іх наш пачатак, і канец, і аднаўленне. «На пачатку было слова, – вучыў святы апостал Ян, – і Слова было ў Бога, і Слова было Богам»… – на хвілю запанавала продумнае маўчанне. Патрыярх перахрысціўся і закончыў: – Веру ў промысел Божы, які, брат Ніл, спадобіў цябе. Быць табе магістрам брацтва, і называцца яму адсюль і навекі ў гонар любімага Хрыстовага вучня апостала Яна…

* * *

1453 год


Ганец з Канстанцінопаля дабраўся да афонскага манастыра роснай чэрвеньскай ноччу. Манах брамнік правёў яго да ігумена, а калі пачуў навіну – выпусціў з рук паходню…

– У мяне пасланне ад патрыярха, – прахрыпеў змучаны ганец. Ягоны твар быў пакрыты брудам ды потам і ў цьмяных усполыхах свечак здаваўся васковым. Доўгія валасы збіліся ў пасмы, сцягнутыя на ілбе вяроўчынай. Вочы пасля доўгай коннай дарогі – марскі шлях быў перакрыты – патухлі. – Горад гарадоў Візанцій памёр… «І зацьміліся сонца і паветра ад дыму… І з дыму выйшла саранча на зямлю, і дадзена ёй была ўлада…»

Ганец не дагаварыў – галава хітнулася, і ён цяжка зваліўся на каменную падлогу. Пакуль паслушнік і манах брамнік вярталі яго ў прытомнасць, ігумен, мружачы павекі, прачытаў пасланне патрыярха Афанасія, які тры гады таму ўзышоў на святы сталец.

«Брат мой любы ў Хрысце, дабраслаўны Ніле! Хай вечна будзе з табою Божая мілата!.. У гэтыя страшныя дні, калі руйнуюцца святыя сцены Канстанцінопаля, калі іншаверцы захопліваюць нашыя храмы і забіраюць хрысціянскія жываты, пішу табе гэтыя апошнія свае радкі… Будзем маліць Збаўцу ўмацаваць веру нашую… Бо ў Бога не застанецца бяссільным аніякае слова…

Любы браце, рабі тое, на што дабраславіў цябе святой памяці патрыярх Іосіф! Можна знішчыць храм на зямлі, але слова Божае ў целе нашым застанецца! Нагадваю наказ апостала Пётры: „…быццам толькі што народжаныя немаўляты, палюбіце чыстае малако слова, каб ад яго ўзраслі вы дзеля выратавання“… Вераю Хрыстовай выратуемся!

Амаль усю ліберыю вывезлі мы да аблогі горада ды захавалі там, дзе ўмоўліваліся з табой. Візантыйская Сафія рушыцца, але застаюцца яшчэ тры ейныя сястры, узведзеныя ў гонар і ў славу Госпада нашага Ісуса Хрыста ў Кіеве, Полацку і Ноўгарадзе. Хай Нябесная Апякунка дапаможа табе й братам янітам здзейсніць задуманае і перадаць ім Слова Ягонае…

А я малю Божага заступніцтва на паству нашую ды застаюся з ёй і базілеўсам…».

Агоўтаўся ганец і пачаў прагна есці прынесены хлеб. Запіваў квасам і вінавата хаваў галодныя вочы. А затым загаварыў:

– Туркі абклалі горад напачатку вясны. Войска султана Мехмеда ў сто разоў перавышала імператарскае. Султан запатрабаваў здаць горад – і наўзамен паабяцаў усім жыццё. Імператар адказаў ягоным пасыльным: «Аддаць табе Горад немагчыма ні мне, ні каму іншаму. Духам адзіным усе памром па волі сваёй і не пашкадуем жывата свайго»… Першы наступ мы адбілі, але турэцкі флот увайшоў у Залаты Рог. Быў страшэнны абстрэл з бамбардаў… І другую хвалю вытрымаў Канстанцінопаль, але вораг прабіў сцяну перад брамай Святога Рамана. Ноччу пачалася апошняя атака, бясконцая, у некалькі накатаў. Фанатыкаў ятрылі дэрвішы. Мехмед кінуў у бой янычараў… Яны захапілі Ксілапорту – падземны ход замка. І – як здані Апакаліпсіса – накінуліся на нас ззаду… Калі раніцай у сталіцу ўвайшоў султан і аддаў загад перарабіць Сабор Сафіі ў мячэць, каля ейных сценаў яшчэ дабівалі раненых і палонных…

Ігумен і манахі перахрысціліся.

– Як завуць цябе і хто бацькі твае? – спытаў ігумен.

– Максім. Бацькі з пад Спарты…

– Што ж, Гасподзь выпрабоўвае веру нашую… – як аб нечым іншым уголас падумаў ігумен і ўздыхнуў: – Ідзі адпачывай з цяжкай дарогі. А мы з братамі памолімся. Ідзі…


Праз паўмесяца да Афона даплыў карабель пад сцягам двухгаловага арла Палеалогаў. Некалькі вояў генуэзцаў, абаронцаў Канстанцінопаля, дабраліся на лодцы да берага і распавялі манахам пра апошнія хвіліны імператара, які сустрэў сваю смерць з мячом на гарадской сцяне. Каля сотні хрысціянаў з рэштай імператарскай сям’і – дзесяцігадовая пляменніца Зоя з цёткамі – змаглі прабіцца да прыстані і выйсці ў мора.

Генуэзцы перадалі ігумену Нілу апошнія словы патрыярха: ідзіце ў народы візантыйскай веры. Папрасілі харчоў ды вады і вярнуліся на карабель. Іх чакала дарога ў Фракію…


Восенню трыццаць манахаў афонскага брацтва янітаў пасля трохдзённай малітвы выправіліся пад ачолам айца магістра Ніла ў свой першы місіянскі паход. Іх ахоўвалі генуэзцы, якія на тым жа адбітым у янычараў караблі паспелі вярнуцца да Святой гары. Пераадолеўшы марскія хвалі і пакручастыя балканскія дарогі, яны аб’ядналіся са сваімі братамі янітамі ў гарыстым балгарскім манастыры Белы, дзе месціўся святы схрон – Канстанцінопальскі скрыпторый кніжніца – і паплылі да Крыму. Перазімавалі ў Судацкай крэпасці і, калі з рэкаў сышоў лёд, з дапамогай тамтэйшага дзясятніка павадыра падаліся па Дняпры да кіеўскай Сафіі. Адтуль, пакінуўшы частку святых кніг і некалькі перапісчыкаў, да наступнай зімы дабраліся да Полацка, дзе і закончыліся зямныя дні сямідзесяцісямігадовага айца магістра Ніла. Перад паходам, які ён назваў кніжным шляхам з грэкаў у варагі, Ніл склаў з сябе ігуменскія абавязкі, але манахі адмовіліся абіраць на яго месца іншага – і малітоўна запрасілі стаць манастырскай апякункай Божую Маці.

Ніл развітаўся з братамі янітамі на высокім беразе Дзвіны, наклаў на кожнага крыж Хрыстоў, узняў у неба свае блакітныя вочы і прашаптаў:

– Мацуйце і пашырайце нашую справу, Богам дадзеную.

А затым нізка пакланіўся.

– Чую званы Божыя… – былі яго апошнія словы.


Па хартыі янітаў кожны павінен быў пасвяціць у брацтва трох наступнікаў. Ніл прывёў у яго трох Максімаў: Максіма Серба (які падаўся з місіяй на радзіму ў землі Зеты1), Максіма Спартанца (ён, колішні патрыяршы ганец з Канстанцінопаля, прыняў на Афоне манашскі пострыг) і перапісчыка тлумача Максіма Грэка.

Апошні застаўся ў Кіеве…

Сімъ побѣдиши

Подняться наверх