Читать книгу Сімъ побѣдиши - Алесь Пашкевіч - Страница 5

II

Оглавление

1493–1547 гады

З падзеннем Канстанцінопаля нібыта зямля перавярнулася пад нагамі афонскіх манахаў. Яны нястомна малілі Госпада ўразуміць іх і выявіць святыя знакі. Але – ці не бачылі, ці не заўважалі, ці іх – не было.

І манахі – хто не звязаў свой лёс з янітамі – падаваліся ў скіты. Афонскія манастыры амаль пуставалі. Балела ад таго ў Максіма Грэка душа, і ён дзякаваў Богу за тое, што мае магчымасць аддаваць свае сілы на пашырэнне Ягонага слова. Манах за некалькі гадоў працы ў Кіеўскай лаўры перапісаў сем кніг і з многімі дапамог у перакладзе. Ён ужо звыкся са сваім новым месцам, зжыўся з ім, як некалі – з Падуяй і Фларэнцыяй, дзе вучыўся, і толькі ў мяккіх снах, забываючыся над кніжнымі радкамі і старонкамі, зрэдку вяртаўся на радзіму – вось як у гэтым, з высокай сакавітай травой, вінаграднікам за спіной, дарогай… доўгай дарогай… якая выбегла з вады ў лес… стары пагудасты лес з вялікімі невядомымі яму дрэвамі… белымі, халоднымі… і дарога белая, ажно забалелі вочы…

– Эвлагітэ! – нечакана пачулася над спіной, і ён абудзіўся.

Яшчэ неўразумела – між сном і явай – усхапіўся над залітым воскам прыстолкам, перахрысціўся і адказаў:

– О Кірыёс… Гасподзь дабраславіць…

І збянтэжыўся, убачыўшы перад сабой брата яніта, земляка па Афоне, свайго аднаіменца – Максіма Спартанца, у чорным хітоне, з накінутай на плечы авечай скурай.

– Вось я і адшукаў цябе. Збірайся…

Інак, які прывёў госця ў келлю, пакланіўся і выйшаў.

А яны доўга не маглі нагаварыцца. Пачутае аніяк не супакойвала кніжніка Максіма – свет і сапраўды пераварочваўся: у Рыме пануе нямецкае войска, Свяшчэнная Імперыя спрачаецца з Францыяй за свецкую ўладу… І аскепкі дынастыі Палеалогаў, пасля таго, як Венецыянскі сенат нагадаў маскоўскаму ўладару аб ягоных правах на спадкаемства візантыйскага тытулу, вырашылі падацца на ўсход. Між тым князь маскоўскі Іван ІІІ нібыта прымаў імператарскага пасла і пагадзіўся на саюз з Максіміліянам супраць ісламу, але развязаў вайну з ляшскімі хрысціянамі… А цяпер рыхтуецца да жаніцьбы з пляменніцай Канстанціна Зояй Палеалог і пагадзіўся прыняць герб Візантыйскай імперыі – двухгаловага арла. І вось ён – брат Максім – з’явіўся сюды ў суправаджэнні брата нябожчыка базілеўса Фамы Палеалога і будучай імператрыцы Зоі, а ў пасажным абозе – з паўсотні старадаўніх манускрыптаў.

– …А яшчэ маскавіты жадаюць пашырэння царкоўных кніг візантыйскай традыцыі, і таму – збірайся і ты, цёзка брат Максім, у новую вандроўку. Вось табе і ліст нашага магістравага заступніка аб тым… – закончыў госць.


Вось табе і дарога…

Белая, аж вочы коле. Снегу насыпала столькі, што здавалася, ён не растане і за ўсю вясну. А яшчэ – мароз і сіберны вецер, ад якіх слаба ратавалі авечыя скуры ды збітыя на санях буданы балаголы. Калі коні стамляліся, абоз спыняўся ў больш менш сцішным месцы. Сані расстаўлялі кругам, у цэнтры распальвалі вогнішча, грэлі ў катле штось паесці, затым – калі былі не ў стэпе – прыцягвалі некалькі сухастоінаў, звычайна елак, і падпальвалі. З людзьмі радаваліся цяплу і коні, дромна іржалі, нібыта ўрываючыся ў манатонныя размовы манахаў.

– …Дык ці скора яна, тая Масковія? І ці праўда, што тамтэйшы базілеўс, ці князь па іхняму, не дачакаўся патрыяршай булы і загадаў называць сябе імператарам, царом? – пытаў, энергічна паціраючы далоні, Максім Спартанец. – Ці не было тое заявай на візантыйскую спадчыну?

– Пабачым, – спакойна ўздыхнуў Максім Грэк і схаваў у накладную кішэню ружанец – келейны, не на сто «зярнят» напамінаў пра малітву Ісусаву, а на тысячу, з большым кожным дзясятым «прыпынкам». Кукаль манах апусціў на спіну і прыгладзіў свае наравіста кучаравыя, з русым адценнем валасы. – У Кіеве ад манашства я многа чаго чуў… Ён, маскоўскі князь Іван, прысвоіў сабе тытул гаспадара ўсяе Русі, гэтым самым заявіўшы сваё права на Кіеў і Полацак. Невядома, што будзе з вольнымі гарадамі Псковам і Ноўгарадам. Але чалавеку – чалавечае, а Богу – Богава. – Манах узняў сваю прадаўгаватую галаву, адкрыўшы востры коўцік, і назіраў, як ад вогнішча адрываюцца і кружляюць у паднеб’е ігрыста ружовыя матылькі іскрыны.

– Эх, раней мы і не чулі пра тую Масковію, а цяпер вось даводзіцца снягі да яе церці, – уздыхнуў, калупаючыся дручком у вуголлі, малады і дужы прыслужнік Зоі Палеалог Сілуан, сын канстанцінопальскага ліцейшчыка. І без таго аграмадны, у накідках скурах ён выглядаў волатам. Толькі дробны, крыху ўзняты нос сведчыў пра яго добры і мяккі характар. Зноў уздыхнуўшы, Сілуан нечакана згадаў: – Я калі ў кузні бацьку дапамагаў, у самы санцапёк, марыў, бывала, каб у лёдзе паляжаць, а тут вось…

– Кароткі век чалавечы, як і ўсялякай дзяржавы, акрамя Нябеснай, – не адрываючы вачэй ад агня, загаварыў Максім Грэк. Гарачыя языкі ўсполыхаў адлюстроўваліся ў ягоных валошкавых зрэнках і, здавалася, вось вось расплавяць іх. – Я прачытаў некалькі летапісаў і хронік аб тым краі. Розных. Масква нараджалася як калонія, заснаваная русамі ў чужой фінскай зямлі. Яшчэ два тры стагоддзі таму Масковія гарэла ў братазабойчай вайне паміж нашчадкамі Уладзіміра Манамаха. Юрый Даўгарукі ачоліў войска калонію і падаўся на паўночны ўсход шукаць новыя землі. Ішоў той дарогай, па якой і мы: праз лясы, між ложаў Дняпра і Волгі… Падпарадкоўваў сабе іншыя плямёны. І збудаваў паходны лагер перасяленцаў, які і стаўся Масквой… Затым, як Божае пакаранне за пралітую кроў – доўгае нашэсце арды.

…Дагарэла вогнішча. Зыркае яшчэ вуголле насыпалі ў катлы і глыбокія жалезныя місы, паставілі ў вазы: яшчэ з гадзіну дзве будуць леціць грэць. Запрэглі коней – і санны караван выбраўся з прылеску ды зноў пасунуўся заснежанай поймай ракі.

Сонца – як аграмадны мандарын з афонскага саду – завісла злева ад іх і, здавалася, не спяшыла заходзіць за ледзяны небакрай, баючыся абмарозіцца. А як прыгожа некалі, думалася Максіму Грэку, яно садзілася ў фіялетава малочныя хвалі – нібыта няўцерп было, перагрэтаму, нырцануць у марскую прахалоду… «Чаму сонца асвятляе ўсю зямлю? Бо вандруе па свеце, – згадаліся словы прападобнага брата Філафея. – Так і святая кніга павінна асвятляць землі Гасподнія…».

Раптам успалашыліся коні. «Ваўкі! Ваўкі ы ы!!!» – закрычалі ззаду. Максім Грэк адхінуў скураную апону і адразу ж убачыў іх: доўгая зграя гонкіх шэра чорных звяроў злятала са снежнага ўзгрыўку наперарэз ягоным саням. Два ўпрэжаныя конікі нярвова захраплі, заматлялі прыўзнятымі галовамі – і рванулі ўбок, далей ад ікластай зграі. Дзесьці пад імі і снегам рака нечакана падала ўніз. Водны парог быў нябачны пад снегам, хоць і не замерзлы.

Сімъ побѣдиши

Подняться наверх