Читать книгу Сімъ побѣдиши - Алесь Пашкевіч - Страница 4
1
Оглавление1963, 1969 гады
Мікалай Заяц бачыў такі твар ужо другі раз у жыцці: нібыта яго пакруцілі ў пральнай машыне, а затым, перасушаны, папрасавалі. Ніводнага мімічнага руху! Нават вочы – як пацягнутыя пакостам, як масліны ў воцатным расоле…
І размова пачыналася аднымі й тымі ж словамі. Напачатку гэта было ў загадчыка кафедры, праз некалькі дзён пасля абароны кандыдацкай.
– Даручэнне, Мікалай Сымонавіч, маецца… па тэме Вашай навуковай працы. – І зрэнкі масліны ўздрыгануліся. – Лекцыйную нагрузку перакінем на зіму, а тут трэба пастарацца, бо – самі разумееце – запыт зверху. Інструкцыі – на месцы…
І вось ён – упершыню «за сцяной», у самым што ні ёсць «сэрцы Радзімы». Паўз Палац з’ездаў уся іх група – сем чалавек – пад пажаўцелымі прысадамі цопае моўчкі і неяк насцярожана. Праваруч – Успенскі сабор, усыпальня мітрапалітаў і патрыярхаў, злева – званніца Івана Вялікага з дзвюмя зіхоткімі цыбулінамі купаламі. Самая высокая пабудова Крамля. Кажуць, там звон – у шэсцьдзясят пяць тон…
Нарэшце і іхняя мэта: Архангельскі сабор. Сустракае сваёй некалі белай сіметрыяй – як разгорнутая напалам кніга. А паветра саленавата церпкае… Можа, ад недалёкай рэчкі за сцяной? І ў галаве – усё, што можна было нашкрэбці ў гістарычных крыніцах…
Яшчэ пры браце Аляксандра Неўскага Міхаіле Яраслававічы тут збудавалі драўляную царкву ў гонар архангела Міхаіла. Пры Іване Каліце вырас каменны храм, як сведчаць летапісы – у знак удзячнасці за ратаванне Масковіі ад голаду. Каліту першым і пахавалі пад зводамі яшчэ незавершанай святыні, якая стала ўсыпальняй маскоўскіх князёў. А ў пачатку XVI стагоддзя храм зноў перабудавалі. Пачаліся рэстаўрацыі, апошняя з якіх планавалася на іхніх вачах…
Будаўнічыя рыштаванні абхоплівалі сабор, і калі ён нагадаў Зайцу разгорнутую кнігу, дык усё разам цяпер выглядала як закратаваны манускрыпт. І расчытаць яго – няпростая работа, даручаная міністэрствамі культуры і адукацыі іхняму «зводнаму археалагічнаму калектыву» пад кіраўніцтвам прафесара Фёдарава.
…Вузкія шчыліны вокнаў, цяжкі, выцягнуты з усходу на захад простакутнік сценаў… Нейкі незвычайны ўрачыста жалобны настрой (лічылася, што апякун сабора архангел Міхаіл быў правадніком душаў у царства вечнасці). Ну а храм, падумалася Зайцу, – «кантрольна прапускны пункт» на той свет, праз што і даставалася яго сценам за ўсю гісторыю. Як адзначана ў летапісах, у 1450 годзе падчас навальніцы ў храм патрапіла маланка, а роўна праз чвэрць стагоддзя «внутри града» адбыўся пажар. У 1505 м князь Іван Васільевіч загадаў наогул разабраць старую царкву і закласці новую. Ды памёр. І сцены сабора, якія дастаялі да гэтых дзён, узводзілі ўжо пры ягоным сыне Васіліі Трэцім. «Курыраваў» будоўлю міланскі архітэктар Алевіз Фразін, які сачыў за ўзвядзеннем усяго каменнага Крамля. У вайну з Напалеонам французы выкарыстоўвалі храм як кухню ды казарму. Пакралі залатыя аклады, а з іканастасаў рабілі лаўкі ды ложкі… Таму зноў даводзілася аднаўляць унутранае ўбранства. У 1917 м сабор пашкодзілі пры абстрэле Крамля і праз год зачынілі. Цяпер жа, пасля адкрыцця тут музея, распачалася чарговая рэстаўрацыя – ужо знешняга выгляду помніка. Іхнім жа «надзелам» быў ніжні ярус з пахавальнымі крыптамі…
З кожнай хвіляй незвычайны трунак узнёсласці й жалобы запаўняў Зайцава цела, трунак, які апошні раз даводзілася піць ці не ў дзяцінстве, калі ў цэркаўку яго вадзіла бабця… Як усё даўно – і адносна блізка… Толькі змрочна, пуста ды хрыплае рэха пад нагамі і за парэпанымі калонамі… Толькі аніводнага ўсполыха васковай свечкі і пахне застарэлай цвіллю, як у закінутым склепе… І вось ён, ужо кандыдат гістарычных навук Заяц, зноў адрываўся ад рэальнасці і пераставаў бачыць сваіх калегаў…
Галоўная святыня сабора – ікона Міхаіла Архангела. Злева ад Царскіх Варотаў – ікона Божай Маці «Дабрадатнае неба», ва ўвесь рост у яркіх вогненных промнях, як ілюстрацыя да Янавага Адкрыцця: «И явилось на небе великое знамение: жена, облеченная в солнце; под ногами Её луна… И родила она младенца мужеского пола, которому надлежит пасти все народы жезлом железным…».
Жэзлам жалезным – паўтарылася ў ім, калі цугам – адзін за адным – дайшлі да ранніх фрэсак з сюжэтамі прыпавесці пра багатага і Лазара на сценах у дзяканніку ніжняга яруса, яруса, дзе ўладкаваная ўсыпальня Івана IV Васільевіча, празванага Грозным1… Усыпальня першага маскоўскага цара, які пашырыў дзяржаўную тэрыторыю. Яго пахавалі тут, пад сцёртымі плітамі падлогі, і парэшткі яго – сярод сарака шасці белакаменных плітаў у бронзавых футаралах з раслінным арнаментам і надпісамі вяззю.
Эксгумацыя труны Івана Жахлівага – і ёсць мэта іх незвычайнай «экспедыцыі».
– Значыць так. Паўтараю яшчэ раз: асаблівая ўвага – на дадатковыя прадметы. Адзначаем усё, што падобнае на кнігу ці не з’яўляецца часткамі трупа… – нагадвае «навуковец у штацкім», намеснік начальніка N га ўпраўлення КДБ…
Бронзавае наверша ўскрылі лёгка, а вось пліта паддавацца не хацела. Зламаўся адзін з дамкратаў, і на падлогу пачала выцякаць жаўтавата іржавая жыжка. Давялося падымаць пачаргова з бакоў – і падстаўляць драўляныя кліны. Большыя, яшчэ большыя…
Шэрхлы скрып, нібыта хтось ідзе па падсохлым імху ці пяску. Адчуванне не з лепшых у гэтай напампаванай электрычным святлом мёртва каменнай прасторы. Як чыесьці крокі… Распавядалі, што да крыпты Івана Жахлівага прыходзіў Сталін: пастаіць з незапаленай люлькай, моўчкі паківае галавой – і марудна назад. Адна рука за спіной, другая, з люлькай, спераду…
Нарэшце і сама труна – як царкоўная рáка, пакрытая срэбнымі пласцінамі.
– Асцярожна. Не выпусціце джына… – жартоўна шэпча «навуковец у штацкім», калі спрактыкаваныя археолагі мякка ўзнімаюць вечка.
Шаравата шэрхлыя косці аддзеленыя ад хрыбта… Узнімаюцца мацуюцца толькі шэсць верхніх рабрын, якія амаль пяць стагоддзяў таму прыкрывалі ўладарныя грудзі… Правая рука, правільней, тое, што ад яе засталося, нібыта надломленая і падсунутая пад «спіну». На ёй, а таксама па вертыкалі шкілета – фрагменты пашарэлай тканіны. Косткі ступняў павернутыя ў адзін бок і ўпіраюцца ў сценку труны.
Прафесар Фёдараў манатонна дыктуе пратакол стэнаграму эксгумацыйнага агляду. На акулярах мітусяцца электрычныя ўсполахі.
«Навуковец у штацкім» далікатна пастуквае пазногцем па чэрапе (асістэнт археолаг тупа глядзіць на свой пэндзаль) і рэзюмуе:
– А яшчэ моцны…
Затым яго лоб моршчыцца:
– Што гэта?! – паказвае пальцам на іржавы ланцуг з вялікім крыжам.
– Перад смерцю ў сакавіку 1584 года цар Іван Жахлівы прыняў схіманашскі пострыг з імем Іона… – нібы чытаючы, выгаварыў на запытанне Заяц і нечакана адчуў, як ногі пачалі мякчэць. Спіне стала холадна, па ёй прабег вогкі сівер… Закрыў вочы – а перад ім зноў лямпачкі. Адна, дзве, тры… – налічыў пятнаццаць. Праз хвілю яны памутнелі і перасталі рэзаць зрэнкі. Пад тонкім шклом колбаў – чамусьці не спіралькі, а… косткі. Столь захісталася, і лямпачкі пачалі падаць біцца. Толькі чамусьці не ў шкляныя аскепкі, а ў белы пыл… Як мука. Мука ад змолатых костак…
– Ясна! – выводзіць яго з памараку «навуковец у штацкім». – Акрамя ланцуга, іншых прадметаў у труне няма. Працуйце далей! – і ўпэўнена падаўся да выхаду.
Падчас тых раскопак у Архангельскім саборы пад салеяй і заходняй часткай былі выяўленыя фрагменты муроўкі яшчэ XIII стагоддзя. Новыя ж сцены храма ўзводзіліся з белакаменных блокаў, падлога высцілалася з цэглы і керамічных плітаў з жоўтай і зялёнай палівай.
У эксгумаваных царскіх касцях хімічным аналізам было выяўлена анамальнае перавышэнне іртуці – у 24 разы.
– У тыя часы яна была лекамі. Іртуццю ад сіфіліса лячыліся… – пагаварылі ў лабараторыі і зрабілі адпаведнае заключэнне, якое, як і ўсе матэрыялы працы эксгумацыйнай камісіі, засталося засакрэчаным…
Тое было ў 1963 м. І вось праз шэсць гадоў перад ім, ужо доктарам навук, зноў той жа выраз твара: як перакручаны ў пральнай машыне, перасушаны і папрасаваны. Без аніводнага мімічнага руху… Толькі твар ужо не загадчыка кафедры, а прарэктара па навуцы. І зрэнкі масліны ўжо як выцвілі…
– Маем, Мікалай Сымонавіч, запрашэнне на міжнародную навуковую канферэнцыю. Тэма – блізкая Вашым штудыям. Вырашылі вось камандзіраваць за мяжу. Толькі ёсць адна акалічнасць… – прарэктар павярнуў галаву да мужчыны, які дагэтуль моўчкі сядзеў скрай стала і якога напачатку Заяц нават не заўважыў. – Пазнаёмцеся. Субачаў Віктар Аляксандравіч. Зрэшты, Вы з ім ужо знаёмыя… Ён дапаможа з некаторымі ўстаноўкамі. Ну а я, прабачце, мушу ісці. Залікі… прымаю. Жадаю поспехаў.
У тую ж хвілю Заяц пазнаў чалавека за сталом – «навукоўца ў штацкім»…
– Мікалай Сымонавіч, Вы даўно былі на моры? – інтрыгуюча пачаў Субачаў.
– Даўно. Яшчэ студэнтам у будатрадзе. На Чорным…
– А вось цяпер Адрыятыку пабачыце! – абрадавана працягнуў нечаканы суразмоўца. Паляціце ў Сацыялістычную Федэратыўную Рэспубліку Югаславія. У горад Падгорыца. Ёсць такі ў Чарнагорыі… – Субачаў паклаў рукі на стол і агледзеў пальцы. – Акрамя даклада і знаёмства з сусветнай гуманітарнай навукай просім Вас… Як бы гэта прасцей сказаць? – ён адхіліўся да спінкі крэсла і ўважліва паглядзеў на Зайца. – Словам, справа такая. Па інфармацыі нашых архівістаў, некалі ў Маскву з Канстанцінопаля ад візантыйскага імператара была прывезена і падорана частка старадаўняй бібліятэкі. Сярод іншага – інкунабула… рукапісная кніга Евангелля ад Яна. Унікальная гістарычная каштоўнасць. Маю на ўвазе не духоўная там… царкоўная… Сімвалічная каштоўнасць. Казалі, яна нейкую цудадзейную сілу мела… Дайшла інфармацыя, што яе Івану Жахліваму ў труну паклалі. Аднак – самі бачылі… Аказваецца, тую кнігу яшчэ пры жывым цары выкралі і хацелі пераправіць з Масквы на востраў Патмас, дзе нібыта апостал Ян і пісаў тое евангелле. Але не давезлі. Караван захапілі туркі, а кніга… – Субачаў мякка пастукаў пазногцямі па лакіраванай сталешніцы. – Кнігу тую выратавалі манахі і схавалі ў адным з чарнагорскіх манастыроў. Адшукаць яе след – Вашая асноўная задача.
Мабыць, у гэты час твар Зайца выявіў найрэдкае і неапісальнае здзіўленне, бо высокапастаўлены прадстаўнік КДБ ніякавата крактануў і ўсміхнуўся:
– Разумею, што нечакана… Але прычына ўсяго нашага мерапрыемства на паверхні: Візантыя канула ў Лету, а Масква стала другім Канстанцінопалем. – У ягоным голасе пачалі з’яўляцца металёвыя ноткі: – Гэта на іншым узроўні высвечвае нашую місію ў справе яднання некалі хрысціянскіх народаў. Дае, так сказаць, паўнамоцтвы на першынства ў славянскім свеце. Ідэалагічны, так сказаць, імператыў. А старадаўняя кніга, калі хочаце – своеасаблівая грамата на тое.
У кабінеце пафасна забомкаў гадзіннік. Субачаў наструніўся і падагульніў:
– Вось, у асноўным, і ўсё. – Падняў з падлогі на стол чамаданік дыпламат, з узнятым настроем шчоўкнуў замочкамі і выклаў тонкую каленкоравую папку. – Тут тое сёе з сабранай інфармацыі. Аднак, – ён далікатна ўсміхнуўся, – перакананы, што Вы і так аб многім ведаеце. Як аб тым схіманашскім пострыгу Жахлівага… – і пасля невялікай паўзы закончыў ужо наспех і казённа: – Праявіце, калі ласка, усю адказнасць. Пра тое, што аб гэтым аніводная іншая душа не павінна ведаць, нагадваць, думаю, не варта. І яшчэ… Калі спатрэбяцца нейкія кансультацыі з боку багаслоўскага, тэалагічнага – вось тэлефон памочніка патрыярха. Дапамогуць у любы час…
…Тэатральныя рухі сцюардэсы… З тыгрыным рыкам турбіны пажыраюць «газу». Нярвовыя стыкі пліт на бетоннай «узлётцы». Зацяжны надрыўны разбег. Добра, што не пашкадаваў у аэрапорце каньяка…
Незразумелая далёкая сіла адрывае ад зямлі – як некалі зробленыя дзедам арэлі, і ўсе роздумныя трывогі: што там? як там? – застаюцца ззаду, не паспяваюць за самалётам. І вось – традыцыйная смактулька «Узлётная», нечаканая марознасць у салоне, узбітыя плантацыі бавоўны ў ілюмінатары… І непланаваны сон. Ажно да самай пасадкі, калі пад табой – мутная аправа іржава бірузовых гор, як праз малы акуляр бінокля ўбачаныя змейка дарога, чырвонагаловікі дамкоў, рознакаляровыя лáткі палеткаў, укроп дрэў… Усё раптам мітусліва пачало большаць, разбягацца і ўцякаць… Надзьмутая гума гохкае на разагрэты бетон – і можна адшчоўкнуць папружку…
Аэрапорт «Београд». Пашпартны кантроль, дарога да чыгуначнага вакзала… Усё ж добра, што ў Маскве яго ўладкавалі на самалёт, а не кінулі прарываць дзяржаўныя межы ў вагон цягніка – з перасадкай у Празе.
Аднак на вузкім пероніку ў Падгорыцы яго ніхто не сустракаў. Хоць і было дамоўлена… Сноўдаюць людзі – хто з валізамі, хто з кветкамі… Вярнуўся назад да вагона, перашкаджаючы дабірацца да выхаду іншым пасажырам, трывожна стаў збоку і зноў пачаў разглядваць мінакоў. «Господар Зец – СССР», – прачытаў на белым аркушы… Стоп, Зец… Па сербску «Заяц»…
– Добар дан! Канферэнцыя ў Падгорыцы?
– Так, добро дошлі! Прафесар Богдан Янкавіч, – знаёміцца даўжэзны маладзён у джынсавых шортах ды памаранчавай майцы і пераходзіць на расійскую, зрэдку блытаючы націскі. – Рады вас бачыць. Калі ласка, пойдзем да машыны…
Белая айчынная «Застава», у багажнік якой ледзь змясцілася сумка, ганарліва фыркае сінім воблакам, але бяжыць бадзёра. Праз апушчаныя вокны ўрываецца салёна падсушаны вецер і мякка гладзіць твар.
– А я ўжо думаў сам дабірацца, бо не адразу даўмеўся, што Зец – гэта я, Заяц…
– Ох… – ледзь не прытармазіў чарнявы даўгун Янкавіч, рукам якога і нагам яўна не зашкодзілі б лішнія дэцыметры салона. – Прашу прабачыць… Так, прозвішчы не перакладаюцца! Гэтую паперку мне далі ў сакратарыяце дэканата. Не крыўдуйце…
– Ну што вы?! Наадварот – пачуваюся сваім!.. – Заяц усміхнуўся і раптам загледзеўся на казачны краявід справа: гара (ці скала?), прывязаная прыфастрыгаваная да зямлі (ці да неба?) дрэвамі, зрывалася да фіялетава бірузовага возера, гарэзна кружляла разам з дарогай… А ў вадзе юрліва купалася сонца (ці вада – у сонцы?)…
– Прыгожа… – прашаптаў госць, на што шафёр радасна хітнуў маладжавай галавой (на выгляд яму каля сарака) – і паддаў «газу»…
Ягоны даклад быў на пленарным пасяджэнні. Заяц і падрыхтаваўся, і стараўся – як ніколі: і нечаканка ў звароце, каб захапіць увагу залы, «антытэза – тэза» і гэтак далей. Ён гаварыў пра ролю кнігі ў развіцці чалавецтва, пра славянскіх друкароў Скарыну і Фёдарава.
– Вось першыя асноўныя цуды свету… – Заяц упэўнена падняў да аўдыторыі далонь і пачаў загінаць пальцы, – монатэізм, кола, палёт чалавека ў космас і… кніга! – Калі ён задумваўся, на адкрытым ілбе з раннімі залысінамі выяўлялася глыбокая вертыкальная баразна маршчына, а доўгія бровы ўзнімаліся рымскай пяцёркай – як у савы. Заяц усклаў рукі на канты трыбуны і пасля невялікай паўзы закончыў: – А кніга можа стаць і міжнародным сімвалам. Сімвалам яднання, братэрства, грамадскай візітоўкай. Такой, як скіпетр, сцяг… Вось, напрыклад, інкунабулы Візантыйскай бібліятэкі. Некаторыя з іх пасля падзення Канстанцінопаля былі перададзеныя Палеалогамі ў Маскву. Прыкладам – Евангелле ад Яна. Як сведчылі прадстаўнікі княжскай дынастыі Негашаў, яна затым перахоўвалася ў чарнагорскіх манастырах. Дык вось уявіце сабе… – Заяц адышоў ад трыбуны і наблізіўся да першых шэрагаў залы. – Калі б гісторыкі, архівісты адшукалі яе – яна б стала сімвалам сцягам усяго славянства ад гэтых югаслаўскіх гор да гор Урала!..
Пытанне яму было зададзена толькі адно: «Чаму сярод цудаў духоўна інтэлектуальнага развіцця чалавецтва Вы не назвалі адкрыццё сонечнай сістэмы?».
– Гелеацэнтрызм, на маю думку, не зрабіў каардынальнага ўплыву на культуру. Ну круціцца зямля вакол сонца ці не… Чалавек бачыў, як штовечар яно, сонца, хаваецца «памірае», а пасля начы зноў нараджаецца. Гэта і адкладвала ў ягонай псіхалогіі адбітак… Адлюстравалася ў міфалогіі і фальклоры…
У перапынку многія падыходзілі да яго, хвалілі за даклад, але – аніводнага, нават ускоснага намёку пра кнігу Евангелля! Ну хай там замежнікі, немцы ці французы, якія й чуць аб ёй не чулі… Але ж тутэйшыя, сербы, чарнагорцы?..
Вечарам было застолле. Мора традыцыйнай ракіі, каньяка, лікёра «Горкі ліст»… Любіў Заяц гэтую справу, але стрымліваўся: хто яго ведае, як там абернецца? Усё ж – замежжа…
Назаўтра працавалі асобныя секцыі, і ён пайшоў на «Культуру і гісторыю Балканаў». Паслухаў даклад прафесара Янкавіча аб ролі нацыянальнай паэзіі ў станаўленні сербскай дзяржаўнасці, яшчэ з дзясятак карацейшых выступаў – і пасля кава паўзы пайшоў у гатэль адпачыць. Зранку былі запланаваныя экскурсіі: цеплаходам у Бока Каторскі заліў, на Скадарскае возера і ў Цэціньскі манастыр. На выбар. Зразумела, ён выбраў апошняе: там захоўвалася старадаўняя бібліятэка.
І вось – напаўпусты (большасць удзельнікаў канферэнцыі падалася да мора) «Ікарус» хутка адлічыў паўсотню кіламетраў ад Падгорыцы і завіляў па вузкіх вуліцах Цэціні.
Гарадок быў заліты сонцам і пахам пераспелай смоквы. Старанна злепленыя з камянёў дрымотныя сцены манастыра. Да глянцу нацёртыя падэшвамі прыступкі. Прахалода і мядовы бляск абразовых акладаў дзеючай царквы…
– Не хочаце, гасподар прафесар, пабыць каля машчэй святога Пятра? – вывеў з задуменнасці ціхі голас Янкавіча.
– Так, дзякуй.
У невялікім пакоі пад белымі зводамі сценаў перад авальным акном стаяла рáка. Над ёй – тры сціплыя абразы. Манах у чорнай рызе і дзве бабулькі ў чорных хустах укленчылі перад мармуровым узвышэннем. Янкавіч перахрысціўся, за ім аўтаматычна і Заяц.
«Ну вось, – падумаў, – савецкі навуковец, камуніст… Бачыў бы хто з нашых…»
Затым яны сядзелі на каменнай лаве пад ценем невядомага дрэва з тоўстымі і прадаўгаватымі – як рыбы – лістамі і чакалі астатніх.
– А багатая бібліятэка ў манастыры? – як скрозь дрымоту спытаў Заяц.
– Так. – Калега загадкава апёк яго зіхоткімі зрэнкамі. – Але візантыйскага Евангелля ад Яна там няма…
У апошні дзень канферэнцыі Янкавіч запрасіў Зайца да сябе на вячэру – у прыгожы белы дом пад чырвона рудаватым дахам. Разам з ім тут жыў і стары бацька – прафесар гісторыі. Невялікага росту, сухі, сівыя бровы і вейкі, але пад імі – жвавыя каштанавыя вочы. Абрадаваўся госцю, пахваліў, што пакланіліся Пятру Цэціньскаму. Гаварыў па расійску амаль без акцэнта, толькі зрэдку ўстаўляючы сербскія словы:
– З ім, святым Пятром, і вашай краінай – цэлая гісторыя. Калі падмацуецеся і захочаце паслухаць старога, магу распавесці… – і з чвэрць гадзіны ў цяністай прахалодзе гучаў ягоны лаўровы голас: – Святы Пётар Цэціньскі, наш цудатворац і дзяржаватворац, вучыўся ў Пецербурзе, а потым ужо як архімандрыд адправіўся быў да царыцы Екацярыны прасіць дапамогі свайму праваслаўнаму народу. А царыца яго не прыняла… Затым яго рукапалажылі ў Карлаўцах у сан архіярэя Чарнагорскага, на што быў атрыманы дазвол аўстрыйскага імператара. І зноў падаўся Пётар да сваіх мацнейшых братоў, братоў па духу і веры – з просьбай аб падтрымцы, але князь Пацёмкін загадаў яго выгнаць з Пецербурга. Гарэтніка ўкінулі ў паліцэйскую павозку і гналі дзень і ноч без спачынку да самай мяжы – як ліхвяра, а не архіярэя. Маўляў, які архіярэй без дазволу русійскага Сінода? Вось як! Нібыта не ўсё агульнае пад Божым небам і не аднолькавую сілу мае… – стары зморшчыў лоб і часта заміргаў вачыма, кашлянуў, глынуў астылай гарбаты і працягнуў: – А калі вяртаўся Пётар, на Чарнагору напалі туркі, скадарскі візір Махмут паша Буш1. Шмат людзей панішчылі. Разрабавалі Цэціньскі манастыр. І былі голад і холад, і елі кару дрэў ды малолі на муку карэнне і траву жучэніцу… І не было падтрымкі ад русійскага праваслаўнага брата.
– Прабачце, а ў якім гэта было годзе? – перапыніў Заяц.
– У 1785 м. Напрыканцы, словам, XVIII стагоддзя. – Стары зірнуў на наструненага сына і памякчыў свой тон: – Ну Вы ж, я думаю, не будзеце крыўдаваць на маю крытыку палітыкі русійскага царызму? Яна ж цяпер ва ўсёй савецкай гісторыі выкрываецца… – зірнуў уважліва, хоць і далікатна, зноў глынуў гарбаты. – Дык вось, туркі яшчэ двойчы напрацягу некалькіх гадоў нападалі. І абраны мітрапалітам святы Пётар у Бога заступніцтва прасіў. І перамаглі Буша і ягонае войска. – Старэйшы Янкавіч памаўчаў і дадаў як штось выбаленае: – Не разумею я і еўрапейскую, і русійскую палітыку… Што ёсць нашыя Балканы? Гэта апошні рубеж бастыён праваслаўя, славянства, калі заўгодна. Зямля, прыціснутая з поўдня нястомным ісламам, а з поўначы – змораным каталіцызмам. Аслабеем мы – заўтра ваяўнічы іслам увойдзе ў надувену… пыхлівую Еўропу! Скорымся мы – і хто са славянскіх народаў падзякуе і паверыць багатай і моцнай Русіі?
– Прабачце, наколькі ведаю, Расія і раней не забывала пра югаслаўскія народы… Цар Павел Першы падараваў згаданаму мітрапаліту Пятру ордэн Святога Аляксандра Неўскага, і ў часы вайны з французамі дапамога была… – нібыта апраўдваючыся, згадаў Заяц.
– Так, хто ж аспрэчвае. «І раней не забывала…». Не буду пра недалёкае – пра спрэчкі Сталіна і Ціта. А тады, пры святым Пятры, русійскую імперыю напалеонаўскі петао… певень дзюбнуў! Вось і закруціліся. А ў той час святы Сінод Русійскай царквы прызнаў мітрапаліта Пятра гультаём, які ўчыніў «цяжкія грахі»: пры ім, маўляў, манастыры апусцелі і паства паменела. Нібыта не вайна тое зрабіла… А яшчэ – прысланыя з Русіі кнігі ён, маўляў, не чытаў і, ратуючы свой народ ад голаду, заклаў нейкія манастырскія багацці купцу з Бокі…
– Добар дан! Я бачу – у нас госці? – перад сталом з’явілася – прыйшла з працы – стройная загарэлая маладзіца. – Богдан! Тата!.. Ну што гэта за пачастунак? Пачакайце, я зараз прыгатую…
Пакуль штось апетытна смажылася і сквірчэла, малодшы гаспадар змяніў тэму гаворкі:
– Прафесар Заяц цікавіцца штампаваннем кніг… то бок друкам. Наогул, гісторыяй інкунабул. У прыватнасці, візантыйскім Евангеллем ад Яна.
– А, Еван’елле по Йовану?! – абудзіўся стары Янкавіч і, звёўшы выцвілыя бровы, спытаў: – А вы штось чулі пра брацтва янітаў?
– Не давялося…
– Яго стварылі пад патранажам візантыйскага патрыярха афонскія манахі. Іх мэтай было захаванне і распаўсюд Божага кніжнага слова. У наш час падобную місію выконваюць Гедэонавыя браты. Якраз яніты доўгі час і перахоўвалі згаданае Евангелле…
– А потым з пляменніцай Палеалога прывезлі ў Маскву, адкуль яно патрапіла на тэрыторыю Югаславіі? – не стрымаўся Заяц.
Вочы старэйшага Янкавіча звузіліся. Ён задуменна змуліў, нават прыкусіў тонкія вусны:
– Так, калі быць больш дакладным – сюды, у Чарнагору. – І стары, нібыта штось успомніўшы, перакінуўся на іншае: – Дык вось, архіярэі русійскага Сінода і абвінавачвалі мітрапаліта Пятра, што ён тое цудадзейнае Евангелле прадаў купцу з Бокі Каторскай. А калі атрыманыя сродкі пайшлі на ежу галодным дзецям?! Што можа быць важней здароўя душы хрысціянскай? Урэшце, мітрапаліт жа не прадаў сваю веру ці слова Божае…
– Ну так… – падтрымаў яго Заяц і нечакана перапытаў: – Дык усё ж ён прадаў тое Евангелле?
– Ды хто ж яго цяпер ведае? – праз насцярожную паўзу паціснуў плячыма старэйшы Янкавіч і працягнуў: – Не разумею я мітусні вакол той кнігі. Евангелле і Евангелле. Вунь іх цяпер колькі сучасным друкам размножана! І ўсе яны аднолькавую сілу маюць, бо праз аднаго Хрыста дадзеныя.
– Так, – зноў пагадзіўся Заяц і, узрушана варухнуўшы галавой, спытаў: – А чаму менавіта евангеліста Яна абралі сваім патронам афонскія кніжнікі?
– Бо якраз ён, – старэйшы Янкавіч нібыта чакаў гэтага пытання, і твар яго радасна змяніўся, – якраз ён, хоць і быў непісьменным, першым атрымаў дар духа Святога: абвясціў тое, чаму іншыя тры евангелісты спачатку не навучылі. Ён гаварыў пра ўцялесненне Слова: «І Слова стала плоццю».
– А чаму Яна называюць любімым вучнем Ісуса? – распытваў далей Заяц.
Старэйшы Янкавіч усміхнуўся:
– Цудныя дзеі твае, Госпадзе… Толькі не крыўдуйце, калі ласка… Я і прысніць не мог, што савецкі прафесар, хутчэй за ўсё камуніст, выявіць такую глыбокую цікавасць «опіумам народа», як называў рэлігію Маркс… У Госпада, дарагі дружа, усе дзеці з паствы ягонай любімыя. Сярод іх – і святы евангеліст Ян. Ён, калі хочаце ведаць, родзіч Хрысту… Яго пляменнік. Так! Іосіф меў ад першай жонкі сямёра дзяцей: чатырох хлопчыкаў і трох дзяўчынак: Марфу, Эсфір і Саламію. Саламія нарадзіла Яна. А затым Іосіф заручыўся з Марыяй, ад якой з Божай таямніцай і нарадзіўся Хрыстос. Да ўсяго, святы Ян, пра якога Вы спыталі, згадваецца ва ўсіх Евангеллях як адзін з самых набліжаных да Госпада апосталаў. На тайнай вячэры ён першы, прыхінуўшыся да грудзей Хрыста, спытаў: «Госпадзі, хто выдасць цябе?». А затым, пасля ўкрыжавання Ісуса, ён быў высланы царом Траянам за абвяшчэнне слова Гасподняга на выспу Патмас, дзе і прадыктаваў святое Дабравесце Евангелле…
– Ну вось… – перад імі з’явілася чарнявая гаспадыня, а з ёй – пахкая цім’янам, лаўрам, біберам і ўсемагчымымі ўсходнімі зачынамі смажаніна. – Ой, забыла… – Прыгажуня мітнулася і выставіла на стол літровую бутлю каньяка мясцовай маркі «Рубін» – з выявай на ружова фіялетавай этыкетцы ледзь не старадаўняй «Пагоні» – вершніка віцязя на кані перад развалінамі ну рыхтык Наваградскага замка, толькі ў руцэ вершніка замест мяча – напоўнены кубак, ці чаша па сербску…
– Прашу ў гонар нашага госця іспіты здравіцу! – закахана ўсміхнуўшыся жонцы, прапанаваў малодшы Янкавіч.
– Прабачце, гэта замнога… – паспрабаваў аднеквацца Заяц і адставіць напоўнены келіх, на што пачуў ад гаспадыні шчыра гарэзнае:
– Ды што Вы, пасля гэтага нават за руль садзіцца можна!..
– Так так! – далучыўся і старэйшы Янкавіч. – Садзіцца можна, толькі… не ехаць. Гэта я як кіроўца з вялікім стажам – і дарожным, і каньячным – сведчу.
Выпілі, смачна закусілі.
– Так так… – старэйшы гаспадар зноў пасур’ёзнеў. – Вы не крыўдуйце, прафесар, калі што кольвек з маіх расповедаў не да душы прыйшлося…
– Ды не… Чаго ж?
– Рознае, самі знаеце, і цяпер, і раней рабілася… – і праз напружаную паўзу: – Я Вам на развітанне адну прытчу прыпавесць хачу нагадаць – пра вялікі стол, састаўлены з меншых. Удзельнікі застолля праз некалькі чарак перасталі чуць, а потым – і слухаць адзінага зазывалу. Дык вось: у кожнага стала павінен быць свой тамада. Чаго, відаць, урэшце прычакаюць і наша, і ваша дзяржавы… – Янкавіч колка ўважліва зірнуў на госця – і зноў узняў келіх: – За тое і прапаную тост здравіцу!..