Читать книгу Праклятыя госці сталіцы - Альгерд Бахаревич, Ольгерд Бахаревич - Страница 14
Частка першая
Мінус
13
Оглавление“А мне што”, – шчэрыла рэдкія зубы правадніца. – У вас у білетах напісана: да Кулумчы. Ідзіце ў міліцыю”. Усё красамоўства таварыша Мінуса апынулася бясьсільным перад гэтай жалезнай лёгікай; уздыхнуўшы, ён схаваў у кішэню клятчасты лісток з кароткім тэкстам: “Я сустрэла чалавека, зь якім мы пасьлязаўтра расьпісваемся. Не сярдуйце на мяне. Ваша дачка”, узяў у вадну руку чамадан, а ў другую – валізу й павёў жонку з сынам на станцыю.
Ніжняя Кулумча была маленькім сонным пасёлкам, які, нібыта сярэднявечная вёска вакол фэадальнага замку, вырас за апошнія пару дзясяткаў гадоў пры вялікім чыгуначным вузьле. Дзевяноста працэнтаў насельніцтва працавала на чыгунцы, астатнія або кармілі чыгуначнікаў, або лячылі іх, або імі камандавалі. Цётка сустрэла парадзелае Назарава сямейства прыхільна, саступіла бацькам свой высокі, дзявочы ложак, сама спала на двары, а Назару пашанцавала – у яго ўпершыню ў жыцьці зьявіўся ўласны пакой, цёмная камора збоку ад вэранды.
Таварыш Мінус неўзабаве ўладкаваўся па партыйнай лініі, да таго ж ён раз на некалькі дзён пісаў у мясцовы баявы лісток “Кулумчанскі чыгуначнік” зьедлівыя крытычныя артыкулы пра фармалізм у працы з моладзьдзю ды ў пажарнай ахове – праз тыдзень іхнага знаходжаньня тут бацьку Назара ўзьненавідзела ўся ня толькі Ніжняя, але й Сярэдняя Кулумча, ня кажучы ўжо пра Верхнюю. Маці Назара пайшла ў школу, вучыць салаўятаў-бандзюжанятаў вялікай і ўсім зразумелай мове. Праз два месяцы прыйшла паштоўка ад сястры: яна пісала, што цяжарная і носіць цяпер прозьвішча Рамаданава. Назар, такім чынам, мусіў стаць камусьці дзядзькам, чым вельмі ганарыўся. Жыцьцё наладжвалася. Цётчын тэлефон цяпер часта будзіў іх сярод ночы: малады інжэнэр жэку, а цяпер ужо, як высьветлілася, начальнік гэтай установы, доўга размаўляў з мамаю й перадаваў усім цёплыя, як дранікі, прывітаньні.
Наўкола панаваў аранжавы стэп, тутэйшымі тотэмамі былі рыба, кавуны й лякаматывы. Недалёка застыла ўласнае Мёртвае мора – салёнае возера, у якім немагчыма патануць, чароўная лямпа мінэральнага аладзіна. Мясцовыя насельнікі рэдка наведвалі гэтую перліну роднай прыроды, затое ўлетку сюды дзікунамі прыязджалі пракажоныя нават зь Фёдара-Кузьмічска, ставілі палаткі, адольвалі, абуўшы гумовыя віетнамкі, саляныя таросы, што, нібы бялок яешні, атачалі жаўток густой, нерухомай вады, уваходзілі ў возера асьцярожна, як паганцы, якія надумалі храсьціцца.
Напачатку Назару падабалася тут – жыць у Ніжняй Кулумчы было і цяжэй, і прасьцей, чым у горадзе дзяцінства. З пазачалавечым сьветам ён заўжды меў неблагія стасункі, а людзі ў гэтым пасёлку не выдумвалі нічога мудрагелістага. Пілі, нараджалі дзяцей, працавалі да поту № 7, сьпявалі песьні ўсё таго ж заслужанага кампазытара Івана Хруля. Аднак у тым далёкім цяпер горадзе заставалася шмат неразгаданых таямніцаў, і запаветны Назараў успамін, хаця й спавіла яго, нібы воблак гару Кулум на даляглядзе, нечаканая зьмена месца жыхарства, прачынаўся часам уначы й пёк, пёк, пёк. І тады будні, школа, футбол, камсамол, стэп, дзе няма куды схавацца, і грудастая крэолка Даша Мірзабекава падаваліся тым пяском, якім заносіла Ніжнюю Кулумчу ў ліпені, і сьвятло кінапраектара ў кінатэатры імя Жданава запальвалася за сьпіной, нібы за Назарам гнаўся нехта зь бязьлітасным ліхтарыкам, каб урэшце куды-небудзь ды прывесьці.