Читать книгу Ген зямлі - Аліна Длатоўская - Страница 2
Эдуард Львовіч
ОглавлениеКамяні ляцелі долу, пакідаючы ў сырой лістападаўскай глебе падобныя да шнараў выбаіны. Каціліся, грукалі адзін аб адзін, заміралі. Нібы паміралі. Паветра поўнілася пяском, кавалкамі чырвонай цэглы і драўляных змацаванняў. У шэрыя нябёсы ўзнімаліся слупы пылу. Па возеры беглі буйныя хвалі. Білі бераг. Нібы хацелі злізаць камяні, зацягнуць на дно. Схаваць ад чалавечых вачэй.
Дробныя халодныя кроплі раз-пораз траплялі за каўнер, прымушаючы перасмыкаць плячыма. Большасць людзей у такое надвор’е аддало б усё, каб апынуцца ля каміна з кубкам гарачага глінтвейну.
Эдуард Львовіч не прылічаў сябе да большасці. І ніколі не прамінуў бы такога відовішча. На ягоных вачах паміраў сапраўдны цмок. Дагістарычная пачварына. Фантастычны гігант з гулкім рыкам знясілена апускаў вежы свайго хрыбта на зямлю. Каб больш не ўзняцца.
Эдуард Львовіч ніколі не ўяўляў сябе рыцарам. Нават у дзяцінстве ён не быў рамантыкам. Ён быў рэалістам. Ён не рыцар. Ён гулец. Ён не любіў бязглуздага ўжывання моцы, не любіў грубых метадаў. А калі без гвалту ніяк ― вось як сёння ― усё павінна быць прыгожа. Нават самую брудную працу павінен нехта выконваць.
Эдуард Львовіч лічыў сябе таленавітым. Ён умеў рабіць брудную працу і бачыць у гэтым мастацтва.
У акрузе нумар дзевяць хапала бруду. Некаторыя рэчы, з’явы, будынкі, людзі заслугоўвалі знішчэння. Іх небяспечнасць для грамадства пераважвала любыя контраргументы. Яны сцвярджалі існаванне краіны, якой даўно не было. Можна сказаць: ніколі не было.
Сістэма Аховы Спадчыны існавала больш за дваццаць год ― амаль з самага ўтварэння Еўрапейска-Расійскага Аб’яднання Рэспублік. І ледзь не столькі ж Эдуард Львовіч тут працаваў. Першыя гады аднаўлялі, збіралі па кавалачках разбураныя ды раскрадзеныя падчас тэрарыстычнай пагрозы скарбы. Толькі загады, што прыходзілі зверху, хутка змяніліся. Новаўтворанай краіне была патрэбная ідэалогія. Ідэалогія, якая б вытлумачвала аб’яднанне не толькі прамінулай небяспекай, але і чымсьці яшчэ. Агульным мінулым, агульнай гісторыяй. Калісьці ўсе гэтыя тэрыторыі ўжо былі адной дзяржавай. І менавіта гэта ― слушны парадак. Так і павінна быць.
Быў складзены рэестр помнікаў і артэфактаў, якія даводзілі гістарычную абгрунтаванасць Аб’яднання. І ў вельмі кароткі час усе гэтыя помнікі былі прыведзеныя ў бездакорны выгляд. А потым настаў час помнікаў, якія ў гэты рэестр не ўваходзілі… У некаторых выпадках дастаткова было толькі змяніць пару гістарычных фактаў. Некалькі архіўных дакументаў ― у полымя, старажылам ды даследчыкам ― каму пагроз, каму грошай. Часцей за ўсё аб’екты проста знікалі. Так было бяспечней.
Эдуард Львовіч ведаў, наколькі лёгка затлуміць людзям галаву. Людзі любяць быць незадаволенымі, людзі любяць быць супраць. Сепаратысты, тэрарысты, нацыяналісты і астатнія вычварэнцы вельмі ўдала карысталіся тым, што людзі любяць. Ім дастаткова было аднаго толькі такога «Мерзкого» замка ― як няўдала жартавалі маладыя супрацоўнікі Эдуарда Львовіча ― каб навязаць людзям памылковыя думкі. Каб прыдумаць дадатковыя межы, мовы і нагоды для варожасці.
Менавіта таму Мірскі замак ляжаў у руінах.
Апошні каменьчык скаціўся з гурбы камянёў бліжэй да зямлі. Некалькі дзясяткаў вачэй утаропіліся на Эдуарда Львовіча ў чаканні загаду. Мужчына задаволена ўсміхнуўся, зняў з пояса рацыю:
– Вперёд, ребята.
Людзі ў шэрых вайсковых касцюмах з нашыўкамі «С.О.Н.» пацягнуліся да завалаў. Адна фігура засталася стаяць ля самай мяжы бяспечнага перыметра, нервова торгаючы чырвоную стужку. Эдуарду Львовічу не трэба было нават надзяваць акуляры, каб вызначыць, хто гэта.
Малады чалавек заўважна адрозніваўся ад астатніх не толькі сваёй няўпэўненасцю, але і знешнім выглядам. Шчуплы, высокі, вуглаваты, з цёмным чубам з-пад смешнай шапкі з пампонам і па-дзіцячы вялікімі вачыма ― ён быў значна больш падобны да падлетка, чым да сталага мужчыны. Напраўду, юнаку зусім нядаўна споўнілася дваццаць гадоў.
Эдуард Львовіч сам настойліва раіў яму не заходзіць за перыметр. У межах Лабараторыі гэты хлапец быў незаменны. Але жаўнер з яго быў ніякі.
– А ты молодец, Данька, ― мужчына па-сяброўску пляснуў юнака па плячы.
Той ледзь не падскочыў, відаць, заглыблены ў свае думкі.
– Дзякуй. Гхм. Извините, Эдуард Львович. Спасибо.
Эдуард Львовіч зрабіў выгляд, што недачуў першае слова. Любы іншы падначалены ў момант быў бы пераапрануты з шэрага вайсковага касцюма ў чорны арыштанцкі і дасланы на допыты. Даніл быў выключэннем.
– Красиво ты с «головой козла» придумал. Один камень достали ― и нет замка, как не было.
– Голова барана, Эдуард Львович. И это не я придумал. Это легенда.
Юнак задумліва калупаў завусеніцы на пальцах.
– Вот именно. Уничтожить пережиток прошлого при помощи легенды. Волшебная ирония, ― Эдуард Львовіч ціха, па-змоўніцку засмяяўся. ― Если б не твои способности, столько денег на взрывчатку просадили бы…
Хлопец незадаволена фыркнуў. Яму, відаць, не падабалася адчуваць на руках кроў колеру раструшчанай цэглы. Нічога, прызвычаіцца. Эдуард Львовіч прызвычаіўся ж.
Мужчына памятаў, як плакаў на наступную ноч пасля сваёй першай справы ― тое быў невялічкі, зусім някідкі на вока касцёл у вёсцы пад Полацкам. Малады чалавек нават разумеў слушнасць зробленага. Але яму было шкада, як бывае садаводу шкада выдзіраць гожае пустазелле.
Ігар, ягоны сусед па пакоі, смяяўся. Ляпаў яго па спіне, тузаў за плечы, абзываў бабай і рагатаў. Але нікому не распавёў. Потым разлічыліся. Калі той прыйшоў да сябра п’яны і рыдаў, што не гатовы быць бацькам. А праз сем месяцаў Эдуард Львовіч стаў хросным Даніка.
Бацькоўства сапраўды далося Ігару цяжка. Даніл быў падобны да бацькі хіба што знешне. Характар жа ў яго быў ні бацькаў, ні матчын. Эдуард Львовіч сказаў бы ― ягоны характар, калі б мужчына быў хлопчыку не названым сваяком. Данік рос цікаўным, разумным, але вельмі рахманым і сціплым. Малы не бегаў навыперадкі, не лез у бойку і не цягаў дзяўчат за косы. Ён значна больш любіў шахматы, чым футбол, а паміж стрэльбай і роварам абраў бы апошняе. І тым не менш усё дзяцінства яго цягалі на футбол, на барацьбу і ў цір.
Адзіная агульная рыса ― упартасць ― бацьку з сынам зусім не яднала. Данік зацята не трапляў у футбольныя вароты, у мішэні і па тварах супернікаў. Ігар зацята намагаўся вырасціць з сына «мужыка».
Толькі ўсе мужчынскія пытанні ў падлеткавым узросце хлапец задаваў не бацьку, а хроснаму. Эдуард Львовіч і тут апынуўся хітрым лісам і праз сваю знешнюю памяркоўнасць меў на хлопчыка істотны ўплыў. Пакуль не атрымаў павышэнне і не з’ехаў з роднага Полацка ў Мінск…
А потым яму ў паніцы патэлефанавала Волька, маці Даніка, і папрасіла тэрмінова прыехаць. У сям’і быў не тое што скандал ― ледзь да бойкі не дайшло. Сын жаўнера «С.О.Н.», аднаго з кіраўнікоў Полацкага філіяла, раптам загаварыў на мове тэрарыстаў-нацыяналістаў. Ігар быў абсалютна ўпэўнены ў тым, што хлопчык робіць тое назло яму, і не хацеў чуць больш ніякіх тлумачэнняў. А тлумачэнні былі дзіўныя.
Хроснаму Данік распавёў, што разбіраў у гаражы старыя рэчы ў пошуках чаго-небудзь цікавенькага і наткнуўся на стары CD-дыск. Аказалася, Вользе яго ў маладосці падарыў адзін залётнік, аднак маці дыск так і не паслухала. Чаму толькі не выкінула? Данік з цяжкасцю знайшоў CD-ROM, які б круціў дыск, ды пачуў рок-спевы часоў росквіту беларускага нацыяналізму. Здзівіўся і амаль нічога не зразумеў, і ўсё ж даслухаў да канца. А на наступны дзень захварэў. Беларуская мова апанавала яго, нібы нейкі вірус. Праз тыдзень ён на гэтай мове размаўляў. І не мог нічога з сабой зрабіць, не мог спыніцца. Нягледзячы на штодзённыя скандалы дома. Усе спробы размаўляць па-руску скончваліся жудасным міксам, здзекам з абедзвюх моў і галаўным болем.
А потым з’явілася нешта яшчэ.
* * *
Эдуард Львовіч любіў тую частку сваёй працы, якую ганарліва называў даследаваннем. Ён браўся за справу, нават калі шанец на поспех быў зусім невялікі. Ён правяраў самыя вар’яцкія чуткі, наведваўся ў самыя бязглуздыя месцы. І знаходзіў.
Асабліва Эдуард Львовіч любіў, калі сярод бруду закінутых рэчаў і пылу архіўных дакументаў знаходзіліся сапраўдныя дыяманты. Рэчы, небяспечныя настолькі, што аднаго іх з’яўлення ў грамадстве хапіла б для істотных зменаў. Рэчы, небяспечныя адным сваім існаваннем. Эдуард Львовіч не знішчаў такія знаходкі. Ён іх збіраў.
Сёння ён трымаў адну такую рэч у руках. І яму карцела ў гэтым упэўніцца. На гадзінніку без пяці шэсць, а гэта вызначала, што большасці супрацоўнікаў Лабараторыі ўжо не было на працоўных месцах. Яму і не падыходзiў любы супрацоўнік. Яму патрэбны быў Данік.
Юнак ужо выключаў камп’ютар ды прыбіраў стол.
– Торопишься?
На твары хлапца адлюстраваўся сумнеў. Ён, відаць, кудысьці сапраўды спяшаўся, але не наважыўся сказаць пра тое хроснаму. Мужчына працягнуў яму чорную тэчку.
– Прости, что задерживаю. Мне нужен анализ. Сегодня.
Сейчас.
Даніл пакорліва ўздыхнуў. Састарэлыя жаўтаватыя аркушы былі спісаныя роўным, дробным почыркам. Пагартаў.
Прачытаў услых:
– А ты адкуль? Я ― палачанін. То вы што, калі Іван Крывавы падышоў пад муры…[1]
Перапыніўся, цікаўна зірнуў на кіраўніка.
– Что это?
– Рукопись, очевидно, ― разкавата адказаў мужчына. ― Мне необходимо знать, оригинальная ли она. Срочно.
Данік паціснуў плячыма і паклаў далоні на старонкі.
Праз акно, завешанае тонкімі фіранкамі, падалі цьмяныя промні. Ішоў дождж і адначасова з гэтым праз хмары прабівалася сонца, як часта бывала ў жніўні.
За сталом ля акна сядзеў цёмнавалосы мужчына год трыццаці. Рукавы белай адпрасаванай кашулі закатаныя.
На стале нічога, акрамя аркушаў, спісаных тымі самымі акуратнымі літарамі. У аркушах амаль ніводнага выпраўлення. Мужчына задумліва варушыў вуснамі, нібы падбіраў лепшыя выразы. Раптам нахіліў галаву, прымружыў вочы, разглядаючы промні на паперы. Слаба ўсміхнуўся.
Шэптам вымавіў:
– Я магу гуляць сабою. Але я не гуляю роднай зямлёй.[2]
І прыняўся пісаць.
– Это оригинал, Эдуард Львович, ― юнак выдыхнуў і расплюшчыў вочы.
– Вот и прекрасно. Будем надеяться, это последний экземпляр, – мужчына пацягнуўся да аркушаў, але Данік не прыбраў рукі.
– Чем это может быть опасно? ― спрабуючы схаваць зацікаўленасць, запытаўся ён.
– Мыслями, Данька. Хочешь почитать?
Юнак закусіў вусны. Ён ведаў хроснага дастаткова добра, каб чакаць падвоху. Урэшце нясмела кіўнуў.
– Читай. Только здесь, в Лаборатории.
– Почему вы не боитесь, что эти мысли будут опасны и для меня?
– Потому что тебе от системы никуда не деться. Такие, как ты, без неё не существуют. Хорошего вечера.
* * *
За апошні час у цэнтры дзявятай акругі распачала актыўную дзейнасць сепаратысцкая арганізацыя «Лабірынт». Важныя артэфакты знікалі з-пад рук. Неабходныя будынкі траплялі ў прыватную ўласнасць. Людзі, цікавыя «С.О.Н.», раптам апыналіся дзе-небудзь у Аўстраліі ці Японіі ― па-за межамі ўплыву арганізацыі.
І калі вышэйшае кіраўніцтва мела на «Лабірынт» зуб за пагрозу ідэалогіі і суцэльнасці Аб’яднання Рэспублік, дык Эдуарда Львовіча цікавіў іншы аспект. «Лабірынт» таксама збіраў каштоўныя рэчы. Хадзілі чуткі, што арганізацыя нават мае ўласнае Сховішча. А Эдуард Львовіч правяраў усё чуткі…
Толькі звестак пра гэтую арганізацыю было катастрафічна мала. У іх быў адрас, на якім мусіла месціцца штаб-кватэра «Лабірынта». Але ні разу не было заўважана, што гэта нешта большае за звычайную кнігарню. Эдуард Львовіч асабіста меў файлы на самых актыўных удзельнікаў. Толькі арыштаваць іх не было за што. Хіба што раз затрымалі дваіх. Эдуард Львовіч нават атрымаў афіцыйны дазвол на допыты.
Але дазвол раптоўна анулявалі, а затрыманых дэпартавалі на поўнач краіны. З забаронай вяртацца паводле прысуду, які не меў нічога агульнага з праўдай.
На кіраўніка арганізацыі файл быў напаўпустым. У «С.О.Н.» былі і нагоды, і магчымасці, і нават спробы яго затрымаць, аднак ён кожны раз пазбягаў гэтага нейкім чароўным чынам. Падначаленыя ў рапартах вярзлі абсалютную лухту. І Эдуард Львовіч ніяк не мог знайсці адэкватнага тлумачэння. Пакуль год таму Данік не пачаў размаўляць па-беларуску і ціха вар’яцець…
Ён бачыў мінулае рэчаў. Дакранаўся і бачыў. Адкуль узялася, каму належала, як выкарыстоўвалася. Ігар ужо цягаў сына па лекарах, але Эдуард Львовіч сябра спыніў. Данік яму быў патрэбны менавіта такі. Хворы. Забраў хлопца ў Мінск, уладкаваў у Лабараторыю. Той, на дзіва, не супраціўляўся.
Цяпер Эдуард Львовіч вытлумачваў няўлоўнасць лабірынтаўцаў хваробай. Называць гэта звышздольнасцямі неяк не паварочваўся язык. Якія могуць быць звышздольнасці ў сепаратыстаў?
Эдуард Львовіч планаваў зруйнаваць «Лабірынт» знутры. Давялося разыграць працяглую п’есу пра тое, як беднага «асаблівага» хлопчыка пераследуе «С.О.Н.», каб увесці Даніла ў «Лабірынт». Яны не адразу звярнулі ўвагу. Але Эдуард Львовіч умеў трываць.
Калі бытнасць «Лабірынта» ў жыцці хрэсніка стала відавочнай, злосная Сістэма паспрабавала гвалтоўна зацягнуць яго на допыты, пры гэтым вельмі натуральна надаваўшы кухталёў. План спрацаваў. Цяпер заставалася толькі спадзявацца, што Даніл не падвядзе. І чакаць…
Калі Эдуард Львовіч быў Эдзікам, ён вельмі любіў паляваць на кратоў. У яго нават была пэўная тактыка. За дзень трэба знайсці некалькі купак зямлі, што блізка адна да адной. Прытаптаць. На раніцу ўзнятую зямлю прытаптаць яшчэ раз. Раней ці пазней крот зноў пачне падымаць зямлю.
Пачуць яго можна нават раней, чым убачыць. Тады справа за малым ― апусціць рукі ў ход ды схапіць.
Акуратна. Кусаюцца.
1
Уладзімір Караткевіч «Ладдзя Роспачы».
2
Тамсама.