Читать книгу Ген зямлі - Аліна Длатоўская - Страница 4
Алесь Савіцкі
ОглавлениеБом. Бом. Бом. Глухія металічныя ўдары гулам аддаваліся ў галаве. Некалькі разоў за ноч ён узнімаўся і ішоў на кухню ― мацней закруціць кран. Са здзіўленнем бачыў, што нічога нідзе не капае, і вяртаўся ў ложак. Мабыць, тое ў суседзяў? Надта гучна. Мабыць, гэта чыйсьці гадзіннік адбівае дванаццаць? Дваццаць чатыры. Сорак восем. Мабыць, гэта ўсяго толькі ў галаве?
Бом. Бом. Бом. Быццам яго клічуць кудысьці. Быццам нешта павінна адбыцца. А пятай раніцы ён не вытрываў і ўзняўся. Усё роўна сёння яму не паспаць. Расхінуў фіранкі. Вялікія сакавіцкія кроплі бязлітасна лупілі па жалезным карнізе. Бом. Бом.
Ён стрымана ўсміхнуўся. Калі ўвесь час у напружанні, калі паўсюль бачыш пагрозу, раней ці пазней нават дождж стане тваім ворагам. Ён стомлена выдыхнуў і скіраваўся да ложка. Цяпер, калі ён ведае, што гэта, хаця б некалькі гадзін…
Алесь Савіцкі быў кіраўніком «Лабірынта». Ён не любіў гэтую пасаду і не ганарыўся ёй. Алесь Савіцкі лічыў яе пакараннем, якое ён заслугоўваў. Якое мусіў прыняць. Бо любую працу павінен нехта выконваць.
А праца была не з лёгкіх. Улады АбРэспа крок за крокам бязлітасна знішчалі ўсё тое, што адрознівала адзін народ ад другога, усё тое, што шанавалі, чым ганарыліся яго, Алесевы, продкі. Руйнавалі будынкі, палілі кнігі, знішчалі рэчы. І нават калі знаходзіліся тыя, каго гэта абурала, ― мясцовыя жыхары, старажылы, навукоўцы, ― любыя ўзрушанні хутка ўтаймоўваліся. І забываліся. Галоўнае ― правільна і ў патрэбны момант пераключыць увагу натоўпу.
Яны, як маглі, ратавалі ды захоўвалі беларускую спадчыну. Ясная справа, пяцёра ― цяпер ужо шасцёра ― чалавек супраць цэлай Сістэмы могуць няшмат. Але яны рабілі магчымае. І немагчымае. У кожнага з чальцоў «Лабірынта» былі звышздольнасці. Як часам жартаваў сам Алесь: «Ліга справядлівасці» ў беларускіх маштабах. У іх не было ні супермоцы, ні ўмення лётаць, ні звышхуткасці, ні нават бэт-мабіля. Затое ў іх была Ніна, дзяўчына з супер-памяццю, Ліка, якая ўмела выклікаць прывідаў, Яраслаў, які чытаў думкі, Сцяпан, які бачыў наскрозь канструкцыю любога будынка, сам Алесь, які меў дар пераканання, і цяпер вось яшчэ новенькі, Даніл, які бачыў мінулае рэчаў. І ўсё адно працы было надта шмат.
Агідна загудзеў тэлефон, які заўсёды стаяў на бязгучным. Не, ён не будзе адказваць у пяць гадзін раніцы, хто б там ні быў. Алесь коратка зірнуў на экран.
Тэлефанаваў чалавек, з якім ён не стасаваўся гады два. Такія званкі бываюць толькі да вялікай бяды.
Бяда заўсёды прыходзіць не ў час. Па-першае, у «Лабірынце» толькі з’явіўся новенькі ― таленавіты хлопец, але пакуль яшчэ чужы. Да таго ж Алесю катастрафічна не хапала «правай рукі» ― Яраслава. Ён бы ўзяў самую складаную частку працы на сябе, дазволіўшы Алесю абстрагавацца, зрабіць выгляд чэрствага мізантрапічнага вырадка.
На жаль, у Яра ўзніклі складанасці па іншай справе і ён дагэтуль не вярнуўся з Бярэсця.
Калі адбывалася непапраўнае, Алесь не ўмеў даць рады эмоцыям. Замест таго, каб перажыць гэта, ён прыдумваў сабе дадатковыя справы, пытанні ― абы толькі не думаць, не асэнсоўваць, не ўсведамляць.
Алесь набраў на мабільным нумар, падпісаны як Цётка.
Дачакаўшыся санлівага дзявочага «алё», буркнуў «адзін дзевяць чатыры два» і скінуў званок. Год смерці Купалы.
Таямнічай, страшнай смерці. Як гэтая.
Алесь увесь час сумняваўся ў слушнасці сваіх рашэнняў.
Яраслаў ніколі не сумняваўся. Алесь заўсёды ўзважваў кожны наступны крок. Яр заўсёды дзейнічаў паводле сітуацыі.
Яны абодва часта цытавалі Караткевіча. Рабілі нечаканае. І абодва аднолькава часта памыляліся. Розніца была толькі ў тым, што Яр не браў да галавы. Алесь з задавальненнем аддаў бы сваю пасаду Яру. І той бы, напэўна, не адмовіўся. Аднак Алесь лічыў сябе абавязаным «Лабірынту», абавязаным яго стваральніку…
Усё, што яму заставалася, ― заварыць сабе кавы пакрапчэй і даслаць Цётцы паведамленне з адрасам і прыпіскай: «Прыхапіце малога».
* * *
Шэра-ружовы брудны пад’езд больш нагадваў тралейбусны прыпынак. На абшарпанай лаўцы сядзелі юнак і дзяўчына, такія сумныя, халодныя, далёкія адно ад аднаго, быццам пара, якая толькі што разышлася назаўсёды. Сцёпа, невысокі, хударлявы, светлавалосы малады чалавек, падобны да пільнага мышаняці, і Ліка, чарнявая, зграбная, з паазіяцку вузкімі вачамі і парцалянавай скурай.
Побач з лаўкай, скрыжаваўшы рукі, усхвалявана азіраўся хлапец, які выглядаў так, быццам спазніўся на апошні тралейбус, але ўсё яшчэ на нешта спадзяецца. Новенькі. Даніл.
Недалёка стаяў і сівы мужчына ў дарагім паліто, задумліва палячы электронную цыгарэту. Ён чакаў не тралейбус, а як мінімум лімузін. Адпусціў вадзіцеля пакатацца, а сам дыхае свежым, скажам так, паветрам. Пра гэтага чалавека Алесь ведаў яшчэ менш, чым пра новенькага. Дарма што калісьці называў яго бацькам.
– І што ўмее гэты звярок? ― замест прывітання з’едліва пацікавіўся мужчына, кіўнуўшы галавой у бок Даніла.
Толькі б не сказаць залішняга. Толькі б не пачаць спрачацца.
– У мяне не звярынец.
Трэба выглядаць, як дарослы мужчына, як лідар, а не як істэрычны падлетак.
– Да кнігарні гэта таксама мала падобна…
Алесь сцяў зубы. Не спрачацца. Не сказаць залішняга. Сабе даражэй.
– Давайце зоймемся справай.
У дзвярах кватэры на трэцім паверсе іх чакала маладая жанчына. Растрапаная, заплаканая, яна хуталася ў вялізны пухнаты шалік і глядзела вакол з відавочным непаразуменнем.
– Вацлаў Яўгенавіч, ну навошта вы?.. ― з роспаччу пачала яна, заўважыўшы на пляцоўцы Алесевага бацьку ды лабірынтаўцаў.
– Цішэй, Аленка! Ты жа разумееш, без Алеся тут ніяк, ― мужчына лёгка прытуліў да сябе дзяўчыну.
Алесь акуратна зірнуў на яе, быццам адным гэтым мог абразіць. Ветліва кіўнуў.
– Прымі мае спачуванні.
Яна падціснула вусны, зірнула з пагардай. Горка вымавіла:
– На калекцыі бацькавы нават не глядзі. Ні каліўца не атрымаеш.
Алесь толькі пакорліва нахіліў галаву. Вацлаў Яўгенавіч кінуў на сына красамоўны позірк і, прытрымліваючы Алену за плечы, увайшоў у кватэру.
– Алесь! ― гучны шэпт з-за спіны спыніў яго на ганку. Даніл стаяў, незадаволена развёўшы рукі, маўляў: патлумач мне што-небудзь. Ну, чаму Яр не ўмее тэлепартавацца?
Самая карысная здольнасць была б…
– Памёр… Гхм, ― словы збіліся ў ком у горле. ― Адзін навуковец. Ён быў супрацоўнікам майго дзядулі. Дапамагаў яму ў лабараторыі. Яны даследвалі такіх, як мы. Трэба даведацца пра прычыну… Смерці.
– Спачуваю, ― ён кіўнуў, быццам атрымаў загад, і ступіў у кватэру.
У пакоі было цёмна, пыльна і няўтульна. Пахла таннай табакай. Фіранкі былі закрытыя, люстэркі завешаныя чорным аксамітам. Сярод пакоя стаялі чатыры зэдлікі, на іх ― труна. Нябожчык, крыху старэйшы за Вацлава Яўгенавіча, выглядаў такім змораным, хударлявым, скатаваным, нібы гэты «адпачынак» ― першы ў ягоным жыцці.
Алесь баяўся лішні раз зірнуць на дзядзьку Ігната. Уяўленне адразу малявала выявы мінулага, якое цяпер здавалася яшчэ больш прывідным, чым раней. За свае дваццаць пяць ён бачыў смерць другі раз. Ён ведаў, што прыняць адразу немагчыма. Ведаў, што ўсведамленне прыходзіць пазней. Але яму трэба было зразумець абставіны. Добра, што тут былі людзі, якія маглі дапамагчы з гэтым.
Ліка круціла ў руках любімы Ігнатаў кубак. Назвала поўнае імя навукоўца. Раз, другі. Алена ціха заплакала. Прывід дзядзькі Ігната аб’яўляцца не спяшаўся. Ліка яшчэ некалькі разоў паклікала яго, нарэшце расчаравана паставіла кубак ды пакруціла галавой.
– Мне вельмі шкада. У Даніла мо атрымаецца.
Алесь занепакоена зірнуў на юнака. Ці выкарыстоўваў ён калі-небудзь свае здольнасці на людзях? На памерлых людзях? Ці здалее зрабіць гэта зараз?
Даніл нясмела падышоў да труны. Апусціў далоні на халодныя сухія рукі.
* * *
– Ты што такое вярзеш?! Ты б лепш падумаў, што ты са сваёй дачкой робіш, а не што я мог з ёй зрабіць. Дзе гарэлка, Ігнаці?
Дзядзька Ігнат сядзеў у крэсле, падпіраючы галаву далонямі. Па пакоі ўзрушана крочыў Вацлаў Яўгенавіч.
– Гэта не гарэлка, гэта… ― мужчына варухнуў вуснамі, намагаючыся працягнуць, але ў выніку махнуў рукой.
– Трэба ж было шляхецкім напоем так вочы заліць!
– Да Алесіка цябе бацька не падпускаў. Ведаў, што ты, чарцяка, задумаў… А мяне чаго не папярэдзіў? Не чакаў, відаць, што ты і да Аленкі маёй лапы пацягнеш…
Вацлаў моўчкі скідаў кнігі з паліц. Яны пляскаліся на падлогу, узнімаючы ў паветра віхуры пылу. За томам «Славутыя людзі Беларусі» хаваліся самаробныя гліняныя бутэлькі. Мужчына хвіліну глядзеў на іх, задумліва хмыкнуў, сабраў усе і скіраваўся да выхаду.
– Жорсткі ты чалавек, Вацлаў. Нікога ды нічога не любіш. Нават кнігі кідаеш… Кнігі!
– Пайшоў ты. Доўбень, ― пляснулі дзверы.
* * *
Дзядзька Ігнат сядзеў у тым самым крэсле. Насупраць ― высокі моцны мужчына ў шэрым вайсковым касцюме «С.О.Н».
– Значит, нет никакой формулы? ― у яго інтанацыях не было агрэсіі, не было пагрозы ― толькі цікаўнасць і адчуванне сваёй улады.
– Богам клянуся. Ні формулы, ні ўколаў, ні таблетак. Чалавека перасмыкнула ці то праз тое, што ён не верыў, ці то праз нянавісць да беларускай мовы.
– Так оно само, что ли? По волшебству?
– Мы з Яўгенам адказаў не знайшлі. Гэты феномен нявытлумачаны.
– Ага, ― змрочна згадзіўся чалавек у шэрым, задумаўся. ― Слушай, а ведь я заплачу. Все твои побрякушки столько не стоят. Квартиру дочке купишь. Нормальную. В Варшаве, например, если Москва тебе не мила.
– Дык было б што прадаваць, паночак, ― з перабольшанай паслужлівасцю мармытаў Ігнат.
– Ладно, тогда объясни мне, что это. Вы же исследования не один год проводили. Так что узнали? Генетическая мутация? Островецкая АЭС? Или всё-таки формула какаято? Прививка сепаратизма?
– Кажу вам яшчэ раз: гэты феномен нявытлумачаны. Аднак я думаю…
– Да как с вами разговаривать-то?! Интеллигенты хреновы. Феномен, говорит, «нявытлумачаны». Так вытлумачце! Это ваша работа, блин!
– Я думаю, гэта сапраўды мутацыя, ― так жа роўна працягнуў вучоны. ― Яўген называў гэта генам зямлі. Я называю генам крывіча. Тое ўсяго толькі назва ― у геноме мы зменаў так і не вынайшлі. Я не ведаю, у чым справа. Разумееце… Беларуская мова абуджае ў некаторых людзях нешта такое… Звышнатуральнае, калі хочаце. Цяпер, калі літаратараў і навукоўцаў не чуюць, а паўстанцаў душаць яшчэ ў калысках ― вы іх і душыце, ― цяпер наша краіна вынайшла іншы спосаб абараніць сябе. Гэта гучыць пафасна і наіўна, але… Я ў гэта веру.
– Это уже не наука, это уже религия какая-то. Секта, в самом деле. Ладно, допустим. А дочь твою мать-земля чего обделила?
– Так, відаць, склаўся лёс.
– А может, постарался не «лёс», а босс? Эксперименты на твоём чаде ставил?
– Яўген і пальцам Аленку не крануў.
– Да, врать-то ты даже себе не умеешь, ― спакойна, з усмешкай вымавіў мужчына, пляснуў далонню па стале: ― Где формула?!
Дзядзька Ігнат нервова ўціснуўся ў крэсла.
– Няма яе!
Мужчына задаволена хмыкнуў і сышоў. Ігнат даліў у чарку, выпіў. Паклаў галаву на спінку крэсла. І перастаў дыхаць.
Мужчына ў шэрым вярнуўся у кватэру хвілін праз дзесяць.
Праверыў пульс. Абмацаў вопратку, спіну памерлага, адхіліў абіўку крэсла. Выцягнуў адтуль зацёрты нататнік.
– Что ж вы всех за дураков-то держите, брате Игнате? Держали, то есть.
* * *
Даніл расплюшчыў вочы, адштурхнуўся ад труны, быццам убачыў у ёй нешта гідкае, згубіў раўнавагу і дакладна ўпаў бы, калі б Алесь у час не прытрымаў яго. Юнака калаціла, нібы ён выйшаў на мароз у вільготнай вопратцы. Ён глядзеў вакол, не разумеючы, дзе знаходзіцца. Яму патрэбны быў час, каб прыйсці ў сябе. Але Вацлава Яўгенавіча гэта мала хвалявала. Ён грубавата адсунуў сына ўбок, схапіў юнака за плечы, страсянуў.
– Шо ты ўбачыў?
– Яго атруцілі, ― крывячыся, адказаў Даніл.
– Не! ― захлынаючыся паветрам, вохнула Алена.
Алесь спачувальна зірнуў на яе, працягнуў руку, каб прытуліць да сябе. Яна адхіснулася.
– Чым? ― Вацлаў Яўгенавіч так сціснуў рукі, што Даніл зашыпеў ад болю.
На дзіва, гэта спрацавала працверажальна. Хлопец нарэшце перастаў трэсціся, сфакусіраваў позірк.
– Нешта было ў алкаголі.
– Не можа быць. Я вынес усё з хаты.
– Відаць, не ўсё, ― стомлена паціснуў плячыма юнак. ― Альбо гарэлку прынёс суразмоўнік.
Даніл акуратна падбіраў словы, нібы шукаў сярод багны цвёрдую глебу. Ён выглядаў разгубленым, нават спалоханым.
– Які суразмоўнік? Ты бачыў, хто атруціў?
– Вайсковец. У шэрым касцюме.
Алесь закусіў вусны. Ён прадчуваў, што без «С.О.Н.» тут не абышлося. Але да апошняга спадзяваўся, што трагедыю можна вытлумачыць неяк інакш.
– Гэта ўсё? А імя?
– Не ведаю.
– Што ён хацеў?
– Эм. Забіць? ― Даніл зусім разгубіўся.
– Мда, Алесь, малавата карысці ад тваіх пакемонаў, ― скептычна вымавіў Вацлаў Яўгенавіч, нарэшце адпусціўшы юнака.
Алесь паглядзеў на Даніка. Уважліва, цяжка. Нешта ён недагаворваў. Але паміж лабірынтаўцамі і бацькам Алесь заўсёды абіраў першых.
– Здольнасці ― справа непрадказальная, бацька.
– Не супраць, калі я выйду на вуліцу? ― Даніл няўпэўнена зірнуў на Алеся. ― Мне трэба паветра.
Алесь выйшаў услед за Данілам. Алена расплакалася канчаткова ― глядзець на гэта ён не мог, а дапамагчы яна б не дазволіла. На вуліцы пахла талым снегам. Вецер ператвараў лужыны ў неспакойныя акіяны. Па адной з іх, нібы адчайны сёрфер, бегаў дубовы лісток. Да апошняга трымаўся ― цяпер вось сарвала, калі ўжо набрынялі свежыя пупышкі. Мабыць, Беларусі надыходзіў час, як таму лістку, перастаць трымацца, саступіць месца новай культуры, новай нацыі?
– Ты не ўсё сказаў, праўда?
Даніл сядзеў на лаўцы ля пад’езда, разгублена разглядаючы ўласныя далоні, ціха вымавіў:
– Ён можа быць звязаны з гэтым усім, твой бацька. Алесь не быў здзіўлены. Бацька працаваў над даследаваннямі разам з дзядулем і Ігнатам. Ён, праўда, у адрозненне ад калег, шукаў не падставу з’яўлення здольнасцяў, а тое, як можна ад іх пазбавіцца. Як можна зрабіць сына нармальным. Ігнат жа, наадварот, хацеў, каб у дачкі здольнасці нарэшце з’явіліся. Яны часта спрачаліся з гэтай нагоды. Але ці мог бацька супрацоўнічаць з «С.О.Н.», вывесці іх на дзядзьку Ігната?
– Сябра ён бы не забіў, ― хутчэй сабе, чым Данілу, сказаў Алесь. ― Што хацеў ад Ігната мужчына ў шэрым?
Больш за ўсё Алесю хацелася выкінуць з пазла бацьку. Якімі б ні былі іх адносіны, ён любіў гэтага чалавека.
– Ён шукаў нататнік. З формулай. Я так зразумеў, гэта нейкая «вакцына беларускасці».
Алесь збялеў. Ён ніколі не чуў ад дзядулі нічога падобнага. Аднак хіба гэта аргумент? Стары мог схаваць ад унука інфармацыю, якая б пагражала ягонаму жыццю. Дык, можа, смерць дзеда і смерць Ігната звязаныя між сабой? Можа, бацька зведаў, што гэта ўсяго толькі «вакцына», для якой можна распрацаваць супрацьяддзе? Не, не трэба ўблытваць бацьку. Відаць, «С.О.Н.» проста дыхае ім у патыліцу.
– Дзядзька Ігнат яму не даў ніякага нататніка, праўда ж?
– Ён сам узяў, ― яўна не разумеючы ўсёй катастрофы, адказаў Даніл.
Алесь сціснуў пальцамі скроні.
– Гэта канец…