Читать книгу Мой цвік (зборнік) - Аляксей Палачанскі - Страница 3

Два Раманы

Оглавление

Раманы былі старымі сябрамі і далёкімі сваякамі. Cтарэйшы з іх, каб адпавядаць свайму годнаму ўзросту, мог выпіць вядро і толькі для прыліку закусіць нейкім абрыўкам пазалеташняга агурка. Малодшы затое ўмеў ездзіць на камбайне. Яны ведалі адзін аднаго ўсё жыццё, і нават іхныя ўнукі сябравалі, пакуль не паехалі ў горад вучыцца. Да таго ж жылі яны недалёка і кароў пасвіць ім заўсёды выпадала разам.

Аднойчы ўлетку – другі раз за год – давялося ім зноў ісці ў поле. Выганялі яны а палове на восьмую, а вярталіся назад ужо бліжэй да дзявятай. Увесь гэты дзень яны сядзелі ля дарогі ці ў цені пад бярозамі і ўсё елі. “Лічы – пілі”, – як прызнаваўся старэйшы Раман. Пілі яны павольна – “да толку”, – як казаў той самы Раман, казаў, адмыслова расцягваючы сярэднюю літару: “Да то-олку”, – з усведамленнем уласнай важнасці і дасведчанасці. Пілі павольна, увесь час закусваючы жончынымі прысмакамі: каўбасамі, салам, галубцамі. І такім парадкам ішлі яны аж да вечара, а як нічога не здаралася, то пачыналі дзяды бессаромна пляткарыць і абгаворваць ці не ўвесь раён.

Нішто не магло схавацца ад іх уніклівага пад старасць розуму і пільнай увагі.

– Ці чуў, што гэны – Гэнка з пажаркі – кажа? – пытаў Раман малодшы.

Яны былі вонкава непадобныя, гэтыя дзяды, і хоць розніца між імі была ўсяго гадоў пяць, выглядалі яны зусім па-рознаму. Малады Раман – так іх і звалі: Раман Малады і Раман Стары – вусоў не насіў, затое меў яшчэ густыя і павойныя валасы, ягоная жонка штомесяц падстрыгала іх пад маладзік. Вушы былі крыху адтапыраныя, выглядаў ён праставата, напэўна з-за вялікіх зубоў, на дзіва добра захаваных, што вылазілі наперад з разамкнёных вуснаў. Стары Раман меў больш паважны выгляд, які, аднак, не замінаў яму часам улазіць у такія гісторыі, пра якія ўзгадваў ён пазней дужа неахвотна. Ён таксама быў трохі аблавухі, але меў моцную ніжнюю сківіцу, яна вельмі хутка абрастала шчэццю. Ростам ён быў ніжэйшы за сябра, але спрытнейшы за яго, асабліва на язык.

– Тады вып’ямо спачатку, – перабіў ён сябра і адразу наліў на два пальцы. – Пасля ўжо, гэтыя ўсе размовы… Ну, давай.

– Да толку, да то-олку, – дадаў ён, адкусіўшы сваю палову галубца. – Дык што там Гэнка гэны?

– Да прыдуркі гэтыя – з Мацюкоў. Пацаны нейкія – па начох швэндаюцца, рабіць ім няма чаго. Дык Гэнка кажа, што і міліцыя ўжо з раёна прыязджала. Шукалі нечага, вымяралі, запісвалі.

– Дык я ведаю, чаго ты мне расказваеш? Гэта яны шчэ на тым тыдні прыязджалі.

– Чаго ж яны ўвесь гэны вэрхал узнялі?

– А хто яго ведае. Кажуць, усё тыя хлопцы, халера. З Мацюкоў. Пабілі, паламалі вокны, лаўкі. Гароды патапталі. А яшчэ – мазгоў-та! – знакі пагнулі і павыцягвалі. Мазгоў-та!

– Якія знакі?

– Ну дарожныя гэныя. Паламалі іх, папсавалі. Адзін, кажуць, Базылісе ў гарод кінулі, а іншы – чуеш? – у акно ў трынаццатым доме ўсунулі! Мазгоў-та!

– А-ёй! Гэта што, там, дзе стараста жыве?

– Ну! А я што кажу. Ну, давай.

Яны сядзелі так да вечара, выпівалі і абмяркоўвалі хлопцаў-недарэкаў. І час ад часу з прыдарожных зарасцяў чуўся і ляцеў па полі сярод цёплых трыбухатых кароў з раздзьмутымі ад малака вымямі смачны і густы бас: “Да то-олку!”

Калі Раманы вярталіся з поля, то зайшлі да Рамана Маладога закусіць трохі ды тэлевізар паглядзець. Яны сядзелі ў сенцах, пакуль жонка бегала вакол іх, ладзіла вячэру.

– Ну, давай, – сказаў Раман Стары, а Малады паддаў:

– За свята, – бо якраз па тэлевізары паказвалі нейкі ці то парад, ці то салют.

Яны яшчэ трохі пасядзелі, есці Стары Раман не хацеў, таму выпілі на дарогу, і ён падняўся.

– Дык а што там за свята гэтае? – падаў ён руку сябру. Той паціснуў плячыма, і Стары Раман махнуў рукой. – А мне што, на самай справе? Да толку!

Калі Стары Раман сышоў, Малады пачуўся нечакана вальней. Прысутнасць старэйшага сябра трохі гняла яго, бо сам нібыта сыходзіў на іншы план. Ён лічыў яго больш дасведчаным за сябе, але часам моўчкі з ім не пагаджаўся.

Цяпер, калі ён застаўся паўнавартасным гаспадаром, можна было добра пасядзець, увайсці ў свае правы і нават прыкрыкнуць на жонку – адчуць сябе галоўным. Жонка толькі ўздыхала, ківала галавой і звала мужа есці.

Раман сеў на ганку і скруціў цыгарку з газеты. Побач была ўся яго няхітрая гаспадарка, сад, гарод, худоба. Жонка хадзіла туды-сюды з вядром, сыпала нешта качкам, даіла карову. Раман глядзеў перад сабой адсутным позіркам, круціў цыгарку між пальцаў, а думкі вярталіся да тых хлопцаў. Што ж яны гэта такое надумалі? Паставілі на вушы ўсё сяло. Завялі сабе толькі праблем. І дзе-та яны зараз?

Раман думаў пра тое, што, мабыць, гэта маладосць такая, што ў маладосці і думкі, і ўчынкі маюць зусім іншыя мэты, чым у яго веку. І што такія людзі, як Стары Раман ці жонка, ніколі гэтага не зразумеюць. І яшчэ ён усё намагаўся ўзгадаць, што сам думаў у маладосці.

Жонка ўсё мітусілася побач, і ён раптам сказаў галасней, чым звычайна:

– Ды сядзь ты ўжо, пасядзі! Цэлы дзень бегаеш – не набегаешся.

Жонка здзіўлена спынілася, не выпускаючы з рук вядро. “Сядай, сядай”, – паўтарыў Раман і пасунуўся. Жонка прысела, але неяк нясмела, на край, бы збіралася зараз жа ўставаць. Нейкі час сядзелі моўчкі: Раман задуменна сагнуўшыся і ўтаропячыся сабе ў ногі, а жонка глядзела туды-сюды на непрыбраны падворак, на хлеў, на градкі. Тады Раман сказаў:

– А памятаеш, як мы калісьці хацелі… паехаць. Куды мы хацелі?

Ён казаў голасам старога паддатага летуценніка, а жонка адказвала лагоднай, але будзённай гаворкай, нібы ўшчувала малога:

– Ну, памятаю. На мора, мусіць, збіраліся.

– …а тады думалі: можа, бліжэй куды… у горад хоць…

Жонка маўчала, і праз нейкі час ён насмеліўся:

– Дык што, а паехалі кудысь, як мы тады хацелі! Хоць адпачнём трохі, не ўсё табе тут маяцца.

– Да што ты, стары, завёўся сёння? Куды я табе паеду, калі ж тут во, гаспадарка, усё. Курэй пусціш, свінням дасі, там на гародзе корпаешся – Ванда прыйдзе язык пачасаць, карову падаіць, вось табе і ноч. А есці гатаваць хто будзе? Куды нам ужо ехаць, ідзі лепш вячэраць, пакуль не таго.

Яна падхапіла вядро і пабегла, пабегла. А Раман застаўся гэтак жа сядзець на ганку. Яму раптам стрэльнула: як ён быў малады і як усё думаў, хацеў. І як думаў, што можа ўсё змяніць, калі толькі сабрацца як след. І вось мінула сорак год, а ён ні разу так і не ўзгадаў пра гэта. “І гэта ж усё я быў, – працягваў Раман – Не хтосьці іншы”. Ён адкінуў цыгарэту ўбок, але адразу пацягнуўся за ёй і запаліў. Падумаў пра заўтрашні дзень і моцна пазяхнуў. “Трэба будзе трактар у Івана… дроў выпісаць з кубаметр… дый парэчкі пачынаюцца… і скасіць ля плота”, – вярталіся думкі да звыклага парадку, а потым Раман моцна, з прысвістам, зацягнуўся і неяк здзіўлена плюнуў:

– Але ж хлопцы гэтыя… халера іх!

Уначы Раман падняўся на вядро, а пасля ўсё ж вырашыў выглянуць на двор. Выйшаўшы за дзверы, ён сцепануўся і смачна ўдыхнуў летняе паветра. Месяц вісеў над дахам, як кавалак гарэзнага сыру. Было трохі смешна бачыць яго вось так, на небе, побач з комінам – дакладна як на малюнку, толькі Раман не ведаў на якім. “Пайду трохі выйду на вуліцу, толькі гляну, як там”, – Раман адхінуў старую брамку і выйшаў на дарогу. Вуліца была апусцелай, а клёны клалі на яе свае цені. Раман пастаяў, паглядзеў у адзін бок, у другі, потым пакрочыў уздоўж плота. Ён адчуваў амаль юнацкае хваляванне і ўсярэдзіне нешта трымцела. “Дзе-та зараз Раман?” – падумаў ён пра сябра, пра тое, што той, напэўна, спіць ужо даўно, і ад гэтай думкі яму трохі паспакайнела. Ён не хацеў бы зараз сустрэць яго. Няхай, можа, у іх і ёсць нейкія агульныя заняткі, і выпіць разам таксама бывае добра, але ў цэлым яны былі розныя, і Раман Малады не хацеў, каб сябар ведаў пра гэта.

Раптам Раман заўважыў, што ён стаіць побач з трынаццатым домам. Гэта быў той самы дом старасты, пра які ўзгадвалі ранкам. Акно на верандзе было ўжо заменена, і стараста са старасціхай ціха спачывалі ў сваіх ложках. Тут жа стаяў і той самы злапомны знак з лічбай “40”, які пабываў у хаце. Яго ўкапалі нанова, падраўнялі і не было бачна ніякіх слядоў хуліганства. Раман ізноў глянуў на месяц і пайшоў далей, але ўвесь час азіраўся, бы злодзей, каб не пабачыць каго яшчэ, асабліва свайго сябра.

На скрыжаванні рос стары клён, а пад ім стаяў уторкнуты знак з перагорнутым трохкутным шчытом. Знак быў не на металічным забетанаваным слупе, а на звычайным драўляным, проста ўкапаным, таму варта было яго толькі як след разгойдаць і можна было выцягнуць. Раман абапёрся на яго і нечакана для самога сябе моцна пхнуў. Хіснуў туды, сюды. Ён паваліў знак на зямлю, схапіў аберуч і адцягнуў пад дрэва, а сам схаваўся ў цені. Яшчэ раз азірнуўшыся і, нікога не ўбачыўшы, пайшоў звычайным крокам, толькі крыху хутчэйшым. Праз дарогу ён паваліў такі ж знак і далей ішоў ужо смела, як гаспадар. Месяц хітра назіраў за ім з неба, а Раману было смешна ад гэтага і яшчэ яму здавалася, што месяц яго ўхваляе.

На другім канцы вуліцы пачуўся шум і звон пабітага шкла. Раман насцярожыўся і схаваўся пад плот. Ён падумаў, што гэта зноў тыя ж хлопцы, але пачуў, што бяжыць толькі адзін чалавек. Раман выйшаў яму насустрач…

– Раман! І ты тут! – ускрыкнулі абодва.

– Ды ўсё гэтыя хлопцы… – паспрабаваў апраўдацца нехта.

– Ніяк з галавы не йшло.

– Пабеглі… Да старасты гэтага.

Яны кінуліся назад, да трынаццатага дома. Стары Раман задыхаўся, і яны перайшлі на крок. Дзяды ішлі і размахвалі рукамі, а іх вочы зіхацелі зухаватай удаласцю. Цені цягнуліся на другі бок вуліцы, да хат, якія выглядалі занядбанымі і пустымі. Перайшлі праз скрыжаванне з двума паваленымі знакамі і пракраліся пад клёнамі.

Знак “40” побач з домам старасты стаяў пад самым ліхтаром. Ані не бянтэжачыся, дзяды падышлі і ўжо спрактыкавана, бясшумна выцягнулі яго з зямлі. Малады Раман пералез праз плот, а Стары перасунуў яму знак, намагаючыся не шумець. Яны падабраліся пад самую хату, і Малады прашаптаў:

– Дзе ён спіць?

Стары моўчкі паказаў на другое акно. Дзяды падцягнулі знак і селі на кукішкі. Пераглянуліся апошні раз, і Стары Раман усміхнуўся і хіснуў галавой, а Маладому здалося, што яны з сябрам насамрэч абсалютна аднолькавыя людзі. І што ўсе людзі таксама вельмі падобныя.

– Ну, давай!

І яны падхапіліся, узялі знак і з размаху ўсунулі яго ў акно. Пачуўся крык, віск, бой аскепкаў. Яны ўбачылі ў праём здранцвелага старасту пад коўдрай і яго ашалелую жонку. Знак упаў упоперак іх ложка і з’ехаў адным канцом на падлогу.

– Янка, дабранач! – крыкнулі дзяды разам, і разам зарагаталі, і тут жа далі дзёру праз гарод, праз плот і далей куды ногі нясуць.

– А ты глядзі ж, які месяц! Як сыр! – крычаў Стары Раман на вуха свайму сябру. – Да толку! Да то-олку!

З дзікім гіканнем несліся дзяды па пустой вуліцы, а жоўты кавалак сыру бег за імі і смачна пасміхаўся.

2011 г.

Мой цвік (зборнік)

Подняться наверх