Читать книгу Мой цвік (зборнік) - Аляксей Палачанскі - Страница 4
Мой цвік
ОглавлениеУ мяне ёсць цвік. Я знайшоў яго аднойчы, калі шукаў пульт ад тэлевізара. У той дзень я ляжаў на канапе, як звычайна, апусціўшы руку ў міску з семкамі, праглядаў усё, што мне паказвалі: надвор’е, навіны, серыялы. Але ўсё гэта ліпла да мяне, назапашвалася ўсярэдзіне, каб аднойчы там скончылася вольнае месца, як на дыску. І калі гэта адбылося, я не змог больш нічога ўспрымаць і пачаў ліхаманкава шукаць пульт. Ім даўно ніхто не карыстаўся, я знайшоў яго пад канапай, запылены, у парванай плёнцы. Я стаў на калені і памкнуўся ўзяць яго, але тут жа здрыгануўся – нешта балюча ўкалола палец. Асцярожна я выцягнуў з-пад ложка доўгі іржавы цвік – сантыметраў на дзесяць.
Я сеў на канапу і круціў яго ў руках, мне было прыемна гэта рабіць, адчуваць форму, даўжыню, шурпатасць іржы. Я прагнуў дзейнасці. Пустэча перапаўняла мяне – я змог адчуць гэта адразу, як выключыў тэлевізар. Цішыня была нязвыклай, крыху бянтэжыла, у ёй я адчуваў сваю бескарыснасць. Я быў чалавек без справы, без дасягненняў. Не было нічога, думкі аб чым прынеслі б мне задавальненне, акрамя, мабыць, майго цвіка. Гэта быў мой адзіны інструмент і я пачаў думаць, што мне з ім зрабіць. Напэўна, менавіта ў той момант я вырашыў змяніць сваё жыццё, пакінуць нейкі след сваім нашчадкам, прынесці карысць грамадству. Я стаў свядомым чалавекам.
Так я выправіўся ў падарожжа з адным цвіком у руках. Гэта быў пераломны дзень у маім жыцці, я вырашыў стаць лепшым, высакародныя намеры ўзносілі мяне ў завоблачныя вышыні, я верыў у сябе, верыў у будучыню і ў штосьці яшчэ. Вырваўшыся са сваёй кватэры, з гэтай клеткі, у якой згасае паэтычнасць чулай натуры, я адчуваў сябе здольным на многае, выпрастаўшы спіну, убачыў перспектывы, гарызонты расхінуліся, ва ўсе бакі разыходзіліся промні майго натхнення, рознакаляровай чарадой брылі магчымасці, як караван з неверагоднай казачнай краіны, а наперадзе раскінула свае ўсеабдымныя крылы мая грандыёзная будучыня. А над усім гэтым клічнікам узвышаўся мой цвік, як знак свабоды альбо перамогі.
Перш за ўсё я пайшоў на будоўлю, каб паказаць свой цвік, аддаць яго на карысць грамадства. Доўга шукаць не давялося, я адразу выйшаў на нейкую перспектыўную будоўлю, з планамі на шчаслівыя сем’і і дзетагадоўлю. Мне адразу захацелася быць датычным да гэтага і я звярнуўся да будаўніка. Але ён толькі лаяўся, крычаў, а пасля паклікаў сваіх сяброў, і яны адправілі мяне ў краму. Але ў краму я не пайшоў, бо разумеў, што дабра з гэтага не будзе, і рэалізавацца мне там будзе цяжка.
Няўдача мяне не збянтэжыла, і я пайшоў далей, бо які ж ты чалавек, калі пасуеш перад няўдачамі. Я ўвайшоў у лес і знайшоў там гурму маладых людзей, якія нешта ладзілі між дрэў з вяровак і жэрдак. Падышоў да іх і запытаў: “Хлопцы, ці патрэбны вам цвік? Здаецца, для вашых буданоў ён быў бы вельмі дарэчы”. Хлопцы неяк дзіўна паглядзелі на мяне, а старэйшы з іх адказаў: “Мы – скаўты. Мы будуем жыллё без цвікоў”. Я зразумеў і пасунуўся далей.
Я прыйшоў да паэта: ён сядзеў на крэсле, нага на нагу. У выцягнутай руцэ ён трымаў кніжку, у якую штохвілінна зазіраў, у другой нешта дымілася. Выразам твару ён быў нейкі абыякавы, а сам сабой нагадваў пытальнік. “Хочаш цвік?” – адразу прапанаваў я. Але ён зірнуў на мяне ды павольна расплыўся ва ўсмешцы. Адзін цвік у яго дакладна ўжо быў. Мяркуючы па ўсім, на ім ён і сядзеў.
Праходзіў паўз нейкую вёску і ўбачыў, як дзед гародзіць плот. Тут без цвікоў дакладна не абысціся. Я сказаў яму пра гэта, і ён паглядзеў на мяне, нібы згаджаўся, але раптам пачаў завальвацца набок, хрыпець, пасля нечакана рушыў на мяне і працягнуў руку для апоры, але я адступіў, і ён упаў ніцма. Я крыху счакаў і, пераканашыўся, што яму мая дапамога таксама не патрэбная, самотна пасунуўся далей.
Шмат дзе яшчэ я спрабаваў прыладзіць свой цвік і знайсці яму месца. Спрабаваў прадаць яго і ўсё зніжаў цану, але ніхто нават не падыходзіў.
Хацеў здаць у металалом – і там не атрымалася. Нават прапаноўваў аддаць у краязнаўчы музей у якасці экспаната. Нідзе не меў я поспеху. Мяне апанавала крыўда. Няўжо, няўжо я нічога ніколі не дасягну? Няўжо я не змагу дапамагчы грамадству, і маё імя не ўвойдзе ў гісторыю?
Я ўжо вяртаўся, змаркочаны, дадому, як апынуўся побач з нейкім узгоркам і заўважыў на ім мітусню. Я падняўся на вяршыню і ўбачыў, як некалькі жаўнераў завіхаліся вакол чагосьці, не бачнага з-за шчыльнага натоўпу. Адзін з іх павярнуўся і заклапочана выгукнуў: “Ці ёсць у каго цвік?!” Я адразу ўскінуў руку і радасна азваўся: “Тут!” Людзі пачалі хвалявацца, пераглядацца ў няпэўнасці, твары іх спалатнелі. Жаўнер падышоў да мяне і бесцырымонна выхапіў цвік з маёй рукі. Я чакаў, што ён нешта скажа, а потым сам хацеў штосьці сказаць, але, падумаўшы, прамаўчаў. Пэўна ж, жаўнеры ведаюць, што робяць.
Усё ж такі мне было цікава, для чаго ўрэшце прыдаўся мой цвік, і я спытаў у аднаго з мінакоў: “А што гэта за месца?” – “Галгофа”, – адказаў ён, адводзячы позірк убок, і хутка пакрочыў уніз па схіле.
І я ішоў далей, у шырокі свет, пакінуўшы свой дом дзесьці ззаду. Мой цвік знайшоў сваё месца, і, магчыма, гэта была і не вельмі вялікая справа, але я веру, што дапамог змяніць свет да лепшага.
Я іду, іду далей, высока ўзняўшы голаў, іду змяняць свет!
2010 г.