Читать книгу Новая Зямля: Куканія - Антось Уласенка - Страница 2

Зь Вільні ў дзікія землі

Оглавление

Плянэта: Новая Зямля (ML 16830 b)

Дыямэтар: 0,91 зямнога

Маса: чатыры пятыя зямной

Адлегласьць ад мацярынскае зоркі: як ад Сонца да Вэнэры

Сіла цяжару: ня надта розьніцца ад зямной

Пэрыяд вярчэньня вакол восі: 0,93 зямных содняў

Арбітальны пэрыяд: прыкладна 252 тамтэйшыя дні

Атмасфэра: прыдатная да дыханьня, шчыльная, афарбаваная ў ясную ружавізну

Каляндар: 12 месяцаў, у кожным зь іх па тры сямідзённыя тыдні

Кантактная асоба: Панплянэтны асаднік

Клімат: суворы

Насельніцтва: дзікія круцялі й прайдзісьветы

Рэкамэндацыя да наведваньня: толькі зь пільнае патрэбы

З «Агульнага вопісу плянэтаў Загранічча», падрыхтаванага Галяктычным Рэгістрам для касмавіжаў і астрагасьцей

Юргель Нязломак ледзь дачакаўся сьвітанку.

Ён вылез з-пад дрэва, калі Аксамітная Лілея разьліла вохрыста-пунсовае сьвятло між галінаў і кустоўя. Выспацца не атрымалася. Ад веснавое зямлі цягнула холадам. Усю ноч у лесе – здавалася, зусім побач – нехта вухкаў, крахтаў, скавытаў і стагнаў. Да раньня ён больш калаціўся ад страху і марцовага ветру, чымся спаў.

Галодны і акалелы Юргель пакруціў галавою на ўсе бакі. Яго атачалі дрэвы – як на падбор высачэзныя, невядомыя. Старазямельскіх расьлінаў не сустракалася наагул. Усё навокал чырванела, ружовілася і шафранела. Гэта вельмі адрозьнівалася ад Вільні, якая патанала ў зяленіве прывезеных відаў. У тутэйшым лесе і пах стаяў незвычайны – рэзкі, сыравата-земляны. Ён п’яніў і пужаў сваёю чужасьцю.

Нездалёк Юргель убачыў паўбачэнак. Той трэснуў, і зь яго вылілася добрая частка налітага. Юргель паглядзеў на свой адбітак з абпаленаю бяляваю чупрынай і паказаў сабе язык. Абмакнуў палец у пазасталую вадкасьць і пакаштаваў – бярозавік. Ён выпіў колькі здолеў. Потым адламаў ад паўбачэнку ладную клёпку, каб хоць так пачувацца больш упэўнена.

Пры сьвятле Лілеі атрымалася разгледзець і Шнараву паперчыну. Ён выхапіў быў яе без асаблівае думкі – проста каб даць дыхту вітаўчанам. Кавалак непрамакальнага біяплястыку ўшпільвалі незразумелыя сымбалі, дзе-нідзе перакрэсьленыя. Юргель, як ні намагаўся, расчытаць іх ня здолеў.

«Нічога, хай паляжыць – месца не займае. Я ж знайду, як вам адпомсьціць».

А памсьціцца на вітаўчанах Юргель цяпер жадаў больш за што заўгодна. Гэта навяло яго на іншую думку, і ён вылаяў сябе – не ўпершыню за мінулыя содні.

«Дурны маздан! Так папасьціся. І дзе такое бачылі!»

У самаапраўданьне Юргель падумаў, што нічога ўчора не праракавала бяды: звычайны дзень у панскім маёнтку, адзін з соцень такіх самых. Ён замаркоціўся, згадваючы нядаўнія падзеі, якія цяпер падаваліся такімі далёкімі.


Плянэта ML 16830 b сыстэмы Аксамітнае Лілеі ў сузор’і Ганчакоў, больш вядомая сёньня за назваю Новая Зямля, а раней – Зарфалія, была вынайдзеная за часамі Выправы касмавіжам Грогбадам Зарфалем.

Зорка ML 16830, яна ж Аксамітная Лілея, – гэта чырвоны карлік, удвая меншы за Сонца, які асьвятляе сваімі вохрыста-пунсовымі прамянямі дзьвюх нябёсных скакух, што па-штукарску выкручваюць піруэты на абярэжку Незнані: невялікую ML 16830 b, што займае першую арбіту, і ейную старэйшую сястрыцу ML 16830 c, якую новазямельцы празвалі Марэнай. Марэна – амярцьвелая гелевая куля памерам зь Юпітэр, непрыдатная для жыцьця, а вось Новая Зямля ёсьць плянэтаю выразна зямнога тыпу, што адразу прыцягнула было ўвагу Зарфаля.

Завіснуўшы ў чоўніку на арбіце і абараціўшыся наўкола роўніку, ён убачыў тры вялізныя кантынэнты пасярод атрамантавага акіяну, які акрываў большую частку плянэты. Усьцяж роўніку расьсьцілаўся найвялікшы зь іх – сёньня вядомы як Куканія, ушпіляны лясамі і рэкамі; цераз пратоку ад яго, ля дальшага ад Лілеі канцавосься, ляжала Зямля Чорнае Лопаўкі з занорыстым узьбярэжжам, стромымі цясьнінамі і сьлядамі вульканічнае дзейнасьці; а на адваротнай паўкулі – Вялікая Плянтоўка, што вышчарылася прасьцягамі забалочаных стэпаў, прадзіманых моцнымі вятрамі. Лясы, стэпы, тундры, пустэльні – усё гэта выглядала аж надта знаёмым і мілым сэрцу самотнага вандроўцы.

З прадмовы да бэлетрызаванае манаграфіі «Terra Nova: Запозьненае адкрыцьцё» Дульчыбунда Вэнэрыянскага

Калі Юргель напярэдадні прачыняў дзьверы ў кухню Выгоднага Котлішча, ён і ўявіць ня мог, што сустрэне наступны дзень пад дрэвам, за тысячы вёрстаў ад панскага маёнтку ў Вільні.

Ён замёр з паднятаю нагой: у доме былі чуваць невыразныя галасы. Галасы мужчынскія, аднекуль здаля. Азірнуўся ў цёмны калідор грыдні: усё ціха. Там, за выгінам калідору, у ягоным ложку пахропвала Касюта. У пакоі насупраць гэтым паабедзеным часам меўся адпачываць Грынька.

Асьцярожна прычыніўшы дзьверы, Юргель прайшоў кухняй. Ужо трэці дзень тут не гатаваліся пышныя частункі і не луналі водары марынаваных галёнак, вэнджаных сьлімакоў і квашанае разрыў-травы.

Ён рассунуў фіранкі над уваходам у Люстраную залю. Адсюль былі відаць паразьвешаныя на сьценах люстры і вялізны бяседны стол. У паветры кружляла аўрыхалькавая жырандоля.

Нікога. Адно ягоная хударлявая фігура, дзесяцікроць памножаная люстрамі. Шкляныя дзьверы гасьцёўні ў далёкай сьцяне дазвалялі ўбачыць, што аканіцы там зачыненыя – таксама пуста.

Юргель намацаў на пасе зьвязак ключоў, якія пазычыў у Касюты, і выбраў патрэбны. Адамкнуў дзьверцы з кухні ў Паляўнічы габінэт. Звычайна Пан дапушчаў сюды сама пачэсных гасьцей. Тут густа пахла наалеенаю скурай, тытунём і дзічынай. У вочы кідаўся герб Анцутаў над камінам – чорная галава анакентаўра на залатым тле – і чатырохлакцёвая шкура задзьвінскага нядзьведзя на падлозе. Сьцены шчэрыліся рагамі, ікламі ды кіпцюрамі. Імёнаў усіх зьвяроў Юргель ня ведаў і ня меў з тае нагоды шкадаваньня.

Лазуркавая заля заставалася замкнёнай. Галасы даляталі з боку вітальні.

Ён нячутна падышоў да дубальтовых дзьвярэй, адамкнуў іх і сунуўся носам у пройму. З Трафейнага пакою насупраць на яго лыпала вочы пудзіла рынацэфала. Выразны гоман даносіўся з другога паверху.

«Ці ж гэта не Стары Дымша сіпае? Дзіўна».

Пан яшчэ ў чацьвертак распачаў быў веснавую навігацыю па Вяльлі на «Макулінцы» – сваім плывучым доме. Ён выправіўся ўверх па рацэ аж да Ваўкавішак, напагасьціны да Струмілаў, прыхапіўшы з сабою ці ня ўсю пакаёвую прыслугу. У Прытульнай Бабравіне яны мусілі прабыць да нядзелі.

У Выгодным Котлішчы тымчасам заставаліся пяцёра: аканом Стары Дымша, ахмістрыня пані Лёдзя, аптэчковая панна Касюта ды пара лёкаяў: Грынька і сам Юргель. Прыслузе забаранялі падымацца на другі паверх бяз панскага дазволу, таму было незразумела, хто і нашто мог аслухацца заказу.

«Хіба запраўды стары круцель запрасіў каго з дворні ды латруе ў панскіх пакоях. Ну й хай яго».

На добры лад, варта было б падняцца і паглядзець, што там дзеецца. Ці мо нават прагуляцца да вартоўні ў парку і паведаміць Вілічу пра ўварванцаў, каб ня стацца ахвярным казлом у выпадку чаго.

Але ж Юргель не хацеў ніякага шуму.

У руках прыемна пазброзгвалі каструбаватыя ключы ад каморы, дзе на яго чакалі размаітыя прысмакі. Дзеля іх прыйшлося пайсьці на замногае, каб цяпер бяз дай прычыны рызыкаваць падвячоркам. Ён згадаў адрузлы твар Касюты і міжволі скалануўся.


Я пакружляў над плянэтаю і выбраў для саджэньня найвялікшы кантынэнт: бухматае покрыва лесу ня толькі абяцала біялягічную размаітасьць, але вабіла маю натуру першаадкрывальніка мажлівымі таямніцамі і неспадзеўкамі.

І абяцаньні, мушу прызнаць, спраўдзіліся.

Я прызямліўся на расьцятай рачулкаю паляне. Звычайная паляна, звычайная рачулка, здалося б іншаму. Але прыгажосьць звонку захапіла мяне нават праз мутнае шкло абцякальніку ў рубцы. Краявід нібыта намалявалі крывёю, да таго ж крывёю розных людзей – недзе сьвежаю, недзе запечанаю, недзе вадкаватаю сукравіцай.

І вось яшчэ пытаньне: хто намаляваў?

Склад атмасфэры аналізатарам Брэмлі я правяраў з пэўным хваляваньнем: працэдура звычайная, але менавіта цяпер крыўдна было б даведацца, што чалавеку дыхаць тут нельга. Мне пашанцавала: я ажно падскочыў, калі ўбачыў тры зялёныя вагеньчыкі.

Адразу ж выйшаў з чоўніку, каб зрабіць колькі здымкаў. Халаджавае паветра духмянілася квеценьню і ядранасьцю. Я ўдыхнуў на ўсе грудзі і прыгадаў, як пахне ўвечары на родным моры Роса. Дзе-нідзе ў ружовым небе плывалі паветраныя выспачкі – як высьветліў пазьней пакупнік плянэты, ейныя нэтры багатыя на нульгравітацыйны мэтал, паклады якога часта выходзяць на паверхню. Крэсовыя навукоўцы назвалі яго аўрыхалькам, чым невыказна парадавалі рамантыка ўва мне.

Ня мог я не адзначыць і багацьце мясцовае флёры й фаўны: на лапіку перад сабою ў першую хвіліну налічыў ня менш за тузін розных зёлак, усе размаітых адценьняў чырвонага; над зёлкамі лёталі казюркі, недалёкі лісьцьвянік шамацеў брунатным лісьцем, а ў рачулцы плёскаліся буйныя жывёлы накшталт старазямельскіх гіпапатамаў з архіўных фільмаў і зусім не зважалі на мяне.

Ужо пасьля я абляцеў астатнія кантынэнты, але нішто больш так ня ўразіла маю чулую душу, як гэты лясісты Эдэм.

З разьдзелу «Неабыякі шанцунак: Зарфалія» мэмуараў Грогбада Зарфаля «Міжзорны пыл у маіх соплах»

Празь Люстраную залю Юргель вярнуўся ў кухню, збочыў у варыўню, сьпусьціўся на дыбачках рыплівымі прыступкамі і адамкнуў камору.

Бачэнкі, бачулачкі, бочкі, слоікі, кадзі і куфы застаўлялі ўсё памяшканьне па невысокую столь. Сокі, квасы, выцяжкі, канфітуры, закрасы і зёлкі, пернікі і мармулады – чаго тут толькі не было. Але Юргеля найперш цікавілі трункі з прыемнае аптэчкі: у гэтай шафцы захоўваліся лекі для Пана: лікворы, настойкі і наліўкі.

Ён якраз стаяў зь дзьвюма бутэлькамі ў руках, ня ў змозе зрабіць выбар паміж лікворам зь пялёсткаў альзорыі ды настойкаю на лунявых грыбох, як ззаду зарыпела масьнічына.

Калі грушаватая фігура Старога Дымшы зьявілася ў разнасьцежаных дзьвярох, бутэлькі ўжо стаялі на сваіх мясцох у шафцы. Юргель павярнуў да аканома свой рухавы твар з выразам сьвятое нявіннасьці і пайшоў у наступ:

– Вашэць таксама пачуў земляных крабаў? Аж так тут шуравалі, што вырашыў спусьціцца праверыць. Але хваляцца няма аб чым: ужо папаразганяў усіх па норах.

Стары Дымша непрыемна пахмыляўся і глядзеў на зьвязак ключоў у яго на пасе.

«Гэтага круцяля так проста не абвесьці».

– Эх, Юргелю-Юргелю. Такі малады, а ўжо сапсуты. І гэтак ты дзячыш Пану за клопаты? Ласуешся ціхачом ягонымі прыпасамі?

Юргель адмахнуўся рукою ад недарэчных папрокаў, але аканом працягваў:

– То вось чаму вакол незамужкі ўсё ўвіхаешся. Яна ж удвая старэйшая! Я ўжо думаў быў… – Стары Дымша зрабіў няпэўны гэст. – А тут – ключыкі. Ну круцяка. Аджа мяне заўжды сьмех бярэ, толькі ўяўлю, як вы з гэтай сухадрэвінай адно аб аднаго касьцямі грукаецеся, калі…

– Добра-добра, – перапыніў Юргель, якому не падабаўся кірунак размовы, дый Касюту за такую ўжо сухадрэвіну ён не лічыў, – можам дамовіцца наступным парадкам: вашэць ня бачыў мяне тут, а я ня чуў вашэцевы размовы зь сябручкамі ў панскіх пакоях. Згода?

Пахмылка зьнікла з Дымшавага твару. Ён хітра прыплюшчыўся і прасіпеў:

– Пагаворма пра гэта наверсе. З маімі сябручкамі.

Аканом ветліва прапусьціў Юргеля наперад і пайшоў наўсьлед. На лесьвіцы Дымша моцна ўзяў яго пад локаць і павёў у курыльню. Пераступіўшы цераз парог, Юргель зьнерухомеў.


Як чалавек практычнага складу і страшэнны цынік, Зарфаль адразу сьцяміў, што за панадны кавалак трапіўся яму ў рукі. Замест таго, каб ляцець на Папілюс у Крэсах і паведамляць пра сваё адкрыцьцё ў Галяктычны Рэгістар, зь якім у яго была заключаная стандартная дамова, ён скіраваўся на станцыю Альдрэма ў Блізкіх Сьветах. Там у галоўным аддзеле Карпарацыі Касьмічных Дасьледаваньняў без зацяжак запатрабаваў сустрэчы з галавой, падмацаваўшы сваё жаданьне параю здымкаў з Новае Зямлі (тады яшчэ Зарфаліі). Ужо празь якую гадзіну галава ККД зрабіў Зарфалю прапанову, ад якой той ня змог адмовіцца. За каардынаты плянэты і падпіску пра неразгалашэньне ён атрымваў такія грошы, на якія мог заможна жыць да скону дзён у Блізкіх Сьветах ці на Крэсовых плянэтах, ня кажучы ўжо пра Загранічча.

Баніхват Мінгайла-Азярэвіч паходзіў з Старое Зямлі і казаў усім, хто слухаў, што ён ёсьць прадстаўніком старажытнага вялікакняскага роду і можа прасачыць свой радавод на колькі тысячаў гадоў. Але слухаў мала хто. Бо той быў летуценьнікам і трызьніў увесь час напаўмітычнаю краінаю «Беларусьсю», ад якой да нас дайшлі адно няўцямныя тэксты, ды былымі стагодзьдзямі ейнае славы, што даўным-даўно прамінулі. Былі такія, хто прыпушчаў гіпатэтычнае існаваньне падобнае дзяржавы ў прагісторыі, але і іх пужала апантанасьць летуценьніка: ён хацеў знайсьці плянэту, на якой можна было б з нуля стварыць ідэальную краіну мары адпаведна сваім рамантычным уяўленьням, улічыўшы да таго ж абмылы мінуўшчыны. Мінгайла-Азярэвіч нават распрацаваў быў падрабязны плян гэткага сацыяльнага экспэрымэнту на пяцістах старонках. Праз свае лятункі ён уклаў усе айчызныя грошы ў стварэньне ККД, якую і ачоліў у спадзеве знайсьці аднойчы тую самую «Беларусь». Двойчы экспэрымэнт пачынаўся на новых плянэтах і збоіў, але гэтым разам усё выглядала на лепшы вынік.

Зь ненадрукаваных нарысаў Дэзыдэрыюша Клішэвіча, нябёснага мудрагеля

На падлозе ў цэнтры пакою сядзела пані Лёдзя: рукі і ногі сьцягнутыя вяроўкай, у роце кляп. Побач стаяў і тросься Грынька. Ён ня быў зьвязаны, але ні паварушыцца, ні адарваць зьбялелага твару ад каберца пад нагамі быў ня ў змозе.

Пры вакне стаялі два бэйбусы – адзін барадаты, другі з шнарам праз увесь твар – у якіх Юргель адразу пазнаў вітаўчанаў.

Апошнім разам пра іх зьяўленьне ў Віленскім павеце паведамлялі з тузін гадоў таму, але пазнаць вітаўчанаў мог нават той, хто іх ніколі не сустракаў: выгадаваныя ў інкубатарах на сынтэтычных вітамінах, яны былі на паўгалавы вышэйшыя за любога гедзімініча, у пералівістым пазаплянэтным адзеньні, паабвешваныя спакменямі. Юргель ня бачыў дагэтуль жаднага спакменю на свае вочы, але не сумняваўся, што на Новай Зямлі такія рэчы не вырабляюць: дастаць іх можна адно Вонках.

За Юргелевай сьпінай зачыніліся дзьверы і пачулася сіпеньне. Ён хутка зарыентаваўся: ірвануць наперад, скокнуць у вакно, упасьці на клюмбу атрыю, бегма пабегчы за стайню, паклікаць на дапамогу Віліча… Але нічога з гэтага не зрабіў – у руках вітаўчане трымалі праменевікі. Прызначэньне гэтых спакменяў здавалася відавочным.

Стары Дымша зырваў зьвязак ключоў зь Юргелевага пасу. Той здрыгануўся. Яму прыгадаліся чутыя ў дзяцінстве гісторыі. Пасядзёлка неаднойчы пужала яго жахамі, што адбываліся ў Чорнай Лопаўцы, аповедамі пра зямлю, якая плявалася ляваю і дымам, нібыта ў пекле, і пра тое, што ніхто, маўляў, адтуль не вяртаўся.

Ягоная рука міжволі пацягнулася па кудмень на грудзёх. Вока ляснога чыпірадлы ў мэталічнай аправе ён купіў у вайдэлёта на віленскіх Казюкох. Кудмень мусіў бараніць нашэньніка ад злых уплываў і нядолі.

– Бязь лішніх рухаў, пахоліку, – працадзіў Барада, – а то таксама зьвяжам.

– Нешта ён кашчаваты, – дадаў Шнар, – ані цягліцаў, ані тлушчу. Мізэрныя гены. Гадаваць няма сэнсу – Вонках доўга не працягне.

– Затое ён мае іншыя перавагі, – уступіўся аканом. – Язык гладка ходзіць. Глуздом круціць умее. Спрытны – бывае, аж занадта. Дзе-небудзь ды прыдасца, адно што вока за ім трэба.

Юргеля такая атэстацыя не парадавала, але ён вырашыў змоўчаць.

Стары Дымша між тым выйшаў з курыльні разам з Шнарам, пакінуўшы Бараду наглядаць палонных. Час ад часу яны павярталіся і ўпошапкі перагаворваліся ўтрох.

Пад Юргелем падгіналіся ногі, і ён сеў каля ўваходу. У галаве мітусіліся розныя думкі як уратавацца, але па водуме жадная не здалася прыдатнай. Ён вырашыў прычакаць зручнага моманту і імправізаваць.

Грынька па-ранейшаму стаяў, утаропіўшыся ў адную кропку. Так прамінула пара гадзінаў. У пэўны момант пані Лёдзя, і без таго напужаная, пачала біцца ў гістэрыцы, лупіць нагамі па падлозе і мыкаць праз кляп.

– А ну ціха будзь, лафірында!

Барада даў ёй ладную поўху і схапіў за валасы, прыўзьняўшы на добры локаць.

Грынька раптам апрытомнеў і нязграбна кінуўся напярэймы крыўдзіцелю. Мільгануў выбліск, і Грынькава цела ўпала на Лёдзю, якая зараўла яшчэ грамчэй.

У пакой забег Шнар і ацаніў абстаноўку.

– Давай-ка павучым маруху слухмянасьці.

Удвох яны зацягнулі ахмістрыню ў панскую спачывальню і пакінулі дзьверы адчыненымі наросхліст. Юргель, насуперак жаданьню, мог чуць і бачыць усё, што там адбываецца. Гэтак сама, як мог бачыць дзірку ў галаве Грынькі. А вось паварушыцца быў няздольны.

Далейшае адбывалася нібыта ў замарачным сьне. Вярнуўся Стары Дымша і нешта яму казаў, але ён ня ўслухваўся. Вітаўчане прыцягнулі назад Лёдзю, у йрванай сукні і зь сіньцом пад вокам. Яна абыякава глядзела перад сабою і больш не крычала.

Часткаю свае сьведамасьці Юргель спадзяваўся, што Касюта ў грыдні зьнізу прачнецца ад шуму ды ёкату і падыме трывогу. Але другою часткаю разумеў, што сам апаіў яе дрымай, каб не перашкаджала ласавацца смачнасьцямі з прыемнае аптэчкі.

З ступару Юргеля вывелі штурхялі вітаўчанаў. Іх зь Лёдзяю прымусілі падняцца і павялі ўніз, праз заднія дзьверы ў парк.

Ён азірнуўся на маёнтак без спадзеву ўбачыць яго яшчэ калі.


Ужо з здымкаў Зарфаля было зразумела, што Новая Зямля ці не йдэальна адпавядае задуме, а па першых інспэкцыйных адведках плянэты (калі Мінгайла-Азярэвіч папрактыкаваўся ў анамастыцы і тэхнічнай краналёгіі) ён пераканаўся ў тым напоўніцу. Плянэта ляжала нетурбаваная ў далёкім Заграніччы воддаль любых касьмічных шляхоў і правамоцтваў Галяктычнага Рэгістру, на самым ускрайку Незнані зь яе непазнавальным чарноцьцем.

Умовы здаваліся прыдатнымі для жыцьця, але не такімі лагоднымі, як на Старой Зямлі: Аксамітная Лілея была значна халадзейшая за Сонца, – адпаведна розьніліся сярэдняя тэмпэратура паветра і іншыя кліматычныя паказьнікі; а вандроўныя цёмныя плямы на чырвоным карліку часьцяком пакідалі плянэту безь сьвятла на колькі хвілінаў. Найлагоднейшым кантынэнтам з трох была палесістая Куканія, найсуворайшым – вульканістая Зямля Чорнае Лопаўкі.

Такія ўмовы, на думку галавы ККД, гартавалі б характар пераходняў і не дароўвалі гультайства і бязьдзейнасьці. А халодныя бяззорныя ночы (часамі было відаць хіба сузор’е Ганчакоў) зь мёртваю Марэнаю ў нябёсах мусілі нагадваць новазямельцам пра найвышэйшую абыякавасьць Сусьвету, мацуючы іх мужнасьць і звычку спадзявацца адно на сябе самых.

Скорым часам рэчаіснасьць выправіла найбольш утапічныя часткі пляну Мінгайлы-Азярэвіча. Валянтэраў для Пераходзінаў на Новую Зямлю ён гэтым разам вырашыў набіраць выключна зь беларусаў: то бок тых, хто лічыў сябе ідэйнымі нашчадкамі напаўмітычнага народу. Такія, на дзіва, знайшліся ня толькі сярод спалечнікаў псыхіятрычных лякарняў.

Паводле задумы, стрыжнем новага чалавецтва мелі стацца сьведамыя навукоўцы і людзі творчых прафэсіяў. Але на заклік пакінуць родны кут дзеля невядомае плянэты, зьмяшчэньне якое трымалася ў таямніцы, пагадзіліся ня толькі і ня столькі яны. (Хоць бы трапляліся сярод валянтэраў рамантыкі і пасіянарыі, этнакасмолягі, філёзафы Нябытнасьці, дыяхранічныя мовазнаўцы, пісьменьнікі-краністыя, ксэнабіёлягі, этнографы Даўнажыўнае эры, нават дастасоўныя дэтэрміністыя).

Бальшыню ж, як і ў папярэднія разы, складалі размаітыя дысыдэнты, вечныя мармылі, прымітывістыя з сэкты Простых рэчаў, злачынцы і маніякі, прагісторыкі-рэваншыстыя, вайдэлёты Касьмічнага зьнічу, палеарэканструктары, уцекачы і выгнанцы, шматлікія чальцы мізантрапічных асацыяцыяў, экацэнтрыстыя Добрага ладу, блазны і вар’яты, акультныя нэапаганцы, рызыканты, кансьпіратолягі, ашуканцы, пасьлядоўнікі Яшчара і Вялёны і многія-многія іншыя.

Зь ненадрукаваных нарысаў Дэзыдэрыюша Клішэвіча, нябёснага мудрагеля

Стары Дымша падштурхнуў Юргеля ў сьпіну, прымусіўшы адвесьці пагляд ад Выгоднага Котлішча. Двухпавярховы будынак складаўся з трох знаёмых флігеляў: грыдня для пакаёвай прыслугі, кніжніца з чытальняю пад вежай і жылы дом. Флігелі наліліся выгаралаю баграю ў прамянёх Аксамітнае Лілеі.

Вітаўчане вялі іх углыб парку, у бок Вяльлі. Не дайшоўшы да стайні, спыніліся. Пад разгалістым старазямельскім дубам, дзе на ўсё горла сьпявалі гжагжулкі, за жываплотам хавалася сярэдніх памераў аэрабарліна. Яна была добра наладаваная харчамі, у якіх Юргель безь зьдзіўленьня пазнаў панскія прыпасы з каморы. Там месьціліся ня толькі ласункі прыемнае аптэчкі, але і крупы, мука, кіўбасы, сыры, іншае едзіва. Акром таго, ён угледзеў багата пуздэркаў з тэрыякам, які варыла Касюта і лекавала ім ці ня ўсе мажлівыя хваробы.

Тамсама ляжала і цела Грынькі.

«Добра ўсё ж, што Касюта сьпіць і ня бачыць, што тут адбываецца».

– Як думаеш, Юргелю, – нязмушана спытаўся Стары Дымша, – што скажа пан Анцута, калі даведаецца, як ягоныя лёкаі з ахмістрыняй абчысьцілі маёнтак і зьбеглі? Пэўна ж, не парадуецца. Але, відаць, пахваліць мяне за пільнасьць, бо каб я – стары верны служка – ня спудзіў вас учас, нарабілі б большае шкоды. Але, зрэшты, ты гэтага не пачуеш.

«Не такі ты стары і верны, – прызадумаўся Юргель, – аджа ў Выгодным Котлішчы зьявіўся пазьней за мяне, усяго з год таму. Іду ў заклад, ня першы маёнтак вы абабралі падобным парадкам».

– Мяркую, цяпер гэта найменшая зь ягоных праблемаў, – па-філязофску зацеміў Барада.

– Твая праўда, Прокша.

– Без імёнаў тут, – спахмурнеў Прокша-Барада. – Сам не заўважыш, як аднойчы скажаш больш, чым трэба, там, дзе ня трэба.

Ён забраўся ў пярэднюю частку аэрабарліны і ўхапіўся за штурвал пад празрыстым брылём, а Шнар сеў ззаду, ля Юргеля і Лёдзі, якіх упіхнуў перад сабой. Кодаўб быў пазавальваны прыпасамі, і яны прыладзіліся на борце, прыткнуўшы ногі туды, дзе знайшлося хоць троху месца.

Стары Дымша памахаў на разьвітаньне і пасьпяшаў у бок аканомскага дамку з скруткам, які яму перадаў Шнар. Тымчасам той дастаў з-за пазухі нейкую паперчыну, што йльсьнілася ў лілейных прамянёх, і варушыў губамі, водзячы па ёй пальцам. Прокша надосталь азірнуўся і, відаць, застаўся ўсім задаволены.


На сёньня ня так шмат інфармацыі пра эпоху Выправы засталося ў базах Крэсовых плянэтаў. Але дзякуючы новазямельскім крыніцам нашым прагісторыкам удалося аднавіць прыкладную карціну.

З Альдрэмы ў Блізкіх Сьветах выправіліся тры заркалёты: віціны «Палямон» і «Князь Гедзімін» і лыжва «Вітаўт Вялікі» з самым Баніхватам на борце. Як толькі заркалёты выйшлі ў Загранічча, пераходні настойлівым парадкам прымусілі яго расказаць пра таямнічую плянэту і ўмовы жыцьця на ёй у дробязях. З аповеду вынікала, што яна зусім не была Выраем і мала паходзіла на першапачатковае апісаньне, якім іх прывабіў быў Мінгайла-Азярэвіч.

Той спрабаваў запярэчыць, што гэта ўсяго-ткі ягоная візія, якая стацьме явай, варта адно ўсім разам прыкласьці пэўныя намаганьні. Але такая схалястычная пазыцыя не знайшла будзь-якога водгуку. На «Вітаўце» выбухнуў бунт. Апошняю кропляю сталася сьціплае прызнаньне Мінгайлы-Азярэвіча, што на першым прыстанку Пераходзінаў сабе ён адводзіў турботную і незайздросную ролю Панплянэтнага князя Баніхвата І. Ад гэтага моманту ягонае зьнявечанае цела працягнула шлях у міжзорнай прасторы без дапамогі фатонных рухавікоў.

Кіраваньне караблём перайшло ў рукі бессаромнага лотрыка Ёшкі Курдупля – махляра, якому на Старой Зямлі пагражаў перасьлед і анігіляцыйнае пакараньне (гл. GR. S.M. №54672 Архіву Галяктычнага Рэгістру), – ды ягоных спасьпешнікаў. Ёшка выйшаў на сувязь з «Палямонам» і «Гедзімінам», якія ляцелі ў зададзеным бартавым кампутарам кірунку, і сьцісла абрысаваў сытуацыю. Паязджане не ўхвалілі непапраўных дзеяньняў на «Вітаўце», выказаўшы пэўныя анталягічныя ўвагі што да маральна-этычнага боку пазбаўленьня жыцьця, і нагадалі пра немінучасьць кары, адпаведнай злачынству. Ёшка, аднак, не пажадаў ублытвацца ў мэтафізычныя спрэчкі.

Калі «Вітаўт» дапаў да арбіты Новае Зямлі, ён зьмяніў курс і прызямліўся ў Чорнай Лопаўцы, у той час як віціны кіраваліся ў Куканію, пільнуючыся арыгінальнага пляну. Але і іхныя экіпажы пасьпелі пасварыцца міжсобку праз пытаньні новага ладу, падлегласьці і агульных узаемін, таму прызямліліся ў розных канцох кантынэнту: «Гедзімін» – на захадзе сучаснае Вялікалітвы, на ўзьбярэжжы Балтыцкага мора (сёньня там месьціцца Вільня); «Палямон» – далёка на ўсходзе, на ўзьбярэжжы Кружніку – акіяну Новае Зямлі (сёньня там ляжыць Полацак – сталіца Крывіі).

Бальшыня тэхнічнага абсталяваньня захоўвалася на лыжве. Сярод яго былі і аэрабарліны, і праменевікі, і партатыўныя гісэрні, і машыны для тэрафармаваньня. Але ж усе прылады для рольніцтва і натуральнае гаспадаркі, еміна, збожжа, флянсавыя дрэвы і насеньне з Старое Зямлі заставаліся на віцінах. Вітаўчане апынуліся ў нявыкрутцы і неўзабаве сутыкнуліся з голадам. Лягічным выйсьцем для іх сталіся наскокі на дзялянкі палямонічаў і гедзімінічаў на суседнім кантынэньце.

З дакладу інвэстыгатара Бартрама Ардо Першаму рэгістратару Галяктычнага Рэгістру

Аэрабарліна бясшумна ўзьнялася ў вечаровае паветра над Ніжнімі Панарамі і паляцела па-над Вяльлёй.

Халодны марцовы вецер зьверху набраў моцы, і Юргель ад холаду апрытомнеў. Скінуў зь сябе апатыю. Разгледзеўся. Зразумеў, што яны ляцяць на паўднёвы ўсход: за сьпінаю Аксамітная Лілея прыпала да гарызонту, заліўшы віленскі краявід насычанаю ірдзеньню. Водбліскі гулялі на палатне нульгравітацыйнае чыгункі і палосцы Балтыцкага мора ўдалечыні.

Над Вільняю ўздымаўся ў неба мэталічны сьпічак вежы Гедзіміна – будыніны, нібыта зьлепленай з пап’е-машэ і фольгі прыдуркаватым малым. Некаторыя казалі, маўляў, гэта старчма стаіць той самы карабель, на якім прыляцелі першыя гедзімінічы. Але за прамінулыя з тых часоў стагодзьдзі вежу столькі разоў надбудоўвалі і лапілі, што, калі адпачатку яна ўзапраўды і была караблём, ад арыгінальнага выгляду мала што засталося.

Пад імі вывівалася Вяльля. Аэрабарліна набірала хуткасьць. Вось ужо зьнізу Юргель убачыў мохавы дах Раскошнае Бусьлянкі ў Вярках, дзе слугаваў раней, Даўгі Барок, Шаліцкі Перавоз і Лындову Лінію. Сумневаў не засталося – яны трымалі курс на Зямлю Чорнае Лопаўкі.

Калі віленскія перадмесьці й вёсачкі зьмяніліся густымі лясамі, Шнар прыўзьняўся, пацягнуў Грыньку за нагу і скінуў ягонае цела за борт. Юргель зачаравана глядзеў, як тое зьнікла за барвовым дываном вяршалін. Лёдзя не зварачала на гэта ніякае ўвагі.

Апошнім месцам, якое пазнаў Юргель, былі Ваўкавішкі. Там, у Прытульнай Бабравіне, пан Анцута, пэўна, папіваў кестранк, мацаў Струмілавых пакаёвак і не здагадваўся, што вітаўчане аблупілі яго як ліпку. Далейшыя землі заставаліся Юргелю невядомыя. Хіба што, прыгадваў, на ўсход ад Віленскага ваяводзтва ляжыць Смаленскае. За ім – Амсьціслаўскае. А яшчэ далей, за гарамі й морамі, – страшэнная Чорная Лопаўка. На тым ягоныя геаграфічныя веды і скончваліся. Ён нарадзіўся ў Яшунах, што ў Троцкім ваяводзтве, а большую частку жыцьця прабавіў у Віленскім павеце, дзе наймаўся лёкаем да чарговага пана, пакуль яго не выганялі за чарговую правіну.

Юргель вылаяў сябе за тое, што змарнаваў столькі часу на бязьдзейнасьць, і памеркаваў, як можна выйсьці зь незайздроснага становішча. Зрэдку яны міналі невялікія паветраныя выспачкі, і ў Юргеля, які сядзеў на борце, абхапіўшы нагамі паўбачэнак, каб ня ўпасьці, узьнік які-ніякі плян. Трэба было адно чакаць.

Ён глядзеў на Лёдзю побач і спрабаваў падаць ёй знак, але ўсё марна. Ахмістрыня была па-ранейшаму зьвязаная, яе матляла з боку на бок; яна не зважала ні на што, у тым ліку на Юргеля.

Шнар побач не зьвяртаў на палонных асаблівае ўвагі, прысьвячаючы яе краявіду пад імі і паперчыне ў руках. Калі-нікалі ён перакрыкваўся з Прокшам наперадзе і нешта выкрэсьліваў алоўкам.

Пэўнага моманту Вяльля засталася справа – Юргель зразумеў, што яны ўзялі курс проста на ўсход. Пасьля падняліся ў паветры – наперадзе выткнуліся горы. Ён ледзь не адубеў на вышыні, але неўзабаве яны прамінулі граду і зноў паляцелі над лесам.

Як і чакаў Юргель, калі вакол сутонела і апошнія прамяні Лілеі асьвятлялі адно йрванае пярыстае надхмар’е над галавой, аэрабарліна скінула хуткасьць. Марэны ў небе не было. Зямля ўнізе падавалася чорным прасьцірадлам, накінутым на непрыбраны бяседны стол. Шнар запаліў налобны ліхтарык, а Прокша – скіраваныя наўскасяк да зямлі фары.

Угледзеўшы наперадзе пад бортам тое, на што спадзяваўся, Юргель пачаў дзеяць.

– Стойце, стойце! Што гэта там? Ды такі вялізны, – залямантаваў, паказваючы пальцам назад.

Прокша запаволіў хаду аэрабарліны, а Шнар азірнуўся. Юргель кінуў пагляд уніз і прычакаў патрэбнага моманту.

«Выдатна».

Ён памацней ухапіўся нагамі за паўбачэнак і расхістаў яго, удаючы сябе гістэрыкам.

– Вунь жа ён, вунь там! Аёечкі, толькі гляньце.

Перад тым як перакуліцца цераз борт, Юргель пасьпеў вырваць паперчыну з рук Шнара.

Ён куляўся ў паветры разам з паўбачэнкам. Чуў крык на барліне. Бачыў яркі прамень, які вымільгнуў з-па-над галавы. Адчуваў, як драўляныя трэскі ўтыкаюцца ў шчаку. Унюхаў пах спаленага валосься. А потым сутыкненьне зь невялікай – касы сажань у пярэчніку – паветранаю выспачкаю выбіла зь яго дух. Ён парадаваўся, што разьлічыў усё як сьлед.

Але радаваўся нядоўга: зьверху працягвалі страляць. Ад іх з паўбачэнкам агульнага цяжару выспа хутка падала ў цёмным небе, ніжэй і ніжэй, аж пакуль не кранулася верхавых галінаў дрэваў. У гэты момант ён сапхнуў нагамі паўбачэнак і падзеньне спавольнела. Выспа чапляла галіны, і ён моршчыўся ад узьнятага шуму і трасяніны, але наверх болей не глядзеў. Урэшце выспа з глухім гукам ляснулася аб зямлю, і зь яго зноўку выбіла дух.

Ён перавярнуўся на сьпіну і колькі часу ляжаў, не варушачыся; баяўся праз прагал у лістоце ўбачыць абрысы барліны і скіраваны ў яго сьмертаносны прамень. Але ня ўбачыў. Відаць, і яго самога не было як разьгледзець у такой цямрэчы. Юргель асьцярожна падняўся, пацягнуўся – і зразумеў, што нічога не зламаў. Адно адбіў усё што можна. Але ў гэтых варунках ён мог зазнаць і большыя страты, таму асабліва не пераймаўся.

Юргель пагразіў кулаком нябачнай барліне і адцягнуў выспачку пад найбліжэйшае дрэва, галіны якога расьлі практычна паралельна зямлі і не дазвалялі выспачцы падняцца ў паветра і выдаць знаходжаньне бегляка. Не прыдумаўшы лепшага занятку да ранку, ён прыхінуўся сьпінаю да камля, загарнуўся як мог у кабат і паспрабаваў заснуць.


Не прамінула і паўтарадзесяці гадоў, як высьветлілася, што Грогбад Зарфаль не задаволіўся грашыма ККД. (Зарфаль, судзячы з усяго, быў чалавекам практычнага складу і тым яшчэ гіцлем, хоць на яго няма жаднае справы ў Архіве). Больш за тое, не задаволіўся ён і ганарарам за свае мэмуары, якія нарабілі шуму ў Блізкіх Сьветах і не апошняе месца ў якіх займала Новая Зямля. Злыязыкія крытыкі, зрэшты, казалі, што напісаў іх ён ня сам.

Зарфаль прадаў каардынаты плянэты касьмічным піратам Ярвана Сялявы (гл. GZ. L.W. №43459 Архіву Галяктычнага Рэгістру). Асаблівае цікаўнасьці што да самое Новае Зямлі тыя не выказвалі, але заўжды мелі патрэбу ў рабох на продаж. Ці не штодругі год у Куканію ўзяліся прылятаць Сялявавы ўчаны, трумы якіх па самую завязку напакоўвалі палоннымі. Новазямельцы вымушаныя былі прыстасоўвацца да нязручных умоваў: учуўшы басавіты гул фатонных рухавікоў, часьцей хаваліся па лясных сховішчах, пакідаючы на спажыву піратам адно старых ды нядужых. Можна прыпусьціць, піратаў такая сытуацыя не задавальняла і вымагала рэфлексіі.

Ёшка Курдупель вобмельгам угледзеў сваю выгаду і прапанаваў Сяляве пагадненьне: Ёшкавы людзі ў часе гвалтоўных наскокаў выбіралі сярод гедзімінічаў і палямонічаў найдужэйшых мужоў і найхарашэйшых дзяўчатаў, заганялі на аэрабарліны і звозілі ў адмысловыя лягеры ў Чорнай Лопаўцы, дзе іх спароўвалі і нагадоўвалі як быдла. Туды ж свайго часу прыляталі піраты, якім заставалася адно ладаваць трумы першакляснымі рабамі. Наўзамен яны забясьпечвалі вітаўчанаў пэўнымі тэхнічнымі прыладамі, што палягчалі іхнае існаваньне і гадоўлю людзей, накшталт гідрапонных сыстэмаў, гамалягічных інкубатараў і рамонтных модуляў.

Пераз стагодзьдзі флёра і фаўна, прывезеныя з Старое Зямлі, пасьпяхова суіснавалі і спаборавалі з эндэмікамі Куканіі. Спаборавалі і людзі. Пераходні парасьсяляліся па ўсім кантынэньце асобнымі групамі, часьцяком варагуючы міжсобку. Выточная вялікая задума Мінгайлы-Азярэвіча пра краіну-мару Беларусь разам з панплянэтнаю беларускаю моваю і агульнаю валютаю талерам, вядома, ня спраўдзілася. Хіба не адзінымі местамі, дзе захаваліся рэшткі пачатнага пляну і сякія-такія тэхналёгіі, былі Вільня і Полацак – самыя месты ўзьніклі вакол віцінаў. Воддаль іх любыя тэхналёгіі пазастыгалі на роўні Даўных дзён, і ня дзіва: насельнікі дзіказем’я больш клапаціліся аб уласным выжываньні, ня дбаючы пра будзь-якое разьвіцьцё навукі.

Працяглая ізаляцыя, крэўнае скрыжаваньне, генэтычныя адхіленьні і псыхічныя вычварэньні ўва многіх каленах спрычыніліся да таго, што нашчадкі выгнанцаў і дысыдэнтаў у стане заўсёднае канфрантацыі стварылі сама размаітыя супольнасьці зь дзіўнымі звычаямі. І з часам адрозьненні між супольнасьцямі адно павялічваліся. Ужо праз тысячагодзьдзе, у сёньняшнюю эпоху Роскіду, Куканія ўяўляла сабою стракатую цераспалосіцу недадзяржаваў, вольных местаў, аўтаномных анкляваў і нічыйных земляў з рознымі мовамі, ладамі і забабонамі. Суседзі мала калі мелі зносіны адныя з аднымі звыш сама неабходнага.

Раскіданаму па Сусьвеце чалавецтву зьмяшчэньне Новае Зямлі да апошняга часу заставалася невядомае. На ўскрайку Незнані не зьяўляліся заркалёты, з выняткам хіба што пірацкіх учанаў. Ахінутая млявасьцю плянэта жыла сваім дзівачным старасьвецкім жыцьцём, якое нам падалося б пякельным жахам. Але на чужынскія пагляды новазямельцы не зважалі. Куканія не стамлялася спараджаць усё новыя формы сацыяльнага жыцьця, якія паўставалі насуперак імавернасьці і здароваму глузду. Зямля Чорнае Лопаўкі сталася між тым запраўдным кантынэнтам-вязьніцай, дзе нашчадкі лотрыкаў зь «Вітаўта» ўтрымвалі і нагадоўвалі рабоў, час ад часу папаўняючы свой статак.

У адным Мінгайла-Азярэвіч меў рацыю: плянэта загартавала сваіх насельнікаў як мае быць. Калі б ён убачыў, чым абярнулася ягоная мара, дык жахнуўся б, як жахнуліся мы, калі прыляцелі ў Куканію.

З дакладу інвэстыгатара Бартрама Ардо Першаму рэгістратару Галяктычнага Рэгістру

Новая Зямля: Куканія

Подняться наверх