Читать книгу Новая Зямля: Куканія - Антось Уласенка - Страница 3

Зь Цёмналесься ў Аўціму

Оглавление

«Учора было ўчора, а сёньня – гэта сёньня».

З такою думкаю Юргель адкінуў прэч шкадаваньні і вырашыў, што яму не застаецца нічога, як адшукаць Вільню. Ён разьмяў зацёклыя цягліцы, зарыентаваўся, адкуль устае Лілея, і пайшоў лесам у адваротны бок.

Новы дзень абяцаўся быць цёплым і ясным.

Смагу Юргель спатоліў бярозавікам, а вось голад даймаў мацней і мацней. Ён усё шукаў, дзе б чаго пакласьці на зуб, калі ўбачыў на паляне ці то куст, ці то траву, што аплятала павалены камель. Шматлікія сьцябліны падымаліся да роўню пасу і былі ўшпіляныя белымі ягадамі.

«Чорт з голаду й мухі еў, – пастанавіўшы так, паклаў у рот ягадку. – І смак нішто сабе».

Падсілкаваўшыся, Юргель паўдня прадзіраўся скрозь густы падлесак. Неаднойчы яму прывялося скарыстацца клёпкаю ад паўбачэнку: адбіваўся ад зьвяроў, што нагадвалі пудзілы з Трафейнага пакою Пана. Яны відавочна ня зналі людзей і сьмела падыходзілі да яго наўсутыч – але, атрымаўшы па пысе, хутка ўцякалі.

Па паўдні Юргель выйшаў на чысьцядзь, дзе раскінулася прымітыўная вёска з прысадзістых хатаў, напалову закапаных у зямлю. Каржакаватыя брудныя людзі разворвалі зямлю на гародах, калолі дровы, нешта цягалі ў мяхох зь лесу. На падворках сядзелі брыдкага выгляду бабкі, варожа разглядалі яго і перашэптваліся.

Угледзеўшы тубыльца, які ня быў заняты справаю і йшоў сабе вуліцай, ловячы мух, Юргель падышоў і ветліва павітаўся:

– Дзень добры, гаспадару. Хай мой выгляд не падманвае вашэць. Я Юргель Нязломак, дыгнітар вялікакняскага двару ў Вільні, блізкі сябра паноў падкаморага і галоўнага інстыгатара ды іншых дастойнікаў, – ён з даверам сьцішыў голас, – і ўлюбёнец самое пані гетманавай.

Тубылец адно цыркнуў пад ногі.

– А таксама пані кухмістравай.

Тубылец змоўчаў. Юргель быў нязвыклы да такога этыкету.

– А як вашэць завешся?

– Не вашэць – Кузьмар, – негасьцінна прагучала ў адказ.

– Злы лёс закінуў мяне далёка ад дому, шаноўны Кузьмару, у ваш хлебасольны край. Хоць я й не магу зараз адплаціць за тваю бязьмерную гасьціннасьць, упэўнены, вялікі князь не абміне цябе ласкаю, як даведаецца, што ты накарміў ягонага вернага паплечніка і пусьціў падначаваць да сябе ў хату.

Шаноўны Кузьмар пахрабусьцеў касьцяшкамі пальцаў і прамовіў без асаблівае пашаны:

– Ішоў бы ты згэтуль па-добраму, га?

Юргель з шкадаваньнем адзначыў, што канструктыўнае размовы не атрымаецца, але працягнуў роспыт:

– Што ж, пан – гаспадар. А ці не падкажаш, што гэта за месца?

– Цёмналесьсе, што ж яшчэ. Хіба ня бачыш? Вунь там, – узмах рукою на лісьцьвянік, – Цёмны лес.

– Як далёка адсюль да Вільні?

– Га?

– Да Вільні, кажу, – гучней прамовіў Юргель.

– Што за вёска? Ніколі ня чуў.

– Гэта ня вёска, а стольнае места Вялікалітвы.

Кузьмар глядзеў на яго без іскрынкі разуменьня.

– Вількамір, Нясьвіж, Наваградак?

Маўчаньне.

– Хіба вы не прызнаяце ўлады князя Скаравойта?

Кузьмар перакрывіўся.

– Мы жывём у Цёмным лесе, шануем Лясных багоў і ў чужыя дзялы носу ня ткнем.

Юргель зразумеў, што пра чыгунку тут пытацца ня мае сэнсу і пацікавіўся, дзе ляжаць найбліжэйшыя селішчы.

– Вунь там недалечка Засецьце, – Кузьмар паказаў у бок, зь якога прыйшоў Юргель, – а за лесам, – ківок на захад, – жывуць яцьвягі. Самыя сябе завуць судзінамі. Беражыся іх – страшнейшыя за зьвяроў.

– Добра, а дзе ў вас можна пад’есьці?

– Вядома дзе – «У вірох на юрох».

– Перапрашаю?

– У карчме. Што ж ты такі тугі?

Кузьмар пайшоў сваім шляхам, не разьвітаўшыся.


Неўзабаве Юргель натрапіў на скасабочаную хаціну з шыльдаю «Ў вірох на юрох», пра якую казаў тубылец. Да звыклых яму корчмаў яна была мала падобная. Зруб разьехаўся ад часу і ўрос у зямлю ці не па самыя вокны – маленькія і закураныя. Унутры пахла дымам, паўцемру расьсейвалі адно лучыны. Юргель сеў пры найбліжэйшым да выхаду стале і разгледзеўся.

Наведнікаў не было. Маладзенькая прыслужніца балбатала ля стойкі з карчмаром – лысым бамбізам, які разьбіраў тушку нейкага грызуна і абціраў рукі акрайкам кашулі. Дзяўчына безуважна акінула Юргеля вокам, але заказ браць не сьпяшалася. Адно калі ён замахаў рукамі, каб прыцягнуць увагу, зрабіла ласку і несхаць падышла.

– Дзень добры, шаноўная спадарычна. Дазволь…

Не пасьпеў Юргель скончыць фразы, як у карчму завітаў нехта, у кім ён адразу пазнаў сьвятара. Выглядам і паводзінамі той нагадваў віленскіх касматэістых. Трыбухаты, віслашчокі, у даўгім насове з выгафтаваным на грудзёх дрэвам, ён фанабэрыста пракрочыў праз памяшканьне і ўсеўся на дальнюю лаву, наваліўшыся трыбухом на стол.

Прыслужніца ўміг упырхнула да яго. Яна прыкметна пажвавела і выяўляла цяпер кожным рухам запал і паслужлівасьць. Да сталу падляцеў і карчмар. Ён усё абцягваў запэцканую кашулю, выдыгаў перад госьцем, уважліва яго слухаў і ківаў, а потым зьнік у кухні. Сьвятар тымчасам прыцягнуў да сябе прыслужніцу і па-гаспадарску запусьціў руку ёй пад спадніцу. Дзяўчына, відавочна, ня мела нічога супраць.

«Што край, то й звыча́й» – зацеміў сабе Юргель і паабяцаў больш нічому не зьдзіўляцца, каб не паказаць раптам свае недасьведчанасьці. Да таго ж падобныя звычаі былі яму да густу.

«І Вільня можа нешта пераняць ад гэтага дзіказем’я».

Ён ладна згаладнеў, але прыслужніца ўсё не падыходзіла. Праз пэўны час карчмар падаў ёй знак, і яны ўдваіх пачалі выносіць сьвятару стравы з кухні: духмяны суп, рыбіну на селядзечніцы, хлеб, сыр, яйкі памерам з кулак, засмажаныя ў масьле кавалкі мяса і ягадны пірог. Пакуль госьць сілкаваўся, яны стаялі паабапал сталу, падлівалі піва із збану і выносілі пустыя талеркі.

Спакусьлівыя пахі казыталі нос, але Юргелю не заставалася нічога, як цярпліва чакаць. Сьвятар урэшце скончыў сталаваньне, гучна адрыгнуў і пляснуў прыслужніцу па азадку, пасьля чаго цяжка падняўся і сышоў, не пакінуўшы грошай. Такія норавы знаходзілі ўсё большы водгук у Юргелевай душы.

Ён дачакаўся, пакуль прыслужніца пратрэ стол ды пагутарыць з карчмаром, і зноў замахаў рукамі. Дзяўчына закаціла вочы і – відаць, ад няма чаго рабіць – падышла да яго.

– Прынясі мне, зроб ласку, тое самае, што і спадару перада мною.

Прыслужніца дзіўнавата на яго зірнула:

– Таго, што еў бажэньнік Бэнэдэльберт, больш няма.

– У такім разе прынясі што ёсьць.

– Сялянскі абед за шэсьць. Гаршчок марынаваных пацучыных мазгоў за чатыры.

– Сялянскага абеду будзе даволі, дзякую. І чаго-небудзь папіць.

Юргель наладзіўся на даўгое чаканьне, але прыслужніца неўзабаве прынесла дзьве міскі і куфаль. Ён аж бельмы выкаціў.

– Што гэта?

– Сялянскі абед.

– Але чым ён ёсьць?

– Салёны мох, талалуй, крынічная вада.

Юргель папоркаў пальцам у пурпуровую губкаватую масу.

– Гэта ядуць?

– Падціраюцца.

Ён ня меў пэўнасьці, што прыслужніца пажартавала: эмоцыі на ейным абыякавым твары не праглядаліся. Ён спадзяваўся, дзяўчына застанецца прыслугоўваць пры стале, але спадзевы былі марныя – яна вярнулася да стойкі.

Дарэмна пашукаўшы мяса ў вадкаватым талалуі, Юргель панура мачаў мох у халодную жыжку і запіваў вадою з прысмакам балота. Сяк-так спатоліўшы голад, ён памахаў прыслужніцы пустою міскай, а калі тая падышла, адрыгнуў, даў ёй плескача і падняўся, каб сысьці. Але тут жа абсеў, атрымаўшы моцную аплявуху.

– У хляве нарадзіўся? Хто дазваляў распушчаць рукі? І куды гэта зыбраўся? Зь цябе сем ізрояў.

Юргель шчыра абурыўся:

– Чаму сем? Раней спадарычна казала пра шэсьць.

– Адзін ізрой – царкоўны збор Лясным багом, – прыслужніца прымхліва падняла далонь з растапыранымі пальцамі, і Юргель прыгадаў дрэва на сьвятарскім насове. А потым прыгадаў, што Бэнэдэльберт не заплаціў нічога.

– Як бы там ні было, я спытаўся выключна дзеля цікаўнасьці, бо ўсё адно ня маю з сабой грошай. Разумееш, за мною здарылася такая…

Прыслужніца падала знак карчмару, і той выйшаў з-за стойкі з друком. Выгляд лысага бамбізы красамоўна сьведчыў, што скарыстацца з таго друку ён не пасаромеецца.

– Бачу, узьнікла прыкрае непаразуменьне, – захваляваўся Юргель. – Я ўсяго хацеў сказаць, што грошай ня маю, але пакіну ў заклад кудмень з вокам ляснога чыпірадлы, – ён сьцягнуў з шыі цьмяную кульку ў аправе на ланцужку. – Выраблены вайдэлётамі Касьмічнага зьнічу з выспы Ду. Аберагае ад сурокаў і чараў.

Карчмар пакруціў кульку між пальцамі і высмаркаўся ў руку.

– Звычайны бафаніт. Такіх цацаў багата ў срацы. У нашым лесе можна торбамі зьбіраць. Але, – карчмаровы вочы заблішчэлі, – аправа добрая. Вазьму ў кошт твайго сталаваньня.

– Прашу заўважыць, такі кудмень, хай сабе з бафаніту, каштуе значна болей за талерку халоднага талалую. У Вільні за яго, – упэўнена хлусіў Юргель, – я купіў бы дом. Таму чакаю на сваю рэшту.

Карчмар перахапіў друк абедзьвюма рукамі, і Юргель пасьпяшаўся высьлізнуць з-за сталу.

– Да вечару прынясу сем ізрояў і выкуплю абярог.

Бамбіза пырхнуў:

– Ну-ну, разжыцца грашыма ў Цёмналесьсі ня так проста.

– Для Юргеля Нязломка няма нічога немажлівага. Скіруйце мяне на царкву Лясных багоў. Дзякую і не разьвітваюся.


Царкву – найвышэйшы будынак Цёмналесься – Юргель знайшоў бязь цяжкасьцяў. Таксама драўляная, пачарнелая ад часу, яна, тым ня менш, выглядала больш дагледжанаю за астатнія хаты і вылучалася вежаю над дальшым ад уваходу канцом.

Ён сьмела зайшоў унутар і ўбачыў ладны збой вяскоўцаў, што абсталі моўніцу, зь якой прамаўляў той самы трыбухаты сьвятар. Зь незашклёнага вакна ў вежы на моўніцу падала сьвятло. Быў там і Кузьмар, які з разяўленым ротам слухаў нядзельную вячэрню.

– …Наступным услаўляйма Алькіёна, што нясе нам у дзюбе міжзорную лагоду, пад крылом – сямейны дабрабыт, а ў кіпцюрох – прыродную раскошу. Узапраўды лепш алькіён у руцэ, як смок пад небам…

Юргель не прыслухоўваўся. Ён убачыў усё, што хацеў, і нецярпліва чакаў сканчэньня казані. Калі Бэнэдэльберт змоўкнуў, некаторыя вернікі падышлі да яго для прыватнае размовы, а бальшыня скіравалася да выхаду. Ля самых дзьвярэй кожны спыняўся і кідаў колькі мэталічных пруткоў у скарбонку.

Юргель прыладзіўся ў канец чаргі і, падышоўшы, зрабіў выгляд, быццам кладзе грошы. Насамрэч упэўненым рухам ён выграб і рассоваў па кішэнях усе ізроі. Кудмень ужо можна было выкупіць, але хацелася адпомсьціць бажэньніку за нявыкрутку ў карчме.

«Калі ён такі ж самы, як ягоныя віленскія супольнікі, то зрабіць гэта нескладана».

Юргель прыхапіў з сабою адную зь сьвечак, якімі асьвятлялася царква, выйшаў вонкі і паставіў яе пад вежавым акном. Натаскаў з узьлеску сухога ламачча і кінуў на вагеньчык. Пасьля схаваўся ў гушчары, адкуль добра праглядаўся ўваход.

Калі слуп белага дыму папоўз у царкву, першымі адтуль выбеглі вернікі, за імі – Бэнэдэльберт з куфэркам пад пахай. Ён памаўзьліва разгледзеўся і пасьпяшаў у лес. Недалёка ад таго месца, дзе хаваўся Юргель, апусьціў куфэрак у густы падлесак і абклаў мохам – з выгляду тым самым, што падавалі «Ў вірох на юрох». І толькі пасьля кінуўся тушыць пажар.

Юргель хуценька адчыніў куфэрак, дастаў грошы, мэталічныя ўпрыгожаньні і загорнутыя ў хустку кубкі. Наўзамен наклаў унутар камянёў і зноўку замаскаваў мохам. Нованабытае майно вываліў на хустку і завязаў у клунак, які начапіў на кій і закінуў на плячо.

У карчму ён вяртаўся не хаваючыся. Высыпаўшы на стойку перад зьдзіўленым карчмаром сем ізрояў, Юргель пагардліва запатрабаваў свой кудмень.

– Як наступным разам зойдзе мой прыяцель Бэнэдэльберт, – ён падняў руку і растапырыў пальцы, – перадавай прывітаньне і падзяку – яму і Лясным багом – за дапамогу з грашыма.


Юргель пакідаў Цёмналесьсе. Кіраваўся ён у бок Засецьця, пра якое казаў Кузьмар. Самога Кузьмара сустрэў на вуліцы. Той цягнуў два вядры з вадою да недалёкае царквы. Ейная вежа маляўніча палала паходняй.

– Дапамажы, – прасоп вясковец. – Пагарым жа ўсенькія.

Юргель удаў сябе пакрыўджаным.

– У чужыя дзялы я носу ня ткну, іду сабе згэтуль па-добраму.

За вёскаю ніякага шляху не назіралася. Ён прабіраўся лесам, але, не пасьпеўшы адысьціся далёка, налучыў на сьцяжыну. Сьцяжына свайго часу вывела да драўлянага стоду ў чатыры локці вышынёй. Па ўсёй паверхні на ім былі павыразаныя выявы размаітых зьвяроў, даволі ўмоўныя. Перад стодам дагарала цяпельца ў абкладзеным камянямі вогнішчы.

Толькі Юргель прысеў пагрэцца: абапёрся сьпінаю аб стод і выцягнуў ногі, – як з гушчару да яго бяз боязі наблізілася бясьпёрая птушка дурнаватага выгляду.

У жываце забурчала. Думкі працавалі ў адным кірунку.

«Нямала мяса зь яе атрымаецца, і з аскубаньнем ня трэба важдацца».

Адною рукою ён прывабіў сьмелую птушку пабліжэй, а другая самая пацягнулася па камень. Кароткае замахваньне – і ён размажджэрыў птушыную галаву. Іншым каменем з вострым акрайкам разабраў тушку і кінуў кавалкі мяса на вуглі. Заставалася адно пачакаць.

«Лёгкі пад’едак».


Праз гадзіну ля стоду зьявіўся кудлаты вясковец з абярэмкам дроваў і кашом корму для сьвятарных алькіёнаў. За паяданьнем ножкі аднаго з тых самых алькіёнаў ён і засьпеў Юргеля. Астатнія тры ляжалі на зямлі з размажджэранымі галовамі.

Дровы пасыпаліся з грукатам, які адцягнуў Юргелеву ўвагу ад сталаваньня. Ён прыўзьняў брыво і ўміг зарыентаваўся ў сытуацыі:

– Чаго зяпу разявіў? Як прынёс дроваў, дык парубай і падкінь у вогнішча. Каб ня я, сьвяты вагонь згас бы дачыста. І што сказаў бы бажэньнік Бэнэдэльберт?

– Ты… ты… – вяскоўцу яўна не ставала словаў, – ты запаганіў сьвятое полымя. Зжэр зямное ўвасабленьне Алькіёна. Забіў ягоных аватараў у нашым сьвеце.

– Глупства, – Юргель аблізаў пальцы, запэцканыя тлушчам, і растапырыў іх у форме дрэва. – Я ўсяго-ткі выконваў Бэнэдэльбертава даручэньне. Упэўнены, Алькіён ня мае крыўды. Ён падзяліўся за мною каліўцам прыроднае раскошы і міжзорнае лагоды.

– Ты блюзьніш! Менавіта праз тваё злачыннае блюзьнерства Лясныя багі пакаралі нас пажарам. То вось чаму паўвёскі палае.

– Вы самыя сябе пакаралі. Пакаралі негасьціннасьцю да беднага падарожніка.

Ягоныя словы, аднак – бачыў па азьвярэлым твары – не зьмянілі дагматычнага мысьленьня суразмоўцы.

Юргель пацягнуўся па камень.

Кудлаты вясковец здолеў цьвяроза ацаніць сытуацыю, разьвярнуўся і штосілы пабег у бок вёскі, галосячы нешта няўцямнае.

«Чаму тутэйшыя надаюць столькі ўвагі старонным і адцягненным уяўленьням? Незразумела».

Юргель уздыхнуў, з шкадаваннем пакінуў тушкі алькіёнаў на зямлі і, не марудзячы, працягнуў шлях на ўсход.


Ужо па зьмярканьні, адарваўшыся ад мажлівае пагоні ў Цёмным лесе, ён убачыў прагаліну на пагорку. У цэнтры абкошанага кругу стаяла дагледжаная хатка. На незамкнёных дзьвярох ліпеў аркуш з заваблівым тэкстам:

«Падарожніку, пакінь знадворку скрухі ды пакуты дня. Тут адшукаеш прытулак і спачын проці ночы».

Унутры Юргель знайшоў каменную печку, касьцёр наколатых дроваў, падпалку з трэсак і сухога моху, голыя нары, кілім на падлозе і стол ля вакна; на ім сальныя сьвечкі і крэсіва. У варунках, што склаліся, ён быў рады і такому.

Юргель нацягаў знадворку пурпуровага губкаватага моху на нары, распаліў печ, прыпаліў сьвечы, папаразьвешваў сушыцца адзеньне, а сам выцягнуўся на мяккім моху. Пад патрэскваньне сухіх паленаў навальваліся дрымота і млявасьць, мружыліся вочы.

Калі ён ужо ня мог працівіцца сну, дзьверы расхінуліся і ў хатку ўваліліся пяцёра мурзатых хлопцаў. У руках яны трымалі нажы і сякеры – усе йржавыя і шчарбатыя.

Юргель несхаць прыўзьняўся на локці і пазяхнуў. Ён сам дзівіўся сваёй вытрымцы.

– Хто вы такія і чаму так нахабна турбуеце сон мірнага вандроўцы? Чакаю на вашыя тлумачэньні.

– Мы засячане, і гэтта цябе засячом, – зарагатаў завадатар, сама мурзаты з усіх. Астатнія далучыліся да рогату.

– Ці кожнага ў Засецьці чакае такі несардэчны прыём? У тым Засецьці, якое славіцца нечуванаю гасьцінасьцю ад Вільні да Кернава?

– Кожнага. Кожнага дурня. Калі ты настолькі дурны, што сам залезшы ў пастку і запаліўшы сьвечы, каб палегчыць нам працу, дык павер, мы скарыстаемся з твайго жыцьця лепей за цябе самога. Наш бог парадуецца новай ахвяры.

– Зноўку гэтыя забабоны, – застагнаў Юргель, змагаючыся зь недарэчным пазяханьнем. – Я спадзяваўся, што пакінуў іх у Цёмналесьсі.

– Калі хочаш памерці хутка й бязбольна, раўнаць нас ня сьмей з тымі паганцамі, – завадатар аж пырскаў сьлінай.

– І чым жа вы розьніцеся? – ня маючы іншых варыянтаў дзеяньня дый жаданьня дзеяць, Юргель вырашыў пацягнуць час.

– Чым? Яны вызнаюць да халеры багоў: Тура, Нядзьведзя, Алькіёна, Утропа, Пажаха, не пералічыць – і стоды ім ставяць. У адрозьненьне ад нас, гэтыя ўбогія ў сваёй цямноце ня ведаюць, што ў Цёмным лесе існуе толькі адзін запраўдны бог – Лясное чыпірадла. І ты неўзабаве зь ім сустрэнешся.

Мурзілы насунуліся, бліснулі нажы, і Юргель міжволі схапіўся за кудмень.

Завадатар рэзка спыніўся і падняў руку. Нажы і сякеры паапускаліся.

– А ну пакаж.

Угледзеўшы бафаніт, ён прамовіў зь непрыхаваным расчараваньнем:

– Гэтай ноччу бог застанецца без ахвяры. Ён адзін з нас.

Мурзілы прымхліва прыклалі рукі да грудзёў, дзе, сьцяміў Юргель, віселі такія ж кудмені. Ён зараз жа пасьмялеў:

– Вы прайшлі праверку. Лясное чыпірадла вялікадушна даруе няветласьць да свайго вестуна. Магу закінуць яму за вас слоўца, калі прынесяце мне чаго пад’есьці.

Мурзаты завадатар праігнараваў апошнія словы.

– Можаш паспаць тут да ранку, адно накалі дроваў і не палі да канца сьвечы – нам яшчэ іншых гасьцей сустракаць. І каб на вочы больш не трапляўся.

– Апошняе пытаньне.

– Ну?

– Дзе ляжаць найбліжэйшыя селішчы?

– Зь селішчаў тут, акром Засецьця, адно брыдкае богу Цёмналесьсе недалёк. А за лесам і за Вяпрэяй, – ківок на ўсход, – жывуць яцьвягі. Самыя сябе завуць дайнавамі. Дзікія, што тыя зьвяры.

Калі банда мурзілаў зьнікла ў ночы, Юргель падпёр дзьверы сталом, загасіў сьвечы, а вакно занавесіў кілімам. Пасьля падкінуў у печ дроваў, упаў на мох і адразу заснуў. Ноч праляцела на вокамгненьні.

Прачнуўся ён позна, калі Аксамітная Лілея стаяла высока ў небе.

«Вось заспаўся дык заспаўся».

Паклаў у клунак сьвечы ды мох з крэсівам і выйшаў на халаджавае веснавое паветра. Кіравацца пастанавіў на паўночны захад. Выглядала, што страшных яцьвягаў яму ніяк не абмінуць, а Вільня ў кожным разе ляжала недзе на захадзе. Цёмналесьсе ён вырашыў абысьці падалей, бо меў важкія падставы меркаваць, што даўся ў знакі тамтэйшаму люду.


На той бок Цёмнага лесу пачынаўся скоцісты схіл да ракі, парослы высокай, у чалавечы рост, драпач-травой. Ад яе цягнула вільгацьцю і кіславатым духам.

Юргель угледзеў вялізную дрывотню ля вады, вакол яе – пагоны бярвёнаў у пяць стопаў вышынёй. Драўніна зьдзіўляла шызым колерам. Раней ён такое ня бачыў. Прымружыўшыся, заўважыў двух дужых дзецюкоў, што карылі бярвеньне масіўнымі скоблямі. У паветра пры тым уздымаўся ці то пыл, ці то дым.

Памятаючы пра перасьцярогі цёмналесаўцаў, Юргель не сьпяшаўся трапляцца на вочы меркаваным яцьвягам. Ён уцягнуў пясьці ў кабат, нырнуў у росную драпач-траву і пракраўся бліжэй да дрывотні. Апынуўшыся ў мяжы чутнасьці, замёр і прыслухаўся. Дзецюкі балакалі за працай. Гаворка была яму незразумелая, але ейны тон падаваўся спакойным і, як для страшных зьвяроў, зусім ня дзікім.

«Простыя лесасекі. Наўрад ці маюць што супраць выпадковага падарожніка».

Юргель знарок пашабуршэў травою і бяз рэзкіх рухаў выткнуўся з зарасьніку, усім сваім выглядам выпраменьваючы ўпэўненасць. Уражаньне псавала запэцканая і ўшчэнт прамоклая вопратка.

Дзецюкі заўважылі яго, адклалі скоблі і зь цікаўнасьцю павярнуліся. Зблізу яны нагадвалі братоў.

– Kails, brāterel.

– Дзень добры, паночкі. Ласкава перапрашаю за турботы: я папросту зьбіўся зь сьцежкі і заблукаў у лесе. Маю спадзеў, што дапаможаце мне з кірункам. Дзе тут ёсьць якое места? – Юргелю здалося, што лесасекі яго зразумелі, хоць і скрывіліся, пачуўшы першыя ж словы.

– Kvei tū ēiseika? – павольна запытаўся адзін і, бачачы разгубленасьць на твары суразмоўцы, паказаў рукою ў процілеглых напрамках, гаворачы пры тым:

– Vakarāi? Deināi?

– Быў бы вельмі а вельмі ўдзячны паночкам, каб скіравалі мяне на Вільню.

Браты пераглянуліся, раючыся бяз словаў, і адначасна паказалі пальцамі на поўнач, уверх па плыні.

– Stē, brāterel.

– Дзякуй вялікі, яшчэ раз перапрашаю за турботы.

– Sandeiv.

Юргель пакланіўся да зямлі і схаваў у рукаў кабату рэч, якую раней заўважыў у траве пад нагамі. Пасьля разгледзеў яе ўважлівей: аздоблены каменьнем рагавень з пахкім тытунём унутры.

Лесасекі тымчасам паднялі скоблі і вярнуліся да працы. Перад тым, як аддаліцца ад іх уздоўж адхоннага берагу на поўнач, ён яшчэ пачуў:

– Stavīdas ukajebānaisis maskōvits!

– Jo-jo, vaīda, Ālgimunt.


Да вечару Юргель яшчэ тройчы сустракаў на сваім шляху людзей – бедна апранутых вяскоўцаў, занятых нарыхтоўкаю драўніны.

Веснавая паводка ператварыла абалону ў возера. І на берагі гэтага возера возьнікі-тралёўнікі цягалі зь лесу двухсажнёвыя бярвёны на вялізных памаранчава-чорных яшчарках. Стоячы па калена ў халоднай вадзе, вязальнікі зьвязвалі іх па некалькі штук тонкімі каранямі невядомага дрэва. Юргеля бралі дрыжыкі і з носу цякло ад аднаго толькі відовішча.

Шторазу ён падыходзіў да першага-лепшага вяскоўца і ветліва зьвяртаўся, просячы дапамогі. Двойчы яго не зразумелі альбо зразумець не пажадалі. На трэці раз, абмінаючы лесам лукавіну, ён наскочыў у гушчары на сьлепаватага дзядка з пустым кошыкам. Яго Юргель прынамсі зразумеў.

– Шо то за холера! Чы то зьвір, чы то нычыста сыла, – дзядок аж падскочыў зь перапуду, але, угледзеўшыся ў Юргеля, супакоіўся. – Зовсім мэнэ пэрэлякав. Віт, хлопэць.

– І цябе вітаю, добры чалавек. Прабач, не хацеў напужаць, але…

– Стіj-но! Ны чоловік – jе гідны jiтвjег.

– Вось як. А ў мяне склалася ўражаньне, што яцьвягі – гэта тыя, што валяць лес і таркочуць нейкую тарабаршчыну.

– Ны! Естыцька Jетвызь тут е, пыд Пынськом, – дзядок прытупнуў і хвоснуў сябе кошыкам па назе. – Краjіско одважных кэ воёвнычых людэj. Тылькы тут но. А там, за лысочком, – тьху, Жмудь. Шоб jіх морэчка взяла.

– Добра, годны яцьвяжа, ня буду спрачацца. Дай ты рады, як бы мне…

– А чы знаш нашэ гасло? – рашуча перапыніў дзядок.

– Гм-м-м… Баюся, што падзабыў.

– Jетвызі – одродытыса! Нам, jiтвjегам, – одродытыса! На вікы вічны! На Новоj Зэмлі, ек на Староj.

– Цяпер прыгадваю. Усё гэта, безумоўна, вельмі займальна, але я заблукаў і шукаю шлях дадому. Ці кажуць табе што-небудзь такія назвы, як Вільня і Літва?

– Лытвынь? Ны, нычув про такэ краjіско кэ у Вільновы ныбув. Алэ-ж ты розваж, нашо тобі та Лытвынь? Ідэмо зі мною в Пынськ.

– Не, у Вільні ў мяне няскончаныя справы, – Юргель няўсьведамлена памацаў абпаленую чупрыну і сьціснуў паперчыну зь нечытэльнымі надпісамі ў кішэні кабату.

– Дывысь ты: да в тэбэ, брате, діла. Но ек знаш. В Пынську тобі про Вільно докладнэ ныраскажуть, алэ е тут жмудська твэрдь, Овтыма, – дзядок махнуў рукой на поўнач. – Но ек твэрдь – гімно, а ны твэрдь. Алэ там дэ-хто мо поможэ…

– Дзякую за параду. Даліпан, скарыстаюся зь яе.

– Просю! До судосіньня.

Юргель ужо разьвярнуўся, калі пачуў:

– Постіj, хлопэць. Ты головнэ запам’ятаj: оно товді ногы jдуть туды, куды трэба, колы на плэчух е толкова голова.

З гэтымі словамі дзядок пацюкаў сябе паказальнікам па скроні і зьнік у гушчары. Юргель так і не спытаўся, што ж той зьбіраў у кошык.


Надвячоркам, калі неба над ракою зьмяніла колер з жарага на пурпуровы, а скуру працялі дрыжыкі, Юргель убачыў цяпельца на самым беразе і бязь лішніх развагаў спусьціўся да яго.

На вуглях стаяў чыгунок, вакол вогнішча сядзела тройца жылаватых мужчынаў. На іх былі вылатаныя зрэбныя кашулі навыпуск і даматканыя нагавіцы, што даўно ня бачылі праніку. Дражліва пахла ежай. Ля самага берагу на вадзе гайдаліся некалькі злучаных міжсобку плытоў. Яны былі прывязаныя да ўвагнанае ў зямлю жэрдкі нездалёк.

Юргель сьмела пайшоў на цяпло вагню і панадны пах мяса з чыгунку. У яго ўтаропіліся тры пары вачэй. Утаропіліся не сказаць каб надта прыязна.

«Зычлівасьць і альтруізм тут, відаць, не ў пашане».

Ён прадставіўся і спытаўся, ці далёка да селішча. Словы суправаджаў гэстамі, бо не спадзяваўся, што яго зразумеюць.

Зразумелі.

Адказаў найстарэйшы, зь дзяркатым голасам і сівізною ў лапушыстай барадзе, ударыўшы сябе кулаком у грудзі:

– Яўнут, галоўны плытнік. З слыхам у мяне ўсё добра, можаш так не раўці.

Ён кіўнуў на таварышоў – Юргелевых равесьнікаў, адзін зь якіх быў русявым, а другі – рудаватым.

– Гэтыя пацурбалкі – Барута і Пясьціла. А ты, Юргелю, зусім не падобны да тутэйшага.

– Праўда твая, васпане. Я зь Вільні. Пакручастыя выбрыкі лёсу закінулі мяне ў гэтую глухмень, але найскарэйшым часам я пляную вярнуцца дадому.

Яўнут прыгладзіў бараду без асаблівага выніку, памаўчаў і нетаропка прамовіў:

– Першае, ты йдзеш ня ў той бок. Ніякае Вільні на поўначы няма. Зрэшты, і на поўдні яе можа ня быць. Я, прынамсі, пра такую ня чуў. А вы, хлопцы?

Барута і Пясьціла абыякава паціснулі плячыма.

– Але тубыльцы скіравалі мяне на поўнач не пазьней як зранку. Скіравалі без ваганьняў.

– І размаўляў ты зь імі ў той мове, у якой зараз з намі? – чмыхнуў плытнік.

– Вядома, я ўмею адно па-літоўску.

– То ня дзіва, што скіравалі без ваганьняў, – Яўнут паглядзеў на супольнікаў, і яны нявесела ўсьміхнуліся. – Мова гэтая, дарэчы, завецца нальшчанскай.

Юргель паспрабаваў аспрэчыць абодва цьверджаньні, але Яўнут працягваў як нічога ніякага:

– Другое, найбліжэйшае селішча – Аўціма. Адразу за лукавінай, на той бок бору. Але – і гэта трэцяе – там табе нічым не дапамогуць і дапамагчы не захочуць. Чужынцаў яцьвягі не шануюць. Мы самыя – хоць і гамонім па-іхнаму – вымушаныя спыняцца на начоўку па-за межамі Аўцімы, – ён скасавурыўся на рудаватага, у рабаціньні, Пясьцілу, – пасьля пэўнага здарэньня. Чацьвертае і апошняе, прапаную табе далучыцца да нас. У Скірдзімах мы ссадзілі Руклю – нашага задніка. Зламаў быў нагу: пасьлізнуўся на бервяне. То лішняя пара рук нам не зашкодзіць. Плачу срэбны паўтарак на дзень.

– Куды вы плывяцё?

– Плыве гаўно ў атопку, а мы йдзём у вольны Войстам, што на Альманскіх балотах у дэльце Грыўды. У Войстаме спыняюцца вадаплавы з усіх партоў Герадотавага мора. Купцы, валацугі, вандроўныя артысты, авантурнікі, кантрабандыстыя – хто-небудзь мо й чуў пра Вільню, калі гэта не прыдуманае места. Ці ўпэўнены ты, што яна існуе?

– Чаму васпан думаеш, што Вільня – казка, і чаму б ёй не знайсьціся ў вышнявіне ракі?

Юргель узяўся апісваць набярэжную Вяльлі і Ашкірскае затокі, вежу Гедзіміна, сады Антокаля і Верхніх Панараў, але Яўнута ня ўразіў. Той уздыхнуў, не даслухаўшы, падняў зь зямлі дубчык і ў водсьвету вагню нарысаваў на пяску схэматычную мапу.

– Зірні сюды, пане балбоцьку. Самыя мы з Нальшчанскага краю – ён ляжыць за ракой, на правым беразе. Нальшчанская зямля цягнецца ад Грыўды і непраходных гораў на захадзе да Сьвянцянскіх градаў на ўсходзе. Нямегля – прытока Грыўды, а Зальвея – прытока Нямеглі. Зь ейнае вышнявіны мы і йдзём.

– Горы? На шляху зь Вільні я пралятаў над гарамі.

– Ты хіба недачуў частку пра «непраходныя»? Дык вось, горы непраходныя. З поўначы на поўдзень Нальшчаны цягнуцца ад акіяну аж да Зальвеі, – Яўнут махнуў у бок ракі. – Ніхто ў нас ні пра якую Вільню зроду ня чуў.

Плытнік тлумачыў цярпліва, як малому, зазіраючы Юргелю ў вочы і нібыта спадзеючыся ўбачыць там хоць бы нейкую асэнсаванасьць.

– Гэта правы бераг. Цяпер левы, на якім мы зараз седзімо. Тут у нас Яцьвязь. Зараз мы ў яе паўночнай частцы – Судаве, а на поўдзень ад Вяпрэі ляжыць Дайнава. У Яцьвязі, як ты мог пераканацца, нават мова іншая, і Вільні тваёй быць ну ніяк ня можа. Хіба што яна за Сьвянцянскімі градамі. Але там я ніколі ня быў. І такіх, хто б адтуль вярнуўся, ня ведаю.

Рэчы, якія расказваў Яўнут, мусілі б цалком завалодаць Юргелевай увагай, бо ад іх залежалі ягоныя далейшыя пляны і блізкая будучына, але адзінае, пра што ён мог думаць – густы мясны пах. За ўвесь дзень ён так і не паеў. У яго ледзь атрымвалася глядзець у вочы Яўнуту, а не ў чыгунок. Выдавала Юргеля і бурчаньне ў жываце.

Ён прымусіў сябе засяродзіцца.

– Які ж у вас маршрут?

– Ідзём уніз па Зальвеі празь Сьверыж і Патрымпус, – Яўнут праводзіў дубчыкам па нарысаванай мапе. – За Сьверыжам, дзе ў раку ўпадае Вяпрэя, чакаем яцьвяскія плыты зь Бікшаў. У Патрымпусе перавязваем плыты ў караван і ідзём па Нямеглі да Аталезі на сутоцы з Грыўдай. Адтуль уніз да Герадотавага мора.

– Цікава-цікава, – зважна паківаў Юргель, якому жадная з пачутых назваў нічога не казала.

– У Войстаме зможаш сесьці на карабель або прынамсі даведацца пра сваю Вільню. У кожным разе дабрацца да яе прасьцей адтуль, чым з Судавы.

– І якая адлегласьць аддзяляе нас ад Герадотавага мора?

– Калі прымеркаваць на вока, паўтары тысячы нальшчанскіх міляў, альбо паўдзевятаста яцьвяскіх.

– А літоўскіх?

– Не ўяўляю, пра што ты, – паціснуў плячыма Яўнут.

– Добра, колькі часу зойме падарожжа?

– Глядзі сам: каля шасьцідзесяці дзён да Патрымпусу, адтуль чатыры тыдні да Аталезі і троху больш да вольнага Войстаму. Усяго пяць з паловай месяцаў. Сёньня ў нас які дзень?

– Першы панядзелак кветня.

– То спадзяюся да канца ўрэсьня папіваць маліягранат, седзячы на плывучай тэрасе «Войстамскага лотра» з грашыма ў кішэні. Але дакладна прадказаць не бяруся – на вадзе ўсялякае здараецца.

– Не, такі варыянт мне не пасуе, – скрывіўся Юргель, з намаганьнем адводзячы позірк ад чыгунку. – Паспытаю шчасьця ў Аўціме. Бывайце!

– Не разьвітваюся. Мая прапанова застаецца ў сіле, але на менш выгадных умовах.


Юргель раскланяўся і растаў у прыцемку. Яўнут упэўненым рухам зьняў чыгунок з вуглёў, разьліў мясную поліўку ў тры талеркі, пакінуўшы порцыю на донцы, і ўкапаў чыгунок у прысак бліжэй да вагню. Па вячэры Барута зь Пясьцілам дасталі з будану на заднім плыце посьцілкі і паклаліся спаць вакол вогнішча.

Яўнут узяў сабе першую варту. Каля поўначы ён убачыў запыханага Юргеля ў ненайлепшым настроі. Той бязь сілаў упаў на зямлю побач зь ім.

– Я прымаю прапанову васпана.

Яўнут моўчкі падсунуў да яго чыгунок. Зьдзіўленым ён не выглядаў.

– Аўціма – дзіўнае месца, – пачаў Юргель, пад’еўшы. – Нават, сказаў бы я, дзіўна негасьціннае. Тамтэйшыя жыхары таркочуць нешта няўцямнае і не жадаюць прыкласьці ніякіх намаганьняў, каб зразумець мірнага госьця. Дапраўды, яны паставіліся да мяне зь відавочнаю варожасьцю, хоць бы я не даваў для гэтага жаднае нагоды. Наадварот, каб залагодзіць злосьнікаў, ажно іхны дэвіз прадэклямаваў.

– Гэта які такі? – пацікавіўся галоўны плытнік.

– Етвызі – адрадытыса, нам, йiтвегам… – пачаў Юргель, але яго перарваў сухі Яўнутаў рогат.

– Хто навучыў цябе такой дураце?

– Годны яцьвяг сталага веку, якога я сустрэў па дарозе. На жартаўніка не выглядаў ані.

– Ён яўна з тых, каго судзіны завуць русінамі і ўважаюць за здраднікаў і падробак. Твой дэвіз – ня сама лепшы тактычны разьвязак: яцьвягі і йітвегі – ці не найгоршыя ворагі.

– Баюся, мне цяжка зразумець падобную нелюбоў. І тыя, і другія відавочна ёсьць гедзімінічамі, якія жывуць на адной зямлі, не адрозьніваюцца выглядам і называюць сябе аднолькава.

Яўнут крахтануў:

– Яцьвягі лічаць, быццам выключна яны ёсьць нашчадкамі легендарнага Гедзіміна, і пахваляюцца тым, што паходзяць наўпрост ад самога князя. А русіны тут, маўляў, пятае кола ў возе і жаднага дачыненьня да Гедзіміна ня маюць. Йітвегі, у сваю чаргу, упэўненыя, што яцьвягі – па-іхнаму «жмудзіны» – адно папрымазваліся да князя, а папраўдзе да яго ніякім бокам.

– Пачакай, васпане. Гедзімін – зусім ня князь. Гэта ўсяго-ткі назва касьмічнага карабля, на якім нашыя продкі калісь прыляцелі ў Вільню з-па-за зораў.

– Юргелю, – Яўнут паглядзеў на яго, як на дурненькага, – годзе чаўпсьці лухту. Вернемся лепей да Аўцімы. Што здарылася далей? Мяркую, на тым твае прыгоды ня скончыліся.

– Мне прыйшлося абысьці ўсю вёску, каб пераканацца, што нідзе няма ні чыгункі, ані аэрабарліны, ані якога іншага транспарту. Тады я вырашыў падначаваць у Аўціме – мая памылка, – а справы рабіць з раньня. На беразе якраз знайшоўся заезны двор.

– «Leli krēklai», – уставіў Яўнут.

– Гаспадар недалікатна адмовіў мне ў прыёме і праявіў беспадстаўную агрэсію на пустым месцы.

Яўнут узьняў брыво і выразна паглядзеў на яго.

– Наколькі я ведаю Бутыгейда, трэба добра пастарацца, каб яго ўгнявіць.

– Мажліва, я не разабраўся ва ўсіх звычаях і забабонах і выказаў занадта яўную цікаўнасьць да ягонае дачкі, – несхаць прызнаў Юргель. – Нельга выключаць падобную магчымасьць, хоць вінаваціць мяне ну ніяк не выпадае. Вочы ў дзевухны такога кшталту, што адвесьці позірк проста немагчыма, калі ты мяне разумееш.

– Твая праўда. Прырода запраўды надзяліла Аргелу выбітнымі… гм-м-м… вачыма.

– І бацькам, няздольным сьцяміць, што такі дар няможна замыкаць у чатырох сьценах – ім трэба дзяліцца з кожным, хто прагне дакрануцца да прыгажосьці.

– Брак Бутыгейдавага цяму летась адчуў на сваёй скуры Пясьціла. Гэта і ёсьць здарэньне, па якім мы больш не спыняемся ў Аўціме. Прыпускаю, Бутыгейд разглядае ўласную дачку як прыкметную шыльду, на якую можна заглядацца, але не… гм-м-м… дакранацца да яе, як ты выказаўся.

– Не магу не заўважыць, што васпан зачаста гмыхаеш, як згадваеш жаночыя вабноты. Няўжо гэта сарамлівасьць?

– Глупства, – гыркнуў Яўнут, але ўзяў сябе ў рукі, убачыўшы хітрынку ў Юргелевых вачох. – Як бы там ні было, Пясьцілу пашэньціла больш за тваё: Бутыгейд выштырыў яго адно пад ранак.

– Ага! Дык гэта яму я мушу падзякаваць за ласку, што мне ўчынілі ў «Лелі крэклях». Уцякаў стуль як ад халеры. А пасьля напаткаў цэлы атрад на яшчарках, якія пляваліся полымем. Злосьнікі цюгакалі на мяне як на нядзьведзя і гналі аж да лесу. Жаднае павагі да беднага падарожніка.

– Яшчаркі завуцца жывойтамі. Яцьвягі іх гадуюць: аб’язджаюць і выкарыстоўваюць у гаспадарцы.

Яўнут з Юргелем пэўны час памаўчалі, гледзячы, як вуглі браліся сівізной, і слухаючы смалістае пастрэльваньне вагню.

– Такім парадкам, я схільны прыняць прапанову васпана. Тры срэбранікі на дзень, васпан казаў?

– Я казаў, прапанова дзейнічае аднаразова, – спакойна запярэчыў Яўнут. – Цяпер набываюць моц менш выгадныя ўмовы. Магу прапанаваць табе месца задніка без аплаты, затое з харчаваньнем.

Юргель паціснуў плячыма:

– Я маю небагаты выбар.

Новая Зямля: Куканія

Подняться наверх