Читать книгу Новая Зямля: Куканія - Антось Уласенка - Страница 4

Уніз па Зальвеі

Оглавление

Прачнуўся ён ад таго, што яго хвастаў па шчоках русявы маладзён – Барута.

– Паспаць ты здатны, нічога ня скажаш. Ледзь раскатурхаў.

Юргель ня памятаў, як яго змарыў сон напярэдадні. Падымацца не хацелася, ва ўсім целе разьлілася стома. Ён з клункам пад галавою ляжаў на посьцілцы. Перад сабою бачыў вогнішча, над якім кружлялі іскры. Тамсама стаяў чыгунок. Пахла не настолькі смачна, як увечары, але дастаткова смачна для таго, каб прымусіць яго падняцца. Барута разьліў па талерках рэдкую кашу з салам, а Яўнут, пакуль нявыспаны Юргель сьнедаў, расказваў пра плытніцтва на Зальвеі.

– Плыты мы ўжо ня першы год ганяем. Праца ня з простых, але ж якая ёсьць. Дый сьвет паглядзець можна. Ад градаў да мора паўсюль пабывалі. Па-яцьвяску вось няблага навучыліся. У Сьвянцянах, зноўку ж, не апошнія людзі.

Усё гэта мала цікавіла Юргеля, але ён мімаволі даведаўся, што ў вышнявіне Зальвеі, пачынаючы ад самае вытокі, расло попельнае дрэва. Назву яно атрымала ад папераватай, як у старазямельскае бярозы, кары шызага колеру. Кара лёгка адслойвалася і крышылася, разьляталася попелам у паветры. Паліць такое дрэва ніхто не паліў, бо гарэла яно зь вялікаю колькасьцю задушлівага дыму. А вось лёгкая і трывалая попельная драўніна вельмі дарэчы прыдалася ў карабельніцтве, асабліва ў стэпах на морскім узьбярэжжы, дзе востра адчувалася недастача будаўнічых матар’ялаў.

– Найпрасьцейшы спосаб даставы драўніны да карабельняў – сам разумееш, плытніцтва. Сплаў пачынаюць ад вытокі. Адтуль бярвёны пускаюць шарашом. Ага, слушна табе Пясьціла падказвае: россыпам, значыць, па адным. А што ён робіць няслушна – дык гэта мяне перапыняе. Наступным разам зловіць поўху. Далей па плыні, аж за Сьверыж, па берагох стаяць румы. Там вяжуць плыты.

Яўнут расказаў, што добрая частка Судавы і ўсходніх Нальшчанаў жыла нарыхтоўкаю попельнага дрэва. Пераз увесь год лесасекі валілі лес, вязальнікі круцілі вяроўкі з тонкіх каранёў, возьнікі-тралёўнікі перавозілі камлі на тартакі, дзе іх наразалі на штукі, адтуль – у румы на берагох, дзе бярвёны акорвалі і ўкладвалі ў пагоны на прасушку. Штовясны ўсе сьпяшаліся скарыстацца зь вялікае вады. Людзі зараблялі на тым свае срэбранікі. Качаны скочвалі падрыхтаваныя бярвёны ў ваду, зьбіваны зьбівалі плыты, і надыходзіла чарга плытнікаў. Яны таксама карысталіся зь веснавое паводкі, каб учас прамінуць мялізны. За Патрымпусам рака заставалася прахадною і ў ліпцы, па малой вадзе, а вось верхнюю плынь сьпяшаліся пакінуць ззаду як мага раней.

– Ідзём мы, вядома, ня ўлегцы. Вязём з сабой футра, мёд, зацукраваных кузькаў, пылок гальшанскае вячорніцы, іншую драбязу – на поўдні ўсё гэта ў навінку. Дарогай ловім рыбы на пад’едак і правяльваньне. Падыходзім да прыстаняў на абодвух берагох – і да нальшчанскіх, і да яцьвяскіх. Абменьваемся зь мясцовымі. У адных купляем патаньней, іншым прадаём падаражэй – нічога звышскладанага. Назад з Войстаму вяртаемся з караванамі сухім шляхам празь Дзяволтву. У Дайнаве спыняемся ў Пукеіку ды Бікшах, а там і да дому недалёка. Ладна, годзе балакаць, кашы ўжо й няма.

Яўнут падняўся і павабіў Юргеля пальцам да плыту.

– Ці даводзілася табе хадзіць на чымсьці падобным?

Юргель кінуў вока на плыт з трох зьвёнаў, прыцмокнуў языком і прамармытаў нешта няўцямнае, што пры пэўным жаданьні можна было прыняць за станоўчы адказ. Яўнут такога жаданьня ня меў.

– Чаго ты барузьдзіш як боўдзіла дурное? Скажы выразна.

Юргель згадаў, як некалі слугаваў на «Макулінцы», калі пан Анцута выправіўся быў да ўтокі Вяльлі, у віленскі порт. Вандроўка туды і назад цягнулася ня больш за пару гадзінаў. Ён упэўнена прамовіў:

– Мне даводзілася хадзіць да Балтыцкага мора на плывучым доме, дзе я выконваў даручэньні самога вялікалітоўскага падкаморага.

Яўнут уздыхнуў:

– Касьмічныя караблі, плывучыя дамы, казачныя месты і моры – мы яшчэ не на вадзе, а я ўжо сыты па горла тваімі балачкамі. Май наўвеце, цярплівасьць мая даволі абмежаваная. А вось злосьць – не.

Барута зь Пясьцілам сумна паківалі.

Яўнут пацягнуў Юргеля на прывязаны ля берагу плыт. Той, забіраючыся, намачыў ногі ў халоднай вадзе і скрывіўся. Гэта не абмінула Яўнутавае ўвагі:

– Нічога, звыкайся, шчэ ня раз прыйдзецца ўваліцца ў ваду: цэлы дзень скакацьмеш па сьлізкіх бярвёнах. Прамокнуць тут ня сама страшнае. Галоўнае, каб камлі не раздушылі альбо пад сабой не пахавалі. Патануць у такой сьцюдзёнцы – справа няхітрая. Альбо нагу зламаць, як Рукля. Увесь твой спрыт прыдасца. То згадвай, як даваў лататы з заезнага двару – гэта будзе не залішнім.

Юргель распрастаўся на плыце і адчуў, як гуляюць пад ім шэрыя бярвёны – узапраўды патрабавалася пэўная звычка, каб астояцца. Яўнут між тым шырока расставіў ногі, абгладзіў бараду і працягнуў павучаньне:

– Слухай уважліва, паўтараць я не наладжаны. У плыце нічога складанага няма. Гэта папросту камлі, зьвязаныя міжсобку ў зьвёны. Кожнае зьвяно завецца лаўкай. Мацуюцца яны віцамі, – Юргель пазнаў гнуткія карані, якія бачыў у яцьвягаў-вязальнікаў. – Віцы распарваюць на вагні і прывязваюць камлі да пакладзеных упоперак жэрасьцяў. На адную лаўку – па два жэрасьці, сьпераду і ззаду. Усё гэта закнаблёўваецца, каб лаўкі не распаўзаліся. У нашым плыце іх, як бачыш, зараз тры, потым паболее.

Даўжыня лаўкі, прымеркаваў Юргель, складала два сажні, шырыня – каля пяці-шасьці стопаў.

– Адная з адной лаўкі злучаюцца паклёсамі, – Яўнут паказаў на даўгую жэрдку, наўскось перакінутую з аднае лаўкі на іншую. – Паклёсу кладуць на жэрасьць, прывязваюць хамутамі з віцы і забельваюць забелкай. Вось гэтае пяцілакцёвае бервяно на рачках наперадзе – апачына, стырнавое вясло. За яго адказны галаўнік, то бок я. Раку я ведаю лепш за іншага і гляджу, каб плыт ня сеў на гак. Давай за мной.

Яўнут рушыў назад, балянсуючы на мокрых камлях, і спрытна пераскочыў на сярэднюю лаўку. Юргель скіраваўся за ім без заўважнага імпэту і грацыі. Ён мала што зразумеў, апроч фразы «Плыт – гэта зьвязаныя міжсобку камлі», але не пераймаўся з таго. Яму да галавы прыйшла адная думка.

– Васпане, вось ты кажаш, сьвет пабачыў, мовы розныя ведаеш. А ці зможаш прачытаць такое? – Юргель дастаў з кішэні паперчыну, якую вырваў у Шнара на аэрабарліне.

Яўнут зірнуў без асаблівага энтузіязму.

– Ня знаюся на казачных грымзолях. Вернемся да рэчаіснасьці. На сярэдняй лаўцы па бакох стаяць з жэрдкамі Барута і Пясьціла. Яны бомяць і адштурхваюцца ад берагу, калі плыт зносіць. Ты як заднік стаяцьмеш у хвасьце.

Яўнут пераскочыў на апошнюю лаўку, дзе месьціўся накрыты карою будан з рознымі бачулачкамі ўнутры. Перад ім ляжаў пляскаты камень, пачарнелы ад куродыму.

– Тваё гаспадарства, абжывайся. Вось гэтыя завостраныя калы, замацаваныя справа і зьлева, завуцца шарыгамі. Імі ты мусіш на мой загад упірацца ў дно, каб запаволіць плыт альбо спыніць яго. Пасярэдзіне – знаёмая табе апачына, задняе вясло. Таксама ў тваёй адказнасьці. Як і гартоль – заточаная жэрдка, віцай да лаўкі прывязаная. Яна за буданом. Убівацьмеш яе ў зямлю, як спынімся на начоўку. Таксама табе трэба адпіхваць плыт ад берагу, калі мы здымаемся з стаянкі. Можаш зара й папрактыкавацца.

Яўнут паскакаў на першую лаўку і прароў Баруту і Пясьцілу:

– Складаемся! Няма чаго час губляць.

Тыя хуценька прысыпалі вуглі вільготным пяском, скруцілі посьцілкі і звыкла заскочылі на плыт.

– Задніку, табе хіба асобнае запрашэньне трэба? – данеслася сьпераду.

Юргелю не заставалася нічога, як скарыцца абставінам. Ён зморшчыўся, калі не даскочыў да берагу і зноўку прамок. Выцягнуўшы гартоль, абматаў яе віцай і закінуў за будан. Яшчэ раз палез у ваду, з высілкам адпіхнуў плыт і ледзь пасьпеў заскочыць на яго.

Іх падхапіла плынь.


Неўзабаве Юргель зразумеў, што праца задніка ці ня сама складаная ад усіх: яму прыходзілася кіраваць заднім вяслом і гойсаць ад левага борту да правага, то ўпіраючы шарыгі ў глей, то паслабляючы іх на загад галаўніка. Бакавыя прытым амаль нічога не рабілі. Дачакаўшы адносна простага адцінку на зьвілістай Зальвеі, ён падышоў да Баруты, які зь лянцой вадзіў па вадзе жэрдкай:

– Бачу, ты стаміўся. Глядзець на твае пакуты – і то балюча. Давай-ка падмяню цябе. Можаш пакуль адпачыць на заднім вясьле. Высілкаў там, лічы, не патрабуецца.

– Не-не, Юргелю, што ты – я не магу так абысьціся з табой, – на Барутавым твары адлюстравалася шчырая спагада, а ягоная жэрдка засоўгалася ўдвая хутчэй. – Ты яшчэ навак у плытніцтве і не разабраўся ва ўсіх нюансах. З майго боку было б подласьцю прымушаць цябе боміць, пакуль я б’ю лынды на апачыне.

Расчараваны Юргель вярнуўся назад. Ад невясёлых думак яго адцягнуў крык зь пярэдняе лаўкі:

– Трымай лева. Тарнуем да берагу. Юргелю, ня сьпі ў шапку.

Ля вады стаяла купка вяскоўцаў, якія махалі кошыкамі і заклікалі плытнікаў:

– Гэй, бальныкы, хутнеj сюдоj. Прычалюjте своjі дырывыны. Огэть, повны кошыкы нашыховалы.

– Чуеш, Юргелю, – наблізіўся Яўнут, – тут твой дэвіз гучацьме больш дарэчна, чым у Аўціме.

– Я навучыўся цаніць маўчаньне па-над любымі дэвізамі.

Галаўнік выдаў здушаны гук і саскочыў да йітвегаў. Яны нядоўга пагутарылі, і Яўнут перадаў па срэбраніку кожнаму. Пасьля пацягнуў пустую бачулачку з будану і засопся, аднак на дапамогу нікога не паклікаў. Ссыпаўшы ў бачулачку зьмесьціва кошыкаў, павалок яе назад. Залазячы на плыт, змакрэў з натугі і, перад тым, як даць адмашку, абцёр пот магеркаю і кінуў яе проста на бярвёны.

Юргель падняў шарыгі і гукнуў на разьвітаньне «да судосіньня». Потым зь цікаўнасьцю схіліўся над бачулачкай, пакуль Яўнут быў заняты апачынай: там убачыў невялікія зацьвярдзелыя кавалкі вохрыстага колеру з рэзкім пахам.

– Смала?

– Смала сьвідрарэзу, – патлумачыў Пясьціла. – Чалавек неабазнаны пальцы сабе да косьці парэжа, пакуль столькі назьбірае. Русіны думаюць, мы гонім з смалы шкіпінар, і прадаюць яе Яўнуту амаль задарма. Чаго яны ня ведаюць, дык гэта таго, што войстамскія зялейнікі навучыліся выпарваць з смалы нейкія каліфоні і дадаваць нейкія пасты. У выніку атрымваецца мазгасьвідар, які любяць пажаваць ва ўсіх партох Герадотавага мора. Яўнут робіць на тым неблагія грошы, – ён кінуў цераз плячо непрыязны позірк на свайго ачольніка.

– Вось яно як.

Юргель прымружыўся, схапіў магерку, скамячыў і запхнуў сабе пад кабат. Пасьля кінуў дзьве шарыгі, спыніўшы плыт, і пераскочыў на бераг, гэтым разам не намачыўшы ног. Яўнут выбухнуў лаянкай, але словы «ялдон» і «чыкілдун» ужо не выклікалі бурлівых эмоцыяў.

– Васпан забыўся шапку ў йітвегаў. Зара зьлётаю.

Пад Яўнутава гырканьне Юргель зьнік ва ўзьбярэжным хмызьняку і вярнуўся празь некалькі хвілінаў, размахваючы магеркай:

– Уратаваў. Хацелі былі прысабечыць.

Галаўнік не знайшоў, да чаго дачапіцца, і адно наківаў на яго пальцам.

Плыт крануўся зь месца. Юргель злавіў пагляд Пясьцілы і задаволена ўсьміхнуўся ў рабаціністы твар, але змоўчаў. Той не стрымаў цікаўнасьці:

Новая Зямля: Куканія

Подняться наверх