Читать книгу Знак чатырох - Артур Конан Дойл, Исмаил Шихлы - Страница 5
Раздзел 4. Гісторыя чалавека з лысінай
ОглавлениеБрудным і ўбогім калідорам, слаба асветленым і амаль без мэблі, індус давёў нас да дзвярэй справа і адчыніў іх. У вочы нам ударыла жоўтае святло, у якім стаяў нізенькі чалавечак з выцягнутай галавой і рудой махрай валасоў, над якой, нібы над піхтавым лесам, узвышалася горная вяршыня бліскучай лысіны. Ён стаяў склаўшы рукі, і яго твар увесь час рухаўся – то ўсміхаўся, то хмурыўся, але не даўжэй за адно імгненне. Прырода ўзнагародзіла чалавечка адвіслай губой, з-пад якой вытыркаліся жоўтыя няроўныя зубы, і ён увесь час беспаспяхова спрабаваў прыкрыць іх рукой. Нягледзячы на сваю кідкую лысіну, выглядаў ён досыць маладым. Крыху старэйшы за трыццаць, як выявілася пазней.
– Да вашых паслугаў, міс Морстэн, – паўтарыў ён некалькі разоў тонкім высокім голасам. – Да вашых паслугаў, джэнтльмены. Прашу вас, заходзьце ў маю келлю. Яна маленькая, міс, але абстаўленая ў адпаведнасці з маім густам. Аазіс мастацтва ў маркотнай пустэльні паўднёвага Лондана.
Пакой, у які ён нас запрасіў, моцна ўражваў. У гэтым вартым жалю доме ён глядзеўся як дыямент чыстае вады ў масянжовай аправе. Сцены пакоя былі задрапіраваныя самымі раскошнымі і бліскучымі гардзінамі і габеленамі, якія тут і там расхіналіся, дэманструючы карціну ў каштоўнай раме ці ўсходнюю вазу. Дыван бурштынавых і чорных адценняў быў такі мяккі і такі тоўсты, што ў ім, нібыта ў мохавай падушцы, прыемна танула нага. Дзве вялікія тыгрыныя скуры, кінутыя ўпоперак дывана, яшчэ больш нагадвалі пра ўсходнюю пышнасць, як і вялізны кальян на цыноўцы ў куце. У цэнтры пакоя на ледзь бачным залатым дроціку вісела лямпа ў форме срэбнага голуба. Яна гарэла і струменіла тонкі духмяны пах.
– Тадэвуш Шолта, – прадставіўся нізенькі чалавечак, усміхаючыся і крывячыся. – Так мяне завуць. Вы, канечне ж, міс Морстэн. А гэтыя джэнтльмены…
– Шэрлак Холмс і доктар Ўотсан.
– Доктар, праўда? – узрушана ўсклікнуў ён. – У вас жа ёсць пры сабе стэтаскоп? Ці магу я вас папрасіць… будзьце так ласкавыя… Мяне сур’ёзна непакоіць мітральны клапан… Зрабіце ласку… Аорце я цалкам давяраю, а вось наконт мітральнага хацелася б пачуць вашае меркаванне.
Я праслухаў яго сэрца, але не здолеў знайсці ніякіх праблемаў, хіба што ён быў моцна чымсьці напалоханы, бо дрыжаў з галавы да ног.
– Здаецца, мітральны ў норме, – сказаў я, – прычын для хвалявання няма.
– Прабачце мне маю трывогу, міс Морстэн, – бесклапотна сказаў Шолта. – Я вялікі пакутнік і ўжо даўно маю наконт гэтага клапана пэўныя падазрэнні. Вельмі рады чуць, што яны беспадстаўныя. Міс Морстэн, калі б ваш бацька не напружваў так моцна сваё сэрца, ён быў бы цяпер жывы.
Згадка пра такую далікатную справу прагучала занадта груба і бесцырымонна, і я ледзь стрымаўся, каб не даць яму па твары. Міс Морстэн пабляднела – збялелі нават яе вусны – і прысела.
– У глыбіні душы я ведала, што ён мёртвы, – сказала яна.
– Я магу пра ўсё вам расказаць, – паведаміў ён, – больш за тое, магу ўзнавіць справядлівасць, што б там брат Барталам’ю ні казаў. Я вельмі рады, што гэтыя джэнтльмены будуць не толькі вашымі спадарожнікамі, але і сведкамі таго, што я збіраюся вам сказаць і хутка скажу. Мы трое цудоўна зможам супрацьстаяць Барталам’ю. Але не варта ўцягваць сюды старонніх людзей – паліцыю ці ўлады. Мы з усім парадзім без чужога ўмяшання. Розгалас можа раззлаваць Барталам’ю больш, чым што іншае.
Ён прысеў на нізкую канапу і запытальна паглядзеў на нас бляклымі вадзяніста-блакітнымі вачыма.
– Што да мяне, – сказаў Холмс, – то магу вас упэўніць: што б вы ні сказалі, далей за мяне яно не пойдзе.
Я кіўнуў на знак згоды.
– Ну і цудоўна! Проста цудоўна! – сказаў нізенькі чалавек. – Ці магу я прапанаваць вам бакал к’янці, міс Морстэн? Можа, такайскага? Іншых вінаў не трымаю. Дык я адкаркоўваю? Не? Ну як сабе жадаеце. Спадзяюся, вы не маеце нічога супраць дыму, гэтага лёгкага гаючага водару ўсходняга тытуню? Я трошкі нервуюся, а мой бясцэнны кальян цудоўна мяне супакойвае.
Ён прымацаваў да вялікага сасуда трубку, і ў ружовай вадзе весела забулькатаў дымок. Мы размясціліся паўколам, выцягнуўшы галовы наперад і падпёршы рукамі падбароддзі, тым часам як наш дзіўны знерваваны гаспадар з высокай бліскучай макаўкай сеў у цэнтры і неспакойна запыхкаў дымам.
– Калі я вырашыў упершыню адправіць вам пасланне, – сказаў ён, – то мог бы даць свой адрас, але пабаяўся, што вы не звернеце на маю просьбу ўвагі і прыведзяце якіх непажаданых людзей. А таму палічыў за лепшае арганізаваць нашую сустрэчу так, каб мой слуга Ўільямс мог спачатку на вас зірнуць. Яго абачлівасці я цалкам давяраю, і ён атрымаў інструкцыю нікуды вас не везці, калі штосьці падасца яму падазроным. Прашу прабачыць такія меры перасцярогі, але я вяду самотны і нават, можна сказаць, рафінаваны лад жыцця, а ўявіць сабе штосьці менш эстэтычнае, чым паліцэйскі, немагчыма. У мяне прыроджаная агіда да любых праяваў грубага матэрыялізму. Я рэдка дачыняюся з цёмным натоўпам. Як бачыце, я жыву ў атмасферы вытанчанасці і магу лічыць сябе апекуном мастацтваў. Гэта мая слабасць. Вось пейзаж – арыгінальны Каро*, і калі гэтага Сальватора Розу* знаўца яшчэ можа паставіць пад сумнеў, то мой Бугро* не выкліча ў яго аніякіх пытанняў. Я нераўнадушны да сучаснай французскай школы.
– Прашу прабачыць мне, містэр Шолта, – сказала міс Морстэн, – але я прыехала сюды на вашую просьбу, бо вы хацелі нешта мне расказаць. Цяпер ужо позна, і мне хочацца скончыць размову як мага хутчэй.
– Але нават у найлепшым выпадку яна адбярэ ў нас яшчэ трохі часу, – прамовіў гаспадар, – бо варта ўсё ж з’ездзіць у Норвуд і пабачыцца з Барталам’ю. Паехалі, паспрабуем яго пераканаць, калі атрымаецца. Ён злуецца на мяне, бо я раблю ўсё так, як лічу патрэбным. Учора вечарам мы досыць сур’ёзна паспрачаліся. Вы не ўяўляеце, якім невыносным ён робіцца, калі злуецца.
– Калі трэба ехаць у Норвуд, давайце зараз жа і выправімся, – асмеліўся прапанаваць я.
Шолта рассмяяўся так, што ў яго пачырванелі вушы.
– Гэта наўрад ці атрымаецца! – усклікнуў ён. – Цікава, што ён скажа, калі я вось так паспешліва вас прывязу. Не, вас трэба падрыхтаваць, расказаць пра нашыя стасункі. Але спачатку мушу вас папярэдзіць, што пра асобныя моманты гэтай гісторыі я не ведаю нічога, а таму магу паведаміць толькі тое, у чым упэўнены.
Як вы, магчыма, здагадваецеся, я сын маёра Джона Шолта, які служыў калісьці ў індыйскім войску. Каля адзінаццаці гадоў таму ён сышоў у адстаўку і пасяліўся ў Пандычэры-Лодж, што ў Апэр-Норвудзе. У Індыі яго справы квітнелі, і ён вярнуўся на радзіму з добрымі грашыма, вялікай калекцыяй каштоўных дзівосаў і цэлым штатам слуг-індусаў. Тут купіў дом і зажыў раскошным жыццём. Мы з братам-блізнюком Барталам’ю былі яго адзінымі дзецьмі.
Я вельмі добра памятаю, якія пачуцці выклікала ў нас знікненне капітана Морстэна. Падрабязнасці мы знайшлі ў газетах і свабодна абмяркоўвалі прачытанае ў прысутнасці бацькі, ведаючы, што ён з капітанам сябраваў. Звычайна бацька далучаўся да нашых размоваў і прапаноўваў свае версіі. Ні на хвілінку мы не западозрылі, што сакрэт гэтага знікнення схаваны ў яго грудзях, што бацька адзіны ведае пра лёс Артура Морстэна.
Аднак мы бачылі, што бацьку пераследуе нейкая таямніца, нейкая несумненная небяспека. Ён вельмі баяўся выходзіць адзін і заўсёды трымаў ахоўнікамі пры браме двух прафесійных баксёраў. Адзін з іх – Ўільямс, які сёння вас вёз. Калісьці ён быў чэмпіёнам Англіі ў лёгкай вазе. Бацька ніколі не расказваў нам, чаго ён баіцца, але відавочна адчуваў непрыязнасць да людзей з драўлянай нагой. Аднойчы ён нават стрэліў з рэвальвера ў аднаго калеку, які аказаўся бяскрыўдным гандляром, што збіраў замовы. Каб замяць справу, давялося выдаткаваць значную суму. Мы з братам лічылі, што гэта не больш чым забабоны, але наступныя падзеі змусілі нас перагледзець гэтае меркаванне.
У пачатку 1882 году бацька атрымаў з Індыі ліст, які моцна яго ўразіў. Калі за сняданкам ён ускрыў канверт, то ледзь не страціў прытомнасць і да самае свае смерці так канчаткова і не ачуняў. Пра што вялося ў пасланні, мы так і не даведаліся, але я паспеў заўважыць, што яно было кароткае і напісанае вельмі неразборліва. Шмат гадоў бацьку мучыла хандра, якая рабілася ўсё глыбейшай, але пасля гэтага выпадку здароўе яго пачало рэзка пагаршацца. Бліжэй да канца красавіка нам паведамілі, што надзеяў няма і бацька жадае сказаць нам апошняе слова.
Калі мы зайшлі ў яго пакой, ён сядзеў на падушках і цяжка дыхаў. Ён папрасіў нас замкнуць дзверы і стаць па абодва бакі ложка. Схапіўшы нас за рукі, ён голасам, надламаным не столькі ад болю, колькі ад моцных пачуццяў, расказаў нам сваю дзівосную гісторыю. Я паспрабую дакладна перадаць вам яго апошнія словы.
«Ёсць толькі адзін грэх, – сказаў ён, – які мучыць маю душу ў апошнія хвіліны. Гэта мая несправядлівасць да беднай сіраты Морстэна. Клятая сквапнасць, якая ўсё жыццё мяне пераследавала, пазбавіла яе скарбу, не менш чым палова якога па праве належыць ёй. Прагнасць – сляпое і дурное пачуццё, бо я не меў з гэтага скарбу ніякай выгады. Але я даражыў самім адчуваннем уласніка і ні з кім не мог яго раздзяліць. Зірніце на жамчужны ружанец ля бутэлечкі з хінінам. Я не магу расстацца нават з ім, хаця і збіраўся даслаць яго ёй. Вы, мае сыны, вернеце ёй належную частку скарбу Агры. Але не дасылайце ёй нічога – нават гэты ружанец – да самае мае смерці. Бываюць жа, ў рэшце, выпадкі, калі людзі папраўляюцца нават у такім кепскім стане, як я.
Я раскажу вам, як памёр Морстэн, – працягваў ён. – Доўгія гады ён пакутаваў на слабае сэрца, але хаваў сваю хваробу ад усіх. Толькі я пра яе і ведаў. Калісьці ў Індыі дзякуючы цудоўнаму збегу абставінаў мы з ім завалодалі багатым скарбам. Я прывёз яго ў Англію, і адразу пасля свайго вяртання Морстэн адправіўся да мяне і запатрабаваў сваю долю. Ён прыйшоў пехам са станцыі, і яго пусціў мой стары верны Лал Чоўдар, які цяпер ужо нябожчык. Мы з Морстэнам разышліся ў меркаваннях, як падзяліць скарб, і моцна пасварыліся. У параксізме гневу капітан ускочыў з крэсла і тут нечакана прыціснуў руку да грудзей, смяротна збялеў і паваліўся на спіну, разбіўшы галаву аб вугал куфра са скарбам. Падбегшы да яго, я з жахам зразумеў, што ён мёртвы.
Доўгі час я стаяў разгублены і думаў, што рабіць. Маім першым памкненнем было, безумоўна, паклікаць на дапамогу, але я не мог не разумець, што мяне тут жа абвінавацяць у забойстве. Гэтая смерць падчас сваркі і параненая галава будуць сведчыць супраць мяне. Да таго ж падчас афіцыйнага следства абавязкова ўсплывуць нейкія факты пра скарб, а я вельмі трывожыўся за гэты сакрэт. Морстэн сказаў мне, што ніводная душа не ведае, куды ён адправіўся. І я пачаў думаць, што ніхто пра гэта дазнацца не павінен.
Так я ўзважваў усе «за» і «супраць», як раптам падняў вочы і ўбачыў ля дзвярэй свайго слугу, Лала Чоўдара. Ён праслізнуў у пакой і замкнуў за сабой дзверы.
– Не бойцеся, сахіб, – сказаў ён, – ніхто не даведаецца, што вы яго забілі. Давайце схаваем цела – гэта будзе самы разумны выхад.
– Але я не забіваў яго, – сказаў я.
Лал Чоўдар пакачаў галавой і ўсміхнуўся.
– Я ўсё чуў, сахіб, – сказаў ён. – І вашую спрэчку, і гук удару. Але на мае вусны ляжа пячатка маўчання. Давайце вынесем яго адсюль.
Гэтага было дастаткова, каб прыняць рашэнне. Калі ў маю невінаватасць не верыць нават мой слуга, як я змагу апраўдацца перад дванаццаццю дурнымі гандлярамі на лаве прысяжных? Той жа ноччу мы з Лалам Чоўдарам пазбавіліся ад цела, і неўзабаве ўсе лонданскія газеты поўніліся згадкамі пра таямнічае знікненне капітана Морстэна. Як бачыце, мяне наўрад ці можна папракнуць. Але я вінаваты, што схаваў не толькі цела, але і скарб, завалодаўшы не толькі сваёй доляй, але яшчэ і той, што належала Морстэну. І таму я хачу, каб вы ўзнавілі справядлівасць. Цяпер нахіліцеся бліжэй. Скарб схаваны ў…»
У той жа момант выраз яго твару страшэнна змяніўся: вочы рэзка пашырыліся, сківіца адвісла, і пранізлівым голасам, якога я ніколі не забуду, ён закрычаў: «Выганіце яго! Богам малю, выганіце яго!». Мы абодва азірнуліся на акно за нашымі спінамі, куды быў скіраваны позірк бацькі. З цемры на нас нехта глядзеў. Мы ўбачылі пабялелы нос, прыціснуты да шкла. У незнаёмца, твар якога скрывіла грымаса неадольнае злосці, была ўскудлачаная барада і дзікія жорсткія вочы. Мы з братам кінуліся да акна, але твар знік. Калі мы вярнуліся да бацькі, яго галава адкінулася на падушкі, а пульсу не было.
У тую ж ноч мы прачасалі ўвесь сад, але нязваны госць не пакінуў і следу – толькі на клумбе пад акном мы знайшлі адзін адбітак падэшвы. Калі б не ён, мы палічылі б гэты страшны, скажоны гневам твар усяго толькі гульнёй нашага ўяўлення. Але хутка мы атрымалі яшчэ адно, больш незвычайнае пацверджанне таго, што вакол нас шныпарыць нямала сакрэтных выведнікаў. Ранкам мы заўважылі, што акно ў бацькавым пакоі адчыненае, і хтосьці пакорпаўся ў яго буфеце і шуфлядах, а на куфры ляжыць накрэмзаная на абрыўку паперы цыдулка: «Знак чатырох». Мы так і не дазналіся, што значыла гэтая фраза і хто быў нашым таямнічым наведнікам. Як мы маглі меркаваць, ніводную бацькаву рэч не скралі, затое ўсё было перавернутае дагары нагамі. Натуральна, мы звязалі гэты выпадак са страхам, які не даваў бацьку спакою пры жыцці, але ўся гісторыя дагэтуль застаецца для нас неразгаданай таямніцай.
Тут нізенькі чалавек спыніўся, каб распаліць кальян наноў і колькі хвілінаў задуменна папыхкаць дымам. Яго неверагодны аповед цалкам паглынуў нашую ўвагу. Слухаючы яго, міс Морстэн зусім збялела, і я нават пачаў хвалявацца, што яна страціць прытомнасць. Але выпіўшы шклянку вады, якую я наліў ёй з графіна з венецыянскага шкла, што стаяў на маленькім століку, яна ўзяла сябе ў рукі. Шэрлак Холмс задуменна адкінуўся на спінку крэсла і прымружыў бліскучыя вочы. Зірнуўшы на яго, я не змог не прыгадаць, як яшчэ нядаўна ён горка жаліўся на нуднае існаванне. Цяпер ён атрымаў загадку, якая патрабуе ад яго розуму самай напружанай працы. Містэр Тадэвуш Шолта пераводзіў позірк то на аднаго з нас, то на іншага і відавочна ганарыўся ўражаннем, якое зрабіла яго гісторыя. Час ад часу папыхкваючы дымам з даўжэзнае піпкі, ён працягваў:
– Уявіце, як захапілі нас з братам бацькавы словы пра скарб. У наступныя тыдні і месяцы мы старанна абследавалі і перакопвалі ўвесь наш сад, але так нічога і не знайшлі. Мы вар’яцелі ад думкі, што таямніца скарбу памерла на вуснах бацькі разам з ім самім. Пра раскошнасць страчанага багацця мы маглі меркаваць з ружанца, які ён прынёс у свой пакой. Дарэчы, гэты ружанец стаўся прычынай нашых з братам Барталам’ю невялікіх непаразуменняў. Перлы, відавочна, мелі вялізную каштоўнасць, і брат не хацеў з імі расставацца, у нейкім сэнсе атрымаўшы ў спадчыну, кажучы паміж намі, бацькаў недахоп. Да таго ж ён хваляваўся, што калі мы аддамо ружанец, абавязкова папаўзуць плёткі, і аднойчы гэта давядзе да бяды. Аднак я ўгаварыў яго знайсці адрас міс Морстэн і праз пэўныя прамежкі часу дасылаць ёй асобныя перліны, каб яна, прынамсі, не адчувала сябе пакінутай.
– Гэта было вельмі высакароднае памкненне, – горача сказала нашая спадарожніца, – надзвычай ласкава з вашага боку.
Нізкі чалавечак нядбайна махнуў рукой.
– У гэтай справе мы былі проста вашымі даверанымі асобамі, – сказаў ён. – Так, прынамсі, думаў я, аднак брат Барталам’ю не зусім падзяляў маё меркаванне. У нас было шмат грошай. Большага я не жадаў. І, дарэчы, гэта вульгарна – абыходзіцца з маладой дзяўчынай так подла. Le mauvais goût mène au crime[2]. Французы ўмеюць фармуляваць такія думкі вельмі вытанчана. Нашыя з братам меркаванні разышліся так сур’ёзна, што я палічыў за лепшае пераехаць на іншую кватэру і пакінуў Пандычэры-Лодж, узяўшы старога кітматгара і Ўільямса. Аднак учора я даведаўся, што здарылася падзея надзвычайнае важнасці. Скарб урэшце знайшоўся. Я неадкладна звязаўся з міс Морстэн, а таму нам засталося толькі паехаць у Норвуд і запатрабаваць сваю долю. Мінулае ночы я расказаў Барталам’ю, што напісаў вам, а таму мы будзем калі не жаданымі, то прынамсі чаканымі гасцямі.
Містэр Шолта замоўк і, седзячы на шыкоўнай канапе, працягваў пацепвацца. Мы таксама маўчалі, задумаўшыся над новым паваротам гэтай неверагоднай гісторыі. Першым ускочыў на ногі Холмс.
– Вы ўсё зрабілі правільна, сэр, ад пачатку да канца, – сказаў ён. – Мы, магчыма, зможам вам аддзячыць, праліўшы трохі святла на ўсё, што здаецца вам поўнай цемраддзю. Але, як нам нядаўна нагадала міс Морстэн, ужо звечарэла, а таму давайце неадкладна возьмемся за справу.
Наш новы знаёмец акуратна скруціў трубку ад кальяна і выцягнуў з-за гардзіны вельмі доўгае паліто, упрыгожанае тасьмой, з каракулевым каўняром і закаўрашамі. Нягледзячы на тое, што вечар быў задушлівы, містэр Шолта зашпіліўся на ўсе гузікі і завяршыў зборы, начапіўшы вушанку з трусінага футра, якая хавала яго вушы так, што быў відаць толькі рухавы і востры твар.
– Здароўе ў мяне слабаватае, – зазначыў ён, ідучы калідорам. – Адсюль і іпахондрыя.
Звонку нас чакаў кэб. План дзеянняў фурман, відавочна, атрымаў загадзя, бо коні адразу ж рушылі хуткім крокам. Тадэвуш Шолта ўвесь час балбатаў, спрабуючы перакрычаць грукат колаў.
– Барталам’ю – хлопец разумны, – казаў ён. – Вам цікава, як ён знайшоў скарб? Дык вось, ён прыйшоў да высновы, што каштоўнасці захоўваюцца дзесьці ў доме, а таму старанна агледзеў кожны метр нашага жытла і перамераў усе пакоі, не пакінуўшы без увагі ні цалі. Так, напрыклад, ён вызначыў, што вышыня будынка складае семдзесят чатыры футы, але калі скласці вышыні пакояў і накінуць таўшчыню перакрыццяў, вылічаных з дапамогай прасвідраваных адтулінаў, агульная вышыня аказваецца не большай за семдзесят футаў. Куды падзеліся яшчэ чатыры? Шукаць іх трэба было дзесьці наверсе. Тады брат прабіў дзірку ў столі апошняга паверха і там, як і варта было чакаць, знайшоў патаемнае гарышча, замураванае і нікому не вядомае. Усярэдзіне на дзвюх бэльках стаяў куфар са скарбам. Брат выцягнуў яго праз дзірку – цяпер куфар з каштоўнасцямі ў яго. Паводле яго ацэнак, іх кошт – не менш за паўмільёна стэрлінгаў.
Пачуўшы пра такую гіганцкую суму, мы паглядзелі адно на аднаго шырока раскрытымі вачыма. Калі мы здолеем абараніць правы міс Морстэн, з беднае гувернанткі яна ператворыцца ў адну з найбагацейшых спадчынніц Англіі. Добры яе сябар павінен быў бы ўзрадавацца, пачуўшы такую навіну, але да свайго сораму мушу прызнацца, што маё сэрца – сэрца сапраўднага эгаіста – зрабілася нібы свінцовае. Заікаючыся, я прамармытаў некалькі няўцямных словаў віншавання, панура павесіў галаву і апусціў вочы, не чуючы балбатні нашага новага знаёмца. Ён і праўда быў іпахондрыкам, і я быццам праз сон чуў пералічэнні бясконцых сімптомаў і просьбы патлумачыць яму склад і дзеянне цэлага шэрагу шарлатанскіх пігулак, многія з якіх ён меў пры сабе ў кішэні ў скураным мяшэчку. Спадзяюся, ён забыўся пра ўсе адказы, якія я даў яму тым вечарам. Холмс сцвярджае, што я настойліва раіў містэру Шолта не прымаць больш за дзве кроплі касторавага алею за раз, і рэкамендаваў вялікія дозы стрыхніну* ў якасці супакаяльнага сродку. Я адчуў вялізную палёгку, калі наш кэб рэзка спыніўся і фурман саскочыў на зямлю, каб адчыніць нам дзверы.
– Вось, міс Морстэн, і Пандычэры-Лодж, – сказаў містэр Тадэвуш Шолта, дапамагаючы ёй выйсці з экіпажа.
2
Кепскі густ вядзе да злачынства (фр.).