Читать книгу Маска Чырвонае Смерці (зборнік) - Эдгар Аллан По, Эдгар Алан По, Marta Fihel - Страница 11

Апавяданні
Элеанора

Оглавление

Sub conservatione formae specificae salva anima.

Пры захаванні пэўнай формы душа застаецца жывою (лац.)

Раймунд Лулій*

Я паходжу з роду, слыннага сілаю фантазіі і палам жарсці. Мяне называлі вар’ятам, аднак яшчэ невядома, ці не ёсць вар’яцтва найвышэйшым розумам і ці не бярэ ўсё слаўнае і мудрае пачатак з запалёнае думкі, з асаблівага настрою розуму, узнесенага цаною страты звычайнага інтэлекту. Тыя, хто бачыць сны наяве, абазнаныя шмат у якіх рэчах, што недасяжныя для тых, хто бачыць сны адно ўначы. Скрозь туманныя летуценні яны зазіраюць у вечнасць і, прачнуўшыся, трымцяць ад адчування, што ім выпала стаяць на краі вялікае таямніцы. Урыўкамі да іх даходзяць крыхі мудрасці, якія ёсць дабром, і крыху больш – звычайныя веды, якія ёсць ліхам. Тым не менш без стырна і без компасу яны пранікаюць у неасяжны акіян «святла невымоўнага» і зноў, як у прыгодах нубійскага географа*, «agressi sunt mare tenebrarum, quid in eo esset exploraturi».[21]

Што ж, няхай кажуць, што я вар’ят. Прынамсі, я прызнаю, што ёсць дзве адрозныя формы майго псіхічнага існавання – бясспрэчны стан яснага розуму, якому належыць памяць пра падзеі, што склалі першы перыяд майго жыцця, і стан ценю й сумневаў, якія адносяцца да майго цяперашняга жыцця і згадак пра тое, што адбылося ў другой вялікай эры майго існавання. Такім чынам, давайце веры ўсяму, што я буду апавядаць пра першы перыяд, а што да пазнейшага перыяду, то стаўцеся да ўсяго роўна з такім даверам, як яно таго заслугоўвае, або сумнявайцеся, а калі сумнявацца вы не можаце, то ўявіце, што гэта – Эдыпава загадка.

Тая, каго я кахаў у юнацтве і пра якую цяпер ясна і спакойна пішу гэтыя ўспаміны, была адзінаю дачкою адзінае сястры маёй даўно ўжо спачылай маці. Маю кузіну звалі Элеанораю. Усё жыццё мы пражылі разам, сагрэтыя трапічным сонцам Даліны Шматколерных Траваў. Ніводзін чужы след не з’яўляўся ў той даліне, бо ляжала яна далёка-далёка, за ланцугом велізарных узвышшаў, што шчыльна навісалі наўкола, не прапускаючы сонечнае святло ў самыя прыгожыя яе закуткі. Ніводнае сцяжынкі не было пратаптана ў яе ваколіцах, і, каб трапіць у наш шчаслівы дом, трэба было прабрацца праз лісце тысячаў лясных дрэваў, да смерці растоптваючы хараство многіх мільёнаў духмяных кветак. Вось чаму мы жылі самотна, нічога не ведаючы пра свет па-за далінаю – я, мая кузіна ды яе маці.

З панурых земляў, што слаліся па-за высокімі гарамі, што з усіх бакоў абступілі наш край, прасочвалася вузенькая і глыбокая рачулка, ярчэйшая за ўсё на свеце, акрамя вачэй Элеаноры; і, крадучыся звілістым шляхам, яна знікала ў цяністай шчыліне гор, між узвышшаў, яшчэ больш панурых за тыя, з якіх яна брала пачатак. Мы назвалі яе Ракою Маўчання, бо здавалася, быццам плынь яе валодала нейкай сілай бязгучнасцi. Ніякага цурчання не чулася ад яе, лілася яна так лагодна, што перламутравыя каменьчыкі, на якія мы так любілі глядзець, нерухома ляжалі ў глыбіні, кожны на адным і тым жа месцы, выпраменьваючы велічнае ззянне.

Берагі той ракі і яе шматлікіх бліскучых ручаёў, што лёгка рухаліся да рэчышча праз пакручастыя сцежкі, гэтаксама як і неасяжная прастора, што распасцерлася ад самых глыбокіх краёў да самага дна, высланага галькай, – гэтыя мясціны, як і ўся паверхня даліны, ад рэчкі да гор, што апярэзвалі яе, былі засланыя мяккаю зялёнаю травою, густою, нізкаю, беззаганна роўнаю, напоўненаю водарам ванілі і так прыгожа ўсеянаю паўсюль жоўтымі казяльцамі, белымі стакроткамі, пурпурнымі фіялкамі і рубінавымі асфадэлямі, што ўсё гэтае бязмернае хараство хвалявала нашыя сэрцы, гучна апавядаючы пра каханне і славу Усявышняга.

Дзе-нідзе сярод гэтае травы, нібы дзівосныя сны, узвышаліся незвычайныя дрэвы, чые высокія тонкія камлі стаялі не проста, а грацыёзна хіліліся да святла, што апоўдні разлівалася ў самае сэрца даліны. Кара іх стракацела яркім бляскам, у якім чаргаваліся водбліскі чарноты й срэбра, і была яна пяшчотнейшая за ўсё, акрамя шчок Элеаноры, і калі б не пышная зеляніна вялізных лістоў, якія спадалі з вершалінаў даўгімі хісткімі радамі, падлашчваючыся да лёгкага ветрыку, то можна было прыняць тыя дрэвы за гіганцкіх сірыйскіх змеяў, што аддавалі пашану свайму ўладару – Сонцу.

Трымаючыся за рукі, пятнаццаць гадоў блукалі мы з Элеанораю па той даліне, пакуль каханне не запанавала ў нашых сэрцах. Сталася тое аднаго вечара на зыходзе трэцяга пяцігоддзя яе жыцця і чацвертага – майго, калі мы сядзелі пад змеепадобнымі дрэвамі, сціскаючы адно аднаго ў абдымках, і глядзелі на ваду ў Рацэ Маўчання, на нашыя адлюстраванні ў ёй. Мы не прамовілі ні слова ў той цудоўны дзень, і нават вымаўленае намі назаўтра было нешматлікім і нясмелым. Мы выклікалі бога Эрота з тае хвалі і цяпер адчувалі, што ён абудзіў у нас палкасць, закладзеную яшчэ ў нашых продках. Жарсці, якімі вякамі быў адзначаны наш род, сабраліся, перапоўненыя фантазіямі, і пранесліся шалёнаю асалодаю над Далінаю Шматколерных Траваў. Усё ў ёй змянілася. Незвычайныя цудоўныя кветкі, падобныя да зорак, распусціліся на дрэвах, тых, якія раней ніколі не ведалі квецені. Зяленіва смарагдавага кіліма стала яшчэ больш насычаным, а калі адна за адною звялі белыя стакроткі, замест іх параспускаліся дзясяткі рубінавых асфадэляў. Жыццё пачало з’яўляцца ўсюды, куды б нашая нага ні ступала, – высокі фламінга, дагэтуль не бачаны, разам з іншымі вясёлымі яркімі птушкамі выхваляўся перад намі сваім пунсовым апярэннем. Залатыя і срэбныя рыбкі заплюхаліся ў рацэ, з лона якое паціху пачало раздавацца цурчанне, што ўрэшце ператварылася ў мелодыю калыханкі, прыгажэйшую за Эолаву арфу, саладзейшую за ўсё на свеце, акрамя голасу Элеаноры. І вялізнае воблака, якое мы бачылі толькі блізу Геспера*, прыплыло адтуль, выпраменьваючы барвовыя і залатыя водбліскі, і, мірна ўладкаваўшыся па-над намі, дзень пры дні пачало апускацца усё ніжэй, аж пакуль краямі не ўлеглася на вершаліны гор, ператвараючы іх цьмянасць у велічнасць і замыкаючы нас у чароўнай вязніцы пышнасці й прыгажосці.

Хараством Элеанора была падобная да серафіма, але была яна дзяўчо наіўнае і шчырае, як і кароткае жыццё, што яна прабавіла сярод кветак. Яна не хавала палымянага кахання, што хвалявала яе сэрца, і зазірнула разам са мною ў самыя патаемныя яго закуткі, калі мы ўдваіх шпацыравалі Далінаю Шматколерных Траваў, разважаючы пра вялікія змены, што кагадзе там адбыліся.

І аднойчы ў слязах загаварыла яна пра апошнюю змену, што напаткае ўсё чалавецтва, і з таго часу адно пра гэта цвердзіла, шторазу вяртаючыся да гэтае сумнае тэмы, гэтаксама як у песнях шыразскага паэта* ва ўсіх варыяцыях зноў і зноў сустракаюцца тыя самыя вобразы.

Яна адчула, што Смерць кранулася рукой яе грудзей – падобная да матылька, яна была надзеленая незвычайнаю прыгажосцю адно для таго, каб памерці; але жах смерці для яе быў толькі ў адным, аб чым аднойчы ўвечары яна і расказала мне на беразе Ракі Маўчання. Вялікі боль прыносіла ёй думка пра тое, што, пахаваўшы яе ў Даліне Шматколерных Траваў, я назаўсёды пакіну гэты шчаслівы край і дарыцьму каханне, палкасць якога дагэтуль належала толькі ёй, панне са свету вонкавага й бруднага. І тады я адразу ж кінуўся да ног Элеаноры і пакляўся перад ёй і Нябёсамі, што ніколі не ажанюся ні з адной дачкой зямлі, што нічым не здраджу яе светлай памяці або памяці яе шчырага пачуцця, якім яна гэтак мяне ашчаслівіла. І я паклікаў магутнага Уладара сусвету, каб Ён стаў сведкам урачыстасці мае клятвы. А як я парушу тую клятву, то няхай прыпадзе на мяне кара, аб якой я прасіў Яго і яе, святую, што жыцьме ў Элізіюме*, і няхай кара тая будзе такою жахліваю, што я нават казаць пра яе не наважуся. І ясныя вочы Элеаноры пасвятлелі, калі я сказаў гэтыя словы; і яна ўздыхнула, нібы смяротны цяжар упаў з яе душы, і, задрыжэўшы, вельмі горка заплакала, але прыняла маю клятву (бо яна была зусім дзіцем), і гэта дало ёй палёгку перад абліччам смерці. Праз колькі дзён, мірна адыходзячы, яна сказала мне, што за тое, што я зрабіў для заспакаення яе душы, яна пасля смерці будзе ахоўваць мяне, і, калі ёй будзе дазволена, уначы будзе прыходзіць да мяне наяве; але ж, калі райскім душам тое не будзе дазволена, яна, прынамсі, часта давацьме мне знакі свае прысутнасці – ці то ўздыхаючы вечаровым ветрыкам, ці то напаўняючы паветра, якім я дыхаю, водарам анёльскіх кадзілаў. І з гэтымі словамі на вуснах яна рассталася са сваім нявінным жыццём, кладучы канец першай эпосе майго быцця.

Дасюль я казаў толькі праўду. Аднак, мінаючы бар’ер на шляху Часу, утвораны сконам маёй каханай, і ўступаючы ў другую эру свайго існавання, я адчуваю, як цень ахутвае мой розум, і я сумняюся ў беззаганнасці сваёй памяці. Аднак я буду казаць далей. Гады пакутліва цягнуліся адзін за адным, а я ўсё яшчэ не сыходзіў з Даліны Шматколерных Траваў; але яшчэ адна вялікая змена адбылася ў ёй. На дрэвах звялі падобныя да зорак кветкі і ніколі ўжо больш не з’яўляліся. Прыцьмелі фарбы смарагдавага кіліма, і адзін за адным змарнелі рубінавыя асфадэлі, замест іх распусціліся дзясяткі цёмных, нібы вочы, фіялак, што так трывожна выгіналіся і былі заўсёды абцяжараныя расою. Жыццё ўжо больш не віравала ў тых краях, дзе мы калісьці бавіліся, – высокі фламінга болей не выхваляўся сваім пунсовым апярэннем, а ў журбе адляцеў за горы разам з усімі калісьці вясёлымі птушкамі, што некалі прыляцелі разам з ім. Залатыя і срэбныя рыбкі сплылі ўніз па плыні цераз цясніну ў гарах і ўжо ніколі болей не ўпрыгожвалі нашае цудоўнае рэчкі. Мелодыя калыханкі, што была прыгажэйшаю за Эолаву арфу і саладзейшаю за ўсё на свеце, акрамя голасу Элеаноры, пакрысе знікала, бо цурчанне рабілася ўсё цішэйшым, пакуль нарэшце рака цалкам не занурылася ў сваё першапачатковае ўрачыстае маўчанне. Велізарнае воблака ўзнялося ўгару і, пакідаючы вершаліны гор у іх ранейшай панурасці, адляцела назад у краі Геспера, прыхапіўшы з сабою сваё залатаноснае і раскошнае хараство з Даліны Шматколерных Траваў.

Аднак Элеанора не забылася на свае абяцанні, бо я чуў звон анёльскіх кадзілаў, а хвалі незямнога водару праплывалі ўвесь час па-над далінаю; і ў гадзіны самоты, калі цяжка білася маё сэрца, вецер, што абвяваў мой лоб, даносіў да мяне ціхія ўздыхі; і няпэўны шэпт нярэдка поўніў начное паветра. А аднаго разу – о, усяго аднойчы! – я прачнуўся ад глыбокага, быццам смерць, сну, адчуўшы на сваіх вуснах прывідны дотык.

Але ж пустэча ў маім сэрцы не запаўнялася. Я прагнуў кахання, якое датуль перапаўняла яго. Нарэшце даліна пачала мучыць мяне ўспамінамі пра Элеанору, і я пакінуў яе назаўжды дзеля бурлівых і ўвадначас марных уцехаў свету.

* * *

Я апынуўся ў незнаёмым горадзе, дзе ўсё навокал, здавалася, спрыяла таму, каб збавіць маю памяць ад тых салодкіх сноў, што так доўга сніліся мне ў Даліне Шматколерных Траваў. Пышнасць і раскоша велічнага двара, і шалёны ляскат зброі, і асляпляльнае хараство жанчынаў збянтэжылі і ап’янілі мой розум. Аднак, як і раней, душа мая заставалася вернаю дадзеным абяцанням, і ціхімі начамі Элеанора нагадвала мне пра сябе сваёю нябачнаю прысутнасцю. Аж раптам усё скончылася, і свет змарнеў у мяне ўваччу, і я спалохаўся жахлівых думак, што авалодалі мною, і страшэнных спакусаў, якія апанавалі мяне, бо з нейкага далёкага і невядомага краю прыбыла да вясёлага двара караля, якому я служыў, панна, краса якое адразу ж паланіла маё нявернае сэрца. Без ваганняў кінуўся я да яе ног у самым палкім, самым пакорным любоўным пакланенні. Бо ці ж маглі мае пачуцці да юнае дзяўчыны зраўнацца з тою палымянасцю, з тым шалам, з тою нябеснаю асалодаю пакланення, з якімі я выліў у слязах усю сваю душу незямной Эрменгардзе? О, светлы серафім Эрменгарда! Гэты вобраз прагнаў з мае памяці згадкі пра іншую. О, боскі анёл Эрменгарда! Углядаючыся ў глыбіню яе незабыўных вачэй, я думаў толькі пра іх – і пра яе.

Я ажаніўся і не страшыўся праклёну, які наклікаў на сябе; і горыч ягоная не спасцігла мяне. Аднаго разу, усяго аднойчы, сярод начное цішы праз краты акна да мяне данесліся мяккія ўздыхі, даўно ўжо забытыя мною, і я пачуў такі знаёмы пяшчотны голас:

– Спі спакойна! Бо над усім пануе Дух Кахання, і, аддаўшы сваё сэрца той, каго завеш Эрменгардаю, ты вызваляеш сябе ад абяцанняў, што даваў Элеаноры. Чаму? Пра тое дазнаешся на нябёсах.

Пераклала Вераніка Сідарэнка

21

Уваходзяць у мора цемры*, каб даследаваць, што ў ім (лац.).

Маска Чырвонае Смерці (зборнік)

Подняться наверх