Читать книгу Маска Чырвонае Смерці (зборнік) - Эдгар Аллан По, Эдгар Алан По, Marta Fihel - Страница 6

Апавяданні
Авальны партрэт

Оглавление

Замак, у які мой слуга наважыўся праламіцца гвалтам, каб не дазволіць мне ў маім безнадзейна немачным стане прабавіць ноч пад голым небам, уяўляў сабою адну з тых напышлівых і панурых каменных крушняў, што здавён змрочна высіліся сярод апенінскіх схілаў, нібы спароджаныя фантазіямі місіс Рэдкліф*. Па ўсім было відаць, што ягоныя насельнікі часова і зусім нядаўна яго пакінулі. Мы размясціліся ў адным з найменшых і найсціплей абстаўленых пакояў, які ляжаў у невялічкай вежы наўскрай будынка. Ён быў багата аздоблены габеленамі і завешаны шматлікімі і разнастайнымі геральдычнымі шчытамі, разам з незвычайна высокай колькасцю вельмі жывых сучасных карцінаў у рамах з залачонымі арабескамі. Гэтыя карціны, якія віселі не толькі на саміх сценах, але ў шматлікіх угінах і сховах, якія непазбежна ўтвараліся дзівоснаю архітэктураю замка, неяк дзіўна мяне зацікавілі, мабыць, таму, што я ўжо пачынаў трызніць; і я папрасіў Пэдра зачыніць цяжкія аканіцы – бо за вокнамі ўжо стаяла ноч, – запаліць свечкі ў высокім кандэлябры, што стаяў у галовах майго ложка, і адхінуць заслоны з чорнага аксаміту, якія закрывалі сам ложак. Усё гэта я загадаў зрабіць дзеля таго, каб аддацца калі не сну, дык прынамсі папераменнаму сузіранню гэтых карцінаў і гартанню невялікай кнігі, якую я знайшоў каля падушкі і якая змяшчала іх агляд і апісанне.

Я доўга-доўга чытаў і пільна-пільна ўглядаўся. Гадзіны праляталі хутка і ўрачыста, пакуль не настала глыбокая поўнач. Мне не спадабалася, як стаіць кандэлябр, і, з цяжкасцю працягнуўшы руку, каб толькі не будзіць прыснулага слугу, я пераставіў яго так, каб полымя паўней асвятляла кнігу.

Аднак гэтае дзеянне мела зусім неспадзяваны вынік. Промні ад свечак (а іх было некалькі) цяпер асвятлялі нішу, якая дагэтуль патанала ў глыбокай цемры каля адной з апораў ложка. І я пабачыў у зыркім святле незаўважную дагэтуль карціну. Гэта быў партрэт дзяўчыны, у якой толькі пачала выспяваць жаноцкасць. Я паспешліва зірнуў на карціну і заплюшчыў вочы. Чаму я гэтак зрабіў – мне й самому адразу было незразумела. Але пакуль павекі заставаліся апушчаныя, я ў думках пашукаў прычыну – чаму я заплюшчыў вочы. Гэта быў міжвольны рух, каб заашчадзіць хвілінку на роздум – каб упэўніцца, што мой зрок мяне не падмануў, – каб супакоіцца і падпарадкаваць уяўленне цвярозаму і пэўнаму роздуму. Праз некалькі імгненняў я зноў пільна ўзіраўся ў карціну.

Што мне не прымроілася – у тым не было аніякага сумневу; бо першы водбліск полымя на палатне, як здалося, развеяў мройнае здранцвенне, якое апанавала мае пачуцці, і ўмомант абудзіў мяне да жыцця.

Гэта быў, як я ўжо казаў, партрэт дзяўчыны. Звычайны партрэт, калі ўжыць тэхнічны тэрмін, у манеры віньеткі; вельмі падобны стылем да партрэтаў Салі*. Рукі, грудзі і нават кончыкі прамяністых валасоў незаўважна зліваліся з няясным і глыбокім ценем, які ўтвараў тло карціны. Рама была авальная, пакрытая багатым залачэннем і маўрытанскімі філігранямі. Як твор мастацтва сама карціна была дасканалая. Аднак наўрад ці самое выкананне ці несмяротная прыгажосць твару маглі так раптоўна і моцна мяне ўразіць. І ўжо зусім не магло быць, каб маё ўяўленне, абуджанае ад паўсну, магло зблытаць партрэт з жывым абліччам. Я адразу пабачыў, што асаблівасці ўзору, стылю і рамы мусілі б адразу развеяць гэткую думку – мусілі б не даць ёй узнікнуць нават на імгненне. Паважна думаючы над гэтымі пытаннямі, я нейкую гадзіну сядзеў у ложку, не зводзячы вачэй з партрэта. Нарэшце, задаволены сапраўднай таямніцай ягонага ўздзеяння, я зноў лёг. Чары карціны, на маю думку, палягалі ў абсалютнай жыццепадобнасці выразу твару, які спачатку здзівіў, а пасля збянтэжыў, скарыў і спалохаў мяне. З глыбокім і багавейным страхам я паставіў кандэлябр на старое месца. Калі прычына майго глыбокага хвалявання схавалася ад вачэй, я пачаў прагна гартаць кнігу, дзе апісваліся карціны ды іхныя гісторыі. Знайшоўшы нумар, якім быў пазначаны авальны партрэт, я прачытаў гэткія няясныя й дзівосныя словы: «Яна была панна незраўнанае прыгажосці, і весялосць яе не саступала ейнай красе. І ў ліхую гадзіну пабачыла яна, пакахала і ўзяла шлюбам мастака. Ён быў апантаны, заўзяты, няшчадны і ўжо меў за нявесту сваё Мастацтва; яна ж была панна незраўнанае прыгажосці, і весялосць яе не саступала ейнай красе; яна ззяла і ўсміхалася і скакала, як маладая лань; любіла й песціла ўсё, што бачыла навокал; ненавідзела толькі мастацтва – сваю злую суперніцу; баялася толькі палеты і пэндзляў ды іншых нясцерпных снадзіваў, якія забіралі ў яе каханага. Таму страшна было пачуць гэтай панне, што мастак жадае намаляваць партрэт сваёй нявесты. Аднак яна была пакорлівая й паслухмяная і аддана сядзела доўгімі тыднямі ў цьмяным пакоі ў вежы, дзе на бледнае палатно аднекуль высока згары падала рэдкае святло. Аднак ён, мастак, упіваўся славаю ад свае працы, якая цягнулася гадзінамі, дзень пры дні. Гэта быў апантаны, дзікі й наравісты чалавек, які згубіўся ў сваіх мроях; так што ён і не заўважыў, як прывіднае святло ў самотнай вежы пачало губіць здароўе і сілу ягонай нявесты, чыё павольнае звяданне заўважалі ўсе, апрача яго. Але яна й надалей усміхалася і не наракала, бо бачыла, што мастак (які меў немалую славу) адчуваў ад сваёй працы пякучую асалоду, ён працаваў дзень і ноч, каб намаляваць тую, што так яго кахала і што няможала й слабла з кожным днём. І сапраўды, усе, хто глядзеў на партрэт, шэптам гаварылі пра падабенства як пра вялікі цуд, як пра доказ не толькі вялікага майстэрства мастака, але й яго бязмежнага кахання да той, каго ён так незраўнана апісаў на карціне. Аднак урэшце, калі праца ўжо набліжалася да завяршэння, у вежу перасталі пускаць старонніх людзей; мастак зусім здзічэў у запале сваёй працы і рэдка зводзіў вочы ад палатна, нават каб паглядзець на жончын твар. Таму ён і не заўважаў, што адценні, якія ён наносіў на палатно, браліся з шчокаў той, што сядзела побач з ім. І калі мінула яшчэ некалькі тыдняў і засталося зрабіць зусім мала, правесці пэндзлем па вуснах і дадаць адцення вачам, душа панны ўскалыхнулася, як полымя лямпы перад згасаннем. І тады фарба легла на вусны і адценне дадалося вачам; і мастак на хвіліну застыў, зачараваны сваім творам; аднак праз імгненне, яшчэ не адвёўшы вачэй ад партрэта, ён задрыжаў і смяротна збялеў, і ў жаху закрычаўшы немым голасам: «Дык гэта ж самое жыццё!», павярнуўся да сваёй каханай: – Яна была нежывая!»

Пераклаў Сяргей Шупа

Маска Чырвонае Смерці (зборнік)

Подняться наверх