Читать книгу Маска Чырвонае Смерці (зборнік) - Эдгар Аллан По, Эдгар Алан По, Marta Fihel - Страница 9

Апавяданні
Вільям Вільсан

Оглавление

Што скажа мне суворае Сумленне, здань на маёй сцяжыне?

Чэмберлен*. «Фараніда»

Для пачатку дазвольце мне называць сябе Вільямам Вільсанам. Белая папера перада мной не заслугоўвае таго, каб трываць маё сапраўднае імя. Яно даўно ўжо выклікае жах, зрабілася ганебнай плямай на маім родзе. Куды толькі не даляталі абураныя вятры, разносячы плёткі пра маю неймаверную гнюснасць. О, выгнаннік выгнаннікаў, пакінуты цяпер усімі, ці не памёр ты назаўжды для свету? Для яго павагі, шанавання і найлепшых памкненняў? – ці не закрыла цяжкая, цёмная і бязмежная хмара ад цябе нябёсы і надзеі на райскае збавенне?

Дазвольце мне не апісваць тут апошнія гады маіх невыносных пакутаў і недаравальных злачынстваў. У апошнія гады я пераўзышоў самога сябе ў подласці, карані якой жадаю тут выкрыць. Людзі ва ўсім развіваюцца паступова – я ж, наадварот, усю дабрадзейнасць, нібы плашч, скінуў у адно імгненне і адзеў замест яе цяжкі саван віны. Ад даволі звычайнай распусты я зрабіў гіганцкі крок да гнюснасцяў Геліягабала*. Што і калі абудзіла гэтае зло? Паслухайце мяне, хаця б пакуль я буду гэта высвятляць. Смерць, набліжаючыся, ужо кінула на мяне свой слабы цень, змякчыўшы лютасць майго духу. Праходзячы цёмнай далінаю*, я прагну спачування – ледзь не сказаў «жалю» – маіх братоў. Я не супраць, каб яны паверылі, што я ў нечым ахвяра збегу абставін. Я быў бы рады, каб яны адшукалі ў прыведзеных фактах невялічкі аазіс перадвызначанасці ў пустыні памылак. Я з прыемнасцю пераканаў бы іх – і яны пераканаліся б: хоць спакусы і раней былі вялікія, але чалавек ніколі так не падпадаў пад іх уплыў, а таму ніколі не падаў так нізка – і не так моцна пакутаваў. Ці не было гэта толькі сном? Ці не гіну я ахвярай самай жахлівай і таямнічай з усіх зямных відзежаў?

Я нашчадак роду, чыёй вызначальнай рысай заўжды былі фантазія і палкі тэмперамент, і ўжо з маленства я быў жывым доказам сямейнага характару, атрыманага ў спадчыну. З гадамі ён праяўляўся ўсё мацней, нярэдка выклікаючы сур’ёзную трывогу ў маіх сяброў і прыносячы шкоду мне самому. Я рос свавольным гарэзнікам, ахвярай самых нястрымных жарсцяў. Мае слабахарактарныя бацькі, носьбіты такіх жа якасцяў, не здольныя былі супрацьстаяць маім заганам. Мае бацькі толькі вяла адзначалі мае злыя якасці. Іх рэдкія спробы майго выхавання заўжды прыводзілі да іх паразы і майго суцэльнага трыюмфу. З таго часу маё слова зрабілася законам для сям’і, і ва ўзросце, калі іншых дзяцей яшчэ водзяць за ручку, я быў пакінуты сам сабе і зрабіўся, па сутнасці, гаспадаром сваіх жаданняў.

Мае першыя ўспаміны пра школьнае жыццё звязаныя з прагулкамі пехам уздоўж вялікай сядзібы часоў каралевы Елізаветы ў туманным ангельскім мястэчку з мноствам велізарных крывых дрэваў, дзе ўсе дамы былі надзвычай старадаўнія. Напраўду, гэта быў рамантычны мройны горад, асвечаны часам. І цяпер мне здаецца, нібы я адчуваю асвяжальны халадок паўзмроку яго вулак, удыхаю водар паўсюднага хмызняку і зноў дрыжу ад невымоўнай прыемнасці пад глухія гукі царкоўнага звону, які штогадзіну нечакана тужлівым гулам разганяў спакой і цемру, у якой спачывала старажытная гатычная званіца.

Часамі мне прыемна згадваць школу і ўсё, што з ёй звязана, – прынамсі ў той ступені, у якой я здольны на гэта цяпер. Мне, зануранаму ў пакуты – пакуты, на жаль, надта сапраўдныя, – хай мне даруюць пошук палёгкі, хаця б слабой і часовай, у некалькіх разрозненых згадках. Яны, хоць цалкам звычайныя і нават смешныя, для мяне вельмі значныя, бо звязаныя з той парой і мясцовасцю, у якія я спазнаў першыя цьмяныя папярэджанні лёсу, што пазней цалкам паглынуў мяне. Таму дазвольце мне прыгадаць.

Сядзіба, як я казаў, была старая і несуладная, а падворак вакол – шырокі, аточаны высокім цагляным мурам, пасыпаным зверху бітым шклом. Гэты бастыён, што нагадваў турму, і быў мяжой маёнтка, за які мы выходзілі тры разы на тыдзень; раз – у суботу апоўдні, калі нам разам з двума прыслужнікамі дазвалялася выйсці на кароткі шпацыр у палях, што раскідваліся побач, і двойчы – у нядзелю, калі нас шыхтом вялі на ранішняе і вечаровае набажэнствы ў вясковую царкву. Дырэктар нашай школы быў святар у гэтай царкве. З якім жа глыбокім душэўным здзіўленнем і разгубленасцю я пазіраў на яго з нашых царкоўных лаваў, калі ён павольна і велічна ўзыходзіў на кафедру. Пастар са сціплым і спакойным тварам у дбайна напудраным парыку, шорсткім і вялікім, у шатах, якія бліскучымі хвалямі спадалі на падлогу, – няўжо гэта ён яшчэ нядаўна з кіслай мінай, у неахайным сурдуце ў крышках табакі лінейкай вяршыў драконаўскія законы нашай установы? О, спалучэнне неспалучальнага, няўмольная супярэчлівасць, жудасная ў сваёй неспасцігальнасці!

З-за рога цяжкога мура пазірала яшчэ больш цяжкая брама. Яна была абкляпаная цвікамі, што вострымі шыпамі тырчалі з яе. Якое ж душэўнае трымценне яна выклікала! Яе ніколі не адчынялі, апроч трох разоў, якія я ўжо згадваў; таму кожны рып магутных петляў поўніўся таямніцамі – выклікаў мноства змрочных назіранняў і яшчэ змрачнейшых роздумаў.

Шырокая агароджа была няправільнай формы з мноствам ёмістых нішаў. Тры-чатыры найбольшыя з іх выконвалі функцыю пляцовак для гульняў. Яны былі роўныя, ашчадна пасыпаныя жвірам. Я добра памятаю, што там не было дрэваў, лаваў ці чагось такога. І месціліся пляцоўкі, зразумела, за сядзібай. А вось перад ёй быў кветнік, засаджаны самшытам і іншым хмызняком, але праз гэтае святое месца мы праходзілі толькі ў самых рэдкіх выпадках – калі, напрыклад, паступалі ў школу ці заканчвалі яе альбо калі бацькі ці сябры наведвалі нас, і мы радасна ад’язджалі дадому на Раство ці летнія вакацыі.

Але ж сядзіба… Наколькі адметны стары будынак! Ён здаваўся мне сапраўдным казачным замкам! Безліч разнастайных закуткоў і бясконцых калідораў. Складана было з пэўнасцю сказаць, на якім з двух яго паверхаў ты знаходзішся. Трэба было зрабіць тры-чатыры крокі ўверх ці ўніз па прыступках, каб трапіць з аднаго пакоя ў іншы. Бакавых калідораў, разгалінаваных і заблытаных, было так неспасцігальна шмат, што нам прасцей было ўявіць бясконцасць, чым парадак іх размяшчэння. За ўсе пяць гадоў, што я там пражыў, я не мог з дакладнасцю вызначыць, дзе ж месціўся маленькі пакой, прызначаны для мяне і яшчэ васямнаццаці-дваццаці шкаляроў.

Клас быў найвялікшым пакоем у будынку – я не мог пазбавіцца думкі, што і ў свеце. Ён быў вельмі доўгі, вузкі і змрочны, з завостранымі гатычнымі вокнамі і навіслай дубовай столяй. У дальнім куце, што навяваў жах, частка плошчы была абгароджаная на восем-дзесяць футаў пад «святая святых» – кабінет дырэктара, вялебнага доктара Брэнсбі. Гэта была ўнушальная канструкцыя з масіўнымі дзвярыма – нават у адсутнасць «пастыра» яго авечкі хутчэй загінулі б у страшных пакутах, чым адчынілі іх. Па іншых кутах было яшчэ два падобныя адсекі, нашмат менш пачэсныя, але ўсё з той жа аўрай страху. Адзін з іх быў каморынай настаўніка класічных моваў, другі – настаўніка ангельскай і матэматыкі. Раскіданыя ўпоперак і ўздоўж, у кабінеце ў бясконцым беспарадку месціліся незлічоныя парты і лавы – чорныя, старыя, струхлелыя, заваленыя зашмальцаванымі кнігамі і настолькі спярэшчаныя літарамі ініцыялаў і поўнымі імёнамі, гратэскавымі выявамі ды іншымі слядамі сцізорыка, што цалкам страцілі першапачатковы выгляд і даўно чакалі замены. У адным канцы класа стаяла вялізнае вядро, у іншым – аграмадных памераў гадзіннік.

Аточаны вялізнымі мурамі гэтай прэстыжнай установы, я правёў без усялякай стомы ці агіды трэція пяць гадоў майго жыцця. Багатае дзіцячае ўяўленне не патрабуе дзеля забавы віру падзеяў, і, безумоўна, маркотная манатоннасць навучання выклікала моцнае хваляванне, якое пасля, у познім юнацтве, я атрымліваў выключна ад раскошы, а яшчэ пасталеўшы – ад злачынстваў. Аднак я мушу верыць, што пачатак духоўнага развіцця быў у чымсьці незвычайны – больш за тое, эксцэнтрычны. У большасці людзей падзеі ранніх гадоў жыцця рэдка пакідаюць яскравыя ўспаміны да сталасці. Яны толькі шэры цень – слабая і цьмяная згадка: расплывістыя і невыразныя радасці і прывідныя жахі. У мяне ўсё інакш. Яшчэ ў дзяцінстве я адчуваў так па-даросламу, што і цяпер мая памяць захавала адбіткі ўспамінаў – такіх выразных, глыбокіх і трывалых, нібы надпісы на карфагенскіх медалях.

Але з пункту гледжання большасці тут амаль няма чаго згадваць. Ранішні пад’ём і вечаровы адбой; зубрэнні і чытанні на памяць; скарочаны дзень і суботні шпацыр; пляцоўка для гульняў з яе спрэчкамі, забавамі, інтрыгамі – усё гэта з дапамогай нейкіх даўно забытых духоўных чараў зацягвала ў бездань адчуванняў, у свет, багаты на падзеі, у вір разнастайных эмоцый, хваляванняў самых жарсных і ўзрушальных. Oh, le bon temps, que ce siècle de fer![15]

Напраўду, палкасць, узнёсласць і ўладарнасць майго характару хутка вылучылі мяне сярод аднакашнікаў і паступова, паводле натуральнай іерархіі, далі мне ўплыў на ўсіх, нават крыху старэйшых за мяне – за адным выключэннем. Яно ўвасобілася ў постаці аднаго з вучняў, які, хоць і не быў мне сваяком, меў такое ж імя і такое ж прозвішча, як у мяне, – выпадак, заўважу, малавызначальны, бо, пры ўсім маім высакародным паходжанні, маё прозвішча было дастаткова распаўсюджаным і спрадвек належала нават простаму люду. Таму ў гэтым аповедзе я назваў сябе Вільямам Вільсанам – прыдуманым імем, якое не надта розніцца з сапраўдным. Мой цёзка быў адзіным з тых, з кім, як тады казалі, мы вадзіліся, і ён дазваляў сабе супернічаць са мной у навучанні, у спорце, у сутычках на пляцоўцы для гульняў, не давяраў на людзях майму слову і не падпарадкоўваўся майму ўплыву – больш за тое, быў перашкодай у любой праяве майго капрызнага дэспатызму. Калі на свеце і існуе найвышэйшая і неабмежаваная тыранія, то гэта тыранія мацнейшых духам над слабейшымі ў юнацкіх кампаніях.

Бунт Вільсана быў для мяне прычынай вялікіх пакутаў: нягледзячы на выклік і браваду, з якімі я паводзіўся з ім на людзях, я ўсё ж разумеў, што баюся яго, бо не магу прыняць роўнасць між намі, якое ён з такой лёгкасцю дасягаў, – а гэта ўжо даказвала ягоную перавагу, бо мне каштавала бясконцых высілкаў. Да таго ж ягоная перавага – менавіта гэтая перавага – не была бачная нікому, апроч мяне, і нашыя таварышы з нейкай невытлумачальнай слепасці, здавалася, нават не падазраюць пра яе. Насамрэч, гэтае спаборніцтва, гэтае супрацьстаянне і асабліва нахабнае і ўпартае ўмяшальніцтва ў мае справы былі выключна паміж намі. Ён падаваўся пазбаўленым той ганарыстасці і палкасці розуму, якія падагравалі мяне і вылучалі сярод іншых. У суперніцтве яго мэтай было толькі капрызнае жаданне замінаць мне, зневажаць мяне, хоць часам я не без абразы і раздражнення заўважаў, што ў яго нападах, кпінах і пярэчаннях праглядае недарэчная і, вядома, непажаданая пяшчота да мяне. Я разумеў, што гэтая ганарлівая саманадзейнасць вынікала з жадання апекаваць і абараняць.

Магчыма, гэтая вызначальная рыса ў паводзінах Вільсана (плюс аднолькавыя імёны і абсалютна выпадковае паступленне ў школу ў адзін дзень) паўплывала на агульнае меркаванне, нібыта мы – браты, сярод старшакласнікаў. А яны зазвычай не надта паглыбляюцца ў справы малодшых. Я ўжо вышэй сказаў, прынамсі, мусіў сказаць, што Вільсан не меў нават аддаленага дачынення да маёй сям’і. Але, безумоўна, калі б мы былі братамі, мы б нарадзіліся блізнятамі, бо пасля таго як я пакінуў установу містэра Брэнсбі, я выпадкова даведаўся, што мой цёзка нарадзіўся 19 студзеня 1813 года* – а гэта даволі знакавае супадзенне, бо акурат у гэты ж дзень нарадзіўся і я.

Магчыма, гэта дзіўна, але нават злосць і пастаянны неспакой, выкліканыя ў мяне суперніцтвам з Вільсанам і яго нясцерпным духам супярэчнасці, не маглі прымусіць мяне ўзненавідзець яго да канца. Амаль штодня мы мелі сутычкі, у якіх ён, саступаючы пальму першынства, у сваёй адвечнай манеры заўжды знаходзіў магчымасць даць мне адчуць, што гэта ён, а не я, заслугоўвае перамогі; тым не менш адчуванне гонару з майго боку і пачуццё ўласнай годнасці з ягонага дазвалялі нам не рабіцца шчырымі ворагамі, а падабенства нашых характараў абуджала ўва мне пачуццё, якому, магчыма, толькі нашае становішча замінала выспець у сяброўства. Вельмі складана вызначыць і пагатоў апісаць мае сапраўдныя пачуцці да яго. Яны ўтвараюць стракатую і неаднастайную сумесь – частка крыўдлівай варожасці, якая яшчэ не стала нянавісцю, часціна пашаны, вялікая частка павагі, шмат боязі і процьма цікаўнасці, за якую сорамна… Які-небудзь пісьменнік дадаў бы, што Вільсан і я былі непадзельнымі спадарожнікамі.

Няма сумневаў, ненармальныя стасункі, што склаліся ў нас, накіроўвалі ўсе мае напады супраць яго (а іх было мноства – адкрытых і прыхаваных) у рэчышча кпінаў і грубых жартаў (што пад выглядам мілых забавак прыносяць боль), не даючы гэтым адносінам перарасці ў сур’ёзную і рашучую варажнечу. Але мае высілкі ў гэтым кірунку не заўсёды мелі поспех, нават калі мае планы былі найбольш дасціпна задуманыя; у майго цёзкі ў характары прысутнічала сціплая і ціхая трываласць, што, атрымліваючы асалоду ад уласных жартаў, не мела ў сабе ніякай ахілесавай пяты і рабіла немагчымым смех з сябе. Я, вядома, здолеў адшукаць у ім прынамсі адну спецыфічную якасць, што ўзнікла, магчыма, ад хранічнага захворвання і магла б быць апошнім сродкам суперніка, што вычарпаў сваю фантазію гэтаксама, як я: мой супернік меў, відавочна, слабыя галасавыя звязкі, так што не мог размаўляць гучней, чым ціхім шэптам. Але і тое, што я апускаўся да карыстання такой перавагай, не сведчыла пра маю сілу.

Вільсан адплачваў мне вельмі разнастайна, але адзін з яго дасціпных метадаў турбаваў мяне найбольш. Якім чынам яго праніклівасць выкрыла гэты нязначны момант, што так раздражняў мяне, мне ніколі не зразумець, але, адшукаўшы яго, ён проста па-майстэрску ім карыстаўся. Я заўжды адчуваў агіду да свайго неарыстакратычнага прозвішча і да пашыранага, калі не плебейскага, імені. Яны былі атрутай для маіх вушэй, з дня майго паступлення, калі другі Вільям Вільсан таксама з’явіўся ў акадэміі, і я злаваў на яго за супадзенне і ўдвая больш ненавідзеў сваё прозвішча, бо яго меў нехта яшчэ, так што яно паўтаралася ў два разы часцей. Ён быў пастаянна побач, і яго справы ў звычайнай школьнай руціне праз агіднае супадзенне непазбежна будуць нярэдка блытаць з маімі.

Адчуванне прыкрасці ўзмацнялася з кожным выпадкам, што паказваў падабенства – маральнае ці фізічнае – паміж маім канкурэнтам і мной. Тады я яшчэ не ведаў, што мы аднаго веку, але бачыў, што мы аднаго росту і маем агульныя рысы ў выглядзе і характэрныя асаблівасці. Да таго ж мяне закраналі чуткі пра нашае сваяцтва сярод вучняў старэйшых класаў. Карацей, нішто мяне так не раздражняла (хоць я ашчадна хаваў любое раздражненне), як напамін пра падабенства нашых розумаў, характараў і абставінаў жыцця. Але ў мяне не было прычыны падазраваць (апроч, бадай, абмеркавання сваяцтва), што гэтае падабенства было прадметам размоваў альбо хаця б заўважалася нашымі таварышамі. Толькі ён гэтак жа засяроджана, як і я, выдаваў гэта ў манеры трымацца; але нават тут ён знаходзіў магчымасці, каб паддзець, што сведчыла, як я ўжо адзначыў, прыкметай надзвычайнай кемлівасці.

Яго тактыка палягала на тым, каб як мага больш дакладна капіяваць мяне і ў словах, і ў дзеяннях, і ён выдатна з гэтым спраўляўся. Скапіяваць маё адзенне было нескладана, хаду і манеру трымацца ён пераняў без цяжкасцяў і, нягледзячы на фізічны недахоп, нават мой голас быў ім узноўлены. Гучныя інтанацыі, зразумела, узнаўляць не атрымлівалася, але ўсе ключавыя моманты былі ідэнтычныя, і яго своеасаблівы шэпт напраўду зрабіўся маім рэхам.

Я цяпер не рызыкну апісаць, наколькі моцна гэты вытанчаны партрэт даймаў мяне (дзеля справядлівасці адзначу, што ён зусім не быў карыкатурай). Суцяшала мяне толькі тое, што гэтае капіяванне, несумненна, адзначаў толькі я, адзінаасобна трываючы дасведчанасць і дзіўныя з’едлівыя ўсмешкі майго цёзкі. Задаволены тым, што абуджаў унутры мяне, ён, падавалася, употай цешыўся з болю, які прыносіў, і паказальна грэбаваў ухваламі, якія яго паспяховыя практыкаванні лёгка маглі б выклікаць. Доўгія месяцы для мяне было загадкай, чаму ніхто не зразумеў яго намераў, не ацаніў яго дзеянняў і не ўзяў удзелу ў высмейваннях. Магчыма, паступовасць яго дзеянняў не так лёгка спасцігалася, альбо, верагодней, за сваю бяспеку я мусіў быць удзячны майстэрству перасмешніка, які, грэбуючы вонкавымі праявамі (выключна іх на карцінах і заўважаюць недалёкія людзі), узнаўляў сам дух арыгіналу, дазваляючы толькі сваёй ахвяры сузіраць усё, чым і дапякаў толькі яе.

Я ўжо не раз казаў пра агідны паблажлівы тон, абраны ім у дачыненні да мяне, і пра яго няпрошанае ўмяшальніцтва ў мае справы. Гэтае ўмяшальніцтва ўвасаблялася ў навязлівых парадах, якія даваліся не пры ўсіх, а сам-насам з дапамогай паступовага навядзення на думку. Я выслухоўваў іх з раздражненнем, якое з гадамі толькі набірала сілу. Тым не менш сёння, у такі далёкі ад таго часу дзень, дазвольце мне дзеля справядлівасці прызнаць, што ніводная з парадаў майго суперніка не вяла да недальнабачных памылак, уласцівых юнаму ўзросту і недастатковай дасведчанасці; гэтае яго маральнае адчуванне, калі не талент і жыццёвая мудрасць, было нашмат вастрэйшым за маё – а сёння я сам быў бы лепшы і шчаслівейшы, калі б не так часта адрынаў парады, зробленыя выразным шэптам, парады, якія я тады ненавідзеў усім сэрцам і якімі люта пагарджаў.

Так пад яго надзвычай непрыемным наглядам маё раздражненне павялічвалася, і я ўсё больш і больш адкрыта выказваўся, што я думаю пра яго невыносную пыху. Я ўжо згадваў, што ў першыя гады школы мае пачуцці да яго маглі выспець у сяброўскія, але ў апошнія месяцы майго знаходжання ў акадэміі, нягледзячы на тое, што яго дзеянні што да мяне ў пэўнай меры паслабіліся, мае пачуцці – у роўнай прапорцыі – набліжаліся да недвухсэнсоўнай нянавісці. Пасля аднаго выпадку, я думаю, ён гэта заўважыў і пачаў пазбягаць мяне – альбо рабіць выгляд, што пазбягае.

Менавіта тады, калі мяне не падманвае памяць, у нейкай бурнай сварцы ён быў як не ў сабе – прамаўляў і паводзіўся з неўласцівай яму раней адкрытасцю, і я заўважыў (альбо мне так падалося?) у яго тоне і агульнай манеры нешта такое, што спачатку выклікала страх, а пасля глыбока зацікавіла мяне, бо абудзіла слабыя згадкі пра маленства – блытаныя і тлумныя ўспаміны тых далёкіх часоў, калі памяць яшчэ і не нарадзілася. Я не здолею лепей перадаць пачуццё, што прыгнятала мяне тады, як прызнацца, што мяне апанавала дзіўнае адчуванне: чалавека перада мной я ведаю з самых даўніх, бясконца далёкіх часоў. Гэтая думка, аднак, знікла гэтак жа хутка, як і з’явілася, і я згадваю пра гэта толькі каб адзначыць дзень, калі я апошні раз размаўляў з маім незвычайным цёзкам.

У старым агромністым доме з незлічонымі прыбудовамі было некалькі велізарных прахадных пакояў, злучаных паміж сабой, у якіх спала пераважная большасць навучэнцаў. Там было, аднак (што звычайна для няўклюдна спланаваных будынкаў), шмат невялікіх клецяў і нішаў, утвораных разнастайнымі выступамі і перагародкамі, але вынаходлівы містэр Брэнсбі прыстасаваў іх для спальняў, хоць спачатку яны былі не больш чым уштукаванымі каморынамі, прыдатнымі для жыцця толькі аднаго чалавека. Адно з такіх невялікіх памяшканняў і займаў Вільсан.

Неяк пры канцы пятага года навучання, адразу пасля згаданай сутычкі, неспакойнай восеньскай ноччу, дачакаўшыся, пакуль усе паснуць, я ўзняўся з ложка і з лямпай у руцэ незаўважна пракраўся вузкімі пераходамі ад сваёй спальні да суперніка. Я ўжо даўно планаваў адпомсціць, здзейсніўшы адзін са сваіх дасціпных і зласлівых жартаў, якія пакуль не ўдаваліся. Я ішоў з мэтай ажыццявіць свае намеры, каб нарэшце даць яму зразумець усю глыбіню маёй злосці. Дасягнуўшы яго спальні, я ціхутка ўвайшоў, пакінуўшы накрытую лямпу звонку. Я зрабіў крок і прыслухаўся да ягонага роўнага дыхання. Запэўніўшыся, што ён спіць, я вярнуўся па лямпу і ўжо з ёй пайшоў да яго ложка, завешанага покрывам, якое, згодна з планам, я павольна і ціха адсунуў. І калі яркія промні святла трапілі на спячага, мой позірк упаў на ягоны твар. Я зірнуў – і скамянеў. Раптоўны холад прабраў маё нутро. Мае грудзі ўздымаліся, калені дрыжалі, а мой дух апанаваў невымоўны, нясцерпны жах. Цяжка дыхаючы, я паднёс лямпу яшчэ бліжэй да яго твару. Ці ж гэты твар – твар Вільяма Вільсана? Вядома, я бачыў, што гэта яго твар, але не мог у тое паверыць і ліхаманкава дрыжаў. Што ж такое ў ім мяне збянтэжыла? Я ўглядаўся, – а ў маёй галаве віравала мноства абрывістых думак. Несумнеўна, удзень ён выглядаў зусім не так. Тое ж імя! Тыя ж рысы твару! У той жа дзень трапіў у пансіён! І да таго ж упартае і незразумелае капіяванне маёй хады, голасу, звычак і манеры трымацца! Ці пад сілу чалавеку дасягнуць такога падабенства ў гэтым саркастычным перайманні? Узрушаны да глыбіні душы, я з трымценнем згасіў лямпу, моўчкі выйшаў з пакоя і адразу пакінуў сцены пансіёна, каб ніколі больш туды не вяртацца.

Пасля колькіх месяцаў, праведзеных дома ў абсалютнай бяздзейнасці, я зрабіўся студэнтам Ітану. Кароткага часу было дастаткова, каб мае згадкі пра здарэнні ў пансіёне доктара Брэнсбі саслабелі, – прынамсі, штось змянілася ў прыродзе пачуццяў, з якімі я гэта прыгадваў. Гэта болей не выглядала так рэальна і драматычна. Я пачаў сумнявацца ў беспамылковасці маіх пачуццяў, прыгадваў гэта толькі зрэдку, здзіўляючыся чалавечай даверлівасці і ўсміхаючыся сіле фантазіі, якая мне дасталася ад продкаў. Лад жыцця ў Ітане толькі спрыяў такому скепсісу. Вір безразважнага шалу, якому я так хутка і неабдумана аддаўся, змыў усё, апроч пены апошніх гадзін, адначасова паглынуўшы ўсе цэльныя сур’ёзныя ўражанні і пакінуўшы ў памяці толькі легкадумнасць былога існавання.

Аднак мне не хочацца апісваць праявы бездапаможнай распусты, аддаючыся якой, мы кідалі сапраўдны выклік законам, унікаючы тым не менш пільнага вока нашага каледжа. Тры гады гэтага шалу прайшлі без усялякай карысці, прышчапіўшы толькі кепскія звычкі; да таго ж я раптам незвычайна вырас і зрабіўся вельмі высокім. І вось аднойчы пасля тыдня жорсткіх і легкадумных забаваў я запрасіў на невялікую таемную гулянку сваіх найбольш распусных аднакурснікаў. Мы сустрэліся позна ўначы, бо нашыя гулянкі зацягваліся да самага ранку. Віно лілося ракой, ды і ў больш вострых спакусах не было недахопу, і калі золак толькі з’явіўся на ўсходзе, нашая апантаная блазнота была на самым піку. Моцна расчырванелы ад картаў і жарсці, я зацята прамаўляў больш чым блюзнерскі тост, калі нечакана маю ўвагу забраў рэзкі гук прачыненых дзвярэй і напружаны голас служкі. Не ўваходзячы, ён паведаміў, што нейкі чалавек, які вельмі спяшаецца, хацеў бы паразмаўляць у вітальні.

Шалёна ўзрушаны віном, я хутчэй узрадаваўся, чым здзівіўся, гэтай нечаканасці і адразу ж, хістаючыся, пайшоў у вітальню. У гэтым нізкім і маленькім пакоі не было лямпы, і цяпер сюды зусім не пранікала святла, апроч надзвычай слабога золку, які заглядаў праз паўкруглае акно. Пераступіўшы цераз парог, я апынуўся перад чалавекам майго росту, апранутым у белы кашміравы строй, пашыты па апошняй модзе, такі ж, які быў на мне. Слабое асвятленне дазволіла мне заўважыць толькі гэта, але рысаў твару я разгледзець не здолеў. Калі я ўвашоў, ён зрабіў крок да мяне і, нецярпліва схапіўшы маю руку, прашаптаў на вуха: «Вільям Вільсан!»

Я адразу ж цалкам працверазеў. У манеры незнаёмца трымацца, у ледзь заўважным трымценні ў мяне перад вачыма ягонага ўзнятага пальца штось напаўняла мяне неймаверным здзіўленнем, хоць насамрэч не гэта ўзрушыла мяне. Сур’ёзная перасцярога ў гэтым своеасаблівым, ціхім і шыпячым вымаўленні і, больш за тое, характар, гук і сутнасць гэтых простых і звыклых словаў ускалыхнулі ў маёй душы тысячы ўспамінаў і падзейнічалі як дотык да гальванічнай батарэі. Перш чым я апрытомнеў, ён сышоў.

Хоць гэты выпадак і наклаў яркі адбітак на маё хворае ўяўленне, адчуванне гэтае хутка знікла. Праўда, колькі тыдняў я займаў сябе грунтоўным пошукам звестак альбо паглыбляўся ў змрочныя роздумы. Я не спрабаваў разупэўніваць сябе, што гэта той самы чалавек, які так настойліва ўрываецца ў маё жыццё і даймае мяне сваімі падступнымі парадамі. Але хто і што такое гэты Вільсан? Адкуль ён? Якія ў яго намеры? Усе гэтыя пытанні засталіся без адказу; адзінае, што я здолеў даведацца пра яго, – гэта тое, што праз нейкае няшчасце ў сям’і ён вымушаны быў пакінуць установу доктара Брэнсбі ўвечары таго ж дня, калі ўцёк я. Хутка я перастаў пра яго думаць, бо маю ўвагу цалкам паглынулі роздумы пра ад’езд у Оксфард. Туды я неўзабаве і накіраваўся; празмерная ганарыстасць маіх бацькоў забяспечыла мяне такім гардэробам і штогадовым грашовым утрыманнем, што я меў магчымасць песціць сябе ў раскошы, ужо такой мілай майму сэрцу, спаборнічаючы ў празмерных растратах з самымі фанабэрыстымі спадчыннікамі з самых заможных і шляхетных сем’яў Вялікабрытаніі.

Узрушаны магчымасцю разгарнуцца, я з падвойнай жарсцю даў волю свайму нораву і з грэблівасцю адмовіўся ад любых праяваў стрыманасці на карысць шалу балявання. Але было б неразумна спыняцца тут на апісанні маіх блазнотаў. Дастаткова сказаць, што ў растратах я пераірадзіў Ірада* і звязаў сваё імя з мноствам бздураў, нашмат павялічыўшы доўгі спіс заганаў, што бытавалі тады ў адным з самых распусных універсітэтаў у Еўропе.

Цяжка паверыць, але менавіта тут я нагэтулькі страціў маральнае аблічча, што пазнаёміўся з подлай прафесіяй шулера і зрабіўся экспертам у гэтай нізкай навуцы, карыстаючыся ёй для павелічэння майго і без таго немалога нажытку за кошт даверлівых знаёмцаў. Тым не менш гэта праўда. І маё гнюснае злачынства супраць усяго мужнага і высакароднага, без сумневу, было спрычыненае выключным адчуваннем беспакаранасці, з якім злачынства здзяйснялася. Насамрэч, любы з маіх нават найбольш распусных таварышаў хутчэй усумніўся б у сведчаннях сваіх пачуццяў, чым запасочыў бы ў чымсьці такога шчырага і высакароднага Вільяма Вільсана, самага шляхетнага і добразычлівага студэнта ў Оксфардзе, чые бздуры (як казалі яго падхалімы) былі адно бздурамі юнацтва і нястрымнай фантазіі, памылкі – адно непаўторнымі дзівацтвамі, а найстрашнейшыя заганы – дабрадушнымі заліхвацкімі блазнотамі.

Два гады я паспяхова ішоў у гэтым напрамку, калі ва ўніверсітэце з’явіўся малады арыстакрат-парвеню Глендэнінг – багаты, нібы Ірад Атык*, які гэтак жа лёгка займеў сваё багацце. Неўзабаве я зразумеў, што ён невялікага розуму, і, вядома, вырашыў, што ён – лёгкая здабыча для майго майстэрства. Я нярэдка зацягваў яго ў гульню і адмыслова, згодна з шулерскім мастацтвам, дазваляў яму выйграваць істотныя сумы, каб надзейна зацягнуць у сваю пастку. Калі мой план даспеў, я сустрэў яго (з намерам зрабіць нашую сустрэчу вырашальнай) у кватэры яшчэ аднаго студэнта (містэра Прэстана), аднолькава знаёмага з намі абодвума, які, дзеля справядлівасці трэба дадаць, нават не падазраваў пра мой план. Каб надаць усяму адценне праўдападобнасці, я сабраў кампанію чалавек у 8–10 і старанна зрабіў так, каб прапанова гульні выглядала выпадковай і прагучала з вуснаў самой ахвяры. Каб сказаць як мага карацей пра гэтую гнюсную тэму, адзначу, што не быў прапушчаны ніводзін з нізкіх прыёмаў, якімі карыстаюцца ў такіх выпадках, таму проста здзіўляе, як шмат дагэтуль прасцякоў, што робяцца іх ахвярамі.

Гульня зацягнулася да самай ночы, і ў мяне паступова атрымалася пакінуць Глендэнінга маім апошнім супернікам. Да таго ж была мая любімая гульня – экартэ! Астатнія, зацікавіўшыся размахам нашай партыі, адкінулі свае карты і назіралі за намі. Выскачка Глендэнінг, які маімі ўлоўкамі яшчэ ў самым пачатку вечара добра выпіў, цяпер тасаваў, раздаваў і гуляў з такім нервовым напружаннем, што ап’яненне, мяркую, толькі часткова гэта тлумачыла. За вельмі кароткі час ён ужо прайграў мне значную суму, пасля чаго, выпіўшы нагбом вялікі бакал партвейну, зрабіў менавіта тое, чаго я ад яго чакаў, – прапанаваў падвоіць нашыя і без таго немалыя стаўкі. З бездакорна згранай неахвотай і толькі пасля таго як двойчы адмовіўся, чым справакаваў ягоную злосць, якая надала адценне крыўды і абразы маёй згодзе, я яе даў. Вынік, вядома, даказаў, наколькі глыбока ў маёй пастцы апынулася ахвяра: менш чым за гадзіну ён павялічыў свой доўг мне ў чатыры разы. Яшчэ да гэтага з яго твару знік румянец, выкліканы віном, але цяпер, на сваё здзіўленне, я адзначыў, што гэта вылілася ў бледнасць сапраўднага жаху. Я сказаў – на маё здзіўленне. Мае ранейшыя роспыты ўпэўнілі мяне ў тым, што Глендэнінг неймаверна багаты і сума, якую ён прайграваў, нягледзячы на яе значнасць, не мусіла, на маю думку, сур’ёзна злаваць і настолькі хваляваць яго. Першай думкай было, што гэта ў яго праз вялікую колькасць праглынутага віна; і, хутчэй зыходзячы з меркавання захавання ўласнай рэпутацыі, чым з пункту гледжання меней важкіх матываў, я быў гатовы настойваць на спыненні гульні, калі па пэўных фразах ад кампаніі навокал і па ўскліку роспачы Глендэнінга я зразумеў, што пазбавіў яго ўсіх яго грошай пры абставінах, якія, робячы яго аб’ектам жалю ўсіх навокал, абаранілі б яго ад злых замахаў і нават ад самога д’ябла.

Складана сказаць, як бы я паводзіўся надалей. Вартае жалю становішча маёй ахвяры выклікала ва ўсіх змрочную разгубленасць, і на некаторы час у пакоі павісла цішыня. Я адчуў, як запалалі мае шчокі пад мноствам позіркаў, якія апякалі пагардлівым дакорам з боку найменш распусных з нашай кампаніі. Прызнаюся нават, што на кароткі момант нясцерпны цяжар трывогі быў зняты з мае душы раптоўным і незвычайным умяшальніцтвам. Важкія дзверы ў пакой нечакана расчыніліся нагэтулькі ўпэўненым рухам, што ўсе свечкі ў пакоі, нібы пад уздзеяннем чараў, згаслі. Іх святло, знікаючы, дазволіла ўсім заўважыць толькі тое, што ўвайшоў незнаёмец прыблізна майго росту, шчыльна захутаны ў плашч. Цемра, аднак, усталявалася абсалютная; мы маглі толькі адчуваць яго прысутнасць. Да таго як хто-небудзь з нас здолеў перамагчы здзіўленне, выкліканае гэтым грубым уварваннем, мы пачулі голас нахабніка.

– Джэнтльмены, – прамовіў ён ціхім, выразным і незабыўным шэптам, які прабраў мяне да касцей, – джэнтльмены, я не выбачаюся за свае дзеянні, бо гэтымі дзеяннямі, я толькі выконваю свой абавязак. Сумняюся, што вы слушна праінфармаваныя наконт асобы, якая сёння выйграла ў лорда Глендэнінга значную суму ў экартэ. А таму я дам вам імгненную і неабходную магчымасць атрымаць такую важную інфармацыю. Калі ласка, праверце ўнутраную падкладку манжэты яго левага рукава і некалькі невялікіх скруткаў, якія могуць знайсціся ў крыху зашырокіх кішэнях яго халата.

Калі ён гаварыў, стаяла такая цішыня, што можна было б пачуць, калі б на падлогу ўпала шпілька. Дагаварыўшы, ён сышоў гэтак жа раптоўна, як і з’явіўся. Ці мае сэнс казаць, што я адчуў усе пакуты грэшнікаў у пекле? Але часу на разважанні ў мяне, вядома, не было. Мноства рук адразу ж схапіла мяне, свечкі зноў запалілі. Пачаўся вобшук. У падкладцы майго рукава знайшоўся ўвесь набор картаў, патрэбных для гульні ў экартэ, а ў кішэнях – некалькі калодаў, такіх жа, якімі карысталіся мы, з тым адрозненнем, што мае былі, як кажуць спецыялісты, arrondées:[16] казырныя анёры былі злёгку выпуклыя па краях, а малодшыя карты – па баках. Такім чынам, калі ахвяра здымае калоду, як правіла, уздоўж, яна непазбежна аддае суперніку старэйшую карту, у той час як шулер, здымаючы калоду па шырыні, вядома, не раздасць суперніку ніводнай выйгрышнай карты.

Любы ўсплёск абурэння на такое адкрыццё закрануў бы мяне менш за маўклівую пагарду і з’едлівы спакой, якімі сустрэлі гэтае адкрыццё ўсе прысутныя.

– Містэр Вільсан, – сказаў гаспадар, нахіляючыся, каб падняць з-пад ног вельмі дарагі плашч, аздоблены мехам, – містэр Вільсан, гэта вашае. (Надвор’е было халоднае, і таму, сыходзячы са свайго пакоя, я надзеў плашч, але скінуў яго, пачаўшы гульню). – Я мяркую, залішне шукаць і тут, – ён паглядзеў на складкі адзення са з’едлівай усмешкай, – дадатковыя доказы вашага майстэрства. Напраўду, дастаткова і ўжо атрыманых. Спадзяюся, вы разумееце, што вам варта пакінуць Оксфард, – у любым выпадку, пакіньце неадкладна мой дом.

Зняважаны, утаптаны ў бруд, я, можа, і адказаў бы на гэтыя дзёрзкія словы кулакамі, калі б усю маю ўвагу не забрала іншае. Мой уласны плашч быў аздоблены рэдкім мехам, настолькі рэдкім і дарагім, што не рызыкну сказаць. Яго крой таксама быў часткай маёй уласнай дзіўнай прыдумкі, бо ў такіх справах мая пераборлівасць часта даходзіла да абсурду. Таму калі містэр Прэстан працягнуў мне падняты з падлогі каля дзвярэй плашч, я адчуў неймавернае здзіўленне, якое пераходзіла ў жах, бо ўбачыў, што мой уласны ўжо вісіць на маёй руцэ (што я зрабіў, мабыць, абсалютна не заўважыўшы гэтага), а той, што мне працягнулі, быў дакладнай яго копіяй ва ўсіх найдрабнейшых дэталях. Я згадаў, што незнаёмец, які так згубна выкрыў мяне, прыйшоў захутаны ў плашч, а акрамя мяне, ніхто тут больш плашча не насіў. Спрабуючы захаваць прысутнасць духу, я прыняў той, што мне працягваў Прэстан, незаўважна паклаў яго на ўласны і пакінуў памяшканне з рашучым і пагардлівым позіркам, а наступнага дня таропка пакінуў Оксфард і ў ліхаманцы жаху і сораму скіраваўся на кантынент.

Я ўцякаў марна. Мая злая наканаванасць, нібы ў экстазе, пераследавала мяне, даказваючы, што праявы яе таямнічага валадарства яшчэ толькі пачаліся. Ледзь я апынуўся ў Парыжы, як атрымаў свежы доказ агіднай цікавасці гэтага Вільсана да мяне. Ішлі гады, але ён не пакідаў мяне. Злыдзень! Як не ў час, але з якой прывіднай урачыстасцю стаў ён у Рыме паміж мной і маімі намерамі! І ў Вене таксама, і ў Берліне, і ў Маскве! Ды і дзе ў мяне не было прычыны праклінаць яго ў душы? Ад яго невытлумачальнай тыраніі я ў паніцы ўцякаў як ад чумы, але і на край свету я ўцякаў марна.

Зноў і зноў у таямнічым падабенстве нашых душаў я шукаў адказы на пытанні: «Хто ён? Адкуль ён? Што яму трэба?» – але адказаў не было. Тады я ўважліва прааналізаваў усе формы, спосабы і галоўныя рысы яго нахабнага нагляду. Але нават тут мне амаль не было на чым будаваць здагадкі. Вартае ўвагі прынамсі тое, што ў кожным са шматлікіх выпадкаў, калі ён ставаў на маёй дарозе і зрываў мае планы, усё заканчвалася меншым для мяне злом у параўнанні з тым, якое напаткала б мяне, калі б намеры мае паспяхова ажыццявіліся. Але ж якое гэта нікчэмнае апраўданне для таго, каб так нахабна мною распараджацца! Кепская плата за маё натуральнае права вырашаць самастойна, так абразліва ў мяне аднятае!

Я вымушаны адзначыць, што мой кат за вельмі доўгі час (неверагодна і акуратна трымаючыся свае прыхамаці цалкам адпавядаць мне ў адзенні) ва ўсіх сваіх разнастайных умяшальніцтвах у мае справы схітрыўся ні разу не паказаць мне свайго твару. Кім бы ні быў Вільсан, гэта, прынамсі, было праявай капрызу і дзівацтва. Няўжо ён мог падумаць, што ў маім папярэджвальніку ў Ітане, у разбуральніку маёй рэпутацыі ў Оксфардзе, у тым, хто зашкодзіў маім славалюбным намерам у Рыме, маёй помсце ў Парыжы, майму жарснаму каханню ў Неапалі альбо таму, што ён ілжыва назваў маёй сквапнасцю ў Егіпце, у маім выклятым ворагу і злым генію можна не пазнаць Вільяма Вільсана, майго школьнага таварыша – цёзку, аднакласніка і канкурэнта, ненавіснага і страшнага суперніка з установы доктара Брэнсбі? Немагчыма! Але дазвольце мне неадкладна перайсці да апошняй, поўнай на падзеі сцэны гэтай драмы.

Да гэтага часу я маўкліва падпарадкоўваўся гэтай цяжкой уладзе. Глыбокае трымценне, з якім я заўсёды глядзеў на ўзвышаную натуру, велічную мудрасць, усюдыіснасць і ўсёмагутнасць Вільсана, змешвалася з пачуццём страху, разам з якім усе адзначаныя рысы і праявы яго характару дасюль вымушалі мяне прызнаваць уласную бездапаможнасць і з горкай неахвотай скарацца яго дэспатычнай волі. Але апошнім часам я цалкам аддаўся віну, і яго раздражняльны ўплыў на мой нораў вымушаў мяне ўсё болей і болей нецярпліва прагнуць вызвалення з-пад гэтага кантролю. Я пачаў наракаць, пярэчыць, супрацьстаяць. І, магчыма, толькі ілюзія нараджала веру, што чым больш узрастала мая непахіснасць, тым слабейшай рабілася настойлівасць майго ката. Як бы там ні было, цяпер я адчуваў пякучы ўздым надзеі і пеставаў у думках цвёрдую рашучасць пазбавіцца прыгнёту.

У Рыме падчас карнавалу 18… году я пайшоў на маскарад у палаца неапалітанскага герцага Дзі Бролья. Я піў нашмат больш нястрымана, чым звычайна, і цяпер душнасць перапоўненых людзьмі залаў пачала невыносна мяне раздражняць. Дадавала мне раз’юшанасці яшчэ і тое, што трэба было пракладаць сабе дарогу скрозь лабірынты кампаній; я страшна нерваваўся, бо нецярпліва шукаў (можна і не казаць, з якім нізкім намерам) маладую, бесклапотную і прывабную жонку старога й нямоглага Дзі Брольі. Крыху раней яна з бессаромнай даверлівасцю прызналася мне па сакрэце, у якім касцюме будзе, і цяпер, заўважыўшы яе, я спяшаўся наблізіцца. У гэты момант я адчуў лёгкі дотык да пляча і пачуў незабыўны, ціхі, ненавісны шэпт.

У шалёным прыпадку гневу я павярнуўся да таго, хто спыніў мяне, і моцна схапіў яго за каўнер. Яго касцюм, як я і чакаў, быў абсалютна такім жа, як мой: гішпанскі плашч з сіняга аксаміту, падперазаны малінавым пасам, што падтрымліваў рапіру. Маска з чорнага шоўку цалкам хавала твар.

– Нягоднік! – прамовіў я сіплым ад гневу голасам, і кожны гук, здавалася, толькі распаляў мяне. – Нягоднік! Самазванец! Пракляты зламыснік! Ты не будзеш, не будзеш пераследаваць мяне да смерці! Ідзі за мной, іначай я закалю цябе проста на месцы! – і я кінуўся з танцавальнай залы ў невялікі вестыбюль па суседстве, цягнучы яго за сабой і не адчуваючы супраціву.

Увайшоўшы, я ашалела адпіхнуў яго ад сябе. Ён, пахіснуўшыся, апынуўся ля сцяны, а я, з пракляццямі сяк-так замкнуўшы дзверы, загадаў яму рыхтавацца да абароны. Ён на імгненне завагаўся, але, пагардліва ўздыхнуўшы, моўчкі стаў у пазіцыю.

Бойка была кароткай. Я быў апантаны і надзвычай узрушаны, таму адчуваў, што мая рука мае сілу і моц цэлага натоўпу. За колькі секунд я прыціснуў яго да сцяны і, атрымаўшы ўладу над ім, з жывёльнай жорсткасцю шмат разоў пракалоў рапірай ягоныя грудзі.

У гэты момант нехта паспрабаваў адчыніць дзверы. Я паспяшаўся перадухіліць умяшальніцтва і адразу ж вярнуўся да паміраючага суперніка. Але якой чалавечай мовай можна дакладна перадаць здзіўленне і жах, якія завалодалі мной ад таго, што я ўбачыў? Кароткага імгнення, калі я адвёў вочы, было дастаткова для кардынальнай перамены ў іншым канцы памяшкання. Вялікае люстэрка – так спачатку падалося мне, збянтэжанаму, – стаяла там, дзе раней нічога не было, і калі я ў жаху зрабіў крок наперад, маё адлюстраванне, бледнае і акрываўленае, зрабіла няцвёрды крок насустрач.

Я сказаў, так мне падалося, але гэтак не было. Гэта быў мой супернік – гэта быў Вільсан, які стаяў перада мной у перадсмяротных пакутах. Ягоныя маска і плашч ляжалі на падлозе, куды ён кінуў іх раней. І аніводная нітачка ў ягоным адзенні, аніводная лінія ў яго беспамылкова пазнавальных і непаўторных рысах не адрозніваліся ад маіх уласных!

Гэта быў Вільсан, але ён болей не шаптаў, і мне нават падалося, што гэта я сам прамовіў:

– Ты перамог, і я скараюся. Але цяпер ты таксама мёртвы – для Свету, для Нябёсаў, для Надзеі! Ува мне ты існаваў – і ўпэўніся па гэтым абліччы, якое ёсць тваім уласным, як незваротна маёю смерцю ты загубіў самога сябе!

Пераклаў Віталь Рыжкоў

15

Прыўкрасны час, жалезнае стагоддзе!* (фр.).

16

Акругленыя (фр.).

Маска Чырвонае Смерці (зборнік)

Подняться наверх