Читать книгу Праведная галеча - Франс Эмиль Силланпяя - Страница 2
ОглавлениеТойвала Юсі, Юха, Янэ, а паводле царкоўных кніг – Ёхан Абрахам, сын Беньямінаў, быў старым, страхалюдным чалавечкам. У апошнія гады ягоную галаву ўпрыгожвала вялізная лысіна, вакол якой з-пад шапкі кучаравіліся ніколі не стрыжаныя кудлы. На твары, падобным да морды дваровага цюцькі, праз густое шчацінне выдзяляўся толькі востры, нібы птушыная дзюба, нос. Густая поўсць вілася і вакол вачэй, зацененых краямі капелюша, і адтуль свяціліся толькі дзве вострыя кропачкі, у якія прыстойныя людзі не надта імкнуліcя заглядваць. Пэўным людзям не хочацца заглядваць у вочы, але зусім па іншых прычынах, чым у вочы Юсі Тойвалы. У ягоных вачах не было нічога пагрозлівага і змрочнага, наадварот – у яго позірку праглядвалася лёгкая добразычлівая ўсмешка. Аднак было ў ягоных вачах нешта вар’яцкае, а што можа больш гнясці чалавечую душу, чым усмешка вар’ята, бо гэтая ўсмешка спачувальна гаворыць аб усёведанні таго, у чым чалавек нізашто не хоча прызнавацца нават самому сабе. Во тады і чакай, што гэты прыдурак возьме ды прылюдна выкажа што-небудзь такое. Але Юха Тойвала не быў вар’ятам, і, хоць меў чэзлы розум, душа ягоная была ў поўным парадку і раўнавазе. Мясцовыя заможнікі лічылі яго вялікім прайдзісветам і заўзятым баламутам-завадатарам. А калі празналі, што ў час паўстання ён удзельнічаў у жорсткім забойстве, нядоўга думаючы, вынеслі яму заслужаны вырак. І егер, якому даручылі правесці ачышчальную работу, аднойчы вясновай ноччу абарваў ягонае бязладнае жыццё, а разам з ім прыкончыў яшчэ восем такіх жа гаротнікаў.
Смяротныя прысуды агаломшылі ўражаных вяскоўцаў, якім раней нічога падобнага і ў галаву не прыходзіла. Першымі днямі пра іх гаварылі прыцішана і толькі дрыготкімі галасамі. Што ж да Юсі Тойвалы, дык ягоны канец вызначыўся адной маленькаю акалічнасцю, успамінаючы якую, міжволі ўсміхнешся – так гэта было характэрна для Юсі. Паўстанцаў расстрэльвалі на могілках, паставіўшы каля загадзя выкапанай магілы. І сталася так, што Юсі быў апошні. А калі надышла ягоная чарга, дык Юсі не стаў ля магілы, а ўлёгся, выцягнуўшыся ва ўвесь рост, на трупах забітых перад ім – маўляў, ну во, я гатовы. У тым і быў увесь Юсі. Аднак яму загадалі падняцца, паставілі каля ямы і толькі пасля таго расстралялі.
«На вайне трэба адчуваць асалоду ад забойства – іначай вайну не выйграць», – пісаў адзін фінскі чарнільны ваяка (вылучэнне ягонае), і магчыма, тое была праўда.
Аднак калі быць дакладным, вайна сама па сабе – гэта нішто, а ўсяго толькі нейкі момант, што лучыць лёсы як асобных людзей, так і цэлых груповак. Вайна сціхае, а чалавечыя лёсы становяцца каштоўным скарбам людзей, якія ваявалі, але засталіся сярод жывых. Неўзабаве пасля ўсіх бітваў для чалавека ў душы настае такі момант, калі ягоны ўнутраны позірк болей не жадае затрымлівацца на такіх другасных і нязначных рэчах, як цялесныя пакуты, бруд, голад і няўмольная жорсткасць, а няспынна імкнецца пранікнуць глыбей, туды, дзе ўсё застыла ў знямелай нерухомасці. Там ніхто не бывае вышэйшым або лепшым за другога, там усе роўныя, бо выяўляюцца акалічнасці, датычныя ўсіх праціўнікаў, аб чым ніхто з іх раней не меў ніякага ўяўлення. Нябожчыкі ўстаюць і здзіўляюцца, чаму іх пахавалі ў розных магілах, яны ніяк не могуць спасцігнуць, што гэта значыць. Там Юсі Тойвала і егер – старыя знаёмыя, бо егер аднойчы вясновай ноччу недзе ў іншым месцы, у тым пакінутым свеце, расстраляў Юсі. Вядома ж, гэта адбылося зусім выпадкова, бо тады ён не зразумеў, які напраўду добры чалавек гэты Юсі.