Читать книгу Праведная галеча - Франс Эмиль Силланпяя - Страница 3
Раздзел І
Нараджэнне і дзяцінства
ОглавлениеЮха Тойвала паходзіў з сялян, хоць мала хто з цяперашніх маладых ведаў пра тое, ды ніхто і не цікавіўся ягоным паходжаннем. Але да нашых дзён у двух-трох прыходах ён меў заможных і паважаных родзічаў, хоць яны болей чужаліся, чым радніліся, і Юха не ўспомніў пра іх нават тады, калі трапіў у бяду з прычыны свайго бунтарства.
Ён нарадзіўся ўвосень 1857 года ў адным з прыходаў на паўночным усходзе правінцыі Сатакунта, на хутары Нікіля вёскі Хар’якангас. Адбылося гэта ў пятніцу вечарам напярэдадні дня Міхаіла Архістратыга. Прадчуванне восеньскага свята агарнула сядзібу, змешваючыся з дзіўнай саладжавасцю, што праменілася ад парадзіхі.
Уранні ішоў даволі моцны дождж, але адвячоркам раз’яснела, заблішчалі пад сонейкам стракатыя купкі бяроз ды асін, ажывілася зеляніна самотных елак. Пяцідзесяцігадовы Пеньямі, гаспадар хутара Нікіля, кволы мужычок з жоўтым ад тытуню падбароддзем, хістаючыся, спусціўся з гарышча ў двор. На ім была даўгаполая неахайная сярмяга, апаясаная скураным рэменем; і сярмяга, і кашуля пад ёю былі расшпілены зверху данізу, адкрываючы чырвоныя кашчавыя грудзі асенняму ветрыку. Чалавек паціху згасаў, жыць яму заставалася нядоўга. Стары ў зношанай сярмязе, ціхае булькатанне самагоннага апарата ў прысценку – усё гэта спалучалася ў нейкую лагодную гармонію, якая драмала ў спарахнелых кутах хаты і ў зарослай пахкай травою прызбе. Пеньямі быў жанаты трэці раз, і цяпер ягоная жонка нараджала сваё першае дзіця. Успацелая баба-павітуха ў адной кашулі несла ваду з прысценка ў лазню. Убачыўшы, што Пеньямі ідзе ў вёску, яна сярдзіта выгукнула:
– Гэй, дзед, ты хоць бы цяпер застаўся дома!
– Гэта вы, баб’ё, седзіце ў сваіх стойлах! – буркліва агрызнуўся Пеньямі і падаўся ў вёску, зберагаючы самаздаволеную ўсмешку на старэчым пачырванелым твары, на якім адбівалася святло вечаровага сонейка і блукалі нейкія глыбока захаваныя прыемныя думкі старога чалавека.
«Бабы нараджаюць дзяцей… На тое яны і бабы, каб нараджаць дзяцей… Во і трэцяя мая баба родзіць дзіця, а павітуха болей не зможа… Эхе-хе-хе, мальцы… А я іду да Олілы… Татку Олілу наведаць… Ён добры дзед, хоць і з Кокемякаў… Ён часцяком выпівае, як і я… Можа, і цяпер ужо дзюбнуў… А хоць бы і так… Сын у яго ўжо вялікі… Амаль як мядзведзь… І жыта хапае заўсёды… І не бяднее, нячысцік, хоць і п’янтос страшэнны… А ў мяне трэцяя жонка, і дзіцё цяпер будзе… Павітуха там шчыруе, яна сабе, а я хутка выб’ю з баб усю дурасць… Так слаўна даводзіць баб да розуму… Кожная паспытала майго кійка… Хутка і гэтую пачастую…»
Гарэлка поўніла жылы Пеньямі хмельнаю асалодаю, зачырванелі, нібы гронкі рабіны, ягоныя шчокі, а вочы так і бегалі туды-сюды, шукаючы, што б яшчэ ўчыніць ад усёй павесялелай душы. Удосталь налаяўшыся з работнікамі, што капалі бульбу, ён спытаў у дзяцей Хусары:
– Бацька дома?
– Дома, – адказаў хлопчык.
– А што ён зараз робіць?
– Не ведаю.
– Не іначай як трэцца пад бокам у маткі, – сказаў Пеньямі, засмяяўся свайму жарту і пайшоў далей па дарозе да Олілы.
⁂
Цяперашнюю, трэцюю, жонку Пеньямі звалі Мая. Родам яна была з хутара Оліла, але цяперашнім гаспадарам нікім не даводзілася, бо гэтым прыхадням з Кокемякаў хутар прадаў яе старэйшы брат. Тады Маін брат быў зусім маладым і нежанатым, але хутка ажаніўся і, прадаўшы гаспадарку, пайшоў у прымы некуды пад Тамперэ. А Мая засталася адна, нібы птушка на хісткай галіне. Вядома, ёй таксама дасталася крыху грошай, але так мала, што ніводзін жаніх не спакусіўся такім вартым жалю капіталам. Яна паспрабавала моднічаць ды шыкаваць, але гэтыя спробы выклікалі толькі насмешкі аднавяскоўцаў, і ўрэшце іхні аднадушны прысуд спраўдзіўся: Мая трапіла ў бяду. Праўда, дзіця памёрла адразу ж, але грошы як ветрам вынесла, і перад ёю застаўся адзіны спрадвечны шлях такіх жанчын: пайсці ў дамашнія прыслугі. Людзі прадказвалі ёй новыя няшчасці, бо ўрадзілася яна бесхарактарнай размазнёй. Аднак гэтыя прароцтвы не спраўдзіліся. Калі ж напярэдадні Міхайлава дня памерла гаспадыня хутара Нікіля, а Мая той жа восенню пайшла ў парабчанкі да гаспадара хутара, людзі загаварылі: «Хутка ў Пеньямі будзе новая жонка». Вось гэтае прадказанне збылося. А цяпер Мая ляжала на палку ў саўне, збіраючыся радзіць, і павітуха Ловіса завіхалася каля яе.
Мая ўсёю душой хацела і чакала родаў, бо да гэтай пары яе жыццё нагадвала блуканне ў цемры і стаць поўнай гаспадыняй хутара не было цвёрдых спадзеваў, а таму, хоць і мела невялічкі розум, яна даўмелася, што дасягнуць усяго можна, толькі нарадзіўшы дзіця. Нічога яна так не хацела, як замацавацца ў жыцці, стаць на ногі, а калі гэта не ўдавалася, дык чым яна вінаватая, што жыццё пайшло зусім не так, як павінна ісці ў звычайных сялянскіх дзяўчат? Пяць гадоў яна прабыла парабчанкай, але ніколі не лічыла сябе знядоленай і прыніжанай, бо ўсё гэта было часова, а неўзабаве пачнецца сапраўднае жыццё. Таму яна адразу ж паддалася дамаганням гаспадара. Мая была нават задаволена, што ён такі стары, зжаўцелы ад тытуню, удовы п’янтос. Усё гэта было толькі да лепшага, і зусім не таму, што яна думала аб сваім прыніжэнні, а таму што як гаспадар і гаспадыня яны выдатна падышлі б адзін аднаму.
Так думала Мая ў поўнай упэўненасці, што хутка стане гаспадыняй, і кожны дзень на працягу ўсяго тыдня ёй салодка мроіўся голас пастара: «Удовы селянін Пеньямі, Пеньямінаў сын, і сялянская дзяўчына Мая Ёсэфіна, Стэфанава дачка…» Аднак пастар у царкве абвясціў толькі «парабчанка з таго ж хутара» – і ні слова аб маладой дзяўчыне. А неўзабаве і сама Мая заўважыла, што пачатак новага жыцця застаўся недасяжным, нічога ў яе жыцці не змянілася пасля вянчання. І цяпер яна не магла называць мужа іначай як «гаспадар» і толькі на вы. І абедзве дачкі гаспадара называлі яе па-ранейшаму – Мая. Гаспадар жа, калі казаў пра жанчын, называў іх толькі баб’ём, а калі быў у асабліва добрым гуморы – бабамі. Той жа самы безыменны страх, які валодаў ёю, калі яна жыла спадзевамі і мроямі, так і не пакінуў яе пасля таго, калі мары збыліся. Пачатак новага жыцця адкладваўся. Яна займалася і тым, і гэтым, і Бог ведае чым яшчэ, а ўсё астатняе заставалася толькі яе ўяўленнем. Толькі адзін раз Мая зрабіла бездапаможную спробу паставіць сябе гаспадыняй: груба і рэзка абышлася з Ловісай, каб адлучыць яе ад дому. А ў выніку гаспадар, вярнуўшыся дамоў у шале, заявіў, што «калі вы, баб’ё, паганыя вы каровы, зараз жа не разбежыцеся па сваіх стойлах, дык тады…» Так Пеньямі высоўваў напаказ сваю застрашальна грубую існасць састарэлага мужчыны, нібыта хацеў давесці, што ён стаіць нашмат вышэй за ўсялякае там баб’ё. Пеньямі ніколі не меў патрэбы думаць пра тое, як уладкавацца ў жыцці, яму патрабавалася толькі пашана. Выявілася, што павітуха Ловіса не такі ўжо і дрэнны чалавек, бо пасля ўсяго яна пачала ставіцца да Маі лепей, чым раней.
Больш удала жыццё ў Маі не складвалася. Часам, калі выдавалася вольная ад гаспадарчых клопатаў хвіліна, яна казала сама сабе, што гады ідуць, яна старэе, трапіўшы ў гэты дом, дзе над усім валадараць счырванелы старэчы твар Пеньямі і ягоныя п’яныя воклічы. Так і цягнецца жыццё, якое складвалася такім чынам на працягу дзесяцігоддзяў, – панылае, непахіснае і нязменнае. Апроч таго, павітуха і дочкі гаспадара клапоцяцца толькі пра сябе, а збоку за ўсім назірае замшэлая вёска. Напэўна, так яно і будзе цягнуцца далей… У такія хвіліны роздуму Маін нос яшчэ больш выцягваўвася; два пярэднія зубы ўжо выпалі. А калі Пеньямі памрэ, што з ёю будзе, калі няма спадкаемца і яна наўрад ці зможа нарадзіць яму нашчадка?
Але потым з’явілася надзея. І тады ў вачах Маі, што свяціліся над бяскроўнымі шчокамі, часам з’яўляўся летуценны выраз. Яна народзіць Пеньямі спадкаемца! Але гэтая акалічнасць патрабавала ад яе дакладнага разліку, памяркоўнасці і прадбачлівасці. Давядзецца выхоўваць і гадаваць дзіця, ды яшчэ і глядзець за тым, каб ягоная доля ў спадчыне не памяншалася, а павялічвалася. І заўсёды, калі гэтыя неадчэпныя думкі апаноўвалі Маю, яна спасцігала ўсю складанасць свайго становішча. Усе памкненні і намаганні дасягнуць чаго-небудзь у будучым палохалі, стамлялі і прыгняталі яе. Хоць у сваіх самотных летуценнях яна прадбачыла такі пажаданы і такі патрэбны ёй вынік, але пры гэтым разумела, што дасягнуць яго нельга без загадзя складзенага плана і дзейнай энергіі. Тысячы і тысячы дробязных перашкод і цяжкасцей перажыла Мая ў сваім жыцці, а нічога так і не ўдавалася давесці да канца. А цяпер такімі перашкодамі былі дочкі гаспадара Ева і Марке, ягоная старасць ды шмат чаго іншага. Чаму яе шлюб быў зусім не такі, як у іншых дзяўчат? Замуж вось жа ідуць менавіта дзеля таго, каб потым болей ніколі не пакутаваць ад розных непатрэбных памкненняў.
Аднак прырода не слухала такіх довадаў, а працягвала накіроўваць усё сваім чарадом. Безумоўная нязменнасць прыроды з аднаго боку і чалавечыя задумы ды турботы з другога – уся гэтая чалавечая трагедыя і развівалася ў гэтым выпадку – так, як кветка развіваецца ў гармоніі з законамі свайго віду нават у самых глухіх кутках лясных нетраў. Калі наблізіліся роды, Мая на нейкае імгненне вызвалілася ад усіх жыццёвых турбот і гароты. Ёй здавалася, што надышоў нейкі цудоўны стан, калі ўсе тыя Евы, Марке, Пеньямі ды бабы-павітухі ўжо ўспрымаюцца ёю з поўнай абыякавасцю.
Тры чалавекі сядзяць у пякарні Олілы, асветленай жоўтым агеньчыкам сальнай свечкі. Тата Оліла – сямідзесяцігадовы мужчына з гладка паголеным тварам, на падбароддзі ад вуха да вуха кучаравяцца бялявыя валасы. Ён гаворыць на дыялекце Кокемякаў, прытым ягоная шыя і ўся верхняя частка цела стынуць у здранцвенні. Чарку ён трымае беражліва і выпівае з належнаю годнасцю, а калі Пеньямі Нікіля пачынае занадта нецярпліва круціцца і злаваць яго, тата Оліла спакойна і бесцырымонна спыняе госця, і той нават не спрабуе пярэчыць. Побач з татам Олілам сядзіць ягоны сын Франсу, такі ж здранцвелы і нерухомы мужчына гадоў пад трыццаць з роўна падстрыжанымі валасамі. Час ад часу ён устаўляе ў размову колькі слоў; твар ягоны застаецца няўсмешліва абыякавым. Вядома ж, ён робіць свае заўвагі, але яны толькі пацвярджаюць сказанае бацькам. Абодва Олілы п’юць не п’янеючы. У сваім доме яны прымушаюць Пеньямі скакаць пад сваю дудку – вось жа, таго самага Пеньямі, што такі ўсеўладны ў сваім доме на хутары Нікіля.
Кокемякінцы нядаўна пачалі адзін за адным сяліцца ў гэтым прыходзе. Усе яны занадта фанабэрыстыя, каб шанаваць мясцовыя звычаі. Нават на пагорку каля царквы яны стаяць, закруціўшыся ў вялікія хусткі ды кажухі, і гучна размаўляюць між сабою сваёй мяккай немясцоваю гаворкай.
Свечка дагарае, запал Пеньямі Нікілі таксама аціхае. «Бадай што болей чым на адну свечку цябе не хопіць», – кажа тата Оліла. Ён толькі-толькі пачынае жвавець, а Пеньямі ўжо страціў імпэт. «Дарэмна ты злаваў на мяне, калі я не даў табе грошай… Адкуль жа я ведаў, што там у цябе творыцца… І скажы ты мне, на ліха ты звязаўся з гэтаю жаніцьбай?..»
Хоць Пеньямі і моцна зап’янеў, але нават праз хмель разумее, які чужы ён для гэтых людзей, як раздражняе яго іхняя невыносная фанабэрыстасць. Але ён сам і ягоны хутар цалкам залежаць ад гэтых людзей, хоча ён таго ці не хоча. У Пеньямі абуджаецца нейкая бяздумная злосць, ён устае, нібыта збіраючыся штосьці зрабіць. Але тата Оліла таксама ўстае і кажа:
– Давай, суседзе, ідзі-тка ты дамоў, наведай сваю бабу. Яна ўжо, напэўна, і радзіла.
Тата Оліла і Франсу выводзяць Пеньямі з хаты. Ён занурваецца ў цёмны завулак і, намацваючы дарогу нагамі, ідзе на другі канец вёскі. Ён павольна сунецца наперад, бяздумна ўтаропіўшы вочы ў цемру, а хмель тым часам выветрыў з галавы ўсё паўсядзённае, і Пеньямі бачыць сваё жыццё і цяперашняе сваё становішча ва ўсіх непрыглядных драбніцах. Гэтую зямлю, гэтае неба і гэтых людзей з Кокемякаў нельга ўзяць рознымі хітрыкамі. Каго іншага – можна. Нясцерпна брыдкае пачуццё ад таго, што ёсць на свеце нешта такое, чым завалодаць табе не пад сілу, але ад чаго ніяк не пазбавішся. Старога Пеньямі бязлітасна душыць думка пра тое, што на свеце існуе нешта такое, што абавязкова трэба прызнаваць больш моцным за сябе.
Ён штосьці мармыча сабе пад нос і садзіцца каля дарогі.
У лучніку гарыць лучына, і ў яе святле відаць, што ў доме на хутары Нікіля сядзяць дзве рудыя дзяўчыны – дочкі старога Пеньямі – старэйшая Ева і малодшая Марке. Абедзве яны – дзеці ад другой жонкі Пеньямі і адзіныя, што засталіся ў жывых, вельмі падобныя на сваю памерлую маці. Абедзве яны выглядаюць панылымі і хмурымі і нават паміж сабою размаўляюць вельмі мала, аднак заўсёды трымаюцца разам. Сёння яны пачуваюць сябе ў асаблівай лучнасці, бо ўвесь вольны час яны могуць вытвараць што хочаш у родным доме. Калі дома няма ні гаспадыні, ні гаспадара, а ўсе парабкі разышліся па сваіх хатах, то гэта самы лепшы час папіць гарэлкі або заняцца яшчэ чым-небудзь прыемным. І толькі цвыркуны стракочуць за печкаю ды неяк прывідна патрэсквае, завіваючыся ў кальцо, абвугленая лучына. Марке сядзіць пад самаю лучынай і чытае доўгую вузкую кніжку катэхізіса, а Ева прадзе, круцячы нагою калаўрот. Калі Ева спыняецца, каб закінуць нітку на наступны зубчык, Марке падымае галаву, нібыта хоча нешта сказаць, але Ева, паслініўшы палец, працягвае сукаць нітку. Марке яшчэ амаль дзіця, нават не прайшла канфірмацыю, а Ева ўжо амаль дарослая.
Усё іхняе разумовае багацце і жыццё складаецца толькі з таго, што адбываецца ў маленькім свеце вакол іх. Калі заканчваецца лета і вечарамі запальваюць лучыны – хутка прыйдзе зіма. Так аднастайна праходзіць год за годам, і дзяўчаты заўважаюць, што паціху становяцца дарослымі. Пазалеташняй восенню якраз такою парою памерла іхняя маці, цяпер Мая распараджаецца як у сябе дома, лазіць па свірнах і склепах, а цяпер во родзіць у саўне, бацька ж заўсёды на добрым падпітку. Год пасля матчынай смерці быў для сясцёр самым шчаслівым годам: бацькі амаль ніколі не было дома, і біў ён іх не так часта, як нябожчыцу жонку. Ключы ад гаспадарчых пабудоў былі ў Евы, яна моцна трымала іх у сваіх руках, і баба-павітуха Ловіса тады не надта гаспадарыла, хоць увесь час круцілася ў доме. Яна была з бацькам на ты і зусім яго не баялася, хоць ён такі сярдзіты.
Марке апусціла кніжку на калені і загаварыла з сястрою:
– Ну і дзе бацька зноў прападае?
– У Олілы.
– А чаго Ловіса заўсёды тут круціцца? Чаго яна ўвесь час смяецца з бацькі?
– Яна таксама была бацькавай нявестай.
– А чаго яна ўсё тут, калі ў нас Мая? І чаму гэта Мая павінна быць тут?
– Яна тут гаспадыня.
– Мама ж была гаспадыняю.
– Дык ведай, што Мая тут гаспадыня, а цяпер яна родзіць.
– Як гэта так? І чаго яна ў саўне?
– Во й спытай у яе сама.
– А калі яна народзіць?
– Калі, калі… Ці доўга ці мала – рыба наспявала… – адказала Ева, стомлена ўсміхаючыся. Яна паднялася, адсунула калаўрот, пазяхнула і паправіла валасы.
Абедзве дачкі Нікілі – рудыя, з маленькімі вачыма, ахопленыя звычнай заўсёднай нудой – пачалі ўкладвацца спаць. Мая і баба-павітуха Ловіса ўсё яшчэ былі ў саўне, стары Пеньямі забавіўся недзе ў вёсцы. У непрагляднай восеньскай цемры час ад часу чуліся дзікія спевы п’яных вясковых парабкаў, і тры гэтыя чалавечыя купкі міжволі цураліся адна аднае. Ева патушыла лучыну, зачыніла валакавое акенца і лягла каля сцяны ў рыпучы ложак. Марке ўжо чакала і моцна прытулілася да сястры. Гэта не надта спадабалася Еве, але яна змоўчала.
У сенцах пачуліся таропкія крокі павітухі Ловісы. Яна заглянула ў адзін, у другі пакой, адчыніла дзверы ў памяшканне для работнікаў і зноў пайшла. Хлопчык ужо з’явіўся на свет, яго памылі і спавілі. Пакуль павітуха шукала кошык пад калыску, маці перахрысціла немаўля і прамармытала над ім нешта падобнае і да закляцця, і да блаславення. Потым яна, з палёгкаю ўздыхнуўшы, зноў выпрасталася на палку, і прыроднае пачуццё млявага шчасця напоўніла ўсё цела і душу. Страхі і турботы некуды зніклі, яна на нейкі кароткі час засталася сам-насам са сваім дзіцем у цішыні саўны.
Загадкавая чалавечая істота адной гадзіны ўзростам пішчала ў кошыку ў саўне на лясным хутары Нікіля, суботняй ноччу, за шэсцьдзясят гадоў да чырвонага паўстання. Час яе нараджэння не стаўся нечым незвычайным, усё ішло заведзеным прыродаю парадкам. Ева ў хаце прачнулася, калі п’яны Пеньямі, спатыкаючыся, дабіраўся да свайго ложка. Потым яна прачнулася яшчэ раз, таму што бацька пачаў голасна скардзіцца на жыццё, а з ложка ад дзвярэй пачуўся адказ: «Угаманіся, стары чорт, а то ўстану, дык адразу сціхнеш!» Гэта быў парабак Аапелі, які таксама позна вярнуўся дамоў. Стары і сапраўды на некаторы час сцішыўся, потым падняўся, выйшаў у сенцы і пачаў клікаць Ловісу. Хлопчык на пабягушках захіхікаў у сваім ложку. Усё гэта Ева добра чула, і не было ў тым нічога ні новага, ні дзіўнага. Марке не пачула нічога і спала, усё шчыльней прыціскаючыся да Евы. Напэўна, у сне яна лічыла Еву за маці.
Пасля нараджэння доўгачаканага сына Маю ахапілі радасныя пачуцці, якія абуджаюцца самой прыродаю. Але такія пачуцці хутка праходзяць, і ўсёмагутная штодзённасць зноў напаўняе жыццё, і тады нараджэнне дзіцяці ператвараецца ў нешта цяжкае, што прыстойныя людзі павінны ўспрымаць пакорліва і цярпліва, бо гэта такія плады, якія жыццё прыносіць нам і якія надаюць існаванню чалавека шэрыя і нават гнятлівыя адценні. Калі дзіця памірае яшчэ малым, дык гэтая падзея падаецца больш радаснаю за ягонае нараджэнне. Вядома ж, маці пралье нямала слёз, але не будзе нават хаваць, што гэта слёзы радасці, а не жалобы.
Аднак Мая кожную хвіліну, нават адыходзячы ад сына, памятала, што для яе самае галоўнае, каб дзіця засталося жывым. З цягам часу ў яе нарадзілася думка, што старому Пеньямі напляваць на сына, і новыя, зусім іншыя пачуцці прачнуліся ў Маіным сэрцы. Паступова гэта пачало выяўляцца ў размовах паміж імі. Мая імкнулася – і гэта выходзіла неяк само па сабе – трымацца ў размовах з мужам той самай вольнай манеры, якая збераглася ў яе з дзявочай пары, і часам сярод грубаватых жартаў без аніякага страху звярталася да Пеньямі на ты. І гэта, здаецца, дзейнічала на старога. Мая адчувала, што яе аўтарытэт і ўплыў паступова мацнеюць.
Пакуль Юсі быў яшчэ зусім малы і няцвёрда трымаўся на нагах, ягоныя дні праходзілі досыць аднастайна. Старая, збітая з дошак калыска месціцца ў запечку. У вечаровым сутонні відаць, што там ляжыць двухгадовы хлопчык. Побач з калыскаю сядзіць Марке, і малы паклаў свае ногі ёй на калені. Дзяўчына нешта маркотна напявае і нехаця гойдае старую калыску, якая пранізліва рыпіць, шморгаючы па вострых сучках у падлозе. Хлопчык не хоча спаць. Раз-пораз ён падымаецца, імкнецца сесці і кліча маці, калі Марке спрабуе зноў укласці яго. Дзіця баіцца насоўвання густой цемры, яго кусаюць клапы і блохі.
Калі хлопчык захліпаецца плачам і каторы раз падымаецца ў калысцы, Марке бярэ яго на рукі, злёгку паляпвае рукою па крываватых ножках і падносіць да акна, за якім усё яшчэ свеціцца сутонне дня. Хлопчык супакойваецца, колькі часу глядзіць на постаці, якія мільгаюць каля калодзежа і хлявоў, а потым зноў пачынае ціха плакаць. На двары ляскаюць дзверы, у запечку пачынае стракатаць цвыркун, адвечная дамашняя жывёлінка сялянскіх хат, сучаснік лучыны.
Марке надакучыла ўсё так, што яна безуважна слухае дзіцячы плач і абыякава разглядае хлопчыкаў твар, пакрыты бруднымі палоскамі ад слёз. Гэта Маін сын, але ж бацька ў іх адзін…
У хату вяртаюцца людзі, прыходзяць Аапелі і хлопчык на пабягушках Кустаа. Падзённы найміт Мастамякі кіруецца да варотаў – відаць, пойдзе дамоў. У сенцах чуюцца Маіны крокі, яна ідзе ў пякарню. Увечары кожны займаецца сваёю справай.
Аапелі скідвае сярмягу, засоўвае ў печ рукавіцы і тоўстыя шкарпэткі з воўны, а потым здымае з жэрдачкі звязку лучыны і, чыркануўшы запалкай аб печку, падпальвае лучыніну. Немаўля сціхае і жмурыцца на святло. Дзіця стамілася, але калі пакласці яго ў калыску, дык зноў пачне плакаць.
Аапелі ўжо каторы вечар майструе сані. Хлопчык Кустаа, пакуль няма даручэнняў, водзіць носам на лаўцы. А вось і сама гаспадыня Мая, прыходзіць, бярэ на рукі малога і, пакінуўшы астатні клопат, дае яму цыцку. Юсі ідзе ўжо трэці год, але ад матчыных грудзей яго пакуль што не адвучылі.
Мая ўмее гаспадарыць. Яна загадвае Кустаа і Марке чытаць. Кустаа адразу дастае свой катэхізіс, а Марке марудзіць. «Во пачакай, прыйдзе бацька», – пагражае Мая.
Толькі Кустаа пачаў: «Адказ: Каб вызваліцца ад састарэлага Адама, які штодзённа пасяляецца ў нас… а… а… а… і разам з тым раскаяцца… а… а… а… і ачысціцца ад кепскай пажадлівасці… а… а… а… і ўзняцца…», як Аапелі бесцырымонна перабіў яго: «Малец! Хадзі-тка пасвяці мне!»
Шуршыць гэблік, ціха гудзе калаўрот, аднастайна гучаць пытанні-адказы катэхізіса. А тут у хату ўвайшоў Пеньямі з абярэмкам дроў і моўчкі ўзяўся шчапаць лучыну. Сёння ён быў цвярозы цэлы дзень, і таму ў вачах усіх прысутных выглядаў больш прыстойна, чым заўсёды.
Праз некалькі гадзін усе гэтыя рознаўзроставыя чалавечыя істоты будуць спаць глыбокім сном. Бязмежная, непраглядна цёмная ноч цяжка дыхае вакол іх і, нібыта самая мудрая на свеце істота, глядзіць на гэтых неразумных людзей, якія бездапаможна боўтаюцца ў неабсяжным моры часу. Шасцідзесяцігоддзе, якое нясе з сабой грознае наканаванне лёсу, пачалося, але гэтыя людзі за стракатаннем цвыркуна не чуюць ягонага цяжкога поступу. Сямёра толькі ўдыхаюць і выдыхаюць паветра ў цеснай хаце.
Малы Юсі дыхае ледзь чутна. Ён нарэшце супакоіўся і заснуў каля матчыных грудзей, а потым яго паклалі ў смярдзючую калыску. Там і ляжыць ягонае маленькае цельца, і дзіця, само таго не ведаючы, ужо імкнецца па моры часу насустрач сваёй далёкай даросласці і яшчэ больш аддаленай старасці ды нікому не вядомай смерці, пасля якой усё будзе па-ранейшаму нязменным, а бераг мора часу так і застанецца нябачным і недасяжным. Гэта малое цельца з плоці, крыві, касцей. Але і яно ўжо на пачатку свайго нялёгкага шляху насустрач смерці.
У ягоных касцях ужо ідзе нейкае пакуль што нікому не бачнае пераўтварэнне, якое выяўляецца толькі ў скрыўленых нагах і бугрыстых нарасцях на галаве.
А калі цемра гусцее, з кутка калыскі вылазіць клоп і надзвычай спрытна пачынае поўзаць у прасцінах, пакуль не дабіраецца да мэты. Звесткі пра тое няспынна ідуць у чуйныя клеткі мозга. Калі ж паток звестак ускіпае, тады пачынае гучаць далёкі голас, абуджаючы сваімі хвалямі таемную дзейнасць у галовах заснулых людзей. Але толькі адзін з іх адгукаецца на гэты кліч.
Мая ўстае, працірае запаленыя вочы, пачухвае бок і, пакінуўшы храпучага Пеньямі, ідзе да малога. Маці гушкае дзіця, але той не супакойваецца, а крычыць яшчэ мацней. Тады Мая нахіляецца над калыскаю і раздражнёна дае сыну цыцку. Калі ж нарэшце ён адвучыцца ад матчыных грудзей? Пачуццё глыбокай абыякавасці ахоплівае Маю, калі яна скупа корміць сына пасярод глухой ночы. Цяжка ўсё гэта. Акрамя таго, яна ведае, што гаспадарка загразла ў пазыках.
На нейкі час хлопчык супакойваецца, а тысячы знешніх і ўнутраных акалічнасцей працягваюць сваю няспынную працу, ператвараючы гэтую малую істоту ў чалавечую асобу. Мая ўздыхае і зноў укладваецца побач з Пеньямі. Нешта мармыча ў сне Кустаа, потым зноў наступае цішыня. Цвыркун грызе вокладку пакінутага каля сцяны катэхізіса.
Ад тае пары ў памяці Юсі зберагліся толькі паасобныя ўрыўкі: пералівы сонечнага ці месячнага святла на падлозе, сярдзітыя воклічы, трэск запаленай лучыны. Надоўга запомнілася малому адна карціна: ярка асветленая свечкамі, упрыгожаная саламянымі вянкамі, з саломаю на падлозе і гучаннем псалмоў калядная хата. Аднак першы цвёрды ўспамін, які незалежна ад ягонага жадання збярогся ў памяці, застаўся ад наступнага выпадку.
Ён адзін у вялікім пакоі. І такая хвіліна, што не хочацца рабіць нічога. Ён толькі што быў у памяшканні, дзе пякуць хлеб, і маці пачаставала яго кавай. Кажуць, што яму ідзе ўжо шосты год. Ён хлопчык. Ён сядзіць на падлозе і разглядае вокны і аконныя вушакі. Яму здаецца, быццам штосьці спынілася і замёрла. А можа, ён толькі што заўважыў тое, што было заўсёды. Субота, нядзеля, аўторак…
У сенцах нешта грукае, і праз нейкую хвілю ў хату ўваходзіць Пеньямі – бацька. Стары Пеньямі і малы Юсі глядзяць адзін на аднаго, і на імгненне паміж імі ўзнікае нейкае страшнае невядомае пачуццё, асэнсаваць якое яны не ў змозе. Таямнічы, нікім не бачаны чалавек раптам заварушыўся ўнутры старога Пеньямі, нібыта ён убачыў з засады, як па лесе крадзецца нейкі дзіўны звер. Пеньямі хоча хоць што-небудзь зрабіць хлопчыку. Усміхаючыся, ён глядзіць на сына, потым падымае і садзіць на прыпечак. Стары дастае з кішэні пáраную бручку і загадвае малому есці. Хлопчык паслухмяна пачынае жаваць пачастунак, не ведаючы нават, ці смачна гэта, ці не. Ён чуе знаёмы пах гарэлкі і тытуню, незвычайна блізка, на ўзроўні са сваім тварам, бачыць барадаты бацькаў твар, ягоныя маленькія вочы. Бацька – гэта страшнаватая істота… А той усё ўсміхаецца і мітусліва штосьці шукае па кішэнях, вымае з-за шчакі кавалак зжаванага тытуню і ляніва, нібы гуляючы, запіхвае смярдзючую жвачку хлопчыку ў рот. Малы не адважваецца супраціўляцца, сілы на тое ў яго няма, ён толькі крывіць рот у надрыўным плачы. П’яны стары Пеньямі задаволены сваім паскудным жартам. Гэта ж Маін сын… Тут у п’янтоса прачынаецца дзікае жаданне ўчыніць што-небудзь кепскае і самой Маі. Ён ніяк не можа ўспомніць, ці лупцаваў ён калі як след гэтую Маю. Раней у яго былі дзве жонкі, і стары ўжо не памятае, чым ён «частаваў» кожную з іх.
Мая ўваходзіць у хату якраз тады, калі Пеньямі сілком спрабуе засунуць свой замазаны тытунём палец у рот малому. Яна падыходзіць, намерваючыся ўзяць хлопчыка і паставіць яго на падлогу. Жанчына бурчыць:
– Чаго ты зноў нажлукціўся…
У адказ Пеньямі раве старэчым голасам, знарок распальваючы сваю лютасць:
– Сціхні, баб’ё! – і адштурхоўвае жонку.
– Што ты будзеш жэрці налета, п’янюга ты паганы! Адчапіся ад хлопца!
– Замаўчы, праклятая карова! – крычыць Пеньямі і ў шаленстве паварочваецца да Маі.
Тады Юсі саскоквае з прыпечка так шпарка, ажно нешта хрусціць у пятцы, і, выціраючы запэцканы тытунём рот, выбягае на двор. Змяркаецца. Праз вароты ў двор заходзіць муж павітухі Тааветці з вялікім берасцяным куфэркам пад пахай.
– Ці дома бацька? – пытаецца ён сіпатым голасам.
Юсі не адказвае. Ён назаўсёды застанецца ў памяці Тааветці гэткім няветлым паскудным падшыванцам. Тааветці прынёс старому Пеньямі тытуню, бо ў таго самасад панішчылі замаразкі.
Счакаўшы кароткі час, Юсі ціхенька крадзецца ў хату.
– Добрая ў цябе баба, – кажа Пеньямі, заціснуўшы адкрытую табакерку паміж каленяў. – Хэ, я ж ведаю тваю бабу лепей, чым ты сам.
– Вядома, тут ты ў нас вялікі знаўца, – сіпіць Тааветці. – А ці ведае гаспадар, як зіму перажываць будзем?
– А мне напляваць на тое, я пра тваю бабу кажу. Ты яе хоць раз адлупцаваў як след ці не?
У хату зноў уваходзіць Мая. Пеньямі скоса глядзіць на яе і заўважае Юсі.
– А гэты паўшабэлак усё яшчэ тут? А во табе тытуню! – у строгім голасе чуюцца добразычлівыя ноткі, але Юсі на ўсялякі выпадак паціху адсоўваецца да дзвярэй. Мая выходзіць, гучна грукнуўшы дзвярыма.
– Што!!! Ды я цябе!!! – захліпваецца шалёным крыкам Пеньямі, ускаквае, але не кідаецца следам за жонкай, а бяссільна апускаецца на лаву.
А Тааветці зноў за сваё:
– А-а-а… Што ні кажы, а ліхая сёлета будзе зіма. Хоць у Нікілі яшчэ ёсць крыху жыта…
– Нечага тут скавытаць, хадзем лепей вып’ем, – сярдзіта перапыняе яго Пеньямі.
Тааветці ахвотна ідзе следам за гаспадаром, бо выпіўка – гэта куды лепей, чым скаргі на дрэнны ўраджай, шкада толькі, што стары нічога пра тое не кажа. Абодва падымаюцца ў каморку пад самым дахам.
Падзеі таго дня так глыбока запалі ў памяць малога Юсі, што і праз шмат гадоў яны паўставалі як жывыя перад ім з усімі падрабязнасцямі.
⁂
Тым жа вечарам да іх на хутар Нікіля завіталі госці – дзеці павітухі Ловісы. Юсі тым гасцям быў не рады і сустрэў іх варожа. Ён пляваў у хлопчыка, той пабег паскардзіўся, і Юсі ледзь пазбег лупцоўкі. Увесь вечар быў нейкі па-святочнаму бязладны. Потым па Тааветці заявілася сама Ловіса. А ён да таго раскіс, што жонцы давялося цягнуць яго на сабе. Важдацца з падпітым мужам для Ловісы было справай звыклаю, і яна ўзялася за яе без спрэчак і пярэчак, ніколькі не збянтэжаная тым, што будуць казаць у вёсцы. Пакуль Ловіса была ў сіле, нястача не пагражала хутару Ловела.
У тыя часы ўсталяваны прыродай парадак пачаў хістацца. Шмат на якіх землях Суомі выдаўся вялікі недарод. А мора часу ўсё калыхала жыхароў глухой лясной вёскі, і шасцідзесяцігадовыя абсягі яго хаваліся ў непраглядным змроку.
У тыя гады, што папярэднічалі вялікаму голаду, у чарадзе дзяцей, якія гойсалі па Хар’якангасу, быў і Юсі, сын Маі з хутара Нікіля. Вялікая галава на тонкай шыі, з-пад дзіцячай кашулі тырчаць крывыя ногі – такі выгляд ён меў тады. З разяўленым ротам ён змрочна аглядаў свет наўкол сябе сваімі маленькімі вачыма.
Пасярод вёскі ўзвышаецца зрыты неглыбокімі равамі пагорак. Там пасвяцца свінні з усёй вёскі, таму ён і называецца Свіная горка. Вясковыя дзеці таксама любяць ладзіць там свае гульні. На схіле, у атачэнні яблынь і рабін, стаіць старая хацінка. У хаціне шмат дзяцей, з гэтых братоў і сясцёр са Свіной горкі пазней выраслі славутыя на ўсю акругу задзіракі, валацугі ды бяспутныя дзеўкі. Дзяцей у вёсцы тады было не надта многа: у Хусары і Пелтары, двое ў павітухі Ловелы і Юсі ў Нікілі.
У той час усе дзеці апраналіся аднолькава – што хлопчыкі, што дзяўчынкі. Хлопчыкі да дзесяцігадовага ўзросту насілі прасторныя дзявочыя сукенкі без апаяскі. А тыя, каму не было нават пяці, даношвалі старыя кашулі і бегалі, матляючы доўгімі нястрыжанымі валасамі. Хлопчыкаў пастрыгалі пад гаршчок, таму здалёку здавалася, што на галовах у іх надзетыя вялікія круглыя кубкі. Калі яны караскаліся на рабіны і звешваліся з галля, кубкі ператвараліся ў заблытаныя грывы. Светлым восеньскім вечарам можна ўбачыць, як з дрэў звісаюць цёмныя постаці, як па завулку паспешліва бяжыць дамоў з хутара Нікіля павітуха Ловіса ці паважна крочыць тата Оліла, выпрастаўшы нягнуткую спіну.
Дзеці жылі прывольным жыццём, багатым на штодзённыя ўражанні, кожны вечар завяршаў чарговы, такі багаты на падзеі этап жыцця, што потым ён здаваўся даўжэйшым, чым іншыя, насамрэч роўныя яму па даўжыні перыяды. Дзеці самі вырашалі, чым запоўніць свае дні, выбіраючы самае цікавае з таго, што самі бачылі паміж небам і зямлёю, да чаго імкнуліся іхнія пачуцці і розум, які ажываў.
З усіх бакоў іх атачаў вялізны свет дарослых. У гэтым свеце былі нівы і палі, жытло і жывёлы. І паўсюдна ў гэтым свеце месціліся дарослыя з іхнімі намерамі, і дзеці, як толькі падрасталі і крыху ўваходзілі ў сілу, павінны былі падпарадкоўвацца і служыць тым задумкам. Дарослыя хадзілі па вуліцах, выходзілі, несучы свае прылады, працаваць у полі, вярталіся адтуль, былі часам заклапочаныя, часам п’яныя, але заўсёды – безуважныя да ўсяго таго, што было важна і дорага для дзіцячай душы. Ніхто з дарослых ніколі не падымаўся на вяршыню Свіной горкі. Дарослыя былі таямнічай загадкаю прыроды, крыху страшныя тым, што час ад часу давалі дзецям дыхту. Дыхту давалі вельмі разнастайнымі спосабамі: маглі пацягаць за валасы, балюча ўшчыкнуць за руку, адлупцаваць дубцом, рэменем або тымі ж таўстымі шкарпэткамі. Дыхт быў адзіным выпадкам, калі дарослы надаваў належную ўвагу свайму дзіцяці, і адзіным дзеяннем, ад якога атрымліваў вялікае задавальненне. Збіраюцца, напрыклад, мужчыны вечарам у двары на траўцы, каб пагутарыць аб важных справах, а навокал шалёна носяцца дзеці. І тут якога-небудзь бацьку раптам апаноўвае нястрыманае жаданне даць дыхту свайму нашчадку. Вось тады і выяўляецца, што сам працэс дыхту дае вялікае задавальненне ўсім прысутным дарослым – што на гэты конт у іх поўнае ўзаемаразуменне. Можа хто з прысутных і скажа слова суцяшэння «аддыхтаванаму». А потым мужчыны зноў панапіхваюць у рот тытуню, паплююць і чарговы раз стануць недаступнымі. Сапраўднымі дарослымі былі толькі мужчыны ды некаторыя з жанчын. Астатнія жаночыя істоты – гэта баб’ё, бабы. Яны былі ніжэйшымі за мужчын, але вышэйшымі за дзяцей. Іхняя прага да кавы нагадвала штосьці заганнае, як і шумная мітусня дзяцей.
Яны сёе-тое вытваралі, тоячыся ад мужчын, але шанавалі і тое, што мужчыны часам злавалі на іх. Шэрым і бязрадасным было іхняе жыццё, і, вядома, сапраўднаму мужчыну як бы й трэба час ад часу заўважыць тыя штукарствы ды крыху павучыць занадта хітрую бабу, аднак не варта ўвесь час сачыць за ёю. Подых сапраўднай мужнай даросласці адчуваўся ў адзенні: у мужчынскай кашулі, запраўленай пад рэмень сапраўдных мужчынскіх штаноў, крыху прыспушчаных спераду і ззаду. Той, хто дарастаў да мужчынскай вопраткі, меў права жаваць табаку, піць гарэлку, нахабна заляцацца да дзевак, казаць непрыстойнасці ды называць дзяцей недамеркамі і саплякамі. А паміж дзіцячай кашуляю і падпяразанымі мужчынскімі штанамі прасціраўся доўгі перыяд кароткіх штаноў з лямкамі, калі дзяцей называлі паўшабэлкамі, а больш ласкава – жэўжыкамі. Самай урачыстаю падзеяй у «жэўжыкаўскі» перыяд было паступленне ў канфірмацыйную школу. Сама канфірмацыя ўжо належала амаль што да свету дарослых. Яна была падзеяй выключнай важнасці і нават не меней значнай, чым нараджэнне дзіцяці. Пасля таго як хлопчык праходзіў канфірмацыю, шырокая бездань пралягала паміж ім і ўсімі астатнямі дзецьмі. Ён адразу трапляў у таямнічы, страшнаваты і чароўны свет дарослых. Калі ж тыя, што засталіся на другім баку прорвы, пачыналі распытваць яго аб таямніцах дарослага сусвету, ён толькі ўсміхаўся і даваў жартаўлівыя цьмяныя адказы.
Аднак «таямніцы» з дарослага свету траплялі ў кола дзяцей са Свіной горкі. Яны здагадваліся аб розніцы паміж мужчынамі і жанчынамі, на дапамогу здагадкам прыходзіла жывое ўяўленне, потым яны кідаліся ў гульні, спачатку са смяшкамі, а потым ужо і з цяжкім сапеннем. Болей за ўсё палохала сама думка пра тое, што пра гэтыя гульні дазнаюцца дарослыя. А калі ў гурце апыналіся такія, што і гаварыць яшчэ не ўмелі, даводзілася як мага старанней дурыць ім галовы. Здаралася і так, што гэткі трохгадовы ўдзельнік гульні з плачам бег дадому, а праз нейкі час прыбягала раз’ятраная маці, каб высветліць, што за крыўду ўчынілі яе малому. Тады гульні заканчваліся і аднаўляліся толькі ўвечары. Калі ж падобныя перашкоды не ўзнікалі, дык гэтыя ўзбуджальныя гульні абавязкова працягваліся ў далёкіх пагулянках і заканчваліся страхам перад добраю лупцоўкай за позні прыход дадому. Часам так яно і было, але здараліся і прыемныя выпадкі, калі бацькі не было дома, а маці была занятая – піла каву з суседкамі. Тады ад пражытага дня заставаліся самыя прыемныя ўражанні.
Усе гэтыя прыхамаці лёсу перажыў Юсі за першыя восем гадоў свайго жыцця. Яшчэ ў дваццаць і ў трыццаць гадоў у ягонай памяці ажывалі ўспаміны аб далёкіх часах Свіной горкі. Яны канчаткова зніклі толькі пасля жаніцьбы. А калі ў яго самога нарадзіліся дзеці, дык яму і ў галаву не прыходзіла, што, можа, і яны гуляюць у тыя самыя гульні, якімі ён цешыўся на Свіной горцы.
Тыя гульні скончыліся, калі Юсі пайшоў дзявяты год. Тым летам скончылася шмат якіх гульняў у краіне тысячы азёр. Людзі чыталі год на вокладках календароў, называючы кожную лічбу паасобку: 1, 8, 6, 6. Былі і такія, што не ведалі тых лічбаў і не ўмелі сказаць звязна: тысяча восемсот шэсцьдзясят шэсць.
Тым летам бесперапынна ішлі дажджы. Пасля св. Якуба ніводзін дзень не праходзіў без таго, каб вада не лілася на раздрузлыя ад гразі дарогі і раскіслыя палі. Старыя голасна бедавалі, маладыя маўчалі, а дзеці засмучана глядзелі ў пацямнелыя вокны і разумелі, што ім ужо болей ніколі не вярнуцца да былых гульняў. На двары пранізлівы халодны вецер, кроплі ледзяной імжы балюча шчыпаюць праз тонкую кашулю, босыя ногі дубянеюць – дык бягом назад, у цёплую хату.
Трывожныя думкі дарослых адбіваліся на іхніх тварах, і ад таго незразумелы трывожны смутак ахопліваў дзяцей, яны сумавалі па светлых днях сяўбы і жніва. Старэйшыя дзеці прыціхлі і моўчкі назіралі, як дарослыя, калі дождж на кароткі час пераставаў, звозяць у асеці прарослае зерне і выкапаную з гразі бульбу, як яны па калена ў ліпкай гліне робяць адчайныя спробы пасеяць азімае жыта. У тую восень на хутары Нікіля для Юсі і Маі выдаліся толькі два шчаслівыя дні, калі Пеньямі едзіў у Тамперэ. Ягонае зерне было непрыдатнае для ўсходаў, і Пеньямі прадаў амаль усю дамашнюю скаціну, каб купіць жыта на насенне. Ён і сапраўды вярнуўся з запасам зерня, праўда, крыху недастатковым, каб засеяць усё поле. Затое ён упершыню прывёз з Тамперэ сапраўднай гарадской гарэлкі і, залезшы ў даўгі, узяў пазыку ў гандляра. З гэтага і без таго невялікага насеннага запасу Мая ўпотай «запазычыла» крыху, каб памяняць на каву. Калі Пеньямі выявіў страту, у доме два дні лютавала жорсткая сварка, якая часам пераходзіла ў сапраўдную бойку.
Позняй восенню з’явіліся рэдкія ўсходы азімага жыта, слабыя і бляклыя. Большая частка палёў Нікілі засталася незасеянаю, і таму яшчэ да Калядаў у хлеб пачалі падмешваць мякіну. Пасля Усіх Святых на хутары засталося толькі двое мужчын: Юсі ды Пеньямі. Усе гаспадарчыя работы дасталіся двум торпарам.
Так і пакутавалі гэтыя людзі ў глухіх лясах, ім было не да размоў аб «народзе Суомі», а ўсё новыя і новыя нягоды абрыналіся на іх тыдзень за тыднем, месяц за месяцам. Чэрвень тым годам выдаўся такі, што а трэцяй гадзіне пад ранне ў мяккім святле з-за хмар можна было ўбачыць снег на схілах Свіной горкі, бліскучы лёд на возеры і палеглыя парасткі на нівах. Потым было Купалле, і на некалькі тыдняў пасля яго нечакана ўсталявалася цёплае надвор’е, але нічога добрага людзі не чакалі, бо ў тым было нешта падобнае да сітуацыі з хворым, які напралом ірвецца вон з лякарні, адчуўшы нязначную палёгку. Потым надышлі першыя дні верасня, светлыя ранкі якіх усміхаліся ўстрывожаным людзям, нібы кажучы:
– Чаго вы здзіўляецеся? Няўжо вы не бачыце, што гэта сапраўды святочныя ранні? Ідуць новыя часы!
Нібыта наўмысна дзеля свята прырода паслала тры дзівосныя заінелыя ранкі, хоць хапіла б і аднаго.
Людзі, якія хадзілі па вузкіх вясковых вулачках, здаваліся такімі маленькімі. Бачылі там і Пеньямі з хутара Нікіля, на дзіва чыстага і цвярозага. На ніве Хусары ён убачыў людзей, якія касілі рэдкую збажыну і зграбалі яе ў невялічкія капёшкі. Звычайна ён заўсёды спыняўся, каб пасмяяцца з гэткага здабытку, але гэтым разам ён прайшоў і ветліва павітаўся такім жаласным голасам, быццам хацеў заплакаць.
Нарэшце пасля доўгай падрыхтоўкі, пасля аддаленых пагроз, якія ўсё ж пакідалі пэўную надзею, заявіўся і сам вялікі госць, пазбавіўшы людзей ад пустых пакутлівых спадзеваў. У вёсцы Хар’якангас толькі тата Оліла сабраў сякі-такі ўраджай. Што праўда, ён не надта звяртаў увагу на тое, а толькі гучна абвяшчаў з-за сваёй густой барады:
– Горш за ўсё тое, што карá ад дрэў адстае толькі ўвесну!
Змяркалася. Апошні раз сямейнікі Нікіля сустракалі свята Нараджэння Хрыстова ўсе разам. Але нават у такі час людзей гэтак апаноўвалі тысячы дробязных турбот, што пра Каляды ўспаміналі толькі тады, калі сутонне заганяе ўсіх у хату. Але гэтым разам іхнія душы не паддаюцца святочнаму настрою і людзі не спяшаюцца сысціся за калядным сталом. У гэтых грубых звонку людзей на працягу тысячагоддзяў прырода нейкім таямнічым чынам стварыла чулую душу, і таямніцу гэтую разгадаць не ўдаецца. І не адзін з іх сярод усяго клопату і ўсёй мітусні раптам запаволіць хаду, нібы пачуўшы знаёмы з дзяцінства шолах крылаў каляднага анёлка ў змроку напярэдадні Калядаў, быццам у прадчуванні галоднага года. Таму лепей не спяшацца ў хату, а як мага даўжэй пабыць у двары… Напэўна, іншыя таксама заўважылі, як пралятае той анёлак, і праз гэта ў іхнія душы патхнула цяжкім злавесным прадчуваннем, але ніхто не хоча паказаць гэта сваім позіркам.
А і тае восені калядны вечар усё набліжаўся, бо ніякія замаразкі не могуць спыніць няўмольную плынь часу.
У цьмяным святле кароткага дня на лаўцы каля акна сядзіць стары Пеньямі. Ён стаміўся і глядзіць на двор згаслымі вачыма, сілы не засталося нават на сварку. Жахлівыя прадчуванні яго не трывожаць, бо не бачыў ён аніякага каляднага анёлка. Нічога не робячы, ён сядзіць у пустой хаце, і злосць перапаўняе ягоную душу.
Каляды… Стары Пеньямі перажыў шмат шыкоўных калядных свят. Калядны настрой, абуджаны лішкам гарэлкі, дамашняга піва і свініны, бурна струменіў па жылах. На тыя даўнія калядныя святы мужчына адчуваў сябе сапраўдным гаспадаром у сваёй сядзібе. Баб’ё і ўсе шчаняты затрэсліся ад страху, калі ён каляднай ноччу, нешта з усяе сілы гарлаючы, выправіўся на суседні хутар Хусары, з гаспадаром якога ён тады судзіўся. Спачатку яны пабіліся, потым старгаваліся наконт каня і ўрэшце заснулі ў хлебапякарным пакоі на хутары Хусары. Аднак спалі яны нядоўга і на досвітку пад звон званочкаў паляцелі ў царкву. На ўсю шырыню душы спраўлялі тады Каляды! А следам за каляднай ноччу ішла ноч св. Стэфана, і шмат яшчэ якіх начэй, аж да Вадохрышча. Шалёныя былі Каляды, дый бабы былі маладзейшыя.
У змроку пад надыход Калядаў, якія папярэднічаюць галоднаму году, сядзіць стары Пеньямі ў пустой хаце і знясілена ўспамінае старыя добрыя часы. Ён пачувае сябе такім самотным ва ўсім свеце. Да тых істот, якія цяпер мітусяцца ў гасподзе, ён адчувае толькі млявую агіду. Яны існуюць толькі дзеля таго, каб засведчыць ягонае прыніжэнне, бо цяпер і ён амаль параўнаўся з імі. Павітуха Ловіса пакуль што жывая, але яна ўжо старая, а старыя бабы нічога не вартыя і ні да чога не прыдатныя.
Пеньямі ведае аднаго чалавека, які нават гэтым часам мае гарэлку. Пеньямі думае пра тату Олілу. Ён куды старэйшы за Пеньямі, аднак не належыць да таго кола людзей, у якое ўваходзіць стары Пеньямі: ён наогул не ўваходзіць ні ў якае кола, ён – сам па сабе. Ён да прыкрасці самастойны, ён вышэйшы за Пеньямі і за ўсіх астатніх. Пеньямі ведае, што тата Оліла глушыць гарэлку больш за яго, аднак ён здаравейшы і багацейшы. Часцей за ўсё ў таты Олілы ядуць чысты, без мякіны, хлеб, і замаразкі пабілі не ўсе ягоныя пасевы, дый з Кокемякаў яму падвезлі тры вялікія вазы корму. І ў дадатак да ўсяго Пеньямі вінаваты яму шэсцьсот рублёў… З такім не паблазнуеш на Каляды.
Пеньямі ўстае і хісткімі крокамі выходзіць на двор, не ведаючы, куды яму падацца. Ён заўважае, што на пагорку тырчыць і мерзне Юсі, і хоча даць яму дыхту, як раптам з-за саўны з’яўляецца стракатая купка людзей, якія валакуць за сабой вялікія сані. Гэта агульнавядомае відовішча, і дух Пеньямі ажыўляецца і поўніцца ўсведамленнем таго, што для гэтых людзей ён усё яшчэ гаспадар.
– Добрых Калядаў! – кажуць жабракі з паўночным акцэнтам.
– Добрых, ды не тут. Тут вам, паўночнікі, гэтым разам не будзе прытулку. Ідзіце ў Оравайнен, там і будзе вам начлег. А тут нічога не будзе, ідзіце, я вам кажу!
Пеньямі ідзе ў Олілу, і малы Юсі можа спакойна паглядзець, як адыходзяць жабракі з поўначы. Пабірахаў са свайго прыхода мясцовыя жыхары не называюць жабракамі. Нават праз пяцьдзясят гадоў, у час вайны, калі гаворка пачынался аб людзях з поўначы, іх і тады Юха Тойвала лічыў страшэнна чужымі – так глыбока запала яму ў душу тое каляднае ўражанне.
Калі Пеньямі быў ужо далёка на вясковай вуліцы, Юсі кінуўся бегчы да хацінкі на Свіной горцы. Нейкі таямнічы інстынкт цягнуў хлопчыка з дому ў такі позні час, ён адчуваў, што на Свіной горцы наладзіцца сапраўднае каляднае свята, якога ў Нікілі ніколі не было і не будзе. Як хораша было б правесці гэты вечар з хлопцамі са Свіной горкі! Дома ў Юсі прыяцеляў не было.
На Свіной горцы здзівіліся, чаго гэта Юсі з Нікілі прыйшоў так позна, і Кустаава падумала, што Пеньямі зноў пачаў вар’явацца. Яна асцярожна распытала хлопчыка і высветліла, што ні сваркі, ні бойкі там не было, што Пеньямі пайшоў некуды ў вёску, а Юсі ўцёк сюды… Усё зразумела. Спакуслівы водар струменіўся ад паранай бручкі, надаючы калядную святочнасць маленькай хаціне. Аднак інстынкт падказваў Юсі, што яму тут нічога не дастанецца. Спахмурнеўшы, ён моўчкі выслізнуў за дзверы і знік, быццам нейкае каляднае прадвесце, мімалётнае і невытлумачальнае. Пасля такой праходкі, выкліканай парывам душы, заставалася толькі адно: з-пад зорак, што загарэліся ў небе, вярнуцца ў хату, дзе, як заўсёды, гарэла лучына. Усе чакалі гаспадара, каб пайсці ў саўну. Калі ж чаканне зацягнулася і саўна магла напраўду астыць, вырашылі пайсці і без яго. Насельнікі хутара Нікіля тым вечарам паводзілі сябе не так, як заўсёды.
Тата Оліла ўжо выслухаў калядныя пажаданні, схадзіў у саўну і цяпер расчэсваў бараду, калі ў дом заявіўся Пеньямі. Хіба ж толькі зараз і пагаварыць пра пазыкі? І час для першай каляднай выпіўкі яшчэ не настаў: гэта будзе, калі ўсе збяруцца за святочным сталом і праспяваюць псалмы. Тата Оліла адчуў раздражнёнасць.
– Дык ты ж усё ведаеш не горш за мяне… З цябе шэсцьсот рублёў, ды яшчэ інтарэс за два гады ты не заплаціў. Гэта трэба дадаць да асноўнага капіталу.
– А-а-а… я-а-а…
– Дык ты ж ведаеш, я не прадаю гарэлку ні за грошы, ні на доўг не даю… А інтарэс дадам да капіталу. Гэта будзе пару соцень марак…
– А-а-а… я-а-а…
– Дык я табе гарэлкі і так дам, без грошай, каб ты пасмакаваў Каляды. Ёсць з сабою якая пасудзіна?
– А-а-а… я-а-а…
– І не сярдуй тады, калі я законна спаганю з цябе пазыкі. І будзе тады з цябе две тысячы шэсцьсот марак. Ну, ідзі сабе з Богам!
– А-а-а… я-а-а…
– Ідзі ўжо сабе з мірам.
Гнятлівая цішыня пануе ў доме Нікілі пасля саўны, душыць страх – што скажа стары, калі даведаецца, што ўсе схадзілі ў саўну, не дачакаўшыся яго. Мая яшчэ ў саўне, яна пайшла апошняю – пакуль сям’я мылася, яна, нікому не сказаўшы, нанасіла ў хату саломы. Гэта старая падапрэлая салома, якую ўранні нацягалі на корм скаціне з даху пабудаванай два гады назад пуні. Юсі лічыць сваім абавязкам рассесціся на гэтым подсціле, хоць ад яго моцна тхне гніллю, і хата поўніцца цяжкім духам.
У сенцах чуюцца крокі старога Пеньямі. Знаёмае вока ў дзвярах блішчыць ярчэй, чым заўсёды, а дыханне – гучнейшае. Усе прысутныя адразу звяртаюць увагу на вялікую драўляную біклагу, якую стары Пеньямі нясе пад пахай. Такой пасудзіны ў Нікілі ніколі не было, гэта – здабытак з вёскі.
Усім на здзіў, Пеньямі не адразу пачынае сварку. Усе маўчаць, Юсі ціхенька спаўзае з подсцілу. А Пеньямі ставіць біклагу ў сваю асабістую шафу, зачыняе яе і, не кажучы ні слова, хістаючыся, зноў выходзіць з хаты. І гэтым адметным вечарам усе заўважаюць, як моцна састарэў Пеньямі за апошнія нялёгкія гады. Што ж, болей не варта яго баяцца. Жанчыны пасмейваюца яму ўслед. Але стары крумкач усё яшчэ можа нагнаць жуды нават у гэты, хай сёння і не радасны, але святы вечар.
Калі б тры гады таму Пеньямі вось так моўчкі пайшоў з хаты, Аапелі меў бы ўсе падставы пайсці следам і паглядзець, каб стары не пакрыўдзіў гаспадыню, якая мыецца ў саўне. Цяпер Аапелі тут няма, але ўсе ведаюць, што для гаспадыні няма ніякай пагрозы. Саслаблі жыццёвыя ўстоі.
Аднак перад тым як сесці за святочны стол, гаспадар зрабіў слабую спробу вярнуць старыя парадкі. Пеньямі намерыўся схадзіць у саўну і нават амаль раздзеўся, але пры гэтым знясілеў. Мая пакінула яго там, вярнулася ў хату, накрыла на стол і, дастаўшы з патаемнага месца тонкую сальную свечку, запаліла яе. І тут у хату ўваліўся босы і напалову распрануты Пеньямі. Ледзь соўгаючы нагамі, ён дабраўся да сваёй шафы і зрабіў тры вялікія глыткі гарэлкі з прынесенай біклагі. Потым ён зняможана апусціўся на ложак, радуючыся, што ёсць у яго яшчэ гарэлка, і хай сабе сёння будзе ягонае апошняе свята ў гэтым скіслым свеце, хай сабе і пазык болей, чым ён можа выразна выгаварыць. Праз тое ў Пеньямі зноў абуджаюцца зніклыя сілы. Ён заўважае хлопчыка, які заўсёды і паўсюдна выклікае ў старога Пеньямі жаданне закатаваць яго. Але хлопчык – зусім дробязная нагода для сваркі, калі дома ўся сям’я. Тут ён заўважае пасланую на падлозе салому.
– Хто прынёс у хату гэтыя жывёльныя аб’едкі?
– А якая табе розніца, дзе яны ляжаць, – пярэчыць Мая.
– Я табе пакажу, якая розніца! Баб’ё! Каровы! – раве Пеньямі і, спатыкаючыся, кідаецца да стала з намерам схапіць свечку.
Мая адсоўвае яе, і Пеньямі нахіляецца, збірае ў ахапак салому і хоча вынесці яе з хаты.
– Не шалей, стары пень!
Мая спрабуе стрымаць яго, а Пеньямі злосна хрыпіць:
– Я табе пакажу, олілаўская выпаўзніца, як у нас спажываюць салому пад скаціну!
Завязваецца лёгкая тузаніна, якая заканчваецца тым, што аслабелы Пеньямі валіцца на падлогу і так моцна ўдараецца нагою, што падняцца ўжо без старонняй дапамогі не можа. Мая дапамагае яму. Сяк-так дабраўшыся да ложка, ён, задыхаючыся, крычыць:
– Гарэлкі мне!
Але Мая і не думае выконваць ягоны загад. Стары яшчэ болей шалее і яшчэ гучней, але гэтаксама бездапаможна вішчыць:
– Гарэлкі мне!
Мая запытальна глядзіць на Марке, і тая абыякава кажа:
– Там, у шафе.
Стары Пеньямі засынае, і сям’я сядае за святочны пачастунак: грубы хлеб з мякінай, вадзяністая сыракваша, бараніна, параная бручка. У слабым жаўтаватым святле сальнай свечкі відаць схуднелыя твары насельнікаў хутара Нікіля, якія моўчкі сядзяць за святочным сталом. Трашчыць мароз, даносячы прывітанні з вялікага мноства хацінак, дзе ў гэты самы час у такой жа абстаноўцы такія самыя людзі сядзяць за такім жа пачастункам. Мужчыны і жанчыны глядзяць перад сабою сур’ёзнымі вачыма, а дзеці з тонкімі схуднелымі шыямі ледзь варушаць сківіцамі, нібы з кожным кавалкам праглынаючы нябачныя слёзы.
Бязмежнае зорнае неба глядзіць уніз на мітусню маленькага чалавечага племя, на тое, як яно імкнецца зберагчы сваё слабенькае жыццё дзеля будучых пакаленняў, чый лёс немагчыма прадказаць і прадбачыць у тых шчаслівых, а можа, няшчасных, часах праз дваццаць, пяцьдзясят, сто гадоў. Неба бачыць глухія пушчы, у якіх побач з паміраючымі жабракамі і бліскучымі вачамі рысяў дрэмлюць мільёны будучых людзей. На лясных прагалах відаць сівыя вёскі, у якіх адзін бачыць у сне, як ён завалодвае шматлікімі хутарамі, а другі сніць, што праводзіць апошнюю калядную ноч у бацькоўскім доме. Неба бачыць вёскі, дзе ў прытулках для бяздомных жабракоў ціха згасаюць тыя, каму не наканавана спазнаць шчаслівую будучыню. Шмат усяго такога бачыць неба на гэтай застылай у шэрай аднастайнасці зямлі, бо час вялікіх ліхалеццяў яшчэ не надышоў. Аднак на зямлі і ў паветры ўжо зрушыліся магутныя сілы прыроды – як таямнічыя, так і відавочныя. Былі Каляды 1867 года. З такой далечыні часу ўсё гэта можа падавацца вельмі цікавым, але тады настрой у людзей быў даволі прыгнечаны. Калі святочнае застолле скончылася, Мая паспрабавала заспяваць псалом, але голас у яе так панізіўся, што падтрымаць спеў ніхто не змог. Праспяваўшы пару вершаў, яна змоўкла.
Настрой дзесяцігадовага Юсі ўтвараўся з тых слабых уражанняў, якія ён атрымаў дома і па-за домам на працягу каляднага вечара. Праходка на Свіную горку ператварылася ў прыгоду каляднага вечара, водар бручкі напамінаў яму аб святочнай вячэры, бацькавы выбрыкі былі справаю даўно знаёмай. Пасля вячэры ён яшчэ раз паспрабаваў уладкавацца на прэлай саломе. І нарэшце да яго прыйшоў сон, напоўніўшы бляклымі фарбамі маленькія падзеі таго вечара.
Стары Пеньямі заўсёды гнаў прэч жабракоў. Але той каляднай ноччу яны ўпершыню ўступілі ў хату на хутары Нікіля. Толькі ўсе сабраліся спаць, як у хату ўлезла старая бабуля з двума дзецьмі. Яна расказала, што іхняя маці памерла ў дарозе. Паколькі стары Пеньямі моцна спаў, ім дазволілі пераначаваць на смярдзючай саломе. Іхні прыход разбудзіў Юсі, і ў ягонай напалову соннай душы вобразы гэтых вандроўнікаў засталіся назаўсёды. Хлопчыку падалося, што ён праспаў Каляды.
Уранні Пеньямі раздражнёна бурчаў, але сілы ў яго не хапала на сапраўдную сварку, таму ён толькі млява лаяўся са старою жабрачкай. Тая не саступала. Яна займалася сваімі дзецьмі і амаль гвалтам здабыла крыху малака з невялікіх прыпасаў, што меліся ў доме. Яна засталася яшчэ на адну ноч, старанна аплятала хлеб з мякінай, які пяклі ў Нікілі. Не менш старанна яна нахвальвала гэты грубы хлеб, з вялікай дасведчанасцю распавядала аб становішчы ў свеце, пра тое, што будуецца чыгунка недзе пад Рыйхімякі, пералічвала назвы мясцовасцей, дзе былі прытулкі для жабракоў, сыпала парадамі, як лепей выпякаць хлеб; наогул, паказала сябе мудрым чалавекам. Ад яе струменіўся нейкі незвычайна рэзкі і вільготны дух жабрацтва, які змешваўся з заўсёдным пахам дома Нікілі – пахам тытуню і земляной падлогі. Ранкам Стэфанавага дня яна з дзецьмі і ўсім сваім рыззём падалася далей на Тамперэ.
Так пачаўся заключны этап жыцця гэтай сям’і на хутары Нікіля. Цяпер жабракі часцяком паварочвалі на хутар, і ніхто болей іх не праганяў, а яны, як толькі заўважалі, што гаспадары збяднелі і ў іх амаль няма чаго есці, дык паводзілі сябе накшталт тае старой: дарэмна нічога не просячы, размяшчаліся, як у сябе дома, на ноч або на ноч і на дзень. А потым зноў выпраўляліся ў дарогу. Некаторыя жабракі мелі жменьку кавы, варылі яе і пілі. Пеньямі спрабаваў бурчаць і лаяцца, але і ён выпіваў свой кубак.
Сталыя сямейныя адносіны, якія складваліся гадамі, цяпер аслаблі і нібы растварыліся ў водары жабрацкай галечы, які напаўняў усе будынкі на хутары Нікіля. Цяпер Юсі бачыў вялікае мноства сваіх аднагодкаў; цьмянае прадчуванне вялікага новага абсягу абуджалася ў хлапечай душы, і дзіўны спакуслівы водар невядомага сусвету вабіў да сябе. Юсі мог дасхочу бегаць па двары і па доме – ніхто за ім не сачыў. Ён бачыў зблізку, як паміраюць людзі. І праз пэўны час у яго зарадзілася жаданне далучыцца да якой-небудзь хеўры валацуг. Ён нібыта ведаў, што некалі пакіне гэты дом, але калі?
Душа старога Пеньямі штодзённа знемагала ў пакутах. Гарэлка, што была на Калядах, скончылася, а зноўку пайсці да таты Олілы і папрасіць яшчэ ён не наважваўся. Чаго ён баяўся? Адказу на гэтае пытанне ў старога Пеньямі не было – ён і сам не ведаў чаго. Пасля калядных свят Пеньямі адчуваў незвычайную слабасць, і, відаць, таму пакутлівыя думкі пачалі поўніць ягоную душу. Асабліва цяжкія думы апаноўвалі старога, калі ён заставаўся адзін. Часам у цішыні яму здавалася, што аднекуль чуецца голас святара, які чытае яму суровую мараль. Звычайна ўсё пачыналася здалёк, з маладых дзён; суровы голас упамінаў тыя ці іншыя падзеі і выпадкі, што здараліся з Пеньямі ў жыцці, калі ён быў поўным сілы, дужым гаспадаром, і заканчваліся апісаннем жыцця ў гады нястачы і бядоты. Часам голас пачынаў гучаць ласкава і нават пяшчотна, і тады Пеньямі не разумеў, аб чым ён кажа. Нічога такога не казаў гэты голас, але ўсё ж заставался пачуццё нечага нявыказанага, і нейкае дзіўнае адчуванне апаноўвала Пеньямі – адчуванне таго, што менавіта дзеля гэтага замоўчанага пастар і чытае яму сваю казань. І чулася яму прадказанне, што памрэ ён таму, што часы мяняюцца, а ён ужо страціў здольнасць мяняцца ў гэтым вірлівым патоку. Куды ён трапіць, у якую апраметную, у якое пекла? Пра тое Пеньямі ніколі не думаў, а што ж да царства нябеснага, дык яно ўяўлялася нечым прыкра-саладжавым і не надта вабіла яго. Калі ж часам думка пра тое і наведвала яго, дык заўсёды падавался, што ляжыць ён з цяжкаю хваробай у ложку і слязлівым бабскім голасам спавядаецца ў грахах. І гэта здавался яму самым паскудным становішчам, у якім толькі мог апынуцца мужчына сталага веку, назаўсёды прапахлы тытунём і самагонкаю.
Стасункі старога Пеньямі з царквою склаліся так, што часам ён наведваў набажэнствы, як і ўсе астатнія, а мог і пасмяяцца з пастара, калі быў у добрым гуморы. А калі той прамаўляў як сапраўдны мужчына, дык можна было і паслухаць. Да гаворак аб вечным памысным жыцці ён ставіўся, як да неразумных дзяцей, існаванне якіх на гэтым свеце даводзілася цярпець, нягледзячы на ўсю іхнюю мярзоту.
Але вось цяпер той нябачны святар чытае яму казань ды яшчэ і патрабуе, каб ён, Пеньямі, зноў ператварыўся ў бязгрэшнае ласкавае дзіця. Ён хутка памрэ, у яго ёсць пазыкі, ён зусім азыз і знясілеў аж да таго, што вось цяпер нейкі жабрак храпе на лаўцы каля печы. Ён прадчувае, што хутка на хутар прыедзе галоўны мясцовы паліцыянт – ленсман. Калі б хто з сапраўдных мужчын убачыў, што творыцца ў ягонай душы, дык ухапіў бы яго за каршэнь ды страсянуў як след, так, як гэта робяць з нягеглымі шчанюкамі. Немагчыма нават і ўявіць, што тата Оліла, гэты здзічэлы барадзень, апынуўся б у такім становішчы. Ён толькі вядзе сваё «я-а-а ж… ты-ы-ы ж…», цягнучы кожны гук на сваёй нетутэйшай гаворцы.
Раптам у галаве маланкаю ўспыхнула думка, ад якой старога Пеньямі закалаціла, нібы ў ліхаманцы. Жудасная трывога ахоплівае яго, трасуцца рукі і вусны, яму робіцца нясцерпна балюча. Ён дзейнічае бяздумна – хапае з шафы пустую біклагу, якую прынёс на Каляды ад таты Олілы, хапае сваю галоўную каштоўнасць – пасведчанне ўладальніка хутара – і, па-ранейшаму ліхаманкава калоцячыся, выбягае з хаты.
Юсі глядзіць, як аддаляецца бацька, адчувае, што зараз нешта здарыцца, і загадзя рыхтуецца да нечаканасцей. Напружана ён глядзіць на жабрака з поўначы, які храпе на лаўцы, потым узіраецца ў дарогу, ці не з’явяцца яшчэ валацугі. Вядома ж, во яны, тут як тут…
А тут прыходзіць і Пеньямі з біклажкаю пад пахай і прыносіць пяць ладных боханаў хлеба. Ніколі Оліла не даваў старому Пеньямі такога свежага, яшчэ цёплага хлеба, ды адразу так многа. Зноў пачырванелы твар Пеньямі высвечваецца ў дзвярах, і жабракі, якія толькі што прыйшлі на хутар, прагна глядзяць на такое багацце, спадзяваючыся, што падзеляцца і з імі. Аднак Пеньямі хавае хлеб і біклагу з гарэлкаю ў сваёй уласнай шафе. Гэта вялікая каштоўнасць, хоць гэтым разам і дасталася надзіва лёгка: хлеба ён зусім не прасіў. Аднак пасведчанне ўласніка засталося ў таты Олілы. Пеньямі нібы скінуў вялізны цяжар, халодная ліхаманка змянілася прыемнай цеплынёю. Можна і паляжаць у ложку.
– Няўжо гаспадар не падзеліцца з другім бедняком, калі сам здабыў сяго-таго? – пытаецца адзін з тых жабракоў, што атабарыліся на хутары яшчэ ўчора. Толькі тады Пеньямі заўважае, што ў хаце поўна пабірахаў з поўначы.
– Я во зараз вам пакажу беднякоў…
Пеньямі падымаецца, хісткімі крокамі выходзіць на сярэдзіну хаты і хапае першае, што трапляе ў рукі. Ліхаманка, самагонка і палёгка ад апошняга ўчынку абудзілі ў ім даўнюю задзірыстасць. Душа радуецца: у шафе ёсць гарэлка, зараз ён яшчэ можа вытурыць усіх з хаты і зноў залегчы ў ложак. Хутар, дом, зямля хай гараць гарам! Падумаеш, аснова жыцця! Сярод жабракоў ён заўважае Юсі, і недзе ў памяці мільгаюць далёкія карціны той часткі жыцця, што ён правёў з Маяй – доўгія, бязрадасныя, пакутліва змрочныя гады.
Але раптам у самы вырашальны момант перад варотамі пачуўся бразгат званочкаў, паказаўся засланы мядзведжай шкураю вазок, з якога вылез таўсматы цемнатвары чалавек. Ленсман прыехаў. Жабракі скаланаюцца, а Пеньямі забывае пра свае намеры. Ён так і застывае, сціснуўшы ў руках схоплены свярдзёлак.
Ленсман усё разумее без аніякіх роспытаў і ўмомант выганяе ўсіх жабракоў на вуліцу. Пасля іх у хаце застаецца гнятлівая цішыня ды знаёмы смурод. Звон стаіць увушшу ў старога Пеньямі, але і вялікая палёгка раптам напаўняе ўсю ягоную істоту: нарэшце ленсман прыехаў. І хоць Пеньямі адчувае сябе страшэнна стомленым, але душу апаноўваюць амаль што святочныя пачуцці. Хай сабе мацнее ліхаманка, хай сабе ленсман з усімі справамі – усё адно да аднаго, а значыць, і да вырашальнай падзеі. Зіма павярнула з сярэдзіны на схіл, вечаровае сонейка прагравае сіняватыя сумёты, у якіх праглядваюцца фарбы блізкай вясны. І ніводнага жабрака не відаць.
Пеньямі толькі і змог выціснуць: «Та-а-к-к-к в-о-о… не бо-о-олей-й-й за два-а-а тыдні… я паспра-а-абую… я тут крыху за-а-анядужаў…» Неяк ён усё ж здолеў падгаварыць ленсмана выпіць чарку гарэлкі. «А мо-о-ожа… кавы… у маёй гаспадыні… знойдзе-е-ецца…» – «Не турбуйся, я спяшаюся». Зарыпелі сані, забразгалі званочкі.
Пеньямі застаўся адзін у сваім старым доме, ахутаным утульнай цішынёю. Цяпер ён і напраўду быў адзін. Перажытыя падзеі так уразілі яго, што першы і апошні раз за ўсё сваё доўгае жыццё ён меў нязвыклы стан душы: не адчуваў ні злосці, ні зайздрасці, аб усім думаў з дзіўнай абыякавасцю. Ягоная жоўтая ад тытуню барада трэслася. Апошні адростак стагадовага сялянскага роду, ён плакаў. Сённяшні спантанны візіт да Олілы быў ягонай апошняю праходкай па зямлі Хар’якангас.
Сканаў ён той жа ноччу. Апошнія словы ён прамовіў вельмі выразна: «Я памру не сабачаю смерцю». Ён, безумоўна ж, трызніў, паўтараючы вядомыя словы гаспадара хутара Прыйкала. Пеньямі, напіваючыся гарэлкі, і раней часта казаў так, але цяпер прамовіў гэтую сваю заўсёдную прыказку мякка, амаль пяшчотна.
⁂
Неўзабаве пасля смерці старога Пеньямі мара маленькага Юсі спраўдзілася. Канцылярыя Турку за пазыкі пусціла хутар з малатка. Тата Оліла, якому нябожчык быў вінаваты больш за ўсіх, купіў хутар і пасадзіў там гаспадаром свайго малодшага сына Антаа. Мая з сынам мусіла пакінуць страчаны хутар. Яна не захацела застацца ў родных краях, дзе з самых дзявочых гадоў ёй даводзілася перажываць шматлікія жыццёвыя нягоды. Асушыўшы слёзы, яна вырашыла падацца да брата, які – людзі казалі – жыў даволі заможна. Адным светлым раннем Юсі прачнуўся і ўбачыў, што маці зносіць іхнія небагатыя пажыткі ў сані каля ганка. У Маі яшчэ заставалася колькі зярнятак кавы, на дзіва зберагліся і некалькі кавалкаў таго хлеба, які прынёс набожчык Пеньямі ад таты Олілы. Яны паснедалі, а рэшткі склалі ў сані. Потым рушылі ў дарогу, назаўсёды пакінуўшы гэты дом. Мая цягнула санкі, а Юсі, у штанах з лямкамі і старой світцы нябожчыка Пеньямі, штурхаў іх ззаду. Мая апранулася ў другую світку старога Пеньямі. Ярка блішчаў снег пад вясновым сонцам. Ужо ідучы па лёдзе возера, Юсі крадком азірнуўся і паглядзеў на далёкую і такую прыгожую вяршыню Свіной горкі, дзе некалі гуляў у такія цудоўныя гульні. Ён ніяк не мог праглынуць камяк у горле, і паступова захапленне вандроўным жыццём змянілася смуткам.
Спачатку яны ішлі ўдваіх, і ў памяці Юсі адзін за адным узнікалі постаці людзей, якіх ён ведаў у першыя дзесяць гадоў свайго жыцця і якія разышліся хто куды. Ён успамінаў Аапелі і Кустаа, Еву і Марке, свайго бацьку Пеньямі. Цяпер, удалечыні ад свайго дому, у такім нязвыклым асяроддзі, усе тыя людзі здаваліся яму дзіўна аднолькавымі.
Але хутка ў іх з’явіліся спадарожнікі. На вялікіх гасцінцах ім часта пачалі трапляцца шматлікія доўгія чароды людзей. Большасць цягнула за сабою сані з вялікай паклажаю, але часам можна было ўбачыць і схуднелага да касцей каня. Сані і конь звычайна ўтваралі своеасаблівы цэнтр, вакол якога гуртаваліся людзі, утвараючы асобныя групкі, паміж якімі заставаўся прамежак на колькі сажняў.
Незвычайныя ўражанні ад падарожжа кружылі голаў і п’янілі так, што забывалася нават стома, што знясільвала. А пад вечар гэтае ап’яненне ўзмацнілася яшчэ болей. Звілістая, абнесеная агароджаю дарога зноў ішла па роўнай мясцовасці, удалечыні віднеўся чырвоны верставы слуп, каля якога нешта чарнела. Падарожнікі праходзілі міма, кідаючы абыякавыя позіркі на мёртвага чалавека пад слупам і малую дзяўчынку, якая з безнадзейна агаломшаным выглядам стаяла каля нябожчыка. Нехта з групы, што рухалася перад Маяй і Юсі, крыкнуў:
– Ідзі ў вёску, а то ўначы ваўкі з’ядуць!
Аднак дзяўчынка працягвала нерухома стаяць, безуважна аглядаючы наваколле.
На змярканні прыйшлі ў вялікую вёску, дзе ўвесь натоўп шпарка рассыпаўся па вясковых вуліцах. Мая і Юсі зайшлі ў цёмныя сенцы адной хаты і паспрабавалі адчыніць дзверы. Аднак яны былі зашчэпленыя знутры, там збіраліся пячы хлеб, чутно было, як месяць цеста. Калі ўсё ж ім удалося дастукацца, нейкая жанчына з’явілася ў дзвярах і сказала, каб яны ішлі ў прытулак для жабракоў. Яны доўга блукалі па цёмных вясковых вуліцах, пакуль знайшлі той прытулак – вялікі дом, поўны халоднага скразняку і гарластых жабракоў. Яны былі амаль непрытомныя ад стомы, і Юсі не разумеў аніводнага слова з крыкаў дзвюх жанчын, якія шалёна сварыліся паміж сабою. Мая нарэшце зразумела, з-за чаго стаіць такі гвалт. Адна жанчына смажыла на агні кававыя зярняты. Яна толькі што схадзіла да старызніка памяняць нейкія лахманы на каву. А тыя лахманы садрала з адной старой бабулькі, якая толькі што памерла. Другая жанчына таксама чакала смерці той бабулькі, каб самой завалодаць апранахамі нябожчыцы, але ёй спатрэбілася на нейкі час выйсці на двор. Цяпер жа падманутая ў сваіх спадзевах жанчына сцвярджала, што другая – проста пралаза і што лахманы яна садрала, не дачакаўшыся, пакуль бабулька сканае. Яна сама бачыла, што ў пуні, куды аднеслі нябожчыцу, тая яшчэ варушыла сківіцамі. Але, здаецца, усё ішло да таго, што і падманутая жанчына не застанецца без здабычы: непадалёку ў куце паміраў страшэнна распухлы ад голаду чалавек.
Тут Мая і Юсі правялі сваю першую ноч пасля адыходу з хутара Нікіля. Назаўтра, усё гэтак жа ахопленыя ап’яненнем вандроўнага жыцця, яны рушылі ў дарогу і позна вечарам былі на месцы. Там яны папілі вады й імгненна заснулі – нават на вячэру сілы не хапіла. Наступнага дня Мая дамовілася з братам, што Юсі застанецца ў іх у Туарыле, а яна пойдзе шукаць якога-небудзь заробку.
Надышоў травень, вясна поўнілася спадзевамі, калі Мая вярнулася ў Туарылу. Яна была такая хворая і знясіленая, што не змагла нават расказаць пра свае вандраванні. Уначы ёй стала яшчэ горш; яна так стагнала, што разбудзіла ўсіх у доме. Юсі таксама прачнуўся і бачыў, як памірала ягоная маці.
Так скончылася Юсева дзяцінства.