Читать книгу Праведная галеча - Франс Эмиль Силланпяя - Страница 4
Раздзел ІI
На ўтрыманні ў родзічаў
ОглавлениеЯк яснае сонейка ўздымаецца пасля начнога прымаразку, так ранняя вясна 1868 года ўзнікла і ўзнеслася над раз’юшанай і па-ранейшаму разлютаванай смерцю. Хоць, праўду кажучы, смерць тады ўжо не надта лютавала, і голас яе зрабіўся нячутным. Час ад часу яна ўсё ж вырывала з невялікай купкі вандроўнікаў ушчэнт знясіленага чалавека і пакідала яго ў сумёце пад парканам ці аблягчала пакуты ўдавы дзе-небудзь у лясной глушы, загасіўшы слабы агеньчык жыцця яе апошняга дзіцяці. Нават там, дзе ўпарты чалавечы статак на дванаццаць тысяч душ змагаўся, імкнучыся ўлагодзіць сваю долю, – нават там смяротная навала не выклікала ўжо вялікага шуму. Уздоўж пясчаных схілаў грады Салпаўсэлкя тыя людзі стваралі магутную дарожную артэрыю, якая вяла на ўсход да вялікага чалавечага гнездзішча пад назвай Санкт-Пецярбург. Адны капалі, а другія за іхняй спінаю чакалі, калі смерць перадасць ім кірку. І смерць імкнулася быць справядліваю, перадаючы інструмент тысячам тым, што чакалі, і забіраючы знямоглых. Тым самым учынілася прыемная нечаканасць для тых праніклівых вастравокіх, што праводзяць разлікі: тая сталёвая артэрыя, нягледзячы на сціслы час і паспешлівасць, абышлася на паўмільёна меней, чым яны разлічвалі. Там паміралі ціха, і тысячы нябожчыкаў, якія ляжалі ў сваіх пясчаных магілах, напэўна вельмі здзівіліся б, калі б праз пяцьдзясят гадоў яны пачулі словы, што пульсавалі ў той сталёвай артэрыі: «Чаша пакут перапоўнілася…», і спыталі б: «Няўжо яна перапоўнілася толькі цяпер? Яна ж і тады ўжо была паўнюткаю».
Новая, поўная добрых прыкмет вясна сагрэла і Юсі, які цяпер жыў не на хутары Нікіля, а ў іншым месцы. З тае пары, калі яго ўзялі ў новы дом, ён больш не пакутаваў ад голаду. У гасподзе Туарыла нават у самыя цяжкія часы не мелі патрэбы падмешваць у хлеб чаго-небудзь болей за траціну, дый то гэткі хлеб пяклі ўсяго якую пару разоў за ўсю зіму. Гаспадар Туарылы рабіў гэта, каб пазбегнуць розных плётак на гэты конт, таму што быў у валасной камісіі па размеркаванні ўспамажэнняў. Добры хлеб нават у тыя часы ніколі не пераводзіўся ў гаспадарцы, не кажучы ўжо аб дарах жывёлагадоўлі. Туарыла была зусім не такая, як Нікіля, і не верылася, што яе гаспадар Кале быў братам Маі. Кале, мажны гарбаносы мужчына, меў звычкі і характар сапраўднага гаспадара і падсвядома цураўся сваёй недалужнай сястры. Юсі заўважыў гэта, калі двойчы прысутнічаў пры сустрэчах брата з сястрою. Было заўважна, што маці пабойваецца свайго брата, і яна ўжо назаўтра пакінула ягоны дом, радуючыся, што хлопчыку дазволілі застацца. А праз некалькі месяцаў яна вярнулася і дала зразумець, што прыйшла толькі дзеля таго, каб памерці ў родным кутку. І было відаць, што брат адчуў палёгку, калі Мая нарэшце сканала. Тады на Юсі на доўгі час найшло здранцвенне. У доме былі прасторныя чыстыя пакоі. У некаторыя з іх Юсі ніколі не заходзіў. Кармілі тут смачна і сытна, але кавы, якую ў старой гасподзе пілі па некалькі разоў на дзень, ніколі не давалі, хоць для сябе гаспадары і гатавалі яе. Ад добрых харчоў аслабелае цела хлопчыка хутка мацнела, але душа заставалася знямелаю і застылаю, нейкая хваравітая санлівасць завалодала ўсёй ягонаю істотай. Часцяком ён нават не разумеў, што яму загадваюць рабіць, куды пасылаюць. Ён проста стаяў і ў неразуменні прыдуркавата лыпаў вачыма. А калі ўсё ж мусіў ісці што-небудзь зрабіць, вочы адразу поўніліся слязьмі, бо ўсё тут было чужое, невядомае; яму нічога не тлумачылі, а толькі загадвалі. Спытаць ён не наважваўся і часам аслупянела стаяў сярод двара, аж пакуль гаспадыня, не дачакаўшыся, у нецярплівасці выскоквала на двор паглядзець, «куды гэта ён папёрся шукаць даёнку». А Юсі з задавальненнем збегаў бы па тую даёнку, каб толькі здолеў зразумець, што яму загадвае гаспадыня. З тае пары і пацягнулася за ім слава крыху дурнаватага няўклюднага хлопца. Калі Юсі, выконваючы які-небудзь загад гаспадыні, бесталкова мітусіўся ў прасторнай пякарні Туарылы, ён сам адчуваў, ды і збоку гэта было відно ўсім, што ніводзін яго крок, ніводзін ягоны рух не стасуюцца з цяперашнім асяродкам. Усё тут было зусім не гэткім, як у старой сялібе Нікілі. Гаспадар, якога маці ў размовах з сынам называла дзядзькам, быў для хлопчыка істотай надзвычай непасціжнай. Таму Юсі заўсёды называў яго «гаспадар» – звяртацца да яго іначай хлопчык не меў смеласці. Ён заўсёды быў заняты гаспадаркаю, заўсёды быў сур’ёзны, ніколі не напіваўся п’яным і не лаяўся са сваёй кабетаю, не кажучы ўжо пра тое, каб пабіцца з ёю. А гаспадыня зусім не баялася яго. Дзіўная халодная згода панавала паміж імі так, што немагчыма было стаць на чый-небудзь бок. Калі надыходзіў вечар, дык і гаворкі не магло быць пра тое, каб уцячы куды-небудзь з двара ў вёску. З парабкамі і служанкамі Юсі амаль ніколі не сутыкаўся і аб іхнім жыцці нічога не ведаў. Яны спалі ў хацінцы для парабкаў, Юсі – у пякарні, а гаспадар з гаспадыняю – у сваім пакоі. Увечары ён клаўся ў чысты няўтульны ложак, і ложак гэты быў своеасаблівым працягам непрыязнага дня. Нават у сне Юсі адчуваў патрэбу напружваць свае цягліцы, што мацнелі, а неадвязная цяжкая сытасць толькі ўзмацняла пачуццё падняволля.
На хутар Туарыла таксама часам заходзілі жабракі, але гэта быў зусім не той люд, што некалі мог прыблукаць у Нікілю. Гэтыя нясмела стаялі каля дзвярэй ці, прысеўшы на лаву, плаксівымі галасамі адказвалі на роспыты гаспадыні. Неяк аднойчы гаспадыня спыталася ў адной жабрачкі, як яе завуць, і выявілася, што тую, як і гаспадыню, звалі Эмаю. Тады жабрачка атрымала добрую міласціну, і тым жа днём на хутар завітала яшчэ адна жабрачка і, не чакаючы роспытаў, абвесціла, што яе таксама завуць Эма. Гаспадыня доўга і ад душы смяялася, але падалá і гэтай, аднак папрасіла папярэдзіць усіх астатніх Эмаў, што больш такі фокус не атрымаецца.
Як ні дзіўна, але тут, на новым месцы, Юсі вельмі баяўся жабракоў і ніяк не спрабаваў зблізіцца з імі. Напэўна, праз тое, што цяпер ён сам належаў да сытай паловы чалавецтва. Пазней сярод жабракоў ён згледзеў і некаторых старых прыяцеляў, з якімі разам гуляў на Свіной горцы. Юсі саромеўся іх, а таму размова атрымалася змушанай і кароткай. Хлопцы самі, без роспытаў, расказалі, што ў Нікілі цяпер гаспадараць людзі Олілы, што павітуха Ловіса моцна хварэе. Але гэтыя навіны толькі злёгку слізганулі каля душы Юсі, ніяк не крануўшы яе. І калі хлопцы пайшлі, Юсі адчуў вялікую палёгку.
Надышло лета, зямля парасла травою, убраліся ў лістоту дрэвы. На далёкіх пашах зазвінелі медныя званочкі кароў, яравыя засеялі пры добрым надвор’і. Насеннае зерне атрымалі ў пазыку ад казны. Атупелыя ад няшчасцяў людзі пачалі пакрыху ажываць, нарадзіліся новыя спадзяванні. Сейбіт, ступаючы па полі за бараною, моцна задумваўся, успамінаючы жахлівыя мінулыя гады, і душа ягоная ўсё больш шырока раскрывалася насустрач сённяшняму светламу сонейку і буйной зеляніне навокал. І хоць знясілены мінулымі цяжкасцямі розум чалавечы яшчэ не мог у поўнай меры ацаніць усе перажытыя выпрабаванні, у сейбіта ўжо нараджалася адчуванне таго, што новыя часы прынясуць і новую светлую ідэю, якая надасць жыццю новы кірунак і новы абшар. І калі чалавек са сваёй нівы бачыў, як цягнуцца па дарозе знядоленыя бяздомнікі, то з нейкаю прыкрасцю думаў, што старыя часы ўсё ж азмрочваюць тое імгненне, у якім нараджаецца новы час.
Для былога Юсі Нікілі, якога цяпер называлі Юсі Туарыла, гэта лета, як і наступныя летнія часы, сталася самаю важнай парою ў жыцці – парою юнацтва, таму што большую частку гэтай пары ён праводзіў у самоце.
Надзелы, на якіх ён пасвіў гаспадарскі статак, лашчылі вочы сваёю разнастайнасцю. Некалі там былі лядныя пожагі, а цяпер квітнелі ўтравелыя паляны. З глыбіні лісцвянога лесу выступалі агароджаныя пожні з абавязковымі паветкамі ды пунямі. Ціха бруілася паміж стромкімі беражкамі непаўнаводная звілістая ручаінка. А па-над ёю, на ўскрайку абрыву, бярэзіны схілялі над мурашнікам свае паніклыя плакучыя галіны, ад якіх у самую паўдзённую спякоту, калі сытыя каровы палягалі на зямлю, таксама сыходзіў спякотны водар. Юсі хутка прывык да гэтых светлых мясцін і з задавальненнем майстраваў калатоўкі і вырабляў кіёчкі, упрыгожваючы іх сваёй разьбою. Тут ён не адчуваў сваю няўклюдную бездапаможнасць, якая так моцна псавала яму жыццё ў новай гасподзе. Тут за спінаю ў яго не стаялі ніякія загадчыкі і камандаваць статкам можна было як заўгодна.
Удзень плынь ягоных думак залежала ад таго, як прайшло ранне і вечар напярэдадні. Магло быць і так, што ягоныя думкі ўвесь дзень круціліся вакол ягонага цяперашняга жыцця, вакол краявідаў, дзе пасвілася гавяда, а можа, ствараліся карціны жыццёвай будучыні, у якіх галоўнае месца займала пасада Туарыла з гаспадаром, гаспадыняю ды іншымі істотамі. Тут яму добра, і нікуды ён адсюль не пойдзе. Бацька, маці і ўвесь сусвет жыцця ў Нікілі засталіся далёка ззаду, здаваліся чужымі і варожымі ягонаму новаму жыццю, а таму паспяхова адпрэчваліся хлапечым розумам і сціраліся з памяці. Сёння сонца свеціць не для іх. Адсюль, з залітага сонцам пагорка, здаецца натуральным, што гаспадар і гаспадыня ніколі не сварацца паміж сабою… Надыдзе вечар, і будзе так прыемна вяртацца дадому разам са статкам.
А часам здараецца і так, што вечар і ранне бываюць больш цяжкімі і змрочнымі, чым звычайна, і тады ўвесь наступны дзень праходзіць пад захмараным небам. Апоўдні недзе паблізу б’е маланка, і Юсі, шукаючы паратунку, спалохана імчыцца ў пуню. Гэта Бог абрынуўся яму на галаву, ён з’явіўся проста адтуль, з Хар’яскангаса, з бязмернай далечыні даўно пражытых гадоў. А Туарыла робіцца нікчэмнаю і далёкаю, таму што бацька Пеньямі знайшоў уцекача Юсі і зноў завалодаў сынам, як у былыя часы. Бліскае маланка, нібыта люты позірк усяго таго, што даўно згінула; яшчэ гучней чуюцца грымоты, і Юсі з жахлівым крыкам кідаецца ў абдымкі да сваёй памерлай маці Маі. Кроў ачысцілася ад усяго наліплага тут, і знаёмы краявід праз дождж бачыцца злавесна чужынскім. Дзікунская грубасць бацькі Пеньямі і ласкавая пяшчота маці робяцца самымі каштоўнымі скарбамі для трапяткога дзіцячага сэрца тут, на аддаленай чужой пашы.
Грымоты сціхлі, навальніца скончылася, аднак палёгкі не было – такі ўжо дзень сёння. Згубіліся дзве каровы. Юсі яшчэ ўсхліпвае ад перажытых уражанняў і тут жа пачынае плакаць зноў: што яму будзе, калі каровы не знойдуцца. Важак статка паказваецца на ўскрайку паляны, але як шалёны кідаецца прэч, як толькі хлопчык набліжаецца да яго. Ваўкі! З пачуццём молячыся Богу, заліваючыся слязьмі, бяжыць дарослы хлопчык Юсі па размоклай сцяжынцы дадому і чуе, як у яго за спінаю нема раве скаціна, якую задзірае воўк. Аж тут які-небудзь дзед-лесавік, што жыве ў самотнай лясной хаціне, пачуўшы Юсеў лямант, выходзіць паглядзець, што там парушае вячэрні спакой, і накіроўваецца на выганы Туарылы. Ён бачыць загрузлую ў дрыгве карову, бачыць, як ашалела носіцца навокал бык, бачыць, што асаблівай небяспекі няма. Уцяміўшы гэта, стары няспешна вяртаецца дамоў па вяроўку.
На гэтых пашах Юсі правёў сотні ранкаў, дзён, адвячоркаў і вечароў, і ўсе яны былі розныя, не падобныя адзін да аднаго. Вядома ж, маленькі пастушок быў не ў змозе ўсвядоміць, як уплываюць гэтыя акалічнасці на ягоную душу; усю ягоную істоту агарнула нейкае ірацыянальнае пачуццё: усё былое памерла і знікла, нібы даўні сон, і не было нічога такога, што звязвала б яго з сённяшнім днём. Ён быў ні парабак, ні сын гаспадара, яму не дазвалялі жыць ні ў хаціне для работнікаў, ні ў доме гаспадароў, а толькі ў пякарні.