Читать книгу Размова з люстэркам - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 2

Выратавальнае кола паўсядзённасці

Оглавление

У апошнія дзесяцігоддзі ў працы шэрага выдавецтваў назіраецца асаблівая ўвага да зборнікаў мастацкіх твораў. Складаюцца яны па розных прынцыпах: па ўзроставым прынцыпе (у асноўным творчасць маладых аўтараў); па тэматыцы; зборнікі пачаткоўцаў – тых, хто яшчэ не мае ніводнай уласнай кнігі (здараецца, што ў такія выданні трапляюць адначасова і юныя аўтары, і даўно пенсіянеры). Часам гэтыя зборнікі не зусім аб’ектыўна адлюстроўваюць сучасны літаратурны працэс. Здаецца, што выдаўцы вырашылі проста разам выдаць тое, што не варта асобных кніг. Шлях у нікуды, калі спадзявацца на ўвагу да такіх выданняў чытачоў, а не толькі саміх аўтараў. Усе гэтыя «першыя сцяжынкі» альбо альманахі, дзе разам сабраны творы літаратараў аднаго раёна ці вобласці, забываюцца адразу, як толькі выходзяць з друку…


Зборнік навел і апавяданняў, аўтарамі якіх з’яўляюцца жанчыны, магчыма, некаму падасца кнігай, укладзенай проста па гендэрнай прыкмеце. Гэта зусім не так. Сабраўшы пад адной вокладкай творы пісьменніц, якія сёння працуюць у беларускай прозе, друкуюцца на старонках перыядычных літаратурна-мастацкіх выданняў, хацелася б паспрабаваць выкласці агульную карціну тых клопатаў і трывог, што хвалююць менавіта жанчыну. Аўтары сканцэнтраваныя не толькі на пытаннях сям’і, кахання, яны мужна адстойваюць сваё жаночае права на высвятленне жыццёвых і мастацкіх ісцін. Сёння, калі жанчыны актыўныя ў палітыцы, калі яны кіруюць дзяржавамі, выклікае здзіўленне, што жанчынам нешта трэба даказваць у прозе, наогул у літаратуры. Няўжо яшчэ жывы «сіндром» сярэдзіны ХІХ стагоддзя?.. У 1855 годзе публіцыст і літаратурны крытык Васіль Пятровіч Боткін пісаў Івану Тургеневу пра аповесць першай у Расіі жанчыны-журналісткі Наталлі Шалікавай: «Усё гэта, зразумела, жаночая сфера, у якую не ўваходзіць пытанне пра паэтычнае пачуццё, пра глыбіню і сілу думкі, пра моцны і сакавіты каларыт, ды і пра шмат што іншае». Праўда, Боткін разам з гэтым заявіў, што галоўную яго цікавасць у літаратуры жанчын выклікае «рух жаночай душы, якую мы так мала ведаем»…

Беларускія пісьменніцы вядуць свой пошук, выкладваюць на паверхню (прычым часцей робяць гэта даволі аголена, адкрыта) унутраны боль, тое, што мужчына не адразу заўважыць, знойдзе ў жыцці. Пра што б яны ні пісалі: пра вайну ці Чарнобыль, пра каханне ці сямейныя каштоўнасці, повязь пакаленняў, – жанчыны застаюцца жанчынамі і імкнуцца прыўзняцца над усім светам, стараюцца агледзець, чаго вартыя іх сілы… Творы Ясеніі Аляксеевай, Алены Брава, Святланы Бязлепкінай, Таццяны Дашкевіч, Таццяны Дземідовіч, Валянціны Драбышэўскай, Веры Зелянко, Насты Нарэйкі, Ніны Рыбік, Алены Стэльмах, з якімі вас чакае сустрэча ў гэтым выданні, – шырокая палітра менавіта жаночага погляду на час і паўсядзённую рэчаіснасць. Як мне падаецца, паблажліва і з вышыні мужчынскіх перамог у айчыннай прозе пазіраць на гэтыя творы ўжо наўрад ці давядзецца. Канешне ж, у іх не абсалютна ўсё, што характарызуе пошукі жанчын у сённяшняй беларускай прозе. Але гэта кніга – сведчанне таго, што пошукі ідуць даволі плённыя. Здаецца, што на плячах жанчын-творцаў ляжыць большая адказнасць за маральныя памкненні чалавека – як самой жанчыны, так і мужчыны…

Алесь Карлюкевіч,

старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі

Размова з люстэркам

Подняться наверх