Читать книгу Размова з люстэркам - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 6

Святлана Бязлепкіна

Оглавление

СУЧАСНАСЦЬ І ГІСТОРЫЯ

Святлана Уладзіміраўна Бязлепкіна нарадзілася ў 1957 г. у вёсцы Малейкі Брагінскага раёна на Гомельшчыне. У 1979 г. скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала ў раённай газеце «Чачэрскі веснік» і абласной газеце «Гомельская праўда». Зараз жыве ў Мінску. Аўтар кнігі прозы «Чарнобыльская русалка» (1998). Аповесці і апавяданні Святланы Бязлепкінай друкаваліся ў газетах «Літаратура і мастацтва», «Звязда», часопісах «Полымя», «Маладосць», у перакладзе на рускую мову – у часопісе «Нёман». У сваіх творах пісьменніца імкнецца найперш разглядаць сучаснасць, на мой погляд, нават у выпадку, калі звяртаецца да далёкай гісторыі. Персанажы і сюжэты, праведзеныя Святланай Бязлепкінай праз мастацкае асэнсаванне рэчаіснасці, даволі прыцягальныя, рэльефныя – яны становяцца блізкімі, зразумелымі з першых хвілін знаёмства чытача з творам. Але гэта не значыць, што губляецца інтрыга. Наадварот, цікаўнасць выклікае і тое, што будзе далей. І чытанне ўяўляе сабой дарогу да бясконцасці, да лініі гарызонту…

У творчасці Святланы Бязлепкінай можна вылучыць дзве плыні. Беларускай сучаснасці прысвечаны такія творы, як «У межах Нагорнай пропаведзі», «Шазюбль», «Па законе фотагеніі», «Выйсці замуж за шведа» і інш. А гісторыя Еўропы адлюстравана ў апавяданнях «Венгерскі праект», «Урокі Шантанэ», «Аднойчы ў Грамічэле», «Лінія Дзюранда» і інш. Тое, што пісала крытыка ў свой час пра твор «Урокі Шантанэ», можна аднесці да ўсіх гістарычных апавяданняў аўтара: «…Багатая мова, дынамічна захапляльны сюжэт (дзеянне адбываецца ў Францыі ў першай палове мінулага стагоддзя), галоўны герой, настаўнік гісторыі, які адразу заваёўвае сімпатыі, – немагчыма адарвацца ад чытання, пакуль не перагорнеш апошнюю старонку».

Вострасюжэтныя псіхалагічныя апавяданні «Дыягназ» і «Таямніца гатэля “Раяль”», якія ўвайшлі ў гэты зборнік, адлюстроўваюць абедзве плыні творчасці пісьменніцы.

Шкада, што кніга прозы ў Святланы Бязлепкінай толькі адна. Хочацца верыць, што ў найбліжэйшы час айчынныя выдавецтвы выправяць сваю відавочную памылку адносна творчасці таленавітага аўтара!

Размова з люстэркам

Подняться наверх