Читать книгу Дванаццаць актаў (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 4

Ева Вежнавец
Іра ў залатых басаножках
Эпілог

Оглавление

Калі Маша ўбачыла Дораша, які ішоў сьцежкаю да іх хаты, яна ўхапіла хлебны нож і пабегла ў сенцы. Але на ганку Дораша перастрэў бацька ў сваёй старой куртцы, ішоў з хлява.

– Мажэйка, прасьці за дочку.

– Што, прыперла? Ты ж казаў, што не чапаў яе. Чаго ж цяпер ходзіш і просіш?

– Паміраю я. Бачыш, як мяне расьперла? Дактары кажуць, цыроз, не пражыву я доўга. А я знаю, што не цыроз гэта, а кроў сьвіная мяне расьпірае. Дапіўса. Калоў сьвіньню, парэзаў пальца, а адтуль як пацячэ чорная, густая, страшная. І не сьціхае, не сьціхае, ня скручваецца.

– Бог прасьціць.

– А бачыш, як мяне раздула, жывот такі, што ног не бачу. Пазаві малую, на калені стану.

– Малую я зваць ня буду і на калені не станавіся. Маці твая папастаяла тут на каленях, хопіць. Дый не даказаў бы я нічога. Але прасьціць цябе не магу.

– Дай я табе яблыні прышчаплю. Прашчальныя яблыкі мае ў садзе ў вас будуць.

– І яблык прашчальных тваіх нам тут ня трэба.

Маша стаяла калоцячыся на халоднай падлозе ў сарочцы, слухала і разумела, якая дарога чакае Дораша.

Праз шмат гадоў, брындаючы па могілках, яна натыкнулася на яго магілу і пабачыла, што ён быў вельмі малады. На мэдальёне выглядаў яшчэ маладзейшым і быў без свае хвастатае шапкі.

Ва ўсіх ваколічных лясах растуць “прашчальныя яблыні” Дораша, якія ён хадзіў і шчапіў, пакуль мог.

Маша пакачала яблык доўгай нагой у залатым басаножку. Цяпер ёй самой троху за трыццаць. Як завецца гэты яблык, увесь у сіняках, як наша доля? Белы наліў. Яшчэ вядуцца ў лясах такія яблыкі: бэры, дулі, апорты, ранеткі, цыганкі (шызыя кастрычніцкія) і антонаўкі. Дораш умеў біць сьвіней і шчапіць яблыні.


А Маша паказала яму дарогу.

Дванаццаць актаў (зборнік)

Подняться наверх