Читать книгу Дванаццаць актаў (зборнік) - Коллектив авторов, Ю. Д. Земенков, Koostaja: Ajakiri New Scientist - Страница 6
Пістончык
Мікракосм
ОглавлениеСярога жыў з бацькамі ў спальным раёне горада Трэшчына і жыццю не радаваўся. Жыццё выклікала ў яго толькі пытанні. Напрыклад, “чаму людзі дурныя?” або “навошта растуць валасы на грудзях?” Ён не быў дэбілам, а проста чалавекам без тармазоў і гатовых адказаў.
Сярога працаваў на лікёра-гарэлачным заводзе і ўсіх людзей ацэньваў па саракаградуснай шкале. Ад нуля да пяці градусаў атрымлівала поўная свалата. Ад пяці да дваццаці – свалата няпоўная. Ад дваццаці да трыццаці – тыя, хто свалату церпіць. Ну і ад трыццаці і вышэй – хто вядзе са свалатой вечны няўдзячны бой.
Горад Трэшчына, па падліках Сярогі, не меў ніякага права ні на якія кампліменты і прыгожыя эпітэты. Бо каля васьмідзесяці адсоткаў жыхароў складалі адна-двухградуснікі. З такім раскладам нават дзіўна, што тут дагэтуль працуе і не зачыніўся абласны тэатр “Ружжо імя Чэхава” і выходзіць літаратурны альманах “Мяса Пегаса”.
Сярога яшчэ з дзіцячага садка зарабіў сабе рэпутацыю эксцэнтрыка. У свае дваццаць чатыры ён паспеў сабраць за сабой цэлы шлейф феерычных выхадак. За што пацаны заўсёды бралі хлопца з сабой у кампанію.
Час, праведзены з Сярогам, неадменна атрымліваў статус незабыўнага. Адным з галоўных хітоў, які распавядалі ўсе яго знаёмыя направа і налева, была гісторыя пра шлюху Астралябію. Яе падарылі Сярогу на дваццацігоддзе ў спадзеве, што ягоны палавы орган нарэшце ўбачыць нешта цікавейшае за ўнітаз. У свае гады Сярога умудрыўся не спорціць аніводнай бабы. Нават у школе аднакласніца Тумбачка, якая давала ўсім, хто папросіць, Сярогу ігнаравала. Але вернемся да шлюхі.
Астралябію так празвалі за астранамічныя расцэнкі за свае паслугі. Выпіўшы з сябрамі за юбілей у бары “Мокрае Горла”, Сярога павёз прастытутку дадому, пазнаёміў яе са сваімі бацькамі, яны разам папілі чайку. А потым Сярога зачыніўся з Астралябіяй у сваім пакоі і пачаў распытваць няшчасную на розныя тэмы: якія ты любіш макароны, чаму галава круглая, навошта сусвету планета Сатурн, колькі пальцаў у Сталіна, ці маюць душу памідоры, чаму слова “душа” пішацца з маленькай літары, які мікракосм у дажджавога чарвяка… Карацей, атакаваў яе мозг умела. Урэшце, праз гадзіну, з лютай завірухай у мазгах, Астралябія паслала юбіляра нах і пайшла лавіць таксі. Пасля гэтага да Сярогі прыпячаталася мянушка Мікракосм, а ўсе гарадскія работніцы панэлі занеслі яго ў свае доўгія чорныя спісы.
У адрозненні ад сына, бацька Сярогі быў лавеласам са стажам. Праўда, з часам збухаўся. Пасля змены Калян, або Міколка Пару-Раз, як яго клікалі жанчынкі з бухгалтэрыі, з калегамі па зборачным цэху выбіраўся ў бар “Сіні Бусел”. Бар “Сіні Бусел” быў яшчэ той ташнілаўкай. Там ядналіся ўсе: старыя шчыпачы, ветэраны радыёрынку, гопнікі з суседняга чыгуначнага тэхнікума, мужычкі з райцэнтра і, звычайна, рабочыя з завода, грузчыкі, бамжы, спітыя пенсіянеры, дурныя навучэнцы ПТВ і наіўныя юныя графаманы.
Заліўшы пуза, Калян прыпаўзаў дадому і пачынаў вучыць сына сваім мужыцкім мудрасцям, якія зводзіліся да трох пунктаў: не вер, не бойся, не насі. “Бабы любяць хлусіць, любяць прыгразіць міліцыяй, але найбольш – калі з імі носяцца як з каралевамі”, – казаў ён, лежачы на канапе і мацаючы ціхамірную маму за дупу. Сярога нават не спрабаваў дзейнічаць паводле бацькавых метадаў. Бо ягоная складаная натура адмаўлялася падпарадкоўвацца гэтым прастацкім запаведзям. Мама Сярогі, Віталіна Спартакаўна, залівала слязамі шчокі і падбароддзе, назіраючы, як сын ходзіць па Трэшчыне бабылём, а суседзі па пад’ездзе падступна з яго гыгыкаюць. І ўрэшце, каб дапамагчы свайму Сярожыку, вырашыла звярнуцца да магіі. Кожны год на лета сын ездзіў да бабкі ў Пінскі раён. Брунгільда Якаўна лічылася спецом па варажбе і наогул цёмнай жанчынай, хаця працавала выкладчыцай беларускай мовы і літаратуры.
Калі ў кагосьці сохла сэрца або кідала ў тэмпературу ўсе беглі не да фельчаркі Леркі, якая, усе ведалі, давала мужыкам за шампанскае і шакаладку, а да бабкі Брунгільды, якую за вочы звалі Д’ябліха. Бо аднойчы на калгаснай птушкафабрыцы быў падзёж, заатэхнік развёў рукі, паклікалі яе, і бабка ажывіла тры сотні тысяч куранятак. Пры тым што ўсё пагалоўе паспела пасінець і пакрыцца снегам. Бабка была суворым экзэмплярам гома сапіенса – усё жыццё паліла люльку, не мыла ног і не любіла мужыкоў. Нават цяжка ўявіць, як яна выйшла замуж за дзеда і нарабіла дзяцей. Дарэчы, пра дзеда.
Ніхто не ведаў як напраўду яго звалі, бо, колькі памяталі, усе і заўсёды клікалі яго Гаўно. Гаўно для дзеда было мярылам усіх каштоўнасцяў і чалавечых учынках. Адным гэтым словам ён перадаваў увесь комплекс складаных эмоцый і разумовых канструкцый, выпеставаных чалавецтвам за доўгія тысячагоддзі. Карацей, дзед, як і Сярога, быў незвычайным насельнікам планеты Зямля. Неяк ён купіў на кірмашы парсючка і назваў яго Радзіма. Па святах дзед надзяваў на Радзіму піянерскі гальштук і выводзіў на ланцужку у цэнтр вёскі да помніка ахвярам Вялікай Айчыннай Вайны. А калі свіння падрасла, то калёным жалезам выпаліў Радзіме на срацы свастыку, каб тая нагадвала кожнаму сустрэчнаму пра зверствы фашызма.
Але вернемся да нашага героя. Калі маці прывезла Сярогу, бабка Брунгільда адразу зразумела прычыну візіту. Спачатку яна пасадзіла яго на табурэтку, дастала з шафы нейкую старажытную кнігу і цэлую гадзіну бубніла пад нос незразумела што. Потым прымусіла Сярогу з’есці місу смярдзючай жоўтай мазі. А ў канцы паклала спаць ў пакоі са слоікам дохлых макрыц пад ложкам. Вярнуўшыся назад ў Трэшчыну пасля бабчынага магічнага сеансу, Сярога адразу адчуў, што насталі новыя часы. Дзеўкі і нават дарослыя жанчыны пачалі прыліпаць да яго позіркамі, як мухі да мёду. Больш за тое, часам нават некаторыя пацаны ў тралейбусе неяк не па-пацанску зазіралі ў ягоныя вялікія васільковыя вочы. Сярога пасля паездкі ў транспарце пачаў знаходзіць у кішэні паперкі з нумарамі тэлефонаў і подпісамі “хачу цябе. Галя” або “ты такі пупсік, звані. Валерыя”. Сярога гэтыя цыдулкі адразу ж выкідаў. Бо разважаў так: калі бабка дала мне такую сілу, то нехрэн яе распускаць на абы каго. А раптам выявіцца, што гэтая Валерыя – губастая фіфа з гумовымі цыцкамі або кракадзіліха ў сандалях і прышчах. Трэба браць планку вышэй і аддаваць сваю цноту прынцэсе на белым кані, красуні з аб’ёмнай душой і адменным мозгам.
А выбіраць было з чаго. Бо з кожным днём шчыльнасць флюід у яго адрас павялічвалася ў матэматычнай, геаметрычнай і трыганаметрычнай прагрэсіі адначасна. Дайшло да таго, што некаторыя цёлкі пачалі тупа хапаць яго за руку проста на вуліцы і цягнуць у бліжэйшыя кусты. Для такіх выпадкаў Сярога купіў сабе электрашокер, але пасля таго, як яго ледзь не пабілі ў маршрутцы за тое, што вырубіў цётку бальзакаўскага ўзросту, якая палезла яму пальцамі пад джынсы, прыйшлося адмовіцца ад гэтага сродку самаабароны.
Сярога доўга распрацоўваў розныя методыкі адсеву, але ўсе яны не давалі патрэбнага эфекту. Сайты знаёмстваў адпалі адразу, бо разумны чалавек туды ані нос, ані іншыя органы соваць нават і не падумае. Дыскатэкі таксама не падыходзілі. Бо шукаць у гэтых цялятніках багіню – дурны занятак. І вось, праз чатыры месяцы, калі Сярога ўжо гатовы быў здацца і аддаць самае святое абы-каму, хоць старой кашолцы без зубоў і сораму, хоць драпежнай сучцы з мёртвай хваткай, на чарговай пятнічнай п’янцы з пацанамі з’явілася яна. Даўні сябар, Лёха Шампур, прывёў з сабой на хату новую знаёміцу, высокую брунэтку з казачнымі роўнымі зубамі, казачнымі круглымі вачыма, казачнай ідэальна-круглявістай срачкай, казачным дзьвюхдзюрачным носікам, казачным трэцім памерам, і не менш казачным імем Лялька і паганялам Нядам. Пакуль усе пацаны накрывалі на стол, шынкуючы закусь, Сярога адвёў Лёху ўбок і распытаў, што за ягадка завітала ў іхняе пахмурае алкагалічнае брацтва. Выявілася, што дзеўка разам з сястрой, Валькай па мянушцы Дам, вулічнай давалкай і наркаманкай, дачка мясцовага багацея, дырэктара рыбнага завода “Немата”.
Хоць і казаў Лёха, што Лялька вельмі пераборлівая і на такіх, як яны, смаркачоў, глядзіць, як заолаг на звярушак, але Сярогу дзяўчына адразу аднасэнсоўна падміргнула. Ён нават не паспеў прычасацца, як Лялька падышла, абнюхала яго, плюхнулася на канапу і павабіла да сябе пальчыкам.
Размова і сімпатыя завязаліся імгненна. Сярога быў ў шоку, калі на ягоны няспынны канвеер пытанняў дзеўка давала вычарпальныя разгорнутыя адказы. А гэта, скажу вам, ох, як нялёгка! Паспрабуйце, напрыклад, сказаць “хто прыдумаў шпалеры?” або “як мацюкаюцца рабочыя ў Свазілендзе?” Або яшчэ складаней – “колькі ў сярэднім бактэрый пражывае на пятках старога бамжа?”
Лялька ведала ўсё. І Сярога ад каханьня ажно язык высалапіў. Дзеўка таксама растала ад ягоных чар. Яна сядзела з кропелькай поту над верхняй губой і шумна дыхала, ўздымаючы і апускаючы свае чартоўскі немагчымыя цяцкі казачнага памеру. Звінелі шклянкі за сталом, пацаны паступова гублялі сувязь з рэчаіснасцю і перыядычна валіліся з крэслаў пад стол. Але Лялька з Сярогам нічога гэтага не бачылі і не чулі. Не змаўляючыся, яны падняліся і выйшлі ў суседні пакой. Гэта была спальня Лёхавых бацькоў.
Старамодная, як самавар. Вялікі ложак з пярынай і беласнежным падушкавым хмарачосам. На лакіраванай палічцы ў галовах – табун парцалянавых слонікаў і бегемоцікаў. За паўтары секунды дзеўка скінула з сябе ўсё, апроч завушніц. У Сярогі пісюн адрэагаваў імгненна, а сківіца наадварот – адвісла. Ён пачаў было мітусліва сцягваць джынсы, каб нарэшце ўзяцца за справу, але згубіў раўнавагу, паваліўся, ударыўся носам аб падлогу. Потым яшчэ раз, і яшчэ.
Урэшце дзеўка дапамагла Сярогу, потым кінула ягонае цела на ложак, скокнула следам і пачала пазбаўляць хлопца самага святога і чыстага. Ложак калаціўся, як пузаты райцэнтраўскі аўтобус на гравійцы. У галаве ў Сярогі ўсё перамяшалася, як у кухонным міксеры. Ён глядзеў то на распараны твар сваёй першай цёлкі, то на яе пуп, то на цыцкі, то касавурыўся ў вакно, за якім па небе ляцеў касяк вялых парашутыстаў.
Ложак пошла рыпеў ад энергічных рухаў. Урэшце з паліцы над галавой Сярогі саскочыў адзін з парцалянавых слонікаў і цюкнуў акурат у лоб. За ім следам кінуўся долу парцалянавы бегемоцік. Сярога нават мыкнуў ад болю. Тады Лялька змяніла рытмічны малюнак сваіх віхлянняў, і ложак з райцэнтраўскага аўтобуса ператварыўся ў пасажырскі вагон. Ён пачаў совацца па падлозе туды і назад, грукаючы па сценцы.
Дзеўка пастаянна галасіла. Сярога лічыў гэта добрым знакам, бо чытаў у кніжках, што падобныя паводзіны азначаюць аргазм. Ледзьве ён сам паспеў дасягнуць гэтага кніжнага тэрміна, прынамсі, па апісаннях усё супадала, як з паліцы саслізнуў найбуйнейшы са слонікаў і дзеўбануў дзеўцы па патыліцы. Вагон спыніўся. Цела Лялькі абмякла. Сярога паклаў яе побач, памацаў пульс. Нічога страшнага, падумаеш, прытомнасць страціла. Як страціла, так і адшукае. А пакуль можна як у кіно – пачухаць машонку і закурыць. “Ну, вось і ўсё, – прамармытаў па-маньяцку хлопец, гладзячы дзеўку па пісьцы. – Цяпер мы пажэнімся, будзем смажыць па вечарах катлеты, глядзець серыялы. І трахацца. Так, трахацца! Дні напралёт! Бо гэта нашмат, нашмат лепш, чым жыць з бацькамі і чытаць Пруста”.