Читать книгу Непамяркоўныя - Леанід Маракоў - Страница 9
Свае і чужыя
ОглавлениеХведар прайшоў у канец вагона, дзе яшчэ раней заўважыў узяты ў багетную рамку, нібы карціна, расклад руху: та-ак, хуткі «Дортмунд – Базель» прыбывае ў ягоны горад уначы. Добра. Начная цемра не раз ратавала яму жыццё. Павярнуўся, падумаў: «Але ноч – лепшы час і для тых, хто выходзіць на паляванне».
Хведар зайшоў у купэ і зноў апынуўся насупраць пажылой нямецкай пары. Паглядаючы на жыццярадасных пенсіянераў, якія бясконца ўсміхаліся, ён не мог пазбыцца складанага пачуцця. Мінула толькі тры гады, як скончылася вайна, а для гэтых дваіх яе быццам і не было. Усё роўна як не былі скалечаныя іх лёсы, лёсы іх дзяцей, сваякоў, блізкіх, усёй краіны. Проста, але ахайна апранутыя, падцягнутыя, маладжавыя, радасныя, яны сядзелі, трымаліся за рукі і пяшчотна буркавалі. Шчаслівыя. Маладажоны, дый годзе.
Хведар успомніў бацькоў. Недзе ў лясах Беларусі канае-вымірае яго маленькая вёсачка. Маці стаіць ля акна, пра нешта задумалася. З бярэмам дроў шумна заходзіць у хату бацька, абстуквае ля парога ногі ад снегу.
– У-ф-ф, ну і холад, – вырываецца ў яго. – Бр-р-р!
Ён з грукатам апускае дровы ля печы, але ў агонь не кідае. Ведае: маці любіць рабіць гэта сама.
Чаму маці ў пяцьдзясят выглядала на ўсе семдзесят, а гэтым дваім – мяркуючы па абрыўках фраз – у іхнія семдзесят не дасі i пяцiдзесяцi? Чаму маці за ўсё сваё жыццё ніводнага разу не бачыла нават халоднага вагона-цялятніка (і дзякуй Богу!), а гэтыя жвавенькія нямецкія старыя імчаць сабе ў купэ-люксе, не заўважаючы ні велюравых крэслаў, ні храміраваных ручак, ні каштоўнай драўніны дзвярэй, ні ўзорыстых люстраў, ні мітуслівага, з дагодлівымі вачыма афіцыянта? Апыніся маці зараз тут, наўрад ці хто здолеў бы пераканаць яе, што яна не ў раі.
Афіцыянт зноў мільгануў недзе справа і чарговы раз кінуў позірк у ягоны бок. Хведар даўно адчуваў сябе няўтульна побач з парачкай, якая акуратна і павольна – па навуцы – нешта жавала, і ледзь прыкметна махнуў афіцыянту. Той, як і чакалася, скупы рух пасажыра прыкмеціў адразу:
– Jawohl, mein Herr.[4]
«Пляшку гарэлкі і агурочкаў, – пранеслася ў Хведара ў галаве. – От бы здзівіўся вышкалены “бой”, а дабрадзейная парачка знямела!» Усміхнуўшыся, сказаў:
– Zwei belegte Brote und Tee mit Zitrone.[5]
За акном мільгалі дагледжаныя прыгарадныя асабнякі, пастаўленыя радком усцяж дарогі. Гледзячы на іх, зноў вярнуўся думкамі ў сваю вёсачку, у той дзень. Ён абдымае маці, прыціскае да сябе, трымае аберуч – баіцца за яе. Энкавэдысты скончылі ператрус і выводзяць бацьку з хаты. Бацька ідзе моўчкі. Ведае: калі скажа хоць слова на развітанне, маці вырвецца з сынавых абдымкаў і кінецца на гэтых, у скуранках. І тады яны забяруць і яе. Дзеці застануцца на хлапчука Хведара. І бацька маўчыць.
Калі энкавэдысты пайшлі, маці вызвалілася з аслабелых абдымкаў сына і выбегла на вуліцу. Дзякуй Богу, «варанок» ад’ехаў даволі далёка і яны не пачулі яе праклёнаў.
Галасіць маці перастала толькі пад раніцу: звязкі не вытрымалі, голас знік, яна хрыпела. Хрыпела, шаптала, праклінала…
Хведар апрытомнеў ад ліслівага, але настойлівага голасу афіцыянта:
– Mein Herr, Ihre Brote und Tee.[6]
«Дзякуй», – ледзь не сказаў Хведар на роднай мове, але спахапіўся:
– S-s-sehr schon. Alles so schnell![7]
Накінуўшы на чай, прымусіў сябе зноў усміхнуцца.
4
Слухаю, пане (ням.).
5
Пару сэндвічаў і гарбату з лімонам (ням.).
6
Пане, вашы сэндвічы і гарбата (ням.).
7
Вялікі дзякуй. Усё так хутка! (Ням.)