Читать книгу Паляўнічыя акварэлькі з Палесся - Лучына Янка - Страница 3

Янка Лучына
ПАЛЯЎНІЧЫЯ АКВАРЭЛЬКІ З ПАЛЕССЯ
III. ПЕРАД КУЦЦЁЙ[3]

Оглавление

«Куцця, паночку, заўтра, трэба ў поле рушыць,

Вялося так спрадвеку». —

«З дому йсці не мушу:

Мароз вялікі, вецер, дзе ні стань – шарпак,

Псы лапы зраняць».

Як сказаў я, Грышка так

І пляснуў у далоні з роспачы, няйначай.


«Паночку! што я чую?! Што ўсё гэта значыць?

Якая завіруха нават ні была б,

А трэба йсці. Няхай не слухае пан баб!

Ад іх, ад гэтага стварэння, шмат ліхога,

Не абышлося й тут без языка даўгога:

Зашкодзіць! – ляп! няможна! – ляп! абы мянціць.

Цьфу! – заўтра з паляўнічых дома хто сядзіць?

У дзень куцці паўсюдна ловы ладзяць людзі.

Як заўтра пан заб'е, дык цэлы год біць будзе,

Як пудла дасць, пасля і ўлетку, і зімой

Натрапіць… стрэліць… папакруціць галавой!

Шарак, забіты заўтра, многае пакажа, —

Як лось, казуля ў іншым часе, столькі ж важыць.

Ну хоць дразда забіць, хоць амялушкі дзве,

На птаства будзе шчасціць, і не дзе-нідзе.

Нам конча трэба йсці!» —

«Ат! слухаю пустое!

Лухта! Стары, а шчэ ўсё верыш у такое». —

«Лухта? Паночку!.. Вось жа ў недалёкі час

Базыль з Крывога Логу ў дзень куцці якраз

Ваўка і не забіў. Такі стралец!.. год цэлы

Пасля партач быў з партачоў, а ўсюды смелы.

Сам бачыў, схібіў у дзіка – хоць бы кусток,

Пытаюся: мо хворы?.. мо п'яны, браток?

Панурыўся, стаіць ён як дурны, аж шкода,

Мне ў дзень куцці той, кажа, воўк папсуў. Я згодны.

Забіў тады… аж радасна на сэрцы мне!

Клаў звера!.. хоць на крокаў сто і хвасянеш.

Пасыпалася шчасце мне, як з меха зерне.

Сава! – гляджу раз… луп!.. а падае цяцерка.

Абход удачлівы. Нагледжу свежы след

І адгадаю месца звера, ўвесь сакрэт». —


«Ну, досыць!.. Заўтра йдзем куды на паляванне?» —

«Ў лазняк». —

«А там ці знойдзем?» —

«З-пад зямлі дастанем!» —

«А потым?» —

«Праз хмызняк, што справа ад сяла,

З другога боку трэ заняць. Хрысту хвала!»


Паляўнічыя акварэлькі з Палесся

Подняться наверх