Читать книгу Паляўнічыя акварэлькі з Палесся - Лучына Янка - Страница 4

Янка Лучына
ПАЛЯЎНІЧЫЯ АКВАРЭЛЬКІ З ПАЛЕССЯ
IV. НА ЛАСЁЎ НА РЫК

Оглавление

«Панічу любы! завітаў да нас нарэшце!

Сядзеў паніч задоўга ў гэным клятым месце,

Пыталіся штодня ў двары, на вёсцы ўсёй,

Калі ж да нас наведаецца вучань мой?!» —

«Не мог прыехаць я праз розныя замінкі». —

«Здароўе як?» —

«Нічога». —

«Не відно жывінкі

З аднэй прычыны: места – не вясковы кут,

Мудрэйшыя вы там, ды жваўшыя мы тут:

Я дзед, гадоў – шэсць крыжыкаў, вось век старога,

А шчэ з вас кожнага падужаць хопіць змогі». —

«Хвальба». —

«Ды не зусім! – шчэ не слабы на ўсё.

Пан знае?.. пачаліся вабы на ласёў». —

«То добра». —

«Сёння ж паспрабуем надвячоркам:

Удвух мы з панам рушым памаленьку борам,

У Лядах вабіць трэ, пры возеры Гнілым». —

«А ў Кругліцы?» —

«Хай крые Бог на слове тым!

Крушыны дзе няма, там часу лось не бавіць». —

«За рэчкай мо?» —

«Там не было на лекі нават!..

І начаваць да Базыля. Як стане днець,

Дадому рушым праз імшары, і канец.

Як прыйдзе лось на ваб, забіты будзе намі,

А не, дык што ж… хіба ж адважваюць кіямі.

Мо ў Чорных Лядах пан ваўка ўпалюе сам!

Сядзіць, хітруга, як на варце сочыць там.

Спанадзіўся… і як цялё вялізны, шэльма.

Вастру я зубы на яго, мне кроў псуў вельмі!» —


«Як жывяце?» —

«Патроху нейк жывем сабе». —

«Тытунь, фунт пораху і шапка вось табе». —


«А мой жа дабрадзею! любыя паняты!

Дарункаў кожны з вас прывозіць мне багата!

Над тытунямі гэты панавы тытунь!

Сягае ў мозак – аж да слёз, пад нос не сунь!

Тутэйшы местачковец, мешчанчук насаты,

Калі нюхнуў, быў чых – паліў, нібы з гарматы.

Якое дзіва!.. спірт!.. І шапка! Божа мой!

Пайду я на Вялікдзень да касцёла ў ёй.

Ангельскі, пэўна, порах… Шмат з яго рахубы:

Драбнюткі – нібы пыл, а з пысы выб'е зубы,

Дай мерку добрую… То ж, браце, дзівіна:

І дыму мала, й гук – як ляск у бізуна,

Нясе ў раўнюткі шнур!

Ды нам пара ў дарогу,

Да Лядаў шмат, да возера таксама многа,

З прычыны гэтай збор прыспешваць трэба край.

Да стайні йду, хурман парупіцца няхай».


Мо не пазней як з паўгадзіны, між палеткаў,

Якія спелым жытам залацелі ўлетку,

Каля жытнёвых коп на ржышчы за грудком,

Паўз ніву грэчкі, што духмяніла мядком,

Цёг трухам просты воз, драбінкамі названы,

Таварыш паляўнічых, конік наш буланы.

Я ехаў з Грышкам, а ў бары ўжо быў душой,

Акрылены надзеяй добрай і думой.

Нібыта стужка, лес наперадзе далёка

Раскінуўся, абняўшы небакрай шырока.

А жнівеньскае сонца прыспарала жар,

Блакітны промнямі выбельвала абшар,

Хіліла бег свой дзённы пакрысе. За возам

Клубіўся хмаркай пыл, узбіты на дарозе.

Клубоў разрост супыніць неўзабаве лес,

Кружляе каня ў небе з крыкам жальным спрэс.

Ды зрэшты – ціша. Спіць, спавітая спякотай,

Уся прырода, толькі капытоў стукота

І тарахценне воза будзіць той куток.

Вось мы і ў лесе! Чуўся тут і халадок,

І смольны водар, што струменіў бор хваёвы.

Драбінкі трэсліся на сплётах каранёвых.

Дарожка вузкая вужакай лесавой

Вілася між кустоў ляшчынавых і хвой.

Выстукваў дзяцел на ствале, і невысока

Над галавою з крыкам праляцела сойка.

Я свіснуў – і памкнула з пуду. Шчэ ляцеў

Над намі нейкі птах, варону выдаў цень.


«Но! но! стары буланку! – Грышка панукае

Ды на каня і на дарогу наракае. —

Удача, можа, будзе заўтра ў паніча,

Як пойдзем разам паляваць на рагача.

Надзеі мала сёння. Ёсць ласі далёка,

Дзе матачнік, я без пары не б'ю. Як вока

Пільную іх. А мо надарыцца пасля

Нам з панам хвіля на шляху да Базыля.

Калі там ні бываў, як нейкая мне кара

Той воўк, крадзе мой час. Задам калісь прыпаркі

Я шкодніку! – крыві мне колькі ён псуе!

Не паддаецца воўк на хітрыкі мае,

Ў адным заўсёды месцы, шэльма, чыніць варту.

Бывалец ён, але ж і я натуры ўпартай».


Штораз гусцейшы лес, хіліцца ўжо зачаў,

Бо блізка тут вада. Дарога праз гушчак

Віецца. Елка, вольха, цёмны граб, асіна.

Прыемны халадок ад вільгаці ў нізіне.

Раўчак, як шыба, бліснуў у кутку лясным,

Тулілася сядзіба Грышкава за ім.


«Гэй! гэй! – ёсць дома хто ці не?! – сюды, і жыва!

Няма, напэўна, анікога, зараз жніва.

Што ж мне рабіць?.. Стаяцьме дворскі конь у той

Аборы, скемяць… ах, Вінцук не знае мой,

Што ў Базыля мы будзем, ён прыйшоў бы ўночы,

Прыдаўся б заўтра, дапамог бы нам ахвоча.

Пацёгся ў поле мо?.. Што ж мне рабіць далей?..

Ага!.. пакінем торбу й стрэльбу на стале.

Пабачыць, здагадаецца тады, што клічам,

Пазнакай шлях падкажам… Добра ўсё, панічу!

Паставіць трэ каня, сянца буланку даць,

І рушым. Запрашаю ў хату завітаць».


Гаспода. Посуд на паліцы. Чыста ў хаце.

Абраз з выявай Божай Вастрабрамскай Маці.

Таўстуха-печ, палаці, што амаль пад столь,

Дзве лавы, зэдлік і засланы просты стол.

На ім выглядваў хлеб з-пад чыстай палатніны,

Нож побач, соль на сподку. Ток чысцюткі з гліны

Заместа мосту, – гаспадыніна хвала.

Пры печы вілы, качарга і чапяла.


Карцінкі на сцяне наклеены. Змест кожнай

Без повязі. Выяву ўбачыш Маці Божай,

А побач войска – шыхт ваярскі за шыхтом,

Малюнак пекла – плата за грахі агнём,

Святы чаргуе Юры ў шышаку стажковым

І этыкетка ад бутэлькі каньяковай,

Красуецца французскі надпіс «fine champagne»[4].

Пайшла і мода вось – дзяўчынкі ля дзвюх пань,

Якісьці зноў святы з шатанам і анёлам.


Пад ложкам скрынкі розныя, пад самай столяй

На рыбу восці, невад, вязкі сушаных грыбоў,

Шмат усялякіх зёлак – не злічыць пучкоў,

Вянкі цыбулі, белы часнаку вяночак.


Віселі стрэльбы, торбы шэрыя ў куточках,

Рагаціна ў куце выстойвала адна,

То ж ловы помніла на медзвядзя яна,

Стапырыўся над ёю цецярук напханы,

На ваб, няйначай, паляўнічым ужываны.


4

Fine champagne (фр.) – адборны каньяк.

Паляўнічыя акварэлькі з Палесся

Подняться наверх