Читать книгу Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская - Страница 2

Раздел першы. Спадчына вялікага гетмана

Оглавление

Калі праўдзівы студыёзус ідзе на лекцыю, сама меней ён думае пра лекцыю і вучобу, пра святарны свой абавязак перад бацькамі, што выправілі дзіцятка, можа, за апошнія сямейныя грошы ў абдоймы багіні мудрасці Мінервы… Не, пра абдоймы ён думае – але ж не пра халодна-мармуровыя.

Студэнты цягнуліся да акадэміі праз халодную восеньскую раніцу і апошні сон, як цені па тваністым беразе Леты, намагаючыся зрабіць твары поснымі, як незасквараная капуста, бо найперш усіх чакала імша. Вырвіч, схізматык, мог асабліва не шчыраваць, але прысутнічаць таксама быў абавязаны – айцы езуіты строга за гэтым наглядалі. Каб яшчэ можна было навучыцца спаць з адплюшчанымі вачыма…

А пасля лекцый, калі Вырвіч ужо амаль адчуваў у роце смак гарачых клёцак, здарылася яшчэ больш непрыемнае. Вінцук Недалужны, аднакурснік Пранцыся, які выконваў на курсе абавязкі цэнзара, чарнявы гарадзенец з вялікай лабастай галавой і плячыма, на якіх можна было, здавалася, абіваць снапы, тузануў Вырвіча за рукаў:

– Трымайся, сябрук. Цябе прафесар Лёднік выклікае, каб ён аблез няроўна. Злы, як Цэрбер, у якога адразу з трох пашчаў адабралі па костцы.

У шэрых вачох Недалужнага плёскаўся пракаветны жах, бо цягам апошніх гадоў не было страшнейшага стварэння для студэнта Віленскай акадэміі, чым доктар Баўтрамеюс Лёднік, які ўзначальваў кафедру, так бы мовіць, “усіх падазроных навук”, і чытаў лекцыі па практычнай фізіцы, хіміі, біялогіі, а таксама вёў факультатыўныя заняткі для тых, хто хоча заняцца медыцынай. І не тое, каб доктар крычаў альбо, крый Божа, за чуб уласнаручна кагось цягаў – наадварот, пан Лёднік чалавекам быў выключнай выхаванасці, здавалася, змусіць яго змяніцца ў твары альбо загарлаць не зможа нават з’яўленне пражскага Галема на віленскіх вулках. Але суворы пагляд цёмных вачэй ды атрутны тон нізкага голасу дзейнічалі на правінаваўцаў, як позірк васіліска, гэта значыць змушалі слупянець ад жаху. А доктар вынаходзіў гэткія з’едлівыя словы, што некаторыя нядбайцы лепей абралі б атрымаць скураной дысцыплінай па спіне, чым выслухоўваць вымовы пана Лёдніка. Ніякіх кампрамісаў доктар не прызнаваў, на высакароднасць і багацце бацькоў не зважаў, падарункі не прымаў… Пабойвалася яго нават прафесура, і чуткі пра доктара хадзілі неверагодныя, асабліва сярод першакурснікаў, якіх адзін выгляд доктара палохаў: высокі, хоць і не асілкавага складу, твар худы, нос драпежны, вусны ганарыста падціснутыя, а цёмныя вочы пранізлівыя… Перажагнацца хочацца. Адны сцвярджалі, што пан Лёднік чарнакніжнік і некрамант, не слабейшы ад славутага пана Твардоўскага, другія лічылі яго пераваратнем і ваўкалакам, трэція пляткарылі пра незвычайнае фехтавальнае майстэрства доктара: здабыў ён сабе шляхецтва на полі бойкі, дзе выратаваў жыццё вялікаму гетману, але народу за жыццё ўклаў не менш, чым уся каралеўская янычарская харугва, пра ваяўнічае мінулае сведчылі шнары на ілбе, на шыі. І, вядома ж, за адметнае валоданне шабляй заплаціў дэманічны доктар страшную цану самому Люцыпару, магчыма, наладаваў яму мех беднымі студэнтамі, што не здалі ў час практыкум…

Праўда, навучэнцы старэйшых курсаў на гэтыя жахалкі збольшага пасміхаліся: можа, і быў прафесар чорным магам, але й медыкам выбітным. Лекцыі ягоныя чыталіся на мяжы блюзнерства, ён крытыкаваў вучэнне Галена і разважаў наконт таго, што хваробы выкліканыя не лішкам у арганізме адной з чатырох вадкасцяў, а нябачнымі шкоднымі рэчывамі, што трапляюць у яго звонку, проста з паветрам ці разам з вадою. Таму адмаўляў неаспрэчную карысць крывепушчання ды прамывання страўніка, якія, вядома, дапамагаюць ад любых хваробаў. Доктар нават публічную лекцыю прачытаў пра шкоду модных “фантэнэляў” – штучна створаных на назе нарываў, якім не даюць зажываць, каб праз іх увесь час выходзіў з арганізму гной. Лёднік сцвярджаў, што менавіта такі “карысны нарыў” нядаўна звёў у магілу расейскую імператрыцу Лізавету. Хаця кожны ведае, што французскі байкапісец Фантэнэль, у гонар якога і назвалі з’яву, менавіта такім чынам ацаліўся ад хваробы, і чым больш крыві ў хворага выпусціць – тым лепей!

Шмат хто з калегаў зваў Лёдніка за вочы шарлатанам, і даўно б яго, схізматыка ды блюзнера, выперлі са святых акадэмічных муроў, блаславёных Ордэнам Ісуса, аднак жа аптэка акадэмічная, з тых часоў, як трапіла пад прыгляд Лёдніка і пачала папаўняцца ягонымі мікстурамі ды бальзамамі, пачала прыносіць нежартоўны даход, і лекавацца да прафесара прасіліся самыя ўплывовыя асобы, нават з Польшчы, Ліфляндыі ды Чэхіі прыязджалі. Праўда, прымаў ён далёка не ўсіх, і ніякімі грашыма доктара спакусіць было немагчыма – нібыта яму цмок па начах золата насіў альбо ў кішэні доктарскай заваляўся склют, неразменны талер. Бо хіба можа такі не дужа заможны чалавек пагарджаць грашыма, што самі ў рукі даюцца?

Але за складаныя выпадкі, калі ўсе астатнія лекары толькі рукамі разводзілі, Лёднік браўся без разбору – ці жабрак, ці магнат курчыцца на ложку… І за магчымасць учыніць эксперыментальную аперацыю падкаленнай анеўрызмы яшчэ і сам мог грошай прыплаціць. І напляваць яму было, што калегі па лекарскім цэху нос адварочвалі ад “нізкай” хірургічнай справы, бо хірургі прыроўніваліся да цэху цырульнікаў і мусілі ўважаць дактараў за вышэйшых. Але асабліва бараніла прафесара ад пераследаў, што ім апекаваўся сам вялікі гетман, ваявода віленскі Міхал Казімір Радзівіл па мянушцы Рыбанька. Вось і нядаўна Лёдніка некалькі разоў клікалі да ваяводы, які прыехаў у Вільню ды зусім злёг. А вялікі гетман – не той, каму можа нейкі вядзьмак ды шалбер вочы зацярушыць.

Тыя, хто ведаў Лёдніка яшчэ лепей, казалі, што ён строгі, але справядлівы, не церпіць адно ляноты ды глупства. І ходзіць задарма лекаваць хворых у шпіталь пры праваслаўным брацтве амаль зруйнаванага пажарам Свята-Духава манастыра. А ягоная жонка – такая незямная прыгажуня, што ён неадменна яе скраў з якога-небудзь палацу… А студыёзус Пранціш Вырвіч, які прыехаў у Вільню разам з доктарам, ці ягоны пазашлюбны сын, ці падапечны, хаця не дай Божа такога апекуна, што цвічыць і дома, і на вучобе.

Недалужны пачухаў цёмныя пасмы і спачувальна зірнуў на панылы твар Пранціша:

– А можа, абыдзецца? Ты ж прафесару, здаецца, сваяк…

– Не, не сваяк… – няўважна адказаў Вырвіч. – Ды з’явіся да нашага Баўтрамеюса хоць бы і Платон ці Авіцэна – ён ім за няправільныя дэфініцыі вымову ўчыніць.

Калідоры імкліва пусцелі, студэнты высыпаліся з будынку, як сухія гарошыны з раскрытага струка. Вінцук з цікаўнасцю ўглядаўся ў вырвічаўскае аблічча, нібыта хацеў расчытаць на ім скандынаўскія руны. Папраўдзе, спрабаваў прыкмеціць хоць якое падабенства з драпежным фанабэрыстым абліччам Баўтрамеюса Лёдніка. Але Пранціш Вырвіч выраз твару меў круцельскі, вусны ўсмешлівыя, валасы русявыя неслухмяныя, вочы блакітныя, сумленныя, як у добрага злодзея, а пад носам – зусім не дзюбатым, а цалкам прыдатным дзеля куртуазнага шляхціца – прабіваліся светлыя вусікі.

– Слухай, ну хоць мне прызнайся – слова гонару, далей не перадам – хто такі табе пан Лёднік? – не вытрымаў Недалужны. – Ты ж у ягоным доме – свой, начуеш, кормішся… Прафесар за табой, як за сынам, сочыць. Апякун, мабыць?

Вырвіч усміхнуўся трохі сумна:

– Дарма языкамі мянціце – не сын я яму. Мой бацька – пан Даніла Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр – у мінулым годзе на Піліпаўку памёр, ты ж памятаеш, як я на пахаванне адпрошваўся. Я – апошні з роду, сваякоў не маю. А Лёднік… – Вырвіч зазірнуў у бліскучыя ад цікаўнасці вочы праверанага сябрука па пракудах, зноў пасміхнуўся нейкім сваім успамінам. – Помні, слова даваў – не распаўсюджваць… Лёдніка мне аднойчы… прадалі.

Калі б зараз у калідоры з’явілася жывёла кракадзіл, якая паводле бестыярыяў увасабляе крывадушша, бо забівае чалавека і зараз жа плача над ім, Вінцук не так бы ўразіўся.

– Як гэта… прадалі?

– За шэлег. Гэта ўсё, што я тады ў кішэні меў, – Пранціш трохі блазнаваў, але было зразумела, што не жартуе. – Спынілася каля мяне карэта на дарозе з Менску да Ракава… Разумееш, Лёднік здабыў філасофскі камень. Гэты можа… Упёрты… Але, здабываючы, нарабіў даўгоў і ўрэшце заклаў сябе самога. А гаспадар ягоны ўзлаваўся, што Лёднік адрокся пасля гэтага ад алхіміі і астралогіі, а здабытага з медзі золата аказалася не больш за шчопаць, і прадаў яго першаму стрэчнаму… Так мне і пашанцавала яго займець.

– Дык прафесар… быў тваім слугою? – бровы Недалужнага, падобныя да двух чорных бухматых вусеняў, палезлі на лоб. Вырвіч фыркнуў.

– Ты можаш уявіць пана Лёдніка чыімсьці слугою?

Недалужны ў жаху затрос галавою. Лягчэй уявіць, як бадзёра скача мазурку падскарбій літоўскі Трызна, які ў крэсла не змяшчаўся, так што кароль загадаў дзеля яго лаўку адмысловую падчас сойму ставіць.

– Ну, вось… Лёднік і тады быў такім самым… Узяўся мяне адукоўваць.

– Вохці мне… – Вінцук, відаць, уявіў, як гэта – калі падобны настаўнік каля цябе ўвесьчасна. – Каб ён аблез няроўна. І ты што, не вытрымаў і на волю яго адпусціў?

Пранціш адвёў вочы ўбок і ледзь заўважна пачырванеў.

– Ды не… Так атрымалася, што ён сам сабе здабыў волю і шляхецтва. Па справядлівасці і паводле Статута. На полі бойкі.

Аднакурснік Пранцыся памаўчаў, прывыкаючы да навінаў.

– І як жа вы цяпер?

Пранцысь шырока ўсміхнуўся.

– Ведаеш, мы з доктарам столькі разоў адзін аднаму жыцці выратоўвалі, што лік згубіўся. І, дружа, так сталася, што зараз самыя блізкія мне людзі на свеце – гэта пан Бутрым і пані Саламея Лёднікі. Вось так…

І зноў скрушна ўздыхнуў.

– Вось толькі ад пакаранняў гэта мяне не ратуе. Халера….

– Халера… – пагадзіўся Недалужны, і сябрукі рушылі ў бок прафесарскага кабінету, сумныя, як драўляныя статуі святых у базыльянскім храме.

Кабінет загадчыка кафедры практычных навук нагадваў чамусьці сутарэнні, хаця й знаходзіўся на другім паверсе: але ці ад цяжкой мэблі з чорнага дрэва, ці ад пылу фаліянтаў, якія сваім цяжарам аж прагіналі паліцы, ці ад злавеснага бляску хімічных прыладаў і сасудаў з заспіртаваным немаведама чым, пра што лепей не ведаць добраму хрысціяніну – тут мроіўся прыцемак і прабіралі дрыжыкі па скуры, як ад марозу. А самы страх наганяў васковы анатамічны муляж, замоўлены асабіста Лёднікам у Фларэнцыі. Муляж уяўляў з сябе напалову рассечаны бюст немаладога мужчыны, прычым усё начынне галавы і грудзіны было паказана вельмі праўдападобна. І цягліцы, і вены, і яблык вока, і косткі…

Праўда, сам гаспадар кабінету, які ўзвышаўся над сталом памерам з невялікі пляц падобна чорнай скале, аб якую разбіваюцца спадзевы бедных студыёзусаў, наганяў страху паболей заспіртаваных пачварынак ды расфарбаванага воску. Нават Вырвіч, якога прафесар упарта не заўважаў, працягваючы нешта крэмзаць пяром, нервова перамінаўся з нагі на нагу і спрабаваў пракаўтнуць даўкі камяк боязі. Нарэшце прафесар Лёднік зрабіў ласку падняць вочы на Пранціша і адкінуў пяро…

Усё, раз не паклаў акуратненька ў адмысловую срэбную падстаўку ў выглядзе грыфона з разяўленай пашчай, а кінуў, аж атрамант пырснуў на стол, значыць, злосны, як той грыфон, і цяпер ратуй маю душу, святы Франтасій… Дакладней, тую частку студэнцкага цела, праз якую адбываецца працэс перавыхавання з дапамогай бярозавых розаг ды скураных дысцыплінаў.

Пранціш глыбока ўздыхнуў і пастараўся надаць абліччу выраз шчырага раскайвання, аж блакітныя вочы ад старання заслязіліся.

Лёднік загаварыў, як мог бы загаварыць ягіпецкі сфінкс з апошнім наведнікам карчомкі, які не толькі сфінкса, але й арханёла Гаўрыіла пад раніцу можа пабачыць.

– Значыць, ключ ад канвента забыўся, – голас прафесара гучэў падманліва ціха, як далёкія грымоты. – Ножку падвярнуў небарака, блукаючы… А ці не была тая ножка пана Вырвіча падвернутая пад вакном адной прыстойнай паненкі на вуліцы Шкельнай, га?

Голас прафесара набіраў моцы. Пранціш толькі галаву ў плечы ўвабраў, як чарапаха, на якую цэліць з нябёсаў арол, і маўчаў, як кароль Жыгімонт Ваза на элекцыйным сойме, праўда, што заставалася небараку Жыгімонту рабіць, калі ні польскай, ні беларускай мовы не ведаў… А Лёднік ужо сычэў, не як арол, а як раззлаваная змяюка.

– У мяне толькі што быў шаноўны цэхмайстар, пан Ёган Пузыня. І распавёў пра начныя прыгоды аднаго самаўпэўненага невука.

Пранціш адчуў амаль неадольнае жаданне плітануць адсюль… усё роўна куды, хоць бы й на лекцыю. Аж ногі здрыгануліся, зрабілі крок у бок дзвярэй, і Вырвіч у чарговы раз пашкадаваў, што ў Лёднікаў няма ўласных дзяцей, і таму ўвесь іхні выхаваўчы імпэт даводзіцца прымаць на сваю бедную русявую галаву… Але прафесар імкліва – сапраўды як чорная змяюка – апынуўся проста перад студыёзусам, адрэзаўшы ўсялякія шляхі да рэтырацыі. І пачалася… лекцыя. Пранціш толькі згодна ківаў: так, бэйбус, так, распуснік, так, абібочына…

– Чаго ты палез да тае дзеўкі, калі ведаў, што ад бацькі мала не пападзе? Жаніцца сабраўся, можа? Сватоў будзем засылаць?

Вырвіча ажно перасмыкнула, калі ён уявіў, што будзе да канца свайго жыцця бачыць, прачынаючыся, побач, на падушцы, круглы твар з радзімкай ля вуснаў і сустракаць санлівы, як у цяляці, позірк… Вой, не! Як казаў каралеўскаму кату шляхцюк, якога хацела паводле старажытнага звычаю вызваліць, накрыўшы сваёй хусткай-рантай, адна паненка не першай маладосці, і тым прызнаць яго за мужа, “Хутчэй, хутчэй, пане Якубе, да шыбеніцы!”.

Прафесар, паназіраўшы за пакутамі падапечнага, нечакана пасміхнуўся.

– Дон Гуан знайшоўся з Падняводдзя… Ланцэлот у картовых нагавіцах. Ты хоць ведаеш, колькі мне давялося тут распінацца, абы ўлагодзіць пана Пузыню, каб не падаваў на цябе ў гродскі суд? Ды перада мной Дэмасфен блазнюком пачуўся б! А мо, і варта было здаць цябе на расправу, каб нарэшце навучыўся адказваць за свае ўчынкі? А колькі тых пракудаў за час навучання было? – Лёднік урачыста пачаў загінаць пальцы. – У мінулым траўні з уланамі, напіўшыся, пабіліся, і хто табе ключыцу з кавалачкаў складваў і штраф плаціў? Доктар Лёднік, вядома. У чэрвені з такім жа дурнем Вяллю ў бочках пераплываць уздумалі, ледзь не патапіліся. На першым курсе твая банда крэсла пана суддзі на астранамічную вежу зацягнула…

Прафесар скрушна ўздыхнуў, вярнуўся за стол і стамлёна падрахункаваў.

– Вырвіч, калі б шкода ад цябе абмяжоўвалася выбухамі падчас дурных эксперыментаў, я б дараваў, апраўдаўшы зразумелай юначай дапытлівасцю… А тут – адна шкадлівасць ды юр… А самае гідкае – што схлусіў.

– Пан Лёднік, Бутрымус, ну як жа мне было прызнацца ў такім афронце! – скрушна стукнуў сябе ў грудзі кулаком Пранціш. – Нават пацалаваць красульку не паспеў. Зваліўся, нагу падвярнуў, ды яшчэ гадасцю аблілі… Урэшце, ты сам казаў, у мяне характар складаны… Перавага вогненнай стыхіі…

– Вось і адказвай за свой вогненны тэмперамент! – грозна прамовіў прафесар. – Даўно ў карцэры быў?

Вырвіч ліхаманкава пралічваў у галаве варыянты, як найлепей разжаліць свайго былога слугу, але на калідоры пачуліся нечыя ўпэўненыя крокі – шпоры бразгалі па каменнай падлозе, як быццам сюды ішоў жалезны стод. Дзверы кабінету расчыніліся, як ад ветру, і да прафесара ўваліўся наскрозь п’яны шляхціц у шыкоўным, але памятым уборы радзівілаўскіх колераў, блакіт з золатам – такія насілі “выбранцы”, бліжні круг гетмана. Малады, але ўжо хранічна чырвоны твар нечаканага госця моршчыўся ад гора, як пусты кашэль, на віслых вусах блішчэлі слёзы. Госць выхапіў з-за слуцкага літога паясу запэцканыя ласёвыя рукавіцы і кінуў аб падлогу, нібыта спадзяваўся гэткім чынам кагосьці забіць і тым атрымаць палёгку ўласным пакутам душэўным.

– Ці я маю гонар размаўляць з панам Баўтрамеюсам Лёднікам? – прагугніў у нос шляхціц, пагойдваючыся зламанай чарацінай, а ў кабінет увайшлі яшчэ двое, такія ж узрушаныя і напітыя – адзін з саламяным чубам, што паныла звісаў з-пад сабалінай шапкі, другі – старэйшы, пузаты, як балея, з запухлымі, быццам падбітымі, вачыма. Ад шляхціцаў пахла гарэліцай за літоўскую вярсту.

Лёднік ганарыста выпрастаўся:

– Чым абавязаны прыемнаму візіту васпанаў?

Пранціш на ўсялякі выпадак звыкла заняў стратэгічную пазіцыю побач з прафесарам – ці не давядзецца ўспомніць былыя баявітыя дзянькі? Але шляхціц у блакітным жупане толькі адвесіў паклон, ледзь не паваліўшыся, і ўрачыста прамовіў, дадаючы ў голас слёзаў:

– Нешчаслівы выпадак прывёў нас сюды, вельмішаноўны пан Лёднік! Чорнымі вястунамі з’явіліся мы ў Віленскую акадэмію ў гэты пракляты дзень! Памёр дабрадзей наш, бацька наш, вялікі гетман, Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька! Закацілася ягонае свяціла, і асірацела княства!

Двое другіх шляхціцаў застагналі, захісталіся, хапаючыся за галовы і паўтараючы жаласныя словы.

Лёднік нізка схіліў галаву.

– Падзяляю вашае гора, ягамосці, бо гэтая навіна і мне кроіць сэрца. Ягоная светласць, князь Міхал Казімір – дабрадзей мой, ён надаў мне шляхецтва і падарыў маёнтак, а самае галоўнае, мудрасцю сваёю прадухіліў страшнае бедства, што чакала край, калі хацелі магутныя паны ўсчыніць бойку за валоданне святыняй, якая належыць толькі Госпаду. І мне прыкра, што не мелі лекі мае дастатковай моцы, каб яшчэ падоўжыць жыццё вялікага гетмана. Але лекар – толькі інструмент, усё ў волі Божай, панове… Вечная памяць…

Лёднік перажагнаўся, госці таксама пачалі зацята жагнацца… Нават Пранціш Вырвіч адчуў, як наварочваюцца на вочы слёзы: успомніліся падзеі трохгадовай даўнасці, калі давялося ў Полацку біцца з войскам расейцаў, і як Лёднік захінаў сабою Міхала Радзівіла, як сам ад ранаў ледзь не памёр, як княжна Паланэя Багінская разам з прыгажуняй Саламеяй, жонкай Лёдніка, схавалі ў Полацкіх сутарэннях дзіду святога Маўрыкія, прывезеную калісьці ў Полацк рыцарам Гроба Гасподняга Аляксандрам Солтанам, і тыя сутарэнні ўзарвалі.

І дзе цяпер тая Паланэйка, яснавокая, неўтаймоўная, гарэзная Дама… Ці памятае яшчэ свайго вернага рыцара Пранціша Вырвіча?

Раптам на тле агульных усхліпванняў ды ўздыханняў недарэчна звонка адбіў час круглатвары гадзіннік, аздоблены пазалочанай вінаграднай лазою, і кашчунна весела зашчоўкаў жалезны салавейка, замітусіўся на галінцы пад цыферблатам. Лёднік нават кінуў на механічнага спевуна сярдзіты позірк, нібыта спадзяваўся, што той, як першакурснік, адразу страціць голас. Але салавейка адшчоўкаў свае рулады і толькі тады замёр. Шляхціц у блакітным жупане адкашляўся, азірнуўся на сваіх таварышаў і ўрачыста прамовіў:

– Мусім жа, брацці, выканаць апошнюю волю нашага пана, які на смяротным ложы не забыўся, што ты, пане-браце Баўтрамей Лёднік, на полі бойкі выратаваў ягонае жыццё. На добрую памяць пакінуў ён табе… пакінуў… ну… такое…

У гэтым месцы шляхціц запыніўся і нават азірнуўся на таварышаў, пакутліва шукаючы словаў, каб тую спадчыну апісаць. Пузаты шляхціц дапамог:

– Дужа рэдкую і дарагую рэч пакінуў! Прыладу! Вучоную! Выпісаную з далёкіх краёў заморскіх!

Трэці шляхціц, з саламяным чубам, танклявым голасам, быццам надарваным доўгім плачам, патлумачыў:

– Ягоная мосць князь Радзівіл выкупіў гэтую прыладу для сваёй кунсткамеры за трыста дукатаў. Але ніхто пакупкі яснавяльможнага князя не бачыў, як прывезлі, так і стаяла запячатаная. Таму што тут знаўца патрэбны… Ой, добры знаўца…

– І святар са святой вадой ды сакрамэнтамі… – прабурчэў пузаты, і Пранціш здагадаўся, што вакол таемнай рэчы ходзяць не самыя добрыя чуткі.

Між тым на калідоры пачуўся грукат і злосныя задыханыя галасы… Нясуць! Пранціш ледзь стрымліваўся, каб не кінуцца насустрач, але шляхціцу, вядома, не пасуе такая паспешліваць… Шасцёра слуг зацягнулі ў кабінет вялізную скрыню, у якой мог схавацца калі не конь, дык жарэбчык дакладна. Скрыня была з дыхтоўных дошак, пакрытых чырвоным лакам да люстранога бляску, на кутах абабітая жалезнымі палосамі і нават са спецыяльнымі бронзавымі ручкамі для трымання. На пярэднім шчыце было выпаленае слова “Pandora”.

Зараз жа наперад выпхнулі дробненькага, падобнага да палявой мышы, чалавечка ў сінім жупане – пана вознага, які зачытаў пранізлівым голасам тэстамент вялікага гетмана. Пранціш адзначыў пра сябе, што Міхал Казімір загадаў перадаць скрынку пад назвай “Пандора” з усім змесцівам пану Баўтрамею Лёдніку, прафесару Акадэміі Віленскай, неадкладна пасля сваёй смерці, не чакаючы абвяшчэння асноўнага запавету, і ўскладаецца адказнасць за выкананне волі нябожчыка на пана харунжага Мікіту Знасаковіча (пры гэтых словах малады шляхціц у блакітным жупане скрушліва ўдарыў сябе кулаком у грудзі).

Пранціш думаў, што госці абавязкова дачакаюцца, калі скрыня будзе адчыненая, але тыя адразу ж заспяшаліся сыходзіць, кідаючы асцярожлівыя пагляды на прынесенае дабро. Толькі пузаты шляхцюк, няўхвальна агледзеўшы слоікі, у якіх плавалі заспіртаваныя пачварынкі, ды страшны васковы бюст, на развітанне прагаварыў нешта кшталту “У самыя тае рукі перадалі дэманскія прылады…”.

На падлозе засталіся ляжаць запэцканыя ласёвыя рукавіцы.

З апусцелага кабінету паволі выпаўзаў густы пах старадарожскай гарэліцы, а пасярод пакоя, быццам каўчэг на Арараце, высілася бліскучая чырвоная скрынка. Нават партрэты Галена і Гіпакрата глядзелі на яе зацікаўленымі вачыма, нібыта спрабуючы паціху высунуцца за цяжкія пазалочаныя рамкі.

– Давай адчынім! – Пранціш аж падскокваў ад нецярпення і прадчування чагосьці незвычайнага, і, магчыма, небяспечнага. Прафесар, чые цёмныя вочы таксама падазрона разгараліся, няўпэўненым голасам загаварыў, што яму зараз абавязкова трэба ісці браць удзел у жалобных цырымоніях па сваім дабрадзеі, і часу няма, і асцярожней трэба быць з невядомымі падарункамі, і… а, гары яно ўсё гарам!

У чатыры рукі, выкарыстоўваючы кінжал, хірургічныя абцугі, малаток для трэпанацыі чэрапа ды іншыя прыдатныя і не дужа інструменты доктар і студыёзус справіліся са скрынкай за чвэрць гадзіны. Дошкі ўпалі, як пасечаныя крыжакі, па пакоі разляцеліся аблокі бавоўны, якой для бяспекі была абкладзеная невядомая рэч у шчыльнай белай тканіне. Пад пакрыкванні Лёдніка “Асцярожна! Не рукі, а цапы!” тканіну сцягнулі… І Вырвічу ледзь не сталася млосна. Там сядзела мярцвячка. Авальны тварык з ружова-белай скурай, яркія маленькія вусны, высокі белы парык, перавіты ніткамі перлінаў… А вочы! Так, самае жахлівае – вочы, мёртвыя, бліскучыя, вялізныя, ледзь не па дукаце, прамяніста-шэрыя, з белым з сінізною бялком, з даўжэзнымі вейкамі… Твар, які можна цалкам уявіць спалучаным з тулавам пачвары, напрыклад, як у Феі Мелюзіны, напалову змяі, ці ў птушкі Алканост, што прарокуе няшчасці, ці ў Сірэны з рыбіным хвастом, якая заманьвае неабачлівых мараходаў дзівоснымі спевамі, быццам пузатага віленскага каморніка – пахам літоўскага піва… Хаця хіба могуць параўнацца спевы, нават самыя ўзвышаныя і руладныя, з пахам свежага бурштынавага піва, зваранага ў слаўным месце Вільні?

На шчасце, Пранціш змог устрымацца ад ганебных для шляхціца праяваў свайго спалоху, таму што калі Лёднік цалкам зняў покрыва, і вачам адкрылася прыгожая паненка ў прыдворным строі, толькі зусім неадукаваны чалавек мог працягваць трызненні наконт забальзамаваных трупаў… Паненка была васковая. Вырвічу, аднак, давялося пераадольваць пэўную жудасць, каб дакрануцца да нарумяненай шчакі падаруначка ад гетмана: воск, вядома… Белы воск. Але шэрыя шкляныя вочы нібыта незадаволена бліснулі.

Вырвіч абыйшоў вакол лялькі. Яна сядзела за маленечкім столікам з чырвонага дрэва, у тонкіх васковых пальчыках заціснуты аловак, якім паненка, здаецца, збіралася нешта пісаць на трохі пажаўцелым аркушы паперы. З-пад вадаспаду найтонкіх – як павуцінкі і сняжынкі – карункаў ніжняй спадніцы паказвалася дзюбка зялёнага чаравічка, расшытага каменьчыкамі. За гарсетам чырванела шаўковая ружа. Неверагодна тонкі стан быў зацягнуты ў блакітную парчу ў ружовыя кветачкі. Студыёзус асцярожна ўзяў руку лялькі, што ляжала на стале: тая не паддалася бязвольна, яе можна было толькі трошкі прыўзняць, і была яна цяжкая – падобна, унутры жалезныя косткі. Вырвіч нахіліўся ніжэй: пальчыкі складзеныя з асобных дэталек, у шчылінах пабліскваў метал, але на суглобах нават зморшчынкі пазначаныя – ясна, што мадэллю для адліўкі з воску паслужыла рука жывой кабеты. Пранцысю на імгненне падалося, што пазногцікі, нафарбаваныя ружовым лакам, зараз шкрабануць па ягонай скуры, загоняцца ў цела да крыві… Ён акуратна паклаў руку лялькі назад на стол, з пачуццём, быццам толькі што патрымаў сонную гадзюку.

Вырвіч разумеў не больш, чым трактат сэра Ньютана пра дынаміку нябёсных целаў, навошта вялікі гетман замаўляў немаведама дзе, і, відаць, не за малыя грошы, гэтую злавесна-гожую ляльку, і з якой радасці завяшчаў яе доктару Баўтрамею Лёдніку? А Лёднік між тым, закусіўшы губу, як дзіцёнак, які рыхтуецца схапіць асабліва прыгожага матыля, хадзіў вакол сваёй спадчыны, абмацваў яе, што выглядала нават трохі фрывольна, і цёмныя ягоныя вочы на худым твары ажно гарэлі, а нос нагадваў дзюбу драпежнай і дужа галоднай птушкі, так што Вырвічу ўспомнілася, што Лёдніка ў ягоным родным Полацку калісьці празвалі Фаўстам за неадольную прагу ведаў, не заўсёды бяспечных.

Праблема з гутнікам Пузынем, ягонай пекнай дачушкай і распуснымі паводзінамі студыёзуса Вырвіча была забытая, прафесар учапіўся за таямніцу, як пародзісты сабака-медыялан за бок дзіка.

Полацкі Фаўст стаў за спінай лялькі, задумаўся, і раптам рэзкім рухам расшпіліў яе сукенку. І застыў са страшэнна задаволенай мінай, нібыта сузіраў мігдалы нябёсныя. Вырвіч зараз жа намаляваўся побач, і ажно вочы на лоб студыёзуса палезлі: у аголенай спіне лялькі адкрываўся складаны механізм, са мноствам колцаў і шасцяронак, спружынак і шрубчыкаў… Нібыта начынне гадзінніка разраслося падобна кусту лазы. Вырвіч працягнуў быў руку, пакратаць бліскучыя колцы, але зараз жа атрымаў ад прафесара па пальцах. Лёднік стаў на калені і ледзь не носам улез у ляльчына жалезнае нутро.

– Падобныя механізмы, наколькі я ведаю, могуць зрабіць два чалавекі ў свеце: швейцарац Жан Жак Дроў і Вакансон з Грэноблю… – задумліва прагаварыў прафесар. – Кожная такая штуковіна робіцца не адзін год, і не з адной тысячы дэталяў. І пра яе вядома на ўвесь свет. А пра гэтую я ніколі нічога не чуў.

Вырвіч фыркнуў – вядома, Бутрым упэўнены, што ведае ўсё на свеце, і калі ён чагосьці не чуў, дык яно альбо засакрэчанае, альбо нявартае. Гады прафесарства на доктараву самаўпэўненасць падзейнічалі, як цёплая вада на вазон, і расквітнела яна ва ўсе бакі, быццам куст размарыну.

– Гэта ўсяго толькі лялька. З чаго б то пра яе трубіць ва ўсе сурмы?

– Лялька? – загадкава і крыўдна паблажліва прагаварыў Лёднік. – Ты думаеш, над простай забаўкай такія майстры, як Вакансон, працавалі б гадамі? Не здзіўлюся, калі з цягам часу такія аўтаматы на некаторых працах пазамяняюць людзей… Спадзяюся, хаця б не ў шлюбным ложку.

– Аўтаматы? – неўразумела перапытаў Пранціш. – Што за халера?

– Ты, вядома, не чытаў трактат Жульена дэ ла Метры “Чалавек-машына”? – з заўсёднай невыноснай фанабэрыяй зноў пачаў лекцыю прафесар, не чакаючы адказу. – Дэ ла Метры – паслядоўнік Дэкарта, ён спавядае “ятрамеханізм”, згодна якому чалавек – усяго толькі жывёла ці спалучэнне спружынаў. У трактаце сцвярджаецца, што людзі, як бы моцна ні хацелася ім узвысіцца, узлунаць, па сутнасці сваёй не больш чым жывёлы ці прамаходныя механізмы. Ну а з гэтага вынікае, што такі механізм можна паспрабаваць… зрабіць.

Пранціш у жаху зірнуў на васковую дамачку і перахрысціўся. Лёднік паблажліва кіўнуў галавою:

– Так, гэтая паненка павінна ўмець шмат… Прынамсі, на гэтым аркушы дакладна нешта адлюструе. Увасабляў ідэі Жульена дэ да Метры ўжо згаданы мною майстар Вакансон. Напачатку ён зрабіў механічнага флейтыста, які грае на флейце менуэты і рыгадоны – ён насамрэч дзьме ў інструмент, пальцы націскаюць клапаны… Паглядзець на цуда збіраліся цэлыя натоўпы! Потым майстар зрабіў жалезную качку, якая магла не толькі кракаць, хадзіць, лапатаць крыламі, але й есці, пераварваць ежу і спраўляць натуральную патрэбу. Гэта я ўжо сам аднойчы назіраў. І ўрэшце ў акадэмію Ліёну Вакансон падаў праект штучнага чалавека – аўтамата, чые рухі, крывезварот, страваванне, скарачэнне цягліцаў маглі б імітаваць чалавечыя, і з дапамогай гэтага аўтамату можна было б ставіць унікальныя эксперыменты, нават трупаў нам, медыкам, не трэба было б выкопваць, каб вывучаць анатомію…

Пранціш хмыкнуў, таму што праблема з матэрыялам для анатамічнага тэатру была настолькі вострай, што патыхала няхай не вогнішчам, але вязніцаю – дакладна. Айцы-езуіты і так сачылі за кожным крокам прафесара-схізматыка, а калі той заводзіў гаворку наконт практычных заняткаў для сваіх студэнтаў, усміхаліся так ветла, што можна было хутчэй атруціцца іхнай добразычлівасцю, чым атрымаць згоду на чарговы эксперымент. Тым больш медычнага факультэту, як было абяцана, так і не заснавалі, кафедра Лёднікава была хутчэй факультатыўнай… Так што былы алхімік увесь час рызыкаваў сур’ёзна. Але ўявіць, што трэба ўскрываць страўнік аўтамату? Што нехта мог паспрабаваць сам зрабіць жывую істоту, замахнуцца на ролю Госпада?

– І зрабіў Вакансон тую пачварыну? – запытаўся Вырвіч.

– Наўрад, – змрочна адказаў Лёднік. – Акадэмікі і ў Ліёне баяцца абвінавачванняў у блюзнерстве. Раўняць чалавека і механізм – значыць адмаўляць існаванне вечнай душы, барані нас, Божа, ад такіх даследчыкаў… Мураш не можа зрабіць мураша.

Вырвіч насупіўся.

– А ці не абвінавацяць нас у вядзьмарстве за гэтае стварэнне?

Лёднік хмыкнуў.

– Лялька – гэта не страшна… Я бачыў куды страшнейшае. – Прафесар павагаўся і неахвотна працягнуў.—Быў у мяне ў Празе адзін… настаўнік. Ён дужа хацеў вывучыць сапраўдную душу. Падпільнаваць, калі яна адлучаецца ад цела, узважыць, калі ўдасца – перахапіць… Магчыма, усяліць у іншае цела… Вось гэткія эксперыменты – жахлівыя. Гэта – ужо за мяжой дазволенага чалавеку…

Студыёзус адчуў, як па скуры пабеглі ільдзяныя мурашкі. Лёднік ніколі пра сваё алхімічнае юнацтва не распавядаў, а пра вандроўкі па Лейпцыгах-Прагах-Ліёнах-Парыжах-Лонданах ды дзе там яшчэ ён паспеў пабываць – таксама агучваў не ўсё. І Вырвічу раптам падалося, што ён зусім не ведае мужчыну з драпежным профілем, які стаіць побач з ім, у чорным камзоле і акуратным парыку.

– Вы што, людзей дзеля эксперыментаў забівалі?

Лёднік глуха адказаў, гледзячы некуды ў прастору:

– Я – не… Але мой настаўнік, баюся, ні перад чым не спыняўся.

Памаўчаў, апусціўшы галаву, і цені па кутах пакоя рабіліся цямнейшымі.

– Кожны дзень нагадваю сабе, якое шчасце, што Гасподзь у час мяне спыніў, не даў дайсці да бездані. Няхай і папусціў, каб я сам сябе зрабіў рабом, страціў усё, што цаніў. А ты думаў – я невядома чаго каяўся, ад алхіміі адмаўляўся? – Лёднік горка пасміхнуўся. – Так, я толькі назіраў… Рабіў выгляд, што не здагадваюся пра бязбожныя стадыі эксперыментаў… Але ж дзесьці, на краі свядомасці – ведаў! Цікаўнасць пераважвала ўсё… Нават боязь загінуць духоўна. Да канца жыцця цяпер адмольваць…

Страсянуў галавою, нібы скідваючы цяжкія ўспаміны.

– Так што аўтамат – гэта нічога, гэта цікава, і можа мець практычнае прымяненне. Бо Вакансон і новыя ткацкія станкі прыдумвае…

Пранціш таксама адагнаў жахлівыя карцінкі, што малявала ўяўленне пра чарнакніжнае мінулае ягонага былога слугі, ускалмаціў русявы чуб.

– І ты думаеш, і гэтая нашая лялька можа есці і… ну… спраўляць патрэбу?

– Гэта наўрад! У Пандоры органаў стрававання не прадугледжана! – пасміхнуўся Лёднік.

– Чаму Пандоры?

Прафесар паказаў на драўляны шчыт ад скрынкі, прыхінуты да сцяны, з выпаленым надпісам.

– Спадзяюся, не трэба нагадваць, што паводле антычных міфаў красуню Пандору стварыла багіня Гера, якая хацела адпомсціць людзям, і прыгажуня з-за свае цікаўнасці адчыніла сасуд з закаркаванымі хваробамі і нястачамі.

Вырвіч толькі адмахнуся:

– Ды ну іх, міфы… Давай лепей аўтамат гэты ўлучым, паглядзім, што ён робіць!

– Каб яго можна было ўлучыць, я б гэта зрабіў, – незадаволена патлумачыў Лёднік.

– Зламаны? – расчараванню Вырвіча не было межаў.

– Пэўне ж…

– Вось бы Якуба Пфальцмана сюды, ён бы разабраўся! – мройна прагаварыў Пранціш, разглядаючы шэравокую Пандору. – Пфальцман – майстар сапраўдны…

Як студыёзус і разлічваў, згадванне былога аднакурсніка Лёдніка па Нюрнбергскім універсітэце, адмысловага вынаходніка, які прыдумаў рухавік новага віду і зрабіў жалезную чарапаху – баявую машыну паводле чарцяжоў вялікага Леанарда, падзейнічала на прафесара, як на крумкача – свежая кроў. Лёднік падціснуў фанабэрыстыя вусны, акуратна зняў камзол, павесіў на высокую спінку крэсла, што нагадвала абрысы гатычнага храма, сцягнуў парык, і чорныя валасы, перацягнутыя на патыліцы шаўковай стужкай, упалі на спіну, рашуча закатаў рукавы бялюткай кашулі… Калі б лялька, дзеля даследвання якой рабіліся гэтыя падрыхтоўчыя працэдуры, магла мысліць, дык у вакно б скочыла, нягледзячы на вышыню: полацкі Фаўст прыняў выклік і не адступіцца, нават калі трэба будзе разабраць падарунак да апошняга шрубчыка. Вырвіч таксама радасна падкасаў рукавы… Можа быць, важданне з механізмамі – і не зусім шляхецкая справа, але Пранціш дакладна засвоіў, што ў навуцы свае баталіі і двубоі, якія вымагаюць смеласці не меншай, чым вайсковая справа.

Мядзяны салавейка зноў зашаргацеў, зашчоўкаў на цыферблаце гадзінніка, але на яго звярнулі ўвагу не болей, чым на заляцелую муху. З васковай Пандоры бесцырымонна і нягжэчна сцягнулі блакітную ў ружовыя кветачкі сукенку, і абражаная прыгажуня дарэмна пагрозна паглядала шклянымі шэра-прамяністымі вачыма некуды ў прастору, з якой прыходзяць прывідныя мсціўцы за гонар васковых дам.

Прафесарскі слуга Хвелька, кірпаносы дабрэнны таўстун, некалькі разоў стукаўся ў дзверы, пачціва прасіў паведаміць, калі пан прафесар з’явіцца дадому, бо пані Саламея Лёднік хвалюецца… Але быў адпраўлены назад вельмі непачціва – аж вусны ў небаракі ад крыўды задрыжэлі… Хвэлька дастаўся прафесару паўмёртвым ад жаўтухі – гаспадар, вядомы піток, прыехаў у Вільню на соймік, ну і загуляў, слуга таксама набраўся, як гразі, пячонка не вытрымала… Лёднік выпадкова заўважыў яго ў куце піравальнай залы, скручаным у крук. Хвелькінаму пану было не да клопатаў з хворым, і ён прапанаваў доктару, калі таму так ужо цікавы лёс нягеглага пажаўцелага халопа, выкупіць яго за дзесяць талераў. Лёднік холадна сказаў, што яго самога ў свой час прадалі за шэлег, але Хвэльку за названую цану выкупіў, выхадзіў, і стаў для выратаванага боствам зямным, пагрозным, усемагутным і літасцівым. З адзінай заганай – забараняе беднаму слузе нават у піва вусны мачаць…

Багаты пацыент некалькі разоў пасылаў лёкая… Плішчыліся ў кабінет праштрафленыя студыёзусы… Прыходзілі ад прафесара Францішка Папроцкага, які ўжо колькі гадоў выпускаў у Вільні “Палітычныя каляндарыкі”, для якіх Лёднік пісаў артыкулы па медыцыне. Але ўсе атрымлівалі з-за зачыненых дзвярэй даволі рэзкія прапановы з’явіцца ў другі дзень, і, напалоханыя падазроным лязгатам у кабінеце, лічылі за лепшае сысці.

Тым больш было чым заняць сябе: слаўнае места Вільня пачынала шматдзённае гараванне па памерлым вялікім гетмане Міхале Казіміры Рыбаньку, цела якога павінны былі перавозіць у Нясвіж. Хаўтуры ды іншыя жалобныя цырымоніі па асобе такога рангу займалі люд паспаліты не менш, чым вайсковыя дзеянні… Ды і пабоішчы маглі надарыцца. У Вільню мусіў прыехаць сын і спадчыннік Міхала Казіміра, Караль Радзівіл па мянушцы Пане Каханку. Належала вырашыць лёс вызваленай пасля смерці Міхала Казіміра пасады ваяводы віленскага… І Караль цвёрда разлічваў яе ўспадчынніць. А гэтага далёка не ўсе жадалі, бо многія ўважалі князя за вар’ята, і распавядалі, як нават бацька-нябожчык нярэдка загадваў падымаць масты перад сваім замкам, каб не пусціць п’янога ў мякіну сыночка з ягонай “албанскай бандай”, прапануючы працверазець дзецюкам за ночку на марозе. Аднойчы загадаў з гарматы ў паветра пульнуць, каб адагнаць шаленцаў. Які з такога разбэшчанага ўладар? На суседзяў наезды робіць, у канторах вокны выбівае… А на пасаду віленскага ваяводы ўжо прэтэндуе самавіты пан Міхал Багінскі, прадстаўнік Фаміліі – магутнага аб’яднання магнатаў на чале з Чартарыйскімі. І калі збярэцца сойм… Ужо зараз пад вокнамі гудуць-шумяць хвалі пыхі людской, а бура ўся наперадзе… І хто ведае, дзе паўстане непарушная скала, аб якую тое мора разаб’ецца, альбо дзе будуецца выратавальны каўчэг – ці не тут, у кабінеце прафесара Віленскай акадэміі, з фарбаваных чырвоным лакам дошчак, на адной з якіх напісана імя “Пандора”?

Раптам рука лялькі варухнулася – гэта было нават страшна. І пачала вадзіць алоўкам, туды-сюды. Усе астатнія часткі лялькі заставаліся змярцвелымі. На аркушы паперы ўтварыліся роўныя паўкруглыя пісягі.

– Здорава! – узрадваўся Пранціш. Але Лёднік выглядаў незадаволеным.

– Гэтага вельмі мала. Нібыта нехта спецыяльна паставіў на механізм абмежавальнік “для дурняў”. Каб улучылі і супакоіліся. А я не люблю, калі мяне лічаць за дурня. Трэба задзейнічаць гэтую паненку напоўніцу.

І Лёднік з новымі сіламі ўзяўся за рамонт, як мароз нанач.

– Бутрым! Цябе што, на алхімічнае золата перагналі? Ты чаму Хвэльку прагнаў?

У пакой імкліва зайшла жанчына з гнуткай і гордай паставай, яе валасы былі забраныя пад сціплы каптур, але вялізныя сінія вочы паглядалі так, што праўдзівы мужчына зараз жа марыў забіць пад позіркам гэтых вачэй цмока альбо здзейсніць хоць які невялічкі подзьвіг, абы паглядзела ласкавей, абы ўсміхнуліся гэтыя дасканала акрэсленыя вусны…

– Прабач, Саламея, але ў мяне цікавая навуковая загадка… – прамармытаў Лёднік, які стаяў на каленях перад васковай паннай, сунуўшы ў яе спіну руку, і нават не зірнуў на жывую прыгажуню. Але пані Лёднік не пакрыўдзілася. Яна як зачараваная глядзела на Пандору.

– Ого, якая ў цябе навіна! Працуе?

– Не… – прабурчэў Лёднік. – Малюе пісягі, але я ўпэўнены, гэта толькі адчэпнае. Напачатку былі адлучаныя некалькі дэталяў, і падобна, што гэта нехта зрабіў назнарок. А якойсьці важнай дэталі проста не хапае. Мне трэба зразумець, як яна павінна выглядаць.

Госця зараз жа прысела каля мужа, углядаючыся ў механізм.

– Я не дужа разбіраюся ў машынерыі… Але, можа, вось гэтае колца павінна было з’ядноўвацца вунь з тым?

– А я думаю, не, – няўважна адказаў Бутрым, і панеслася… Дыскутаваць сямейная пара Лёднікаў умела дасканала, з выкарыстаннем дзесяці моваў і капы навуковых слоўцаў, ад якіх у нармальнага шкаляра зводзіць сківіцы, як ад чаромхі. Хутка далікатныя белыя ручкі пані былі гэтаксама вымазаныя адмысловым алеем і абдрапаныя вострымі зубчыкамі колцаў, як і ў Пранціша і прафесара, і ўсе прысутныя, акрамя шэравокай Пандоры, паспелі тры разы пасварыцца наконт прызначэння тае ці іншае дэталі… І Вырвіч у чарговы раз падумаў, як жа пашанцавала Лёдніку з жонкай…

Лёднік накрэсліў гіпатэтычны абрыс дэталі, якой не хапала, пасля яны з Пранцішам спрабавалі нешта падобнае зрабіць з дроту і мосенжу… Прымацаваць на патрэбнае месца…

Толькі звон, які абвесціў, што час гасіць агні, змусіў перарваць працу. Зараз жа зашчоўкаў металічны салавейка, васковая рука Пандоры здрыганулася, і заціснуты ў ёй аловак правёў па аркушы яшчэ некалькі пісягоў, потым лінія трохі збочыла… Але далей справа не пайшла.

– Ну, амаль дарабілі! – задаволена прамовіў Лёднік, размазваючы па шчацэ тлустую чорную пляму. – Трэба толькі замяніць спружынку… Заўтра і зробім, і паненка нам нешта напіша…

– Бутрым, – нечакана сур’ёзна загаварыла Саламея, паглядаючы ў мёртвыя вочы Пандоры. – Мне чамусьці неспакойна… Не падабаецца мне гэтая лялька. З чаго б такі дзіўны падарунак ад гетмана? Ці не хаваецца тут нейкая інтрыга, і мы ізноў ублытаемся па самыя вушы ў крывавыя прыгоды?

– Перастань, Залфейка, – паблажліва прамовіў стамлёны Лёднік. – Гэта ўсяго толькі цікавы дарагі аўтамат для забавы багацеяў. Упэўнены – каб не хвароба, князь проста запрасіў бы мяне дапамагчы запусціць гэтую штуку, падзівіліся б усе, дый годзе. У пана Караля Радзівіла вунь залаты паўлін маецца, які ходзіць ды хвост распускае. Якія тут могуць быць таямніцы, акрым механічных?

– Магчыма, і так… – ціха прамовіла Саламея. – Але ты сам распавядаў мне гісторыю пражскага Галема. І я адчуваю, што найлепей было б табе ўзяць якую сякеру, пасячы гэтую ляльку на друз ды патапіць у Вяллі…

– Нервы ў цябе расхадзіліся, Залфейка! Запару табе нанач ільвінай травы… – Лёднік прыхінуў да сябе жонку, пацалаваў яе ў лоб.

– Усё, рушылі… А ты, кот марцовы, – сурова зірнуў на Пранціша, – пойдзеш з намі. І адгэтуль пераселішся ў наш дом. Цяпер штодзень, як сцямнее – каб быў у пакоі! Ясна?

– Ясна… – прабуркатаў Вырвіч. Пані Саламея нахмурылася.

– А што здарылася? Чаму ты так сурова з хлопчыкам? Пан Вырвіч нешта ўтварыў?

– Пасля раскажу… – незадаволена адказаў прафесар, зашпільваючы камзол.

А пад вакном раўлі п’яныя галасы, нібыта грэшныя нашчадкі Адама прасіліся да дабравернага Ноя ў каўчэг, які ўздымаецца на хвалях сусветнага патопу ўсё вышэй і вышэй:

– Памёр ягоная мосць князь Радзівіл! Аплачам вялікага гетмана! Гуляйма, пане-браце, у памяць шчодрага князя нашага!

У апусцелым кабінеце глядзела ў цемру шэрымі мёртвымі вачыма васковая лялька ў белым парыку, упрыгожаным перлінамі, і ніхто не бачыў, акрамя металічнага салавейкі, што яе рука з заціснутым у пальцах алоўкам здрыганулася…

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Подняться наверх