Читать книгу Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская - Страница 4

Раздзел трэці. Страшная таямніца Лёдніка

Оглавление

Чалавек, які гаворыць проста і зразумела, можа, вядома, падацца разумным і нат мудрым, як старажытны грэк Сакрат. Хаця спадар, які пакорліва прымае на палыселую галаву памыі, выплюхнутыя жоначкай з глінянай місы, – а менавіта такое здаралася з панам Сакратам, – наўрад можа назвацца мудрым. Іначай альбо міса ў яго доме была б залатая, і справу з памыямі мела прыслуга, а не гаспадыня, альбо кабета дзесяць разоў падумала б аб наступствах, якія мудры чалавек можа зарганізаваць, нат не пералічваючы крыўдзіцелю зубы.

Не, наймудры чалавек – гэта той, у каго з дзесяці словаў зразумее прасцец дай Бог каб два. І абавязкова ўся прамова перасыпана лацінай, як сала – кменам. А калі прамоўца яшчэ і выгляд мае фанабэрысты ды пагрозны, на галаве – акуратны белы парык, на плячах – аксамітную мантыю, а на грудзях паблісквае залаты доктарскі ланцуг – усё, мудрасць тут пераліваецца цераз край, і аніяк не можа змясціцца ў нетрывалыя сасуды студэнцкае свядомасці, занятай няскончанай на перапынку гульнёй у косткі. От яшчэ б раз кінуць, дакладна б Венера выпала!

– Вырвіч! Пра што я толькі што распавядаў?

Русявы студыёзус глядзеў сумленна-сумленна, аж хацелася яму адразу дыплом выдаць і каленам пад азадак накірунак з акадэміі надаць, бо дастане, падшыванец, усіх прафесароў да пячонкі, пакуль давучыцца.

Эх, сыйшоў аднойчы харобры шляхціц Пранцысь Вырвіч гербу Гіпацэнтаўр са слаўнага шляху сармацкага рыцарства – заміж таго, каб галовы ворагам шастапёрам прабіваць, штудзіруе Платона ды Блажэннага Аўгустына, і вось вынік – трэба пасля лекцый, калі ўсе сумленныя студыёзусы расцякаюцца ўбакі ад Акадэміі, як воды Чэрмнага мора падчас бегства габрэяў з Ягіпту, валачыся ў сутарэнні да шкоднага пана Лёдніка. А між тым астрагалы – косткі для гульні – проста пякуць скрозь кішэню, так хочацца іх пусціць у справу… А цяпер, калі не ўратуе святы Франтасій, зноў давядзецца ўскрываць дыяфрагму чарговага трупа, здабытага ў турэмнай ці бальнічнай трупярні, ды пералічваць услых лацінскія назовы цягліцаў ды костак – Лёднік узяў сабе аднойчы ў галаву, што з цягам часу зможа зрабіць Вырвіча сваім пераемнікам і ў медычнай справе.

Не, як шкада, што ў Лёднікаў пакуль няма нашчадка! Баўтрамей, напэўна, замест бразготкі ў калыску пакладзе з аднаго боку мікраскоп, з другога – стэтаскоп, каб вывучаў спадчыннік прыродазнаўчыя навукі ад нараджэння.

Праўда, была адна прываба ў пакаранні – дзесьці там, сярод колбаў ды хірургічных прыстасаванняў, сядзела таямнічая Пандора, і можна, упрасіўшы прафесара альбо прычакаўшы момант, прымусіць яе ажыць…

Дзверы ў лабараторыю аказаліся расчыненымі, пасярод пакоя са скляпеністай столлю стаяў Бутрым, як верставы слуп. Васковая паненка знікла. Затое рэзрух – як пасля пераможнага паходу гунаў праз Рым. Шафы парасчыняныя, усё з паліцаў скінутае на падлогу. Колбы і прабіркі хрумсцяць пад нагамі, бы сухія косткі. Сталы і крэслы перавернутыя, паперы рассыпаныя па падлозе, быццам са столі ішоў папяровы дождж…

Той, хто гэта ўчыніў, нічога не шукаў – просто даваў знак: ведайце, вучоныя пацукі, сваё месца.

Пранціш раз’юшана вылаяўся.

– Пан Богуш, няйначай! Я выклічу яго на двубой!

– Супакойся, хлопец. Усё роўна нічога не дакажаш, – змрочна прагаварыў Лёднік. – Сам падумай – без дазволу рэктара хто б сюды прайшоў, такі вэрхал учыніў ды здаровую скрынку вынес? Я не гаварыў табе… – Лёднік трохі прамарудзіў. – Учора прафесар Папроцкі ўгаворваў мяне паказаць яму цікавую машыну, якую я вывучаю ў сваім кабінеце. Маўляў, ён у механіцы добра разбіраецца, аўтаматамі цікавіцца, пару студэнтаў кемных ёсць, могуць дапамагчы. А я адмовіўся, баюся, рэзкавата. І, магчыма, дарэмна.

Лёднік вінавата адвёў вочы.

– Ну, пашкадаваў я таямніцай дзяліцца. А каб паказаў – можа, не было б і гэтага нападу. Добра, мы паспелі ўсё ж вывучыць цікавы прэцэдэнт. І атрымалі малюнак…

Пранціш зласліва пасміхнуўся:

– Затое злодзеі яго не атрымаюць!

І паказаў Лёдніку дэталь са шпіндзялёчкам, забраную з Пандоры. Прафесар толькі галавой пакруціў і прамармытаў нешта наконт таго, што ваўка хоць з залатой лыжкі кармі, да кашы не прывучыш. Але дэталь забраў.

Вырвіч яшчэ раз азірнуўся наўкол.

– Слухай, чаму б не звярнуцца да тых паноў, што тэстамент прывозілі? Ягоная мосць Міхал Казімір дакладна ж хацеў, каб менавіта ты лялькай заняўся.

Прафесар падштурхнуў нагою павалены жалезны падсвечнік, і той загрымеў па камянях, як павалены Галіяф.

– Да каго ты зараз звернешся, калі ўсе п’яныя, як бэлі? Пане Каханку пастанавіў, што два гады будзе па бацьку хаўтуры спраўляць, вар’ят няшчасны. Цела яшчэ тут, а каля Нясвіжу ўжо цэлы горад з намётаў ладзяць шляхетныя аматары папіць-паесці надарэмшчыну. Не, абаронцаў у нас тут не знойдзецца. І Саламеі не кажы… Хвалявацца пачне. А я яе і так сёння скрыўдзіў… Яна прасіла калі не аддаць ляльку князю Радзівілу – дык хоць дапусціць да яе калегаў. А я на яе налаяўся…

Бутрым уздыхнуў, абвёў вачыма разгромленую, як маскалі на Уле, лабараторыю:

– Ну што, Вырвіч, прывядзі сюды яшчэ двух праштрафленых недавукаў, Недалужнага ды Гаравога. Хопіць вам у косткі гуляцца. Лепей папрыбірайце тут уласнымі ручкамі, яснавяльможныя паны. Лёкаяў у сваю лабараторыю ўсё роўна не дапушчу.

Небарака Недалужны толькі і сказаў на адрас прафесара:

– Каб ён аблез няроўна!

…Цікава, якія існуюць адзінкі для вымярэння злосці? Сабачы брэх, лаянка гандляркі, плявок мытара? Якімі б яны ні былі, Пранцысь па вяртанні з Акадэміі быў злосны на дзесяць лаянак, сорак пляўкоў і мех сабачага брэху. Нават улюбёная гарбузовая каша з разынкамі ды арэхамі ў горла падчас вячэры не лезла. Пандору скралі, прафесар змусіў да ганебнай мужыцкай працы, і ніякіх подзвігаў не прадбачыцца. Лёднік вунь і сам злосны сядзіць, доўгім носам над паперай водзячы, нібыта спадзяецца вынюхаць, што за месца намаляванае аўтаматам, пакрывае аркуш слупкамі лічбаў, а побач грувасцяцца стосы фаліянтаў, з якімі час ад часу нешта звярае. Другі малюнак Пандоры ляжыць на каленях пані Саламеі, але яна яго не вывучае, а, сціснуўшы тонкія пальцы, паглядае сумнымі трывожнымі вачыма то на абразы, то на мужа. Баіцца, што яе Фаўст зноў сарвецца ў містыку, забыўшыся на ўсё. І так зацяты – не падыдзі, уджаліць.

У пакоі панавала нязвычная трывожная ціша, якую парушаў толькі шоргат старонак. Нават Хвелька зашыўся ў сваім катуху і не насмельваўся паказацца гаспадарам, хаця звычайна ад ягонай балбатні выратоўваў толькі загад Лёдніка памаўчаць. Адзін Піфагор, дапушчаны ў пакой з прычыны дажджлівага надвор’я і дзівацтва гаспадароў, што нечувана песцілі свайго вартавога, віляў сабе рудым пухнатым хвастом, тыкаўся халодным носам у далоні, заглядаў у вочы ўмольна-запытальна: чаго прыціхлі, мудрыя людцы? Вас жа ніхто на ланцуг не навязвае? Вы ж можаце яшчэ кавалачак сала дзеля беднага сабачкі ахвяраваць? Падымаў настрой і палаючы камін – Лёднік настояў, каб у доме акрамя звычайнай печкі, аблямаванай мсціслаўскай зеленкаватай кафляй з анёльчыкамі, быў камін, жывы агонь, сузіранне якога спрыяе гармоніі стыхій у чалавеку.

Штопраўда, у каміне вельмі зручна паліць нязграбныя вершыкі, якімі Пранціш пачаў употай займацца, начытаўшыся Яна Вісліцкага ды куртуазных французскіх паэтаў. Кінуў скамечаную паперыну цішком у пашчу чырвонага цмока – і ўсё… Ніхто не абсмяе.

За вокнамі пачуўся грукат экіпажу, запрэжанага некалькімі коньмі. Піфагор рудым ценем шыбануў у сенцы і запоўніў іх звонкім брэхам. Экіпаж спыніўся перад домам Лёднікаў, фурман прыкрыкнуў на коняў, потым у браму застукалі.

– Ці дома пан доктар?

Зараз жа залапатаў нешта Хвэлька, які перастрэў гасцей, потым сунуўся ў пакой, папытацца гаспадароў, ці можна ўпусціць пасланца ад пацыента – багатага пацыента, як можна было меркаваць па пачцівых нотках у голасе Хвелькі.

Што ж, нечаканыя наведнікі – нават у такі позні час – у доме лекара не навіна. Колькі разоў Лёднік сярод ночы збіраў валізку і адпраўляўся ратаваць чыюсьці грэшную душу, не забыўшы памаліцца перад адыходам святому Панцеляймону-ацаляльніку, свайму старажытнаму калегу, якога ганьбілі за тое, што лячыў бясплатна і цану іншым дактарам збіваў. Піфагор сумленна адпрацоўваў свой сабачы доўг, зацята брэшучы на дзверы… А ў іх увайшоў каржакаваты дужы мужык гадоў за сорак, камечучы ў руках шапку з мярлушкі – па вопратцы слуга з багатага дому. Звычайны такі мужык, упарты, хітраваты, не надта гнуткага розуму, са светлымі невыразнымі вачыма, якія зараз глядзелі на Баўтрамея Лёдніка з насцярожанасцю і – неверагодна – нейкай насмешкай, так і мералі пана прафесара ва ўвесь немалы рост.

– Пан… Лёднік, я ад яе мосці пані Галены Агалінскай з найвялікшай просьбай.

Паклон госця быў дастаткова нізкі, але з імгненнем няветлівага прамаруджвання, што іншы, можа, і не заўважыў бы, але Пранціш, сын збяднелага дашчэнту шляхціца-шарачка, звык бараніць свой шляхецкі гонар і ў родным Падняводдзі, і ў Менскім езуіцкім калегіюме, і навучыўся прыкмячаць найменшыя праявы непавагі.

А Лёднік паводзіў сябе таксама дзіўна. Той, хто добра яго ведае, здагадаўся б, што доктар узрушаны. Ён стаяў перад госцем з ганарыста закінутай галавой, але на худых шчоках гарэлі плямы, а глыбокі нізкі голас ледзь заўважна дрыжэў.

– Чым магу дапамагчы яе мосці пані Галене?

Госць яшчэ раз акінуў ацэньваючым позіркам постаць прафесара, нібыта правяраў, як захаваўся за зіму летні вазок.

– Яе мосць разам з мужам і шваграм прыехала на хаўтуры па яснавяльможным вялікім гетмане князе Радзівіле, – патлумачыў мужык. – Пан Агалінскі з братам цяпер у палацы за хаўтурным сталом. А паніч Алесь Агалінскі, малодшы сынок, зусім расхварэўся. А ён і так кволы, ад нараджэння. Немавем чаго пойдзе ўвесь у болькі ды млее. Вось пані і паслала мяне па цябе… па вас, пан доктар.

І зноў ледзь прыхаваная насмешка, і паклон для адчэпнага… Доктар задумліва прагаварыў:

– Значыць, у тваіх гаспадароў нарадзіўся яшчэ адзін сын… Спадзяюся, роды не пашкодзілі здароўю пані. Што ж, для мяне гонар дапамагчы пані Галене.

– Пані дужа прасіла цябе… вас не марудзіць. Карэта чакае ля дому, доктар.

Госць скончыў абшарваць вачыма прафесарскі дом і кінуў позірк на пані Саламею, вядома, позірк адразу стаўся дужа зацікаўленым… Пранціш не сцярпеў, выскачыў наперад і штурхануў нахабу ў грудзі.

– Ах ты, хамуйла! Ты як са шляхціцам размаўляеш? Пасяку шабляй на салому!

Твар мужыка адразу змяніўся і набыў вінавата-ліслівы выраз, слуга бордзенька ўпаў на калені, шчыра пацалаваў руку Вырвіча, потым ягоны чаравік, пачаў прасіцца…

На плячо Пранціша лягла цяжкая рука Лёдніка, той прагаварыў глуха, як быццам яму балела.

– Не дакарай гэтага чалавека, пан Вырвіч. Не так лёгка кланяцца таму, каго цэлы год лупіў бізуном. Праўда, Базыль?

Невыразныя светлыя вочы мужыка зіркнулі спадылба на прафесара.

– Што ягоная мосць Цыпрыян Агалінскі, мой пан, мне загадваў, тое я і рабіў.

Вось яно як! Пранціш сустрэўся позіркам з Саламеяй. У той задрыжэлі вусны. Што ж, мінулае даганяе нават тых, хто ўзрывае за сабой паветраныя замкі. Да таго, як патрапіць у рукі Пранціша, знаны алхімік Лёднік стаў уласнасцю пана Агалінскага, свайго крэдытора, з якім не змог расплаціцца. Пра тое, што было з Лёднікам у маёнтку Агалінскіх, той ніколі не расказваў, і ўвогуле тэмы не любіў. Але ясна, што папеклаваўся там сённяшні прафесар парадкам. Сам пан Цыпрыян Агалінскі, які прадаў Лёдніка па дарозе на Валожын першаму стрэчнаму, выкінуўшы з карэты проста ў брудную лужыну і параіўшы выхоўваць яго калацінай, сімпатый у Пранціша, тадышняга шкаляра, не выклікаў. Таўсманы, злосны, чырванаморды… Стан ціхага адчаю, у якім тады знаходзіўся Лёднік, і шнары на ягоным целе таксама сведчылі шмат пра што. Вось і тлумачэнне… Калі ў Пранцішы, нягледзячы на маладыя гады, Базыль без ваганняў прызнаў вышэйшага за сябе, вяльможнага пана, то доктару і цяпер не супраць быў бы па-свойску пералічыць рэбры.

Вогнікі скакалі ў каміне, нібыта гледачы ў балагане радаваліся незвычайнаму спектаклю, у якім нехта з герояў павінен памерці гвалтоўнай і ганебнай смерцю.

– Ідзі, Базыль, да карэты, і чакай мяне. Я зараз збяруся, – прагаварыў Лёднік сваім звычайным фанабэрыстым тонам і імкліва пайшоў у кабінет. Пранціш дагнаў яго, затрымаў за рукаў:

– Бутрым, што з табой? Няўжо паслухмяна пойдзеш слугаваць тым, хто цябе ў раба ператварыў?

Піфагор прыхінуўся рудым бокам да Пранцішавай нагі, патрабуючы, каб пагладзілі – знайшоў час, дурная жывёлінка.

– Там пакутуе маленькі хлопчык… – ціха прагаварыла Саламея. – Усё іншае – лухта…

Лёднік з удзячнасцю пацалаваў жонку ў шчаку.

– Дзякую, дарагая… І яшчэ… Я вам не расказваў, – голас прафесара стаў зусім ціхі. – Пані Галена мне жыццё выратавала. Каб не яна – наўрад я дацягнуў бы да спаткання з панам Вырвічам.

І зайшоў у кабінет, застукаў там інструментамі і бутэлечкамі, збіраючы свой прафесійны сакваяж. Потым пачуліся словы малітвы. Саламея наблізілася да Пранціша:

– Пан Вырвіч, калі ласка… Я баюся адпускаць яго аднаго… Не маглі б вы?..

Пранцішу не трэба былі нічога тлумачыць і прасіць. Ён моўчкі ўздзеў шапку і ўзяў шаблю з выгравіраваным на дзяржальне гербам “Гіпацэнтаўр”. Цяпер Вырвіч – не якісьці шкаляр, ён і сябе абароніць, і свайго настаўніка! Хоча той ці не…

Рэдкія ліхтары ператваралі мокрую брукаванку ў засланы месяцовым дываном казачны шлях, камяніцы застылі, нібыта зачараваныя волаты, з гары Гэдыміна спаўзаў прывідны туман. Пранціш сядзеў у карэце насупраць доктара, апранутага ў нямецкі строй, глядзеў на ягоны профіль – бо прафесар моўчкі ўтаропіўся ў вакно – і здагадваўся, што за вар’яцкая карусель з невясёлых успамінаў зараз творыцца ў прафесарскай галаве. Хоць ты зноў ідзі за Крыжовую гару на магілу Кашпара Бекеша, які загадаў напісаць на помніку, што ні ў ва што не верыць. Пры сузіранні гэтай магілы Лёдніка заўсёды прабівала на натхнёную лекцыю пра вечную надзею і выратавальны шлях душы праз пакуты.

Маўчанне, што назапасілася ў карэце за ўвесь час падарожжа, было такім густым, што прымусіла б знямець цэлы сойм. Колы пагруквалі і парыпвалі, нібыта скардзіліся на холад, восень і дождж…

Дом, дзе спыніліся Агалінскія, не быў надта шыкоўным – шляхта, што панаехала з Княства ды Каралеўства, пазаймала ўсе прыстойныя будынкі, так што каму ўжо які дастаўся. Святло ліхтара адбівалася на мокрай чарапіцы даху. Можна было разгледзець толькі ганак з двумя драўлянымі калонамі і вокны з сапраўднага шкла, за якімі свяціліся цьмяныя агеньчыкі свечак. Адзін з агеньчыкаў плыў у бок дзвярэй – гасцей чакалі…

– Сюды, пан доктар! – прыслуга ў белым каптуры і белым фартушку, якой ні была б устрывожанай, кінула прагна-цікаўны пагляд на Лёдніка. Вырвіч зразумеў, што таксама бачыла яго ў іншым становішчы.

У вітальні доктар сурова запатрабаваў вады – вымыць рукі перад тым, як ісці да пацыента, потым акуратна выцер чыстым ільняным рушніком кожны палец асобна, вільготны рушнік няўважна кінуў на рукі прыслузе… За ягонымі дзеяннямі назіралі, як за чорнамагічным рытуалам, пасля якога ва ўсіх рогі вырастуць. Ну і рэпутацыя тут у алхіміка была! Пасля візітаў асоб з такой рэпутацыяй ліхаманкава шукаюць у хаце падкінуты “расскепены жолуд” альбо завязаную вузлом анучку. Прафесар пагардліва падціснуў вусны, закінуў галаву і рушыў наперад, шабля паблісквала пры ягоным левым баку. Вырвіч таксама прыняў самы свой фанабэрысты выгляд і дэманстратыўна паклаў руку на дзяржальна шаблі, увесь такі слічны ды палітычны, гатовы ўвобмірг пакараць за найменшую непачцівасць.

Пакояў аказалася нечакана шмат, лямпа ў руках прыслугі плыла па цёмным калідоры, як нечая светлая душа, якая са шкадобы вырашыла праводзіць неафіта праз падземнае царства. Адчувалася, што дом здымны – праз расчыненыя дзверы пакояў бачылася, што мэблі малавата, партрэтаў дык зусім няма, акрамя тоўстай фізіяноміі Аўгуста Саса ў залачанай рамцы. Але, падобна, цяперашнія гаспадары прывезлі з сабою тое-сёе для ўтульнасці – там стаялі шырмы кітайскага шоўку, тут пабліскваў на століку срэбны сервіз… Нарэшце расчыніліся апошнія дзверы, і перад гасцямі апынулася гаспадыня.

Вядома, да пані Саламеі ёй было далёка. Ніхто б не змог прыняць гэтую кабету за Сільфіду незямной гожасці – а Саламеі аднойчы давялося выконваць гэткую ролю. Але ж Саламея Лёднік, у дзявоцтве Рэніч, была адзінай і непаўторнай… Кабета, якая сустрэла начных гасцей, таксама па любых зямных мерках была гожай. Стройная пастава, ганарыстая пасадка галавы, вялікія светлыя вочы, нос тонкі, з гарбінкай, рот, можа, трохі велікаваты, з нервовай складкай, русявыя неслухмяныя валасы зачасаныя ў высокую прычоску, і асобныя лёгкія пасмачкі выбіваюцца, быццам лёгкі дымок. Светлыя вочы глядзелі на Лёдніка з незвычайным напружаннем, нібыта на далёкі ветразь доўгачаканага карабля: якога ён колеру, жалобы альбо надзеі?

– Прывітанне, Бутрым!

Лёднік зняў капялюш, адвесіў цырымонны паклон і пацалаваў руку кабеты.

– Мае шчырыя прывітанні яе мосьці пані Агалінскай… Давольце прадставіць – ягоная мосць пан Прантасій Вырвіч з Падняводдзя, мой высакародны сябар.

Пранціш адвесіў паклон не горшы, чым Лёднік і таксама прыклаўся да ручкі гаспадыні. Але тая глядзела толькі на доктара. Яны нібыта вялі бязмоўную размову пра нешта сумнае, горкая ўсмешка пакрывіла вусны доктара, а вочы пані блішчэлі ад непралітых слёзаў.

– Як я рада, што ў цябе ўсё добра, Бутрым, – ціха прагаварыла жанчына. – Ты заслужыў гэта.

– Усё ў волі Госпада, ён дае, ён і забірае паводле грахоў нашых, – нягучна адказаў доктар. – А як вы, пані?

– Паводле грахоў маіх, – сумна ўсміхнулася Агалінская. – На шчасце, муж у радзівілаўскім палацы, днюе і начуе… Ён бы не дазволіў цябе запрасіць. Старэйшы сын Андрусь, ты яго памятаеш, у Варшаўскім шляхецкім корпусе. І я адмыслова паехала ў Вільню… Дзеля Алесіка… Калі ты яму не дапаможаш, то хто?

Пані правяла Лёдніка за шырму, якой быў адгароджаны кут пакоя, паставіла на столік лямпу. У ложку спаў дзіцёнак гадоў трох. Худзенькі, чарнавалосы… Святло ад лямпы пабудзіла яго, і на гасцей зірнулі цёмныя вочы, бліскучыя ад ліхаманкі…

Агаломшаны Лёднік моўчкі глядзеў на дзіцёнка, потым перавёў позірк на пані, тая, пацвярджаючы ягоную здагадку, прыкрыла павекі, лёгка ўсміхнулася… Доктар палка пацалаваў яе руку і зноў утаропіўся на хлопчыка, як на нечуваны цуд, мімаволі ўсміхаючыся. Пранціш, раззявіўшы рот, таксама глядзеў на цемнавокага малечу, які наглядаў за прыхаднямі не па-дзіцячы сурова, такім дужа знаёмым пільным позіркам… Нарэшце студыёзус не вытрымаў і выгукнуў:

– Ну, доктар, ну, пройда!

Пані пачырванела, а Лёднік як не чуў. Прысеў на край ложка, пагладзіў руку пацыента:

– Вітаю юнага пана!

– Ты хто? – голас дзіцёнка быў трохі асіплым, але ўжо цяпер уладным, а ў вачах не заўважалася страху.

– Я – доктар, ваша пані маці папрасіла мяне палячыць вас. Што ў пана Алеся баліць?

Пані са светлай усмешкай назірала, як Лёднік важдаецца з малодшым Агалінскім. Аглядае, выслухоўвае, задае пытанні… Хлопчык стараўся трымацца мужна, як яго вучылі, як належыць шляхціцу, – але ад горкіх лекаў небараку ледзь не заванітавала…

– Калі пан вып’е гэтую мікстуру, ён абавязкова паправіцца, а тады я запрашу васпана ў госці ў акадэмію. Там ёсць вялізная труба, праз якую бачныя зоркі – блізка-блізка, і можна паглядзець, што робіцца на месяцы! Пан хоча паглядзець на зоркі? – сур’ёзна пытаўся Лёднік.

– Хацу! А іх мозна з неба зняць?

Пранціша ў гэтай сітуацыі больш непакоіла, што скажа пані Саламея, калі даведаецца пра гэткае матэрыяльнае ўвасабленне змрочнага мінулага свайго мужа. І, што яшчэ больш важна, ці не прыб’е доктара пан Агалінскі, які, падобна, мае на гэта законнае права. Няўжо нат не здагадваецца, у каго ўрадзіўся ягоны цемнавалосы сын? Ці не былі ў пана падставы пазбавіцца ад алхіміка ў сваім доме яшчэ больш важкія, чым злосць на непакорства ды боязь атруты?

Лёднік гушкаў хлопчыка на руках, нешта шаптаў на вушка – і быў такі шчаслівы, якім Пранціш ні разу яго не бачыў.

Але скрадзенае шчасце доўгім не бывае. Калі хворы задрамаў, доктар уклаў яго ў ложак асцярожна, як крышталёвага, накрыў коўдрачкай…

– У яго алергія… Гэта… прыроджанае. Некаторых рэчываў ягоны арганізм не пераносіць. Лекі пакіну, і яшчэ зраблю… Адвары – піць, мазі – змазваць высыпанні, калі з’явяцца. Але галоўнае – дам спіс, ад чаго яму можа стаць кепска. Пазбягаць пэўнае ежы, пахаў… Ён гэта перарасце. Гадоў у адзінаццаць, думаю.

Пранціш успомніў, што ў Лёдніка ў маленстве таксама была такая хвароба – бацька-гарбар не мог яго прыладзіць да спадчыннага рамяства, бо сын ад паху сырых скураў пакрываўся болькамі ды млеў.

– Я магу яшчэ яго пабачыць? – прашаптаў Лёднік. Пані нахіліла галаву, светлыя пасмачкі, што выбіліся з фрызуры, ускалыхнуліся.

– Не ведаю… Хіба што мужу будзе не да нас – ты чуў, у Вільню нават Багінскія прыехалі, хочуць месца ваяводы для пана Міхала. Той пакінуў расейскую імператрыцу дзеля такога выпадку. Пакуль невядома, чый бок зойме муж – Багінскія зараз шляхту перакупаюць. Але ясна, што чакаецца валтузня.

– Прышлеце па мяне, як толькі атрымаецца… Ці да мяне хлопчыка прывязіце. За ім трэба назіраць. І для вас я таксама лекаў перадам. Мне падаецца, што вы зусім запусцілі сваю хваробу. Памятаеце мае рэкамендацыі?

Лёднік нешта тлумачыў наконт зёлак, дыеты і шпацыраў, а Вырвічу ажно дух заняло ад звесткі, што Багінскія тут! А раптам і панна Паланэя прыехала? Там, у Варшаве, яна яшчэ больш увязалася ў палітыку, якіх толькі інтрыг юнай прыгажуні не прыпісвалі. Пранцішу, зразумела, кроілі сэрца асобныя чуткі… Але вось ён, шанец – калі паненка тут, ці не спатрэбіцца ёй, як калісьці, адважны і спрытны рыцар, здольны выканаць любое, самае складанае, даручэнне?

На развітанне пані Агалінская папыталася:

– Твая жонка прыгожая, Бутрым?

– Прыгожая, – адказаў былы слуга.

– Ты яе кахаеш?

– Вельмі.

Пані памаўчала.

– Дай Бог вам шчасця.

– І вам таксама, мая пані… І вам таксама…

Базыль праводзіў гасцей да карэты, падсвечваючы ліхтаром. Калі пад колы зноў лягла брукаванка Старога Места, Пранціш з’едліва папытаўся-сцвердзіў:

– Пані Саламеі нічога не казаць?

Прафесар ускінуў галаву:

– Чаму ж не казаць? Я сам ёй скажу. Думаю, яна зразумее…

– А нехта збіраўся мяне ў карцэр садзіць за бязвінныя заляцанні да звычайнай дзеўкі… – не прамінуў папікнуць студыёзус, які ўсё яшчэ кіпеў ад абурэння. Вядома, пералюбствам грашылі многія, пры варшаўскім двары дык увогуле непрыстойным лічылася не мець афіцыйных палюбоўнікаў. Падчас баляў на плошчы перад палацам стаялі карэты, у якіх можна было адасобіцца са сваімі амаратамі ад цікаўнікаў. У вёсках пад Нясвіжам шмат у якіх сем’ях гадаваліся нашчадкі князёў Радзівілаў, дзеля іх часам выплочвалася невялікая пенсія. Але доктар, які спавядаў самаабмежаванне і дысцыпліну і пагарджаў разбэшчанымі багацеямі, не меў у вачах студыёзуса права на распусту! Да таго ж, адна справа – куртуазныя інтрыгі між арыстакратамі, ці калі высакародны пан звяртае ўвагу на прывабную сяляначку і карыстаецца правам першае ночы… І другое – калі слуга, халоп – у ложку сваёй замужняй гаспадыні! Разбаўляе сваёй мужыцкай крывёю кроў рыцарскага роду! Няхай Лёдніку надалі шляхецкае званне, па нараджэнні ж ён – ніхто, звычайны мяшчук… Не так кепска доктару ў Агалінскіх жылося, аднак… Займеў свайго шчасця… Агіда адбілася на твары Пранціша. Лёднік панурыўся.

– Не спрабую адмаўляць – я грэшнік. Акаянны грэшнік. Але яна… Пані Галена… Не, гэта быў не капрыз і не юр, Вырвіч. Не прыхамаць арыстакраткі і не помста слугі – табе ж такое прыйшло ў галаву, так?

– А што ж гэта было?

Колы пагруквалі па мокрых камянях, як быццам перамолвалі хвіліны, няўмольна і рупна.

Лёднік закінуў уверх худы твар, заплюшчыў вочы. У цьмяным святле ліхтара ён здаваўся часткай гатычных барэльефаў старажытнага храма.

– Што гэта было… Не думаў, што буду каму-небудзь пра гэта расказваць… Неяк у нас з вамі, пан Вырвіч, карэты заміж спавядальні…

Пранціш хмыкнуў, успомніўшы, як калісьці яны ехалі ў турэмнай карэце – Лёдніка заграблі ў карчме з-за таго, што ён нібыта займаўся там вядзьмарствам, і раскаяны алхімік распавядаў па дарозе, як давёў сябе да халопскага стану, распрадаўшы маёмасць, каб рабіць доследы па здабыцці філасофскага каменю. Што ж, няхай спавядаецца ізноў – не ўсё ж студэнтаў бедных мучыць.

– Я кепска памятаю, як мне абвесцілі вырак суда і прывезлі ў маёнтак Агалінскіх… – ціха гаварыў алхімік, гледзячы ў падлогу. – Калі па мяне прыйшлі ў мой закладзены дом, выламаўшы дзверы, я якраз заканчваў выпарваць адну цікавую субстанцыю… А потым – потым туман. Адно я вырашыў, што Божае пакаранне трэба трываць годна. Няхай церпіць цела – варта паспрабаваць выратаваць душу. Ніякай алхіміі, астралогіі, доследаў над бесцялеснымі субстанцыямі! Нават дэкумбітуры хворага больш вылічваць не стану… Так, пераламала мяне тады ўнутры добра.

Напачатку пан Агалінскі быў са мной нават ветлівы – дагэтуль мы ж не раз сядзелі за адным сталом, ён любіў паслухаць мае “вучоныя размовы”… А займець уласнага дыпламаванага доктара – гэта ж лепей, чым пародзістага ганчака! Мне адвялі пакойчык, я абсталяваў невялікую лабараторыю, пацягнуліся пацыенты – слугі, дваровыя людзі… У паніча Андруся Агалінскага – руды такі хлопчык, вясёлы, непаседлівы – акрым драпінаў ды сінякоў, надарылася пнеўманія, надумаўся быў стронгу рукамі лавіць у суседняй рачулцы, імклівай і халоднай, як лёд. Вылечыў… Давялося падбіраць зёлкі і пані Галене, яна пакутуе на сардэчную хваробу. І не было таго, што ты падумаў, блазнюк. Я даваў клятву Гіпакрата. Я ніколі не дазволю сабе падысці да ложка хворай з пажадлівымі намерамі. І пані Агалінская проста была паважлівай са мной… Шчыра кажучы, я яшчэ й раздражняўся страшэнна ад яе спачування – нізавошта не хацеў, каб мяне шкадавалі. Няхай лепей баяцца, ненавідзяць, пагарджаюць… Толькі не шкадоба.

А потым пан Агалінскі загадаў мне скласці гараскоп – збіраўся на сеймік, хацеў даведацца, якіх мітрэнгаў чакаць. А я адмовіўся. Хаця раней распісваў яму па табліцах Эфемерыдаў хоць бы і шлях у прыбіральню. І тады пан сказаў, што час мне з’ясаваць, хто я такі ёсць.

І выпісаў мне першую цыдулку да Базыля…

Не, Базыль – не просты кат, мужыкоў караў іншы чалавек. А на гэтага быў ускладзены абавязак сачыць за паводзінамі ў панскім доме – лёкаяў, пакаёвак, фурманаў, кухараў… Калі хто праштрафліваўся – пан пісаў на паперцы лічбу і адпраўляў віноўнага з ёю на стайню, дзе быў асаблівы закуток – там можна было зручненька раскласці чалавека і ўсыпаць яму столькі бізуноў, колькі напісана на паперцы.

Калі чарга дайшла да мяне, уся прыслуга была шчаслівая – яны ж дагэтуль не маглі зразумець, як да мяне ставіцца: нібыта пан, нібыта строгі… А сам такі ж, як яны.

І пайшло кола ўпоперак каляіны… Кожную раніцу я падаваў пану Агалінскаму ягоныя лекі для лепшага стрававання – ён пераядаў тлустага. Пан патрабаваў гараскоп, я адмаўляў, атрымліваў цыдулку, ішоў на стайню, і Базыль меў клопат выдаць мне тое, што прапісаў пан. Стараўся напачатку аж надта: а вось табе, выскачка ў пудраным парыку…

Хутка гэта ператварылася ў нейкі турнір: людзі гадалі, што здарыцца найперш, пану надакучыць мяне перавыхоўваць, ці я зламаюся? Агалінскі раз’юшваўся ўсё болей і болей – ясная рэч, не звык сустракаць супраціву ад ніжэйшых. Некалькі разоў, пад п’яную руку, зрываўся і лупіў мяне ўласнаручна чым патрапіцца. На шчасце, часам ён з’язджаў, і я мог трохі залячыць спіну. Выручала і доктарскае майстэрства – я таму-сяму сур’ёзна дапамог, і мне пачалі спачуваць. Аднойчы пабудзіў Базыль – у ягонай дачкі быў прыступ крупа, дзяўчынка задыхалася, мне ледзь удалося яе выратаваць. Пасля гэтага рука Базыля стала лягчэйшай, ён пачаў кожны раз угаворваць мяне перастаць злаваць пана – ілбом мур не праб’еш, доктар, ну што табе варта намаляваць тыя прадказанні? Небарака шчыра не разумеў, навошта я ўтвараю сабе такія пакуты.

Часам мяне садзілі ў халодную – нешта падобнае на наш універсітэцкі карцэр. Здараліся проста камічныя выпадкі – да пана прыязджаюць важныя госці, не хапае партнёра для гульні ў віст, мяне выцягваюць з халоднай, апранаюць кашулю з карункамі, камзол, парык, і я цэлы вечар вяду дасціпную свецкую гаворку і гуляю ў карты… Пакуль усе не напіваюцца. Тады я зноў скідаю ўсё панскае і вяртаюся ў халодную. Карацей, не жыццё, а лонданскі Бедлам, прытулак для вар’ятаў. Ну а ў пані Галены самой жыццё не салодкае. Гэты боўдзіла, ейны муж, з ёй таксама рукі распускаў. Праўда, і пані не рахманая авечка, але куды ёй падзецца? Я, як мог, абараняў яе – тлумачыў Агалінскаму, што жонка хворая на сэрца, што ёй патрэбны спакой. Яна была мне ўдзячная, і за гэта, і што вылечыў сына, і што ёй ёсць з кім перамовіцца пра французскія раманы, да якіх пані вялікая ахвотніца…

Заступалася і яна за мяне, вядома. Намаўляла прыкласці нейкія намаганні, каб выкупіцца – але я не хацеў ні да каго звяртацца. Хоць, можа, які аднакурснік па Празе ці Лейпцыгу адгукнуўся б. Пані нават, не папярэдзіўшы, спрабавала таемна прадаць дзеля майго выкупу свае дыяментавыя завушніцы, але волі ў яе не нашмат больш, чым у слугі. Ліхвяр даклаў пану Агалінскаму пра свавольства жонкі – пабаяўся звадзіцца з пагрозным суседам. Была гнюсная сцэна, пані Галена, вядома, не прызналася, дзеля чаго ёй патрэбныя грошы, нешта выдумала… І ў маёнтку стала яшчэ горш. Бо Агалінскаму ўвялі ў вушы, што я – знаўца атрутаў і чорнай магіі, і магу яму адпомсціць. Чым больш ён мяне мучыў, тым больш мяне баяўся. І вось аднойчы, на пачатку красавіка, пан асабліва ўзлаваўся і загадаў кінуць неслухмянага раба ў халодную нанач. А якраз былі замаразкі, у маёй вязніцы снег не раставаў. І да раніцы я б не дажыў – у адных нагавіцах, збіты на горкі яблык… Пані Галена прыйшла да мяне, выкраўшы ключ. Аддала сваё футра… Вось тады і здарылася між намі… Грэх? Так, грэх. Можа быць, таму Гасподзь і не дае мне спадчынніка ад законнай жонкі. Можа быць… Але тае начы я ніколі не забудуся. Я раптам паверыў, што варта жыць і не здавацца. Вось і ўся гісторыя…

Пранціш перавёў дыханне… Што тут скажаш – лёсы чалавечыя не прастуюць, як гасцінцы. І адзінае выйсце тут – маўчанне. Лёднік ніколі не зможа забраць сабе свайго сына, пані Галена ніколі не выцісне з сэрца Лёдніка чароўную Саламею, а маленькага паніча чакае самая сумная прышласць, калі распаўсюдзяцца чуткі, што ён байструк. Ну а што чакае ў такім выпадку пані Галену… Усе праблемы са з’яўленнем і знікненнем васковай Пандоры бляклі перад простымі і жорсткімі чалавечымі стасункамі.

Але прафесар глядзеў на цьмяныя водбліскі на брукаванцы, і мімаволі ўсміхаўся – і Вырвіч ведаў, што ён успамінае маленькага чарнавалосага хлопчыка, які зараз салодка спіць у ложку за кітайскай шырмай.

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Подняться наверх