Читать книгу Авантуры студыёзуса Вырвіча - Людміла Рублеўская - Страница 6

Раздзел пяты. Як Лёднік і Вырвіч апынуліся між кавадлам, молатам і… яшчэ адным молатам

Оглавление

Шкодныя маленечкія альраўны, пакінуўшы роднае карэнне мандрагоры, скакалі па галаве Пранціша Вырвіча, і ад іх пранізлівых галасоў проста ў вушах закладала. Між альраўнаў, звыродлівых, брунатных, маршчыністых, падобных да драбнюткіх карэньчыкаў, толькі што выкапаных з зямлі, мітусіліся бела-ружова-блакітныя парцалянавыя Селадон і Галатэя, што збеглі з парыка панны Паланэі Багінскай. Але заміж таго, каб разыгрываць любоўныя сцэны, гэтыя пастаральныя персанажы падскоквалі і крыўляліся гэтак жа, як альраўны, і неадменна былі той жа самай паскуднай пароды. Бо мандрагора вядома, дзе вырастае – пад шыбеніцай, з семені, якое выліваецца на зямлю з паміраючага цела шыбеніка.

Шкадлівыя стварэнні завішчэлі яшчэ гучней, проста ў вуха Пранціша… І той расплюшчыў вочы, у якіх ляталі залатыя пчолкі…

– Чаго пан крыцаю ляжыць у чужым доме? Ці ў пана свайго няма, ці хапіў з дзежкі, аж не бачыў сцежкі? Варту паклікаць, або пан сваімі ножкамі сыдзе?

Перад Вырвічам стаяла, упёршы рукі ў бакі, мажная кабета ў шэрым салопе, па выглядзе – ахмістрыня, бо ў руцэ трымала гронку ключоў. У доме чулася грукатанне, у пакоях нешта цягалі, гучэлі грубыя галасы… А вось нічога з таго, што прыкрашала пакой учора, не было. Ні абцягнутай залацістым саф’янам лавы, на якой сядзела панна Паланэя ў сваім неверагоднага аб’ёму раброне, ні разнога століка, на якім для студыёзуса Вырвіча выставілі крышталёвы графін з такайскім віном і шмат чаго смачнага, нават свежы вінаград, дастаўлены з цёплых краёў альбо вырашчаны ў магнацкіх аранжарэях. Вядома, не было ні самой панны Паланэі, ні ейных слугаў… Затое альраўны з галавы нікуды не падзеліся.

Не тое, каб Пранцішу ўпершыню было прадзіраць вочы пасля цалавання са шкляной свінкай, але адчуванні на гэты раз былі нейкія асабліва паскудныя: горла дзярэ, нібыта дзёгцем закусваў. Эх, дзе той Лёднік са сваім цудадзейным адварам…

Пры ўспаміне пра Лёдніка Пранціш адчайна застагнаў, чым выклікаў цэлы град насмешных заўваг ад гнюснай бабы, якая, ясная рэч, адрачэцца ад усялякіх ведаў пра панну Багінскую, і хто сюды ўвечары засяліўся, куды падзеўся, лісіца хвастом замяла, воўк языком залізаў…

Падманулі, як шчанюка скуркай ад мінулагодняга сала! Кеп, дурань, блазен – тры штукі разам, і імя ўсім Прантасій Вырвіч. Бо Вырвіч, стогнучы, успомніў, што вываліў падступнай прыгажуні між палкімі пацалункамі ўсё, пра што забараніў расказваць Лёднік. Пра Пандору, пра ейны малюнак, пра надпіс “Тут знойдзеш перамогу агню над жалезам”, нават пра здагадкі Баўтрамея наконт доктара Дзі і ягоны вогненны меч…

Адзінае, што змякчае крыўду – абышліся са студыёзусам даволі ветла, пад галаву клапатліва паклалі шапку, а вунь і пакінулі кубак з вадою…

Але студыёзус, як ні смажыла, піць тае вады не стаў – хопіць, начаставалі… Timeo danaos et dona ferentes.

Пахістваючыся, ён павалокся з клятага дому, куды зараз заязджалі іншыя часовыя гаспадары, або вярталіся ўладальнікі… У галаве пульсаваў боль, нібыта альраўны ўзяліся ўбіваць у Пранцішаў мозг жалезны колік. З заімглёнай свядомасці ўсплывалі ўсё новыя і новыя падрабязнасці нядаўняй размовы з хітручай Паланэяй. Усё-ткі і яна пра тое-сёе кавалеру прагаварылася. Напрыклад, звесткі пра сувязь лялькі з доктарам Дзі яе не здзівілі.

Бож-жа, ён жа панне свае вершы чытаў! Тыя, што шчасліва спаліў у каміне, але на няшчасце запомніў… Галасіў, як Арфей перад галоднымі ваўкамі! Вось пасмяялася яе мосць Багінская над закаханым хлопчыкам-вершаплётчыкам…

Вырвіча перахапіў на вуліцы знерваваны Хвелька, ягоныя тлустыя шчокі аж трэсліся ад хвалявання – прафесар учыніў навальніцу з нагоды знікнення падапечнага, які нат заняткі прагуляў.

А пасля было яшчэ горш. Давялося расказваць Лёдніку пра тое, што адбылося. Вырвіч разумеў, што тут не да хітрыкаў – бо наступствы ягонай начной прыгоды ўдараць найперш па Бутрыму. Язык ледзь варочаўся, словы блыталіся, як водарасці ў віры.

Раптам Лёднік абхапіў Пранцішаву галаву, рассунуў пальцамі павекі, уважліва зазірнуў у блакітна-мутнае вока.

– Дурнап’ян! І парашок аднаго рэдкага грыбочка… Знаўца працаваў – бо трохі памыліся з канцэнтрацыяй, ахвяра памрэ… Высакародны спосаб развязваць язык, папулярны ў Венецыі. У роце гарчыць? Горла дзярэ?

Пранціш змрочна кіўнуў галавою. З аднаго боку, стала лягчэй: значыць, ганебная балбатлівасць выкліканая атрутай. Але ж і горка стала: не пашкадавала, не пасаромелася Чароўная Дама тае атруты падсыпаць! Ведала ж, што можа да Абрама на піва кавалера выправіць… Не кахае ніколечкі, ні на зернейка! Эх…

Лёднік пайшоў варыць супрацьяддзе, загадаўшы нічога не распавядаць пані Саламеі. Нават лаяцца не стаў. Зробленае не адменіш, цяпер заставалася чакаць, калі прыйдзе бяда, і з якога боку.

Бяда надарацца не спяшалася. Вільня смуткавала па сваім ваяводзе. Пане Каханку, у прыпадку гора (а хто й казаў, каб здабыць сабе галасоў шляхты), хадзіў у касцёл, дзе распранаўся да поясу і прыдворных сваіх змушаў, і выкупляў у імя памяці бацькі свае і ягоныя грахі шчырым бічаваннем. Прычым усе павінны былі сцябаць адно аднаго. Пане Каханку, вядома, сцябаў усіх найбольш, яго ж асабліва не насмельваліся. А ён яшчэ і за нябожчыка Міхала Валадковіча ўдары раздаваў – каб душаньцы сябрука лягчэй на тым свеце было, а то чуткі пайшлі, быццам прывід Валадковіча пазірае часцяком з вокнаў Менскай ратушы, дзе й знайшоў суд і смерць, і да патрона свайго па начах з’яўляецца гэтак жа рэгулярна, як лёкай за лікёрам. Падчас такіх святых працэдур удзельнікі, вядома, падмацаваўшы дух чырвоным вінцом, вішчэлі, ускрыквалі, падбадзёрвалі адно аднаго, хто й лаяўся… Шум, тлум… Curavimus Babiloniam! (тлум Бабілонскі). У храм лепей не совацца… Добрыя хрысціяне крадма сплёўвалі ад пагарды. Зрабіць з таемства пакаяння такі балаган!

Аб’явіўся пан Міхал Багінскі, які адарваўся ад парчовага падолу расейскай імператрыцы дзеля барацьбы за віленскае ваяводства… Спыніўся ён не ў доме, дзе ягоная малодшая сястра прымала наіўнага кавалера. Непадалёк ад ратушы палац някепскі заняў, балі не сціхалі, шляхце штодзень скормлівалі, напэўна, добрага вала, і віна спойвалі ладную бочку… Нават прывезлі з Полацку бочачку неверагодна каштоўнага баторына – мёду, які айцы езуіты паставілі настойвацца ў год, калі быў закладзены ў Полацку каралём Стафанам Баторыем езуіцкі калегіюм. Бочка мёду вісела ў сутарэннях кляштара, падвешаная на жалезных ланцугах, мёд, вядома, даліваўся – бо за столькі гадоў яго б выжлуктавалі дарэшты. Але займець хоць збанок баторына дзеля важнай цырымоніі – гонар быў нечуваны… Вось тым каштоўным напоем і скаралі сэрцы шляхты ў доме Багінскіх. Сам пан не вельмі на пітво налягаў, казалі, зачыняўся ў пакоях у роспачы ад няшчаснага кахання да імператрыцы і гадзінамі граў на флейце ды арфе з удасканаленай ім самім педаллю… Затое жонка ягоная, былая Чартарыйская, у адчай не ўпадала, не стамлялася інтрыгаваць, у партыю Фаміліі людзей зводзіць. Пра сясцёр Багінскіх у горадзе не гаварылі.

Восень патроху ператваралася з залатой у брунатную, шэрую, вільготную, прапахлую дымам і цвіллю. Дрэвы аддавалі зямлі свае апошнія лісты-манеты, нібыта спадзяваліся выкупіць яшчэ адзін цёплы дзень. Пранціш старанна наведваў лекцыі, нават не хаваўся ад дадатковых заняткаў у патаемнай лабараторыі. Вось-вось – і атрымае дыплом магістра філасофіі і вольных навук! Засвоіў трывіюм – граматыку, рыторыку і логіку, і квадрывіюм – музыку, арыфметыку, геаметрыю і астраномію, што складалі сем мастацтваў. Можна пасля брацца і за вывучэнне ніжэйшых нібыта, але больш цікавых на погляд Пранціша прыродазнаўчых навук, якія ў айцоў-езуітаў пакуль не дужа шанаваліся. Хімія, фізіка, анатомія… Усім гэтым ён і цяпер займаўся пад кіраўніцтвам Лёдніка, і той запэўніваў, што другі дыплом Вырвіч пры жаданні атрымае хутка, і ў якой-небудзь цікавай краіне… Як сам Лёднік. І прыводзіў у прыклад магістра Марціна Пачобут-Адляніцкага, што выявіў незвычайныя здольнасці да астраноміі і едзе ў Пражскі універсітэт.

Авантуры студыёзуса Вырвіча

Подняться наверх