Читать книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская - Страница 3

Раздзел 1. Шэрая будыніна форэва

Оглавление

Выбуху зноў не адбылося.

Ася нават на нейкі час затрымалася, каб свядомасць прымірылася з тым, што пачварная шэрая будыніна, у якой месцілася ейная ўстанова, усё гэтак жа – не, не ганарліва, хутчэй бяздумна-бязлітасна – высіцца спаміж хрушчовак, і жнівень пакорліва згортвае свае апошнія дні ў сухое лісце ліпаў, што выжылі ў вязніцы з бетону і асфальту. Гмахабеліск у памяць гадоў, праведзеных у ім. Ненажэрны шэры стод, які прагне ахвяраў.

А дзе, дзе, дзе столькі разоў уяўляная на гэтым месцы куча друзу? І каб над гэтай кучай з бездапаможнымі дрыготкімі вусікамі дроту паныла луналі паперкі з набраным Асяй чарговым разбітым на акуратныя параграфы тэкстам… Не, Ася не крыважэрная. Па ёй, няхай бы ўсе з Шэрай Будыніны паспелі эвакуявацца. Распаўзціся па бяспечных шчылінах. І ветлівыя маладыя міліцыянты, што дзяжураць на першым паверсе, сочачы, каб не спазняўся народ у Шэрую Будыніну, каб не прасачыўся ў яе запаветнасць нейкі зладзюга ці дурань, што не разумее, якія важныя справы тут робяцца. І цётка-буфетчыца з вечна санлівымі вачыма, падобная да апосума, у якой Ася кожны працоўны дзень купляе кавалак заліўной рыбы і бутэльку «Актывілу», які карысны пры сядзячай працы. І Асіны калегі, усе мілыя, душэўныя людзі, вінаватыя толькі ў тым, што патрапілі працаваць разам з Асяй у адным выдавецтве, якое спецыялізуецца на выпуску брашураў з нормамі, правіламі, зводамі стандартаў ды іншымі рэчамі, якіх Ася аніяк не спадзявалася сустрэць у гэтым жыцці ў такой колькасці з прычыны ўласнае хранічнай неўнармаванасці.

Але вось ужо чатыры гады пасля інстытута пяць дзён на тыдзень яна іх рэдагуе да шэрых пчолак у вачах, ненавідзячы саму сябе за няздольнасць пайсці адсюль, з грашовай працы… Як яна ненавідзіць гэтую працу, як ненавідзіць сцены, у якіх праводзіць большую частку жыцця!

Ды ўсё, на што Асі хапіла пасля размеркавання сюды, – гэта на знак пратэсту зрабіць татљ на правым плечуку ў выглядзе жабкі. Але ж не будзеш круглы год за выняткам выходных хадзіць па калідорах з аголенымі плячыма, а ўлетку ў Шэрай Будыніне было горача, як у пазасветнай лазні, супрацоўнікі соўгаліся ў мятых ільняных касцюмах, з апухлымі вачыма, нібыта пакрытымі ільснянай плёнкай, і на татушкі маладых супрацоўніц увагі не звярталі. Магчыма, падсвядомым жаданнем абараніцца тлумачылася і Асіна прыхільнасць да пярсцёнкаў і бранзалетаў… Яе тонкія пальцы былі закаваныя ў бразготкую браню металу і камянёў: вядома, не золата-дыяменты, а камяні напалову высакародныя, напалову простыя. Бастарды ў свеце каштоўнасцяў. Яшма, сердалік, лазурыт, змеявік, кашэчае вока, хрызапраз, аванцюрын… Несуразмерна ейным танклявым рукам вялікія, але кожны – са сваім каменным сэрцам, закаваным у не самыя вытанчаныя аправы… Ну і набор бранзалетаў – плеценыя са скуры, мядзяныя, набраныя з камянёў жа… Часам, калі Ася глядзела на свае складзеныя на стале рукі, з дна свядомасці ўсплывала скептычнае: «Нацюрморт «Мара геолага». Калі – вельмі рэдка – Ася, прыйшоўшы на працу, усведамляла, што забылася надзець свае «цацкі», пачувалася, як пазбаўлены ракавінкі смоўжык.

Яшчэ другакурсніцай Ася спакусілася прапановай: ехаць з супрацоўнікамі знакамітага выдавецтва «Сокал-прынт», якое праславілася выданнем шыкоўных альбомаў па мастацтву, на пленэр. Выдавецтва адзначала юбілей, і вырашана было зрабіць гэткі ўік-эндны бівуак на маляўнічай лясной палянцы ля возера, з шашлыкамі, са спартыўнымі спаборніцтвамі кшталту перацягвання канату і пляжнага валейболу. А для пантоў – свая газета, у якой бы паведамляліся навіны свецкага мерапрыемства. За тое, што Ася будзе рабіць гэтую сцёбную газетку, абяцалі сто даляраў. Але будучы літрэдактар не ўлічыла маштабу карпаратыву. На палянцы яе чакаў асобны фургон з камп’ютарным начыннем. Газету пад назвай «Пікнік на ўзбочыне» належала выпускаць шэсць разоў на дзень, браць рэальныя інтэрв’ю ў пераможцаў спаборніцтваў, змяшчаць фотаздымкі… Хуценька раздрукоўваць на каляровым прынтары… Як Ася намучылася, спрабуючы выцягнуць хоць пару слоў з пераможцы па шпурлянні бервяна – той, здаровы, як бэля, напалову лысы і зусім бухі, ляжаў у зарослым малінай роўчыку і толькі мыкаў, і на ягонай спіне, на калісьці белай майцы, – плямы рознага паходжання ўтваралі карту абедзвюх Амерык. А апошнія нумары газеты ніхто ўжо не хацеў браць, і Ася дарэмна ўсоўвала дыхтоўныя аркушы з яркімі ілюстрацыямі ў абвялыя, перапэцканыя кетчупам рукі выдавецкіх…

Тады жыццё «Сокала-прынта» здавалася ёй суцэльнай казкай. А кіраўнік аддзела навуковых выданняў адчуў да неверагодна працаздольнай студэнтачкі шчырую павагу. І ў хуткім часе Ася атрымала запрашэнне на практыку. Так і пайшло…

Вось толькі пікнікоў такіх больш не здаралася. Рынак рабіўся ўсё болей жорсткім, эканоміка рыпела ржавымі канструкцыямі… Прадпрыемствы зачыняліся, зарплаты змяншаліся. «Сокал-прынт» перастаў друкаваць альбомы па мастацтву і засяродзіўся на ўсё больш патрэбнай дзяржаве нарматыўнай літаратуры. З яго бесперапыннай папяровай ракой цяклі ідэалагічна правільныя падручнікі і брашуркі, кодэксы і зводы, ілюстраваныя альбомы з выявамі камбайнаў на палях, шахцёраў у шахтах і ветэранаў на парадах. Багаты «Сокал-прынт» заставаўся марай для многіх. І Ася пасля вучобы пайшла туды.

А ўсяму віной была Кватэра. Асобная. Зусім асобная ад усіх Кватэра, пра якую Ася марыла, напэўна, ад тае пары, калі ўвогуле навучылася марыць. Гэта няпраўда, што чалавек – калектыўная жывёліна. Іначай чаму ён увесь час здабывае адгароджаную прастору для сябе? Зайсці, замкнуцца – і каб ніхто, ніводзін любячы, добразычлівы бліжні без твайго дазволу туды не ўвайшоў.

Можа, дзесьці малады спецыяліст і здольны набыць Кватэру на свой заробак… Але Асі давялося браць крэдыт, а ўзяць крэдыт у гэтай краіне – здацца ў амаль пажыццёвае рабства. І ў вечны страх: а калі раптам цябе звольняць, ты захварэеш, збяднееш да макаронаў, і не зможаш кінуць у пашчу банка-рабаўладальніка чарговую порцыю валюты… Асю ванітавала пры адной думцы, што ў такім выпадку давядзецца вярнуцца ў «двушку» – хрушчоўку, у адным пакоі якой жыла сястра Маргарыта з мужам і сынам, у другім – маці і бабуля, у гэты адурэлы ад вечнага гуду і начнога храпу вулей… Бабуля пагардліва заяўляла, што, маўляў, не бачылі вы сапраўднай цеснаты. Вось пасля вайны ў іхняй камуналцы ў падвальным паверсе… Але Ася задыхалася. Яна адчувала сябе півоняй, якая апякаецца ўласнымі апалымі пялёсткамі, – калі такі пяшчотны ружовы пялёстак прыліпае да цёмна-зялёнага лісця, за некалькі дзён там утвараецца агністая пляма – апёк. Калі б памеры кухні дазвалялі, Ася ўплішчыла б туды сваю канапу… Але кухня ўся была памерам з раскладзеную канапу, і пад яе расквечанай пісягамі, як карціна імпрэсіяністаў, столлю ў вечным штылі абвісалі ветразі пялюшак, начных кашуляў і хустак.

«Ідзі на балкон сачыняць, Пушкін!».

А, яшчэ асобны дзякуй за імя Арсенія, народжанае ў нетрах гэнай хрушчоўкі. Што гэта імя самадайкі з аповеда Мерыме, якая памірае ад сухотаў, радзіну не бянтэжыла.

Напэўна, імя вынайшла маці – яна абкладалася кнігамі, як зацяты іпахондрык лекамі. Ася сама фанацела ад чытання, але ў маці гэта было нешта хваравітае, кожны блякла-ружовы томік чарговага жаночага рамана, на вокладцы якога жарсна абдымаліся кудлатыя дзевы ў дэкальтэ і чарнявыя мача ў расхрыстаных на грудзях кашулях, ставаў цаглінкай паралельнага сусвету, з якога маці выходзіла вельмі неахвотна. І, вядома, уласнае прасцецкае імя Марына ахвотна памяняла б на Марыяну. Працавала яна са сваёй хімічнай адукацыяй кантралёрам на заводзе па вырабу шасцяронак. Кантралявала вышэйзгаданыя шасцяронкі – ці правільны сплаў, ці няма трэшчынаў. Часта ў начную змену. Гісторыі пра спакушаных сіротак Мэры і неўтаймаваных піратак С’юзан грувасціліся ружовымі сумётамі ў прыбіральні, на кухонным стале, на падваконнях, паміж падушак на канапе. Бабуля Ірына, якая амаль не выходзіла з хаты ўжо тры гады, бо яе распухлыя ногі набылі проста пачварныя абрысы, страціўшы падабенства з часткай чалавечага цела, пасміхалася, папыхваючы цыгарэтай:

– Няхай бы лепей кулінарныя кнігі чытала. Больш было б карысці, чым ад гэтых ружовых сопляў.

Асіна бабуля дыміла, як паравоз. Танная цыгарэта нібыта і не знікала з ейных тонкі пажаўцелых пальцаў, якія так і не сталі з узростам вузлаватымі. Арсенія не адразу даведалася, што бабуля ў юнацтве была балерынай. Але таньчыла нядоўга – траўма, яшчэ ў вучэльні, і давялося перакваліфікавацца ў швачку. Машынка «Зінгер», дарэвалюцыйная, урачыстая і надзейная, стварала калыханкі Асінаму дзяцінству. Бабуліны рукі таньчылі над тканінай хуткі грацыёзны танец. Усе цяперашнія Асіны доўгія спадніцы і кофты з высокімі таліямі былі пашытыя на гэтай бліскуча-чорнай, з трохі аблезлымі залатымі гербамі машынцы «Зінгер»… І ўвогуле – усё ў доме. Нават накрыўкі на канапы – з непатрэбных кавалачкаў тканін, але падабраных так, што гэта нагадвала не звычайны для народных вырабаў стракаты россып «вырві вока», а далікатны ўзор на спіне марской жывёліны ці восеньскае перапляценне голляў, з якіх амаль абляцела лісцё. Калісьці ў дом часта прыходзілі заказчыцы, бабуля называла іх усіх «генеральшы», і Ася магла падзівавацца на неверагодныя тканіны – крэпдэшын, крэпжаржэт, натуральны шоўк, каралеўскі аксаміт… Разгорнутыя адрэзы нагадвалі сны пра балі, абрэзкі ад іх можна было займець, разглядаць і гладзіць, нібыта фотаздымкі краінаў, дзе не пабываеш ніколі. «Генеральшы» патрабавалі дэкальтэ і фальбонаў, рукавоў «ліхтарыкам» і спадніц «гадэ»…

Арсеніі часам здавалася, што бабуля Ірына здольная пашыць сабе новых сваякоў замест іх, няўдалых. І ў дзяцінстве нават вельмі баялася, атрымаўшы змайстраваную бабуляй ляльку-Золатавалоску, што хутка пад дробнае стукатанне голкі «Зінгера» з’явіцца і новая Ася. Прыгожая, залатакосая…

Цяпер прыходы «генеральш» у залатых завушніцах змяніліся рэдкімі візітамі «дваровых», гэта значыць суседак.

«Дваровыя», немаладыя, з гаспадарчымі сумкамі са штучнай скуры, звычайна прасілі падшыць куплёныя на рынку спадніцы ці нагавіцы, пераліцаваць жакет, а калі і прыносілі ў дом свае тканіны, гэта былі вельмі практычнага колеру альбо прастадушна стракатыя адрэзы, ад якіх думалася не пра баль, а пра цырульню, пральню, гастраном… Але бабуля ніколі не скардзілася і не крытыкавала «кантынгент».

Ася была мала падобная да бабулі Ірыны. Больш – да маці. А шкада. Хаця ногі бабулі пад старасць распухлі, цела заставалася хударлявым, твар – з рэзкаватымі рысамі, але прыцягальны, энергічна-іранічны… А матчыны (і ўласныя Асіны) рысы выяўлялі якасці, якія Арсенія ненавідзела: датклівасць, наіўнасць і чысціню, што межавала, на яе погляд, з дурноццем. Высокі лоб, асаблівая, нейкая дзіцячая, датклівая складка вуснаў… Так і хочацца самой сабе заехаць у фізіяномію. Як выглядаў іхні з сястрой бацька, Ася нават не ведала. Пасля таго, як ён яшчэ да нараджэння малодшай дачкі сышоў з сям’і, каб з’яднацца з чарговым палкім каханнем дзесьці ў Мардовіі, у доме былі старанна панішчаныя ўсе выявы «тхара», як называлі блуднага татачку маці і бабуля. І – ніякіх згадак! Асіна старэйшая сястра Маргарыта таксама не магла ўнесці яснаты, бо цьмяна памятала тату, які бавіў болей часу у камандзіроўках, чым дома, дый было ёй годзікі чатыры, калі ён знік. Запомніла толькі, што ўвесь час патрабаваў акуратнасці і цішыні, бо яму трэба дапрацоўваць чарговы праект чарговага сельскага клуба.

Марго, прадавачка ў краме таннай і карыснай беларускай касметыкі, проста злосна змахвала матчыну «макулатуру» кудысь у кут, як смецце. Нічога дзіўнага, для злосці меліся прычыны – бо восем гадоў таму прывяла ў хату яшчэ аднаго чытача. Муж Марго з народным імем Гоша быў маладзейшы за яе на год, а як па мазгах – дык і на ўсе дзесяць. Ён сядзеў на фэнтэзі. Прычым самым «шарачковым». Там, дзе галоўны герой – прынц і маг адначасова, і змагаецца з драконамі, а тут жа і іншапланецяне прыляцелі, і прынцэсу трэба ратаваць, і дэман з невымаўляльным імем кшталту Буувафру вырваўся з нетраў планеты…

Акрамя фэнтэзі Гоша сядзеў на піве. Бутэлька ў ягонай руцэ была гэткай жа звыклай рэччу, як у пальцах бабулі – цыгарэта.

Ася проста не разумела, як магла ейная прыгажуня-сястра купіцца на такога Гошу… Ася ж расла ва ўсведамленні, што яна – пачварына ля прынцэсы, няўклюдны цень ружовашчокай, яснавокай Марго. Гэта было недасяжнае жыццё: бясконцае тэлефанаванне закаханых хлопчыкаў, гітарныя спевы ў дваровай альтанцы, бойкі-двубоі з няўмелым закосам пад моднае каратэ з-за аднаго Маргарыцінага пагляду… Ася, у падлеткавым узросце няўклюдная, худзюшчая «батанка», з доўгімі нагамі-запалкамі і няроўнымі зубамі з ганебнымі металёвымі скобкамі на іх, ніколі гэтага не мела, звыкла прабягаць праз двор, угнуўшы гававу з неахайнымі шэрымі хвосцікамі, і ўнікала школьных дыскатэкаў, як візіта да зубнога ўрача. Нічога, акрамя прыніжэнняў… І шчыра ўразілася, калі на сустрэчы выпускнікоў (пяць гадоў пасля апошняга школьнага званка!) ажно тры хлопцы прызналіся з затоенай крыўдай, што былі ў яе шчыра закаханыя, а яна, такая ганарлівая прыгажуня, іх адшыла… А яна тады думала, гэта асабліва тонкія здзекі…

Але, як кажа бабуля, свой лёс на кані не аб’едзеш. Ася ў свае дваццаць пяць дасюль баіцца сур’ёзных адносінаў і «спажывае» мужчын у разумных межах, абы самота зусім не заела. А Маргарыце падчас сумеснага турпаходу па Карпатах заімпанавала эрудыцыя маладога земляка ў акулярах, ягоная здольнасць прамаўляць бясконца, павучальна-пераканаўча і пра ўсё, што заўгодна. І бацькі Гошавы ёй пасля, па прыездзе ў Мінск, спадабаліся. Інтэлігентныя, вясёлыя… Абое ў тэхнікуме выкладаюць.

І Марго трохі разгубілася, калі за два дні да вяселля інтэлігентныя выкладчыкі згрузілі Гошу са сваёй машыны перад нявестчыным пад’ездам з усім ягоным пасагам: чамаданчыкам з майткамі, стосам кніжак і магнітафонам «Самсунг». З’ясавалася, што прымаць нявестку ў сваёй кватэры, таксама «двушцы», яны не разлічвалі. Праз год Маргарыта нарадзіла Косціка. А Гоша страціў працу трэці раз – і апошні. Бо дасюль шукае вартае сваёй выбітной эрудыцыі месца.

Таго, што пісала Ася, Гоша, вядома, не прачытаў, апраўдваючыся, што яму цяжка чытаць па-беларуску. Хаця два часопісы з яе аповедамі стаялі за шклом галоўнай шафы, побач з улюбёнымі бабулінымі парцалянавымі статуэткамі ў стылі «нямецкі кіч». Можа, і лепей, што не чытаў, а то паздзекаваўся б… Першы аповед называўся «Закінутая хата» і распавядаў пра прывід маладога інсургента, які ў згаданай закінутай хаце праліваў начамі слёзы па сваёй каханай, якая ўцякла з расейскім жандарам. Другі аповед, «Зруйнаваны палац», апісваў каханне юнага князя і прыгоннай актрысы, якую закатаваў бацька княжыча… Прывіды таксама меліся ў наяўнасці, у эпілогу яны, як належыць, луналі, стагналі і заклікалі да нашчадкаў… Твор-р-рчасць… Вартае жалю перайманне вядомага аўтара беларускага фэнтэзі Вячкі Скрыніча, у даславутым дзяцінстве, якое прайшло ў адным класе з Асінай сястрой, Славіка Скрынкіна. Славік, будучы Вячка, па ўспамінах Марго, нават на ўроках увесь час нешта запісваў у агульны сшытак… А Ася? За чатыры апошнія гады – адны накіды, дзесяці старонак няма. Нібыта набрала поўныя лёгкія паветра, стоячы над глыбокай ракой, а тая раптам узяла ды ўся высахла. А няўдалая плыўчыха ўсё чакае, пакуль можна будзе даць нырца. Як казаў Асі адзін стары паэт, які даўно не піша вершаў: мордай аб асфальт табе трэба пару разоў, тады зможаш нешта вартае напісаць.

Ася не была ўпэўненая, што гэта правільны рэцэпт, старому паэту ён жа не дапамог, але правяраць на сабе неяк не хацелася.

Яна неяк чытала, што мастацтва развівалася па такой схеме: напачатку – мегалаграфія, захапленне агульным, адлюстраванне велічнага і вялікага. Потым – ропаграфія. Выяўленне дробных прадметаў, захапленне сузіраннем, разглядваннем, медытацыяй… І непазбежна ўсё сыходзіць да рыпараграфіі – адлюстравання адкідаў, усяго агіднага і заганнага.

Большасць Асіных аднагодкаў, што сцвярджаліся ў літаратуры, адзін за адным кідаліся найперш у абдоймы апошняй стадыі, спаборнічаючы ў скептыцызме, цынізме і цытаванні філосафаў і назаўсёды замураваўшы ў школьных сшытках наіўныя меладычныя радкі пра любоў да радзімы і супрацьлеглага полу.

Ася не любіла кідацца некуды разам з усімі. А куды ёй хочацца самой – не ведала. Таму пакуль што яна фатаграфавала… паветра. Свой асабісты прывід. А што – паветра ж таксама матэрыяльнае… Трэба толькі, каб яму трошкі нехта падыграў – сухое лісце, пыл, вада, снег, пара, – і ягоныя абрысы рабіліся відочнымі нават для недавяркаў. Вось, напрыклад, гэтае жнівеньскае паветра ля Шэрай Будыніны выяўляў першы сухі лісток, што зляцеў з таполі, і лена кружляў, і яшчэ не ведаў, што ён памёр…

Калі Ася паведаміла сваім сямейнікам, што яе ўласную кватэру пабудавалі і яна збіраецца хутка туды пераехаць, маці трохі пакрыўдзілася, што дачка не дзялілася з ёй навінамі пра будоўлю, але ўсё-ткі накрыла ўрачысты стол… Бабуля паглядала на малодшую ўнучку з прыхаваным гонарам – яна цаніла ў людзях самастойнасць. А Гоша, падвыпіўшы, пачаў гучнагалосна наракаць на несправядлівасць – вось, Ася адзінокая, і ў яе цяпер будзе асобная кватэра. А яны з Марго – сямейныя, дзіця малое… І няхай бы Ася засталася тут, а іх пусціла пажыць у новую хату «по-родственному», альбо яны згодныя застацца тут, а няхай Ася забярэ з сабой маці і бабулю…

– Самыя ж блізкія твае людзі! – пранікнёна гарлаў Гоша, а Марго маўчала, гледзячы ўбок, нібыта гэта яе не тычылася, але ўсё-ткі дзесьці, падобна, спадзявалася – а раптам у буржуйскай душы сястры прачнецца мецэнацтва. Косцік, хударлявы і пракудны, як гарадскі верабей, першакласнік, меланхалічна жаваў скрылёк сыравэнджанай каўбасы і паныла пазіраў у бок калідора – як і цётка, ён пры найменшай магчымасці намагаўся ўцячы з дома.

– Гэта мая кватэра! – скрозь зубы прамовіла Ася і пайшла на балкон – адзінае месца, дзе магчыма было хоць сімвалічна адасобіцца. А пасля ўсю ноч ціха плакала ў падушку, не ў змозе перамагчы адначасова пачуццё віны і крыўду. І не выратоўвала, што маці і бабуля доўга адчытвалі Гошу на кухні: лайдак, труцень, пасаромеўся б рот раскрываць, жывеш у чужым доме, на чужым хлебе, хто табе не дае крэдыт узяць ды кватэру пабудаваць, дзяўчына сваім гарбом кватэру займела, мае права на асабістае жыццё.

Пасля пераезду Ася дужа рэдка заходзіла да радзіны. І да сябе не запрашала. Не дужа спяшалася і з уладкаваннем асабістага жыцця. Сядзела ў свядомасці стрэмкай: вядома, на гатовую кватэру любы паквапіцца… А каханне? У каханне Ася звыкла не верыла – прынамсі, у тое, што могуць пакахаць яе. Мужчыны прыходзілі, абувалі скураныя чорныя пантофлі з вышываным надпісам «Speed», незадаволена адзначаючы, што яны ў гэтым доме не першыя. Пілі прынесенае імі віно, гаварылі прыемнае, ну, кшталту, што яна падобная да прыгажунь дзевятнаццатага стагоддзя з партрэтаў Карла Брулова… Цалаваліся… Часам чыталі вершы, часам спрабавалі расшпіліць на Асі спадніцу… Ага, разбегліся. Хопіць з яе «мордай аб асфальт», што яна сабе ўсё-ткі зарганізавала на васямнаццацігоддзе, пайшоўшы «паслухаць музыку» з нейкім падобным да Анатоля Сыса ў маладосці пэтэвушнікам на хату да ягонага сябра… Выдатна разумеючы, чым усё закончыцца, але жадаючы раз і назаўсёды пазбавіцца ад рамантычных мрояў у духу матчынага чытва і займець «сур’ёзны жыццёвы досвед», які неабходны пісьменніку. Эксперымент прайшоў удала. Не, хлопец быў, як умеў, пяшчотны, і нават напаіў яе шампанскім. Але Ася толькі пасля пачала ўсведамляць, што нарабіла. І што цнатлівасць – гэта больш, чым маленькая фізіялагічная падрабязнасць, забабоны і стэрэатыпы. У адсутнасці кахання атрымалася адчуванне такой страшэннай згубы і ганьбы, што Арсенія нават бачыла ў дальнім куце пакоя празрыстую белую постаць свайго анёла-ахоўніка, які ў адчаі захінаў твар тонкімі рукамі, аплакваючы сваю дурную падапечную. І цэлы год не праходзіла насланнё, нібы яна ўся запэцканая, забруджаная, і гэта заўважаюць.

Пэтэвушніку яна нават імя свайго не сказала. Але цяпер не трымцела па-дзявочы ў прысутнасці чарговага самца, і ўжо ніяк не жадалася паўтарэння тае… агіды. Мужчыны крыўдзіліся, здзіўляліся, раздражняліся. Называлі гаспадыню дзікункай і ганарліўкай і сыходзілі. Але, самае дзіўнае, усе ўрэшце прапаноўвалі замуж. Хто з першага ж спаткання, хто – паразважаўшы. Двое нават вельмі настойліва. Ася лена вызначала, каго спартыўны азарт «заеў» – заваліць фанабэрыстую дзеўку нават цаной штампа ў пашпарце, каму заімпанавала мець жонку з «высокімі маральнымі прынцыпамі», каму – проста жонку з кватэрай.

Якія прынцыпы могуць быць у супрацоўніка «Сокалапрынта»!

Колькі разоў Ася ўяўляла сваю будучую працу! Яна – «літаратурны рэдактар». Спрычыняецца да з’яўлення ў свет новых «Каласоў пад сярпом тваім» і «Людзей на балоце». О, як яна будзе шанаваць пісьменнікаў, як беражліва адносіцца да вытанчаных метафараў і смелых думак! І, вядома, сярод кніг, што становяцца на паліцы кнігарняў і бібліятэк, будуць і кнігі Арсеніі Вяжэвіч… Гістарычныя раманы. Не горшыя, чым у Вячкі Скрыніча, куміра рамантычна настроеных дзяўчатак… Нават у сумачцы Асінай сястры Маргарыты апошнім часам можна было знайсці томікі ягоных раманаў з аўтографамі аўтара.

Але каб Вячка патрапіў у Шэрую Будыніну, і яго наўрад хапіла б нават на адзін раман. У «Сокале-прынце» лайдакоў не трымалі. Каб паспець прачытаць усё, што належыць па нарматывах, ды яшчэ зарабіць прэміяльныя, заседжваліся да ночы, хапаліся за дадатковыя рукапісы, бралі працу дахаты.

Сяброўка Аксана з маленькай, беднай, але гордай, рэдакцыі даўно на Асіна выццё-ныццё адказвала раздражнёна: «Ніхто цябе там не трымае. Цяжка, нецікава – сыходзь, свет клінам на тваім «Сокале-сцярвятніку» не сышоўся».

Ася згодна ківала, заядала слёзы куды больш салёным сушаным кальмарам, якога яны з Аксанай абедзве любілі, ды яшчэ пад піва «Тубарг-Грын»… А нараніцу, падвіўшы попельныя, а калі дакладней – шэрыя, валасы плойкай, каб атрымалася прычоска «а-ля паж», піліла на прыпынак – тралейбус – метро – прахадная – другі паверх – кабінет – і ў рукапіс «Сборника уточнений и дополнений к указу блабла-бла». Здаць у карэктуру да абеду.

Людзі лічаць, што шэры – гэта пераходны паміж белым і чорным, іхняя сумесь. Колер ніякі, аморфны, дэпрэсіўны. Але насамрэч ён складаецца з роўнай долі трох яркіх фарбаў – чырвонай, зялёнай і сіняй.

Праўда, чалавек, які выбірае шэры, па меркаванні псіхолагаў, ніколі не будзе першым. Затое гэты колер дае моц слабым і датклівым.

Шэры – колер пакарання.

Можа, таму за савецкім часам наш горад быў цалкам шэры?

Колер пакарання не адпускаў Асю. І ўсё часцей здавалася, што ў ёй жывуць два чалавекі. Славутыя «дзве душы» беларуса, пра якія пісалі Ігнат Абдзіраловіч і Максім Гарэцкі. Вядома, трэба нешта мяняць, так далей нельга – кажа адна твая палова. Але ці не стане горш? Усё-ткі ўжо прыцярпеліся… – адразу палохаецца другая.

Арсенія ўсё больш упэўнівалася, што не адна жадае смерці Шэрай Будыніны. А што, калі ўсе-ўсе, хто разам з ёю соўгаецца праз гэтую прахадную і спрыяе выпуску ў свет джамалунгмаў правільных брашурак, у душы ненавідзяць Будыніну не менш чым яна, Ася, і гэтаксама кожную раніцу спадзяюцца ўбачыць замест яе кучу друзу?.. І чаго тады варты Асін унутраны пратэст, гэты ганарлівы метраном «я-не-такая-як-вы», які толькі і дае моцы выжываць?

Але сёння давялося ў чарговы раз сунуць у металёвую шчыліну прахадной пластыкавую картку колеру замерзлай жабы і дазволіць паралелепіпеднаму цмоку паглынуць сябе на дзевяць гадзінаў.

Праз дзевяць гадзінаў яго табою званітуе. І ты пацягнешся дадому. І нібыта наяве пабачыш за сабою след шэрай слізі…

Сутарэнні Ромула (зборнік)

Подняться наверх