Читать книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская - Страница 5

Раздзел 3. Паляванне на дацэнта

Оглавление

– Ганьба! Ганьба! Далоў! – Алесь на чале студэнтаў літаратурнага аддзялення педфака ўварваўся ў аўдыторыю. Нянавісць пульсавала ў скронях, змушала голас зрывацца… Пыльнае святло працэджвалася скрозь шыбы і заставалася ляжаць на паркетнай падлозе ромбамі, падзеленымі цёмнымі крыжамі, – якраз месца для ахвяры…

Той, хто быў прычынай нянавісці, стаяў на ўзвышэнні ля новенькай, лакаванай кафедры, якую не паспелі шчэ абцерхаць тэчкі з дакладамі выкладчыкаў. Вось такіх, як гэты, панскае адроддзе, Апанас Іванавіч Корб-Варановіч.… Інтэлігентнага выгляду, высокі, плячысты, гадоў пад сорак. Цёмныя вусікі, акуратная кароткая прычоска, шэры касцюмчык з гальштукам… Выпісаны з Ленінграда дацэнт. А як відаць, у прафесары цэліць. Нават цяпер, твар у твар з раз’юшаным натоўпам, – паважны, фанабэрысты… Ні свярбіць, ні баліць. Халодны пагляд шэрых вачэй з чорнымі вейкамі з-за круглых шкельцаў акуляраў, і так і ўяўляецца над высокім упартым ілбом лаўровы вянок.

– Мы адмаўляемся здаваць вам залік!

З-за спіны Алеся азваўся дружны хор ухвалы.

– Мы не будзем слухаць лекцыі чарнасоценца і шавініста! Студэнты загарлалі, пад столь аўдыторыі пачалі ўзлятаць сшыткі, губляючы лісты, нібыта нехта хацеў ажывіць мёртвых птушак.

– І чаго вы дабіваецеся, Вяжэвіч? – дацэнт стараўся гаварыць дастаткова гучна, каб яго было чуваць, але не зрывацца на ганебны крык. – Гэта дэмагогія! Вам проста лянота вучыць славянскія мовы…

– Мы хочам вучыцца! – Алесь аж віраваў ад нянавісці, здавалася, яна, як вецер, кудлачыць ягоныя валасы. – Але не ў вас! Вы – чужы! Прыехалі з Расіі, беларускай мовы не ведаеце…

– Не вам дзяліць на чужых і сваіх! – холадна сказаў Корб-Варановіч. – Калі вам не вядома, я родам з Беларусі, як і ўсе мае продкі. Беларуская мова – мая родная мова, і я яе люблю не менш за вас. Так, люблю! – дацэнт павысіў голас, каб заглушыць насмешны гуд. – Не мая віна, што я нарадзіўся, калі не было беларускага ўніверсітэта, і змушаны быў вучыцца ў Санкт-Пецярбургу і пісаць свае працы на расейскай.

– Вось і пішыце пра расейскую! Няма чаго прывязваць да яе нашу старажытную мову Скарыны і Літоўскіх статутаў! – гэта азваўся студэнт Аўтух Папара, які ўжо выдаў паэтычны зборнік, на які напісаў стрымана-ўхвальную рэцэнзію сам Лукаш Бэндэ.

– Я – вучань Шахматава, Бадуэна дэ Куртэнэ і Яўхіма Карскага. Спадзяюся, вам хоць нешта кажуць гэтыя імёны. І я ніколі не здраджу акадэмічнай навуцы, дзеля якой мяне і запрасілі на Беларусь, – вусны Корб-Варановіча крывіліся ад пагарды да невукаў. – Як навуковец, я маю справу з фактамі, а не з эмоцыямі. І раблю высновы не з таго, што мне заманецца. І не вы будзеце вызначаць тэмы маіх даследаванняў. Мова нашая зусім не вывучаная, яе паходжанне, яе развіццё… Сёння і цяпер ствараюцца яе літаратурныя нормы. А тут непазбежныя дыскусіі. Кожны вучоны мае права на сваё меркаванне, калі здольны навукова яго абгрунтаваць.

– Мы ведаем вашае меркаванне: беларусы павінны гаварыць «ліцература, цеатр, гасударства, аўгуст, срэдства»… Падвучыце мову, дацэнт! – выкрыкнуў з-за спіны Алеся ягоны сябар, Хведар П’янкоў, як заўсёды, жывапісна жэстыкулюючы, за што яго празвалі на курсе «ветраком». – Такіх, як вы, гнаць трэба! Хопіць з нас Ілавайскіх!

– А вам больш падабаецца казаць, як прапаноўвае ваш улюбёны самавук-акадэмік Лёсік, «уз’ярытованы, верадаваць, урымсціць, удыгаць, платэ, жанке, абразэ» і гэтак далей? От дзе «сапраўдная» літаратурная мова! – ноздры дацэнта пачалі драпежна раздзімацца. – А вучыць мяне будзеце тады, калі напішаце хаця б адно філалагічнае даследаванне, якое нешта дадасць да беларускай лінгвістыкі. А наконт славянафіла Ілавайскага – дык я вам скажу, што калі б ён прачытаў зборнік маіх лекцый, дык нападаў бы на мяне з гэткім жа шалёным імпэтам, што і вы, толькі з іншага боку. І ўсвядомце – ніводзін сумленны выкладчык у вас залік замест мяне не прыме!

Цяпер Корб-Варановіч ледзь стрымліваўся, акадэмічная раўнавага з яго зляцела, як і не было, рукі сціскаліся ў кулакі. Выдатніца Вераніка Манцэвіч, высокая прыгажуня з залатой касой, схаванай пад чырвонай хусткай, і абуральна блакітнымі вачыма, весела закрычала:

– У такім выпадку нам згодзяцца і «несумленныя»! Такія, як Язэп Лёсік!

Алесь кінуў хуткі позірк на Вераніку:

– Правільна, Вераніка! Лёсік у турме за беларушчыну сядзеў, калі гэты філолаг у расейскіх імперыялістаў вучыўся!

Але агонь абурэння вакол суцішваўся: ісці на дацэнта з кулакамі ніхто не збіраўся, а той, глядзіш, вось-вось сарвецца… Шляхцюк недарэзаны… Аж вусны тузаюцца, а акуляры ледзь не сонечныя зайчыкі пускаюць.

Што можа быць прыемней сэрцу бунтоўнага студэнта, чым сузіранне нервовых канвульсій выкладчыка? Вяжэвіч адчуў, што аднакурснікі цягнуць ззаду за пінжак, ляпаюць па плячы… Хопіць, маўляў, пайшлі…

– Мы не будзем здаваць вам залік!

– Што за мітынг? – пагрозны крык змусіў студэнтаў суцішыцца. Дэкан педфака Міхал Уладзіміравіч, які ніколі голасу не падвышаў і ўвогуле быў чалавекам выключнай далікатнасці, прабіраўся ў аўдыторыю, ягоны твар быў чырвоны ад гневу. – Прашу разысціся! Гэта ўніверсітэт, а не карчма! Усе дыспуты – выключна цывілізаваным шляхам! У наступны аўторак – чарговае пасяджэнне Рады педфака, вось, калі ласка, і прысылайце на яе сваіх дэлегатаў. А зараз папрашу вызваліць аўдыторыю.

Студэнты, насупіўшыся, пачалі пакідаць пакой, незадаволеныя, як гледачы Калізея, якім абвясцілі, што гладыятары скончыліся і баёў сёння больш не адбудзецца. Алесь выскачыў адным з першых, расштурхаўшы таварышаў… Ды што ж гэта! Кругавая парука буржуйскіх кадраў! Ясная рэч, на камісіі зноў скажуць, што дацэнт Корб-Варановіч «уладае як юрыдыцыяй, гэтак і мэтадалогіяй мовазнаўства», пачнуць згадваць ягоныя даследаванні па мове Скарынінскіх выданняў, працу над Гістарычным слоўнікам беларускай мовы, артыкулы па вывучэнні беларускіх гаворак, шматлікія экспедыцыі… Але Хведар П’янкоў мае рацыю – якое ўся гэтая лінгвістыка мае значэнне, калі робіцца чалавекам, што па прыродзе сваёй не можа раздзяліць гарачую любоў Алеся і ягоных таварышаў да Беларусі! Ён тут чужы! Ён мусіць з’ехаць! Але з гэнага гада ўсё – як з воску вада…

Алесю было б трохі лягчэй, калі б ён затрымаўся і пабачыў, як Хведар П’янкоў, выходзячы з аўдыторыі апошнім, павярнуўся да дацэнта і нягучна, але выразна прамовіў:

– І падумайце, Апанас Іванавіч, як вы будзеце тлумачыць Савецкай уладзе сваю сувязь з белабандытам Карыбутовічам. Ці далёка пагоны засунулі?

Так, відовішча спалатнелага твару Корб-Варановіча дакладна падняло б настрой Алесю.

Па шыбах павольна сцякалі халодныя слёзы травеньскага дажджу, абыякавыя, нібыта нехта плакаў проста таму, што звык сябе шкадаваць, хаця для шкадобы няма ніякіх відавочных падставаў.

Дэкан спачувальна і трохі трывожна глядзеў на калегу, які быў ягоным аднагодкам і нейкі час аднакурснікам па Піцерскаму ўніверсітэту.

– Апанас Іванавіч, прабачце, вядома, за недалікатнасць… Словы… як яго… студэнта П’янкова маюць пад сабою хоць цень праўды? Не-не, я ні ў чым вас не абвінавачваю і не хачу нічога выпытаць. Але… нехта ўпарта распускае чуткі, што вы ваявалі ў атрадзе Лаўрына Карыбутовіча.

Корб-Варановіч рэзка ўскінуў галаву:

– Я ведаю, хто распускае гэтыя чуткі! Нацыяналістычная хеўра, якая гатовая раздзерці за адно сцверджанне, што беларуская і руская мовы блізкія адна да адной!

– Супакойцеся, Апанас Іванавіч… – дэкан стамлёна прысеў на венскае крэсла, што стаяла ля кафедры, парушаючы вензелем спінкі прастакутныя вымярэнні аўдыторыі. – Я разумею, што вам цяжка. Тое самае перажываюць і іншыя старыя спецыялісты. Але зразумейце і вы вашых праціўнікаў. Мова цэлага народа абвяшчалася неіснуючай, мужыцкім «наречіем». Дасюль не пераадолена стаўленне да яе як да дыялекту, сапсаванай рускай альбо польскай. Яшчэ нядаўна за тэкст на ёй можна было трапіць на катаргу… І людзі ішлі на катаргу. У такіх, як Лёсік ці Ластоўскі, няма бліскучай акадэмічнай адукацыі, як у вас, але ў іх ёсць іншае… Гарачы энтузіязм, самаахвярнасць і любоў да беларушчыны, якія нельга не паважаць.

Корб-Варановіч нервова прыгладзіў цёмныя валасы.

– А тое, што ваш Лёсік сцвярджае, што рускай мовы не існуе, што яна прыдумка імперыялістаў – гэта што? Цярпець? Яны настроілі студэнтаў супроць мяне яшчэ да таго, як тыя мяне пабачылі на вочы! Мне Леанід Калантай падрабязна распавядаў пра змову… Ён у наркамаце замежных спраў працуе, знаёмы з усімі нашымі «дзеячамі», ведае ўсе інтрыгі… Уяўляеце, учора на лекцыі пішу на дошцы формы дзеяслова «плесці» на балгарскай і на сербскай… Раптам з «камчаткі» выкрыквае той самы Вяжэвіч: «А напачатку года вы давалі нам гэты дзеяслоў у іншым напісанні! Калі ж вы памыліліся?»

– А вы і праўда памыліліся?

Апанас Іванавіч упарта прыкусіў губу, памаўчаў, гледзячы ўбок…

– Звычайная апіска. У іншых абставінах я б пажартаваў і пераправіў адну літару на другую. Але тут… – ён нервова прыгладзіў валасы, нібыта змахваў з іх павуцінне. – Кроў кінулася мне ў галаву… Усё, думаю, зараз гэтая хеўра накінецца… Ім не лектар патрэбны, а артыст, як падвізаецца на тэатральных падмостках, блазан, якога можа асвістаць не толькі знаўца, але любы невук, які прыйшоў у храм мастацтва ад няма чаго рабіць…

– Карацей, вы ізноў пасварыліся са сваімі студэнтамі, – дакорліва прагаварыў дэкан. – Паслухайце, Апанас Іванавіч, я, як і ўся прафесура, высока цаню вас як спецыяліста. Вы ўжо шмат зрабілі для беларускай філалогіі. І шмат яшчэ здольныя зрабіць. Проста… прашу вас… не трэба быць такім зацятым. Асабліва не варта заядацца з моладдзю – ёй спакон веку ўласцівы бунтарскі дух. А тэрміны, якімі вы кідаецеся ў бок іх аўтарытэтаў, – «канібалы», «езуіты»! Я ведаю, крытыкуюць вашыя лекцыі. Але ж і вы гэтак накінуліся на «Граматыку» Лёсіка… Паверце, і ягоная праца, і вашая патрэбныя аднолькава на гэтым цаліку.

– Вы яшчэ скажыце, што яны аднолькава каштоўныя! Гэты невук шчыра лічыць, што слова «белетрыстыка» паходзіць ад слова «балет»! Цяпер я разумею Яўхіма Іванавіча Карскага, які адсюль з’ехаў адразу ж. Ён і мне казаў: «На Беларусі цяжка працаваць!» Я ж нават сям’ю сюды перавезці не магу – зноў жонку давядуць да нервовага зрыву… – Корб-Варановіч кідаўся па аўдыторыі, як зацкаваны звер. Дэкан спачувальна ўздыхнуў.

– Зразумейце, калега, сёння лінгвістычная спрэчка ў «чыстым выглядзе» немагчымая. Пад усё падкладаецца палітычная «падбіўка». Адны – «вялікадзяржаўныя шавіністы», другія – «буржуазныя нацыяналісты»… І нехта нацкоўвае нас адно на аднаго, каб знішчыць усіх разам. Падумайце над гэтым…

Корб-Варановіч спыніўся і ганарыста ўскінуў галаву.

– Я не магу бяззуба ўсміхацца на абразы. Леанід Калантай мае рацыю – я мушу абараняцца! Даводзіць сваю навуковую праўду! Вы проста не разумееце майго становішча…

– Вы так лічыце? – сумна прамовіў дэкан. – Ну, так, ваш Калантай падкажа… Прабачце, але гэта не той чалавек, парады якога варта слухаць. А памятаеце, як на нядаўнім банкеце, калі святкавалі юбілей Ігнатоўскага, да мяне падсеў гэты тып, былы падпольшчык з Наркамасветы? Вы яшчэ пыталіся, пра што мы з ім гаварылі?

– Н-ну… Памятаю…

– Дык вось, ён назваў мяне свіннёй, таму што я не падзяляю іх лінію, ваджуся з такімі, як Корб-Варановіч, і яны мяне «шыбануць».

Дацэнт збялеў.

– Я вас падстаўляю… Навошта вы прыйшлі сюды? Суразмоўца супакаяльна працягнуў даланю.

– Ціха, ціха… Я ведаю, што раблю. Усё роўна я – сын святара. Паповіч. Гэты «грэх» мне не выкупіць нічым, таму ўсё астатняе не мае вялікага значэння. Калі мяне захочуць прыбраць, знойдуць за што. А вы так і не адказалі на маё пытанне пра Карыбутовіча. Як ваш непасрэдны начальнік, я павінен ведаць, што гаварыць у вашую абарону. Як вы самі тлумачыліся з чэкістамі?

Дзверы грукнулі – нейкі студэнт сунуў у аўдыторыю віхрастую галаву, сустрэўся з сярдзітым позіркам дэкана і зараз жа схаваўся. На калідоры пачуліся хуткія крокі і вясёлы смех, яны аддаляліся, нібыта ў іншым свеце. Корб-Варановіч нават не павярнуўся, ён стамлёна абапёрся аб кафедру, нібыта збіраўся чытаць дзясятую за дзень лекцыю, і схіліў галаву з акуратнай цёмнай стрыжкай. Па шыбах цякла ўжо сапраўдная залева, скажаючы абрысы дрэваў за акном так, што яны здаваліся водарасцямі, якія павольна выгінаюцца ў глыбінных хвалях. Паглынулі мяне воды Твае…

– Я адказваў так: у мяне быў цёзка. Штабс-капітан Корб-Варановіч. Але я бачыўся з ім толькі адзін раз, у Клецку, у 1918-м, на балі ў гімназіі, дзе служыў настаўнікам. Мяне пазнаёміў з ім стрыечны брат маёй жонкі Сяргей Паўлючыц. Сяргей быў зусім малады. Яго, відаць, ачмурылі гераічнымі расповедамі, усёй гэтай ваўкалацкай сімволікай, якую любіў Карыбутовіч, і ён уступіў у банду і ў тым жа годзе загінуў, падрабязнасцяў не ведаю. Пасля згаданага выпадку ні я, ні мая жонка ні з тым Корб-Варановічам, ні з Сяргеем Паўлючыцам не бачыліся. Пра лёс Корб-Варановіча нічога не ведаю.

Голас лінгвіста гучаў глуха, нежыццёва, нібыта кожную фразу перад гэтым ён ужо прагаварыў разоў сто.

Дэкан паківаў галавой, падышоў да дацэнта, які так і не скрануўся з месца і не падняў галавы, паклаў на імгненне руку яму на плячук і выйшаў з аўдыторыі. Мудры ідзе за сваім лёсам. Нямудрага лёс валачэ за сабой.

Што ж, гады рэвалюцыі кідалі людзей, як трэскі ў віры. Нават пралетарскі пісьменнік Максім Горкі тады жахнуўся і ў 1918-м запісаў у сваіх «Няўчасных думках»: «Грабят и продают церкви, военные музеи, – продают пушки и винтовки, разворовывают интендантские запасы, – грабят дворцы бывших великих князей, расхищают все, что можно расхитить, продается все, что можно продавать, в Феодосии солдаты даже людьми торгуют: привезли с Кавказа турчанок, армянок, курдок и продают их по 25 руб. за штуку. Это очень «самобытно», и мы можем гордиться – ничего подобного не было даже в эпоху Великой Французской революции».

Дождж суцішваўся, хаваючыся ў маладой лістоце, як падлетак, які нашкодзіў, накрычаў, а тады крадма залез на гарышча роднай хаты, спалоханы сваім свавольствам і пакрыўджаны на свет, які за гэтае свавольства неадменна пакарае.

Алесь Вяжэвіч ад дажджу не бараніўся ніколі – гэта быў ягоны сябар і брат, гэтак жа, як вецер ці снег. Паэт мусіць адчуваць роднасць з вольнымі стыхіямі! Таму і ішоў зараз у Татарскі канец Менска, дзе на кватэры ў Аўтуха Папара збіралася студэнцкая грамада, шчодра вымачаны «вольнай стыхіяй» – хаця дождж ужо ператварыўся ў незаўважную імжу, з валасоў капала, а з чаравікаў пры кожным кроку вылівалася халодная вада. Алесь шыбаваў, горда закінуўшы галаву. І, вядома, і ценю думкі не ўзнікала, што выглядае ён смешнавата і нават жаласна – пінжак, абвіслы ад вады, доўгі чуб прыліп да лба… А побач шкандыбае, схаваны пад кяпуркаю з вялікім брылём, наставіўшы каўнер скуранкі так, што вушы схаваліся, жыўчык П’янкоў. Хведар, як заўсёды, размахваючы рукамі, не пераставаў бубнець:

– І нашто перціся было ў самую залеву? Перачакалі б ва ўніверсітэце… Не хапала застуды ў самую сесію…

– Не цукар, не размокнем! – адрэзаў Алесь. – Калі застудзімся – дык у таты майго спірытусу мора, з бальнічных запасаў. Ляснуць па кубку – і ўсё. А тырчэць ва ўніверсітэце, які спаганены прысутнасцю гэтага чарнасоценца…

П’янкоў, шмаргануўшы носам, асцярожліва папытаўся:

– Слухай, Алесь, а чаго ты так Корб-Варановіча ненавідзіш? Не, я сам яго не выношу, і ўсе сумленныя беларусы… Але ж цябе проста перасмыкае пры найменшай згадцы пра яго. А мы ж напачатку, між іншым, думалі, што ты ягоны сваяк. Ты ж да яго падобны, як два яблыкі з адной яблыні, толькі ў цябе валасы светлыя, а ў Варановіча – цёмныя. А вось бацька твой з ім дык увогуле – дзве кроплі вады… Можа, нейкія рахункі ў вас з ім асабістыя?

Хведар прагна чакаў адказу, нават ягоны худы твар, здавалася, яшчэ больш выцягнуўся. Алесь злосна фыркнуў:

– Калі б я ведаў, што ў ва мне ёсць частка ягонае крыві, я б яе сам сабе выпусціў! Я яго як класавага ворага ненавіджу! Яго продкі, між іншым, панамі ў маіх прадзедаў былі. На стайню, як відаць, пасылалі. І багацця мелі нямерана, пасля, праўда, зусім згалелі. Але ж сутнасці сваёй гнілой не змянілі! Паглядзі, як ён часам трымаецца – быццам роднага брата забіў, і цяпер сумленне заглушыць хоча.

– Я-асна… – працягнуў сябрук. – А да Язэпа Лёсіка як ты ставішся?

– Спадар Язэп сапраўдны беларус! – прасвятлеў твар Алеся. – Паболей бы такіх!

– А Вацлаў Ластоўскі табе як? Кажуць, ён масонам быў… Ты чуў штосьці пра гэта?

Вяжэвіч страсянуў з валасоў дождж.

– Можа, і быў… У яго пярсцёнак такі дзіўны ёсць, на мезенцы носіць. Пры царскім рэжыме людзі блыталіся, кожны па-свойму да рэвалюцыі ішоў. Вось мой бацька, напрыклад, з эсэрамі калісьці звязаўся… Толькі пра гэта, браце, вядома, нікому не расказвай. Бацьку і так цяжка. Праца ў яго цяпер – не кожнаму па сілах, у турэмнай бальніцы. З арыштаванай контрай ён справу мае.

– І што, расказвае дома пра сваю працу?

Цяпер у голасе Хведара з’явілася нейкая штучная абыякавасць, але Алесь нічога не заўважыў. Загаварыў здушана, як пра даўнюю хваробу.

– Ды нічога не распавядае. Ні слова. Прыйдзе дадому, усіх з пакоя выгане, спірт глохча. Ведаеш, зусім іншым чалавекам зрабіўся. Не памятаю, калі апошні раз ён смяяўся, ці на піяніна граў, ці маці кветкі дарыў… А раней, калі ў чыгуначным шпіталі працаваў, кожны дзень цягаў ёй хоць рамоначак які! А ўзімку, уяўляеш, у сябе ў кабінеце ў слоік з вадой ставіў галінкі бярозы і вярбы, і як зазелянее галінка – прыносіў маці замест кветак.

Твар Алеся зрабіўся зусім хлапечы, шэрыя вочы свяціліся – вось такім ён быў, калі да яго прыходзілі тыя вершы, якія ён лічыў сваёй слабасцю ў адрозненне ад радкоў, што пакутліва выштукоўваў, услаўляючы камсамол, фабрыкі і трактары… А ў гэтых, нязваных, серабрыўся туман над поплавам, пагойдваўся арэлямі месяц, і самая прыгожая ў свеце дзяўчына з рысамі Веранікі Манцэвіч расплятала косы над люстэркавай ціхай вадой…

Ганьба для камсамольскага паэта. Правільна яго лаялі ва ўніверсітэцкай насценгазеце, і на пасяджэннях «Маладняка», і ў часопісе «Полымя». І незразумела, чаму і адкуль прыходзяць яны, такія няправільныя вершы, і ад іх гэтак салодка-пакутна, гэтак нясцерпна-ўзвышана, як ніколі не бывае ад патрэбных радкоў пра станкі, заводы і камсамол. І, калі ўдумацца, чым ён, падлеглы сентыментальным буржуазным уплывам паэт Алесь Вяжэвіч, лепшы за таго Корб-Варановіча?

Але ўспамін пра дацэнта, які, у прынцыпе, нічога кепскага яму, Вяжэвічу, не зрабіў, зноў пагнаў дрыготку нянавісці па целе…

– Што, ужо ліхаманіць? – буркатліва заўважыў П’янкоў. – Будзеш ведаць, браце, як цягацца пад «вольнай стыхіяй»… Крочым хутчэй, а то без нас усё віно пап’юць.

Алесь нічога не адказаў, толькі прыспешыў крок. У небе між хмар паказалася маленькая сіняя лапінка, але да чыстага неба было яшчэ далёка.

…За шыбамі кабінета на трэцім паверсе наркамата замежных спраў неба было зусім шэрым, і ніякіх дрэваў пад акном. Калі не ведаць, які сёння дзень, можна было падумаць, што гэта не травень, а кастрычнік ці нават лістапад. На стале з цёмнага дрэва, магутным, як пастамент для статуі Юпітэра, і шчодра пакрытым бліскучым лакам, стаялі два парцалянавыя кубкі, такія пяшчотна-блакітна-ружовыя, з танесенькімі пазалочанымі ручкамі, што страшна было браць у рукі, здавалася, заверашчаць ад жаху, што іх раздушаць грубыя пралетарскія пальцы.

Хведар асцярожна паставіў свой кубак на гэткі ж далікатны сподачак, нібыта ён быў да краёў поўны, хаця насамрэч Хведар ужо выхлебтаў усю гарбату, нязвыкла салодкую. Цукру ў гэтым кабінеце не шкадавалі. Напэўна, не скупіліся і на іншае… Свецкую ідылію псавалі ледзь прыкметныя, але ўсё-ткі бачныя паралельныя драпіны на лакавай паверхні стала: нібыта нехта ў смяротным адчаі хапаўся пазногцямі за гладкую паверхню, яго цягнулі назад, а ён зноў вырываўся і ламаў пазногці аб цёмнае дрэва… П’янкоў нібыта наяве пачуў крыкі…

Вось дурныя фантазіі… Гэта ж не турма, не следчы кабінет ДПУ – наркамат замежных спраў. Пазногцямі добры мэблевы лак не падрапаеш. Хведар дакладна гэта ведаў – у дзяцінстве давялося дапамагаць бацьку-цесляру. П’янкоў страсянуў галавой і, каб адагнаць морак, аддана ўтаропіўся ў мудрыя вочы намаляванага Леніна – вялізны партрэт у цяжкой багетнай раме вісеў як мае быць, на сцяне за спінай гаспадара кабінета… Добра, што таварыш Калантай не валодае здольнасцямі чытаць думкі. Хаця для важнай справы, якой яны абодва займаюцца, гэтая якасць вельмі прыдалася б.

Таварыш Леанід Пятровіч Калантай, акуратны да лялечнасці мужчына гадоў трыццаці, апрануты ў дыхтоўны гарнітурчык з дыяганалі, з прылізанай валасок да валаска доўгай грыўкай, што акуратным трохкутнікам закрывала палову гладкага лба, нарэшце адарваў вочы ад аркуша, спісанага дробным почыркам.

– Што, і праўда Ластоўскі носіць на мезенцы пярсцёнак? Хведар паціснуў плячыма.

– Сам не бачыў. Але, думаю, Вяжэвіч не стаў бы прыдумляць.

– Магчыма… А вось інфармацыя пра тое, які вялікі ўплыў мае на студэнтаў Лёсік, нас даўно трывожыць. Гэта выразны нацыянал-буржуазны ўплыў. І шавініст Корб-Варановіч нам у нейтралізацыі гэтага ўплыву дапаможа.

– Як? – здзівіўся П’янкоў. – Я ж думаў, дацэнт – наш вораг!

– Вядома, вораг, – ласкава пацвердзіў гаспадар кабінета. – І вельмі зацяты. У маладой савецкай дзяржавы шмат ворагаў – з усіх бакоў. Разумееш? З розных бакоў! Усе гэтыя закаханыя ў Лёсіка, Ластоўскага і Ігнатоўскага нападаюць на Корб-Варановіча? Але яны ж не таму на яго нападаюць, што за Савецкую ўладу ўсёй душою, а таму, што ён не згодны з іхняй пальшчызнай. Яны тым выяўляюць сваю гнілую сутнасць. З другога боку, змагаючыся з нацдэмамі, Корб-Варановіч ды іншыя вялікадзяржаўнікі таксама сваю гнілую сутнасць выяўляюць… Вось няхай яны адзін аднаго і выкрыюць. Вось што, Хведар…

Таварыш Калантай устаў з крэсла, прайшоўся па кабінеце, важна заклаўшы за спіну рукі, – выглядала б гэта і зусім салідна, калі б не малы рост, не ратавалі нават высокія абцасы бліскучых ботаў, пашытых на замову.

– У хуткім часе Корб-Варановіч выступіць з дакладам на паседжанні Акадэміі навук. – Калантай па-змоўніцку пасміхнуўся. – Думаю, яго будзе не цяжка пераканаць, што абавязкова трэба публічна выказаць свае погляды, агучыць аргументы… Ён, вядома, усё і выкажа… А ты, Хведар, павінен паклапаціцца, каб у асяродку студэнтаў правільна ацанілі ягоныя шавіністычныя выказванні. Знайдзі некалькі чалавек – магчыма, тых жа Вяжэвіча, Папара, гэтую прыгажуньку Манцэвіч… Прапануй ім з’ездзіць у Ленінград, дзе вучыўся Корб-Варановіч, пагаварыць з ягонымі былымі аднакурснікамі, знаёмымі – сабраць доказы, што ён добра замаскаваны вораг. Я падкажу, каго наведаць… Запэўніваю – звесткі будуць найцікавейшыя! Ад Корб-Варановіча застануцца рожкі ды ножкі. А потым настане чарга ягоных апанентаў. І мы ачысцім савецкую навуку ад буржуазнага шалупіння! Ясна?

Худы твар Хведара пайшоў чырвонымі плямамі.

– Можа, не трэба Манцэвіч? Яна… дурнаватая.

Калантай пільна паглядзеў у спалоханыя шэра-зялёныя вочы свайго суразмоўцы:

– Асабістыя пачуцці не павінны замінаць нам у рэвалюцыйнай барацьбе. Ну-ну, не чырваней… Калі ты згодны сам апекавацца гэтай дзяўчынай…

– Я згодны! – спяшаючыся, выкрыкнуў П’янкоў, і Калантай дакорліва пахістаў галавою.

– Глядзі, хлопча, не памыліся. Але мы гатовыя цябе падтрымаць у спробе перавыхаваць камсамолку, якая пачала збочваць з ленінскага шляху. Заўтра ж прынясі на яе падрабязную характарыстыку. Усё, што ведаеш. А я запатрабую ейную асабістую справу з універсітэта… – Калантай зрабіў хуткую пазнаку на перакідным календары. – Выратуем тваю Манцэвіч ад непатрэбных знаёмстваў.

– Ясна, Леанід Пятровіч! – па-вайсковаму адрывіста адрапартаваў Хведар, вочы якога свяціліся ад шчасця.

– А наконт незразумелай сувязі Вяжэвічаў з Корб-Варановічамі… Гэтае падабенства… Кажаш, яны землякі. Паны і прыслуга… Нешта тут нячыста. – Леанід Пятровіч спыніўся пасярод кабінета, якраз за спінай свайго агента, і той нязграбна закруціўся, каб бачыць начальства. Таварыш Калантай, задраўшы галаву, глядзеў у мудрыя вочы партрэта, нібыта атрымліваў ад яго нямыя ўказанні.

– Старэйшага Вяжэвіча мы самі праверым… Вось жа, чалавек патрэбны, на адказнай працы, а сувязь з эсэрамі схаваў, схаваў… А маці ў твайго сябрука, між іншым, дачка цемрашала, які панамаром у царкве служыў. Што, не чуў ад яго? А ты, са свайго боку, у студэнтаў параспытвай пра тое, што мы пра Вяжэвічаў не ведаем.

– Добра, таварыш Калантай!

Хведар зразумеў, што візіт скончаны, узняўся, спрабуючы адначасова і выцягнуцца ў бравую чырвонаармейскую паставу, і не пакрыўдзіць тым нізкарослага гаспадара.

– Дзейнічай, камсамолец Хведар П’янкоў! Партыя не забудзе тваёй гераічнай і небяспечнай працы! – «блаславіў» гаспадар, падпусціўшы належнага пафасу ў голас, і Ленін на сцяне, здавалася, ухвальна зірнуў мудра прыжмураным вокам.

Калі дзверы за наведнікам зачыніліся, тонкі нос Леаніда Пятровіча незадаволена ўцягнуў паветра. Што гэтыя студэнты, зусім не мыюцца, ці што? У пакоі невыносна смярдзела прэлым абуткам. І вокны не расчыніш, краты… А фортка надта высока, не хочацца каго прасіць. Хоць праз дзверы пакуль праветрыць… Вось так. А цяпер, каб перабіць смурод, можна загадаць прынесці кавы. Яшчэ засталася тая, бразільская, прывезеная з Варшавы.

Гаспадар кабінета ўсеўся за спаласаваны драпінамі стол, грэбліва адсунуў на край сталешніцы пустыя кубкі, націснуў на кнопку званка, выклікаючы сакратарку, і зноў заглыбіўся ў спісаныя дробным почыркам паперы.

Сутарэнні Ромула (зборнік)

Подняться наверх