Читать книгу Сутарэнні Ромула (зборнік) - Людміла Рублеўская - Страница 7

Раздзел 5. Вежа грыфонаў і генерал-маляр

Оглавление

Двор быў вузкі і гулкі, нібы калодзеж. У промнях нізкага сонца, якое, здавалася, ляжала проста на высокім даху аднаго з дамоў, сцены, фарбаваныя ў колер паранага малака, свяціліся самі па сабе, а вокны чарнелі, як студні… На гэтым фоне цагляная вежа, цёмная, магутная, змрочная, вышынёй у тры паверхі, выглядала як пракаветны цмок, што скамянеў у чаканні забойцы ў бліскучых латах. А яшчэ вежа нагадвала трубу, і, хутчэй за ўсё, ёю і была, і страшна ўявіць, якая пад ёю магла зеўраць печка. Падабенства з трубою падкрэслівалі два жалезныя абручы, якія абхоплівалі волатаў стан.

У двары, як вада ў калодзежы, стаяла цішыня, разбаўленая таямнічым шамаценнем – на гарышчах дамоў, ды і ў самой, відаць, вежы сяліліся галубы, і час ад часу ўніз, нібыта проста з неба, зляталі пёркі. Дастаткова, каб прасякнуцца містычным трымценнем… Але камсамольцы, вядома, не маглі паддацца гатычнай містыцы.

– Вось яна, вежа грыфонаў! – ціха прамовіў Алесь. – Таварыш Павал не падмануў… Як толькі пачуў, што нам на Сёмую лінію Васільеўскага вострава, дом шаснаццаць, адразу ўзрадаваўся. Вось шанец убачыць унікальны помнік старога Санкт-Пецярбурга!

– І што тут унікальнага? – прабурчэў Хведар П’янкоў, зусім здарожаны, так што ягоны вастраваты нос, падобны да стрэлкі компаса, паказваў усё больш не наперад, а на піцерскую, а цяпер ужо ленінградскую, брукаванку. – Проста вялікая цагляная труба.

– Таварыш Павал расказваў, што вежу пабудаваў у васямнаццатым стагоддзі аптэкар Вільгельм Пель. Знакаміты фармацэўт… Ён, між іншым, прадаваў імператарскаму двару адмысловыя лекі «Спермін-Пель», ад старэння і нямогласці… Рабіў ён гэты спермін… – Алесь вінавата зірнуў на Вераніку, за плячом якой заззяла здагадлівай ухмылкай фізіяномія Аўтуха, – не скажу, з чаго. Але «пастаўшчыкамі сыравіны» былі парсючкі і… кашалоты. А сын Вільгельма вынайшаў медыцынскую ампулу… Да яго ў госці прыходзіў Мендзялееў. У гэтым вось доме была аптэка і лабараторыя. Старэйшы Пель захапляўся алхіміяй, а ў гэтай вежы разводзіў грыфонаў.

– Падобных да арлоў? – прашаптала Вераніка Манцэвіч, на якую, відочна, усё-ткі паўплываў гатычны антураж.

– Яны напалову арлы, напалову львы, – патлумачыў Алесь, усё гэтак жа не павышаючы голасу. – Галава і дзюба арла, крылы… Астатняе львінае. У старажытнасці верылі, што грыфоны водзяцца ў Скіфіі. Ахоўваюць багацці. А замест яек нясуць каштоўныя камяні – агаты. Скіфы нават паказвалі прыхадням вялізныя косткі, якія нібыта належалі грыфонам – каб адпудзіць ад сваіх скарбаў.

– Паўсюль цемрашальства, паўсюль багацеі людзей дурылі, – змрочна зазначыў Аўтух Папара, адзіны з кампаніі апрануты ў сапраўдную вайсковую форму – гімнасцёрка, падпяразаная пасам з начышчанай спражкай, галіфэ, боты… Меў права – чырвонаармеец у запасе, і каб не намагаўся з усіх сілаў здавацца старэйшым, чым насамрэч, выглядаў бы нават пры ягоным дзіцячым круглым тварыку з рэдкімі светлымі вусікамі цалкам салідна. – Навошта твайму Пелю былі грыфоны?

Зверху павольна пралунала-зляцела шэрае пёрка. Вераніка нават спалохана адсунулася, каб яно не кранулася яе. Алесь павагаўся, ці варта выяўляць далей абсалютова непатрэбныя камсамольцу веды, атрыманыя ў бацькавай хатняй бібліятэцы, у якой было поўна літаратуры па гісторыі медыцыны яшчэ дарэвалюцыйных часоў:

– Алхімія ставіла за мэту здабыць філасофскі камень, які дае несмяротнасць і веды. Гэта быў вельмі складаны працэс, і на нейкім этапе са звычайных металаў у ім утваралася золата. Ну, дакладней, цёмныя людзі верылі, што яно павінна ўтварацца. Залаты грыфон і ўвасабляў гэтае золата. Таму і распавядаюць байкі, што грыфоны выляталі з вежы. Пель, ясная справа, нешта там плавіў-пераганяў, з трубы вылятаў дым… А забабонныя людзі бачылі ў ім міфічных істотаў. Дый цяпер… Кажуць, апоўначы з вежы вылятаюць нябачныя грыфоны, і толькі адлюстраванні іх можна пабачыць у шыбах гэтых дамоў.

Вераніка аж перасмыкнула плячыма ў тонкай сіняй кофтачцы, нібыта змерзла, – здавалася, двор паглядаў на гасцей дзясяткамі таямнічых вачэй, і ад гэтага холад ішоў па скуры.

– Вось пра што табе распавядаў таварыш Гукайла, калі ты хадзіў да яго ў інстытут кінематаграфіі, – асуджальна прамовіў Аўтух. – Сярэднявечныя байкі распаўсюджвае. Несалідна для камуніста і прадаўжальніка справы Маякоўскага! Нічога я ў гэтай старой развалюсе асаблівага не бачу. Толькі выгляд двара псуе. Пафарбаваць ды аддаць піянерам пад які авіямадэльны гурток. Я б лепей яшчэ раз на Смольны паглядзеў, на «Аўрору»!

– Правільна! – падтрымаў Аўтуха Хведар, рассякаючы паветра рукой, нібыта яно было вінаватае. – Чаго сюды прыцягнуліся? Два дні тупаем па Ленінградзе. Усё, што трэба, сабралі, партрэт ворага савецкай улады Корб-Варановіча ўсімі фарбамі ззяе. Чаго яшчэ? Нашто нам ягоная жонка, белагвардзейскае адроддзе? Запэўніваю – будзе выгароджваць мужанька ды лгаць.

Алесь упарта пакруціў галавой.

– Мы павінны сабраць усё, што можна! Гэта не варта савецкага чалавека – кідаць справу таму, што стаміліся. Урэшце, у спісе для апытання, які ты, Хведар, склаў, не было ніводнага сапраўды блізкага Корб-Варановічу чалавека. Адзін дацэнт увогуле ўвесь час збіваўся на тое, што ён не менш таленавіты за Варановіча, ды згадваў, што калі яны з ім у аспірантуры вучыліся, Корб-Варановіча ўсе хвалілі незаслужана, а яго, небараку, не заўважалі. Калі чалавека жаба душыць, яна яму на лоб таксама кляйно ставіць.

– Ты што, сумняваешся, што сведкі гаварылі праўду? – з ледзь заўважнай пагрозай азваўся Хведар. – Ці захацелася даведацца пра светлы бок нашага… героя?

Вераніка асуджальна паглядзела на Хведара.

– Ну што ты чапляешся! Урэшце, можаш пачакаць на двары. Калі ўжо прыйшлі сюды, дык трэба даводзіць да канца. А то грыфоны задзяруць. Чаго нам баяцца? Мы з гэтай Варановічавай пані пальчаткі зараз паздзіраем!

Дзяўчына засмяялася, перакінула залатую касу з плечука на плячук… У трох спадарожнікаў мімаволі перахапіла дыханне. Якія пасля гэтага аргумента ў праўдзівага хлапца могуць быць пярэчанні?

У пад’ездзе невыносна смярдзела смажаным селядцом, катамі, квашанай капустай… Увогуле, не атрымлівалася дакладна вылучыць асобныя партыі ў гэтай сімфоніі смуроду. За аднымі дзвярыма пакутліва аганізаваў гармонік. Кватэра нумар шэсць знаходзілася на трэцім паверсе. Прозвішчы жыльцоў на заквэцаным аркушыку ля дзвярэй – адны дапісаныя, другія выкрасленыя – значыліся густа, як прусакі на нямытай патэльні, прачытаць немагчыма, каму колькі разоў належала званіць. Тым больш званок не працаваў. Алесь рашуча пастукаў, яшчэ раз, і яшчэ, але не з’явілася нават прывіду аптэкара Пеля. Хаця ў кватэры дакладна нехта быў – жаночы голас прамаўляў нешта няўхвальнае, бразгалі тазікі… Аўтух з усяе моцы штурхануў цяжкія дзверы са шнарамі ад сякеры, і яны раптам расчыніліся. Цяпер да смуроду на лесвіцы дадаўся цёплы пах прыгарэлага цеста з кватэры. А паесці было б нядрэнна…

Алесь адагнаў няпрошаныя гастранамічныя думкі.

– Ёсць тут хто?

Кватэра як відаць нагадвала мурашнік, завешаны цынкавымі тазікамі, кожны катух тут быў прыстасаваны да жылля. З аднаго з адсекаў вызірнула кабета ў шэрай кофце з падкасанымі рукавамі і сіняй паркалёвай спадніцы, з неахайным сівым вузлом на галаве, падобная да булачніцы, у якой дзятва толькі што пакрала ўсе булкі. Пантофлі на ейных нагах нагадвалі двух раздушаных трамваем пацукоў.

– Чаго трэба?

– Тут жыве грамадзянка Марына Паўлаўна Корб-Варановіч?

Нават касцяныя гузікі на кофце кабеты заззялі зласлівай радасцю.

– Нарэшце! Дайшло да жылкама, што тут прапісаны шкодны элемент, які перашкаджае жыць пралетарыяту.

– Ты ўжо пралетарыят, Марфа! – азваўся з глыбіні пакоя, з якога вызірнула кабета, насмешны мужчынскі голас з п’янаватай хрыпатцой. – Ці даўно семкі на Віцебскім вакзале прадавала? Не слухайце яе, грамадзяне начальнікі, Марынка добрая баба. І сынок яе харошы. Ціхія, спагадныя…

– Маўчы, боўдзіла! А то за сваёй Марынкай зараз у кантору пойдзеш! – лена гукнула кабета ўглыб пакоя і зноў утаропілася ў Аўтуха, чыя вайсковая форма, безумоўна, была для яе гарантыяй навядзення парадку ў кватэры і надзеяй адхапіць пару лішніх метраў за кошт выселенай «контры». – Там яны жывуць, элементы, па правы бок калідора, апошнія дзверы. Дома яна, нават калі не адчыніць. Вы, таварыш начальнік, разбярыцеся, з чаго гэта нейкая пані будзе пакой займаць, які пралетарыяту належаць павінен! Да яе ўвесь час муж-буржуй прыязджае, у акулярах і капелюху. Прадукты чамаданамі возіць! Мальцу свайму веласіпед купіў. За якія грошы? Яна нават хрысціцца – сама бачыла! А я свядомая, я ў Бога не веру! Чуеце, людзі, зараз Марынку высяляць будуць!

Апошнія словы цётка крычала ўжо за спінамі студэнцкай дэлегацыі.

Напэўна, тыя крыкі было добра чуваць і ў апошнім пакоі справа па калідоры. Таму што дзверы яго адчыніліся, варта было Алесю адзін раз нягучна стукнуць.

Худзенькая жанчына з укладзенымі на галаве русявымі косамі, у штапельнай сукеначцы ў дробныя брунатна-бэжавыя кветкі з бялюткім каўняром з усіх сілаў намагалася захоўваць спакой і выглядаць годна. Але тонкая яе рука, што трымалася за сцяну, дробна дрыжэла. Гэта было вельмі непрыемна назіраць, і Алесь перавёў вочы на твар з далікатнымі нервовымі рысамі.

– Вы Марына Корб-Варановіч? Мы з Беларусі, з Менска. Студэнты ўніверсітэта.

У вялікіх блакітных вачах, абкружаных тонкай сеткай зморшчын, палыхнуўся жах.

– Што… што з Апанасам?

– Ды нічога з ім не здарылася, не хвалюйцеся вы так, – гэта прамовіла Вераніка, якая чамусьці страціла ваяўнічы запал.

– Мы проста хочам спытаць тое-сёе, – Аўтух Папара, які лічыў сябе чалавекам бывалым, адагнаў няёмкасць, як класавага ворага. – Можа, мы зойдзем? У вас тут шумна, на калідоры…

Жанчына неахвотна зрабіла запрашальны жэст, і студэнты ўваліліся ў пакой, у якім адразу стала невыносна цесна. Алесь з цікаўнасцю агледзеўся. Абстаноўка была спартанская. Шафа, два жалезныя ложкі з худымі коўдрамі, два старыя крэслы, стол, накрыты вязаным карункавым абрусам, на ім парцалянавыя кубкі. Хіба што магло палічыцца раскошай – кнігі на паліцах, збольшага энцыклапедыі ды слоўнікі, і чорнае піяніна, уціснутае ў кут ля дзвярэй, як збяднелы родзіч. Ніводнай фотакарткі, ніводнага партрэта. Алесь падумаў, што гэта падазрона. За акном бачна асветленая сонцам верхняя частка вежы грыфонаў.

– Што вы хацелі ў мяне спытаць? – Марына Паўлаўна Корб-Варановіч стаяла на фоне акна, таненькая, спалоханая, упартая… Алесь, які так ірваўся сюды, разгубіўся, не ведаючы, з чаго пачаць – не пачнеш жа «я ненавіджу вашага мужа, ён велікарускі шавініст»… І зноў праявіўся Аўтух.

– А чаму вы зноў да Апанаса Іванавіча ў Менск не пераедзеце?

Жанчына не зварухнулася.

– Яму там і без нас цяжка. А ў мяне тут цікавая праца. Я касцюмер у тэатры Ленсавета.

– А ў якасці каго ваш муж у Лаўрына Карыбутовіча служыў? – гэта ляпнуў Хведар П’янкоў, ды яшчэ такім здзекліва-ўладным тонам, што Алеся перасмыкнула. Калі гэта Хведар-вятрак навучыўся так прамаўляць? Гаспадыня ганарліва закінула галаву, Алесь падумаў, так робяць, каб не праліліся няпрошаныя слёзы.

– Колькі можна… Я ўсё шмат разоў распавядала вашым калегам яшчэ ў Менску. Усё сто разоў імі ж праверана. Так, мой стрыечны брат Паўлюк у 1918-м патрапіў у атрад Карыбутовіча «Ваўкалакі», але ў тым жа годзе і загінуў. Яму было ўсяго сямнаццаць. Мы не мелі з ім аніякай сувязі. Ні я, ні тым болей мой муж. Апанас Іванавіч увогуле тады быў мабілізаваны ў Чырвоную Армію, на пасаду ўпаўнаважанага па рэквізіцыі фуражу. А я ў 1918-м нарадзіла, у маці ў Клецку, роды былі цяжкія, Паўлік з’явіўся на свет вельмі слабенькі… Так што, самі разумееце, нам было не да ўдзелу ў контррэвалюцыі.

Жонка дацэнта гаварыла дастаткова цвёрда, з ледзь прыхаваным гневам. Што ж, цяпер зразумела, чаму Корб-Варановіч не вязе сваячку белагвардзейца ў Менск. Алесь намагаўся прымусіць сябе ўзненавідзець і яе, як ейнага мужа. Але тонкія рукі, якія абсівералі, відаць, ад халоднай вады, і такая кранальна ганарлівая пастава, сукеначка з таннага штапелю і стамлёны блакіт вачэй, абкружаных зморшчынкамі, нічога агульнага не мелі з вобразам ворага. Вось слінцяй, аблаяў сябе Алесь і азірнуўся на Вераніку, якая стаяла, падціснуўшы вусны, у самых дзвярах і ўпарта маўчала. А яшчэ збіралася «пальчаткі здзіраць».

Сутарэнні Ромула (зборнік)

Подняться наверх