Читать книгу Сэрца мармуровага анёла (зборнік) - Людміла Рублеўская - Страница 17
Пярсцёнак апошняга імператара
Агонь і жалеза
ОглавлениеМарк прынёс для Магды белую куртачку і клапатліва дапамагаў зашпіліцца. Чырвоная сукенка хавалася пад белым, быццам правіна. Бялявы хлапчыска пералічваў грошы. Сто семдзесят рублёў. Падлеткі задаволена загулі.
– Ну што, у разліку?
Цяпа зрабіў рукой шырокі жэст:
– Арыведэрчы, Рома! Тупайце на ўсе чатыры.
– А паперы з гільзы? – азваўся Кастусь.
– А на паперы, я ж сказаў, цана спецыяльная. – Вочы Цяпы таксама ненатуральна блішчэлі. Відаць, «траўкі» Сева прынёс…
– Вы ж атрымалі за тыя паперы сто рублёў…
– А я фантазёр. – Магда адчула, што гэты чалавек на мяжы свядомасці.
Марк цягнуў яе ў бок брамы, шэптам выказваючы ацэнку ейным разумовым здольнасцям, але яна марудзіла, прыслухоўваючыся да перамоў.
– Што вы хочаце яшчэ атрымаць? – Кастусь стараўся быць спакойным.
– А што трэба чалавеку для шчасця? Хлеба і відовішч! – голас смуглявага гучаў лена. – На хлеб мы ад вас атрымалі…
Цяпер нам патрэбныя відовішчы.
Падлеткі пачалі наперабой выказваць свае пажаданні, спрэс непрыстойныя.
Цяпа спыніў іх:
– Каханне і смерць… Што яшчэ можа разагнаць нуду жыцця? Выбірайце. Або дзяўчынка пакажа нам стрыптыз… Зараз сцямнее, мы падсвецім ліхтарыкамі – прыгажосць на фоне магіл! Узбуджае! Не, не, ніякага гвалту. Сеанс дзесяць хвілін – і паперы вашыя.
– Цяпа ў нас паэт! – горда прагаварыў налыса стрыжаны хлапчук.
– Гэта проста пераходзіць усе межы! – зароў Марк. – Ану, пайшлі адсюль! – і тузануў Магду за руку.
– Стрыптызу не будзе. А што за другім разам? – гэтак жа спакойна спытаў Кастусь.
– Або хто-небудзь з вас пайграе са мной у ножычкі.
– Па якіх правілах?
– Сам-насам, да першай крыві.
– Нецікава. Давайце да трэцяй, – працягнуў хтосьці з падлеткаў.
– Да сёмай! Гэта крута!
– Добра, давайце да сёмай.
Святло ліхтара ля касцёла дазваляла разглядзець, як блішчаць вочы чалавекаў у скуранках.
– Ды ці маеш патрэбнае нам?
Адзін з хлапчукоў – яго зусім разабрала «траўка», так што хістаўся чарацінай, – дастаў з чорнага пакета пляскатую кардонную каробку і працягнуў смугляваму. Той няспешна зняў накрыўку.
– Вось… Падыдзі, зірні… Кастусь коратка ўздыхнуў:
– Яны…
– Вы сабе як хочаце, а я ў гэтым шоу не ўдзельнічаю, – голас Марка грымеў на ўсе могілкі.– У мяне яшчэ дваццаць рублёў ёсць, бярыце, і разышліся. Цяпа скрывіўся:
– Схавай грошы, дзядзька. Давай, Сева, падпалі паперкі. Відаць, пакупнікам яны без патрэбы.
На рагу першага аркушыка расцвіла чырвоная кветка…
– Марк, Магда, ідзіце дамоў,– цвёрда сказаў Кастусь. – Гэта ўжо мая справа. – I да смуглявага: – Давай пагуляемся ў ножычкі.
Смуглявы задаволена ўсміхнуўся і пацягнуў маланку на скуранцы.
– Распранайся да пояса…
– Не трэба! Лепш я… – Магда вырвалася ад Марка, адбеглася і дрыжачымі рукамі пачала расшпільваць куртку.
– У-у-у! – зацікаўлена загулі падлеткі. Але Кастусь раўнуў:
– Калі ты зараз гэта зробіш, я буду» гуляць у ножычкі» з усімі імі! Марк, чаго чакаеш, забірай яе!
Магда адчула, як дужыя рукі Марка адрываюць яе ад зямлі і ён нясе яе да выхаду з могілак, нягледзячы на пратэсты. Ужо ля брамы іх нагнаў адзін з хлопчыкаў.
– Вы… гэта… міліцыю не клічце. Цяпа майстар. Насмерць не зарэжа. Падрапае толькі… А калі мянты падыдуць, гамон хвастатаму. Цяпа любіць, каб сумленна ўсё было. Магдаліна плакала ля белай брамы і рвалася на могілкі. Марк затуляў яе ў абдоймы, штосьці супакаяльнае нашэптваў, спрабаваў адвесці далей… Дарэмна Ну не будзеш жа ў цэнтры горада цягаць на плячы дзявулю! На іх і так азіраліся рэдкія прахожыя. Дзейнічала толькі пагроза, што калі яна не перастане раўці, зацікавіцца міліцыя і Цяпа вырашыць, што гэта несумленна. А з могілак даносіўся вясёлы хор: «Тры! Чатыры! Пяць!», нібыта там гулялі ў жмуркі.
Вароны зашумелі ў чорных нетрах шатаў, быццам паўз іх праляцела нечая душа.
– Се-ем!
Магда вырвалася з абдоймаў Марка і кінулася па цёмнай прысадзе, далёка ў канцы якой гарэў агеньчык над дзвярыма касцёла, як сумны анёл.
Цішыня палохала. Ад яе спынялася сэрца… Між магіл павольна рухалася чыясьці постаць…
– Кастусь! Што з табой?
У святле ліхтара Магдзе падалося, што ён памірае – спрэс заліты крывёю. Хлопец прыціскаў да грудзей свой заплечнік у цёмных плямах і ўсміхаўся.
– Усё нармальна… Толькі драпіны. Праўда, Цяпа перамог – чатыры-тры на яго карысць. Але нават паабяцаў прыйсці на краязнаўчы гурток.
– Прыдурак! – прашыпеў скрозь зубы Марк. – Паперы дзе?
– Тут… – Кастусь паказаў на заплечнік.
– Давай… Яны ж належаць Магдзе, ты сам казаў? Кастусь паслухмяна адкрыў заплечнік. Марк выхапіў каробку, загорнутую ў чорны пакет, і паклаў у свой дыпламат.
– Магдаліна, пайшлі…
– А ён?
– О, Госпадзе, калі ж гэта скончыцца!
Марк дастаў з партманета грошы і раздражнёна працягнуў Кастусю:
– На табе тры рублі на таксі. Той адмоўна пакруціў галавою.
– Дзякуй, свае ёсць. І заўтра вярну дзвесце рублёў. Ялецкі толькі раздражнёна фыркнуў:
– Янку свайму вернеш. Ягоныя грошы. Магда вырвала руку з рукі жаніха:
– Якое таксі… З яго ж кроў капае!
– Перажыве…
На асветленай вуліцы Кастусь прагаварыў, гледзячы ў зямлю:
– Даруйце, калі ласка… Бывай, прынцэса. І пайшоў…
І яны ўжо ніколі не…
Гэта сапраўды горш за смерць!
– Кастусь! Пачакай!
Магда расшпіліла куртку, сарвала з сябе, працягнула Марку.
– На… І аддай мне, калі ласка, паперы дзеда. Я іду з ім. З Кастусём.
Марк не зрэагаваў, толькі здзіўлена падняў бровы.
– Магдаленка, я ўжо прывык да тваіх выбрыкаў. Але мусіць жа быць мяжа? Не забывай, што мы пачалі сямейнае жыццё.
Але Магда наблізілася да Кастуся, і яе зялёныя вочы палалі.
– Ты кахаеш мяне?
Кастусь памаўчаў і сказаў вельмі проста:
– Я памёр бы за цябе, – зірнуў на Ялецкага. – Прабач, Марк. Я праўда гэтага не хацеў.
– Ты проста нягоднік, – пагардліва азваўся той і звярнуўся да нявесты: – Магда, не дуры. Пасля сама будзеш вельмі шкадаваць.
– Прабач, Марк. Можа, я і пашкадую, але…
– Ты не пашкадуеш, прынцэса!!!
Кастусь схапіў дзяўчыну на рукі, падняў над сабой, закружыў:
– Я хачу тры сыны-каралевічы і тры дачушкі-прынцэсы!
– На сваю мэнээсаўскую зарплату карміць іх будзеш? – сталёвы голас Марка вярнуў закаханых на зямлю.
Магда падбегла да жаніха – абразліва шчаслівая.
– Марк, міленькі, я нічога не магу змяніць. Ты мужны, добры… Аддай мне рукапіс і… даруй.
У прывідным святле ліхтара твар Марка здаваўся сапраўды высечаным з каменю.
– Гэта мая памылка. Трэба было зрабіць цябе жанчынай. Ты ж усё роўна вернешся да мяне! Хто яшчэ будзе з табою так нянькацца? А паперы, прабач, я пакіну сабе.
– Чаму? – разгубілася Магда.
– Таму што напачатку імі павінны заняцца адпаведныя органы. А то налятуць зараз усялякія энтузіясты з хвосцікамі…
Кастусь неўразумела паспрабаваў усміхнуцца.
– Марк, ты жартуеш?
– Мне не да жартаў, як ты мог бы здагадацца. Кастусь збялеў.
– Гэта… гэта подла!
Магда ўмаляла:
– Марк, дарагі… Я разумею, гэта тваё самалюбства… Але столькі жанчын мараць пра такога мужчыну, як ты! Ты для мяне проста занадта добры. Я не падманвала – я проста не ведала, што такое каханне. Прашу, не рабіся ворагам. Ты ж не хочаш сапраўды перадаць паперы майго дзеда гэтым…
– Не толькі хачу, але і павінен, – важка, нават насмешліва сказаў Марк і рушыў да аўтобуснага прыпынку.
– Стой! – кінуўся ўслед Кастусь. – Аддай рукапіс!
– Забяры, падонак, як забраў маю нявесту! – Марк раптам зрабіў рэзкі рух рукой, і Кастусь сагнуўся напалам, хапаючы ротам паветра. Але зноў дагнаў Марка…
Яшчэ хвіля, і яны ўдвух пакаціліся па зямлі… Марк падмяў пад сябе хлопца і біў з такой злосцю, што Магда падумала – заб'е… Але вось наверсе – Кастусь…
– Магда! Дыпламат!
Дзяўчына кінулася да Маркавага чамаданчыка, паспрабавала адкрыць…
Проста ля іх спынілася міліцэйская машына. Трое здаровых міліцыянтаў расцягнулі ваякаў.
– Супакоіцца! Вашы дакументы! Марк дастаў з задняй кішэні нагавіцаў чырвоную кніжачку, разгарнуў… Міліцыянт, што трымаў Ялецкага за каршэнь, адышоўся і разам з двума саслужыўцамі ўзяў пад казырок.