Читать книгу Сэрца мармуровага анёла (зборнік) - Людміла Рублеўская - Страница 5
Пярсцёнак апошняга імператара
…і пыл гісторыі
ОглавлениеСімвал святога Марка-евангеліста – леў. Звычайна на іконах гэты леў зусім не страшны – кучаравы, залацісты, з закручанымі ў кольцы вусамі і вялікімі рахманымі вачыма.
Як баранчык.
Марк Ялецкі нічым не нагадваў залацістага кучаравага льва. Хіба што таксама быў дужы, шыракаплечы. Ды яшчэ ў разважаннях меў ільвіную ўчэпістасць. Жалезная логіка і энцыклапедычная эрудыцыя – так паўжартоўна рэкамендаваў сам сябе Марк. Нездарма атрымаў незвычайнае імя па жаданні дзівакаватага дзеда-прафесара. І журналістам Марк быў добрым. З уласцівымі сапраўднаму журналісту цікавасцю і скептыцызмам. Таму зараз Марк, які, як належала сапраўднаму рыцару, прыляцеў па першым жа званку зарумзанай Магды, сядзеў побач з ёю на падлозе пакоя кватэры нумар шэсць, перабіраў раскладзеныя лісты, фотаздымкі і кнігі. Ды касавурыўся час ад часу на крумкача, які зноў узляцеў на шафу і шаргатаў там, як патрывожаны дамавік.
– Так я і ведаў, што нельга цябе адпускаць… Цябе толькі лянівы не пакрыўдзіць. О, якое рэдкае выданне! – Марк узважваў на руцэ кнігу ў зялёнай вокладцы. – Я нават не ведаў, што такое ёсць – «Старый литовский статут 1529 года». Тут, у Маскве выдадзены… 1854 год. Ты сама хоць чула пра літоўскі статут, канстытуцыю Вялікага княства Літоўскага? Ведаеш, што яна напісаная на старабеларускай мове? Невук ты маленькі…
– І што, гэтая кніжка дарагая? – насцярожана спыталася Магда.
– Рублёў за пяцьдзесят і я набыў бы. Але б не прадалі.
– Дык мы павінны адшукаць сваякоў старога! – захвалявалася дзяўчына. – Гэта павінна належаць ім!
– Дурненькая! – азваўся Марк. – Стары быў рэпрэсіраваны, калі якія сваякі і ёсць – даўно ад яго адракліся.
– А што гэта за нацыянал-дэмакратычная партыя? Рэктар казаў, Іван Канстанцінавіч быў у ёй.
– Разумееш… – Марк абдумваў словы. – Тады шукалі ворагаў. Прыдумлялі розныя антысавецкія рухі, партыі. Каб было зразумела – за што арыштоўваюць, судзяць, расстрэльваюць. На Беларусі таксама знайшлі антысавецкую партыю – нацыянал-дэмакратычную. А ці была яна? Пастралялі і па-ссылалі тысячы. Навукоўцаў, творчую інтэлігенцыю. Дзеда майго, прафесара, таксама папацягалі. Але чалавек ён учэпісты, здольнасці да прыстасавання фенаменальныя. Таму і цяпер жыве. А ты думала, чаму ён, перш чым дзверы адчыніць, наведніка параспытвае ледзь не пра сваякоў за мяжой. У дваццатых гадах у Саюзе беларускіх пісьменнікаў было чатырыста чалавек. А перад Вялікай Айчыннай засталося дзевяць. З іх, здаецца, толькі чатыры беларусы. Гэты Хмель, напэўна, быў пісьменнікам. Таму цябе з інстытута і папрасілі.
Марк рассунуў па падлозе фотаздымкі.
– Гэта ён?
Магдаліна паглядзела на партрэт стройнага афіцэра.
– Ён, няйначай. А ў якой форме?
– Войска Польскага. Эх, тут бы спецыялісту паглядзець! Ёсць у мяне адзін знаёмы… Энтузіяст… Цікавіцца такімі дакументамі. Ну што, усё перагледзела?
– Усё нібыта. Нічога цікавага.
– Калі нешта цікавае было – не хвалюйся, табе не аддалі…
– Кр-рр! – пацвердзіў з шафы Карл Карлавіч, і Марк сплюнуў з перапуду.
– Гэта, трэба сказаць, не найлепшая частка тваёй спадчыны.
А пасля яны гулялі па могілках Данскога манастыра, і першыя зялёныя дзюбкі травы паказваліся на чорнай глебе магіл, нібыта нябожчыкі імкнуліся павітаць новае жыццё, далучыцца да яго хоць травінкай, хоць пяшчотным дыханнем першацвету. І Марк сказаў Магдаліне:
– Ты малая і дурненькая. Але павер мне – усё будзе добра. Вернемся дадому, перавядзешся на філфак. Справім вяселле – у нашай улюбёнай кавярні, там, дзе падаюць дзічыну, запечаную ў фальзе, пад галасы птушак. Народзіш дзіця… Працаваць пачнеш у маёй газеце. І ўсё будзе добра.
І чаму ў Магдаліны скрухай варухнулася сэрца? Мусіць, ад здрадлівай чалавечай натуры, якой аднаго добрага, вырашанага, самавітага мала, а хочацца яшчэ чагосьці…
Ну ды што ўзяць з дзіцяці (праўда, дзіцяці паўналетняга), але якое ўсё яшчэ можа сарваць пралеску са старое магілы і зусім пра гэта не задумацца, не пацягнуць за кволым бледна-зялёным сцяблом ланцуг метафар, алюзій, сімвалаў і філасофскіх разважанняў.
Магда і пра скрутак, перададзены суседкай старога, успомніла толькі ў цягніку, калі Карлуша зашаргатаўся ў сваёй клетцы, засунутай на самы верх, на месца матрацаў.
Марк спаў насупраць, на верхняй паліцы. Магда ціхенька выйшла з купэ. Не таму, што не давярала жаніху. А проста… Ён ужо забраў за яе дакументы з інстытута, пазваніў за яе маці, уладзіў справы са спадчынай… Колькі можна быць пад апекай!
У няроўным святле тамбура Магдаліна разгарнула таямнічы скрутак. Кніжка памерам з далонь, з цёмна-зялёнай выцертай вокладкай без назвы. На польскай мове… Магда з цяжкасцю разбірала асобныя словы, здагадваючыся пра сэнс астатніх.»Зборнік паэзіі польскіх паэтаў з дадаткам заўваг, аб сутнасці быцця, духа і цела сапраўднай паэзіі з прадмовай Адама Пянкевіча Першы выпуск. Вільна, друкарня Ёзэфа Завадскага, 1835 год».
Раней Магдаліна ніколі не трымала ў руках такіх старых кніжак. У бібліятэцы, дзе яна працавала, самай старой кніжкай было асобнае выданне паэмы Мікалая Асеева «Будзённы» 1922 года. Магда нават выставіла яе на стэндзе пад шклом як надзвычайную рэдкасць. А тут… Чаго варты адзін змест – Адам Міцкевіч, палкоўнік Цыпрыян Гадэбскі, палкоўнік Антоні Гарэцкі (чаго б гэта палкоўнікі цугам ішлі ў паэты?), Францішак Карпінскі, Алёйза Фелінскі… Ці дзед клапаціўся пра ейнае духоўнае выхаванне?
Дзяўчына перагарнула апошнюю старонку і ўбачыла некалькі чыстых лістоў, як значылася, «Для зацемак». Лісты былі скарыстаныя па прызначэнні – як макам, нехта сыпануў такім дробным почыркам.
«Мілая прынцэса!»
Так называў яе стары… У Магды закалацілася сэрца. Як добра, што яна не паказала скрутак Марку! Уся таямніца дарэшты дастанецца ёй.
«Мілая прынцэса!
Ч асу ў мяне мала. А старэчае шматмоўе перашкаджае лаканізму. Хаця што значаць час і прастора для Усявышняга, які знітоўвае і разрывае лёсы? Шлях, які прывёў вас да маіх дзвярэй, пачаўся пяцьсот год таму… І вы, мілая, чыстая дзяўчынка, не ўяўляеце, колькі бруду, крыві і здрады было на гэтым шляху… Але і – высакародства, мужнасці, любові! Проста ўявіце, што я расказваю вам казку…»