Читать книгу Сэрца мармуровага анёла (зборнік) - Людміла Рублеўская - Страница 9

Пярсцёнак апошняга імператара
Ліст застаецца ў сне

Оглавление

Такія хлопцы ніколі не падабаліся Магдаліне. Ён глядзеў на яе ветліва, але неяк… суха, ці што? Без той «паляўнічай» іскрынкі, якая мімаволі запальваецца ў вачах мужчыны пры поглядзе на прыгожую дзяўчыну і якую Магдаліна, хаця раздражнялася роллю «аб'екта палявання», прывыкла сустракаць у вачах суразмоўцаў.

На Марка, на яе самавітага, інтэлектуальнага Марка Ялецкага, хлопец пазіраў трохі з большай цікавасцю, але таксама без асаблівае павагі. А між тым зазвычай нават пры першым знаёмстве з Маркам размаўлялі неяк па-асабліваму. Японцы сказалі б: «У яго ёсць свой тыгр». Але гэты маладзён у заношанай джынсавай куртачцы, ды яшчэ з доўгімі валасамі, сцягнутымі на патыліцы ў куртаты хвосцік, як чамусьці раздражнёна вырашыла Магдаліна, занадта многа пра сябе думаў. А кабінет у яго – не большы за грузавы ліфт. Няйначай, былая кладоўка. Толькі і ўлез пісьмовы стол, завалены папкамі, ды шафа. І ўсё абклеенае кепскімі ксераксавымі копіямі сярэднявечных гравюр.

Няўжо так можа выглядаць "выдатны спецыяліст Канстанцін Сташынскі", як рэкамендаваў яго Марк?

Затое пры адным позірку на стосік старых кніг, лістоў і фотаздымкаў цёмныя вочы хлопца літаральна запалалі і ўвесь ён раптам змяніўся. Абыякавасць і іронія зляцелі з яго твару. Маладзён браўся за кожны аркушык так беражліва, быццам той мог рассыпацца.

– Вядома, я сустракаў гэтае прозвішча. Іван Канстанцінавіч Хмель… Янук Хмель… У трыццатых друкаваўся ў студэнцкай газеце універсітэта, у «Звяздзе»… І адразу пасля вайны, у сорак шостым, некалькі падборак. Вершы пафасныя, прымітыўныя. Але цікава другое – па ўсіх звестках, гэты чалавек памёр у сорак восьмым годзе. Пра Дарбутаў ведаю шмат – але пра тых, што бралі ўдзел у паўстанні шэсцьдзесят трэцяга. Дваіх з гэтага роду тады расстралялі, і чацвёра ці пяцёра былі сасланыя. Вы, значыць, іх спадчынніца…

Маладзён упершыню з цікавасцю зірнуў на Магдаліну.

– Ты, Косця, у глыбіні гісторыі не залазь, – незадаволена спыніў знаёмца Марк. – Лепш патлумач, якім макарам Дарбуты, а дакладней, вось ейны дзед, Антон Дарбут, з тым Іванам Хмелем мог быць звязаны.

– Колькі разоў табе казаць, – цвёрда прамовіў спецыяліст у джынсоўцы. – Я не Косця, а Кастусь. І не трэба пасмейвацца. Калі б я быў Гіві ці Джордж, ты што, зваў бы мяне Грышам? А што тычыцца дзеда тваёй дамы, то я, прабач, не правідца. Мне трэба падняць дакументы, пашукаць у архівах. Пакуль нічога сказаць не магу.

– Затое я магу, – не вытрымала Магдаліна. – Калі Іван Хмель вучыўся ў педтэхнікуме, мой дзед быў студэнтам філалагічнага факультэта ва універсітэце. І ён таксама паэт. І, напэўна, добры. І яшчэ ён быў нашчадкам візантыйскіх імператараў!

– Ты адкуль гэта ўзяла? – уразіўся Марк. – Нічога раней не гаварыла!

– Я сама толькі два дні таму даведалася… Вось… – Магдаліна нейкі час павагалася, але ўсё-ткі дастала з сумачкі кніжку ў зялёнай пацёртай вокладцы. Зірнула на Сташынскага… Характар у таго, відавочна, кепскі, але… Чамусьці Магдаліна падумала, што стары Хмель знайшоў бы, пра што пагутарыць з гэтым фацэтам…

– На апошніх старонках Іван Канстанцінавіч напісаў ліст да мяне.

Марк пацягнуўся да кнігі адначасова з Кастусём, і яны пачалі гартаць яе ўдвух, перашкаджаючы адзін аднаму.

– Нешта я не бачу тут запісаў,– нарэшце незадаволена сказаў Марк.

Магда адарвалася ад сузірання гравюры з алегорыяй Меланхоліі і ўзяла кніжку.

– Вось тут, у самым канцы…

І аслупянела. Лісты былі на месцы. На месцы была назва «Для зацемак». Але пад ёй не было нічога! Ніводнага радка! Чыстыя пажоўклыя старонкі!

– Яно было напісана тут… – прамармытала Магдаліна, гладзячы дрыжачымі пальцамі паперу.

Марк раз'юшыўся:

– Ну, усё… Дайшла са сваймі дзядамі… «Нашчадак візантыйскіх імператараў»! Хутка будзеш на сценах касмічныя пасланні чытаць. Давай сюды… – ён груба выхапіў з рук Магдаліны кнігу. – Пайшлі…

Дзяўчына бязвольна рушыла за жаніхом.

– Ч акайце! – ірвануўся за імі Кастусь. – Дайце мне гэтую кнігу! Хоць на дзень! Я яшчэ пагляджу!

Марк злосна сунуў яму ў рукі зялёны томік.

– На, вывучай… Можа, якое пасланне праявіцца. І ўсе астатнія дакументы твайму інстытуту перадамо. Рабіце што хочаце. А мне трэба гэтую дзеўчынёху да нармальнага стану прывесці. І крумкача гэтага паганага сплаўлю ў жывы куток.

Магдаліна выпадкова заўважыла, што фанабэрысты Сташынскі стаіць у дзвярах свайго кабінеціка і глядзіць ім услед, прыціскаючы злашчасную кнігу абедзьвюма рукамі да грудзей.

Дзяўчыне аж закарцела на развітанне выкінуць нешта адпаведнае свайму вар'яцкаму статусу – гаўкнуць на гэтага цікаўніка, ці што…

Добра, стрымалася.

Назаўтра была субота, і Марк павёз яе за горад, на пікнік. Калісьці яны любілі падобныя вылазкі. Але з мінулай вясны, калі выбухнуў рэактар у Чарнобылі, на прыродзе Магда пачувалася няўтульна. Тады многія напалохаліся – пілі ёд, накапаны ў шклянку з вадою, не адчынялі фортак… Марк нават прынёс Магдзе дзве таблеткі ад радыяцыйнага апраменьвання. Такія таблеткі захоўваліся ў індывідуальных аптэчках грамадзянскай абароны – на выпадак, калі вораг скіне атамную бомбу. Але пасля першых звестак аб аварыі выратавальныя лекі былі апячатаныя. Каб панікі не было. Знаёмы Марка ў сваім даследчым інстытуце ўзначальваў сектар грамадзянскай абароны і ўласнаручна мусіў апячатваць сховішча з аптэчкамі. Вось яны з парторгам і ўхапілі сабе па дзесятку пігулак.

Магда заглынула таблетку адразу ж, як атрымала, не запіваючы вадой, і пасля гэтага доўга балеў страўнік.

Марк жартаваў над палахлівай дурнічкай. Пачалася кампанія супраць панікі, і сталася модным бравіраваць уласнай смеласцю і прагрэсіўнасцю. Людзі хваліліся тым, што загаралі, елі ягады, смяяліся над тымі, хто па-ранейшаму змагаўся з радыяцыйным пылам і спажываў замест свежых ягад леташнія кампоты.

Але Магда па-ранейшаму адчувала страх. У Маскве, праўда, страх адышоў. Яна чула размовы пра выступ беларускага пісьменніка Алеся Адамовіча, які адзіны ўголас сказаў пра страшную бяду. Хадзілі чуткі пра зону… Але чалавек заўсёды ахвотней верыць у лепшае.

І Магда паехала, прыдушыўшы сваю радыефобію. Да кампаніі далучыліся дзве сямейныя пары – Маркавы сябры па клубу фантастыкі. Смажылі шашлыкі над выкапанай у яшчэ вільготнай веснавой зямлі ямінай. Спэцкаліся бульбай, печанай у вогнішчы. Гаварылі пра Брэдберы і Шэклі, братоў Стругацкіх і ўласныя творчыя задумы. Адзін з фантастаў, у побыце – інжынер-канструктар, асабліва хваліўся незавершанай «падпольнай» аповесцю, у якой дзейнічае двухгаловы монстр пад імем Карл Маас-Энгеляс. І ўсе дружна ўгаворвалі Магдаліну кідаць ейныя артыкулы і пачынаць пісаць фантастычныя аповеды. Потым кабеты рвалі пяшчотны кураслепнік – бухматы бела-зялёны дыван усцілаў зямлю. Але Магдаліне было шкада кволых кветак. Сабраныя ў бясформенны жмут, яны хутка звешвалі белыя галоўкі і гублялі пялёсткі.

І Магдаліна не прыхапіла букеціка. Але насланнё нядаўніх дзён адышло, абляцела з яе, як тыя кволыя пялёсткі. Магда ўпэўнілася, што рамантычная гісторыя ейнага роду – толькі сон на верхняй паліцы ў цягніку Масква—Мінск. Нават цешыць самалюбства – мець такое багатае ўяўленне! Дарма Марк кажа, што з яе не выйдзе вялікай пісьменніцы. Яшчэ паглядзім!

Але дзяўчына ўсё-ткі не аддала Карла Карлавіча, якога Марк, правёўшы нявесту дахаты, імкнуўся занесці ў жывы куток суседняе школы, дзе ўжо ўсё было дамоўлена. Надта сумна паглядала птушка сваімі чорнымі вочкамі, надта трагічна сядзела на шафе, ухутаўшыся з галавой у крылы, як у плашч. Нават угаворы маці, якая цалкам была на баку будучага зяця, не дапамаглі.

– Ну, глядзі, калі сярод ночы твой крумкач загарлае «Невермор», як у баладзе Эдгара По, не прыбягай скардзіцца, – зазлаваў Марк і сышоў, нават не пацалаваўшы Магду на развітанне.

Сэрца мармуровага анёла (зборнік)

Подняться наверх