Читать книгу Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата - Людміла Рублеўская - Страница 3
Раздзел першы. Як чорны доктар прагрэсіўных медыкусаў абедам карміў
ОглавлениеАднойчы Мішэль Настрадамус, студэнт універсітэта Манпелье і аматар адурманьвальных травак, прадказаў лёс двум ліёнскім парсючкам, чорнаму ды беламу. Белага, маўляў, воўк задзярэ, а чорнага на стол пададуць.
Гаспадар вырашыў правучыць самазванага прарока ды й загадаў кухару прыгатаваць белага свінскага сына… А таго ўжо сапраўды воўк панёс, каб яго самога крумкачы па кавалачку неслі! Кухар цішком і выкарыстаў замест белага парсючка ягонага чарнявага субрата… Тым самым засведчыўшы прароцкі статус месье Мішэля, а таксама што супраць лёсу не папрэш.
Невядома, хто прадказваў лёс парсючку, што прыкрашаў стол у гасцёўні запрошанага прафесара Ліёнскай медычнай школы Баўтрамея Лёдніка, ды і ці трэба лічыцца прарокам, каб прадказаць, чым скончыць свойская свіння. Вось каб было гэта ў далёкай Беларусі, на магнацкім застоллі, дык парсючка таго ніколі б у такім пазнавальным выглядзе на стол не падалі: няварта гэта магнацкай кухні! Ці крылы прышылі б яму ад няшчаснага лебедзя, замест лычыка б нешта змайстрачылі, ці прырабілі заднюю палову ад зайца… Хто зведае фантазіі панскіх кухараў Рэчы Паспалітай?
Але гаспадары гэтага дома наўрад займаліся падобнымі вычварэнствамі і на радзіме. Пан Баўтрамей Лёднік увогуле ўсім тлумачыў, наколькі шкодныя тыя прыкметы багатай шляхецкай кухні: каб тлуста (нават гарэлку – са сметанковым маслам), каб востра (чым больш дарагога перцу, шафрану ды імбіру ўваліць, тым ганаровей), ну і каб спалучэнні падзіўнейшыя (салёнае з салодкім, ялавічыну з рыбай).
А цяпер за сталом Чорнага Доктара нават звычайна засмажанага парсючка пакуль не елі… Дый за стол не садзіліся. Бо ганаровыя госці з Таварыства прагрэсіўнай медыцыны, што мусілі прыехаць з Манпелье, спазняліся, а гаспадары ўсё яшчэ не паспелі нагаварыцца за дні, што прамінулі пасля з’яднання сямейства Лёднікаў.
У любым выпадку, цукровы пернік у выглядзе ружовага пеўня куды смачнейшы за любую “дарослую” страву, хай сабе і абсыпаную даражэзным шафранам. Сафія Баўтрамеева Лёдневічанка, чароўная ліцвінка амаль двух гадоў ад нараджэння і шляхцянка ў другім пакаленні, задумліва прыкусіла пернічак бялюткімі зубкамі і па-гаспадарску агледзела светлы пакой з высокімі скругленымі наверсе вокнамі. Падлога не гайдаецца, як у цеснай каюце – ужо добра. У шыбы просяцца вясёлыя зялёныя каштаны, заманліва падкідваючы на тонкіх галінках белыя кветкі – быццам анёльчыкі скачуць…
Сафійка і сама нагадвае анёльчыка – у белай доўгай кашульцы, з-пад якой паказваюцца абшытыя карункамі штонікі. Таненькая, з цёмнымі пышнымі валасамі і вялізнымі, чорнымі і бліскучымі, як вішанькі, вачанятамі на мілым тварыку. Сонечныя промні прасяваюцца скрозь карункі лістоты і мігцяць на наваскаваным паркеце. Паміж кніжнымі шафамі з чорнага дубу, нібыта прывіды, таямніча святлеюць завешаныя тканінай стаўбуркі – з-пад тканіны выпірае нешта незразумелае.
А дарослыя ўсё балбочуць. Часцей за ўсё Сафійка чуе “барскія канфедэраты” – доўга і каструбавата, і “Цялок” – адрывіста і паблажліва. Навошта ёй ведаць, што гэта значыць, і чаму дарослыя так хвалююцца? Пасля, як падрасце, ёй, напэўна, распавядуць, што адбывалася ў годзе 1770-м ад нараджэння Хрыстова на ліцвінскіх землях. Як шляхта, абураная тым, што на польскі трон расейцы пасадзілі каханка сваёй імператрыцы Станіслава Панятоўскага па мянушцы Цялок, а той праводзіць нявыгадныя краю законы, з’ядналася ў Барскую канфедэрацыю. І Радзівіл па мянушцы Пане Каханку ім дапамагае, і гетман польны Аляксандр Сапега падумвае далучыцца, і вялікі гетман Міхал Багінскі… – І сам кароль Станіслаў Панятоўскі хацеў да барцаў, але яго адпрэчылі, – сумна гаварыла Саламея Лёднік, яе сінія вочы з прыхаванай мілосцю не адрываліся ад драпежнага профілю гаспадара дома, які сядзеў, панурыўшыся, і круціў у руках парцалянавы кубак з незразумелымі залатымі вензелямі, нібы яму было зусім нецікава слухаць пра далёкія палітычныя мітрэнгі. – Кажуць, жаліўся ангельскаму паслу: “Калі адыду ад Расіі і супраць яе выступлю, мае непрыяцелі будуць першыя, якія з ёй пагодзяцца і мяне прынясуць у ахвяру. Якая ж з гэтага карысць для краю?” Сама больш абмяркоўваюць, што Пане Каханку зноў з’ехаў за мяжу. Ну, ведаеш, мусіць… Пад вёскай Лань разбіў войска князя Мяшчэрскага, але потым спалохаўся, што Нясвіж возьмуць, бо Суворава з войскам дзеля ўціхамірвання прыслалі, і ўцёк. Ды яшчэ ліст князю Рапніну пакінуў, што калі ягоныя гарады не зачапнуць – не будзе нічога супраць расейскай царыцы ўчыняць…
– Ага, паабяцаў… Магнаты што хочаш паабяцаюць, калі трэба, – скрозь зубы прагаварыў доктар Лёднік. – Зноў інтрыгуе наш Пане Каханку, войска збірае, вызваляць Айчыну… З французамі на пару з Багінскім змаўляецца, каб Панятоўскага дыктатарам абвесціць… Вунь, гэты маладзён, – кіўнуў доктар у бок Пранціша Вырвіча, які любоўна паліраваў суконкай сваю новую шпагу, – атрымаў ліст ад нашага старога знаёмца пана Рыся, з заклікам далучыцца да іх хаўрусу ды ехаць вызваляць Рэч Паспалітую ад расейцаў, Панятоўскага, а заадно ад усіх, хто не падабаецца.
Вырвіч горда страсянуў чубам.
– І далучуся! Шляхціц не павінен быць убаку, калі на радзіме вайна! Такіх, як я, тут шмат, адзін Тадэвуш Касцюшка са Слонімшчыны чаго варты! Мы яго Шведам празвалі, дасканалага ваяра з сябе выхоўвае, эксперыментуе над арганізмам уласным, як і ты, Бутрым, не здолееш. – Задурыў галаву сваім Касцюшкам! – сярдзіта азваўся доктар. – А чаму твой Тадзік не ў войску якога Касакоўскага пад Пінскам, а ў Парыжы маляванню вучыцца, ведаеш? Таму што не змог прымірыць свой патрыятызм – і нежаданне выступаць супраць сваіх дабрадзеяў Чартарыйскіх, родзічаў Панятоўскага. Вось і з’ехаў…
Лёднік уздыхнуў.
– Вечна адны разбураюць, другія ствараюць, і ўсё пад аднолькава прыгожымі лозунгамі. У гэты ж час сябрук Цялка ягоная мосць Антоні Тызенгаўз рэформы надалей праводзіць, мануфактуры ладзіць… Усе дзяржаўныя грошы ў свае задумы прэ. Спадзяецца, што праз паўгода я вярнуся ў Гародню з Жыліберам пад пахай і дапамагу яму зладзіць медычную школу… Ды вярнуся, зладзім! Калі яе не спаляць – адны за тое, што адчынена расейскімі паслугачамі, другія за тое, што ёю кіруюць заходнія блюзнеры…
Грукат змусіў захопленых палітычнымі развагамі дарослых ускочыць. Сафійка злаўчылася нарэшце пацягнуць за тканіну, што схавала адзін з таямнічых стаўбуркоў. Застрашлівы васковы муляж, які выяўляў чалавека са здзёртаю скурай – так, што былі добра відаць усе цягліцы, чырвоныя матузкі артэрый і сінія суплёты венаў – меланхалічна ляжаў на падлозе, страціўшы палову васковых мазгоў.
– Бумс! – весела прагаварыла Сафійка, узмахнуўшы густымі чорнымі вейкамі – як толькі не ўзляцела, Мятлушачка.
Спалоханыя дарослыя абмацалі дзіцяня, упэўніліся, што нават не напужалася…
– Хал-лера… Дваццаць ліўраў… Унікальная мадэль… – мармытаў скрозь зубы доктар, падымаючы з падлогі няшчаснага васковага калеку. На ніжэйшых паліцах адкрытага стаўбурка красаваліся не менш застрашлівыя творы мясцовага аптэкарскага майстэрства – бялелі штучныя косткі, пунсавелі цягліцы.
– Бацька называецца! – дакорліва прагаварыў Пранціш, падпіхваючы нагою пад шафу адляцелы кавалак васковага чэрапа. – Дзіця ж мусіла прыехаць, самы пракудлівы ўзрост. Трэба было прыняць свае анатамічныя аздобы, а не проста ўкруціць у анучы.
– Тата, далуй! – прамовіла Сафійка два чароўныя словы, гледзячы шчыра-шчыра вялізнымі цёмнымі вачанятамі на суровага доктара. Не тое, каб малеча ведала значэнне прамоўленых слоў, але ўжо добра ўцяміла, што варта іх вымавіць – і гэты суровы высокі чалавек з чорна-сівымі валасамі адразу растане, як воск на сонцы, ад яго проста пачне праменіцца пяшчота… Вось і цяпер: апусціўся на калені, абняў, цалуе сухімі няўсмешлівымі вуснамі – а вусны ажно дрыжаць ад любасці і замілавання:
– Красачка мая… Каралевічна мая… Гэта ты мне прабач. Я табе сапраўдную ляльку падару – парцалянавую, гожанькую, да цябе падобную!
Хоць вяроўкі з гэтых дарослых ві. Сафійка была вельмі разумнай дзяўчынкай і хутка ўсяму вучылася.
Пані Саламея падскочыла і з цяжкасцю вызваліла з маленькіх, але ўчэпістых пальчыкаў дактароўны шкляное вока ад разбітага манекена – Сафійка мудра збіралася яго прыўлашчыць. Вока пазірала дзіка і дакорліва, чырвоныя сасуды, карпатліва прамаляваныя на ім, нагадвалі парванае павуцінне крывавага павука.
– Бутрым, гэта ўжо занадта! Алесік мне ўчора гадзіну распавядаў, як тузаюцца цягліцы мёртвай жабы пад уздзеяннем апарата нейкага італійскага вучонага, цяпер дачка твая будзе гуляцца з муляжом чалавечага вока… Бедлам, а не сямейны дом!
– Мама, шарык хацу!
Пранціш стоена хіхікаў, пакуль пані Саламея супакойвала пакрыўджаную дачушку, а Лёднік збянтэжана бегаў па пакоі, шчыльней укручваючы стаўбуркі, на якіх, як відаць, былі такія ж неапетытныя анатамічныя дапаможнікі – у аптэках Ліёна іх выраблялі дасканала.
Начышчаная былым каралеўскім драгунам Вырвічам шпага заняла сваё законнае месца на сцяне, побач з іншымі развешанымі шляхецкімі ўцехамі – шабля-серпанціна, шабля-карабэла, эспадрон, рапіра… А гаспадара цярпліва чакала ў вітальні радавая шабля Вырвічаў Гіпацэнтаўр, з гербам, выгравіраваным на дзяржальне. Вось што трэба шляхціцу ў руках трымаць, а не ланцэт альбо пяро!
– Усё роўна на баку барцаў – праўда! – упэўнена выгукнуў Пранціш, вяртаючыся ў палітычныя спрэчкі, якія спаконвеку грэюць сэрцы і самалюбства нават самых ціхамірных мужчын – а прысутныя ў гэтым пакоі ціхамірнымі ніякім чынам не былі. Цень ад галінкі каштана спалохана слізгануў па сцяне, абцягнутай трохі выцвілай светла-зялёнай тканінай, па вялікай старой карце з надпісам “Вялікае Княства Літоўскае”. Маленькія дрэўцы на карце пазначалі, дзе ў гэтай далёкай краіне лес, хвалістыя гарызантальныя рысачкі ўперамежку з вертыкальнымі – балоты. Мяркуючы па малюнку, балотаў у Вялікім Княстве было больш, чым пацукоў у парыжскіх катакомбах. Маленькія ганарлівыя замкі са сцяжкамі на вежах выяўлялі гарады, а паміж дрэў можна было пабачыць не адно смешнаватае страшыдла, ад фенікса і адзінарога да звычайных тураў ды зуброў.
Асабліва сімпатычна выглядаў зубр, бо ў яго была барадатая ўсмешлівая пыса – быццам толькі што выпіў бочку піва. А з аднаго намаляванага хвалістымі рысачкамі возера высоўвалася на доўгай шыі галава сапраўднага цмока з рожкамі, як у слімака.
– Можа, і меншае канфедэраты зло, чым партыя караля, – разважаў сумна Лёднік, – але палітыкі ніякія. Замест таго, каб з’ядноўваць людзей, па-ранейшаму правы суайчыннікаў іншай веры не прызнаюць – а расейцам гэта самая падстава ўступіцца за адзінаверцаў! Кажаш, Саламея, Панятоўскі крыўдзіўся, што яго паслугі не прынялі? І дурні, што не прынялі! Заўсёды кожны магнат у нас на сябе кілім цягне, каб пасля ўладай не дзяліцца. А толку?
Доктар сярдзіта зірнуў чамусьці на парсючка, які паміж крышталёвымі вазачкамі з чорным перцам і шафранам чакаў прыпозненых гасцей.
– Цяпер Станіслаў Аўгуст вымушаны быць на баку расейцаў і аддаваць ім на службу каронныя войскі. А людзі ж прысягалі, мусяць загады камандзіраў выконваць. Зноў свае пачнуць біцца са сваімі. Можна падумаць, Еўропе ёсць справа да таго, ці будуць ліцвіны шчаслівыя. Ну паслалі палкоўніка Дзюмур’е вучыць канфедэратаў вайсковаму майстэрству. Але хто стане за нашу волю біцца? Людовік войска пашле? Ці аўстрыйскі імператар? Зараз яны Панятоўскага дыктатарам абвесцяць, заўтра – таго, хто яго з трона саштурхне… З чаго б ім узаконьваць звычай каралёў з трона зганяць? І ўрэшце ўсе з Расеяй дамовяцца і падзеляць Рэч Паспалітую між сабой. А Панятоўскага, калі з розумам падысці, любы выкарыстаць можа. Ён не злы, не дурны, і пра патрыятызм сантыменты мае, але слабы. Пляменніка Станіслава адправіў у Парыж, да сваёй сардэчнай сяброўкі мадам Жафрэн, гаспадыні моднага салона, якая называе Цялка “дарагі сынок”. А хлопец так адчытаў дзёрзкую плебейку за непаважлівыя словы пра дзядзьку, што яна дасюль паверыць не можа. Мне давялося кансультаваць мадам, дык я ад яе паўгадзіны слухаў развагі, як жа гэта пятнаццацігадовы хлапчук аказаўся больш ганарысты ды смелы за дзядзьку-караля!
– Табе што, Цялок падабаецца? – абурана выгукнуў Пранціш. – Ды ён хутка дзяржаву загубіць! Чужаземныя войскі пусціў гуляць, як хочуць! Нясвіж разрабавалі, Слуцак! Панятоўскі, можа, і някепскі чалавек. Але як кароль – толькі замінае Айчыне. Пан Рысь мне распавёў, што Валконскі, якога з Санкт-Пецярбурга даслалі замест Рапніна, прыгразіў, што пакарае Чартарыйскіх, калі будуць надалей недакладна выконваць волю імператрыцы. Панятоўскі абурыўся – Чартарыйскія ўсё ж ягоныя сваякі, Фамілія. І з боку расейцаў што за нахабства – як можна караць замежных падданых? А Валконскі яму: “Нiколi не думаў, што вашая каралеўская мосць можа вымавiць такое слова. Данясу пра ўсё майму двару…” Нават сцвярджаць, што мы – не Расія, на іх погляд, нам нельга! Так што для нас лепей, што ў Еўропе Станіслава Аўгуста абвесцяць дыктатарам!
– І Цялок – палітык ніякі, – уздыхнуў Лёднік. – Лепей бы і далей Шэкспіра перакладаў, а не вырашаў лёс радзімы. Але што загадаеш асабіста мне, праваслаўнаму дысідэнту, рабіць? Шаблю браць і ісці караля скідаць? Альбо паспрабаваць нарэшце хоць пад ягонай пратэкцыяй зладзіць першую медычную школу на Беларусі? Да таго ж я магу прыўнесці туды, чаго ні ў воднай медычнай школе свету больш не будзе…
Апошнія словы Лёднік прагаварыў з нейкай прытоенай жарсцю, уперыўшыся мройным паглядам у сцяну, на якой пагойдваліся карункавыя цені ад лістоты маладых каштанаў – нібыта нехта лавіў залатой сеткай скрушлівыя прывіды. Пранціш Вырвіч нахмурыўся.
– Гэта ты пра асаблівыя веды, якім цябе вучаць сябручкі, гэтыя падлючыя Бяскоўскі ды барон дэ Вард, якіх мы ўжо дзве гадзіны лішнія чакаем?
– Яны смелыя вучоныя! – напяўся Лёднік. – Ignoti nulla curatio morbi,[2] таму варта ісці на рызыку. Ты разважаеш, быццам невук…
– А ты – як даверлівы дурань, якому толькі пакажы бляск на паверхні вады, скочыць у яе золата шукаць! – Пранціш сярдзіта нахмурыўся. Відаць было, што спрэчка гэткая не першы раз. – І спадар Жан Жылібер табе колькі разоў казаў з імі не звязвацца! Бяскоўскі адно глядзіць, як тваіх пацыентаў пераманіць. А барон, мецэнат ваш усемагутны, людзей за смецце ўважае. Ты не задумваўся, з чаго б то ён з табой такі мілы? У госці прыязджае, хоць у тваім дамку нават асобнага пакоя пад сталоўню няма? Быццам кот кавалак сала аблізвае, перш чым зжэрці.
Лёднік хацеў запярэчыць, але зноў пачуўся грукат: пані Саламея, устрывожаная спрэчкай, выпусціла з-пад увагі прыціхлую Сафійку… Цяпер тая сядзела ля адчыненай шуфляды адной з шафаў, ледзь утрымліваючы ў ручках штосьці бліскучае, металёвае, такое цікавенькае…
– Цаца!
– Донечка, не чапай! – доктар кінуўся да малечы, як віхор, нагадаўшы Пранцішу пра часы слаўных боек, калі за рухамі ўзброенага шабляй Лёдніка ўсачыць было немагчыма. – Гэта абцугі для…
Бутрым абсёкся і не стаў тлумачыць, для чаго, а вось расціснуць маленькія пальчыкі дактароўны на спакуснай цаццы аказалася няпроста. Урэшце абцугі ўпалі проста доктару на нагу, ад чаго той засычэў, не раўнуючы, як змяюка на распаленай блясе.
– Тата, далуй!
На каленках у маці Сафійка сядзець не захацела, да ўласных лялек засталася халоднай, як каралева – да звольненых фрэйлін, таму Лёднік вываліў для свайго чарнавалосага шчасцейка на падлогу цэлую гару бясшкодных (здаецца) забавак, ад трубкі для праслухоўвання хворых да ватных шарыкаў. Пранціш паглядаў, як чароўнае дзіцяня у белай кашульцы з карункамі шчасліва перабірае медычныя прылады, і ледзь утрымліваўся ад смеху. Праўда, хутка яго ўвагу зноў паглынула размова, бо Баўтрамей пачаў распісваць Саламеі незвычайную карысць, якую прыносіць супраца з ягонай мосцю баронам ды смелым даследчыкам Альфонсам Бяскоўскім.
– Вядома, як доктар, Альфонс мне саступае, затое ягоныя ідэі проста бліскучыя! Я б не наважыўся сам на такое… – вочы полацкага Фаўста фанатычна гарэлі. – Мы вывучаем мозг чалавека! Гэта… гэта цуд! Новы свет, неспазнаная стыхія, куды больш значная, чым усе бойкі свету! І ніякай магіі. Яшчэ Гіпакрат прапанаваў рабіць трэпанацыю чэрапа пры эпілепсіі альбо калі чалавек аслепне. Гален лекаваў пухліны мозга… Кельсус удалыя аперацыі рабіў, Галеніюс Пергамен, Берэнгарыа да Капры, – так і ўяўлялася, што Лёднік стаіць за кафедрай, апантана ўбіваючы мудрасць у галовы студыёзусаў, што і ёсць самай складанай аперацыяй на мозгу. – Чунь Лі, з якім мы ў Вільні сябравалі, расказваў пра кітайскага доктара Хуа То. Ён паўтары тысячы гадоў таму рабіў трэпанацыю і вынайшаў абязбольваючы сродак пад назвай ма фей сан. Бяда, што цяпер мы такому развучыліся, веды страчаныя, і пацыенты альбо паміраюць, альбо – паралюш. А ў барона і Альфонса незвычайна дакладныя звесткі пра структуру мозга – мне такіх ні разу атрымаць не ўдалося, і зусім дабрачынна мне іх перадалі! Трэба толькі зразумець, як на гэты орган уздзейнічаць – і хворыя, раней невылечныя, ацаляцца!
– Не дай Гасподзь мне так ацаліцца, як вы некаторых ацаляеце, – скрозь зубы прагаварыў Вырвіч. Лёднік нечакана сумеўся, перахрысціўся, бляск у ягоных цёмных вачах прыгас.
– На жаль, лекар – не Гасподзь… Здараюцца памылкі, няўдачы… Трэба працаваць, даследаваць…
– Ці не тых небаракаў даследаваць, што знікаюць у бедных кварталах Ліёна, а потым іх знаходзяць з прабітымі чарапамі? – злосна прагаварыў Пранціш, і Саламея здрыганулася, з жахам падняўшы вочы на мужа. Але той шчыра абурыўся.
– І ты туды ж, Вырвіч! Выпускнік Віленскай акадэміі! Як можна патураць забабонам цёмнага натоўпу! Гэта брудныя чуткі, якія распускаюць праціўнікі прагрэсу! – перавёў вочы на жонку, вусны яго пакрыўджана здрыгануліся. – Ты што, Залфейка? Ды я лепш сябе заб’ю, чым чалавека дзеля доследаў замучаю. Я раблю аперацыі – толькі калі сапраўды іначай не дапамагчы. Да таго ж чалавек – істота кволая і неасцярожная, небарак з прабітымі галовамі кожны дзень у бальніцу возяць, практыкі хапае. А так… Як і ўсе калегі, на пацуках эксперыментую… Нябожчыкаў ускрываю – на анатамічны тэатр маецца дазвол. Тут не ставяць на магілы жалезных “ахоўнікаў смерці”, як у Шатландыі.
Сапраўды, звычай шатландцаў накрываць магілы жалезнымі кратамі пачалі пераймаць па ўсім свеце, бо чым больш пладзілася студэнтаў-медыкусаў, тым больш квітнеў бізнес выкрадальнікаў трупаў.
Вырвіч выразна скрывіўся, але не паспеў выказацца, бо Саламея з жахам ускрыкнула, гледзячы ў кут пакоя. На фоне цёмнай шафы вымалёўвалася маленькая фігурка Лёдневічанкі ў белай, месцамі, праўда, ужо завэдзганай, кашульцы. Паненка з цяжкасцю трымала перад сабой жоўты чэрап, занадта прыплюснуты, каб належаць звычайнаму чалавеку, і цікаўна ўзіралася ў разгубленыя пустыя вачніцы.
– Дзядзя!
Сафійка прагаварыла гэта вельмі задумліва проста ў пляскатае касцістае аблічча новага сябра, не падазраючы, што нагадвае аднаго нерашучага дацкага прынца. Лёднік рынуўся да дачкі і выхапіў з тоненькіх, далікатных, як пялёсткі пралескі, ручак чарговы трафей.
– І як яна яго выцягнула з шафы? Гэта ў пячоры знайшлі, са слядамі трэпанацыі… Выкупіў быў…
– Аддай дзядзю!
Ад адчайнага плачу юнай Лёдневічанкі скалануліся нават цяжкія кніжныя шафы з цёмнага моранага дубу, а васковыя муляжы ледзь не заварушыліся.
– Што здарылася з мадэмуазэль Сафі? – пачуўся вясёлы голас мадам Жулі, нізенькай пухленькай францужанкі – здаецца, не ходзіць, а коціцца, – якую Лёднікі нанялі дапамагаць па гаспадарцы. – Што нарабіла неслухмяная мадэмуазэль, пакуль Жулі мусіла збегаць на рынак?
Усе з палёгкай уздыхнулі. А Сафійка сумленна зірнула на прыслугу вялізнымі вачанятамі-вішанькамі і, выціраючы ўпэцканыя далонькі аб калісьці бялюткую кашульку, вымавіла яшчэ два чароўныя словы:
– Палдон, мадам!
Так, Сафійка была вельмі разумнай дзяўчынкай і хутка ўсяму вучылася.
Калі расчуленая мадам Жулі з чароўнай Лёдневічанкай на руках сышла, размова пра палітыку, аднак, не разгарэлася саломай. Лёднік абвёў вачыма разгромлены родным анёлачкам пакой – разбітыя васковыя муляжы, раскіданыя па падлозе медыцынскія інструменты і ватныя шарыкі, высунутыя ніжнія шуфлядкі шафаў, з адной тырчэла чыясьці пажаўцелая костка, нібыта нябожчык спрабаваў выпаўзці на свет Божы. Уздыхнуў і выцер чамусьці спацелы лоб:
– Та-ак, мне яшчэ трэба вучыцца быць бацькам. Як я шкадую, што не быў з вамі гэтыя паўтара гады… Зноў прапусціў, як маё дзіця расце. Алесь таксама без мяне першыя гады правёў, першыя крокі зрабіў…
Пранціш хмыкнуў, успомніўшы, як фанабэрысты доктар упершыню даведаўся, што ў яго ёсць сын – таму было ўжо тры гады, і ён лічыўся сынам пана Цыпрыяна Агалінскага. За права самому выхоўваць сваё дзіця доктар заплаціў дужа дорага, на любыя пакуты ішоў… Як жа добра, што хоць шчырая любоў да сямейных змушае полацкага Фаўста забывацца нават на свае падазроныя эксперыменты. Лёднік падсеў бліжэй да жонкі:
– Думаю, яшчэ трохі часу ў нас ёсць, пакуль мост паправяць, паны лекары да нас дабяруцца… Распавядзі, як у Караблях?
Маленькую вёску Караблі Лёднік атрымаў у падарунак ад вялікага гетмана Міхала Казіміра Рыбанькі разам са шляхецтвам, калі выратаваў яго на полі бойкі. Гаспадары з Лёднікаў былі слабыя да кпінаў Пранціша. Прыбытку атрымлівалі менш чым мала – затое мужыкі не галадалі, замест паншчыны наймаліся за грошы. А іх дзеткі вучыліся грамаце ў школцы, якую час ад часу хтось з удзячных пейзан спальваў. А як жа не спаліць, калі на дарэмшчыну ад пана-чарнакніжніка дасталося?
– Была там перад ад’ездам, – тонкія пальцы пані Саламеі, у дзявоцтве Рэніч, нібыта мімаволі перапляліся з пальцамі мужа. – У суд выклікалі.
– А што здарылася? – захваляваўся Лёднік, пяшчотна лашчачы рукой, што прывыкла цвёрда трымаць скальпель і шпагу, тонкую руку жонкі.
– Працэс наконт чараўніцтва, – чамусьці іранічна адказала пані, хаця тэма палявання на ведзьмаў для абаіх Лёднікаў была балючай, зведалі яго на сабе. – Ды не палохайся адразу… Двое сялян ішлі ноччу з царквы і ўбачылі, як падае аэраліт… Вырашылі, што гэта неадменна ззяе золата, якое нясе хаваць цмок. Сабралі грамаду і пайшлі капаць прыблізна на тое месца, куды нябёсны агонь упаў. Капалі па начах і наторкнуліся на цвёрдую пліту. Ну ўсё, думаюць – скарб! Але пакуль расчысцілі, пліта знікла. Вырашылі – чараўніцтва, і пабеглі да крывой Лукер’і. Памятаеце, якая ў скрайняй ад лесу хаце жыве?
Пранціш прыпомніў, як падчас візіту ва ўладанне сяброў, якія так і не патрапілі збудаваць там сабе прыстойную сядзібу, ім усе раілі пра надвор’е даведвацца не па замежнай штуковіне “барометры”, а ў нейкай Лукер’і, якая як у ваду глядзіць.
Невядома, у якую ваду глядзела Лукер’я цяпер, але запэўніла, што грошы ёсць, толькі трохі на захад ад яміны. І выкопваць іх неадменна трэба ў час поўні, пасля таго, як два разы прапяюць пеўні. Што напачатку трапіцца вялікі камень, тады смецце, тады чорныя чарапкі, тады мядзяны кацёл з золатам. Сведкі няўцямна мармыталі яшчэ пра сабачую галаву, якую належала закапаць на месцы катла. Хітры сродак перавесці праклён, каб той, хто выкапае золата, галавой не наклаў.
Абнадзееныя мужычкі ператварыліся ў кратоў яшчэ на месяц… Пакуль агонь, які яны палілі ў яміне, не заўважылі з суседняй вёскі. Ясная справа, і там вырашылі – скарб знак падае! Непадалёк ад караблёўскіх іншая кампанія таксама давай капаць яміну… А вядома, чым больш людзей – менш таямніцы. І абедзве банды арыштавалі. Выявілася, што шчыравалі яны на месцы цагельні, вось і сустракаліся “пліты” з рассыпанай цэглы ды застылая гліна… І давай адны вінаваціць другіх у тым, што чараўніцтвам золата адвялі!
Карацей, каб спыніць справу, грошай пані Саламеі давялося ляснуць, відаць, столькі, колькі скарбашукальнікі спадзяваліся выкапаць.
– Так што нікога не спалілі, не пасадзілі…
Доктар вінавата прыабняў жонку, відаць, падумаўшы, колькі давялося ёй адной перажыць падобных турботаў… А Пранціш мімаволі адвярнуўся да акна, за якім прасявалася сонца праз травеньскую наіўна-зялёную лістоту: каб усё склалася іначай, ён і сам зараз трымаў бы за руку жонку і зазіраў у зялёныя русалчыны вочы, што ўмелі выпраменьваць такую любасць… Дзе тая Раіна Міхалішыўна, былая акторка слуцкага тэатра і асістэнтка вандроўнага авантурыста графа Батысты? На якой сцэне выплятае інтрыгі ды танчыць на вуголлях?
Парсючок зусім паспеў астыць, калі ў суправаджэнні цэлай світы лёкаяў нарэшце заявіліся госці, кленучы нетрывалыя масты лангедокскіх узвышшаў. Пранціш абодвух прыхадняў любіў, як дзірку ў новым боце. Барон Мішэль дэ Вард, немалады, расплывісты, з вечнай паблажлівай усмешкай, не хадзіў, а насіў сябе, важна абапіраючыся на ўпрыгожаную дыяментамі ды рубінамі кульбачку. Такія сытыя напудраныя фізіяноміі можна ўбачыць на асамблеі шэрагамі, як спелыя гарбузы на градзе… Калі б не вочы. Светлыя, як лёд, але занадта пранізлівыя. Застрашліва пранізлівыя для спешчанага арыстакрата былі вочы ў барона дэ Варда… Падобныя Пранціш бачыў у некалькіх чалавек – і сустрэча з кожным заканчвалася дурной містыкай і смяротнай рызыкай.
У Лёдніка таксама вочы маглі падобнымі рабіцца. І не самыя дабрадзейныя ўчынкі ў гэткія моманты полацкі Фаўст утвараў, каб пасля раскайвацца ды чытаць канон святым пакутнікам Кіпрыяну ды Юстыніі.
За спінкай крэсла, якое заняў барон, адразу намаляваўся ягоны лёкай з выцягнутым, як ад вечнага расчаравання, тварам. Барон няўважна перадаў яму сваю кульбачку, працягнуў назад, не гледзячы, руку, і лёкай уклаў у яе белую шаўковую сурвэтку, ад якой нават на адлегласці пахла вербенай.
Пан Альфонс Бяскоўскі быў не такі прадстаўнічы, як барон, худы, як пуга, насаты, але пагляд меў непрыемны. Ды яшчэ вочы яго, вадзяніста-зеленкаватыя, мітусіліся, як гарошыны ў шалбера, што сядзіць на рынку і прапануе адгадаць, пад якой з трох чарачак схаваная тая гарошына. Прадзед пана Альфонса быў з Польшчы, ваяваў у войску Багуслава Радзівіла, што прыняў бок шведаў, і разам са шведамі пасля іх паразы і з’ехаў. Сам пан Альфонс прыехаў з Парыжа ў Манпелье паўгода таму разам з баронам. Кліентаў ачмураў галантна-вучоным балбатаннем, як Пранціш карчмароўнаў. Праўда, многія багатыя пацыенты ўсё роўна выбіралі маўклівага змрочнага Лёдніка – толькі той кліентаў на свой густ адсяваў. Мог бясплатна падлячыць, калі цікавы прэцэдэнт, ну і калі трэба ратаваць жыццё – не вагаўся. А так – ніякімі грашыма не спакусіць ліцвінскага доктара, шкада яму траціць час на банальны раматуз графіні.
Першы іхні год у Лангедоку Пранціш успамінаў, як пільнавальнікі сармацкіх нораваў на Літве – пракаветнае залатое стагоддзе. Маўляў, тады ўсе дзеўкі былі прыгожымі ды цнатлівымі, і на адным сцябле расло па пяць каласоў. Калі прыехалі ў Францыю, Лёднік у шпіталі Жана Жылібера ледзь не начаваў, лекцыі ў медычнай школе слухаў, тады і сам пачаў іх чытаць. А ў батанічным садзе ў квартале Брота, які Жылібер за свой кошт заснаваў, на пару з апантаным батанікам кожную травінку абнюхаў…
Пакуль не з’явіліся “прагрэсіўныя дактары”, і, даведаўшыся пра заезджае, хаця й барбарскае, свяціла, не далучылі яго да сваіх таямніцаў, раз ужо не ўдалося завабіць да сябе Жылібера.
А ў апошняга тут жа пачаліся непрыемнасці, нібыта хтосьці крыкнуў “ату”. Некаторыя даследаванні давялося згарнуць. У батанічны сад прызначылі адміністратараў настолькі недасведчаных, што як знарок пачалі губіць каштоўныя раслінныя зборы.
Парывісты і патрабавальны – возьмуцца з Лёднікам спрачацца, ледзь шыбы не лопаюцца, але сумленны Жан Жылібер, з грубаватым абліччам і высокім ілбом, Пранцішу падабаўся. Не нашмат старэйшы за Пранціша, нарадзіўся ў вёсцы, не з багацеяў – а столькі паспеў дасягнуць! Выкладаў батаніку, анатомію, хірургію, збіраў народныя песенькі, вырошчваў рэдкія расліны… Праўда, Пранціш аніяк не мог падзяліць рэспубліканскіх перакананняў Жылібера. Той сябраваў з Вальтэрам, Русо і Дзідро, у салоны блюзнерскія матаўся і любіў вярзці пра роўнасць саслоўяў і разбэшчанасць “прывілеяваных класаў”, патрапляючы ў лад Лёдніку, гэткаму ж прадсталюдцу. А ў гэтым inter dominum et servum nulla amicitia est.[3] Абодва прафесары, дарэчы, плату з хворых бралі толькі пасля ацалення, а беднякоў прымалі бясплатна. Чым выклікалі шчырае абурэнне калегаў.
І пані Саламеі батанік прыйшоўся да душы. Пан Жылібер быў у іх разам са сваім студэнтам Давыдам Ляйбовічам, пляменнікам полацкага аптэкара Лейбы, якога Лёднік прыхапіў з сабою з Беларусі. Аптэкар у свой час дапамог малому сыну гарбара выйсці ў людзі, і Бутрым на гэта не забыўся.
Тады за сталом Чорнага Доктара паспрачаліся добра… Але пра патрэбнае. Напрыклад, Жылібер быў супраць залішняга ўмяшальніцтва ў прыроду. Лічыў – замест пігулак ды ўсялякай хіміі лепей дыета ды зёлкі, не падабалася яму і ўжыванне опіуму. А вось Лёднік, былы алхімік, вельмі дык любіў з атрутнымі рэчывамі паэксперыментаваць.
Спрачаліся і як адукоўваць шматлікіх самадзейных павітух.
Пытанне было вельмі вострым. Кабеты, што дапамагалі парадзіхам, часцяком абвінавачваліся ў вядзьмарстве. Ды й самі спрыялі таму, ужываючы дзікунскія метады, самы бясшкодны – выманьваць немаўля, якое доўга не можа нарадзіцца, цукрам. У Вялікім Княстве Літоўскім дасюль памяталі страшную гісторыю, што здарылася з Раінай Грамычынай, пападдзёй, якую паклікалі палячыць сына Яна Сапегі. Хлопчык памёр, не паспела лекарка ў дом зайсці. Вядома, у няшчасці абвінавацілі Грамычыну. А следства засяродзілася на тым, як падчас дапамогі парадзіхам кабета чаравала. Паўтара года кабету катавалі. Дарэмна абаронца прамаўляў: «Што дзяцей малых абкурваць умее, хіба гэта чараўніцтва? Абкурваць жанчын падчас родаў бабровым струменем, пер’ямі жывых курапатак, перастрэлам, мірай ды іншымі зёлкамі свянцонымі, рог адзінарога піць даюць, а таксама арліны камень – хіба гэта чараўніцтва?”
Ад часоў спаленай на вогнішчы Грамычынай метады павітух не надта змяніліся. У век Асветніцтва абкурваць парадзіх пер’ем курапатак? Зладзіць курсы акушэрства пры будучай медычнай школе ў Гародні было неабходна. Пані Саламея, сама добрая лекарка і акушэрка, згаджалася дапамагчы. Давыд па сканчэнні курса фармацэўтыкі меўся працаваць у аптэцы пры будучай медычнай школе.
Шмат высокіх слоў прамаўлялі і кіраўнікі Таварыства прагрэсіўнай медыцыны.
– Колькі ёсць людзей – забойцаў, гвалтаўнікоў, якіх падвяргаюць смяротнаму пакаранню, хаця вінаватая ў іх злачынствах хвароба – паталогіі ў мазгу, – тлумачыў вучоны барон. – Магчыма, пухліны памерам з макавінку, таўшчынёй з валасіну! Гэта, умеючы, можна лёгка выправіць, і in summa[4] чалавек стане бяспечным і нават карысным для грамадства! Вось вам прыклад…
Дэ Вард азірнуўся і крыкнуў у бок дзвярэй:
– Гарганцюа, хадзі сюды, сябар мой!
Лёкай за крэслам барона, здавалася, хацеў прыгнуцца.
У пакой, крочачы, як мог бы крочыць пражскі Галем, увайшоў слуга дэ Варда ў чорнай аксамітнай куртцы з нашытымі на яе залатымі змеямі з галовамі пеўняў – эмблемай Таварыства прагрэсіўнай медыцыны. Пранціш у чарговы раз адвёў вочы: яму заўсёды было вусцішна глядзець на гэтага вялізнага барадатага дзецюка з павязкай на лбе – не дарэмна яму далі мянушку “Гарганцюа”. Нібыта шкляныя цёмныя вочы, рысы твару калісьці, напэўна, нават прыгожыя, уладныя, але зараз нерухомыя, азызлыя.
– Ці задаволены ты сваім жыццём, сябар мой? – мякка спытаў дэ Вард слугу. Той прамарудзіў з адказам трохі больш, чым належала здароваму чалавеку, але адказаў роўна і хрыплавата, гледзячы ў адну кропку, якая знаходзілася дзесьці над левым плечуком дэ Варда, якраз там, дзе гіпатэтычна мусіў сядзець апанент анёла-ахоўніка:
– Я ўсім задаволены, вашамосць барон. Мне жывецца шчасна і спакойна. Дзякуючы літасці і розуму яго мосці барона.
Дэ Вард пераможна агледзеў кампанію, хаця Лёднік і Пранціш ужо дакладна не раз чулі гісторыю выратаванага слугі, і прадстаўленне разыгрывалася для адной Саламеі.
– А між тым гэты няшчасны быў адным з самых страшных злачынцаў свету. Каб яго не спынілі – на ягоных руках з’явілася б кроў яшчэ соцень бязвінных! Яго мусілі павесіць – але ўдалая аперацыя…
– Я сам зрабіў яе ўжо тры гады таму! – насмеліўся перабіць барона Альфонс Бяскоўскі, нібыта замоўчвання сваіх заслуг баяўся больш, чым раззлаваць мецэната. – І ніякіх наступстваў! Restitutio ad integrum!.[5] Гарганцюа нават не пазбаўлены радасці мець зносіны з супрацьлеглым полам.
– Зносіны – гэта не каханне. Ваш кліент больш падобны да механічнай лялькі, чым да жывога чалавека, – з дрыготкай у голасе адказала Саламея, адводзячы вочы ад чарнабародага волата з мёртвым тварам. – Вы кажаце, выправілі злачынцу да лепшага? Але ці ўратавалі ягоную душу? Гасподзь сам вызначыў шлях да выкуплення злачынстваў – шчырае пакаянне. Чалавек мусіць усвядоміць, што нарабіў, і зажадаць выправіцца. А калі вы пазбаўляеце яго такой магчымасці – гэта бязбожна!
Дэ Вард спыніў востры позірк на абліччы пані… Паглядзець было на што. Вялікія сінія-сінія вочы з даўжэзнымі цёмнымі вейкамі, носік, як вытачаны з мармуру, бялюткая скура без зморшчынаў – хіба ў куточках вачэй і паміж броваў, ружовыя вусны, дасканала акрэсленыя… Пранцішу дужа не спадабаўся баронаў позірк. Папраўдзе, пані Саламея была далёка не ў тым узросце, калі жанчына лічыцца асабліва прывабнай для вока… Але ж і памерлая фаварытка французскага караля Людовіка мадам дэ Пампадур не была юнай, калі круціла каханкам, як хацела, ела дзеля захавання маладосці супы з труфеляў ды ўважалася за Венеру. Фаварытка Францыска Другога, а пасля ягонага сына Генрыха Другога Дыяна дэ Пуацье амаль да сямідзесяці лічылася першай прыгажуняй краіны. Можа, таму, што мылася сцюдзёнай вадой і кожны дзень ездзіла конна. І велічная прыгажосць пані Саламеі па-ранейшаму выклікала не толькі павагу… Тым больш, палачанка нічога не рабіла, каб сябе прыкрасіць, і не стала б траціць два дні на “эмаліроўку твару”, як свецкія прыгажуні. Ім тынкавалі аблічча каляровымі пудрамі, і пасля нельга было ўмывацца ды ўсміхацца, каб не пайсці трэшчынамі, як першы лядок на лужыне.
– Празмерная схільнасць да злачынстваў, на маю думку – гэта вар’яцтва, а хіба ацаліць вар’яцтва – грэх? З дапамогай месье Лёдніка мы прасунуліся ў нашай высакароднай справе далёка, як ніколі! – мякка прамовіў дэ Вард, шырока ўсміхнуўшыся доктаравай жонцы. – Ён вынайшаў асаблівае рэчыва, якое ўсыпляе пацыента так, што можна спакойна прасвідроўваць ягоны чэрап ды рабіць любыя маніпуляцыі.
– Праўда, тынктуры не ўдаецца шмат нарыхтаваць, яна нетрывалая, ды яшчэ з пабочнымі эфектамі… Усё іn statu nascendi,[6] – раздражнёна прабуркатаў Баўтрамей. Бяскоўскі замахаў рукамі:
– Ах, што вы, калега, гэта не пабочныя эфекты, а самыя што ні на ёсць лекавыя, in optima forma![7] Вы дарэмна працягваеце доследы, каб ад гэтых эфектаў пазбавіцца. Мяне ваша вынаходніцтва цалкам задавальняе!
– А мяне – не, – адрэзаў Бутрым і кінуў сабе на талерку лыжку салаты. – Я некалькі разоў выпрабоўваў на сабе і ледзь не…
Полацкі Фаўст кінуў хуткі позірк на жонку і змоўк, зразумеўшы, што дарэмна прагаварыўся. Саламея страшэнна гневалася на ягоную прыкуду выпрабоўваць на сабе ўласныя вынаходніцтвы, а часам для такога дактары пераймалі і заразу.
– Мы вельмі зацікаўленыя, пан Лёднік, – прамовіў барон, уперыўшыся светлымі халоднымі вачыма ў змрочнага доктара, – каб рабіць больш аперацый… Вы, з вашай неверагоднай дакладнасцю, з вашай цвёрдай рукой не схібіце. Бо ў пана Бяскоўскага пакуль адзіная цалкам удалая аперацыя – гэта наш Гарганцюа.
Па твары пана Альфонса павуком прабег цень застарэлай зайздрасці і нянавісці.
– Працуйце, працуйце, а разуменне прыйдзе потым, – раптам гучным голасам, сапраўды быццам механічная лялька-аўтамат, вымавіў Гарганцюа, які так і стаяў слупам пасярод пакоя.
Пранціш вылупіўся на слугу, што працытаваў акадэміка-сэнсуаліста д’Аламбера. Гэта было, нібыта засмажаны парсючок на стале раптам ажыў. Разгубленасць прамільгнула ў цёмных вачах Лёдніка, а дэ Вард раздражнёна махнуў рукой:
– Ідзі, Гарганцюа, чакай нас на дварэ.
Волат пакорліва развярнуўся і, цяжка тупаючы, выйшаў.
– Вось, як бачыце, і здольнасць да мыслення ў яго захавалася! – закруціўся ў захапленні ад самога сябе на крэсле Бяскоўскі. Саламея нервова сціснула тонкія пальцы, яе талерка заставалася пустой.
– Дык вы збіраецеся рабіць шмат падобных аперацый?
– Гэта наша мэта, шаноўная пані! – ветліва пакланіўся барон. – Няўжо такое не гуманней за смяротнае пакаранне або зняволенне ў вар’ятні, калі няшчасныя вар’яты жыўцом гніюць, пасаджаныя на ланцугу ў сутарэннях, і выюць ад бяссільнай злосці, незразумелай ім самім? Я не аспрэчваю, магчыма, якіясь з іх апантаныя злым духам, – прымірэнча падняў руку дэ Вард, але Пранціш разумеў, што яго словы проста даніна забабонам гаспадароў. – Калі святому слову ўдаецца выратаваць небарак, добра. Калі ж прычына фізічная, калі гэта проста хвароба – хіба не наш доўг пазбавіць бліжніх пакутаў? De actu et visu,[8] тэхніка можа быць удасканаленая да таго, што ніхто і не западозрыць, што чалавек перанёс аперацыю.
Дзесьці капрызлівы дзіцячы плач засведчыў, што паненцы Сафійцы зноў чагосьці збракавала для шчасця. Пані Саламея рванулася была бегчы туды, але плач сціх і адразу ж змяніўся смехам: Жулі знайшла чым суцешыць гаспадарскае дзіця. Дэ Вард зноў усміхнуўся ўстрывожанай пані, паспеўшы абмераць позіркам яе гнуткі, як у дзяўчыны, стан.
– Мы нічога супраць Бога і прыроды не робім, мадам Лёднік. Напрыклад, на востраве Ява дзікуны спаконвеку дасканала валодаюць методыкай, якую мы толькі намацваем, і самых агрэсіўных чальцоў племені жрацы з дапамогай свярдзёлка і голкі, якую заганяюць у лобныя долі мозга, ператвараюць у ціхамірных пакорлівых працаўнікоў.
Здавалася, жоўты прыплюснуты чэрап з дзіркай, адабраны ў Сафійкі, намагаецца адпаўзці падалей ад прагрэсіўных дактароў, у глыб паліцы.
– Вы не распавядалі пра гэта, вашамосць! – цёмныя вочы Лёдніка зноў загарэліся фанатычнай цікаўнасцю. Дэ Вард прыўзняў бровы ў ветлівым здзіўленні.
– Не можа быць, каб вы гэтага не чулі, дарагі доктар! Не далей чым праз тыдзень у Латэ прыбудзе карабель, які адпраўляецца на Яву з экспедыцыяй, і наш калега Жак Перэс далучыцца да яе. Эксперыменты з псіхікай на астравах проста ўнікальныя! Ёсць, напрыклад, звесткі пра ажыўленне нябожчыкаў. Некаторых тубыльцаў уводзяць у штучную кататонію, хаваюць. Потым жрэц выкопвае небараку, прыводзіць у прытомнаць, чымсьці апойвае – і чалавек нібыта робіцца іншым… А якія там рэдкія расліны! У пана Жылібера блізка такіх няма…
Лёднік слухаў, кусаючы тонкія вусны, і відаць было, гатовы зараз жа сарвацца й плысці на тую Яву. Саламея ўхапіла яго за рукаў: – Бутрым, ты не можаш нікуды ехаць! Ты мусіш выканаць працу, дзеля якой цябе паслалі… Увесну цябе чакае князь Тызенгаўз. У цябе лекцыі. І пра нас падумай…
Лёднік перахрысціўся, нібыта адагнаў ачмурэнне, і пакорліва ўздыхнуў.
– Сапраўды, не да экспедыцый.
– Што ж, яна не апошняя, дарагі месье Лёднік! – суцешыў дэ Вард. – Разумею вашу скруху – нельга паспець усё, што здаецца важным… Таму ці не настаў час выбіраць? Развітайцеся са сваймі ранейшымі абавязкамі, колькі ў вас іх ні было б – і прысвяціце сябе канчаткова нашаму Таварыству. Увесну мы вернемся ў Парыж, і нас чакаюць вялікія справы. Ад заўтрашняга ж дня вы пачнеце атрымліваць плату ў дзесяць тысяч ліўраў у год, у вас будуць неабмежаваныя магчымасці для даследчыцкай працы і перспектывы для кар’еры.
Дэ Вард гаварыў нават суха, не вуркатаў, як над вухам гожанькай прыслугі, ад таго словы былі важкімі.
– Паверце, над намі асобы настолькі магутныя, што вам ніколі больш не давядзецца клапаціцца ні пра грошы, ні пра небяспеку.
Вырвіч сціснуў кулакі… Пракляты француз на здраду Айчыне падбівае! Але Лёднік толькі ветліва пакланіўся:
– Дзякую за шчодрую прапанову, вашамосць. Мае абавязкі не такога кшталту, каб іх можна было разарваць без непапраўнага ўрону для гонару.
Саламея схіліла галаву, каб схаваць усмешку палёгкі.
– У любым выпадку, праз тыдзень мы чакаем вас, шаноўны пан Лёднік, у Манпелье на чарговым доследзе! – не паказаўшы расчаравання доктаравай трываласцю перад спакусай, нагадаў дэ Вард.
– Пацыент будзе незвычайны, які – пакуль сакрэт! – таямніча дадаў Бяскоўскі, падчапіў на відэлец кавалак парсючка і панёс у рот. На твары пана адбілася пэўнае непаразуменне, і ён, памарудзіўшы, выплюнуў штосьці мокрае і белае… Ватны шарык! Калі толькі Сафійка злаўчылася напхаць у страву сваіх забавак? Саламея прыкусіла губу.
– Дарэчы, вашамосць Бяскоўскі, я скіраваў да вас маркізу Панвіль, – няўважна прамовіў Лёднік. – Яе светласць ніяк не можа ўцяміць, што мне бракуе часу на яе банальны катар страўніка. Усяго толькі захоўваць дыету, курс магнэзіі… Ну, самі разберацеся.
– Дзякую, калега, – расцягнуў вусны ва ўсмешцы пан Альфонс. І Пранціш падумаў, што Бутрым так і не растраціў свайго дасканалага ўмення на раз заводзіць смяротных ворагаў ды распальваць зайздрасць.
Грукнулі дзверы. Радасны Алесь Лёднік у суправаджэнні Хвэлькі вярнуўся са школы, прыціскаючы абедзвюма рукамі да сябе нейкую пасудзіну.
– Маю гонар вітаць шаноўнае панства! Шчыра прашу дараваць мне за адцягненне ўвагі вельмішаноўных мосцяў. Вашамосць пан бацька, яны вылупіліся! У той дзень, як я і вылічыў!
Шляхетны паніч урачыста паставіў на стол з засмажаным парсючком слоік, у якім варушылася нешта шэрае і склізкае, і адвесіў паклон па ўсіх правілах свецкага тону.
– Віншую, Аляксандр. Спадзяюся, ты запісаў усе дзеі эксперыменту ў нататнік, – сур’ёзна прамовіў Чорны Доктар, з прыхаваным гонарам гледзячы на радаснае аблічча сыночка. У слоіку штось ажно захлюпала.
Барон дэ Вард асцярожна паклаў відэлец з недаедзеным кавалкам на край талеркі. Лёкай за ягоным крэслам адступіў на крок да сценкі. А пан Бяскоўскі нічога, скасавурыўся на варухлівае паскудства ў слоіку і далей сабе жуе.
– Аляксандр, гэта… гэта не зусім дарэчы! – у роспачы ўскрыкнула пані Саламея.
А Пранціш Вырвіч скрозь смех змог вымавіць толькі адно:
– Харошыя ў цябе дзеці, доктар! Як ёсць бацькавічы…
2
Нельга лячыць неспазнаную хваробу (лац.).
3
Між панам і рабом сяброўства быць не можа (лац.).
4
Урэшце (лац).
5
Поўнае аднаўленне (лац.).
6
У стане зараджэння (лац.).
7
У найлепшай форме (лац.).
8
Паводле доледу і назірання (лац.).