Читать книгу Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата - Людміла Рублеўская - Страница 4
Раздзел другі. Як Баўтрамей Лёднік на востраў Ява з’ехаў
ОглавлениеКажуць, калі засноўвалі друід ды кароль там, дзе зліваюцца Сона ды Рона, горад Ліён, на ўзгорак наляцела варання, як мух на разлітае сочыва.
Нашчадкі гэтых птушак, дзяцей старажытнага бога Луга, раскашаваліся й цяпер і над антычнымі акведукамі, і над шматлікімі гарбатымі мосцікамі і сярэднявечнымі саборамі, падобнымі да стамлёных рыцараў. І, вядома, сыпалі здзеклівае сваё крумкатанне чорныя Лугавы дзеці на тлумную плошчу Бялькур, чые каштанавыя прысады яшчэ не страцілі белай квецені…
– Месье Барталам’ю! Месье Лёднік! Рады вас бачыць!
Руку Чорнага Доктара з энтузіязмам трос багата апрануты мажны пан, на ягоных грудзях паўзверх чорнага аксамітнага камзола пабліскваў залаты ланцуг.
– Ніколі не забудуся, як вы нас выратавалі!
Рады, як на сто коней сеў.
Каля пана ў чорным камзоле ўсміхалася пані ў ружовай сукенцы, падобнай да клумбы. За іхнімі спінамі, як сціплы статыст за дэкарацыямі антычных развалін, стаяў слупам малады чалавек з абыякавым тварам. Занадта абыякавым для здаровага.
– Наш П’ер нарэшце бачыць сонца! Яго не трэба замыкаць, мы можам хадзіць з ім на людзях!
Пані плакала ад шчасця, як сыр на сонцы.
У маладога чалавека былі невыразныя вочы і капялюх, насунуты дастаткова нізка, каб схаваць шнары ад аперацыі.
Вараннё колішняга Лугдунума, цяперашняга Ліёна, марудна кружляла над плошчай Бялькур, выглядаючы чарговую ахвяру.
– Я не пярэчу, каб ты займаўся даследаваннямі мозга, Бутрым, – перарывістым голасам шаптала сінявокая гожая, як антычная статуя, пані. – Ты вялікі вучоны… Але будзь асцярожны. Не пераступі мяжы…
– Ты мая ля біш… – ціха прагаварыў яе спадарожнік, высокі хударлявы цемнавокі мужчына, і пацалаваў ёй руку, нібыта дзюбнуў носам. – Мая козачка… Тут гэта самае ласкавае азначэнне для любай. Я… пастараюся не пераступіць мяжы.
Але абяцанні апантаных людзей каштуюць не болей, чым “місісіпійскія акцыі” шалбера Джона Ло. Папрадаваў іх французам, што праглі займець дармовага золата, знойдзенага ў амерыканскай Луізіане, а заміж таго страцілі родныя ліўры.
У кабінеце, дзе кніжных шафаў было больш, чым паветра, пан Жан Жылібер, у свае дваццаць дзевяць вядомы доктар, хірург і батанік, нецярпліва кусаў вусны, пакуль Пранціш Вырвіч, прыхадзень з далёкай барбарскай краіны, вывучаў пакамечаныя паперы, якія быццам курыца лапай скрэмзала.
– Бачыце, месье Вырвіч, па ўсіх рахунках з мясцовых лавак выходзіць, што ў доме барона дэ Варда жыве нашмат больш чалавек, чым лічыцца. Прычым звярніце ўвагу – мяса, зеляніна, хлеб у такіх вялікіх колькасцях закупляецца самага простага гатунку – нібыта для ўтрымання звярынца. Да таго ж таемна, праз падстаўных асобаў. Бо для панскага стала прыслуга набывае ў іншых лаўках.
Гадзіннік, што ўпрыгожваў будынак Ліёнскай медычнай школы, адбіў Час Змяі, які, як вядома, пачынаецца а другой, калі ў сярэдзіну светлага дня запаўзае прадвешчанне цёмнай пары.
– Нічога дзіўнага, што ў медычным таварыстве ўтрымліваюць звярынец для доследаў? – паціснуў плячыма Вырвіч. – Лёднік сам прызнаваўся, што яны ў мазгах няшчасных жывёлак калупаюцца. А пра таямніцы… У Бутрыма ў Віленскай акадэміі ў сутарэннях таемная лабараторыя была, якую айцы-езуіты забаранялі. Я сам колькі разоў дапамагаў яму там трупы патрашыць – і людзей, і звяроў. Праўда, без асаблівай ахвоты. Не маё гэта.
Пранціш дасюль памятаў сваё здзіўленне, калі Жылібер падзяліўся светлым успамінам дзяцінства: як патрапіў на ўскрыцце трупа ў анатамічны амфітэатр, і якое захапленне ў яго выклікала відовішча зладжання арганізма знутры.
Шаноўны анатам адзначыў пазногцем радок у адной з папер:
– “Па начах жа пане мой дабрадзею крычаць у сутарэннях тут як душы ў пекле крычаць хто не ведаю але многа так аж мне страшна робіцца асабліва ж як бачыў валакуць у тыя сутарэнні а на галовах мяхі ж уздзетыя”… Тут ужо ёсць за што зачапіцца! Я даўно марыў неяк прыціснуць гэтых прыблудных прагрэсістаў у пудраных парыках. Варта было нешта супраць іх метадаў выказацца ды адпрэчыць запрашэнні – усё… У іх жа хаўрусе – бароны, маркізы ды біскупы. Не разумею, чаму Барталам’ю не заўважае, як ягоныя новыя сябры насамрэч да яго ставяцца, пераглядаюцца пагардліва за спінай, а ў твар – “ге-еній”… А мне ўчора сказалі ў магістраце, калі не саступлю стаўленнікам прагрэсістаў практыку ў шпіталі, не заплацяць за батанічны сад. А я туды ўсе грошы свае ўваліў!
Жылібер стукнуў даланёй па дубовай стальніцы, нібыта спадзяваўся высекчы адтуль, як жарынкі крэсівам з крэменю, залатыя манеты.
– Калі што – застанецца мне торбу цераз плячо ды ў якасці вандроўнага цырульніка ісці зубы ірваць па вёсках, па сантыме за паслугу. А тут такая падстава паноў выкрыць… Тое, што зараз скажу, я гаварыць староннім не павінен, – Жылібер востра зірнуў на суразмоўцу, і Пранціш урачыста пакланіўся, пацвярджаючы – шляхціц таямніцу не выдае.
– У Ліёне дзве масонскія ложы. Адна, дзе больш арыстакратаў, з панамі-прагрэсістамі сварыцца не хоча. У другой, нашай, якая называецца “Дасканалая гармонія”, ёсць тыя, хто дужа не любіць Бяскоўскага, а дэ Варда ненавідзяць яшчэ за ягоныя парыжскія справы.
– А што ён вытварыў? – зацікавіўся Пранціш, якому дэ Вард нагадваў нейкае агіднае марское стварэнне, халоднае, вялізнае і бязлітаснае – слізгае каля цябе ў цёмнай вадзе, і не ведаеш, ці адразу глыне, ці нагу адхопіць.
– У судзе нічога не давялі, але гаворка ішла пра выкраданне дачкі аднаго збяднелага двараніна, – Жылібер скрывіўся, як ад смуроду. – Гэтыя радавітыя вычварэнцы Калігулу ды Нэрона здзівілі б сваймі гнюснымі забавамі.
Пранціш трохі нахмурыўся ад чарговага рэспубліканскага выпаду французскага знаёмца – у спрэчках пра “выраджэнне арыстакратыі” ім ніколі не прыйсці да згоды. Жылібер уздыхнуў.
– Эх, калі б удалося даведацца, чым насамрэч займаюцца ў Таварыстве, ды шум падняць, прынамсі, шпіталь ім не аддадуць. Хто ж туды пойдзе лячыцца, ведаючы, што стане ахвярай бязбожных доследаў? Ды й, магчыма, удасца з горада шалбераў выжыць – з Парыжа дэ Вард і Бяскоўскі не па сваёй волі з’ехалі. І пан Лёднік, калі даведаецца праўду, адумаецца – чалавек ён прыстойны… Але само неба нам спрыяе!
Батанік горача перахрысціўся – Вырвіч успомніў, што той мусіў стаць па волі бацькі святаром, пакуль не падгледзеў цікавае ўскрыццё трупа.
– Я б нічога не намеліўся сам выведваць, а тут у дом дэ Варда ўзялі прыслугай небараку, які абавязаны мне жыццём. Ён пасля траўмы кепска гаворыць, але паны не ведаюць, што гэты лядашчы бядняк, якога ў горадзе ўважаюць за дурылу, умее чытаць і пісаць. Так што Агюст, падслухаўшы, што мяне хочуць знішчыць, сам прапанаваў дапамогу. Але ў судзе з яго сведка, як вы разумееце, ніякі.
Жылібер пацёр рукой лоб з раннімі зморшчынамі. Анатамічныя малюнкі, развешаныя па сценах кабінета ўперамежку з засушанымі раслінамі ў зашклёных рамачках, нагадвалі пра буцвенне, цвіленне, паміранне ды іншыя вартыя для роздуму добрых хрысціян рэчы.
– Калі б толькі месье Барталам’ю Лёднік не быў такім упартым… Адзін спадзеў – вы, месье Вырвіч, яго ўгаворыце, каб разведаў, чым там у сутарэннях займаюцца. Пакуль жа – не хоча і слухаць, што справа Таварыства – з гніллю, ды спасылаецца, што слова даваў, сам не стане лезці ў сакрэты калег. – Калі слова даў – памрэ, не парушыць. Мяне вунь ні разочку з сабой на іх доследы не ўзяў – забаронена, маўляў, старонніх прыводзіць, – задумліва прамовіў Пранціш, а ў душы паступова разгаралася знаёмая жарынка, і вось ужо нішто сабе вогнішча так і паліць прагай новых прыгодаў.
– Я сам усё разведаю! – рашуча заявіў Вырвіч. – Мне не ўпершыню. Уга, у якіх жорнах давялося пабываць! Замкі любыя адчыняю звычайнай шпількай – Лёднік сам вучыў, калі мы пані Саламею ў Слуцкім замку вызвалялі. Зброя мая не хібіць!
Пранціш, як маланка бліснула, выхапіў верную шаблю, якую зваў па імені радавога герба Гіпацэнтаўрам, выпісаў у паветры хітры вензель – ажно засвістала.
– Падумаеш, нейкія падазроныя лекары… Ваш слуга ўпусціць мяне, каб я ў сутарэнні зазірнуў?
Жылібер сярдзіта пераклаў з месца на месца выпускі Венскага медычнага штогодніка, быцам шукаў на іх старонках парады.
– Не, не варта так рызыкаваць… Вы, месье Вырвіч, асоба вядомая – асабліва пасля двубою з пляменнікам біскупа, вас могуць пазнаць. А ў доме – цэлы маленькі гарнізон. Лепей усё-ткі пан Лёднік, як сябра Таварыства…
– Не! – заматаў галавой Пранціш. – Дэ Вард – не дурань, ведае, прызнайся Лёдніку ў нечым злачынным – той ганарыста сыдзе. А паколькі сыходзіць не хоча, учора вунь, пані Саламея распавядала, сядзеў усю ноч ды маляваў схему мозга, дык усе будуць гуляцца ў свае гульні. Бутрым – “не ведаю ні пра што кепскае”, натура як у таго тура, прагрэсісты – “а ў нас і няма нічога кепскага”. Лёднік на тым тыдні збіраецца ў Манпелье, на іхняе зборышча. Повен дом чужога народу наб’ецца. Лёкаі, фурманы, герольды, гардыяны… Калі зловяць – скажу, Бутрыма шукаў па тэрміновай справе.
Прафесар медычнай школы раздражнёна хмыкнуў.
– Як з малітвай праз дрыгву. Давайце дамовімся, вашамосць Вырвіч. Напачатку вы перагаворыце з доктарам Лёднікам. Калі зноў не захоча дапамагаць – што-небудзь прыдумаем.
Думаць ды мудрыць – і вада са студні збяжыць. Пранціш Вырвіч, былы каралеўскі драгун, не збіраўся чакаць. І нават не стаў раіцца з Чорным Доктарам. Сам усё разведае! Вось здорава будзе торкнуць Бутрыма дзюбатым носам у чорныя справы ягоных улюбёных дактароў! А галоўнае – Пранціш моцна баяўся, што ўпарты полацкі Фаўст так і застрагне тут, на чужыне, паглыблены ў навуку, як жамяра ў жывіцу.
Вараннё кружляла над багатым трохпавярховым домам з белымі калонамі, як бы хтось размешваў у небе вялізнай лыжкай варыва з чорных круп. Ну дакладна прытулак нячыстай сілы! Нездарма кляты дэ Вард прыгледзеў для сябе будынак ля развалін амфітэатра, у якім калісьці адны людцы забівалі другіх на пацеху трэцім. Вырвіч бачыў адмысловыя каменныя раўчукі – каб кроў з арэны сцякала. Мусіць, гінулі тут і першыя хрысціяне, аддадзеныя крыважэрным ільвам…
Напэўна, драгуну варта было цяпер адчуваць сябе гэткім героем-пакутнікам, які засоўвае галаву ў пашчу звера, але ён проста гарэў азартам бойкі. Тым больш, з Лёднікам развіталіся нядобра. Пасварыліся так, што пыл курэў. Варта было рэкнуць пра канфедэратаў, Бутрым зноў пачаў вярзці, ён, маўляў, не шляхціц па нараджэнні, у яго свае ўяўленні пра гонар, і кідацца ў крывавую калатнечу, ад якой пакутаваць зноў простым людзям, ён не абавязаны. А ўдасканальваць сваё лекарскае майстэрства якраз абавязаны. Вырвіч выкрыкнуў, што прагрэсіўныя дактары, з якімі Лёднік сваё майстэрства ўдасканальвае, зграя злачынцаў і распуснікаў. Бутрым забубнеў, што маніпуляцыі з мазгамі не парушаюць волю Госпада, прышчэпак ад воспы баяліся, верылі, што ад іх людзі ператвараюцца ў кароў. Барон дэ Вард, можа, і непрыемны, і з арыстакратычнымі забабонамі, а доследы аплачвае, і вынікі ўнікальныя. Пані Саламея ўмяшалася – і ёй перапала. Полацкі Фаўст заявіў, што ён пабыў ужо чужой рэччу, і хапіла. Нікому не дазволіць перашкаджаць сваім навуковым пошукам ды ўцягваць у шляхецкую палітычную тузаніну.
І дзвярыма на развітанне амаль ляснуў – стрымаўся, каб дачушку не спалохаць.
Бізуноў бы дурню ўсыпаць…
Пад старым каштанам катрыншчык у саламяным капелюшы накручваў нашмараваную да залатога бляску ручку свайго інструмента, упрыгожанага райскімі пейзажамі:
– Да дзвюх сясцёр, у дом ля вады
Прыехаў рыцар малады.
Бінары, о бінары…
Пярсцёнак старшай падарыў,
Бінары, о бінары,
Ды больш малодшую любіў…
Вырвіч успомніў, як спявалі лірнікі ў Менску пад вокнамі канвента езуіцкага калегіума падобную ж песню, пра тое, як сястра забіла сястру з-за гожага рыцара. Толькі тут адна другую ўтапіла, а там яны збіралі ў лесе маліну. А прыпеў гучаў “Грай, пастушку, грай”. Дзе той Менск, дзе тая Беларусь…
Пранціш доўга звыкаў да тутэйшай спёкі – не паходзіш у шапцы з дыяментавым гузам, як належыць шляхціцу. Дамы ўсе каменныя, са светлага пясчаніку, не саломай крытыя – чарапіцай… Нідзе сумленнай драўлянай хаціны не пабачыш! Вуліцы ў мястэчках вузкія і цёмныя, часам вершніку не праехаць. Таполі тут раслі змрочныя, як надмагільныя стоды. Асабліва раздражнялі вока кіпарысы. Нібыта трохі і падобныя да беларускага ядлоўцу, але Пранцішу яны нагадвалі цёмныя лісіныя хвасты. Стаіліся на ўскрайку поля вялізныя лісіцы, вось-вось кінуцца на вандроўніка.
На цэрквачцы ўдарыў звон… Цэрквачка была прысвечаная Святому Роху. Будучы святы нарадзіўся тут, у Манпелье, і ад нараджэння меў знак у форме чырвонага крыжа на грудзях. У свой час святому ўдалося ацаліцца ад чумы, і ён жа ратаваў ад яе іншых. Таму й лічыўся найлепшым абаронцам ад пошасці, а таксама апекуном хірургаў. Цікава, ці апякуецца ён такімі, як Бяскоўскі? На месцы шаноўнага святога Вырвіч пульнуў бы ў падазронага доктара маланкай…
Пляц перад домам дэ Варда, палова якога была аддадзеная для патрэб д’ябальскага Таварыства, увесь застаўлены карэтамі. Пранціш угнуў галаву ў плечы, нацягнуў капялюх з абвіслымі брыламі на самыя вочы. Пад шырокім каптанам вельмі зручненька схаваліся шабля ды пісталет. А спякота сёння – пот ажно слепіць. Дзверы чорнага хода лёгка адчыніліся перад пасланцом з лаўкі зяленіўшчыка – а менавіта такую ролю ўзяў на сябе спрактыкаваны шпег Вырвіч, не паленаваўся цэлы мех з арцішокамі прыцягнуць.
Але калі ў камору прыдыбаў Жылібераў шпег Агюст, Пранціш ледзь не расчараваўся ў сваёй задуме. Гледзячы на пляскаты твар слугі – як па патэльні носам вазілі, а вочы пазіраюць адно на зайца, другое на варону, цяжка ўявіць, што гэты чалавек здатны на штось разумнейшае за цяганне мяхоў.
Але Агюст, які закрумкатаў-замыкаў штось сапраўды няўцямнае, падміргнуў шпегу цалкам разумна, і схітрыўся зрабіць так, каб іхнія манеўры ў бок лесвіцы да сутарэнняў засталіся незаўважанымі. Хаця ў доме сапраўды тоўпілася шмат люду, як на кірмашы, і некаторыя, апранутыя ў венгерскія касцюмы, плячыстыя, са спаласаванымі старымі шнарамі абліччамі, з пісталетамі ды шпагамі за паясамі, дакладна не былі ні лёкаямі, ні кухарамі…
У адным са шматлікіх калідораў пачулася водгулле вучонага дыспуту, нібыта пчолы ў вуллі, куды сунуў нейкі дурань палку… Ці не з’яўляецца гэтым дурнем мнагамудры прафесар Баўтрамей Лёднік – вось ужо хто любіць цвеліць вучоных калегаў! Апошні раз на дыспуце ў Ліёнскай медыцынскай школе пачаў заступацца за венскага доктара Аўэнбругера, што напісаў трактат, як пры дапамозе выстуквання грудной клеткі выяўляць схаваныя хваробы. Небараку Аўэнбругера за ягоную “перкусію” ў Вене высмеялі ды зганьбавалі так, што звар’яцеў і трапіў у лячэбніцу. А тут Лёднік давай даказваць слушнасць ягонай методы! А Чорнага Доктара не збянтэжыш нападкамі, у яго на кожны аргумент – сваіх дзесяць… Ледзь не пабіліся!
Лесвіца, ужо не засланая дыванамі, як у доме, цёмная, з шурпатых каменняў, вяла ўніз, у цемру. Пранціш адчуў сябе фларэнтыйскім паэтам Дантэ, якога валачэ ў чысцец па крутых прыступках касавокі Вяргілій. А той даволі спрытна адчыніў хітры замок на абабітых жалезнымі палосамі дзвярах унізе… Сунуў Пранцішу ў руку ліхтар і, перш чым сысці, так-сяк паказаў на пальцах, удакладняючы мыканнем: вернецца праз чвэрць гадзіны. Шпацыр госця мусіць быць кароценькім, як заляцанні багатай удавы да збяднелага шляхцюка.
Вырвіч, усё-ткі некалькі імгненняў счакаўшы, каб канчаткова прыдушыць ганебную гадзюку страху, націснуў усёй даланёй на створку дзвярэй. Тая падалася наперад са здрадлівым рыпеннем. З цемры прагалу пацягнула смуродам, як сапраўды са звярынца, а яшчэ чамусьці – гнілымі водарасцямі.
А потым…
А потым Вырвіч адплюшчыў вочы і зараз жа зноў заплюшчыў, бо сонца разанула па зрэнках, як татарын па горле баранчыка. Ад даволі адчувальнага пагойдвання цягнула на ваніты…
Пранціш усё-ткі прыўзняў павекі – далібог, хоць манетамі іх падпірай. Над ім абыякава плылі аблокі, сінела неба, спакойнае, як тапелец… Побач пацоквалі капыты, колы падскоквалі на каменьчыках – значыць, ён у экіпажы… А ў горле ўтварылася шостае кола пекла, у якім, згодна Дантэ, ляжаць у распаленых вогненных магілах блюзнеры ды эпікурэйцы. Лёднік, праўда, паблажліва ставіўся да Эпікура, якога лічыў цікавым філосафам: усё на свеце створанае з драбнюткіх часцінак – атамаў, і існуюць толькі іхні рух і пустэча. Бязбожнік, цьху!
Лёднік! Прагрэсіўныя дактары! Сходка ў доме дэ Варда!
Пранціш нарэшце прыўзняўся – свет загайдаўся, як русалка на вярбе. Гэтак смажыла ды вяло ўбакі, калі выпіў тры збаны такайскага віна з адным нясвіжскім войскім, што з’ехаў пасля паразы Пане Каханку за мяжу ды раптам прыжаніўся ў Ліёне. Вось і паўспаміналі землякі Беларусь ад душы…
– Як пачуваецца месье? – пачуўся збоку клапатлівы, але з прыхаванай насмешкай голас. Пранціш вылупіўся, як мог: злева ад яго сядзеў пан Альфонс Бяскоўскі ва ўсёй даўгалыгай красе.
І яшчэ адзін знаёмы голас:
– Горачка якое, набраўся ягоная мосць, як жаба гразі…
А гэта азваўся Хвэлька. Вунь яго спіна наперадзе, там, дзе месца фурмана. Значыць, брычка Лёднікава, а дзе сам доктар?
– Адплыў на Яву, – ветліва адказаў на пытанне Бяскоўскі. Пранціш ажно трохі ачуняў.
– Як гэта? Калі? Чаму?
– А што, пан нічога не памятае?
Вырвіч з цяжкасцю прысеў. Галава была, як цэбар з пяском, так і цягнула зноў прылегчы.
– Вы мне, вашамосць пан Бяскоўскі, мякіну не церушыце… Не мог Лёднік з’ехаць, не развітаўшыся!
– Ну чаму – не развітаўшыся? – здзекаваўся паскудны Альфонс. – Яшчэ як развітаўся! Няўжо і гэтага не памятаеце? А мне мой бацька распавядаў, што ў Рэчы Паспалітай добра піць умеюць…
– Я не піў! – абурана заявіў Пранціш. Бяскоўскі ўдавана скрушна ўздыхнуў.
– Я заўсёды казаў, што такайскае, закупленае ў дэ Фруа, пасля пэўнай колькасці адбівае памяць. Дык вось, шаноўны пан Вырвіч, учора вы ўварваліся ў дом ягонай мосці барона, проста ў лабараторыю ў сутарэннях, дзе мы абмяркоўвалі вынікі чарговай аперацыі. Пачалі шумець і патрабаваць, каб месье Лёднік зараз жа адпраўляўся з вамі на радзіму, ваяваць… Прабачце, не памятаю, з кім і за што. Месье Лёднік узлаваўся… Барон, каб спыніць спрэчку, запрасіў усіх за стол, дзе вы і паказалі, як павінен частавацца сапраўдны шляхціц. Вы так абражалі свайго сябра, што ён заявіў – зараз жа адпраўляецца разам з месье Перэсам на карабель, які адплывае раніцай на востраў Ява. А паколькі месье Барталам’ю чалавек гарачы, і такайскага таксама выпіў, дык мы вас ледзь расцягнулі. Вы доктару шабляй твар падрапалі, ён вас кулаком па вуху прыклаў…
Вырвіч памацаў вуха: а-ёй, сапраўды баліць, распухла…
– Ды вы не хвалюйцеся, доктар дзесьці праз год вернецца. Ну, можа, праз два.
Туман перад вачыма разамгліўся, усё бачылася выразна, як дуля перад носам. Вось толькі нічогенька з таго, што расказваў Бяскоўскі, не вымалёўвалася ў памяці.
– Вы маніце, вашамосць!
Рука сама пацягнулася да шаблі… Гіпацэнтаўр аказаўся на месцы, пры левым баку. Бяскоўскі не змяніўся ў твары.
– Дарую вашу гарачнасць, пан Вырвіч. Вам зараз вельмі нядобра… Але пан Лёднік ясна сказаў, што больш бачыць вас не хоча.
Хвелька павярнуў засмучоны твар.
– Праўда, вашамосць! Пан доктар з дзвярэй толькі высунуўся, злосны-злосны і абдрапаны, сказаў, каб я вас адвёз да пані Саламеі… І ліст мне для пані перадаў. А вы такі былі… Увесь віном абліты. Дзякуй ягонай мосці пану Бяскоўскаму, што паехаў вас праводзіць. А божачкі мае, што ж я пані Саламеі скажу… – гэта Хвэлька ўжо мармытаў сабе пад нос. – Бедная мая пані! Бедныя дзеткі! Толькі прыехалі пані з дачкой, напакутваліся дарогай… Гэта ж успомніць – карэты праклятыя ламаюцца, паненачка захварэла, давялося на караблі плысці… А пана шчэ далей панесла, да дзікуноў! Папёр як ад пугі… І што ягоная мосць Вырвіч яму нагаварыў?
Пранціш бяссільна адкінуўся на сядзенне. Пачуццё віны, злосць на ўпартага Лёдніка… Давёў алхімік усім, што вольны! Зараз, відаць, ужо шкадуе – кінуў жонку, дзяцей… А куды з карабля сярод мора падзенешся? Наступны раз зойдуць у порт, добра калі ў Танжэры. Хіба што Лёднік дадумаецца на першым жа прыпынку сысці ды вернецца да сям’і?
Гэта Пранціш ужо меркаваў перад пані Саламеяй. Хадзіў туды-сюды, прамаўляў, як Станіслаў Аўгуст на сойме, пераконваючы шляхцюкоў адмовіцца ад права ліберум вета… Доктарава сядзела, сціскала тонкія пальцы так, што збялелі. У лісце, перададзеным ад Бутрыма Хвэлькай, было ўсяго некалькі спехам напісаных радкоў. Даруце, маўляў, не хвалюйцеся, вярнуся, але не магу ўпусціць такі шанец – пабачыць надзвычайныя медыцынскія здольнасці тубыльцаў Інданезіі.
Каб тым тубыльцам шашаль пяты патачыў з іхнімі медычнымі цудамі…
– Як жа ён… Праз два акіяны… У яго ж марская хвароба… Напакутуецца. І лекаў з сабой не ўзяў… – нейкім змярцвелым голасам прагаварыла пані. І Пранцішу – як нажом па сэрцы. Трэба ж, не пра сваю крыўду – а пра здароўе збеглага мужа думае.
Вось Алесік крыўды не хаваў. Здавалася, ён цяжэй за ўсіх перанёс раптоўны ад’езд бацькі. Прагаварыў толькі адно:
– Ён слова даў скончыць са мной дослед. Шляхціц не мусіць слова парушаць! Гэта ганьба!
І больш пра татку не гаварыў, зацяўся ды слёзы крадма выціраў. Аднойчы толькі слоікі свае з нечым жывым і незразумелым паразбіваў.
Лета штурхала перад сабой па пыльнай дарозе сонечны вазок. А Саламея і Пранціш вынайшлі тужлівую гульню: усё разважалі, чым зараз мог бы займацца Баўтрамей Лёднік… Вось ён на караблі, разглядае ў падзорную трубу паўднёвыя зоры. Лечыць прыхварэлага матроса. А можа, зашыўся ў кут каюты, і яго самога ванітуе – не пераносіў полацкі алхімік марской гайданкі. А цяпер ён, напэўна, ужо бачыць бераг Афрыкі. Карабель прычаліў, набегла мурынаў, прынеслі мяняць нешта цікавае – слановыя біўні, каралы, какосавыя арэхі на шкляныя пацеркі, самыя надзейныя грошы ў экзатычных падарожжах. А цяпер павінен быў і да Явы даплысці…
Ці шчаслівы там доктар, ці знайшоў, што хацеў? Пранціш уяўляў апантаных пілігрымаў, што не данеслі да свае мэты галоўнага – чыстага сэрца, і таму не ўбачылі Грааля.
…Між камянёў змяя слізгае,
Вільготны след – нібыта смерць.
А мы шукалі браму рая,
Адкуль не поўзаць – а ляцець.
А мы так доўга твань мясілі,
Ламалі голле ўздоўж дарог.
Прыйшлі – а нам не далі крылляў,
Глядзім – а нас не бачыць Бог…
Ліст прынеслі толькі аднойчы. Скамечаны, пажаўцелы… Пані Саламея, калі думала, што ніхто не бачыць, прыціскала паперу да твару, быццам хацела надыхацца аднымі пахамі з мужам, адчуць дотык рукі, што выводзіла літары… Бо з самога ліста нічога нельга было толкам даведацца: тыя ж “не хвалюйцеся” ды “прабачце”.
А справы ішлі ўсё горш… Пан Жылібер, падобна, расцаніў ад’езд Лёдніка як здраду, і з Пранцішам вітаўся вельмі холадна. Можа, не паверыў і ў тое, што Вырвічу нічога разведаць не ўдалося. Тым больш Агюст знік, як сабака на кірмашы: слугі распавялі, сабраў клунак ды падаўся да нейкай далёкай радзіны ў Праванс. Што было цалкам зразумела.
Пацыенты, кінутыя ліцвінскім доктарам, абураліся і, вядома, іх кашалькі і здароўе патраплялі ва ўладанне іншых эскулапаў.
Праўда, тыя хворыя, што не мелі напханых кашалькоў, – ткачы, вугальшчыкі, ды проста жабракі, па-ранейшаму цягнуліся да дзвярэй Чорнага Доктара ў спадзеве на бясплатны ратунак, і маглі задаволіцца лекарскімі ўменнямі ягонай жонкі. Але ж ясна – даходу ад гэтага было не больш, чым зерня ад сурэпкі, хіба хтось з пацыентаў аддзячыць кошыкам яблыкаў ці мяшком вугалю.
Затое Альфонс Бяскоўскі працвітаў. На голую галіну знойдзецца крумкач. Нават у Ліёне, дзе сваіх дактароў як кіем набіта, расказвалі казкі пра цуд-аперацыі, якія пан дасканала ўмее рабіць, нават лепей, чым мог зніклы Чорны Доктар. Да Бяскоўскага і кардынал прыязджаў на кансультацыі, і яшчэ – дзве фаварыткі караля! Праўда, у старога Людовіка Пятнаццатага, асабліва пасля смерці мадам дэ Пампадур, гэтых фаварытак цэлае паселішча адмысловае распладзілася ў Версалі, як у якогась усходняга султана. Любая шылахвостка магла прыстроіцца туды паўлінам хвасты круціць, і нават калі кароль толькі аднойчы хіба ўшчыкнуў яе за дупу, строіла з сябе ледзь не каралеву. Нездарма людзі бунтаваліся – арыстакраты ўбівалі шалёныя грошы ў шаўкі-пудраныя парыкі, адзін капялюх мог каштаваць даражэй за дом простага француза… А той француз яшчэ кучу дурных падаткаў плаціў. Прыкладам, на соль. Кожны мусіў закупляць на год сто фунтаў солі, але забаранялася карыстацца ёй, скажам, каб назапасіць мяса ці гуркі… Хоць прыгаршчамі, але толькі еш! А забарона гандляваць хлебам паміж правінцыямі – нават калі дзесь галадаюць, а праз пару міль булкі чарсцвеюць… Вальтар’янец Жылібер неяк наспяваў горка-жартоўную песеньку, у якой пералічваліся розныя падаткі: “Пяаж, бараж, куцюм, эталаж, лэд, афараж, анаж, шаблаж, гурметаж, танлье, руаж, бушэры, эталанаж, шэ-мінаж, курбаж, ванажы бюісанаж”… Не менш, чым у Рэчы Паспалітай: падымнае, падарожнае, чынш, дзякла, рэйтаршчына, стацыя, жарнавое, лясное, чапавое і гэтак далей. Як любіў бурчэць сын гарбара Лёднік: “Дагуляюцца пудраныя парыкі, прыйдзе на іх мясцовы Вашчыла з віламі!”
Як гэта ў яго сумяшчалася з сяброўствам з “пудраным парыком”, баронам дэ Вардам?
Адзначылі дзень народзінаў Сафіі Баўтрамеевай Лёднік – два годзікі прыгажуньцы. Атрымала ў падарунак парцалянавую ляльку, зараз жа прырабіла ёй крылцы з марлі. І кінула дзеля цікавейшага: старэйшы брат падарыў жывую чарапаху, і Сафійка цягала яе паўсюль і цалавала ў гідкую маршчыністую пыску.
Краем вуха Вырвіч чуў, што адзін з дактароў-прагрэсістаў, які выкладаў ва ўніверсітэце, зрабіў цікавы даклад: вынайшаў новы спосаб лячэння падкаленнай анеўрызмы. Вось бы полацкі доктар у дыскусіі паўдзельнічаў – сам жа калісь гэтай тэмай займаўся.
А пад канец лета прыйшоў ліст з Варшавы, ад князя Антонія Тызенгаўза. Той пісаў, што раз доктар Баўтрамей Лёднік адмовіўся ад даручанага яму задання і не збіраецца вяртацца ў Гародню, яму перастаюць выплачваць пенсію. А ўжо выплачаныя грошы належыць вярнуць, а гэта дзве сотні талераў.
Даклалі добразычліўцы пра ўцёкі Чорнага Доктара.
Вось гэта была параза, як у туркаў пад Хоцінам. Франсуа Рабле, вядома, сказануў неяк, што няма такога багацея, які б ніколі не пазычаўся, і такога бедняка, у якога ніколі нельга пазычыць. А гонар дурны ліцвінскі куды падзенеш? Такія змардуюцца – не папросяць. На зберажэнні, якія пакінуў Лёднік, доўга не працягнеш… Пранціш лічыў, што лепей Саламеі з дзецьмі і Хвэлькай пераехаць да яго – здымаў кватэру каля вайсковай школы, дзе выкладаў, не харомы – але два пакоі маюцца. Ну і на ягоны заробак з голаду не памруць. Узяць яшчэ некалькі радавітых цюхцяяў у вучні, паабяцаўшы зрабіць з іх геніяў фехтавання… Дзякуй Лёдніку – натрэніраваў у свой час.
А вось што далей? Забраць з сабой пані Саламею, калі канфедэраты адправяцца на радзіму? Але доктарава пакуль пра гэта і слухаць не хацела… Бутрым жа павінен вярнуцца! Дый на радзіме паўставала пытанне пра доўг у дзве сотні талераў!
Калі пані Саламея пакавала куфры, каб перабрацца да Вырвіча, з’явіўся сам дэ Вард, з лёкаем ды цяжкой кульбачкай, упрыгожанай дыяментамі. Выпіў нетаропка гарбаты. Распавёў пра дзівосныя расліны Інданезіі. Прапанаваў заплаціць за дом, ну і ўвогуле прызначыць жонцы шаноўнага доктара Лёдніка прыстойнае грашовае ўтрыманне. Вочы барона льсніліся так непрыемна, што й гадаць не трэба было, якой удзячнасці хоча. Саламея, ясна, ганарліва адмовілася. А барону што? Толькі ўсміхнуўся: паскачы, пасвішчы, птушачка, цябе ўжо накрылі сілом.
Праўда, і ў дзіравы нерат можа патрапіцца шчупак. Раптам да мадам Лёднік заявіўся сам банкір з выбачэннямі: аказваецца, на яе імя зроблены вялікі ўклад, і за дом на год наперад заплачана, і за навучанне малодшага Лёдніка ў школе. І не, барон дэ Вард тут ні пры чым.
Пранціш толькі рукамі развёў: няўжо Бутрым расстараўся? Не падазраваў за ім такой дзелавой жылкі. І наставалі часы, якія апісваў Скарына-Палачанін, астролаг не горшы, чым у свой час Лёднік: «Сего году не будеть гібелі солнца ані месеца, но будет соітіе всех седмі звезд, блудящих во знамені небесном, в Рібах, месеца февраля. Оні же напотом, естлі господь бог допустіть, велікое премененіе царств, законов, людей і всех на землі і во водах родящіхся быті знаменують, яковое ж прежде тым не бывало».