Читать книгу На імперыялістычнай вайне - Гарэцкі Максім, Максім Гарэцкі - Страница 3

Пачатак

Оглавление

13 ліпеня, якраз у нядзелю, гадзіне а чацвертай раніцы, калі мы яшчэ спалі, да мяне скрозь сон даляцела дужая каманда:

– Абамунічвай!

Першы крыкнуў фельдфебель Хітруноў, а потым паняслося ад дзяжурнага да дзяжурнага, ад палаткі да палаткі:

– Абамунічвай! Абамуні-і-ічвай!

Шалапутаў выскачыў з палаткі ў адной кашулі, даведацца, што такое, і вярнуўся збянтэжаны, не ведаючы, жартуюць з ім ці кажуць праўду.

– «Гарох» кажа, што вайна… – прамармытаў ён, спалоханы.

«Гарохамі» салдаты завуць звыштэрмінова служачых, укладаючы ў гэтую мянушку шмат знявагі да ахвотнікаў цягнуць вайсковы хамут за казённы гарох. Шалапутаў назваў цяпер так фельдфебеля Хітрунова, і гэта было знакам дужа папсаванага гумару, бо зазвычай у іх былі жартаўліва-прыязныя адносіны.

– Вайна? Адкуль? Якая? Мусіць, нейкае непаразуменне, – праўдзіва быў здзіўлены і я, але зараз прыпомніў сабе словы свайго віленскага знаёмага, вядомага беларускага дзеяча Я. Л., які яшчэ год таму назад казаў з пэўнасцю, што вайна будзе не пазней, як цераз год-два.

Шалапутаў не размаўляў, крактаў і злосна брынкаў банькамі[2] і шашкаю.

Калі мы выбеглі, уся батарэя збіралася на галоўнай дарожцы перад палаткамі. Адзін па адным падыходзілі афіцэры, якіх я дагэтуль і не бачыў, а цераз хвілін пяць, як усе пастроіліся, прыйшоў і камандзір батарэі. Прыняўшы ад дзяжурнага рапарт і паздароўкаўшыся з батарэяй, ён паглядзеў на выстраеных маўклівых людзей, памаўчаў, а потым сказаў сваім троху вугнавым, але гучным камандзірскім голасам:

– Вось, братцы! Прокляты наш вораг – Нямеччына, захацела пакрыўдзіць адзінаверную з намі, рускімі, невялічкую Сербію. Але наш бацюшка-цар гэтага не дапусціць… Мы першыя не пачнем, але калі Нямеччына палезе, мы разаб'ём ёй морду ў квас. Яна, пархатая, зажырэла, бо ўжо сорак год не ваявала. Дык мы ёй пакажам! А пакуль што, братцы, трэба пераехаць на зімовыя кватэры, каб быць бліжэй да ворага. Н-ну, р-расхадзісь!

Вось дык навіна!..

Адны маўчалі, задумаліся, другія з выгляду павесялелі, зашумелі. Але ўсё гэта было толькі звонку… А што рабілася ў сэрцы кожнага?

Я спачатку не мог сабраць думак, уцяміць усяе важнасці пачутага, але неяк мімаволі ўсцешыўся, што не трэба мне будзе цягнуць астрожнае жыццё цэлых два гады, што жыццё пойдзе ўжо цікавейшае, што я трапіў у кашу лоўка…

Потым стаў сам сябе сароміць за гэткія думкі: быццам я радуюся вайне.

I сорамна прызнацца, але мне хацелася, каб яна была, каб прыйшла нейкая перамена.

Я задумаўся і над прамоваю камандзіра. Няўжо ж можна намовіць салдата ісці на вайну з уздымам пачуцця, каб бараніць нейкую Сербію? «Адзінаверную», калі яна далёка не для ўсіх нашых батарэйцаў адзінаверная, бо ёсць мусульмане, іудзеі, каталікі. I якія непрыгожыя словы «зажырэла», «пархатая», «морду ў квас, што я нават і не чакаў ад нашага камандзіра.

Захацелася пісаць лісты дамоў і знаёмым. Сеў пісаць – і не пішацца. Лепей пачакаць яшчэ троху, пакуль справа не зробіцца святлейшаю.

Ну і трапіў у завіруху!

Цэлы той дзень і палову другога дня мы складваліся, пакаваліся, пераязджалі на станцыю і разам з другімі вайсковымі часткамі лагеру – пяхотай, артылерыяй, сапёрамі – грузіліся, суяціміліся, куламесіліся…

Цалюсенькую ноч гарэлі вогнішчы, гаманілі і крычалі людзі, тарахцелі фурманкі, порскалі коні, а па-над усім гэтым нудна-дражліва галасілі ў ядраным паветры зорнай ночкі свісткі цягнікоў.

Я пасабляў пакаваць канцылярыю, начаваў на даўгой дашчатай скрынцы з батарэйнымі паперамі. Пісары, Беленькі і нейкія мне незнаёмыя салдаты-«арыстакраты» пілі ў баковачцы гарэлку, елі мяса з гурком і сітным хлебам і гневаліся, што я не іду ў іхнюю кампанію, а лёг спаць. Яны гаманілі ўвесь час пра вайну, пілі і елі як перад вайною, нічога сабе не шкадуючы.

Доўга ў лагеры стучэла, гручэла, ляскала жалеззем, часам чулася салдацкая песня – і ўсё гэта да познай ночы, аж пакуль я не заснуў, і начою, калі будзіўся ад гоману і свае нутраное трывогі.

Эшалон наш пайшоў на другі дзень а пятай гадзіне па абедзе.

Я быў рад, што еду, – куды, усё роўна, абы еду… Цікаўней жа наглядаць, што тут творыцца навокал, чым сядзець у тым лагеры-астрозе.

Ужо з вагона, перад адходам цягніка, я бачыў, як паміж усялякага громазду, наваленага адпраўляць, там, дзе было троху вальнейшае месца, перад вакзальным будынкам прахаджвалася пара. Ён – стромкі, харошы афіцэр, з дужа крывою шабляю, што валачылася па зямлі, яшчэ зусім маладзенькі. Яна – тож маладая, ды грубенькая, мусіць, цяжарная, пані, уся чырвона-ружовенькая і з вопраткі, і з твару. Ён усё ёй нешта казаў і казаў, нахіляючыся да яе галоўкі і ізноў ідучы проста, у задуме, а яна ўзяла з яго рук хлысцік, маўчала, сціскала хлысцік і, здаецца, плакала ціхімі слязьмі. Так мне зрабілася іх шкода, хоць і не любіў я афіцэраў і паноў. Тут – шчырае каханне і разлука…

А нашы батарэйныя «гарохі» бегалі заклапочаныя, хаваючы цяжкія думкі, бегалі, насіліся, рассаджвалі па забітых усякімі скрынкамі і сёдламі вагонах сваіх жонак і дзяцей, падавалі ім у рукі свой спакаваны скарб, а рабілі ўсё так, як панскія слугі, лёкаі: каб не дужа каму кідалася ў вочы. I брыдка, і жаласна было глядзець на іх бацькоўскі клопат у паднявольных людзей, і шкода было бедных «гарохавых» дзяцей.

Вольныя людзі прапускалі нас на станцыях як на вайну. Апраненыя бедна жанчыны вынасілі вёдры вады, бегалі па колькі раз, не шкадуючы турбацыі, каб толькі мы ўсе напіліся. Беленькія паненкі, калі такія, што гаманілі па-расійску ці па-яўрэйску, а не па-польску, кідалі нам у вагоны краскі, а як цягнік адыходзіў, махалі хустачкамі і крычалі нешта вясёлае.

Начою ў вагоне пісары нашы і з пару «гарохаў» ізноў пілі гарэлку – быццам бы гарбату, з кацялкоў, – але ў вайну ўжо не мелі веры, казалі, што вайны напэўна не будзе, і шкадавалі, што без пары скончыўся лагер. Страшэнна лаялі за гэта як немцаў, так і сербаў.

А газет я так і не мог нідзе дастаць.

Прыехалі мы на другі дзень раніцаю. Цяпер ужо я станцыю не разглядаў, і яна не была нудная, апаленая сонцам… Пачалося выкладанне рэчаў, пераезд і ў казармы, і ў склады, і ў арудзійны парк. А быў пыл, а бруд, а лаянка! Куды ні сунься – крыкі, громазд, куламеса…

На мяне ўсе забыліся, і я быў рад, што магу не лезці ў вочы без патрэбы.

Кінуў я ўвесь клопат і пайшоў на бераг Нёмну. Шчыпаў там у кустах арэхі, знайшоў колькі ягадзінак, спозненых сунічак, любаваўся з высокага берагу на прыгожую Нёмнаву вадзіцу. Было тут ціха і супакойна – і не хацелася ні аб чым думаць.

Па абедзе загадалі мне схадзіць у акалодак – больніцу для хворых салдат – на медыцынскі агляд, што бывае кожнаму новапрыбыламу ў батарэі.

Ідучы туды, я разважаў, як малое дзіця: «А вось знойдуць у мяне якую-небудзь загану ў грудзёх – і забракуюць… Паеду назад! Якое шчасце!»

Там я доўга чакаў у невялікім пакоі, дзе на жалезных ложках, на голых сенніках і на падушках з сена, без посцілак і наўлачак, ляжала чалавек пяць нядужых. Пад ложкамі валяліся кінутыя боты і ўсякія транты, а на шафках, што служылі і заместа столікаў, я ўбачыў у адной кучы і шапку, і паяс, і кубак піць, і пляшачкі з лякарствамі. Мухі так ліплі; рамы былі падвойныя, з дужа пыльнымі шыбамі, і яны ляцелі адтуль, абнялі крошачкі цукру, садзіліся хворым на нос і ў вочы. Хворыя ляжалі моўчкі, заплюшчыўшы вочы, – спалі, ці што.

Жаль агарнуў мяне.

Недзе пабегаўшы, з'явіўся салдат-прыслужнік. Ён ні слова не сказаў мне, прыткнуўся на табурэтку, дастаў з кішэні пушачку ад ваксы, дзе меў махорку, і стаў круціць цыгарку. Круціў і пяяў сабе пад нос з самым тупым выглядам:

Ціпер жа нада мною

Та-аварішчы сміютцаа а…

Зачэм жэ ты мне чайнік пріпаяла?..


Потым курыў, а курачы, мыском боту пароў у ражку бліжэйшага сенніка… Пільна разглядаў, як сыплецца адтуль дробная, пацёртая саломка. Курыў доўга, а дакурыўшы, паклаў недакурачак на падлогу, напляваў на яго, старанна лучаючы, і расцёр падэшваю аж да чорных шнуроў на брудным цэменце. Тады крыкнуў:

– Сурай, а Сурай! Перавярніся ты на другі бок: зараз камісія прыйдзе аглядаць цябе.

Хворы татарчук скасіў мутныя, пачырванелыя вочы на шырокім, замшэлым ад валосся твары, кінуў у наш бок безуважны погляд, нічога не прамовіў і з трудам лёг на другі бок.

Другі хворы, даўгі і сохлы, збялелы насмерць, нечакана злез з ложка і на маёй роднай мове сказаў прыслужніку:

– Мулка… I пасунь ты сюды…

Ён паказаў, каб пасунулі ложак. Гэта, відаць, былі яго хворыя верадаванні. Ужо насілу стаяў, узяўшыся за край століка; ногі ў яго дрыжэлі.

Прыслужнік слухмяна ўзбіў сяннік, нарабіўшы пылу, тады страсануў убогую салдацкую коўдру, пасунуў дзеля віду ложак, пасобіў яму легчы і ласкава пакрыў яго коўдраю. Калі ўсё ізноў сціхла, прыслужнік падміргнуў мне, ухмыльнуўся і даволі голасна шапнуў:

– Во каму вайна не страшна…

Я нічога не адказаў, і горкі жаль яшчэ гаршы ахапіў мяне.

Аж нарэшце прыйшоў фельчар – лысы рыжавусы і з мяжджэрыстым, але добрым тварам немалады салдат. Першым чынам ён накрычаў на прыслужніка:

– Якога чорта, самдзеле, ты нічога тут не робіш? Прыбраў бы хоць троху… Бяры мятлу, мяці!

Потым запісаў мяне ў больнічную кнігу і сказаў мне:

– Ну і ўсё. Можаце ісці.

Ніякага мне агляду так і не было. Я ішоў назад збянтэжаны і ў брыдкім настроі.

2

Шпорамі.

На імперыялістычнай вайне

Подняться наверх