Читать книгу На імперыялістычнай вайне - Гарэцкі Максім, Максім Гарэцкі - Страница 7
Варшлеген
Оглавление6 жніўня.
Увесь гэты дзень былі ў паходзе. Наша батарэя ізноў у авангардзе. Дагналі абоз нямецкіх мірных жыхароў. Глядзелі на нас варожа і баязліва. Едуць найболей старыя, жанчыны і дзеці. Вазы навалены ўсякім дабром, пры возе – карова з аграмадным вымем. Кожны воз – паркаю. Кіруе коньмі стары, седзячы спераду з піпкаю ў зубах; карову даглядае, седзячы адзаду, старая. Дзеці і дзяўчаты – пасярод, з катом ці з сабачкам. Дзяўчат прыгожых мала. Увесь абоз, па загаду начальніка штабу, павярнулі назад, дамоў, адкуль хто выехаў.
Праязджалі мы пустое мястэчка. На культуру завідасць глядзець! I жаль бярэ за сэрца, што Беларусь, у параўнанні, дзікая-дзікая!
На вуліцы ляжаў у пылу труп маладога нямецкага дзецюка ў залапленым на локцях пінжаку. Пры ім – паламаны веласіпед. Кажуць, гэта – пераапрануты нямецкі разведчык, забіты казацкаю пагоняю. I ўсе мы ехалі міма так, паглядзеў і адхінуўся…
З аднаго дому выходзіць наш пехацінец. У руках банка мёду і стэарынавая свечка. Нашто яна яму? З-з ганку высунуўся стары немец, знімае перад салдатам віславухі капялюш і нізка кланяецца лысаю, з піпкаю ў зубах, галавою. Салдат гэты радасна смяецца. Агідна глядзець.
Ізноў дагналі яшчэ даўжэйшы абоз нямецкіх уцекачоў. Адна прыгожая немачка смяецца і плача на сваім возе. Старая, мусіць, маці, маўкліва аглядаецца на яе і старанна сморгае вяроўку, за якую прывязана вялікая, марудная карова.
Мы ідзём пад Кёнігсберг. Дзесь глуха аддаюцца гарматныя стрэлы. Там, кажуць, б'ецца наш 20-ты корпус. Відаць далёкае і светлае зарыва.
Павялі пад канвоем нашага пехацінца. Што такое? – Арыштаваны за грабежніцтва.
Часам вядуць палонных немцаў. Не глядзяць на нас, але на маленькім прывале я з адным разгаварыўся. Ён умее па-польску, – пазнанскі немец, а можа, анямечаны паляк. Калі яго канваір, віхрасты казак, адышоўся, ён сказаў мне:
– Вашы хахлатыя такое звяр'ё… (Так ён казаў пра казакоў.)
– А мы аб вас так думаем, – адказаў я ў тон.
– Нашто вайна? – сказаў ён, памаўчаўшы. – У Расіі і так зямлі няма куды дзяваць.
– Ваш кайзер абвясціў вайну.
– Не, ваш цар. А пан ест поляк? – з небяспекаю ў голасе дадаў ён.
– Не… Але не бойцеся мяне, бо я не хачу вайны.
– Рускі народ добры, а казак бывае розны, паправіў ён на ўсякі выпадак.
Вярнуўся казак, і я пайшоў к сваім, кіўнуўшы немцу галавою.
Прыехалі на прывал начаваць. Яхімчык раптам спомніў, што пражыў не просты дзень, а спасаўскае свята. «Жывэш, як нэхрісць, на цій войні…» Але раздабыў сабе яблык і, памаліўшыся, разгаўляецца. А Беленькі, наш бязбожны іудзей, дражніцца з ім: «Яхімчык! Ты аддавай мне свае порцыі мяса: табе ж спасаўкі, пост».
«А ты, дурныця, можэ й сала з'іў 6ы?» – агрызаецца Яхімчык. Ён яшчэ не ведае, што найсмачнейшая пажыва Беленькаму – якраз сала. «Зараз будзем есці й сала, друг Яхімчык! Зараз свінню закандрычым!» – вясёла бегае Беленькі. Салдаты ўжо ловяць кур, парасят на хутары. Нашы два тэлефаністы цягнуць добрага падсвінка, – не дарма ж мы ў авангардзе і тэлефаністы.
Але што гэта? Не паспеў Яхімчык дагрызці яблык, а нашы кухары-саматужнікі абсмаліць таго падсвінка, як усіх нас вялікаю трывогаю гоняць капаць акопы. Годзе пісаць!
7 жніўня, раніца.
Устаў у 5 1/2. Батарэя ўся на нагах і гатова к бою. Мы стаім у вёсцы Варшлеген. Трэба запісаць, бо давядзецца, відаць, не раз яе ўспомніць, калі буду жыў.
7 гадзін. Пачаўся страшны бой. Ці выйдзем жывы?
* * *
8 жніўня, пятніца.
Вядуць і нясуць раненых немцаў і нашых. Збялелы, акрываўлены немец ківае галавою. Нешта перабіта ў яго шыі. Аднаго вядзе наш салдат, абняўшы, як дзяўчыну. Другога нясуць пяць нашых на руках. Яшчэ адзін ідзе шарпаючы па пылу, утупіўшы вочы. Перад афіцэрам – ува фронт. Палкоўнік яму па-нямецку: «Гут морген!» Палонны нешта кажа, але язык не служыць. «Ідзі, ідзі, галубе!» – махае палкоўнік рукою. Пайшоў, скародзячы нагамі.
Што было ўчора? Я жыў, але ранейшага мяне навекі няма.
Я быў з камандзірам на наглядным пункце. Мяне старшы паслаў на вышкі глядзець у слухавое аконца.
Унізе, за дрэвам, стаяў камандзір з вугламерам, а пры ім у акопчыку сядзеў старшы з двума лепшымі тэлефаністамі.
Кулі засыпаюць наш дамок. Вецце на дрэве напалову пасечана. Камандзір толькі хрысціцца пасля кожнае каманды. Батарэя б'е і б'е бесперастанку. Я баюся… Я нічога не бачу скрозь запыленае з другога боку акенца. Згіну без усякае карысці. Кулі пабілі акенца, калі я трошку адхінуўся. Хаваюся за комін, трасуся, атупеў. Над самаю страхою трахнуў снарад. Ахоплены дзікім страхам, засыпаны чарапкамі ад даху, бягу наніз. Каменем валюся ў акопчык. «Смерць прыйшла», – шэпча адзін таварыш. Старшы гняўліва акідае яго вокам. А камандзір за тонкім дрэўцам стаіць, прыкуты ля трубы і вугламеру… Толькі хрысціцца часцей. Гэты чалавек мае нязмерную мужнасць. Я смялею. Кулі як бы трошкі сціхаюць. «Па наступаючай кавалерыі!» – праразлівым голасам крычыць камандзір, хоць мы за два метры ад яго. Жах вісіць у паветры. Батарэя грукоча з перабоямі: штось там папсулася, – о, няшчасце! «Другое аруддзе засыпана снарадам!» – чуем перарывісты голас па тэлефону. – «У пятым збіт прыцэл», О, няшчасце, няшчасце! Мы цішэем, а кулямёты застракаталі з усіх бакоў. Наўкол перабягаюць пехацінцы. «На вышкі!!!» – грозна роўкнуў на мяне камандзір, і ўсё ён хрысціцца. Ізноў паўзу на вышкі, як загіпнатызаваны: смерць дык смерць, абы не мучыцца гэтак. О, не! не! Жыць хачу! Госпадзі, памілуй мя грэшнага! – і хочацца хрысціцца, як камандзір, але рэшткі розуму сцюдзёна шавеляцца. А пехацінцам жа ў сто раз горш… Успамінаю родных. Мыслі блытаюцца. Во яно, акенца смерць… Разбіваю ўсё шкло са злосцю. Свежая відаль. «Нямецкая кавалерыя ўцякае за горку, снарады кладуцца па ёй!» – ашалелым, праразлівым голасам крычу ўніз. Чаму я рад? «Злязай, злязай!» – гукае мяне старшы. «Гарыць дом!» Так, дамок захапіўся ад снарада. Дым смярдзючы пхнецца ў рот. Злязаю… Камандзіра і тэлефаністаў няма. Дзіўлюся. Раптам бягу. Наганяю іх. Пад кулямі шыбка ідуць з трубою і вугламерам наўскоса вуліцы к другому дому. «Падбяры футляры, – спакойна кажа камандзір. – Яны засталіся каля акопу». Бягу назад, хапаю футляры, бягу ізноў даганяць іх. А дзе ж камандзір? Забягаю за дом, куды яны пайшлі, за добрыя мураваныя сцены. Іх няма, а стаяць два казакі з адным канём і кураць. Другі конь, мабыць, здохлы ці забіты, ляжыць гарою пасярод вуліцы. «Пабеглі на батарэю», – кажуць казакі. I мне трэба ісці туды, але я баяўся смерці; ах, як хочацца быць за гэтаю сценкаю… Бягу на батарэю, а яна была ў лагчынцы, за хутарам, сажняў дзвесце адгэтуль. Бягу, а кулі над галавою так і гудуць, як пчолы. Сеў я ў канаўку адпачыць трохі. Гляджу: аж у канаўцы, цераз усю лагчыну, шмат сядзіць пехацінцаў. Страляюць патроху, а часам лапатачкамі поркаюцца, з дзірвана перад сабою заслону насыпаюць. Тады я папоўз па канаўцы, мінаючы іх. Калі поўз, дык прыгледзеўся, што некалькі пехацінцаў дужа нерухома прытуліліся к насыпанай зямлі перадам… Забітыя! Страх апанаваў мяне, я ўсхапіўся і, сагнуўшыся, пабег на ўсю сілу. Прыбег на хутар, на двор, аж там поўна батарэйцаў нашых раненых; ёсць і пехацінцы, ляжаць усе на чыстай пасцеленай саломцы. Цяжэй раненых неслі ў хату. Ніхто не мог сказаць мне, дзе дзеўся камандзір, а батарэя ўжо ізноў страляла, значыцца, недзе ён выбраў новы наглядальны пункт і адтуль па тэлефону камандаваў. «Калі ж гэта паспелі кабель к яму працягнуць з батарэі?» – здзівіўся толькі я і пабег к батарэйным тэлефаністам. Каля першага аруддзя мяне пераняў голас белавусага капітана Дыямантава, сядзеўшага ля прыцэлу, прыхінуўшыся задам да сталёвага шчыта-заслоны. Капітана гэтага я рэдка бачыў, бо ён доўгі час быў не ў батарэі, а дзесь яшчэ, у абозе, ці што. «Вальнапісаны! – крыкнуў ён. – Збегайце ў рэзервы: чаму не прысылаюць патронаў, няма ўжо чым страляць». Я кінуўся назад, скрозь сад, туды, дзе стаялі перадкі. Там за капою саломы корчыўся ранены ездавы, а над ім стаялі збянтэжаныя таварышы. Я сказаў ім, што зараз трэба ехаць у рэзервы, а яны сталі даводзіць мне, што чалавека ім не хапае, няма як ехаць. Я, дурны, падбег назад к Дыямантаву і далажыў, што ездавыя кажуць: няможна ім ехаць, чалавека бракуе. «Шляпа ты! – злаяў мяне капітан. – Сам едзь або каго з санітараў пасадзі. Пшоў!» Мне было сорамна і крыўдна, што вымагаюць, як ад добра абучанага салдата, калі я яшчэ зусім слаба ведаю службу (прыехаў у батарэю месяц таму). Крыўду маю заглушыў страх, бо на мяне згары так і сыпалася адбітае кулямі з яблыняк дробнае галлё; ляталі кулі і ніжэй. Калі я прыйшоў, ездавыя ўжо паехалі без маёй помачы. Іх таварыш ездавы сканаў. «Трэба ж яго прыбраць», – падумаў я і скіраваўся ў хату, дзе быў фельчар. Санітар Лабкоў (што камандзір біў яго за вішні) захварэў, дык замест яго з санітарам Фельдманам, нашым беларускім яўрэем, па забітага хадзіў я. Няслі пад свіст куль, кульгаючы між кустоў па садзе, а здаўся ён дужа цяжкім. Фельдман агледзеўся, што нясём не жывога, а мёртвага. Мы быццам згаварыліся і вывернулі яго з насілак пад яблыню; скуліўся ніц, як цяжкі мяшок, а самі шыбка пабеглі… Век сабе не дарую гэтай маладушнасці, калі не сказаць – трусасці, дзеля якой зняважылі памяць таварыша. Потым фельчар паслаў нас па раненага нумара, на прозвішча Жукоўскі, к аруддзю падпаручніка Іванова. Падпаручнік бадрыўся і падбадраў сваю арудзійную службу. Убачыўшы нас, ён як бы вясёла кіўнуў мне галавою ад арудзійнага шчыта-заслоны, да якога туліўся плячмі, і нешта сказаў: «Нясіце, нясіце яго скарэй», – ці што другое. Прынеслі ўдачна і паклалі ў хаце, на ложак. Фельчар зрабіў Жукоўскаму перавязку. Тады мы закурылі – фельчар, ранены Жукоўскі і я. А Фельдман ізноў некуды пабег глядзець, ці няма новых раненых. У хаце ляжаў, на ўздзіў мне, Шалапутаў. Месяц таму назад, калі я толькі прыехаў у батарэю, мяне змясцілі ў адной палатцы з Шалапутавым. У той час гэта быў адважны ваяка на словах, хваліўся, што ён бывалы, бо прысланы ў батарэю з Віленскае вайсковае школы за нейкія грахі, велічаў сябе «старым юнкерам», а мяне менаваў «шэрым», «шпаком», «шляпаю». Цяпер ён тут ляжаў. Здаецца, спаў… Ці прыкінуўся? Можа, ранены? А ён пачуў нашу размову і кажа груба і самаўпэўненым голасам: «Усіх нас забяруць… Бачыце, абходзяць кругом». Потым устаў, закурыў з намі і пайшоў у дальні кут пакою, адвярнуўся к печы і заняўся там лёгкаю фізіялагічнаю патрэбаю. «Што вы гэта, Шалапутаў?! – застыдзіў яго фельчар. – А яшчэ вальнапісаны…» – «Ды я ў печ, нічога…» – «I на двор не хоча выйсці», – заўважыў яму ранены Жукоўскі.
Пачуўшы аб панадворку, фельчар кінуў недакураную цыгару (усе нашы салдаты шмат набралі іх у разбітых крамах у мястэчку) і пабег з хаты. За ім пайшоў і я. О, колькі ж там было раненых!.. Стагнанні, кроў… Гляджу, ля самае сценкі ляжыць нехта з жоўтымі зубамі, скалячы іх ад мукі. Я адразу не пазнаў, і мне зрабілася так цяжка, што гэта быў слаўны, вясёлы наш Талстоў. Я хацеў сказаць яму што-небудзь, чуў, што трэба нешта сказаць, звычайнае, паўсёднае і таварыскае, але ніводнага гуку не выдавалі мае вусны. Талстоў паглядзеў на мяне… У галаве ў мяне праляцела, як аднаго разу, гуляючы па валу за горадам, я пачуў нейкі хрып у канаве, за кустамі акацыі, злез туды і ўбачыў здыхаўшага сабаку. Вочы ў таго сабакі былі як і ў чалавека, калі ён дужа трудзіцца ад болю і безнадзейнасці, чуе, што канае, смерць… Сабака схаваўся, каб ніхто яго не бачыў, і яму было прыкра, што я турбую яго апошнюю часіну, – ён балюча і нездаволена захрыпеў, скорчыўся… Такі ж самы погляд кінуў на мяне цяпер Талстоў, бамбардзір-наводчык першага аруддзя. Я ўлавіў, як і фельчар акінуў яго асаблівым поглядам, як глядзяць на людзей таго свету. Потым фельчар з найвялікшаю ласкаю і далікатнасцю падаў яму закураную цыгарку, бо ён папрасіў курыць. «За паўгадзіны памрэць», – шапнуў мне фельчар, калі мы адышлі ад яго. I праўда, калі я мінут цераз дзесяць ізноў прахадзіў міма, то ўбачыў, што ён, бедны, стаў сінець і па-мёртваму заплюшчыў вочы. Асколак гранаты пасек яму кішкі. Яшчэ цераз колькі мінут падышоў фельчар, палажыў руку на яго грудзі і потым пераксціў, як нябожчыка: «Каб не так быў наеўшыся ўчора рознай зеляніны, то, можа б, і вытрымаў», – сказаў ён. Гэтая смерць зрабіла на мяне гнятучае ўражанне, я нават стаў меней баяцца куль і снарадаў. А яны ізноў пасыпаліся. Адзін пялёхнуўся ў сажалку на самым падворку – і не ўзарваўся. Чорны дым ад снарадаў заслаў паветра і ўкрыў сіняе неба, дзе чыркала крыллем бесклапотная і смелая ластаўка.