Читать книгу На імперыялістычнай вайне - Гарэцкі Максім, Максім Гарэцкі - Страница 4

Мост

Оглавление

16 ліпеня ўвечары батарэя наша (гарматы і частка страявых людзей) выехала на пазіцыю: вартаваць ад нямецкіх аэрапланаў чыгуначны мост на Нёмне, вярсты за дзве ад казармаў.

У казармах не спынялася незвычайнае безгалоўе, не было дзе прытуліцца, і я выпрасіўся на пазіцыю.

Першы раз начаваў я з батарэяю ў полі. Але начаваць было добра, бо мы, тэлефаністы, паставілі сабе нанач маленькую будачку-палатку.

Я дзяжурыў пры тэлефоне і заснуў з тэлефоннаю трубкаю ў руцэ. Спаў… прахапіўся раптам: нехта дыргануў ад мяне апарат! Я спалохаўся, што ён сцягне апарат, і кінуўся бегчы шукаць… Бег, бег… дзе ж парваўся дрот? Быў я ў шынялі, з рэвальверам і кінжалам на паясе; цераз плячо вісела скураная каліта з прыладамі звязваць дрот і абкручваць яго ізаліроўкаю. Я замарыўся – і балазе угрэўся, бо спаць было трошку сцюдзёнавата.

Як ішоў ціха назад – агледзеўся. Месяц. Ядрана. Туман у доле. Шуміць цягнік. Машына: пых-пых! пых-пых! пых-пых! А колы грымяць: гру-ру-ру! гру-ру-ру! гру-ру-ру!.. Хораша! Супакой і хараство агарнулі мяне. Варта жыць на свеце!

Потым я ізноў лёг і смачна спаў, без усякіх перашкод і без трывогі ў сэрцы.

Прачнуўся дужа рана і быў рад добраму надвор'ю і харошай відалі, што раскінулася далёка вакол пазіцыі. Батарэя стаяла на высокай горцы. За ганей трое відаць быў жалезны мост на Нёмне, які мы вартавалі. На вялікай узгоркаватай раўніне – хутаркі, дарогі, Нёман, тырчэла вярхамі дамоў і высокімі касцельнымі вежамі мясцечка. Ад Нёмна ўгару, па равах і курганах – лес, лес, далёка, аж пакуль яго зялёная каёмка не ахоплівае ўсю відаль.

Тым часам ліха на свеце расло, і мы штодзень даведваліся што-што новенькае, што гнала думку ад навакольнага хараства ў зусім другі бок.

У той жа дзень, 17 ліпеня, па абедзе прыйшоў з батарэі пасланец і прынёс нам навіну, што абвешчана мабілізацыя.

Дзяжурыў якраз паручнік Пупскі – кароценькі, шчарбаты, насмешлівы і злы, самы нялюбы афіцэр у батарэі. Ён скамандаваў нам усім: «Сюды! Бягом!» Мы збегліся, і ён сказаў прамову аб мабілізацыі – з уласцівым яму чарнасоценным духам. Але салдаты мала чаго зразумелі з яго слоў.

– Дык мы на Сербію? – спытаўся адзін зусім ужо па-дурному.

– Не на Сербію, а на Берлін пойдзем! – не дужа здзівіўся на гэткую няцямлівасць паручнік Пупскі.

– Куды ж гэта, ваша благародзіе?

– На нямецкую сталіцу… разумееш ты, шляпа?

А той аж засмяяўся, што паручнік злаяў яго так па-вайсковаму ласкава: шляпа!

18-га ліпеня пачаўся пабор запасных, і Гірша Беленькі, які цяпер таксама быў тэлефаністам, пераказваў мне па тэлефоне з наглядальнага пункту ля мясцечка, што ён там чуе і бачыць. «Братачка! За Нёманам у мясцечку бабы плачуць, запасных прапускаюць. Першага ўзялі а пятай гадзіне раніцы. Жонка адарвацца не магла, людзі адарвалі…» – «Дрэнна!» – «Дрэнна, братачка! Але нічога! Цяпер, відаць, лягчэй пайшло: міма мяне многа запасных едзе ў павет на мабілізацыю, дык смяюцца, шапкамі мне махаюць… Ах, братачка, жывём?» – «Жывём!» – крычу і я яму ў тэлефон. I чую, смяецца ён, – смяюся і я. Беленькі з выгляду зусім не беленькі, а рыжы і незвычайна вяснушчаты. Галава, твар, нос, вочы – усё ў яго круглае і рыжа-вяснушчатае, але ўсё яно ў яго заўсёды смяецца, мілае і сімпатычнае. Беленькі любіць жартаваць і дружыць. Ён першы больш за ўсіх спадабаўся мне ў батарэі.

Потым прыехаў на дзяжурства капітан Смірноў – ціхі, спакойны і, здаецца, добры чалавек і начальнік. Ён дужа сціплы з выгляду, сярэдняга росту, сярэдняе моцы мужчына, непрыкметны, з тварам, якіх многа, з падстрыжанаю бародкаю, з шэрымі вачмі. Першым чынам ён загадаў схадзіць на дзве змены ў лес і насячы там хвоек, каб замаскаваць нашу пазіцыю, бо ўжо можна чакаць у госці нямецкіх летуноў. I я думаў: так проста і так патрэбна – захаваць гарматы на высокай горцы ад вока ворага… А дагэтуль не было зроблена, і ні Пупскаму, ні падпаручніку Іванову, якія дагэтуль дзяжурылі, і ў голаў, мусіць, тое не прыйшло. I чаму, напрыклад, я і сам не дадумаўся, што робяць падобныя хаванкі?

Падпаручнік Іваноў – сыценькі, ружовенькі, як панскі парсючок. Ён быў прыкамандзіраваны ў нашу батарэю з пяхоты, і гэтая акалічнасць чамусьці абніжала яго афіцэрскую вартасць у вачах нашых батарэйцаў. Ён не знаў у твар усіх салдатаў батарэі; убачыўшы мяне першы раз, ён спытаўся:

– Што ж ты гэткі беленькі?

– Не магу ведаць, ваша благародзіе! – адказаў я, усхапіўшыся і аддаўшы чэсць, і быў рад, што выйшла гэта ў мяне зусім добра, як у праўдзівага салдата. А мой бліжэйшы начальнік, старшы тэлефаніст Лапцеў, пасміхнуўшыся, сказаў:

– Яны ў нас новы вальнапісаны, вашблагродзь!

Падпаручнік пачырванеў-пачырванеў…

– А а… Чаму ж вам не нашыюць шнуркоў вальнапісанага?

А Я хадзіў без гэтых шнуркоў, бо нідзе іх няможна было дастаць пакуль што.) Мне было тады смешна, што ён пачырванеў.

19-га ліпеня было адно цікавае здарэнне… Прыехала наша кухня, мы паабедалі, я сядзеў пры тэлефоне і любаваўся на шырокі прастор. Вольныя салдаты распаўзліся хто куды. Пупскі лёг спаць. У гэты час па полі гулялі месцячковы ксёндз і яго госць – клерык. 3 цікавасці яны зусім блізка падышлі да батарэі. Дзяжурны салдат крыкам адагнаў іх. Яны павярнуліся і пайшлі назад, але старшы феерверкер, кастраміч Сакалоў, загадаў дагнаць іх і прывесці на батарэю. Узбудзілі Пупскага, і ён, нездаволены, што патурбавалі, прыспаны і ўзлаваны, выйшаў з палаткі.

– Дзе шпіёны? – наўмысля крыкнуў ён.

Падвялі абодвух, спалоханых, збялелых, у чорных ксяндзоўскіх сутанах. Ксёндз быў кароценькі, грубенькі, ён здзеў перад Пупскім капялюш, і галава ў яго была круглая, чорная, з выгаленым кружком на макушцы. Ён, збіваючыся, казаў нешта перарваным ад хвалявання і абурэння голасам з дужа выразным літоўскім акцэнтам. А клерык, худы, даўгатвары і белавалосы, маўчаў і тарэшчыў свае галубыя літоўскія вочы з балючым выглядам. Паручнік нібыта і слухаць не хацеў, што яны там кажуць, стаў здзеквацца, што іх, як нямецкіх шпегаў, расстрэляць, а пакуль што ім прыйдзецца пачакаць тут з гадзінку, а потым іх павядуць да каменданта ў брыгаду. Бедныя духоўныя асобы ад нечаканае бяды і прыкрасці зусім апалі духам… Аж вось з'явіліся вызваляць іх сяляне з хутару.

– Гэта ж наш ксёндз пробашч… Вось і дом іхны, і сенажатка, і сад… Іх і земскі ведае, і іспраўнік…

Пастрашыўшы, пакпіўшы, Пупскі міласціва дазволіў ксяндзам «вынасіць свае галовы» (так і сказаў!). Яны закланяліся, а ён зарагатаў, салдаты старанна падхапілі рогат начальніка.

– За вамі цяпер будуць сачыць! – крыкнуў ім наўздагон паручнік…

Белы высокі клерык прымушана аглянуўся і прыўзняў капялюш, потым нешта пачаў казаць ксяндзу, мусіць, каб той павесялеў, а той ішоў утупіўшы вочы ў зямлю і, відаць, з вялікаю скрухаю маўчаў.

– На граніцы сямёх ксяндзоў ужо павесілі, – збрахаў Пупскі салдатам, хоць бы ўсміхнуўся, і пайшоў у палатку.

Салдаты, што прыходзілі на батарэю з казармаў, казалі, які ласкавы зрабіўся цяпер Хітруноў. Адзін салдацік, не ведаю прозвішча, нават паказаў, як цяпер «круціць хвастом» Хітруноў. Ён прасунуў скручаны канец шыняля скрозь ногі назад і прайшоўся, круцячы ім і ўдаючы Хітрунова (бздрынкаў пальцамі па ніжняй губе і падкручваў вусікі). Гэты ж салдацік казаў, што Хітруноў цяпер – стане трошку воддаль і слухае, пра што гамоняць салдаты. Я зразумеў, што Хітруноў баіцца, што на вайне яго могуць забіць свае ж салдаты за розныя крыўды.

Мяне гэта здзівіла, бо мне здавалася, што Хітруноў досыць добра абходзіцца з салдатамі, самі салдаты не раз казалі пра яго, што ён нічога сабе чалавек… Дык чаго ж яму баяцца?

Пра старшага пісара казалі, што надта «завайстрыўся»: схуд, вочы запалі, нос выцягнуўся баіцца вайны.

У казармах, казалі яны, ідзе абмундзіраванне, даюць усё новенькае шэра-зялёнага колеру. Даюць і новыя боты – і нашы тэлефаністы вельмі шкадавалі, што ў мясцечку не хочуць плаціць і пятай долі «мірнай» цаны. Але, кажуць, салдатаў на таргу – поўна!

* * *

Начою 19–20 ліпеня Нямеччына абвесціла вайну Расіі…

Дачакаліся. А то ўсё яшчэ ішло як бы жартам. Дык вось – цяпер я на вайне! Заб'юць? Лепей не думаць…

Увечары 19-га наша змена пайшла ў казармы на абмундзіраванне. 3 намі ішоў Шалапутаў. Ён прыходзіў на батарэю па нейкай справе да паручніка Пупскага; хваліўся, што нават піў з ім у палатцы гарбату. На пустой вуліцы ў цямноце ён крыкнуў нейкаму месцячковаму чалавеку:

– Пан! Дай прыкурыць… – і ў дадатак злаяў таго бруднай расійскай лаянкаю.

Я сказаў голасна і дрыжача ад злосці:

– Хуліган! Не чапайце вольных людзей…

Праўда, мы з ім троху засталіся, дык другія салдаты маглі не пачуць, што я так сказаў яму. Шалапутаў, знарок нядбайна і быццам уважаючы мае словы за жарт, буркнуў на мяне:

– Шляпа вы, а не салдат.

Але я пачуў, што цяпер я перастаў ужо быць з ім «шляпаю», хоць у мяне аж і ногі дрыжэлі ад злосці…

Быўшы ў казармах, перагледзеў я сваю маёмасць, пералістаў свае кніжачкі… Эх, і навошта я вёз іх столькі сюды? Усё гэта цяпер згіне, як згіну, можа, і я сам, ва славу… на славу… чаго? Вызвалення «малых» народаў? А ці вызваліцца мой народ? Што яму дасць гэтая вайна? Лепей не думаць…

Заходзіў на пошту; ніякіх пасылак не прымаюць. Лісты прынялі, але чамусьці сказалі, што і за дастаўку заказных цяпер не ручаюцца. А здаецца ж, цягнікі ходзяць так, як і раней, – дык чаму ж гэта яны так кажуць?

У мясцечку бачыў многа запасных. I ўсё болей іх прыганяюць.

– Шкандальны запас… Чы пан ест поляк? – спытаўся ў мяне крамнік, мусіць, абпалячаны жмогус, калі я купляў у яго паперу і гаварыў з ім па-беларуску.

– А што? – адказаў я сцюдзёным пытаннем.

– Ніц, прошэн пана… Тшэба модліцьсен пану Езусу!

I праўда: ужо ўсё мясцечка моліцца, вохкае, стогне – і шалёна спекулюе салдацкімі ботамі, лахманамі і чым «пан Езус» паслаў.

На гэтым мнагалюддзі я пачуў сябе ў вялікай адзіноце. Думкі мае памкнуліся дамоў, да родных. Што там цяпер? Ілья (пішу 20-га ліпеня), свята, кірмаш. Тут я зусім забыўся, што Ілья, а некалі на гэтага самага Ілью – колькі было кірмашовае ўцехі! Не, цяпер трывога і там. Плачуць бедныя людзі. Што гэта будзе, што гэта будзе? Не ведаю, што будзе, і ніхто не ведае.

Перад самым ад'ездам з пазіцыі я ўбачыў яшчэ аднаго афіцэра нашае батарэі, штабс-капітана Дамброўскага. Дагэтуль ён быў дзесь у камандзіроўцы, купляў коні для батарэі, ці што. Здаровы, круглы; твар у яго дужа грубы і дужа чырвоны, вочы заплыўшы салам; гаворыць ён па-папску: сё-сё-сё… Шалапутаў сказаў мне пра яго, што гэта – «абруселы літоўскі паляк магаметанскае рэлігіі». Часам і Шалапутаў лоўка скажа.

Дамброўскі прывёз нам навіны: «Нашы ў Нямеччыне на 50 вёрст… Немцы аж стогнуць… Пасланнік нямецкі, як абвяшчаў вайну ў Пецярбурзе, дрыжэў, аж калаціўся… Дрыжэла папера ў яго руках… Вержбалова і Эйдкунен спалены… Казакам дазволілі рабіць што хочуць, дык яны там!.. Японія забрала Кяо-Чао. Англія з флотам плыве да нашых берагоў, нам на падмогу… Наш конны полк падарваў мост… Дзесь злавілі нямецкага шпега…»

Не шкадаваў навін жыццярадасны пан Дамброўскі, але троху, мусіць, падсыпаў дзеля храбрасці.

– Пасля заўтрага і мы ўжо будзем у Прусіі! – з радасцю, вясёлы, гаманлівы, пацешыў ён нас.

У казармы прыехалі ўвечары.

Тут я пачуў ад Шалапутава, што Франц-Язэп, ад неспакою ў гэткай старасці, сканаў… «Бедны дзядуля!» – пашкадаваў шляхетны юнкер нябожчыка, шляхетнага імператара. А хадзіў ён у гэты час з даўжэразным вожыгам вакол вогнішча, на якім гарэлі кнігі з батарэйнага архіву. Паварушваў абгарэлыя пачкі і важна сапеў – асветлены з аднаго боку, цёмны з другога.

Вячэралі мы ў цямноце, пад асіннікам, што рос пры казармах. Гоман людзей, порсканне коні…

Ужо і казакоў многа прыехала. Пасля вячэры я ўбачыў колькіх і ў нашай казарме: у госці к батарэйцам прыйшлі. Яны прыгожыя людзі, але вялікія брахуны: па-важненька вярзуць усякую лухту, і лепей як пан Дамброўскі, бо з жартамі. Спадзяюцца перавярнуць дагары нагамі ўсю Германію. Віхрастыя, з чырвонымі лампасамі, досыць рослыя, самавітыя.

Многа прыгналі і запаснікаў – барадатых, гаспадарлівых людзей. Яны паважныя, маўклівыя.

Усе і ўсё перамяшалася ў казарме…

Потым – сон. Салдаты і ляжаць, і ходзяць, лаюцца, крычаць, пішуць на навялічкай шафцы-століку лісты пры адной закапцелай лямпачцы (на ўвесь аграмадны пакой). I няможна было заснуць – будзяць бесперастанку, шукаючы тых, каму ісці ў нарад, на дзяжурства. Крыкі і лаянка.

Яшчэ два дні і дзве ночы прайшлі ў такім жа вэрхале і гармідары.

Шумныя, але пустыя і нудныя для мяне дні!

На імперыялістычнай вайне

Подняться наверх