Читать книгу Праклён Міндоўга - Максім Кутузаў - Страница 5
Праклён Міндоўга
Дзея першая
З’ява трэцяя
Оглавление1299 год
Богуш і Румбольд ідуць па калідоры княжага замка.
Румбольд:
Што ты думаеш наконт таго, што адбылося?
Богуш:
Я? А што я магу думаць? Я просты гандляр і не магу аспрэчваць ці асуджаць загады вялікага князя. А ты б што зрабіў на ягоным месцы?
Румбольд:
Я б адразу арыштаваў Давыда і пакараў бы смерцю.
Богуш:
Але ж ён пакуль што не зрабіў нічога дрэннага!
Румбольд:
Дакладна! Менавіта «пакуль што». Я лічу, што кроў – гэта такая рэч, што калі ў чалавека ў сям’і быў акрутны здраднік, тым больш калі гэта быў родны бацька, то ад гэтага чалавека можна чакаць усялякіх непрыемнасцей. Няўжо наш князь нявісны?
Богуш:
Магчыма, ты і маеш рацыю, але мне здаецца, што тое, што зрабіў у гэтым становішчы наш князь, з’яўляецца вельмі мудрым і разважлівым крокам.
Румбольд:
Безумоўна, продкі Давыда былі мужнымі і знакамітымі ваярамі. Такія нам зараз у Гародні вельмі неабходныя. І калі гэты сын здрадніка пакажа такі ж талент у вайсковай справе, які мелі яго дзяды, мы на доўгі час зможам забыцца на страх перад крыжакамі. Гэта было б сапраўды цудоўна. Бо апошнім часам іх пагроза робіцца ўсё больш і больш адчувальнай. Але пытанне ў тым, ці не здрадзіць ён у самы адказны момант? Бо ў выпадку калі ён увойдзе ў змову з крыжакамі, яны хутка і нястрымна авалодаюць Гародняй.
Богуш:
Я спадзяюся, што ён на гэта не пойдзе. Усё ж такі, наколькі я памятаю, у ягоных продкаў былі вельмі няпростыя ўзаемаадносіны з крыжакамі. І калі ён пра гэта памятае, то ні ў якім выпадку не будзе шукаць сяброўства з імі.
Румбольд:
Так. Слушна! Акрамя таго, калі ён раптам і ўчыніць нешта не тое, у Гародні хапае верных нашаму князю людзей, якія здолеюць хутка пазбавіцца ад здрадніка.
Богуш:
Што ж, час пакажа.
Румбольд:
Дакладна! Час пакажа.
Богуш і Румбольд сыходзяць. З’яўляецца Нарбут.
Нарбут:
Мудра, мудра. А мабыць зусім і не мудра? Хто ведае, што ў галаве ў гэтага Давыда? Мабыць, ён хоча адпомсціць за тое, што іх сям’і давялося з сорамам пакінуць родны край, усю сваю маёмасць. Мабыць, ён такі ж вар’ят, як і бацька. Хто ж яго ведае? Багі бязлітасна пакаралі здрадніка Даўмонта: ён памёр ад страшэннага захворвання ў жудасных пакутах. Здаецца, такім чынам гэта непрыемная гісторыя павінна была б назаўсёды і скончыцца. Дык не. Наш князь бярэ і набліжае да сябе сына чалавека, якога ўвесь народ княства праклінае за тое недаравальнае злачынства, якое ён учыніў. І не проста набліжае да сябе, а дасылае яго ў горад, які з’яўляецца нашай галоўнай аховай ад крыжакоў. У горад, у якім у такія няпростыя для дзяржавы часы павінны быць толькі адказныя і надзейныя людзі.
Што ж. Міндоўг таксама калісьці да сябе наблізіў Даўмонта, нават парадніўся з ім. Не ведаў наш кароль тады, чым гэта для яго скончыцца.