Читать книгу Праклён Міндоўга - Максім Кутузаў - Страница 6

Праклён Міндоўга
Дзея першая
З’ява чацвёртая

Оглавление

1261 год

Навагрудак. Каралеўскі замак. У пакоі спяць два маленькія хлопчыкі – Рукля і Рупейка, сыны Міндоўга. У пакой уваходзяць Міндоўг з жонкай і падыходзяць да хлопчыкаў.

Міндоўг:

Ты толькі паглядзі, якія асілкі ў нас растуць! Будуць мужнымі ваярамі. Будучыя ўладары вялікай дзяржавы, якую я заснаваў, а яны пашыраць. Будзе наша каралеўства ляжаць ад мора і да мора. І будуць ва ўсім свеце яго баяцца і паважаць!

Пасля таго як мой старэйшы сын здрадзіў свайму народу, свайму княству, сваім багам, свайму бацьку… Сын літоўскага караля! Сын свайго народа! Будучы кароль! Адрокся ад сваіх багоў і пайшоў у манахі! Так, я таксама хрысціўся, але выключна дзеля таго, каб суседнія дзяржавы перасталі глядзець на нас, як на ворагаў, як на нейкіх шалёных дзікуноў! Але калі я дасягнуў свайго, я адразу адмовіўся ад чужой веры. Аднойчы і назаўсёды! А ён у манахі пайшоў! Даруй яму гэта, літасцівы Пярун. Ён сам не разумее, што робіць. Даруй яму, ты ж можаш, ты ўсёмагутны! А я не магу, я ніколі не дарую…


Марта падыходзіць бліжэй да Міндоўга і гладзіць яго па руцэ.


Міндоўг (звяртаючыся да Марты):

Дзякуй табе за сыноў, каханая. Ты мне падаравала новую надзею, новую радасць у жыцці. Недарма я тады дзеля таго, каб быць з табою, забіў гэтага Булевіча і братоў яго. Ох, недарма. Ён быў не варты таго, каб быць тваім мужам. Ты была народжаная для таго, каб быць вялікай княгіняй! Каб быць каралевай! А ён, што ён мог табе даць? Гэты Булевіч. Як жа яго імя было? Ві-Ві-Вішымут! Дакладна.


Ад гучнага голасу Міндоўга маленькія хлопчыкі пачынаюць варочацца.


Міндоўг (звяртаючыся да Марты):

Пойдзем адсюль, пакуль іх не пабудзілі. Хай спяць. Сон – гэта здароўе, а здароўе будучым каралям вельмі спатрэбіцца. Спадзяюся, я ўбачу іх дарослымі. Усё ж такі ўзрост у мяне ўжо такі. Адным багам вядома, што можа адбыцца заўтра. Калі я памру, а дзеці яшчэ будуць маленькімі, паабяцай мне, што знойдзеш годнага чалавека, які заменіць ім бацьку і выхавае іх шчырымі, мудрымі і рашучымі. Паабяцай мне, Марта!

Марта:

Абяцаю. А калі са мной штосьці здарыцца… Не трэба шукаць ім новую невядомую матулю. Мая сястра Агна зможа за імі прыглядаць. Яны звыкліся з ёй. І я не хачу пакідаць сваіх дзяцей камусьці невядомаму. Толькі ёй… Толькі ёй я давяраю.

Міндоўг:

Ды што ж з табой можа здарыцца? Ты ж, у адрозненне ад мяне, маладая яшчэ. Аднак добра. Калі ты гэтага хочаш, калі гэта цябе супакоіць. Хай будзе так. І я таксама абяцаю. Усё ж такі адным багам вядома, што можа адбыцца заўтра.

Праклён Міндоўга

Подняться наверх