Читать книгу Пра Вяллю, рыбу і рыбалку. Нататкі вандроўніка з Вілейкі - Міхась Міхалевіч - Страница 2
Ад аўтара
ОглавлениеКожныя звесткі аб рацэ Віліі (па мясцоваму, вышэй да г. Вілейкі – Вільлі, а ніжэй па цячэнні – Вяллі, а пасля Быстрыцы, пасля мяжы з Літвой, – Neris) лепш узбагачаюць адчуванні не толькі вандроўніка, які сплаўляецца па гэтай рацэ, альбо рыбака, які адпачывае на золку з вудай, але і іншых жыхароў Віленскага краю (беларускага Павілля). І нават, думаю, астатніх жыхароў Беларусі і нават Літвы, запаўняючы падзеямі, байкамі, міфамі нішы навакольнай прасторы, цяперашняга і мінулага часоў. Чым глыбей веды пра насельнікаў ракі, аб прыродных і культурных помніках, аб гісторыі ўзбярэжных паселішчаў, аб традыцыях і лёсах мясцовых жыхароў – тым наш час пры сплаве па рацэ, наша існаванне ў цэлым становіцца багацейшым, любыя ўчынкі, рашэнні і проста сяброўскія размовы на беразе Вяллі, нашы спевы і тосты за юшкай пад кілішак жытнёвачкі робяцца больш асэнсаванымі.
Менавіта любоўю да прыроды, да Вяллі дыктуецца жаданне распавесці пра тое нешматлікае, што атрымалася запісаць за часы сплаваў і пешых вандровак, прыгадаць з дзяцінства і юнацтва, з размоў са знаёмымі і незнаёмымі жыхарамі паселішчаў на берагах ракі, пакуль яшчэ жыла вёска; што цяпер засталося малапрыкметнымі слядамі альбо зусім знікла ў багне заплываючых балотам старарэччаў, а некалі яе прыгожых і чыстых берагоў з залатога пяску.
Вяллі былі прысвечаны кнігі нашых славутых землякоў – у ХІХ стагоддзі графа Канстанціна Тышкевіча, Ігнація Ходзькі.[1] У ХХ стагоддзі былі надрукаваны кнігі пра Вяллю, пачынаючы з вытоку, нашых суседзяў ураджэнца Мядзельшчыны (з Кабыльніка), знакамітага прафесара з Вільні Чэслава Францавіча Кудабы, манаграфія прафесара з Клайпеды Вікентаса Вяйткевічуса. Да знаёмства з літоўскім кінарэжысёрам Вітаўтасам Дамашавічусам мне ніколі не прыходзіла ў галаву думка напісаць кнігу пра Вяллю, пра рыбалку, але Вітаўтас прапанаваў, а Віталь Кастэнка настоіў, падбіўшы мяне, дылетанта, да краязнаўчай працы, публікацый у газетах пра Вяллю, да ўдзелу і напісання навуковых дакладаў да канферэнцыі ў Вільні і да “Тышкевічаўскіх чытанняў” у Логойску, Вілейцы, Валожыне. Не мне казаць, што з гэтага атрымалася, а чытачу і прафесійным крытыкам. У гэтай кнізе сабраны меркаванні пра верхнюю і сярэднюю часткі ракі, пра экалогію самых простых людзей: рыбакоў і старых жанчын, якія пражылі жыццё на яе берагах. Успаміны пра традыцыі і неверагодныя па трагічнасці лёсы мясцовых жыхароў, пра плытагонаў, пра векавыя дрэвы—помнікі на ўзбярэжжы не ўвайшлі ў гэту працу – дасць Бог, яшчэ калі-небудзь апрацуюцца і надрукуюцца.
Назва, прадмова і тэксты большасці частак кнігі дадзены на роднай мове, тэкст адной з частак (успаміны жыхароў) – на трасянцы ці рэгіянальнай мове – менавіта так, як мне казалі тутэйшыя людзі. Да матэрыялаў кнігі, што запісаны ад рэспандэнтаў і апрацаваны мной, прашу адносіцца суб’ектыўна. Гэта не ісціна ў апошняй інстанцыі: у адной вёсачцы кожны мае як свае ўспаміны, так і свой погляд на тую ці іншую з’яву, па-рознаму распавядае пра адно і тое ж здарэнне нават на працягу дня ці калі не ў гуморы, галодны; ці закурыўшы папяросу пасля сытнага абеду, а сама лепш пасля кілішка, другога.
Кніга прызначаецца невялікаму колу чытачоў: аматарам рыбалкі, вандровак і гісторыі роднага краю – пераважна юнакам і мужчынам, хаця, спадзяюся, можа, і знойдзецца якая жанчына, што здолее яе дачытаць да апошняй старонкі, бо недзе ёсць у ёй з пяць кулінарных рэцэптаў як гатаваць юшку.
З павагай да майго высокашаноўнага чытача,
Міхась Міхалевіч.
1
Ігнаці Ходзька – ліцвінскі пісьменнік, нарадзіўся 29 верасня 1795 г. у сяле Заблошчына Вілейскага раёна і 60 гадоў пражыў на Вілейшчыне. Першая аповесць – “Падданы”. У апавяданні “Баруны” апісваецца старэйшая навучальная ўстанова Беларусі, дзе ён вучыўся. Стварыў цыкл “Ліцвінскія вобразы”. Апавяданне “Нататкі квестара” вызначыла з’яўленне новага жанру – гавэндаў у літаратурнай апрацоўцы. “Нататкі” – гэта стылізаваныя пад XVIII стагоддзе мемуары былога маршалка полацкага ваяводы. Прыняў удзел у стварэнні вернападданіцкага “Альбома”, які быў падораны рускаму цару Аляксандру ІІ падчас яго візіту ў Вільню ў 1858 г. Пісьменнік памёр у 1861 г., пахаваны ў фамільным склепе на могілках ля вёскі Войстам Смаргонскага раёна. І. Ходзька (пакуль што) лічыцца класікам польскаў літаратуры, яго творы вывучюць як праграмныя у школе.