Читать книгу Пра Вяллю, рыбу і рыбалку. Нататкі вандроўніка з Вілейкі - Міхась Міхалевіч - Страница 3

Частка І. Унікальнасць Віліі
Рыбец і жэрах, ласось і мінога

Оглавление

…Літоўская вада багатая на велізарную разнастайнасць вялікіх і малых рыб.

Канстанцін Тышкевіч. «Вілія і яе берагі», 1871 год

Рака Вілія выцякае з бягомльскіх балотаў і нясе свае воды да Балтыкі, зліваючыся з Нёманам у г. Каўнасе. Працягласць ракі – 510 км: па Беларусі – 282 км, па Літве – 228 км. Раку можна ўмоўна (паводле Чэслава Кудабы) раздзяліць на тры характэрныя ўчасткі – верхняе, сярэдняе і ніжняе цячэнні. Верхняе цячэнне мае няспешны характар, рака звілістая, шырыня рэчышча – ад 1–2 метраў у вярхоўях да 60, а месцамі і да 100 метраў ў месцы сутокі з р. Нарач. У сярэднім цячэнні (каля в. Данюшава) берагі пачынаюць узвышацца, рака бяжыць як у каньёне, сустракаюцца камяні, парогі, перакаты, мелі, астравы. У ніжнім цячэнні, пасля Вільні, рака ўжо мае значную шырыню, берагі часта высокія, быццам на ўральскіх перадгор’ях. Асноўныя прытокі Віліі – рэкі Дзвіноса, Сэрвач, Ілія, Уша, Нарач, Ашмянка, Страча, Жаймяна, Вілейка.

Унікальнасць Віліі для Рэспублікі Беларусь вызначаецца, па-першае, прасторавай сувязной роляй з мінулым і будучым нашага краю: на гэтай рацэ, былой дарозе жыцця, знаходзіцца Вільня, наша агульная старажытная сталіца Вялікага Княства Літоўскага, а таксама першыя сталіцы летувісаў – Кернава і Коўна. Па-другое, гэта толькі адна з трох рэк, што працякаюць у Рэспубліцы Беларусь, якая наўпрост злучаецца з Балтыйскім морам і якую насяляюць паўпраходныя рыбы. Бо астатнія зарэгуляваныя, перакрытыя плацінамі без уладкавання рыбаходаў. Па-трэцяе, прыродныя асаблівасці: наяўнасць 12 «сябрынных» парогаў, што надае рацэ асаблівую сакральнасць; вялікая колькасць легендаў, курганоў і помнікаў прыроды і гісторыі нашага краю, якія яшчэ захаваліся да сённяшніх дзён; хутары, засценкі, вёскі і мястэчкі, у якіх яшчэ можна сустрэць бабуль і нават дзядуляў – апошніх карэнных жыхароў, што не пажадалі змяніць прапіску ў пошуках лепшага жыцця, якія радавымі каранямі сыходзяць у глыб часоў і берагоў, па меншай меры, на 10–20 пакаленняў, якія з’яўляюцца носьбітамі рэгіянальнай мовы, традыцый, асноваў і мясцовых звычаяў слаўных крывічоў і ліцвінаў; а таксама наяўнасць Вілейскага вадасховішча – самага вялікага (на сёння) па плошчы штучнага вадаёма ў Рэспубліцы Беларусь, канала Вілейска-Мінскай воднай сістэмы (далей – ВМВС), па якім частка вадасцёку перакідваецца праз водараздзел у басейн Дняпра і далей у Чорнае мора.

Такім чынам, адразу з Вілейкі водным шляхам пасля 1976 г. можна трапіць не толькі ў Вільнюс, Каўнас, Клайпеду і амаль у Калінінград да Канта, але і ў Мінск, Бабруйск, Светлагорск, Рэчыцу, Кіеў, Канеў, Чаркасы, Крамянчуг, Днепрапятроўск, Запарожжа, Кахоўку, Херсон і ледзь не ў Адэсу (па такім маршруце, мэта якога была за пяць гадоў дасягнуць два моры, трацячы па 30 дзён штогод (цэлы водпуск) на пэўны ўчастак ракі, пачаў сплаўляцца пад ветразем на ўласным швертбоце «Мева», пачынаючы ўжо з 1974 г. карэнны віляйчанін, мой цёзка па прозвішчы Эдуард Міхалевіч, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя). Да 1976 года старажытны шлях з “вараг у грэкі” быў трохі даўжэйшытолькі з самых вярхоўяў Віліі, праз р. Валачанку і Поню, што ля Мільчы можна было трапіць у р. Беразіну і далей у Днепр.

Лепш за нашых класікаў – Канстанціна Тышкевіча і Ігнація Ходзькі – нельга апісаць раку Вілію: «…кожная рака мае сваю мінуўшчыну, сваю гісторыю, свой аўтарытэт, набыты дзякуючы карысці, якую прыносіць краіне; мае свой характар і ўласцівыя ёй рысы. Кожная рака цячэ, нібы чалавечае жыццё: у маленстве выцякае з крыніцы спачатку нязначная, потым папаўняецца маленькімі рэкамі; яна быццам бы вучыцца і набывае досвед, вырастае, набірае сілы, становіцца сталай і пачынае прыносіць карысць, калі млыны ці іншыя механізмы варочае, калі на сваім хрыбце цяжкія гружаныя судны з месца на месца ці з краіны ў краіну перавозіць. То бурлівая і пенная, нібы ў гневе, то зноў цячэ ціха і спакойна; далей – глыбокая і сур’ёзная, як чалавек, які глыбока задумаўся, то зноў неглыбокая і шамаціць, весела коціцца па каменьчыках. Шмат разоў у сваім цячэнні какетліва фліртуе і галубіцца са сваім чароўным берагам, беручы яго ў свае абдымкі, як мужчына абдымае сваю каханую жанчыну і ў прывабных абдымках і салодкіх пацалунках шукае кахання і шчасця. І ў канцы свайго шляху становіцца шырокай, сталай, сур’ёзнай і разважлівай; і марудна, як рухаюцца зусім старэнькія людзі, упадае ў вялікія воды, якія яе паглынаюць, дарэмна спрабуючы захаваць хоць нейкія прыкметы актыўнага жыцця і сляды свайго існавання; і, нарэшце, захопленая вялікай сілай, прападае ў марскіх глыбінях, як знікаюць сляды чалавечага жыцця ў вечнай прасторы. Чалавек адраджаецца ў наступных пакаленнях, рака ж абнаўляецца са сваёй крыніцы і цячэ па сваім рэчышчы на працягу многіх тысяч гадоў…» (Канстанцін Тышкевіч.[2] «Вілія і яе берагі»).

У сваёй кнізе «Вілія і яе берагі» граф Канстанцін Тышкевіч з Лагойска, вучоны і пісьменнік, якім ганарыцца ў нас пакуль толькі беларуская «свядомая» інтэлігенцыя, рыбалоўству на р. Віліі прысвяціў цэлы раздзел (IV).

Кніга нашага выдатнага земляка выдадзеная на польскай мове ў 1871 г. у Дрэздэне па матэрыялах экспедыцыі, здзейсненай ім у 1857 г. па Віліі. Была таксама складзеная карта ракі з падрабязна апісанымі перакатамі, парогамі, камянямі. Да гэтага свету былі вядомыя апісанні ўсяго трох рэк: Дуная, Рэйна і Тэмзы. Вілія – на ганаровым чацвёртым месцы.

З усёй разнастайнасці іхтыяфаўны Віліі ўдастоіліся ўвагі графа Канстанціна толькі 15 асноўных рыб, якія ў той час «звычайна лавіліся»: шчупак, акунь, лінь, лешч, плотка, мянтуз, сом, бялуга, язь, вугор, галавень, выразуб, ласось, цырта і невядомы навуковай сістэме ганец. Рыба, зваўшаяся на рэгіянальнай простанароднай мове “ганец” была невядомая К.Тышкевічу, а гэта ж быў жэрах, які так сама іначай зваўся ў вярхоўях Віліі балень і жэраспень, што прывяло да памылковага меркавання графа, аб тым, што “ганец” не быў яшчэ не ўключаны ў навуковыю сыстэму.

Даведка. Іхтыяфаўна Віліі цяпер прадстаўленая 49 відамі рыб, 11 відаў заселеныя ў вадаёмы з мэтай гадоўлі. У Віліі жывуць тры прадстаўнікі кругларотых: міногі ўкраінская, ручаёвая і рачная. Сучасная іхтыяфаўна рэк і азёраў Беларусі шырэйшая, чым у Віліі, – прадстаўленая 69 відамі рыб, сярод іх тры міногі; больш за 40 відаў рыб з’яўляюцца абарыгеннымі. Аднак адзінымі буйнымі рэкамі ў сухапутнай Беларусі, звязанай наўпрост з морам, куды ідзе на нераст рыба, засталіся Вілія (бо яна ўпадае ў Нёман ніжэй Каўнаскага вадасховішча) і Заходні Буг, Нараў, што ўпадаюць у Віслу. Але вадасцёкі басейна Віслы (рэкі Заходні Буг, Нараў) на тэрыторыі Беларусі наўрад ці калісьці мелі нераставае значэнне для ласосяў і цырты, паколькі не адпавядаюць неабходным патрабаванням ні па гідралагічных, ні па грануламетрычных параметрах.

Пасля таго, як мінула амаль 160 гадоў з апісанай графам Канстанцінам Тышкевічам разнастайнасці, тры віды рыб зніклі цалкам. Гэта два прахадныя віды, што заходзілі з мора на нераст, – балтыйскі сіг і бялуга (атлантычны асётр або нямецкі асётр), і адзін абарыгенны від – выразуб. Колькасць астатніх відаў рыб скарацілася да крытычнай адзнакі. Практычна зніклі (па словах мясцовых жыхароў) неўзабаве пасля будаўніцтва плаціны Вілейскага вадасховішча ў 1974 г. У той жа час агульная колькасць відаў рыб у Віліі за 160 гадоў павялічылася на 11 за кошт інтрадукаваных для прамысловай гадоўлі і нетутэйшых інвазіўных, смеццевых, малакаштоўных парод.

Пра выразуба (мясц. віразуб) ніхто са старажылаў увогуле не памятае, не ведае, калі ён знік з Віліі. Тым больш дакладна і зараз невядома навукоўцам, ці быў выразуб у Віліі, бо гэты від больш характэрны для рэк Каспійскага і Чарнаморскага басейна. Пра сіга старыя рыбакі і сёння з захапленнем расказваюць, як яго здабывалі да 70-80х на Віліі, асабліва ў вусці Нарачанкі, і потым нават ў пачатку ХХІ стагоддзя, ён зноў пачаў выпадкова трапляцца каля в. Трапалава, і ў г. Вілейка. Але гэта быў не той, не балтыйскі сіг, апісаны К. Тышкевічам, а сіг чудскі, паспяхова інтрадукаваны від, які з 1928 г. гадуюць на воз. Нарач. Сіг балтыйскі ў Віліі не сустракаецца з канца XIX ст.

Апісваючы бялугу, К. Тышкевіч класіфікаваў рыбу (acсipenser huso), якая належыць да сям’і асятровых.

Даведка. Асятровыя – аcіpenserіdae (лацінская); бялуга – huso (старажытнагерманскія мовы). Сям’я асятровых уключае 4 роды: бялугі, асятры, сцерлядзі і блізкія віды.

Найбольш праўдападобна, што апісаная К. Тышкевічам «бялуга» ўсё ж не была класічнай, самай вялікай прэснаводнай рыбай з роду бялуг (huso huso), а быў гэта нямецкі (атлантычны або балтыйскі) асётр (acipenser sturio), самы вялікі з роду асятроў. Міфы-ўспаміны пра бялугу (балтыйскага асятра, «вялізную рыбу з мора», «беларыбіцу») на Віліі да гэтай пары захаваліся ў народнай памяці. З пакалення ў пакаленне перадаецца міф, як у 1927 г. злавілі бялугу ў в. Кастыкі. Жыхары в. Гліннае і цяпер узгадваюць міф пра тое, як спрабавалі здабыць бялугу («рыбу з мора») у 1926 г. Аналагічны выпадак адбыўся ў 1947 г. на Віліі ў вусці р. Ілія і быў распаведзены жыхаром адселенай пры будаўніцтве Вілейскага вадасховішча старажытнай в. Рыбчына. Таксама жыхары Ністанішак прыгадваюць здабычу (у 50-я гады?) каля Рымшынентаў «рыбы з мора» вагой сем пудоў – найбольш праўдападобна, балтыйскага асятра. А зам. дэкана біяфака БДУ, біёлаг і іхтыёлаг, які нарадзіўся на берагах Віліі, прыгадаў, як яму расказвалі, што апошніх двух асятроў здабылі ў Вялейцы ў 1953 годзе.

Даведка. Апошніх двух асятроў у Віліі (у межах г. Вілейкі) злавілі ў 1953 г. Праз сто гадоў пасля экспедыцыі Тышкевіча гродзенская рыбалоўная арцель злавіла апошняга асятра ў р. Нёман – у 1957 годзе (Вілія – асноўны прыток Нёмана, і відавы склад іхтыяфаўны да 1974 года быў індэнтычны). Апошні вядомы выпадак вылаву балтыйскага асятра на тэрыторыі Польшчы зафіксаваны ў верасні 1965 года ў Вісле непадалёк ад г. Хэлмна. Гэта была самка вагой 136 кг і даўжынёй 281 см. Непасрэдна ў Балтыйскім моры аcipenser sturio быў злоўлены эстонскімі рыбакамі ў Рыжскай затоцы ў 1996 годзе. Гэта была самка вагой 135 кг, а даўжыня складала 290 см.

Падчас сплаву па Віліі ў 2009 г. ад мясцовых жыхароў атрымаў інфармацыю пра тое, што вясной у сетку ў раёне Белай Гары (той, што ніжэй за Жодзішкі, бо на беларускай частцы Віліі маюцца чатыры ўрочышчы Белая Гара) трапіўся экземпляр з сям’і асятровых на 5 кілаграмаў, магчыма, сцерлядзі або балтыйскага асятра. Пра аналагічны трафей з сям’і асятровых, здабыты ў 1992 г. у раёне вадаскіду Вілейскага вадасховішча, мне пад вялікім сакрэтам расказалі знаёмыя рыбакі. Турыст з вялікім досведам з Вілейкі Міхаіл Петух, які з’яўляецца прадаўжальнікам справы Віталя Кастэнкі па штогадовых сплавах па Вяллі “Шляхам Тышкевіча”, у 2005 г. у раёне Мелі назіраў, як паралельна з байдаркай ішла рыба памерам 0,5 метра з характэрнымі прыкметамі асятровых, праўдападобна – сцерлядзь. Магчыма, гэта «рыбацкія байкі», а магчыма – сенсацыя: відаць, асятровыя, зноў вярнуліся ў Вілію. Ва ўсякім разе мясцовыя жыхары і рыбакі, на жаль, надзвычай асцярожныя, не робяць фотаздымкаў унікальных трафеяў. Не кажучы пра чучалы, бо баяцца пакінуць якія-небудзь улікі, за якія яны могуць быць прыцягнутыя да адміністрацыйнай і нават (пры паўторных выпадках) крымінальнай адказнасці. Хаця маглі б рызыкнуць дзеля навукі і пасля таго, як скончыцца тэрмін даўнасці (3 гады), «рассакрэціць» інфармацыю. Прашу толькі не тлумачыць маю думку памылкова: я заклікаю ўсіх рыбакоў спачатку фатаграфаваць выпадкова вылаўленыя ахоўныя, асабліва каштоўныя для іхтыяфаўны трафеі і адразу адпускаць рэдкую ахоўную рыбу назад.

Унікальнасць Віліі і рэк яе басейна ў маштабах рэспублікі цяпер заключаецца ў наяўнасці трох відаў прахадных рыб: кумжы, сёмгі (ласось), рачной міногі (сямідырка, вугрыца) і аднаго віду паўпрахадных рыб: цырты (рыбец), якія ўжо паўстагоддзя ў іншых рэках Беларусі проста не сустракаюцца (рыбец абарыгенны прэснаводны сустракаецца ў Прыпяці і Дняпры, але ён драбнейшы за марскога паўпрахаднога). Канстанцін Тышкевіч апісаў у манаграфіі ласося і цырту, межы іх міграцыі (заходу ў вярхоўі) падчас нерасту.

Згодна з назіраннямі, якія правёў граф Тышкевіч, «у верхняй, «балотнай», частцы Віліі, да Данюшава часцей ловяць ляшча, акуня, плотку, астатнія віды рыб – у ніжняй, «каменнай», частцы, хаця адзначаўся заход з ямаў і лоўля ў верхняй частцы выразуба, ганца і часам нават цырты, што ловіцца падчас нераставання каля вёскі Сосенка. Ласось, які трымаецца ля вусця Віліі паміж Янавам і Коўнам, здзяйсняе часам вандроўкі да Вільні, вясной нават да Ашмянкі, дзе і ловіцца ў той час…

…Ганца вылоўліваюць паблізу ад Жодзішак. Вугор у ваколіцах Вільні часцей за ўсё знаходзіцца. Цырта ў чэрвені шчодра вакол Янава ловіцца. Расказвалі мне, што ў ваколіцах Верак [прыгарад Вільні, Вяркяй, бел. Веркі] часам карпы ловяцца; здаецца, што рыба гэтая заблукала недзе з мясцовых карпавых ставоў, бо не належыць да ліку рыб, якія пастаянна запаўняюць раку Вілію. Толькі адзін шчупак свабодна прагульваецца ад вытоку да вусця, спраўляючы паляванне і наводзячы страхі на меншую рыбінку, якую па дарозе пераследуе, даганяе і праглынае. Усюды пераслед і ганенне; у цэлым у прыродзе, як мы бачым, у права больш моцнага ёсць перавага над больш слабым. У паветры, на зямлі і ў вадзе – усюды такія ж звычаі. Як шчупак будзе паляваць на малую рыбку ў рацэ і яе прыгнятаць і крыўдзіць; як сіпы, арлы, каршуны пагражаюць меншым за іх птушкам, так і чалавек прыгнятае чалавека на зямлі…»

Падчас сплаваў па Віліі ў 1977–2017 гг., слухаючы рыбакоў і прыбярэжных жыхароў, мне пашчасціла прыкмеціць новыя факты пра межы міграцыі ў вярхоўі Віліі ласося, цырты, жэраха, сома, вугра, якія адрозніваюцца ад класічнага даследавання Тышкевіча.

Пра ласося. На нераст у Вілію заходзілі і цяпер заходзяць два віды ласося: сёмга і кумжа.

Сёмга (Salmo salar). Аказваецца, ласось атлантычны заходзіў на нераст па Віліі значна вышэй вусця Ашмянкі (мяжа, якая занатавана у К. Тышкевіча): у 1910 г. вялікага ласося (сёмгу) вылавілі ў Кастыках; у Жодзішках ласось быў вылаўлены ў 1937 г. рыбакамі Дудзінскім, Кудзіным, Антонам Мізулай; вышэй вусця р. Уша Ясь Сапач вылавіў ласося ля ўрочышча Тапчак у 1938 г.; ля вусця р. Нарачанкі рыбакі з в. Швяды злавілі ласося ля ўрочышча Котра (Котла?) у 1946 г.; у раёне в. Трапалава Вілейскага раёна ў 1952 г. Іванам Мікалаевічам Мамаём, 1900 года нараджэння, была здабытая сёмга (ласось) на 32 кілаграмы. Гэтага ласося прадалі за збожжа ледзь не адзін да аднаго – амаль за мех жыта, бо ў той год вясной быў голад. Апошняя згадка пра сёмгу каля р. Тартак адносіцца да 1999 г.

Кумжа (другі падвід ласося Salmo trutta) таксама лавілася вышэй вусця Ашмянкі: у 1957 г. падчас лучэння ля каменя «Пеўнік» побач з в. Швяды здабылі восцямі тры кумжы па пяць кілаграмаў. Маецца адно сведчанне пра ўлоў увосень 1962 г. «вялікай стронгі» вагой тры кілаграмы на перакаце р. Дзвінасы, вышэй в. Стахі. Біёлаг Ул. Ляшкевіч з Вілейкі ўспамінае, як пасля вайны ў Сосенцы падчас падрыву ўзрыўчаткай ледзяных затораў перад мостам быў аглушаны і здабыты ласось. Нават жыхары в. Кастыкі ўзгадваюць, што да 1965 г. лавілі вялікую стронгу ў Віліі. Пасля будаўніцтва плаціны пра кумжу, злоўленаю на вадаскідзе, згадвалі рыбакі ў 1977 г. У сувязі з рэзкім пагаршэннем якасці вады пасля ўтварэння Вілейскага вадасховішча (недахоп растворанага кіслароду, цвіценне сіне-зялёных водарасцяў) кумжа на працягу больш за два дзесяцігоддзі амаль не сустракалася ў традыцыйных месцах здабычы і заходзіла толькі да ручая Тартак, рэк Газоўка і Дуда каля в. М. Свіранкі. Але найбольш моцныя асобіны ўсё ж падымаліся ў вярхоўі Віліі. У 90-я гг. у р. Вузлянка, прытоку р. Нарачанка, А. Паўкшта здабыў падводным пісталетам кумжу на 4,5 кілаграмы ў раёне в. Талуць.

Перабудова, распад СССР прывёў да эканамічнага крызісу, рэзкага спаду эканомікі. Але быў у гэтым негатыве адзін плюс: у раку і вадасховішча значна зменшылася скідванне мінеральных фосфарных, азотных, калійных, арганічных угнаенняў і таксама гноевай жыжкі, бо рэзка зменшылася пагалоўе жывёлы. Зменшылася скідванне таксічных рэчываў з гальванічных цэхаў прамысловых прадпрыемстваў. І якасць вады ў рацэ значна палепшылася, што можна ўбачыць на дыяграме дынамікі індэкса забруджанасці вады (ІЗВ) у Віліі за 1986–2006 гг (дыяграма у папяровым варыянце). У сучасны момант сіне-зялёныя водарасці штогод, як вада становіцца цёплай, масава плодзяцца, але не ў такой колькасці, як раней, у гады да перабудовы. Усё ж пры спрыяльных умовах дасягаюць крытычнай масы, якая выклікае мор рыбы. У зімовы перыяд таксама назіраецца рэзкае зніжэнне ўтрымання кіслароду ў вадзе, павышанае ўтрыманне фосфару. Спатрэбілася больш за дзесяць гадоў пасля таго, як якасць вады крыху палепшылася, каб на пачатку ХХІ ст. кумжа стала зноў падымацца ў вярхоўі Віліі. У 2002 г., па сведчанні рыбакоў, кумжу злавілі крыху ніжэй Белай Гары ва ўрочышчы Ясьбішча непадалёк ад в. Асіпавічы і дзве кумжы па 3 кілі у кар’еры в. Белая, у 2006-м – на вадаскідзе ВМВС, у 2008-м – каля Белай Гары (Жодзішкі), у 2012-м – каля в. Дубок, у 2014 – каля Белай Гары (Асіпавічы), 2015 г. – у Вілейцы.

Цырта (рыбец, Vimba vimba) – трэці від унікальных паўпрахадных рыб з апісаных Канстанцінам Тышкевічам, які ледзь захаваўся ў Віліі і занесены ў Чырвоную кнігу Беларусі. Варта адзначыць, што да будаўніцтва плаціны Вілейскага вадасховішча ў 1974 г. цырты было шмат у вярхоўях Віліі. Яна з’яўлялася ўлюбёным аб’ектам здабычы з-за выдатнага далікатнага смаку і з-за таго, што ў 60-я гады яе ў вялікай колькасці можна было вылавіць жывадзёрам нават у гарадскіх межах Вілейкі падчас ходу на нераст (яе сушылі мяшкамі, салілі бочкамі). У вілейскіх хлопцаў-рыбаловаў нават быў своеасаблівы рэйтынг: калі ты не злавіў на вуду цырту, якая вельмі асцярожная ўлетку, то не хваліся, што з’яўляешся рыбаком.

Цырта – самая квяцістая і прыгожая з усіх рыб Віліі. Лепш яе апісаць, чым гэта зрабілі Л.П. Сабанееў і П. Цярлецкі у канцы ХІХ ст., не ўяўляецца магчымым:

«Цвет сырти значительно изменяется по временам года. Весной, перед метанием икры, цирта становится самой красивой рыбой наших рек: вся спина делается чёрной, середина брюха и нижние плавники – красными, а у самцов в это время на голове, жаберных крышках и по краям чешуй развиваются маленькие зерновидные бородавочки. Осенью и зимой спина у цирты голубовато-серая, брюхо серебристо-белое и плавники бледно-желтоватые» (Сабанеев).

«Сырть бросает икру в конце июня или в начале июля. Ни одна рыба пресных вод не готовится к этому торжеству так, как щука или подуст (сырть). Ещё недели за две до течки подуст начинает окрашиваться и становиться пестрее, блестящее и красивее. Обыкновенно бело-серебристый цвет его чешуи принимает оттенок нежно-палевого и бледно-розового с золотистыми оливами около краёв жабр и при соединении плавников» (Терлецкий).

Магу толькі дадаць уласныя ўражанні ад карцінкі пачатку 70-х ад трафея, вылаўленага вудай прама ў межах Вілейкі ва ўрочышчы “Дынамка” (раней Восем таполяў), дзе да 1939 г. быў іпадром для трэніровак у джыгітоўцы польскай кавалерыі, цяпер – Ніжні парк). Асабліва багатай палітрай у толькі што злоўленай цырты вылучаліся часткі вільготнай далікатнай скуры на галаве, не пакрытыя луской, вялікія вочы і ў першую чаргу – ярка расфарбаваныя як вясёлка жабравыя покрыўкі. Калі цырту крышку паварушыць туды-сюды вакол васі, то покрыўкі пачыналі пералівацца і блішчэць, быццам вялізныя перламутравыя гузікі-пялёсткі: яны былі расфарбаваны ўсімі адценнямі колераў ад чорна-фіялетавага, блакітнага, ізумруднага, зялёнага да чырвонага і аранжавага. Прычым на паветры, па меры высыхання, колеры мяняліся, згасалі і цямнелі прама на вачах. У першую чаргу знікалі цёплыя колеры гэтых адценняў, некаторыя станавіліся бялёса-шэрымі і прападалі зусім. Праз гадзіну большасць адценняў на галаве і жабравых покрыўках зніклі, залатыя абадкі вачэй страцілі бляск і сталі шэрымі і сухімі. Тушка сцямнела. Раптам настолькі стала шкада страчанай прыгажосці, што ўпершыню ў жыцці мне, надзвычай азартнаму хлопцу-рыбалову, захацелася адпусціць гэтую рыбу назад у ваду, але ўжо было позна, бо не зрабіў гэтага своечасова.

Ніжэй за Міхалішкі, у вёсцы Малыя Свіраны (былая Фэрма), гэтую рыбу ці то за прыгажосць, ці то за колер брушка і плаўнікоў, часткова жабравых покрывак, жыхары называюць чырвонай рыбай.

І рыбец (цырта), і падуст (свінка) занесеныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. Падуст – таксама ў Чырвоную кнігу Літвы, цырта (рыбец) – Польшчы.

Цырта, згодна з апавяданнямі мясцовых жыхароў, падымалася па Віліі значна вышэй Сосенкі (по К. Тышкевічу), да в. Камена аж да 1965 г.

Улюбёныя нерасцілішчы цырты – перакаты (мясцовыя жыхары называюць іх заборамі) з цвёрдым (жвір) або камяністым дном у наступных месцах на Вяллі: крыху ніжэй вусця р. Нарачанкі (Тапчак), на перакатах ў Швядах, у Трапалаве, на рагу ракі на глінянай заборы крыху вышэй в. Раздоры, ля чыгуначнага моста каля в. Красны Беражок, каля Перавалкі ў Вілейцы, ля в. Сосенка і сутокаў Віліі з Сэрвачам. Таксама лавілася на перакаце р. Нарачанкі пад назвай Скок у млына ля в. Ганута і ля «млына» в. Людвінова (в. Двор Кастыкі) у р. Сэрвач і ў в. Камена. У 80-я гг. цырта з-за пагаршэння якасці вады, выкліканага наступствамі цвіцення сіне-зялёных водарасцяў у вадасховішчы, практычна на два дзесяцігоддзі знікла з Вяллі. Пра яе ўспаміналі толькі жыхары Малых Свіранак. Цяпер цырта на Вяллі, па сведчанні рыбаловаў, сустракаецца ў раёне в. Мель, аг. Міхалішкі, а ў апошнія гады нават пачала вяртацца ў вярхоўі: нерасцілася на «заборы» (перакаце) ля в. Раздоры (2011 г., «аж вада кіпела»); перакаце ля в. Елажычы (2016 г.) на р. Нарачанка. Варта адзначыць, што ў левыя прытокі, Ілію і Ушу, цырта (бялюга або свіння, як яе называюць мясцовыя жыхары) не заходзіла (згодна з успамінамі тых жа мясцовых жыхароў).

Ганец (жэрах). Жэраха лавілі значна вышэй за Жодзішкі, як расказана ў манаграфіі, – аж да Вілейкі і вышэй за Сосенку ля вусця р. Сэрвач. У 80-я гг. быў участак ад вадасховішча і Вяллі ніжэй вадаскіду да Міхалішак, дзе жэрах перастаў сустракацца. Але пасля таго, як вада ў Вяллі стала чысцейшая, жэрах зноў сустракаецца на рацэ ніжэй за Вілейскае вадасховішча (в. Даманава, ур. Ясьбішча, вадаскід ВМВС), так і вышэй (Сутокі, Кастыкі). Але найбольшую яго колькасць цяпер убачыш не ў Жодзішках, як было даўней (згодна з манаграфіяй Тышкевіча), а каля Міхалішак.

У спісе рэдкіх, занесеных у Чырвоную кнігу Беларусі прахадных рыб, што жывуць цяпер толькі ў Вяллі, маецца рачная мінога (мясц. сямідырка, вугрыца). Знешне рачная мінога падобная да больш шматлікіх і шырока распаўсюджаных ў Віліі і яе прытоках сваіх субратоў – украінскай і ручаёвай міног (кроўж, громж, верацяніца). Адрозніваецца ад іх буйнымі памерамі (дарослыя асобіны рачной міногі дасягаюць даўжыні 40–50 см) і дакладна раздзеленымі спіннымі плаўнікамі. Сямідырка і раней дастаткова рэдка сустракалася ў Вяллі, цяпер яе колькасць невядомая. Верагодна толькі тое, што яе колькасць рэзка знізілася паўсюдна з прычыны забруджванняў вады. Але усё ж яшчэ нядаўна сустракалася ля Міхалішак, у вусці р. Страчы, у 1970 г. – у Вілейцы і прытоку Віліі – рацэ Ілія.

У цяперашні час сцвярджэнне К. Тышкевіча, што «вугор найчасцей у ваколіцах Вільна прабывае», таксама не зусім слушнае: пачынаючы з 20-х гг. яшчэ «за Польшчай» пачалося зарыбленне азёраў Нарачанскага і Браслаўскага краёў лічынкамі вугра, якія набываліся ў Францыі і Англіі. Пры савецкай уладзе з улікам былых традыцый «пашавае вуграводства» працягнулася. Аж да 2005 г. азёры Нарач і Свір зарыбляліся шклопадобнай лічынкай гэтага віду, а ў 2015 г. маладняком вугра было зарыбленае возера Свір. Адно можна сцвярджаць без сумнення, што ў Віліі вугор насамрэч у апошнія паўстагоддзя значна часцей сустракаўся ніжэй вусця р. Нарачанкі, а таксама ў большай колькасці лавіўся ў першыя дзесяць гадоў ніжэй затвора галаўнога гідравузла Вілейскага вадасховішча.

Сом цяпер, хоць і рэдка, але ўсё ж лавіўся ў Вяллі: пасля 1857 г. трапляўся рыбакам нават у верхняй, «балотнай», частцы значна вышэй Данюшава. Месцамі здабычы сома ў верхняй частцы Віліі ў розны час з’яўляліся: 1928 г. – Сосенка, 1937 г. – вусце Іліі, в. Рыбчына, 1955 г. – Мель, 1964 г. – Гліннае, 1965 г. – ур. В. Гара (в. Асіпавічы), 1969 г. – Алянец, 1970 г. – Міхалішкі, 1972 г. – Залессе, 1992 г. – Плёсы, 2006 г. – Дубок, 2008 г. – ур. Ясьбішча (в. Асіпавічы), 2010 г. – в. Рыбакі і інш.

А пра ракаў Канстанцін Тышкевіч у манаграфіі напісаў так: «…Ракі знаходзяцца паўсюль па рацэ, акрамя Міхалішак; у гэтай частцы Віліі, паблізу мястэчка, ніводзін з жыхароў не памятае, як мяне там запэўнівалі, каб рака хтосьці ў гэтым месцы злавіў, і ніхто да гэтай пары не абгрунтаваў згадку, чым можна патлумачыць натуральную прычыну такой з’явы».

Мясцовыя жыхары Міхалішак пасля таго, як мінула больш за 150 год, удакладняюць даследаванне Канстанціна Тышкевіча на сённяшні дзень: ракі паспяхова тут лавіліся крыху ніжэй за мост аж да 90-х гг. ХХ ст. У цяперашні момант амаль не трапляюцца, і вінаватыя ў гэтым, на думку мясцовых жыхароў, электравуды.

Варта адзначыць, што на працягу ХХ ст. у вярхоўях Віліі двойчы ракі практычна знікалі з ракі: упершыню за Польшчай, а пасля таго, як іх пачалі масава і разбойна лавіць амаль ва ўсіх рэчках у пачатку трыццатых гадоў і прадаваць у Берлін і Парыж. Пасля 1939 г., калі гандаль у вярхоўях Вяллі стаў немагчымым, межы пры Саветах закрыліся і здавалася – зараз ракі адродзяцца, то наадварот, яны практычна прапалі на два дзесяцігоддзі з вярхоўя Віліі ўжо пасля таго, як пачалі сплаўляць лес новым, даўно ужо тут забытым, але больш танным бальшавіцкім спосабам. Пры бальшавіках бярвенні не скаблілі на беразе ад кары, не вязалі ў плыты і пачкі, а як ёсць адразу кацілі у раку – “быдлам” (па-руску – «молью»). Такі дзікунскі сплаў дрэва наносіў вялікую шкоду усім насельнікам ракі, таму што кара набракала, адставала ў вадзе і асядала на дно і гніла там. Другі раз – калі «стварылі» Вілейскае вадасховішча. Але што здзіўляе, ракі ўсё ж выжылі, прыстасаваліся і сталі зрэдку зноў сустракацца як вышэй, так і ніжэй за вадасховішча.

Да будаўніцтва Вілейскага вадасховішча, па апавяданнях мясцовых жыхароў, ракаў лавілі паўсюль, але найбольшая іх колькасць здабывалася на Вяллі “за Польшчай” ля в. Белая і мястэчка Быстрыца, дзе існаваў пастаянны рачыны промысел, даваўшы значны прыбытак наяўнымі грашыма простым сялянам узбярэжжа, бо ракаў куплялі адразу агенты – перакупшчыкі, а рыбу трэба было злавіць і везці прадаць у мястэчка на кірмаш ці перакупшчыку. Жыхары в. Белая, у асноўным дзеці, налоўлівалі іх рачоўніцамі на жабу – за тыдзень некалькі дзясяткаў кошыкаў. Захоўвалі ў скляпах, у халадку, спецыяльна прыкрыўшы мокрым імхом, каб ракі заставаліся жывымі. А ў нядзельку, як апавядала жыхарка в. Белая, ехалі спярша да царквы ці касцёла ў Смаргонь і нават у Вільню, пагрузіўшы вялізныя кошыкі з накрыўкамі на калёсы, і, пабыўшы з раніцы ў храме, пасля везлі ракаў далей на базар ці перакупшчыку, а адтуль ракаў везлі ўжо оптам яшчэ далей у замежжа, на Захад.

Цікавай з’яўляецца народная традыцыя ў прыбярэжных вёсках р. Нарачанкі (в. Слабада, в. Іжа). Існуе павер’е, што ўжыванне ракаў вельмі дадатна ўплывае на палавую сферу, стымулюючы і павялічваючы палавую цягу як мужчын, так і жанчын. Таму юнак, які кахае дзяўчыну і не ўпэўнены, што яна зможа адказаць яму ўзаемнасцю, стараецца для ўзбуджэння лібіда запрасіць яе на лоўлю ракаў. На месцы спаткання ў прыбярэжным лесе загадзя хаваюцца кацялок, соль, запалкі для вогнішча. Калі дзяўчына пагаджаецца зняць пробу далікатэсу, то ні піва, ні віна ёй не трэба: далейшае рамантычнае развіццё падзей гарантаванае. Пры гэтым мужчынская палова свята верыць, што менавіта ракі дапамаглі ім спакусіць сваіх будучых жонак. А жаночая палова хітравата адмаўляецца даць шчырыя тлумачэнні. Аднак, не абвяргаючы мужчынскую версію, абыходзяцца стандартнымі джакондаўскімі ўсмешкамі. Таксама пра гэта я чуў ад Бохана А. А. (1955 г. нар. в. Іжа). Хлопцы з Іжы, калі ў р. Вузлянцы чамусьці не маглі злавіць ракаў, лёталі ў канцы 70-х гадоў у Каралеўцы, на р. Нарачанку, да моста, дзе заўсёды можна было ў віры налавіць ракаў, каб спецыяльна пачаставаць дзяўчат перад вечарынай. Сведкам такой традыцыі частавання дзяўчыны ракамі на спатканні мне пашчасціла быць на р. Нарач ля в. Слабада ў 2005 г.

Ведаючы пра магічныя ўласцівасці гэтых істот і верачы ў іх, тутэйшыя жыхары спецыяльна выстаўлялі вараных ракаў на вясельны стол у якасці абавязковай стравы для маладых, каб была ўдалай першая шлюбная ноч для працягу роду. Так сама чуў пра павер’е, што дзеці, зачатыя пасля частавання ракамі, нараджаюцца здаровымі, не схільнымі да алергічных захворванняў.

Вось яшчэ прыклад з радзімы графа Канстанціна Тышкевіча апісаны удзельніцай экспедыцыі “Шляхам Тышкевіча” Дзінай Рамадзінай: – Ад Рамадзінай Т. А., 78-гадовай жыхаркі г. Лагойска, я пачула наступны аповед:

…“Яшчэ гадоў 50 таму рэчка Гайна не была такой бруднай, як зараз. У ёй можна было і купацца, і бялізну мыць. Шмат рыбы тут было… І нават ракі пад калодамі ў норах вадзіліся. Дык хлопец, які што дурное ў галаве ў адносінах да дзеўкі меў (нават калі потым ажэніцца з ёю), прызначаў ёй спатканне на беразе рэчкі са словамі: “Пойдзем ракаў лавіць!”. Або загадзя з сябрамі ці братамі наловіць ракаў, наварыць, а потым дзеўку частуе, каб яна ў ахвоту ўвайшла, калі і не надта яго любіць. А потым карыстаецца гэтым, каб з ёю ажаніцца.”

…“без ракаў не абыходзіўся ніводзін вясельны стол. Маладыя абавязкова павінны былі пакаштаваць іх, калі хацелі мець шмат дзяцей. Трэба было маладому асабліва налягаць на шыйкі, а маладой – на клюшні…”

Вось тэкст адной з вясельнай песень нашага віленскага краю:

Хадзілі дзеўкі па балоту,

Рабілі ліха, не работу:

Лавілі рачка за клюшаньку,

Пасадзілі рачка на калодзе,

Сталі думаць-гаварыць:


– Як нам рачка падзяліць?

Таму-сяму – па клюшаньцы,

Маладому Ванечку – сярэдзінку,

Таму-сяму – па дзевачцы,

Маладому Ванечку – паненачку.


2

Канстанцін Піевіч Тышкевіч (5 [17] лютага 1806, Лагойск – 1 [13] ліпеня 1868, Мінск) – археолаг, гісторык, этнограф, фалькларыст з роду Тышкевічаў. У 1842 г. сумесна з братам Яўстахам заснаваў у Лагоўску першы ў Беларусі хатні музей. Канстанцін Тышкевіч таксама быў адным з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцяў, членам Віленскай археалагічнай камісіі. Актыўна займаўся раскопкамі курганаў на Лагойшчыне, раскапаў каля 200 курганаў. Склаў тапаграфічныя карты замчышчаў і гарадзішчаў. Прапанаваў класіфікацыю знаходак па матэрыяле і спосабе вытворчасці. У 1857 г. арганізаваў экспедыцыю па рацэ Віліі, на аснове чаго напісаў манаграфію “Вілія і яе берагі”, выдадзеную ў Дрэздэне у 1871 г. Справаздачы пра свае археалагічныя знаходкі друкаваў у газеце “Новы час”, якую выдаваў Адам Кіркор у Пецярбургу ў 1868–1871 гг.

Пра Вяллю, рыбу і рыбалку. Нататкі вандроўніка з Вілейкі

Подняться наверх