Читать книгу Пра Вяллю, рыбу і рыбалку. Нататкі вандроўніка з Вілейкі - Міхась Міхалевіч - Страница 4

Частка ІІ. Успаміны і байкі жыхароў пра Вілію, рыбу і рыбалку

Оглавление

Звералоўства і рыбалоўства былі ўлюбёнымі заняткам і старажытнага ліцвіна.

Канстанцін Тышкевіч. «Вілія і яе берагі», 1871 год

Вельмі маляўнічымі з’яўляюцца рыбацкія апавяданні, байкі мясцовых жыхароў, што жывуць на берагах Вяллі. Сюжэт практычна ўсіх пачутых мной падчас падарожжаў і сплаваў-экспедыцый «Вілія-Нярыс» у 2007 г. і «Шляхам Тышкевіча» ў 2008–2015 гг. апавяданняў падобны да таго, што даводзілася пачуць у 1857 г. Канстанціну Тышкевічу. Час цячэ, але апавядальнікі якім ад 25 да 90 гадоў ад роду такія ж самыя што былі і тады наракаюць на тое, што «вось раней рыбы ў рацэ было больш». Канстанцін Тышкевіч у сваёй манаграфіі піша пра гэта так: «Колькасць рыбы ў рацэ Віліі зменшылася значна з той прычыны, як мне гэта апавядалі, што плытагоны, якія сплаўляюць лес, і каманды суднаў, якія сплаўляюць тавары, кідаюць атруту і загубілі гэтым раку значна».

Канешне, суднаходства і гандаль на Віліі ішлі жвава да XVI ст., у XVIII ст. працэс пачаў значна спадаць. У 1813 г. у Вілейцы грузілася ўсяго 16 каробак і 14 плытоў пянькой, ільняным семенем, будаўнічым лесам, зернем, цыбуляй, шкурамі. Але перад самай экспедыцыяй графа Тышкевіча зноў была «ўспышка» гандлю на Віліі. Гэта было звязана з тым, што ў перыяд Крымскай вайны 1854–1855 гг. паўднёвыя парты Расіі былі заблакаваныя. Толькі ў Вялейцы ў той час былі загружаныя і сплаўленыя да тысячы і больш плытоў. На Віліі пачалі дзейнічаць новыя прыстані ў Сосенцы, Малмыгах. Пасля Крымскай вайны гандаль зноў пайшоў на спад і скончыўся роўна праз сто гадоў: у 1957 г. у па Віліі ў апошні раз сплавілі плыты.

Плытагонаў па розных прычынах жыхары берагоў Віліі не вельмі любілі, як ў ХІХ ст., так і і ў ХХ ст. дражнячы і называючы іх не толькі «штырнікамі», але і «засёрамі» – па сведчанні Мамая Фаміча 1924 г.р. з в. Трапалава (зап. у 2010 г.), які да вайны 1941–1945 гг. сам быў плытагонам. У Пільцах, па словах Ядвігі Антонаўны Дзябрэй (Пілць), 1924 г.н., плытагонаў дражнілі жартаўлівай прыпеўкай: «Плытнічкі з вадою, з вадою, а за вамі чорт з дудою, дудою».

Падчас паходаў, а потым сплаваў-экспедыцый мне з прычыны прыроднай цікаўнасці даводзілася размаўляць з многімі мясцовымі жыхарамі. У першы раз на простых гумавых лодках з сябрамі-студэнтамі (Ул. Крушэўскім, С. Сербянковым, Ю. Канкаловічам і інш.) сплавіўся да Міхалішак у 1977 г. Тэмы былі розныя, але кожнаму сустрэчнаму мясцоваму жыхару з вёсак і мястэчак, размешчаных на берагах Віліі, я задаваў пытанні на тэмы: «Якая ж самая смачная рыба?», «Якую ты самую вялікую рыбіну злавіў? Ці сарвалася? Ці бачыў?», «Якія выкарыстоўваеце снасці для лоўлі?», «Як тут святкавалі Купалле?». Ніжэй будуць прыведзеныя адказы, якія датычаць толькі рыбалоўства.

Пра густы не спрачаюцца, у цяперашні час рыба з Вяллі надзвычай рэдка сустракаецца ў рацыёне жыхароў прыбярэжных вёсак, але памяць яшчэ захоўвае яе смак. Так, жыхары самага вярхоўя Віліі, ля вытокаў, лічылі самымі смачнымі ментуза, келбу, шчупака, ліня, яльца, ляшча і нават сяляўку (верхаводка або ўкляя).

Каля ўпадзення ў Вілію Сэрвача жыхары прыбярэжных да Віліі вёсак лічаць самымі смачнымі судака, акуня, вялікага ляшча, жэраха, шчупака, келбу (печкура). У Вялейцы – судака, ментуза, ляшча. Таксама старажылы адзначаюць далікатны смак цырты, вусача, келбы, яльца. Ніжэй за Вілейку, аж да р. Нарачанкі, жыхары самымі смачнымі называлі вусача, вугра, ментуза, сома, цырту, і ўжо згадваецца ласось.

У раёне Смаргоні, Данюшава перавага аддавалася вусачу, вугру, ментузу, сому, цырце, ласосю. У населеных пунктах Астравецкага раёна (у Дубку, Рымшынентах, Міхалішках, Свіранах, Быстрыцы), як і ніжэй, у Літве, жанчыны больш успаміналі пра смак ласося, вугра, цырты, сома. Але паўсюдна жыхары як «каменнай» часткі Вяллі, так і «балотнай» адзначалі выдатны смак печкура (мясц. келба, калбун, келбун, курмель), якога тут раней вялося багата.

Апавяданні і ўспаміны жахыроў Павілля пра рыбалку і рыбу, пра Вілію і яе берагі, пра звычаі прыводжу на рэгіянальнай мове або «трасянцы» так, як іх запісаў. Прыкладам для мяне ў гэтым служыць кніга літоўскага прафесара Вікінтаса Вайткевічуса, з якім давялося сплаўляцца і размаўляць падчас міжнароднай экспедыцыі «Вілія-Нярыс» у 2007 г. (Vykintas Vaitkevičius – Neris. 2007 metų ekspedicija. Vilnius: Mintis, 2010). Прычым нельга не заўважыць паралель: чым старэйшы чалавек, тым чысцейшая ў яго родная мова, як і чысцейшая калісьці была вада ў Віліі.


Вёска Вялікае Поле Бярозкаўскага с/с Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці

Марыя Казіміраўна Гінтаўт (дзяв. Воўк-Ланеўская), 1935 г. н., родам з в. Дзяружкі:…Вільля пачынаецца тут. Сёлета Вільля перасохла зусім. Яна начынаецца, гэта Вільля, во туды, прайсці ў тую сторану. Там будзе горка. Горка. І туды, там быў некалі мосцік, усё. Там была, некалі грэбля, там пачынаецца Вільля. Там на гарэ жыў нейкі пан багаты, унізу было балота, з якога пачыналася рака. Пан Харастовіч. Мельніца тут на Вільлі была у Шыленцах. У Вільлі мы некалі купаліся, глыбокая была. А даўней такая глыбокая была, што караблі па ёй хадзілі. Нават пры маёй памяці яшчэ рака была, цяпер жа нічога не стала.

…Тут у Вільлі найбольш была шчука, рыба харошая. Там вірок быў адразу за Вялікім Полем, у канцу. Там быў вір, і там вадзіліся шчукі. Вот сынок у мяне, як быў падросшы, з 55-га года, дык нейкімі асцямі лавіў такіх шчупакоў і такіх прыносіў. А тады нейкі чудак нашоўся на нейкай лодцы праехаў, нейкая там электра, нейкае там нешта, і прапала шчука. Была яшчэ нейкая рыбка, звалі мянькі. Галава ў іх была таўстая, а хвост вузкі. В'юн нейкая была рыбка. І былі тут у нас ракі.

…Я знаю, як папасці да сасны Куліны, але цяпер да яе дарогі няма, дайсці можна толькі пешшу. Тут было турыстаў, во нядаўна, гэткія маленькія, усякія, Божа, Божа. Дык сын быў дома, дык ён знаець гэты лес, усе хады, так сказаў, была дарога на Куліну, на Доўгае, там пераезд, там капцы, там і Куліна недалёка. Адсюль кілометраў васямнаццаць. І да Сцепкамяня таксама, ён там блізка, радам. Яно там на адным поле. Яна, ну не знаю, нейкая быль. Панясла жонка мужыку есці. А ён араў, тый Сцяпан, ну, на валах. Ну і нешта там яна зазлавала і кажа: каб ты каменем стаў. А ён на яе: каб ты сасной. Яна недалёка адышлася, і гэта. Ну тая сасна была дзіўная некалі, дык рукі – веткі. Веткі былі якраз як рукі, і сама такая страшная, тоўстая тая сасна. Куліна стаяла пры дарозе на Доўгае, капцы і паварот на Баяры. Ну, а Сцёп-камень на полі, ну як раньшэ, дык казалі, былі камяні, пахожыя на валы. А цяпер яны, мусіць, ураслі, застаўся адін Сцеп-камень, як чалавек, хто яго ведаець.

Тут карэнныя былі па фаміліі Дабышы. Праваслаўныя. Я сама з Дзяружак, там за Шыленцамі. За гэтага Гінтаўта пайшла. Ну, фамілія нейкая вродзе як фрыцкая, нямецкая, але бацька быў католікам. І мой бацька быў католікам. Мае бацькі некалі яшчэ былі дваране. Мелі футар Загіссе. Яны былі дваране і дзве фаміліі насілі: Воўк і Ланеўскі. Але ж тады прадзеда выслалі і дзеда майго выслалі, а бацьку майго забралі. Хараніліся мае ў Мнішаве, пры касцёле.

Ля мастка на тым баку Вільлі, дзе Шыленцы, стаяла каплічка. За мастом, справа як ісці з Вялікага поля. У якім гаду ўжо не помню, прыехалі сюды студзенты. З Віцебскага інсцітута. На трэцім курсе яны былі. І вот яны разламалі гэту каплічку. Гэта каплічка, абразы такія, і іконы харошыя, і ўзялі пакідалі па дарозе і па полі. Былі два студзенцікі ну такія харошыя, на кварціры. Яны нікуды не хадзілі. А тут у саседняй хаце былі нейкія пяць хлопцаў. І адзін быў фамілія Барада. Бараду во гэткую насіў. І ён дзе-та быў. Ну, памагалі саўхозу, ну і разламалі каплічку і нашлі там вялікі клад. І тут яны разламалі капліцу, і тут яны шукалі клад. І там вось, як ехаць гэтай дарогай на Шклянцы, кладбішча было якое, яго ніхто не помніць. І там яны раскопвалі, каменні падымалі. Цяпер такіх завуць чорныя капацелі. І там былі захаронены людзі седзючы, косці стаялі. Нічога там яны не знайшлі. І пры гэтай капліцы была бабка, Анеля, і нічога і ў яе не знайшлі. Жыла яна тут за рэчкай, на пагурачку стаяў дом. Раскулачылі яе бацькоў. Потым вайна была – ніхто не ведае, дзе яна тады была, і усё. После вайны яна явілася. Хаты яе не было, там ужо цяляты стаялі, там авечкі і ягняткі, калхоз ужо там быў. Ну яна, гэта Анеля, далася ў веру, у касцёл, каталічка была. У чым хадзіла, у тым і ляжа, што на ёй было. Такое пальцішка чорненькае было. Начавала па хатах. Дужа малілася Богу. Іконы прадавала. І яна нідзе нічога, і някага ў яе багацця не было. А ў гэту каплічку яна малілася, там абразы былі, дык людзі прыносілі капейкі калі. Кінулі там каля дваццаці капеек. Капеек трыццаць ахвяроўваліся. Вот. І яна была настолькі набожная, некалі знайшла святы камень, а я ішла замуж. Тут, за рэчкай, быў першы дом на перакростку, ну, яго ўжо няма, на тую сторану. Свякроў жа была, мужык быў, і вот Анеля як мяне палюбіла ну і прышла да мяне, каб я ёй нейкія бліны спякла. Ну, я буду пячы тыя бліны, а для чаго яны, ужо за нейкі камень. Найшла нейкі камень у Вільлі – след анёла. Сабралася мужчын, выкапала гэты камень, выцягнула з ракі, і мужчыны ўкацілі ў гэту каплічку. На камяні быў нейкі слядочак, нешто было. Яна так яго засцілала, так прыкланялася яму, малілася і ўсё, гэта Анеля. А мне тыя гэтыя бліны даліся, гэта ж не цяпер, а тады! Я тут нейкіх яблыкаў нарэзала нескалька штучак, нейкага цеста развяла, ды развяла рэдзінька, ну што – у печы. Божа, – кажу, мама, на свякроў, – дзе ж гэткія бліны зраблю? Во якая работа. І ніхто не знае, дзе пасля разгрому капліцы дзелася Анеля, дзе яна пахаронена. Перастала хадзіць па хатах.(зап.2007 г)


Вёска Шыленцы Докшыцкагараёна Віцебскай вобласці

Зінаіда Разумееўна Мікульская, 1934 г. н., родам з в. Бярозкі:…Вільля во якая стала: я падыду – і ўжо транту якую не папаласкаю. Дзе мосцік праз раку па берагі вады было. І рыба была ўсякая. А цепер не падысці, усё заплыло, зялёнае. Палавінкі няма. І бабры тут былі, закапалі ўсё. Пачыналася во з гэтага балота.

У Вільлі лавілі шчуку, ведаю такую рыбу. Каплічка стаяла, тут, ля дарогі, пасля як разбурылі і каменне цяпер пасцягвалі трактарамі, места гэта парасло травой. Я праваслаўная, каплічка была каталічная.


Вёска Кромавічы (2 км/508) Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці

Мікалай Іванавіч Лынько, 1921 г. н. (зап. 2006 г., ВВ., Г.З. Расш. Ю.У. Зах. LTR 7685/350а):

…З-пад зямлі б'ець ключ, а ўсюды ўжо бальшая рэчка. Кілометр сюды ці паўтара. Усякая рыба была.

Алена Анатольеўна Усціновіч,1961 г. н., мясцовая (зап. 2015 г., М.М.):

…Мая і дзевіч'я фамілія Ўсціновіч. У маёй мамы была фамілія Чарныш. У Кромавічах цяпер нікога нет, а было хат сорак. Карэнныя фаміліі Батура, Чарныш, Скаромік, Сіняўскія. Вёска праваслаўная. Да вайны хараніліся ў Вілейцы (деревня за 3 км), а пасля ў шасцідзясятых гадах зрабілі сваё кладбішча ў Кромавічах. Купалле спраўлялі, палілі вогнішча пад лесам. Там такая паляна была. Цяпер ужо нідзе не паляць. На Троіцу пад бэлькі падтыкалі бярозкі-май. Можа, на Купалле і палілі май на вогнішчы – не памятаю. Да Вялікага Поля ад нас кіламетр. Там, дзе пачынаецца Вільля, чатыры вёскі: Шыленцы, Вялікае Поле, Дзяружкі і Кромавічы; з двух старон рэчкі – адна школа, магазін. Ля Шыленцаў, ля Вільлі была каплічка. Яе студэнты разграмілі, пакралі там іконы. Гэта як бульбу капалі, разграмілі гэту каплічку. Я яшчэ малая была вельмі. Гэта было можа які семсят шосты год, не помню. Анэля была, каплічку даглядала, начавала па людзям. Дажа і месца таго, дзе каплічка была, і няма ўжо, я не магу сказаць, дзе яно. Цяпер і да рэчкі не дойдзеш, бо там бабры і там балота. Еслі мы там дзецьмі купаліся ў той Віліі, там усё ў нас было чыста, то цяпер там не падысці да рэчкі нідзе. Там была глубіна і па тры, і па чатыры мэтры, было дзе купацца. Там такія віркі былі, што, ф'юць – «з ручкамі», взрослыя хаваліся. Рыбы было ўсякай. У асноўным гэта былі галаўні, шчупакі, келбы і сяляўкі. Келбы былі невялікія, але смачныя. Цяпер ніякай, мусіць, рыбы няма, толькі колюшка. Мы больш шчуку лавілі, асцямі, у нас з вудачкамі ніхто не сядзеў. Усе толькі асцямі лавілі. А рукамі лавілі галаўнёў. Там цяпер адны бабры і бабровыя хаткі. Бабры – гэта злодзеі, яны забалочваюць берагі. Цяпер нічога няма. Цяпер ужо чаплі завяліся, раньшэ ў нас ніколі чапель не было. А два года назад пайшла да рэчкі – о-о-о-о – там дзве чаплі стаяць. Цяпер і людзей няма, адны звяры. Сядзіш на лаўцы – заяц пабег, ёжык пайшоў.


Вёска Вілейка (6 км/501) Докшыцкагараёна Віцебскай вобласці

Вольга Макараўна Лях,1924 г. н., мясцовая:

…Усе завуць мяне Волька. У Вілейцы было 73 хаты. Нарадзілася я ў 1924 г. на футары Мядзель за 3 кілометры адсюль, у старану Хацені. У Вілейцы пашла ў першы клас у школу. Было тут многа Шынкевічаў, Ляхі былі. Дзяцей было ва ўсіх памногу – па шэсць, па сем. Раку звалі Вільля. Даўней у Вільлі лавілі ракаў. Я сама баялася, а лавіла сястрычка мая. Яны, гэтыя ракі, абычна жылі там нейдзе пад берагам. Дык яны рукамі іх даставалі. Рыбу лавілі на вудачку. Усякія былі – платва была. Вільля і тады не такая ж вялікая была, але чыстая. А цяпер жа гэтая бабры заглушылі яе і ўсё. І канчаецца наша рака. А такая рэчка была. А так нічаго не рабілі тут нашай рацэ – ні міліарацыі, не спрамлялі.

…А яшчэ мой папа сплаўляў плыты ў Вешках. Дык рэчка ж тады была шырокая. Тут у нас у Вілейцы не такая шырокая, як была ў Вешках, цяпер зарасла саўсем. Ён сплаўляў лес сколькі там паложана кілометраў, а потым далей другія людзі гналі…

Нашай царкве лет чатырыста. Паначалу яна была касцёл, а патом ужо перастроілі на цэркву. У Вілейке цяпер адны праваслаўныя, католікаў ураждённых няма, ёсць адна прышлая. Пры Саветах царкву закрылі, прыйшлі немцы – і зноў адкрылі. Бацюшка прыязджаў з Мільчы сюды, кілометраў за дзесяць, к нам служыў, і на прастольныя святы. Ад нашай Вілейкі ў пяці кілометрах была граніца польская, а мы былі бальшавікамі, калхознікамі, звалі гэдак. Як пры немцах адкрылася граніца, нашы людзі туды хадзілі, каб купіць што, прыабрэсці з яды. Зярно якое, голад жэ быў. Там жа аднаасобнікі былі, за Польшчай жылі, былі багацей. Ездзілі да радні і мы аж у Мядзельскі раён, там былі маміны дваюрадныя. Нашы прадзеды былі з Мядзельшчыны, купілі тут зямлю, таму футары пасёлак такі і называлі то Мядзельшчына, то Мядзель.

…Спачатку мы жылі аднаасобна, а потым сталі ўсё абагуліваць у калхоз. Мне было пяць годзікаў, а запомніўся мне наш конь. Жарабок быў чорны, добра помню, а тут лысы, дык уцёк з гэнага калхозу. А мама абняла яго галаву, гэдак цалавала і плакала. А папа ўжо ўсё абагуліў: і каня, і ўсю скаціну, і прылады здаў, усё ж трэба было здаваць. Ну і папа быў такі рабацяшчы, хоць няграматны быў, звалі яго Макар Фёдаравіч Кулеш. І не змог ён быць пасля таго, не змог ён жыць у калхозе. Дык ён выйшаў, а тады ж многа раскулачывалі, хто быў багацейшы, убіралі. Заставаліся такія, такія-сякія. Але ж вось як-та не раскулачылі, і цяпер мне часта прыходзіць у галаву, якто нас не выслалі. Ён апяць купіў коніка, апяць купіў усё, што нада ў хазяйстве. Апяць. І далі зямлю самую благую, пясчаністую.

…Спаліў Вілейку ў вайну карацельны атрад. Вродзе і чулі, што ёсць такі атрад, не знаю, дзе стаяў. Ну і ішоў да нас, мы пачулі стрэлы ля кладбішча. Мы тады сталі ўсе ўцякаць, маладзёж. Нашы радзіцелі – папа з мамай, брацік, чатыры годзікі, і дзве мае сястрычкі. Пабеглі ў лес, пад Бягомль. А немцы з сабакамі многіх палавілі, каго, як мяне, адправілі ў Германію, а маму з малым брацікам і сястрычкай пагналі назад у Вілейку. Людзей, якія засталіся ў дзярэўні і каторых паймалі пры ўцёках, сабралі ў нашым двары, наш дом быў самы крайні ў Вілейке. І вы знаеце, хто то ж быў прэдацель тут у дзярэўні? Па спіску немцы вызывалі, фаміліі людзей, сем'і – расказалі – і іх тады пагналі ў пуню на самым канцы дзярэўні. Туды іх сагналі трыццаць два чалавекі – там цяпер стаіць памятнік. Там іх стралялі і палілі. Нявінных. Наверна, быў той чалвек такі прадажны, у дзерэўні жыў, можа, хто што зрабіў ці сказаў яму што ці глянуў не так.

Унічтожыў тых, каго не залюбў. Некалькі старычкоў забілі, якія ніякага дачынення не мелі да партызанаў. А аднаму на лбу звязду выразалі. Ой, не магу дажэ думаць. Думаю, Госпадзі, – ай-ай-ай! – за што?


Вёска Вешкі (8 км/503) Бярозкаўскага с/с Докшыцкагараёна Віцебскай Вобласці

Ніна Трафімаўна Шустоўская (дзяв. Рудкоўская), 1936 г. н., мясцовая:

Хадзілі мы з маім мужам у рыбу, як ён кавалерам яшчэ быў. Лавілі, ну як называюць шчупакі, пападаліся, ну плоткі. Дзеці бегалі, дык у бучы лавілі і проста ціскалі рукамі ў траве. Цяпер ужо Вільля зарастае. Так пра Нестара Сакалоўскага знаю, і ён яшчэ родсцвеннік нам, а дзе быў дом, так не скажу, не памятаю. Плыты вязалі пад канец вёскі і лес ганялі.

Зося Кандратаўна Несцяронак (дзяв. Сакалоўская), 1934 г. н.:

… Мая мама, Зося Аляксандраўна, была Нестару дваюрадная сястра, а тата мой Сакалоўскі Якаў Кандратавіч, з 1910 г. Мужык мой з Юрылава. Пяць дзяцей у нас, усе раз'ехаўшыся. Вешкі да 39 года былі ня ў Польшчу. Вільля даўней была глыбокая, усе купаліся, а я не ж ня ўмею і вады баюся. Рыбу лавілі. Шчупакі былі самыя смачныя. Карасі былі сладзенькія, але многа ў іх касцей, а так сладзенькія. Маленькую рыбу нават сын мой лавіў кошыкам. Было і рыбы і ракаў. Ракаў варылі і елі. А потым чаму тут рыбы не стала? Во тут во недалёка, там на пагурку з аміякамі былі бальшыя бочкі. Амміяк лілі гэта ўжо пры саўхозе. Спачатку тут калхоз быў, а потым саўхоз. Бочкі там палажылі, ля Вілейкі радам, але на гэтым баку, сюды да нас. Гэтыя бочкі ўзарваліся, і ўсё ж у раку пайшло. І ўсё, пасля таго няма рыбы, няма ракаў.

…Мой папа быў дзясяцкі, прымаў лес. Ганялі ў Вялейку. Ганяў на плыты. І каля берагоў ішлі, гналі. У іх былі такія длінныя шасты – бусакі. Бусакамі ад берага адганялі і пяшком. Гналі баланс – ну гэта такія, як дровы прадаюць. Звалі моллю, як цяпер на дровы рэжуць, па 2 мэтры. Быў моль і даўжок. А даўжок – гэта каторы страіцельнае дрэва. Вада была чысценька, пілі ваду людзі з ракі, а ў нас з крыніцы бралі. Вільля памялела і стала зарастаць ужо як перасталі па ёй лес ганяць, як не стала скаціны. Скаціны было поўна. Было людзей, я помню, толькі баб 45 прыходзіла ў брыгаду на работу. А цяпер засталося дзве бабы на стаканніку, адна ўжо зусім ня ходзіць, а другая на калках ходзіць, і там відаць жаўтаваты дом – гэная такая, як і я.

…Сакалоўскія жылі зажытачна, многа зямлі было, кароў, быкоў было. Там авечак было. І вот празднік быў, і на Вяліканне ўсе пайшлі ў цэркву. У Вялейцы была царква. Пайшлі яны ў Вілейку ў царкву. А быў іхні бацька стары. А даўна ж толькі люлькі курылі, самасадам напіхалі. А папірос не было. Самасад сеялі, крышылі. І гэты стары пайшоў есці даваць, закінуў з люлькі ў сена агню. Пакуль з царквы прыйшлі, усё згарэла. Усё згарэла, уся скаціна, усё пагарэла.


Вёска Саланое Вілейскага раёна Мінскай вобласці

Аркадзь Фёдаравіч Кур'яновіч, 1924 г. н., мясцовы (зап. 2012 г.):

…Вілья, пакуль не спрамілі, ішла за 200 мэтраў ад хат, унізу. Тады ўжо ад Саланога яна ішла на Хацень, і тады каля Хацені яна луку такую рабіла, Парфёнава лука яна называлася. Слышал я это ад таты – вясной на Вільлі ставілі мужыкі ез – убівалі калы і перапляталі хвояй. А ў вароты ці акно ставілі хабатню – прыладу такую, плеценую з лазы. Хабатні былі длінныя – 3 мэтры, спачатку рабілі большае кальцо з лазы, потым меншае, потым яшчэ меншае, і ўсе яны саедзіняліся ўздоўж дліннымі дубцамі і перапляталіся поперак, украгавую, каб трымалася канструкцыя. Шчэлкі ў хабатні былі досыць вялікія, каб вада і мелкая рыба прахадзіла свабодна. Ставілі хабатню абавязкова пад ваду, на ход рыбы, бо яна як уб'ецца, ужо назад чамусьці не ідзе, так і стаіць. Найбольш пападалі шчупакі, аж да васьмі-дзесяці за раз. Заезжэлі ці заязілі раку паміж двума вірамі – «Паненкай» (шасціметроўкай) і дванаццаціметроўкай, што каля Мільчанскага маста, паміж урочышчамі Буй і Аўдзей, не даходзячы Стафалюковай лукі. Стафалюкова лука – гэта бераг, дзе некалі стаяў лагер Стафалюка Батуры (Стэфана Баторыя), калі той ішоў на Маскву праз Полацк. А «паненкаў вір» ад таго, што аднойчы летам прыплылі з Мільчы на лодцы дзве паненкі, адна з іх, дачка пана, у вір, каб нарваць белых лілей. Надта пекныя былі тыя лілеі, але адарваць іх было цяжка, бо хацелі адарваць з дудачкай, каб зрабіць пацеркі, замест ланцужка выкарыстаць гэну дудачку, паламаўшы на кавалачкі. А калі проста так пацягуць, то рвецца толькі сам квет. Тады яны нахіліліся, каб узяцца за дудачку далей і глыбей ад квета, і пачалі цягнуць, а корні не пусцілі, лодка нахілілася, чарпанула – і дзеўкі патапіліся. Ад таго вір пачаў называцца «паненкаў». Дык вось пачалі мужыкі выцягваць хабатню, а тая ні з месца. Пачалі ругацца там на аднаго жартаўніка: «Каб табе ў кішкі так убіла, як ты калоду ўбіў!» Думалі, што нарочна ўсадзіў бярно, але ж не – выцягнулі, а там – вялізны шчупак! Ды такі вялізны, што ніколі такога не відзелі. Адразу вырашылі прадаць жыдам у Даўгінава. Перакінулі поперак праз каня, прывязалі, пайшлі – а галава шчупакова і хвост па зямлі цягнуцца!

Іван Міхайлавіч Машонскі, 1960 г. н., мясцовы, і Іван Яўгенавіч Кур'яновіч, 1951 г. н., мясцовы:

…У Саланым тут толькі тры фаміліі: Каралі, Кур'яновічы і Машонскія, усе праваслаўныя.

Самая смачная па мне дык была маленькая рыба курмель. Курмеля яшчэ дзе завуць келба. Рыбы даўней было, пакуль Вільлю не спрамілі, у 1966 г., у той год сюды свет правялі. Бучы ставілі, асобенна вясной бучы ставілі на шчуку. А рыбы ж даўней было: і наловяць, і ніякай прыродаахраны не было, і рыбнадзору. Ловяць – і ўсё, і было. З Мінску прыязджалі, помню, да бацькі, столькі рыбы было. Проста сабіраліся спулкай, рыбы наловяць, нажараць – вось і прычына выпіць. Збіраліся ў хаце Караля Івана Іванавіча. Невад узялі, паром, паехалі, рыбы налавілі – вось і прычына.

Вёска была вялікая, на две стады кароў ганялі, а цяпер усё, пяць кароў засталося. Даўней Купалле рабілі каля Віліі, на пагурку за кладбішчам раскладалі агонь.


Вярхоўе Віліі – вёска Мільча Вілейскагараёна Мінскай вобласці

Пётр Міхайловіч Цыгалка, 1950 г. н., мясцовы (зап. 2011 г.):

…А яшчэ зімой ставілі бучы на наліма. Галоўнае было спачатку паймаць самку ментуза, яе пакідалі ў бучы, а назаўтра вынімалі поўны буч ментузоў, самку зноў пакідалі ў бучы. Налім – самая смачная рыба, але жыды яе не куплялі, бо калі есці галаву, то там ёсь костачка – ну падобна на настаяшчы крыж – дык, мусіць, таму яны і есці не маглі. Па старыцам лавілі сотні піскуноў простым сакам, толькі ваду трэба было спачатку замуціць – тожа смачная рыба – яе лепей за ўсё не смажыць, а тушыць: невялікая, да 30 сантыметраў, але ж без касці, адзін хрыбет. Былі яны жоўтыя такія, па бакам чорныя плямы. Паласатыя. Як вытрасеш іх на бераг – дык уюцца і пішчаць. Няма цяпер ужо піскуноў. Сама цяжка было злавіць язя і на вуду выцягнуць: выпрыгваў і праз галаву круціўся, каб сарвацца; цяжка загнаць і ў сетку – ён і праз верх сеткі скакаў, каб не папасціся.

А вот бацька расказваў, што больш усяго развялося рыбы ў Вільлі пасля Брэсцкага міру – амаль 19 гадоў праходзіла граніца па Вільлі, па берагу паставілі калючы дрот, а дзе не праходзіла, то ад Мільчанскага маста зрабілі строгую лінію – штрыф шырынёй 20 метраў. Палякі нашых мужыкоў наймалі з сякерамі – вырубалі дзе кусты, дзе дрэва. Ад штрыфа была пагранзона ў 3 кілометры, куды ноччу нельга было заходзіць. І тут дырэктар Мільчанскай школы, лідар мясцовага панства, Аўчыннік, аформіў арэнду ракі. Штоб палавіць рыбы, трэба было купляць за злоты карту лавецку. Меліся тры расцэнкі: на вуду, на сетку-трыгубіцу і на брэдзень; можна было купляць на раз і на месяц. І каб не прыгранічная зона, нічога б з той арэнды не вышла б, але польскія жолнежы, ахраняючы граніцу, пільнавалі і лавілі браканьераў – і рыбакі мусілі зматаць вуды.

Дык вось тады толькі адзін той Аўчыннік і лавіў у Мільчы сам сабе на вуду рыбу на Вільлі, а астатнія, хто не меў грошы на карту лавецку, вельмі пакутавалі. Жыў тады такі Валодзя Рысік, з 13-га году. Надта ж ён любіў рыбаліць. Дык ён адразу, як у Даўгінаву на плошчы па радыё аб'явілі 1 верасня, што пачалася вайна з германцам, прыляцеў дахаты ў Мільчу, адшукаў свае закінутыя восці і стаў іх істрыць, бучы і сакі латаць ды лесы да вуды і шнуроў ладзіць. Дагадаўся: нешта будзе, будуць змены на Віллі, пагоняць паляка.

Ужо 15 верасня праляцелі на вескай у напрамку Даўгінава два чырвонавездных самалёта. Надышло 17 верасня (1939 г.), раніцай акраз кароў выганяў, гляджу – нейкі топат у нас па вёсцы, там, дзе брук паложаны быў на Слабаду. Гляджу – гэта бягом усе салдаты, уперадзе гэты Бацьмага, сяржант, і за ім пагранічнікі. Усе з аружыем – і бягом праз Слабаду на Будслаў. Бой быў толькі на іншых стражніцах: у Вардамічах з пяці да сямі, у Пагосце Комар прыняў бой, яго і чатырох забілі і пахавалі ля дарогі. Бой быў у Гняздзілаве і ў Камені. Удзень схадзіў да бальшака на Пагост сустрэць бальшавікоў, мо каго і запытаў з камадзіраў, ці можна да ракі падходзіць парыбаліць, а можа, і не асмеліўся запытацца. Чырвонаармейцам было не да тутыйшых. Многія гэта адразу зразумелі, адразу ў першы дзень жа разграбілі стражніцу ў Даўгінаве: хто коўдры, хто мэблю, хто патроны, хто харчы – усё панеслі. Зналі ўсе толькі адну забарону – Віллю: пераходзіць на той, левы, бок нельга. Рысік стражніцу раскрадаць не пайшоў. Як ацямнела, то пайшоў да Віллі, паставіў і шнуры, і бучы. Ды, мусіць, і не ён адзін быў на рацэ ў гэну ноч свабоды. Ніхто гэнага не знае. Бо рыбу лавіць – гэта як красці: і злодзею, і рыбаку лацвей ноччу. А ўжо раніцай усе ў Мільчы ведалі, што надта добра рыба ловіцца і нікому няма дзела, што нехта ходзіць ля ракі. Дык мужыкі (і мой дзядзька Валодзя Цыгалка), хоць была восень, вада ўжо сцюдзёная, на радасцях, ужо на другі дзень «свабоды ад кілбас, масла і сала», але ўсё ж такі як прыцямнела, палезлі з друзьямі ў ваду і зацягнулі венцар – сетку такую, як невадок густы. Дык выцягнуць на бераг не далі рады – коні гужамі выцягвалі, во што рыбы ўлезла, што за гэтыя гады напладзілася! І ў асноўным гэта была сяляўка. Вялікую рыбу – тую ж сухарэбрыцу (мясцовая назва ляшча) ці язя – толькі і можна ў нас злавіць у вясну, на нераст. Але усё ж рыбу ў 39-м гаду лавіць яшчэ вельмі баяліся, ды і ўжо холадна было. А пачалі з саракавога. Кожны, хто не ляніўся, за зіму нарабіў сетак, зрабілі палазы і ў вясну 40-га года засаліў па вялікай бочцы рыбы, сялява была не хужэй цяперашняй камсы. Яна ж была без скарлупы, гэна сялява. Столькі сялявы было, асобенна многа на водмелях, дзе цёплыя места былі. Яна заходзіла туды, а мы зналі, як зацянеш палазамі. Шчупакі, гаворыць, такія пападаліся і па пятнаццаць, і па пуду, – расказваў ён. І, гаворыць, выдры былі. То многа выдраў было. Бывае, як зацягнуць, выдра як дасца – мне, – кажа, – як дала выдра ў грудзі, дык аж грудзі балелі. Рвала нашы сеці толька так. Сразу ж пасля 17 сенцябра 39-га Віллю пераходзіць нельга было. Як расказваў Фёдаравіч, бабы пайшлі ў Сакавічы за соллю – дык палавілі і пасадзілі ўсіх. Але тады ўжо адпусцілі, папярэдзілі, што праз граніцу няльзя хадзіць. Стаўбы ж пагранічныя знялі ля ракі толькі ў 1941 гаду, за месяц да вайны. А самую вялікую рыбіну – шчупака – злавілі ў самой Мільчы ў 1973 годзе, як спрамлялі Вільлю. Была гэта шчука яшчэ ў двух старых панскіх ставах, але ўзяць яе ніхто доўга не мог. Я браў яе з 1966 года, ды не змог. А тут, калі раку спрамілі, канал да ставоў высах, ну рашылі спусціць і пруды. Капанулі зверху, бо зналі, што ёсць рыба. Калі вада памалу сышла, то выцягнулі з гразі шчупака паўтара метра дліной. Казімір Альбінавіч Сяржант злавіў яго, а я памагаў. Колькі важыла – не помню, толькі Казік помне, бо ён важыў. Мусіць, болі чым два пуды. А дліны быў шчупак паўтара мэтра. Гэта добра помню.


Вёска Камена (Каменно, Камень) (47 км/463) ВілейскагараёнаМінскай вобласці

Рэня Адамаўна Спірыдонава (Голуб) 1932 года нар. Каменна (Голуб):

Маю маму звалі Франя Францішка Карлаўна, а тату Адам Іванавіч Голуб. Нас было трох дзяцей. У Камені было больш за сто дамоў, вёска вялікая была, і даўней маладзёж была. Цяпер толькі дачнікі. Быў калхоз 1 Мая, а потым ужо другі. Працавалі ў ім, света не відзелі. Даўнёй, як плыты ганялі, рака была вялікая, не заросшая і глыбокая. Рака была абгледжаная, чыстая вада, дзе мялей, дзе глыбей. Кароў да ракі ганялі, а цяпер усё зарасло. Вельмі заядлымі рыбакамі ў Камені былі Лабачы і Спірыдонаў з сынам. Алёшавы ловяць. Таксама ў Лабачэй гэта рыбацкая справа перадавалася па наследству: ад дзеда – бацьку і сыну. Калі бацька рыбак, дык і сын на ваду глядзіць. Сын іх працуе ў лясніцтве. Але рыбак ён ужо не такі заядлы, а вось дзед яго быў найлепшы ў Камені, як рыбак, так і музыка. Дзед іх, Лобач Іван, ён быў брыгадзір плытагонаў, галоўны штырнік. У іх хаце часцей і начавалі плытагоны, іх прымала яго жонка Уладзя. Усіх, хто гнаў дрэва, у нас празывалі штырнікі. Мой бацька таксама плыты ганяў, але рыбу не лавіў. Дзеці ўжо мае любяць рыбу лавіць, але едуць далей, на Кумельшчыну. Самая смачная рыба – гэта шчупак, таксама язь. Цяпер падыходзіць судак з вадахранілішча. Лавілі рыбу даўней хапамі, восцямі, бучамі, вудамі.

За Польшчу я яшчэ не хадзіла у школу. Помню толькі што у нас ля лесу быў дрот зацягнены. І мая мама там каля лесу увідзела грыбкі. Яна падышла да дроту і як сагнулася браць, дык яе схапілі і павялі. Яна за дрот працягнула руку. Павезлі яе аж у Барысава. У Барысава, як разаблачылі, што яна грыбы збірала і малазямельная, што мы небагата жылі, на пяць душ чацьвярціна зямлі. Як хлеб канчаўся дык пуд жыта пазычаў сасед Карповіч, мама яму жала. Так пусцілі і яна назад пехатой да дому шла. Гэта я помню.

Алімпіяда Навойчык:

Самы ўловісты быў волак. Я нават з мужыком хадзіла лавіць гэту рыбу. Былі дзве палкі, сетка і нацягнуты шнурочак – і ідзеш у раку і ловіш. Яна і ляціць. А адзін раз злавілі не нашу, прышэдшую аднекуль вялікую рыбу – акраз гэтым месцам, дзе вы лодкі збіраеце. Яна як тарганула ў сетку, дык я мужыку і кажу: «Давай на бераг». Вялікая і смачная тая рыба была, але як правільна яе завуць, мы не ведалі; галава і рот у яе быў незычайны. Мусіць, была тая рыба з мора. Цяпер шчупака амаль звялі, і другой рыбы не засталося. А даўней, як не было вадасховішча, сюды ў маі прыходзіла самая смачная рыба – свіння. От укусная рыба! Тут у нас даўней жарствы было многа, дык як яна і ішла касякамі на нераст, дзе жарства і каменьчыкі, дык спадніцамі лавіць можна было. Было і яльца, і шчупака, і плоткі. Смачны быў і мянтуз, але з яго трэба было шкуру здіраць – круга так адрэзаць каля галавы і сцягнуць – а там адно мяска. Лезлі ментузы ў бучы. Я нядаўна буч, зроблены з нітак, аддала чалавеку. Абручы былі драўляныя. Калі ў каго і ёсць буч, то ў Ванькі Лобача. Рака зімой, як мароз, замярзала.

Генадзь Карповіч:

…Самая смачная рыба ў Вільлі – шчупак невялічкі. А яшчэ каўбун, бо тлусты. Але каўбуны ўжо былі прапалі, як водахранілішча зрабілі, на нерыст толькі заходзяць. Паследнія гады трохі паявіліся. Уся рыба з Вільлі смачная, бо свежая. Восці малыя ў нас на 5 зубоў, шырынёй 10 см. А ёсць таксама і вялікія.

Паліна Іванаўна Навойчык, 1923 г. н. (зап. 2007 г., ВВ., Л.С., Ю.У. Расш. Ю.У. Зах. LTR7685/42):

…А рыба лавілася, дык прама па вядры два налоўлівалі рыбы, пойдзе – за мінуту! Так яны, а рака палавіна была наша, палавіна – бальшавікі. Тут была Польшч, а ў іх там бальшавікі. Дык яны, можа, і скочылі тамака дзе, там на рыбе ніхто не глядзеў. «Стойце!» А яны ўцякаць сталі, дык майму брату як далі ў плячо, куля ўляцела, а во тут вылецела, а гэнаму другому – ззаду, а тут кішкі выбеглі, дык пажыў гадзіну і памёр, а мой брат выжыў.


Вёска Бакунькі (50 км/460) Вілейскага раёна Мінскай вобласці

Жыхарка Бакунек (імя невядомае):

…Я сюды выйшла замуж з Аношак у 1957 годзе. Мой муж лавіў рыбу. Перш жа рыбы было многа. Ездзілі ў рыбу за Пагоста, там надта многа шчупакоў было. А цяперака няма рыбы, я не знаю. Самай смачнай рыбай былі шчупакі. І ментузы былі ўкусныя. Но гэтыя гады няма, вада ніколі не выльецца за раку. Перш жа было такое разводдзе – вада заўсёды залівала левы бераг аж у лес. Па два разы на год рака вылівалася, увесну і ў такую пару, як чарніцы збіраць. Нас чарніцы збіраць на лодке перавозіў бацька маёй сяброўкі, на той бок – вада залівала луг аж да лесу (прыкладна да 1 км). Рака разлівалася з дажджу. І тады ўжо, як назбіраем, на гарэ агонь раскладзём, ён як дым увідзіць прыедзе на лодке і забярэць у нас ягады, і нас прывязець. Так як выліецца рака аж да лесу, пастаіць тыдзень, ды як упадзець, дык у лагчынах вада астанецца, а так там ліны боўталіся. Іх можна было рукамі лавіць. Ліны таксама была смачная рыба.

А цяпер вада не выліваеца з ракі. Нават калі снегу многа, то і вады поўна, але да лесу не даходіць. Ды і гарод не топіць, толькі да плоту даходзіць. Перш скаціну гадавалі, берагі былі абкошаны, было чысценька, падцёлкі хадзілі за ракой. Яна зараз зарасце, вунь як анялой пазарастала. Перш жа не было гэткага, чыста адна рака была. А цяпер скаціну паставілі на хлеве, кормяць, а берагі зарастаюць. Перш ідзеш у раку, за раку – вада чысценькая, пясочак відаць, а цяпер гразь. Гразь, і ўсё. Абы-што зрабілася, і ўсё. Мой хлапец хоць калі ходзіць ля берагоў з вудай. Дык хоць калі і вывудзіць невялічкага шчупачка. Але няма рыбы надта. Надта многа мурашак было перш, за ногі кусалі, а цяпер нават у лесе мурашак мала.

Леакадзія Іванаўна Навойчык (дзяв. Путрыч), 1924 г. н. (зап. 2013 г.):

…Мой бацька зваўся Ясь. Па суседству жылі Рачыцкія, дзе зараз гэта хата. Жыла я тут і пры Польшы. Граніца праходзіла зусім блізка. Пераходзілі граніцу, каму трэба, найбольш у Камені. У нас, у Бакуньках, было вельмі строга. На граніцэ быў вялікі лес. І зараз відаць за ракой, дзе высокі лес, гэта ўжо былі бальшавікі. І рыбу можна было тут лавіць. Самая вялікая рыба ў рацэ – шчупакі. Былі і плоткі. Рака гэта – Вільля. Красіва тут і харашо, праўда? Вокны хат глядзяць на раку, бо там юг. Зімой замярзала – і канём пераезжалі. Дровы ж з лесу вазілі праз Віллю. Лавілі рыбу волакам. Лавілі і сакам. Калі хто адзін, то мог лавіць адзінокім сакам. Самая смачная – мянтуз і шчупак. І салілі рыбу, і жарылі. Усё было так, як сейчас, яшчо, можа, і лучше. Зямля на гародзе – вось паглядзіце: адзін пясочак, але вот дзіва, расце ўсё. Неплоха расце, вось паглядзіце. А кажыцца, ні грама няма глебы. Даўней ваду з ракі пілі. І цяпер, калі вельмі захочацца, бывае, нап'ешся, бо вада з ракі надта ўкусная. Купацца я ўмею, не так каб сільна, але так, каб паплаваць па раке сваей. Усе дзеці ў Бакуньках раней умелі плаваць. Даўней па раце лаўкі сплаўлялі. Лаўкамі у нас звалі плыты.

Здзіслаў Навойчык, 1917 г. н., мясцовы (зап. яго пляменнік Лявон):

…Сама лепей рыба лавілася на рацэ, як па ёй ішла граніца. Граніца па Вільлі і Поне ішла з Саланога да Бакунек. Ад Бакунек да Саланога кілометраў 20, ну а па рацэ ўсіх 30. Польскія пагранічнікі патруліравалі граніцу, ходзячы папарна. Адна пара ішла па цячэнню, другая ўверх, потым назад. Калі яны разыходзіліся, то зручны быў момант у 10 хвілін, калі можна было на вуду налавіць рыбы. Вудоўе рабілі з арэху, кручкі рабілі з дроту, а лесу рабілі з конскага хваста. Ужо зналі, які конь спакайнейшы, каб не даў азадкам, дык у яго і рвалі па адной валасінцы. Хадзілі на рыбалку толькі хлопцы да 14 лет, бо старэйшым маглі выпісаць мандат – аштрафаваць. Хадзілі толькі па двое, каб адзін лавіў, а другі назіраў навокал. Але дзе там, у азарце абодва глядзелі на паплавок, пра тое, як цёк час, забываліся адразу – гэдак клявала. Раптам – жалнер хваць за вухо! Біць крэпка не білі. Некаторые з каравульных былі злёйшымі, дык білі і па срацэ, і дубцом, і рукой, другія дабрэйшыя – толькі болі ругаліся, але ўсе дзёрлі за вушы. Рыбу палякі канфіскоўвалі заўсёды сабе, вуды калі-некалі і аддавалі. Ля нашай вёскі неблагія пагранічнікі былі, а вось у Камене дык па двум падлеткам страляць пачалі. Уцякалі яны, дык аднаго ранілі, другога забілі.

Са стражнікамі ў Бакуньках з часам усталяваліся знаёмствы – самыя смелыя па дагавору ноччу перахдзілі на той бок, заходзліся да знаёмых, каб зрабіць узаімавыгадны тавараабмен. Магазіны ў Савецкай Беларусі былі амаль пустыя, але ўсё ж у асартыменце былі 3–4 неабходныя рэчы: спічкі, керасін, хлеб, мыла. Газа каштавала ў 3 разы танней. Спічкі таксама. Бралі загадзя прыгатоўленую каністру, а ўзамен прыносілі барахло, спірт. З савецкага боку прыходзілі найчасцей жулікі, якія кралі кароў, абувалі іх у лапці і вялі праз граніцу. Але і на правым баку Вяллі жулікаў хапала: адного разу ўкралі быка, павялі як бы да ракі, а потым павярнулі назад. Па заяве пачалі следства. Дык мужыкі спужаліся вобыску, сабралі з паўвёскі і талакой зацягнулі тога быка на гарышча. Калі прыйшлі паліцыянты аглядаць хлявы і пуні, то нічога не знайшлі. А быка после вобыска зноў апусцілі на зямлю. А ўжо потым уся акруга смяялася з тых злодзеяў. Калі 17 верасня быў бой, стражнікам дапамагаў адбівацца ад бальшавікоў толькі хазяін маёнтка ў Караліна, быў сам паранены ў перастрэлцы. Астатнія, як праваслаўныя, так і католікі, ветліва сустракалі чырвонаармейцаў, з ежай у святочнай белай адзежэ.


Вёска Сцешыцы, Спас (55 км/455) Вілейскагараёна Мінскай вобласці

Віторыя Мікалаеўна Пякарская (Клемантовіч). Баба Вікця нарадзілася ў 1937 г.:

– А якая самая смачная рыба з Вяллі?

– Рака тут недалёка, самая смачная рыба – шчупак і мянтуз. У плоткі касцей многа. Самы рыбак у Сцешыцах, Шчэрба Казімір, жыве туды, пад Даўгінава.


Вёска Кумельшчына (61 км/449) Вілейскага раёна Мінскай вобласці

Алена Станіславаўна Гурыновіч, 1933 г. н.:

…Перш у Кумельшчыне не было калодзесяў, з ракі ваду і пілі, і адзежу мылі. Прорубка праб'ецца, і набярэш вады. Вада была чысценькая, фільтравалася праз пясочак. І ніхто не хварэў, і нічога не рабілася. А цяпер п'ём з калодзежаў, а ўсе гнілыя. Ракі ў нас у рацэ былі. Але ж даўней гэдак у раку нічога не кідалі і не злівалі. Карацей, даўней не гэдак было, бо цяпер болей, чым што, рака засорана. Тады рыбу лавілі кошыкамі. Пойдзеш, кошык заставіш – і гатова, поўны сяляўкі ці каўбуноў. А зараз і ракаў не стала, і рыба памянялася. Усё памянялася: і свет, і рака памянялася. Мужык мой не любіў рыбу лавіць, а страх як любіў грыбы збіраць. А вось сын любіў рыбу лавіць. Мне з рыбы найсмачней акунь. Мянтуз – тожа смачная рыба, але акунь смачней. Лешч сухі, многа касцей, а як малы, дык адны косці. А яшчэ была даўней смачная рыба, такая круглая і даўгая, як мая ляска, каторая пішчэла. Піскун, мусіць, і звалася. Лавілі ў старарэчышчы. Але як прынясуць і вытрасуць з торбы, то крыку было! Бо яны страшныя, як гадзюкі. Не ўсе людзі піскуноў маглі есці. Плотка смачная, але таксама многа касцей. Але сына ўжо няма, і бучоў не захавалася.

Іван Святоха, 1939 г. н.:

…Самая смачная рыба ў Вільлі – судак. Цяпер яго ёсць, як вадахранілішча зрабілі. Найбольшага шчупака, што я злавіў, на 8 кіль. У сеткі. Лавілі з дзвюх лодак сеткай, якая ў нас завецца волак. Шчас волаком ніхто не ловіць. Перасталі пасля запрэту на лоўлю рыбы. Рака і даўней у Кумельшчыне была не глыбокая, толькі вось даўней ямы былі глыбокія, а цяпер ям зусім няма. Перш ідзеш па берагу, відзіш рыбу, сейчас і рыбы няма, і не відаць дна ў рацэ. Перш хадзілі на лучніцу з васцямі, усё было відаць. Восці былі вялікія, можа на дванаццаць зубоў. І зімой хадзілі з доўбнямі – лёд жа быў чысты, а сейчас лёд такі, што нічога не відаць.

Доўбнямі білі і шчупака, і яльцаў, і ментуза. Яльцаў перш колькі было. Лавілі іх на вуду зверху на машку. Машка такая была, звалася таўкала. Яна над ракой лётае. Калі на дрэва сядзе, то знімеш – і на кручок. Калі яльца засаліць, то смачней, чым селядзец. Рыба быстра на таўкалу брала. Брала таксама і жучка-грачаніка, але не так. Лавілі язя на майскага жука і што меншы быў, палавінны. На ўсе вёскі быў самы галаўны рыбак і паляўнічы Фаня з Кастык. Адна рука была ў яго паврэждзена, што нічуць не перашкадала яму быць самым лепшым. Але ён даўна памёр. Фаня як язя лавіў, бродзіў. Усе месцы знаў. Ездзіў за язём пад Караліна, там вялікай рыбы больш было. І тут рыбы было шмат, што шапкамі лавілі. Знімеш з галавы, раз – і ёсць, яе, – яльцы. Яны жырныя, і касцей меней, чым у платвы. Лавілі рыбу бучамі, сакам, таптухай з кулём. У таптуху добра лезла. Наставіш ля ціны, абтопчыш кругом, а рыба ўся ў куль. У затоках і старыцах цягалі невад. Дзе многа ціны ў затоцы, невад не працягнеш, трэба, каб чыста было. На лодке закінеш вяроўкі на другі бераг, а тады ужо з берага і цягнеш удваіх, потым саедзіняешся – і ўсё. Пападала ў невад многа, бо займаеш бальшую плошчадзь, і куль быў вялікі. На нэраст лёгка біць судака васьцямі – ён блізка да берагу падыходзіць. Там, дзе завадзі. А лешч, як нарастуе, аж вада кіпіць. І што цікава, увесь лешч пад адзін размер. Было многа і піскуноў, але я іх выкідваў на бераг, баяўся. Утраіх лавілі палазамі, удваіх цягнуць, а трэці зваўся дзед. Палазамі больш лавілі па затоках. Каля дна вядзеш, але сільна не нажымаеш, каб гразі не забрала, а то і падняць ад гразі няможна.

Ставілі і трыгубіцы, ці, як у нас звалі, путаніцы – дзве рэдзі, а пасярэдзіне сетка. Рыба ў путаніцы, нават добра не ўчапіўшыся жабрамі, не ўхадзіла, бо не давала, путала рэдзь. Хто бывае, дык ставіў рэдзь толькі з адной стараны на палатно, але з двух старон лепей. Рыба і адтуль, і адтуль можа папасці.


Вёска Чапельшчына (62 км/448) Вілейскага раёна Мінскай вобласці

Канстанцін Пятровіч Чараповіч, 1921 г. н. (зап. 2007 г., ВВ., Л.С., Ю.У. Расш. Ю.У. Зах. LTR7686/78):

Рыбы даўней было крэпка многа. Раней дык гэта наша гордасць была тут. А рэчка цяпер – і рыбы саўсім не відаць нідзе. Мутнае ўсё, забалочанае. Гэта ж мора зрабілі. А чысценькае, светленькае – ідзеш па беразе. Ну рыбы многа было.

– Ну а чым лавілі рыбу?

– Ну, як на эна ўрэмя, цяпер снасць саўсем другая. Удачку, сак такі, волак на двух жордках. Самі вязалі, самі бабы, жэншчыны, пралі, ткалі. Усё ж гэта ўручную. Бродзень быў. На паясах такіх тожа сетка. Два палазы такія загнёныя. Па затоках, ну дзе і па рацэ дзе ціхае месца. Ну і невад быў. Венцер у нас не асоба распрастранёны. Венцер, дык гэта з лазы. Бучы мы звалі. Дык, бываіць, сам мянтуз туды ўлезіць. Так устроена. Туды, а назад – не.

– А якія рыбы тут былі, як называлася рыба тут?

– Акунь, шчупак, ясь, карась, галавень. Ну вот такія. Кялбы былі. Помню, у дзецтве малы, цэлы дзень кялбы надта браліся. Такія невялікія, але ўкусныя надта.

– А якая самая смачная рыба?

– Як мне, дык мянтуз. Пад гадзюку такі. Цёмны такі, чорны. Нада кожу знімаць з яго. Але ж рыба.

– А што з рыбай рабілі?

– Ну што? Жарылі, тушылі, хто, бываіць, і пасоліць.

– А ц капцлі?

– Пазней ужо. Пазней пачалі. То і цяпер не ўсе рыбу копцяць. Надта не было калі раней і лавіць яе. Жылі на зямлі, дык нада было на полі.. Можна было і рыбы было болей так. Але врэмя нада ж на гэта. А трэба ж ісці жаць, трэба ісці касіць, толька як свабоднае врэмя калі якое. Ну і то ж нада прыспасабленія. Ну дык пойдзеш, торбу зловіш рыбы.

Канстанцін Пятровіч Чараповіч, 1921 г. н., і Аляксандр Сяргеевіч Савінскі, 1940 г. н. (зап. 2013 г., М.М.):

…Самая смачная рыба ў Вільлі – мянтуз і лінь. Смак у рыбы быў не такі, як зараз: даўней не было солі, каб рыбу саліць, і не было алею, каб яе смажыць. Рыба не свіння – на патэльню кавалак так не кінеш. Дык гатавалі рыбу ў гаршках у сваім саку ў печы. Соль была дарагая, саліць у бочкі рыбу было шкода, і свіны жыр таксама быў дарагі, і летам жыру ўжо не было. Тушыць у печы ў гаршку было сама проста і танна, амаль нічога не трэба, кропу ці траў якіх, ягад дабавіць – і ўсё. Алей быў толькі льняны і канапляны, і на ім рыбу не пяклі. Цяпер па-другому гатуюць, таму і смак у рыбы другі. Не сказаць, што са спецыямі і спечаная на патэльні на алеі лепей, бо ежа, згатаваная ў печы, тая ж груца ці капуста, або той жа хлеб, выпечаны ў печы, непараўнальна смачней, чым на газавай пліце. Таксама рыбу ў печы сушылі.

Вільля памялела пасля вайны, як лясы пачалі рэзаць. Зараз гэта не рака, а нейкае непаразуменне. Вышэй Пагоста – яна канава. Зрабілі канавамі Сластоўку, Кабылянку і ўсе малыя рэчкі, што даўней неслі ваду ў Вільлю. Балоты паасушалі, і няма ніякага адстойніка, каб дзе муць садзілася. Уся гэта муць ідзе адразу з поля ў Віллю. Нават ракаў не стала ў рацэ. Першы раз ракаў вывелі, як прыйшлі Саветы і сталі “моллю” ці як тутэйшыя казалі “быдлам”, а не плытамі сплаўляць лес. Не любілі яны(ракі) кару, іх тады знішчылі. У нас платагонаў звалі штырнікі. А после як перасталі моллю слаўляць лес, у 60-70-х ракі паявіліся ў Віллі зноў, не то што многа іх было, як даўней, але ўжо пападаліся. А як зрабілі вадахранілішча, то ўсё, ракі зніклі зусім. Самую вялікую рыбіну злавілі ў Кастыках гадоў 75 назад. Рака была перагарожана бомаю, якраз вышэй царквы, напроць Яўгеля, сабралася бярвенне, затор. І вось людзі заўважылі, што адным месцам бярвенне стала падымацца, як хто боўтаеца і кратае знізу. Сказалі рыбаку аднаму, ён пабяжаў па бярвеннях і ломам ці бусаком і забіў тую рыбіну. Рыбіна была страшэнная, калі нёс на плячах, то цягнулася па зямле: больш чым паўтара метра. Тая рыбіна была тут невядомая, з мора прыйшла.

Леску і нават сеткі вязалі з воласа конскага хваста. Найлепш калі конь быў белы, тады волас быў без колеру, у вадзе нявідзімы для рыбы, так у нас на Чапельшчыну была толькі адна белая кабыла, усе за хлапцы ёй ганяліся. Гаспадар шкадаваў кабылу, рабіўся шалёным згледзіўшы, як хто рваў валасок з хваста, мог і адмясіць як не ўцячэш, і ўжо так злосна лаяўся і кляў, калі хто даносіў на якога хлапца. Такім чынам мы змалку па своему зразумелі, чаму Пільсудскі, ці іншыя маршалы і магутныя уладары краін паважалі і любілі выязжаць на парады менавіта на конях белай масці …

Самае вялікае і страшнае разводдзе было ў 1931 гаду. На тым берагу Віллі, напроць цэрквы была леснічоўка – усадзьба лесніка. І за ноч так паднялася вада, што яны на страсе ратаваліся. І скаціну на страху ўсцягнуў. Пачаў страляць з ружжа, і тады людзі з вёскі пачулі, агледзеліся і на лодках пачалі ратаваць.


Вёска Кастыкі (64 км/446) Вілейскага раёна Мінскай вобласці

Мікалай Мікалаевч Заяц, 1937 г. н. (зап. 2007 г., В.В., С., Ю.У. Расш. Ю.У. Зах):

…Усякай рыбы. Не было вудакоў. Адзін чалавек толькі на ўсю вёску. Сто дваццаць двароў у нас вёска была. Дык адзін чалавек толька ў нас. Пойдзіць там, пяць-дзесяць мінут пасядзіць – і любой вядро наловіш. А цяпер дзе ж табе рыба? Электравуды, сеткі, во машын панаязджае – у Мінску на базары нямашака гэтулькі машын, сколькі на Вілле. Дык дзе ж рыбы будзець? Ды гэтыя – браканьераў поўна.

– А якая рыба вадзілася?

…Шчука, ляшчы, язі, платва, бялюга. А цяпер усё вывелася, нямашака, адны яршы, платва. Па грам семсот, трыста. Шчупачок. Усё павыводзілі. А цяпер мора як зрабілі яшчэ гэта Вялейска. Дык ужо вада начынаець псавацца. Усё – і саляркі, і з машын, з усяга лятуць. Дык гэту рыбу гадка есці.

Віктар Іванавіч Яўгель, 1955 г. н., мясцовы:

Вялізную рыбу з мора злавілі ў Кастыках, можа, у якім 1910 гаду. А стронга лавілася ў сеткі яшчэ да 1965 года. Найчасцей яна пападалася, калі валакавалі, восенню. На дзвюх лодках. Два ўперадзе з вёсламі, такімі лапатамі, а ззаду з канцом сеткі, валакуюць. Пачыналі ад Каменя ці Сцешыц, на конях ці машыне лодкі завязуць і ўніз валакуць. Пападалася вясной бялюга, ці свіння, але яна вельмі кастлявая. А яшчэ лавілі цырту. Менець рыбы стала ў сямідзясятых. Я калі школу канчаў у 1972 годзе, мы прайшлі ад Сцешыц да Суток і толькі аднаго шчупака залавілі на паўтара кілаграма, і па нулям. Ваабшчэ рыбы не было. Хацелі злавіць на выпускны вечар. І рака была той год была мелкая-мелкая, брылі да Суток. А як стала вадахранілішча, рыбы стала столькі многа, як ніколі. Першыя гады. А потым усё меньшэ, меньшэ. Так было і на вадахранілішчы. Даўней лавілі людзі з Кастык і на лучніцу. Пад цячэнне лучыць было лягчэй. А ўжо лепш, чым Ліліі Іванаўны Мойскай, яго «панок» звалі, ніхто не біў васцямі рыбу. Ён так умеў. Еслі гразь пад нізам, мяккае дно очэнь – эта трудно забіць. А ён так: цюк-цюк, рэзка ўперад і назад, і рыба ўжо не сходзіла. Мы з ім езділі на лучніцу, калі яму было пад 80 гадоў. Кажам, шчупак стаіць. А ён дзе-дзе, знаеш, ужо возраст, не так бачыць, і як пабачыў, адразу забіў, не прамазаў, і лодку станавіць не трэба было. Ён, Мойскі, да дзевяноста гадоў не хадзіў, а шустра бегаў так, чух-чух, з бярозавай вудачкай на шчупака, сам невысокі, заўсёды ў гумовых ботах. Глядзіш – туда пабег, і ўжо пабег па берагу разам з цячэннем. Усё на жыўца лавіў. Берага былі тагда харошыя, можна было да вады падысці, асака толькі ў вадзе расла.

Цяпер самая смачная рыба – судак, а як даўней, то мне – кялбы. Хоць малыя, але іх многа, як нажарыш! І ментузы. Мянтуз летам пад каменем стаіць. Пайшоў, вілку узяў, да палкі прывязаў – і тыц пад галаву. А найбольш на нераст у бучы лавіліся ментузы. Нерастуюць яны тут вось у двух месцах, зімой у дзекабрэ. І калі рака не замерзшы, то зімой вада чыстая, відаць добра, то грашылі, і ноччу васьцямі лавілі ментузоў.


Вёска Сутокі

Канстанцін Тышкевіч (нарадзіўся 5 лютага 1806 г. у Лaгойску):

«Казённая вёска Сутокі!» – гучна закрычаў стырнавы, калі судна праплывала паўз вялікую вёску на правым беразе Віліі. Я заўважыў, што мясцовыя жыхары павінны былі займацца рыбалоўствам, бо, плывучы па рацэ, шматразова бачыў расстаўленыя на шчупака прынады, на якіх плотка, як нявінная ахвяра людской хітрасці, прыцягвала пражэрлівага шчупака. У пакутах на жалезных кручках з апошніх сіл круцілася. Каманда майго судна заўважыла на рацэ вялікага шчупака ў неўласцівым для гэтай рыбы здранцвенні. Узялі яе трызубцам і пераканаліся, што гэты вялікі шчупак быў падмануты хітрыкамі рыбака, праглынуў кручок і, раздзіраны балючымі пакутамі, шукаў месца, дзе мог спакойна сканаць, не падазраючы, што гэтым месцам стане для яго лодка вандроўніка, які плыве па Віліі. У гэты дзень яшчэ да захаду сонца мы прысталі да берага ў Сосенцы». 1857 г.

(З кнігі «Вілія і яе берагі»)

Казімір Мікалаевіч Ярашонак, 1928 г. н., родам з в. Сосенкі (зап. 2013 г.):

…У Сутоках было многа хат, якіх дванаццаць-трынаццаць, усіх зняслі, як будавалі водаховішча. Ладная вёсачка была каля ракі самай.


Вёска Сосенка (78 км/432) Вілейскага раёна Мінскай вобласці

Януш Андрыеўскі, 1939 г. н.:

…Самая смачная рыба – судак і шчупак.

Міхаіл Голуб, 1939 г., мясцовы (зап. 2013 г.):

…Я не рыбак, рыбу толькі на лучніцу лавіў, васцямі. Спераду каза называлася.

– А вот у Асіповічах гэта прылада завецца накра.

– У нас называецца каза. Агонь раскладаеш, смалякі нада. Смаляк у лесе з карчоў дабывалі. Я на трактары рабіў. Тросам выцягнеш корч, бывае каторы сарвецца, вярхушка. Прывязеш дадому. Паколеш. Што на дровы, што на смалякі. Загатовіш тых смалякоў дзве вярсты. Вярста – мера такая, гэта зложаныя ў паленніцу смалякі вышынёй мэтра паўтара і дліной 5 мэтраў. Само палена дліной паўмэтра. И за восень усе спальвалі. Пачыналі ў самую восень, у глухую восень. Каб цёмныя ночы, і тады палучаецца. І каб не было ветра, калі такі вецер, ужо не паедзеш. Панімаеш, вада каб была чыста, не рабіла. Спічку запаліш – правяраеш, спічка гарыць прама, як свечка, і ўсё, паехалі. Нагружаеш лодку. А лодкі былі пласкадонкі. Адзін стаіць уперадзе. Ну, як называецца, на адну крывульку, у лодцы, як лічылі, прымерна пяць рагацін, ці крывулек. Ён на першай, ну і заднюю не закладаеш. А так што пасярэдзіне – накладаеш смалякоў – і паехалі. Ён, каторы б'ець, – уперадзі, канчаецца гарэць – раз, падкінець. Мы ездзілі і па вадзе, і пад ваду. Лепі ехаць спачатку пад ваду, у Сутокі. Бо туды едзеш – сілы ж болей, а так на ніз спусцішся, а тады дуй, і дуй – выдахнешся. Лодка усё ж гружоная, праедзеш кіломераў пяць, а тады абратна, вярніся ты. Часы тры-чатыры, во так. Пачыналі з самага вечара, каб толькі цёмна стала – і ўсё, паехалі. І прадстаў: едзеш во на такой глыбіне, як да стала (1.5 м) – кажды каменьчык відаць. Асвяшчала, а дзе глубіна вышэй роста, то там не так, калі рыбіна бальшая – то відаць. Білі ў аснаўном з глыбіні да двух мэтраў. Я лічна забіў найбольшую рыбіну на 7 кіль, а хлопцы на 19 кіль. Самая смачная рыба ў Віллі – мянтуз, а тады вансач. Цяпер ёсць смачная рыба сазан. Нічога на смак жэрэх, ці балень. Але даўней сазана не было. Вансачы стаяць на мелкай вадзе, хаця самі былі ў сярэднім па 4–5 кіль. Слухай, адзін раз быў случай: стаіць рыбіна на гэты стол. Я лодку гнаў, і быў са мной Ігнась. Ён пытаецца: «Што рабіць? Восці парве!» Я кажу: «Бог з імі, бій». Ну, ён за такое растаяніе ўдарыў за галавой ніжэй. Бах! І восці пусціў, каб рыбіна спачатку памучылась. Тут як плесканула, аж лодка задрыжала. Ручка (з сухой елки, каб лягчэй) знікла ў вадзе. Восці ў нас рабілі на 5 зубоў. Ну лодка і праехала гэту рыбіну, далей яма была, шаста не хапае, пакуль я аб'ехаў яміну, развярнуўся, глядзім – ручка васцей тырчыць з вады, паднялі, а там вансач усяго на 4 кілі. Яны, відаць, нескалька стаялі хвост у хвост ці галава ў галаву, а мы думалі, што рыбіна вялікая. Ям было многа, самая глыбокая, дзе вада круцілася, звалася «тонь», была глыбінёй больш 5 мэтраў і другая яміна, дзе зараз остраў, звалася «цёмная бухта». И то гэта ўжо калі Вілля стала мялець. А мялець стала, як пачалі пасля вайны надта лясы выразаць.

Баба Вікця і Рычард:

…Я яшчэ малая была. Прачнулася раніцай, выйшла з хаты, чую – гвалт стаіць. Гляджу – уся, чуць не ўся Сосенка сабралася на беразе Віліі. Бабы – хто хрэсціцца, хто моліцца, хто лямантуе, бо па рэчцы носіцца ці то цмок, ці то чорт. Тады адзін рыбак схапіў восці, у лодку – і забіў. А гэта ў сома вялікі каршун спікіраваў, усадзіў кіпцюры і заграз. А сом пачаў тапіць яго. Як забілі тога сома, то на 45 кіль быў.

Казімір Мікалаевіч Ярашонак (Казік), 1928 г. н., мясцовы (зап. 2013 г.):

…У Сосенцы даўней былі Андрыеўскія, Голубы, Ярашонкі. Ярэзаў было многа.

У Сосенцы на гэтай старане жылі каталікі, на тую старану найбольш яўрэі. З камення мураваная будыніна там засталася дагэтуль, кузня. Там рабіў каваль Ярашонак. Ён з'ехаў у Польшч. Мост праз Вілію прастаяў усю вайну, спалілі партызаны за месяц, як нашы прыйшлі. Мусіць, не пускалі Красную армію. Добры мост быў, зроблены ледарэзы сперадзі. Купалля ў нас не было, ведзьму не палілі. Самая смачная рыба – гэта мянтуз. Судака да вадахранілішча ваабшчэ не было. Ну, на вудачку, каўбункі зваліся. Усякія рыбы смачныя. Усач быў, сільва была харошая. Яе зловіш і на жыўца – шчупака лавілі. Ракаў было. Казаў бацька, яшчэ пры Польшчы, адзін тут каня заводзіў праз раку і брыў назад, а ён праходзіў, сом. Дык ён на яго аброць накінуў і лег на яго. І ён яго ўцягнуў да маста. Сюды, глыбака было. І ён астанавіўся. Дык вёскай усёй агні рабілі, лавілі, тры пуды быў. Забілі асцямі тады. А яшчэ бацька расказваў: ездзіў па Сутокі, там была яма, Цёмная бухта. Глядзім: стаіць рыба, і крылля. Дык гэны пытаецца: біць будзем ці не? Ну, так рашылі біць. Ну забілі. Дык, аказваецца, быў шчупак, ён казаў на колькі кілаграм, а я забыў, стаяў нейдзе пад вярхом, і каршун у яго когці ўпусціў, а ён забіў каршуна і з каршуном хадзіў, як цмок які. Так спужаліся.


Вёска Рыбчынана р. Ілія пры ўпадзенні ў Вілію, (знікшая, зараз на дне Вілейскага вадасховішча).

Піліп Адамавіч Гаўрылік, 1923 г. н., мясцовы (зап. 2012 г.):

…Рыбчына да вайны была вялікай вёскай, болі чым 120 двароў. Рыбчына была праваслаўна-евангелісцкая вёска, мусіць самая старынная на Вілейшчыне. У асноўным праваслаўныя і бабтысты, толькі адзін каталік быў. Рыбчанскія мужыкі былі адмысловымі плытагонамі. А пры Польшчы ганялі плыты і жанчыны. Рыбу спецыяльна для ежы плытагоны не лавілі, толькі калі задавіць якую, а так на лоў часу не было: работа ёсць работа.

Самая смачная ў Рыбчына рыба – гэта мянтуз, бо мяккі. Яны бальшынство ў норах жылі. Мая хата над берагам была, пайшоў я аднаго разу купацца. І ў беразе нура там. Дык туды руку – і выцягнуў вось такога ментуза. Чуць выцягнуў я яго з нары. Каля метра быў. Я не рыбак, але бродзень меў, усё ж пры рацэ жыў, і як да свята якога, мы з пляменнікам шлі па вазерам, па старыцам. Дык там і карасі, і шчупакі, але невялікія. Я адзін раз на карася наступіў, брод брыдучы, ну такі карась, во што лапаць. Дзяржу пад нагой, тады сагнуся, боўць – і дастаў.

Раіса Канстанцінаўна Соніч (Рудась):

…Часам дзеці самі забяспечвалі сябе абедам. Два чалавекі трымалі за ражкі вялікую хустку, а трэці заганяў у хустку рыбу. Больш за ўсё любілі яльца. Потым смажылі яго ў лазні на керагазе. Мы жылі дружна, хваляваліся адзін за аднаго, суперажывалі. Не было ніякай зайздрасці. Можа, таму, што зайздросціць не было каму.

Мікалай Філіпавіч Яцыновіч, 1944 г. н., мясцовы (зап. 2011 г.):

…Рыбу загатаўлялі пад восень – у ваду ўжо не залезеш, дык на лодках. Лодка, лодка і ведзея такая. Лавілі на Віллі ведзеяй. Што злавілі, раз – і ў бочку. Пад гнёт. Кішкі не выпускалі, луску не абчышчалі, груз наверх – і ўсё. А смак быў такі, што німа з чым параўнаць: і цяпер хочацца.

Дык вось дед мне расказаў пра вялікую рыбіну. Прыгналі скаціну на вадапой. Жара, лета. Гэта часоў у дванаццаць; скаціна заходзе ў раку і да двух часоў у вадзе стаіць. А тут сом. Ён да авечкі сунуўся і застраў. Тут людзі яго вілкамі запаролі. Дык дзед казаў, што мусілі калёсы распускаць. І то хвост яшчэ па зямле цягнуўся. Болі чым чатыры метры быў той сом, калі везлі, то хвост па зямлі цягнуўся.

Яшчо скажу такое. Да вайны і ў 1936 годзе наша гарэла вёска. Рыбчына. 38 дамоў ураз згарэла, а было 110 дамоў, а у 1946 гаду 30 дамоў згарэла. Зайшоў вецер как раз, як падняўся віхор, бура – за кіламетр адносіла броўны. Такі віхор падняўся. Іскра і пайшла. Мама расцяралася, а мой дзед, бацькін бацька, узяў мяне на рукі і пайшоў у поле. Ну, мы не згарэлі. І вот тады гвалт, гвалт, і ўсё. Пасля гэтага праз год у Слабадзе шум такі і гвалт чуваць. На Віліі. А там рыбіна ішла праз мост. Там брод быў ужо пры мне – малому ў пояс. Там ніхто пешшу праз Віллю не ішоў, а пераязджалі ці на лодках, ці на калёсах, конь ужо ішоў. Там рыбіна такая ішла, усе паднялі шум. Нашы падумалі: Слабада гарыць! Такі гвалт стаў. Пахапалі хто вёдры, хто бусакі і паляцелі на помач. Білі тую рыбіну, білі, ды не забілі. Восці і вілы ламаліся. Ад Слабады да усця, дзе наша Ільянка ўпадае, ну, метраў 800. Гналіся за ёй. Тая рыбіна туды – шах, а там вір – і канцы ў воду. Ніхто пасля той рыбіны не відзеў.


Вёска Слабада (зніклая, зараз на дне Вілейскага вадасховішча).

Распавядае Страшынская (Клемянок) Алла Леанідаўна 1961, Маладзеча.

… Мой тата быў са Слабады, таму кожнае лета, пакуль не знеслі веску і не было вадосховішча я ездзіла да майго дзядулі Антона Дзімітравіча і бабулі Алёне Мікалаеўны. Алена Мікалаеўна была з роду Баслыкоў. Веска была досыць вялікая. Болей чым 30 хат, стаяла на правым берагу Віллі. Гэта была веска старавераў, татараў і беларусаў, у кожнай хаце была свая лодка, а ў нас аж дзве. Рыба была адным з асноўных прадуктаў харчавання, яе загатаўлялі многа і захоўвалі ў глыбокіх мураваных скляпах – лядоўнях, так сама было многа вяленай рыбы. Лёд гатвалі пад час крыгаходу – кавалак вялікай крыгі зацягвалі канём з берага да склепа. Лед ляжаў аж пакуль не паспявалі траскалкі, мы у летняю спякоту часта лазілі у склеп каб ахладзіцца. Рыба у лядоўні захоўвалася і так проста і падсоленая ў вялікіх бочках. Мая бабуля Алена найчасцей гатавала нам з рыбы, калі вынутай з той бочкі, а калі і так з вяленай, густы як пюрэ суп, нашклат поліўкі. Перш варылася рыба, пакуль мяса не адставала ад касцей. Косці і галовы вымаліся. Потым яна прыпраўляла адвар з юшкі расчыненай ржаной мукой, узбіваючы калатушкай, калі—нікалі троху прыбелевала малаком. У Слабадзе тутэйшыя рыбу лавілі сеткамі альбо рукамі і калі каго бачылі з вудай – то было здалёк відаць прышлага, не мясцовага чалавека. Мой тата і мяне навучыў лавіць рыбу рукамі ў карчах і пад камянямі. А мужчыны лавілі з нагоды рыбу у дзве лодкі, ведзяёй. На рыбалку шлі рана, на золку, піхаючы прысам лодкі супраць цячэння, уверх, у потым нацягнуўшы сетку паміж дзвух лодак сплаўляліся да Слабады. Рыбы прыносілі многа, усялякай, не менш трыдцаті шчупакоў. Я вельмі любіла есці мянтузоў і невялікіх шчупачкоў.


Вёска Рабунь Вілейскага раёна Мінскай вобласці

Вера Сцяпанаўна Галко (в. Пахомава, зніклая, зараз на дне Вілейскага вадасховішча), 1935 г. н.:

…У Рабуні раней была адна рака – Арпянка, яна на лузе ў Віллю ўпадала. Да Віллі цягнўся красівы луг. Было надта добра. Колькі было да Віллі – не скажу, але калі разлівалася вада, рака даходзіла да самай вёскі. Дзеці лёталі купацца да ракі. А ў рыбу мой мужык не хадзіў, пакуль мора не зрабілі, не было надта лодак у Рабуні, людзей. Тады ўжо ўсе пачалі рыбу лавіць.

Cудніковіч:

…Наліма, ці ментуза, мы звалі калека, бо ён быў без лускі, нейкі мядліцельны.

Уладзімір Іванавіч Ляшкевіч, 1941 г. н., родам з в. Баяры, калісь вучань сярэдняй школы у в. Рабунь, настаўнік біялогіі г. Вілейка, зараз пенсіянер:

…Я з Баяр, праз Пахомава хадзіў у Рабунь, у школу. Праз Вілію – ці раздзеўся, ці любы ў лодку бярэ. Пахомаўцы лодкі мелі. Крыкнеш – і абязацельна перавязуць. Рабуньскіх хлапцоў дразнілі, заводзілі перад бойкай – «Братцы рабунцы, Слабада гарыць!» І звалі іх, рабуньскіх, усе вароны. Былі таксама «Паняцічкія шнарукі», «Рэдзькаўскія худэркі» – так тады празывалі людзей з іншых вёсак.

…У Рабуні была рэчка Арпянка, прыток Віліі, надта ў ёй было яльцоў. Есць такая рэка Грэзніца, упадала ў Вілію ля Сосенкі, там млын стаяў. Так вот мы пачынаючы адтуль – якая там таптушка невялічкая, і насцёбаем, пака ўпадзе ў вусце, там затока такая была, па торбе рыбы зловім. Мы ж карміліся з гэтага. Я ў Кавалі прыходжу да друга, маці ставіць гаршок у печы – кажа хлопцы, а варыць то няма чаго, пасля вайны, ляціце за рыбай на раку. Пака закіпіць вада, мы ўжо злётаем і зловім рыбы. Яльцоў і шчупакоў. Толькі плоткі не лавіліся ў гэнай рэчцы.

…Тады надта келбоў было ў Віліі. Я пакуль з Рабуні, са школы прыду дамоў пешшу, а праз Вілію пераходзіў ля Пахомава, ад келбоў аж дно чорна, дык хлопцы лавілі такой штучкай-волакам іншую рыбу, так яны зацягнуць і мне адразу цэлы кош наловяць і я з ім дамоў іду. Асноўная сетка ў нас была яльцоўка, ачко на два санціметры. Але сеткі тады рэдка ў каго былі. Вясной, як нераст ідзе, іх у асноўным ставілі. А так у народа асноўная прылада была сак-таптуха. У жніўні месяцы тады рыба ідзе да берага, у траву. Ну вот адзін застаўляе, а другі траву топча. А ў аснаўном рукамі лавілі. Яна не баіцца. У траве, у дубах я сам во гэткіх мянтузоў даставаў. Сямідырка – гэта была мінога. Яны ёсць буйныя – марскія або рачныя і дробныя – ручавыя. Мінога рачная ішла табунамі на нераст з Віліі ў левы прыток у раку Ілія да 1968 года, у раёне Баяр. Ну яны после нераста гінуць, сплывалі дохлыя ўніз па цячэнню. Іх лічынкі – грамжы – белыя, іх як насадку на рыбу капалі, на шнуры і донкі. Сямідырку, тую што якая вялікая, мала якія людзі ужывалі ў ежу, толькі тыя хто ведаў і не гідзіўся, тыя хто быў за Польшай на заробках у Латвіі. У многіх сялян пры Польшы хлеба было толькі да Каляд, і тады мусілі падавацца ў заробкі, ў Латвію, як тады казалі “даіць кароў”. Адтуль да нас прынеслі на яе моду. Астатнія гідзіліся – бо сямдырка сама формай як вужака. Так і вангораў і уюноў-піскуноў не кожны наш чалавек можа есці. У рацэ Ілле не было цырты, ёй нада чыстая, чыстая вада, а была свінка, ці падуст.

…У Віліі ёсць руччавая фарэль-стронга, а ласось прахадная рыба. У Сосанцы, казалі людзі, што вясной паяўляўся ён (ласось). Ну цяпер не паявіцца. Перакрылі Вілію. Ну, пра ласося гаварылі адразу пасля вайны, у шасцідзесятыя гады ўжо перасталі. Справа ўся ў тым, што там лёд рвалі, каб мост захаваць у ледаход. Сапёры кідалі ўзрыўчатку. Так вот там ласосі трохі. вродзе паяўляліся, пасля выбухаў усплывалі. Ну я сам не відзеў, так чуў.

…Мы ў аснаўном на Віліі лавілі рыбу рукамі. Мой швагра і сын. Вот тут раней, каля стройдеталей за час цэлаю выварку акунёў накідаем і мянтузоў во гэткіх во. Тут дубы былі такія. Мной апісаны ўсе ўрочышчы ад Сцешыц да Гліннага і тыя, што ўжо схаваліся ў вадасховішчы, заплылі вадой, усё я прайшоў гэта. «Тубершчына», «Алены», «Селякова», «Падмлынок», тут «Крапіўніца» была. «Паташня», «Норт» – гэта дзе зараз вадазброс, дзе былі Вольшына і Лазырцы. «Ляшнае». Вельмі глыбокае месца было ў Віліі пад Пахомавым. Усё гэта мной было апісана, усе прытокі абышоў, рэчку Кабылянку, такую знаменітую. Высокі пахомаўскі бераг і зараз відаць з дарогі, праз вадасховішча, напроць Рабуні. А там было Пахомава, дванаццаць, можа, хат, а была царква і самы бальшы фэст на Спаса – з усіх вялікіх вёсак з'язджаліся, з усяго наваколля. Хадзілі крэсным ходам.


Вёска Вольшына (Лазарцы) (зніклая, зараз на дне Вілейскага вадасховішча).

Лупіносаў Александр Васільевіч, 1954 г.р.

У Лазарцах, ці Вольшына была 21 хата. Карэнныя фаміліі Наркевічы, Гісічы. Мая мама бла з Лазарцаў, таму ўсё лета я праводзіў у бабулі. Наркевічы —ўсе мае. У Лазарцах самыя рыбныя места былі, месца называлася Кастылёва. Берага Вяллі вышэй чым у Вялейцы ў парку, і песчаныя і мы малыя разганыешся і па гэтаму берагу кулік, кулік ну ехалі ў рэчку. Так там глубіны, пад вадой карчы, дубы! Ля вескі было урочашча “Дубняк” – казалі расла дубрава. Вот там бывае сядзеш на лодку-пласкадонку, якую усе звалі толькі “чайка” і бярэш вуду шчупакоўку з бярозы, леска мілімітроўка, зачапляеш на жыўца і ваду шах. Толькі боўць – паплавок у дно – во-о-о такія шчупакі кіль па пяць па сем… Даўней самых вялікіх шчупакаў рыбакі з Вілейкі лавілі менавіта пад Лазарцамі. У затоце мы малымі лавілі вадзяных чарапах, тады із пладзілася мноства. Я цепер зімой на вадасховішчы лаўлю рыбу на коміне ў роднай бабкі. Там дзе кладбішча затоплена, там уся мая радня на дне водасховішча. Веска стаяла на левым, берагу Віліі, ён і цяпер самы высокі на водасховішчы…


Вёскі Малмыгі і Сенішча

Мікалай Іванавіч Саўчыц, 1944 г. н., родам з в. Сенішча:

…Чым я лавіў? Найбольш сеткамі, рукамі лавіў – туды ў кусты залез, ці ў карчах. Пісталетам троху пробаваў. Ну ён мне нешта не панаравіўся. Я рыбу з пісталетам мала лавіў. Некалі яшчэ Трус Іван Міхайлавіч пакойны (старшыня гарсавета) і Каляда там прывезлі пісталет для падводнай ахоты. Ну, Каляда Мікалай Іванавіч, ён пасля вайны з пісталетам ездзіў, па нечым, не знаю па якіх дзялах, упаўнамочаны, а тады прадсядацелем райсаюза быў, а тады, як пагарэлі ў райсаюэзе яго паплечнікі, яго после перакінулі дырэктарам на мебельную фабрыку. Дык я проста з гэтым пісталетам лазіў: Вілія ж была красавіца, вада чыстая. Дык я некалькі такіх язёў забіў. Нават глушыў рыбу. Бамбіў рыбу найбольш пад Сенішчам Пётр Астрэлін з такім Валынцом, тожа ў цюрме рабіў, месны чалавек з Лазарцаў, цяпер Вольшына завецца, як адсялілі. Пётр Астрэлін у 1961 ці 62-м гаду быў апошні начальнік Вілейскай цюрмы, як яе закрывалі. Дык яны ўсягды, было ж у іх гэтага аманалу; а я заўсёды ля Віллі тарчэў, бо і я участвавал інагда. Так я всё врэмя іх лавіў, Астрэліна гэтага і з Валынцом. Яны бамбяць, ну а я ўжо лаўлю, дастаю рыбу.

…Сто грам тола хватала, каб падняць яму. Ну, места, дзе глушыць, выбіралі ямы. Калі яма невялікая, то сто грам і многа. Пяцьдзесят хватала, во так вот.

– Ці былі выпадкіі пакарання за браканьерства ў Вілейцы?

– Пасадзілі за браканьерства аднаго хлопца, Васілія Шабанова. Фамілію, может, і путаю, но точна Васілій. Ён рабіў шафёрам, ён вазіў Лузіка. А Лузік быў начальнікам страіцельства этага вадахранілішча. Тожа яго Васей звалі.

І ён (Шабанаў) пользаваўся тут усімі благамі. Ну, ён быў не толькі рыбаком, у яго паднаготная была мафіёзі. Крымінала ў яго многа было. Не знаю толькі якога, можа, нават звязанага с убійствамі. Но ён увесь быў у татуіроўках. Ён нікогда не раздзеваўся на людзях, нікому не паказываў. Я толькі чуў гэта ад жанчыны, з якой ён жыў, патаму што яна ў школу разам са мной хадзіла. Была ў яго, у Шабанава, жонка, але сыйшла, і ён пачаў жыць з такой Маяй Субач. Яны ў Халапах адстроілі ад арганізацыі домік двухкварцірны, ён быў дзелавы, пастроіў гараж, у якім абарудаваў самагонны апарат. Узяў ён Лузіка на вудачку, сталі яны заганяць цэмент: што ж хацець – страіцелі. Але ў Лузіка быў у Мінску такі пакравіцель Голуб. Голуб быў генеральны дырэктар стройкі Вілейска-Мінскай сістэмы. Ну, так стала, што Шабанаў ужо і не шафярыў, а толькі і лавіў рыбу. Смела лавіў. Ён закідаў гэтыя вудачкі на правада, і дзе вадазброс, апускаў у ваду адзін провад, другі провад, а тады кантакт. І вада станавілася белая ад рыбы. А там на вадазбросе рыбы заўсегда было мора. Не знаю, хто яго прадаў і як, карочэ, яго за гэта дзела судзілі. Ці не тры гады далі.

Пра Вяллю, рыбу і рыбалку. Нататкі вандроўніка з Вілейкі

Подняться наверх