Читать книгу Быць хрысціянінам - митрополит Антоний Сурожский - Страница 4
Пра таемствы
ОглавлениеЗараз гаворка пойдзе пра таемствы Царквы: і для таго, каб зразумець іх значэнне, трэба паглыбіцца крыху больш, чым я гэта рабіў на мінулай гутарцы, у разуменне самой Царквы. Царква – гэта Богачалавечая супольнасць, дзе прысутнічае паўната Боства, таксама як паўната чалавецтва; разам з гэтым Царква з’яўляецца чалавечай супольнасцю на шляху да збаўлення. Гэта я хачу патлумачыць.
Боская прырода Царквы вызначаецца тым, што першы яе член – гэта Госпад наш Ісус Хрыстос і ў Ім прысутнічае ўся паўната Боства цялесна (Кал 2:9). Апроч гэтага, дзякуючы таму, што Хрыстос прысутнічае ў Царкве паўнатой Сваёй чалавецкасці і паўнатой Сваёй Боскасці, Царква з'яднаная неразлучна і з Богам Айцом, і са Святым Духам, Які пасланы ў яе і ёй у дзень Пяцідзесятніцы, і прысутнічае ў Царкве ў двух відах: з аднаго боку, дасканалая чалавечасць, якой мы яе бачым у Хрысце, з іншага боку – недасканалая чалавечасць, якую мы самі сабой ўяўляем як паасобку, так і ўсе разам.
Таму пра Царкву можна сказаць, што яна – Богачалавечая супольнасць, але чалавечы элемент ў ёй няпросты: з аднаго боку, з'яўлена паўната таго, чым павінен і можа быць чалавек, з іншага – непаўната таго, чым ён ёсць у дадзены час. І тут можна сказаць словамі айца Георгія Флароўскага, аднога з самых вялікіх багасловаў нашага часу, што Царква ўжо і дома, ды яшчэ ў дарозе, in patria et in via. Яна дома ў тым сэнсе, што немажліва нічога дадаць да таго, што ўяўляе сабою Царква; аднак кожны з нас павінен сябе перарасці ласкай Святога Духа і цягам усяго свайго жыцця ўваходзіць усё глыбей і глыбей у паўнату царкоўную.
І вось гэта не можа адбывацца выключна чалавечай – нават самай добрай – воляй. Мы можам прагнуць Бога, нудзіцца па Ім, можам рабіць усё, што мы можам, дзеля таго, каб вырвацца з нашага грахоўнага стану і прарвацца да Бога, але мы гэтага здзейсніць да канца самі не можам. Гэтак жа сама і ў стасунках паміж людзьмі: можна любіць чалавека ўсім сэрцам, усёй істотай, але калі не сустрэнеш узаемнай любові, то яднанне абаіх не можа здзейсніцца. Вядома, Бог нас любіць. Ён нас палюбіў нават раней, чым мы Яго спазналі, раней, чым мы сабе ўявілі, хто Ён такі і які Ён. Апостал Павел разважае пра тое, як цудна, як неймаверна і звыш нашага разумення тое, што Хрыстос Сваё жыццё мог аддаць за нас, калі мы былі яшчэ ворагамі Богу. Ён гаворыць, што і за сябра свайго мала хто сваё жыццё пакладзе, а за ворагаў?.. А Хрыстос нас так менавіта палюбіў, Бог у Хрысце такую любоў праявіў да нас. І мы можам ірвацца да Бога, звяртацца да Яго ўсёй сваёй істотай, не баючыся таго, што Ён нас не прыме.
Але ажыццявіць тую паўнату, пра якую мы марым, – гэта значыць быць не толькі тымі людзьмі, якімі б мы былі, калі б не падзенне, калі б мы засталіся першабытным, нявінным чалавецтвам, – гэта значыць стаць святым чалавецтвам. Розніца ў тым, што чалавек быў створаны свабодным, гэта значыць, мог вызначыць свой лёс з Богам, без Яго ці супроць Яго. Тады чалавек быў нявінным у тым сэнсе, што ў ім не было граху. Грэх з'явіўся ў момант, калі чалавек адвярнуўся ад Бога дзеля таго, каб спазнаць сябе і свет уласнымі, творнымі сіламі. Гэта тое, што мы называем першародным грахом: першае адпадзенне ад Бога, якое пазбавіла чалавека мажлівасці расці роўна і ўрастаць у таямніцу Боства.
І вось для таго, каб мы маглі здзейсніць тое, да чаго былі пакліканы, Госпад устанавіў таемствы. Таемства – гэта Боскае дзеянне, якое нас прылучае да таго, што ёсць нашай прыродай: і творнай, і Боскай. Творнай – у тым сэнсе, што мы перасталі быць стварэннем, якім яго задумаў і стварыў Бог: нявінным, чыстым, адкрытым Богу да канца, без ценю. Аднак мы пакліканы і гэтую меру перарасці ў прылучэнні да Бога. І таму таемствы якімсьці цудоўным чынам выкарыстоўваюць рэчыва творнага свету для таго, каб нас прылучыць да таямніцы Боства. І на гэтым варта на імгненне засяродзіць увагу.
Якім чынам творнае рэчыва можа нас прылучыць да таго, чаго мы самі дасягнуць не здольныя? Рэч у тым, што стварэнне заняволенае грахом, дакладней, заняволенае недасканаласцю праз чалавечы грэх, але стварэнне як такое застаецца бязгрэшным, то і Бог можа ўсё творнае асвяціць паўнатой Сваёй прысутнасці і ласкі і праз стварэнне перадаць нам гэты дар ласкі і Богапрысутнасці. Калі Бог стаў чалавекам, Ён прылучыўся да ўсяго рэчыва сусвету; рэчыва сусвету магло Яго прыняць, – яно Богу ніколі не здраджвала, ніколі не паўставала супраць Бога. І вось у таемствах Госпад Ісус Хрыстос бярэ, скажам, хлеб і віно, пры хросце бярэ ваду, пры мірапамазанні ялей і г. д., і гэтае рэчыва злучае з Сабой так, каб тое рэчыва, якое Ён перадае, аддае нам, магло нас асвяціць. У водах Хросту, сілаю асвечаных водаў, мы ачышчаемся ад нашага граху. У дары Святых Таямніцаў мы прылучаемся да Цела і Крыві Хрыста, таму што хлеб і віно могуць прылучыцца да Бога непасрэдна, дарам Божым, тады як мы самі, проста воляй ці няволяй, не можам больш гэтага зрабіць.
Дзейца ўсякага таемства – Сам Госпад Ісус Хрыстос і Дух Святы. Чалавек ніякімі сваімі сіламі, нават пры рукаўскладанні на святарства, нават пры пастаўленні ў епіскапства, не атрымлівае ўлады над створаным светам, не можа проста ўзяць хлеб зямлі і зрабіць яго часткай Цела Хрыстовага або ўзяць кубак віна і зрабіць часткай Крыві Хрыстовай. Гэта можа здзейсніць толькі Сам Госпад Ісус Хрыстос. І ў гэтым сэнсе адзіны Тайнадзейца – Бог.
Але калі ставіцца пытанне: у чым роля святара? Ці патрэбны ён для чаго-небудзь? Так, ён патрэбны, таму што для таго, каб здзейсніўся цуд, неабходна супраца чалавека, неабходна ягоная добрая воля, неабходна ягоная вера, неабходна ягоная адкрытасць, неабходны ягоны дар самога сябе. І святар – чалавек, якога Бог ставіць на той мяжы, на якой можа стаяць толькі Сам Госпад Ісус Хрыстос. Гэта адно з самых узрушальных перажыванняў у жыцці, калі чалавек, якога пастаўляюць у дыяканы, пераходзіць мяжу царскае брамы. Да гэтага ён уваходзіў у алтар бакавымі дзвярыма, цяпер ён уваходзіць праз царскую браму, праз якую толькі Цар Славы можа ўвайсці паводле годнасці і права. У гэты момант я заўжды спыняю пастаўлянага і яму кажу: «Ты разумееш, што зараз адбудзецца? Ты зараз пройдзеш праз мяжу, якую толькі Хрыстос мае права перайсці, і ты можаш перайсці гэтую мяжу, толькі калі ты так злучаны з Хрыстом, што Ягоная смерць, Ягоная мёртвасць у дачыненні да граху становіцца тваёй, і Ягонае жыццё таксама становіцца тваім».
І ў таемствах дыякан будзе ўдзельнічаць, удзельнічае, як ікона, як вобраз. Ён – голас Божы і адначасна – голас народу. Ён голас народу ў тым сэнсе, што ён крычыць ад імя ўсяго стварэння, усяго прысутнага народу: «Госпадзе, прыйдзі! Госпадзе, здзейсні над намі неспасціжнае таемства, злучы нас з Сабою! Ачысці нас ад граху, прылучы нас да Тваёй святасці!» І ў адказ на гэта Дух Святы сыходзіць на воды Хросту, на хлеб і віно Прычасця, на ялей Мірапамазання. Пра гэта мы павінны памятаць. Кожны святар павінен памятаць, што ён стаіць у імя ўсяго народу, з'яўляецца як бы часткай гэтага народу, які патрабуе збаўлення, і ён стаіць, вымаўляючы словы, якія толькі Хрыстос можа вымавіць, якія ён можа прамовіць над хлебам, над віном, над водамі Хросту і г. д. Такім чынам, таемствы – дзеянні сапраўднай чалавецкасці. У таемстве Хросту мы паступова становімся, пастаянна ўзрастаючы, тымі людзьмі, якімі пакліканы стаць, ачышчаемся ад граху, які нас аддзяляе ад Бога, робімся чыстымі, падобнымі да Адама і Евы, якімі яны былі створаны. Больш за тое: мы перарастаем гэтую меру прылучанасцю да Хрыста, Які нас прылучае да Сваёй чалавецкасці, чалавецкасці дасканалай, і ў ёй прылучае нас і да Сваёй Боскасці.
Пэўна, варта спыніцца асобна і асабліва на таемстве Хросту. Таемства Хросту мы можам зразумець з падзеяў, якія апісаныя ў Евангеллі. Ёсць як бы тры моманты ў таемстве Хросту. Першы момант – хрост Янаў. Ян Хрысціцель клікаў да сябе народ і казаў: «Пакайцеся!» – гэта значыць адмоўцеся ад усяго грахоўнага, ад усяго бруду, ад усяе няпраўды, ад усяе сваёй заняволенасці злом; і каб паказаць сваю гатоўнасць да гэтага, акуніцеся ў ваду, як бы змыйце з сябе нечысціню. Адзін выбітны пастыр мне казаў, як ён разумее гэты хрост. Ён казаў, што, калі Хрыстос акунаецца ў гэтыя воды, Ён акунаецца ў воды, ацяжараныя ўсім грахом чалавецтва, ацяжараныя смяротнасцю, якую цягне за сабой грэх. І Ён, акунаючыся ў гэтыя воды, у сваю чаргу, акунаецца ў смяротнасць, не прымаючы на Сябе грэх, але прымаючы на Сябе ўсе наступствы граху. Гэты святар даў прыклад, які мяне вельмі ўразіў. Гэтае акунанне (гаварыў ён) падобнае да таго, як можна чысты лён акунуць у фарбу: лён, вядома, не мяняецца па сутнасці, але мы яго вымаем пафарбаваным. Вось што здзяйсняецца ў Хросце Хрыстовым. Ён непазбежна звязаны з хростам Янавым, хростам пакаяння людзей, які гэтыя воды як бы напаўняе смяротнасцю людской. Хрыстос прымае на Сябе гэтыя воды як смерць усяго чалавецтва, якую Ён панясе да Крыжа.
І калі мы акунаемся ў воды Хросту, мы акунаемся ў воды, з якіх Хрыстос як бы выцягнуў усю смяротнасць, усю нечысціню: воды гэтыя дакрануліся да чысціні, да святасці Самога Хрыста і цяпер перапоўнены агнём Боскасці, у іх Хрыстос спаліў смяротнасць, прыняўшы яе на Сябе. Калі мы прыходзім хрысціцца, мы павінны памятаць, што акунаемся ў воды, якія з'яўляюцца сімвалам смерці і ўваскрасення. Гэта вельмі проста сабе ўявіць: дзіцяці гэта зразумець прасцей, відаць, чым вучонаму чалавеку, які хоча бачыць сімвалы. Калі чалавека акунуць з галавой у ваду, гэта смерць для яго. І калі нас акунаюць з галавой у воды Хросту, мы павінны гэта адчуць як момант, калі смерць прыйшла да нас, калі толькі мы не будзем пакліканы з гэтай стыхіі смерці голасам Божым… І другое дзеянне: мы ўзыходзім, выходзім з гэтых водаў – гэта сімвал нашага ўваскрасення. Мы выходзім – і дыхаем па-новаму. Мы ачышчаны ад нашага першароднага граху адрачэння ад Бога, чужынства Яму, і выходзім у сферу новага жыцця. Мы робімся цяпер Хрыстовымі, мы на сабе як бы нясём чысціню, святасць Хрыста разам з Ягоным вечным жыццём, якое нам дадзена. Але – Божа мой! – што гэта значыць? Гэта значыць, як апостал Павел гаворыць, што раней, да Хросту, мы апаганьвалі толькі сябе саміх, а калі мы апаганьваем нашае цела і душу пасля Хросту, мы апаганьваем Самога Хрыста. Апостал вельмі трагічна гэта выражае, калі ўсклікае да вернікаў і кажа: няўжо мы возьмем члены цела Хрыстовага – гэта значыць, нашы члены, рукі, ногі, усё цела – і зробім іх членамі распусніцы? (гл. 1 Кар 6:15). І не абавязкова ў граху распусты, а ва ўсім тым, што з'яўляецца «распустай» у дачыненні да Бога: дзеяннем, думкамі, жаданнямі, учынкамі, якія ніяк не сумяшчальныя з нашым адзінствам з Хрыстом.
У гэтым трагічнае значэнне Хросту, ягонае гранічнае значэнне: мы робімся Целам Хрыста, і ўсё тое, што мы робім над сваім целам, над сваёй душой, над сваім жыццём, мы здзяйсняем, быццам богазабойцы або людзі, якія ўжо наноў адракаюцца ад Хрыста пасля таго, як сталі еднымі з Ім. Гэта вельмі вялікая адказнасць.
Але толькі пасля акунання ў гэтыя воды і прыняцця гэтай еднасці з Хрыстом, мы можам ісці далей – ад Хросту да дара Святога Духа, Які, вядома, нам даецца безадкладна, таксама як Ён быў дадзены Хрысту, калі Ён выйшаў з водаў Ярданскіх; і далей ісці да царскае брамы, праз якую мы яшчэ не пройдзем, але з якой да нас выйдзе Хрыстос, прылучаючы нас да Цела і Крыві Сваіх. Вось у чым сутнасць усіх таемстваў.
Конец ознакомительного фрагмента. Купить книгу