Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 45
Ільвінае вока[1]
Шкаляры
43
Оглавление– А ты, прыгажуня, чаго нахілілася?.. А-а! Сук перашкаджае. Зараз мы яго адпілуем, тым больш ён сухі… А цябе выпрастаем, аборачкай падвяжам – і расці з дабром! Як твая харашуха-суседка: вунь якая ладная, штогод плодзіць. А тут што мы маем? Мярэча!.. Прарэдзім. Каб і ягада была, і траўка зелянела…
Косця пачуў голас дзядулі і пабег у сад. Убачыўшы толькі старога, ён спыніўся і здзіўлена спытаў:
– З кім ты размаўляеш?
– З раслінамі, зямлёй…
– А-а, табе няма з кім пагаманіць… Чаму мяне не паклікаў?
– Яны, унучак, таксама нудзяцца без слова, чакаюць ласкі.
– Усё чмуціш. Як бытта я не ведаю, што і зямля, і расліны нічога не кумекаюць і не гутораць.
– Не, Косцік, яны – жывыя, маюць душу, як і мы, перагаворваюцца. Адно што выглядам іншыя, а так – тыя ж Боскія стварэнні. Толькі трэба ўбач ы ць гэта, адчуць. Тады і яны адгукнуцца, адкажуць.
– А як? У іх жа языка няма.
– Ён у іх своеасаблівы. Выразны і відавочны.
Косця недаверліва зірнуў на дзядулю, перавёў узрок на сад і, паварочваючы галаву, нахіляючыся, стаў прыглядвацца ды прыслухоўвацца, але хутка здаволіўся, раззлавана кінуў:
– Нічога ў мяне не атрымліваецца!
– Абавязкова атрымаецца, але з цягам часу, бо тут патрэбныя цярплівасць і назіральнасць.
– Так нудна!
– Наадварот, цікава. Замінаць табе гэта не будзе. Паслухай.
Стары і малы селі на лаўку, што была побач, каля парэчніку.
– Ты ведаеш, што зямля не паўсюль аднолькавая: на адным месцы растуць клёны, бярозы, сосны, яблыкі, грушы, парэчкі, на другім – пальмы, эўкаліпты, секвоі, апельсіны, бананы, вінаград, на трэцім, чацвёртым, пятым – наогул анічога: ці то пустыня, ці то ледавік, ці то скалы. Адпаведна і людзі розныя. Дарэчы спытаць: чаму?
– Клімат усякі.
– Правільна, унук. Але зноў жа: чаму?
– …
– Так дадзена звыш: кожны лапік зямлі своеасаблівы, бо створаны самастойным нябёсным творцам. На ім жывуць, растуць, паміраюць, радуюцца, гаруюць адменныя ад іншых дрэвы, казуркі, жывёлы, птушкі, людзі. У іх свае звычкі, традыцыі, гісторыя, культура. Яны дыхаюць адным паветрам, размаўляюць на адной мове, захоўваюць адзін парадак… У ідэале гэта – добрая, цэльная і гарманічная, сістэма, дзе ўсё базуецца на адпаведнасцях, дапаўненнях, разуменні, згодзе. Але ў рэальнасці ўсё іначай. Пра лад і спакой можна толькі марыць. Прычынаў існуе шмат, але большасць з іх мае адзін адрас, – і дзядуля падняў палец угору. – Мабыць, уверсе, за аблокамі, нешта не стасуецца, бо ўнізе, у нас, усё толькі псуецца. Прычым зараза часцяком напаўзае паступова, непрыкметна і цалкам выяўляецца толькі у канцы. Вось, прыклад. Як табе наш агарод?
– Любата глядзець!
– А суседзкі?
– Непрынадлівы: акрамя быльніку нічога не расце.
– А быў жа самавіты, бо нашая зямелька надта здатная і чароўная: ледзь прыкладзеш рукі – і багацце сыплецца.
– А што адбылося?
– Усё пачалося з таго, што гаспадары памерлі і дваром завалодалі заходцы. Раней іх чорт разносіў толькі па гарадох, а тут, нал і ха, і да вёскі дапёр. Гэтыя зразу ўсяго ачураліся. Нічога талковага не рабілі, усё псавалі. Земку зганодалі мо за год. Ты б, унучак, бачыў, як яны на агарод выходзілі: паперадзе брыдкаслоўе, за ім – звяга і падчас працы – усялякія хабал ы і непрыстойнасці. І заўсёды п’яныя. Нашыя дзівіліся: як можна так жыць і да зямлі ставіцца? Ды ім было ўсё роўна. Хутка яны ўсім ачамярэлі.
– Узялі б ды выгналі іх, як чужынцаў.
– Шкада, што так не зрабілі, бо дале-боле. З цягам часу яны закажанелі, абарваліся і зусім згалелі, але такіх, відаць, і трасца ніякая не бярэ: пяюць і вяселяцца! І што ты думаеш? Сёй-той з тутэйшых пазайдросціў і ўпадабаў такую жытку. Спачатку спачуваў капцанам, заходзіў да іх, пасобстваваў, а ў выніку злёгся з імі – урэшце бяздолле паглынула і яго. А благое, як вядома, заразлівае. Так і пайшло гуляць па вёсцы ўсялякае непатрэбства. Стала знікаць працавітасць, зычлівасць, добрае слова.
Дзед уздыхнуў, на хвіліну задумаўся і, пазіраючы ў неба, прыхіліў да сябе ўнука.
– Што да слова – дык з ім сапраўдная бяда. Раней і там, і сям чулася нашая гаворка, прыгожыя трапныя звароты, усё ў наваколлі мела зычныя пекныя назвы, абазначэнні, а тут з’явіўся чужы, несугучны язык, які, нібы пачвара, пакрысе паглынаў розум тубыльцаў. Ён адымаў сэрца, абражаў і зневажаў – люд гэта разумеў, але па звычцы цярпеў. Трава, кветкі, кусты, дрэвы, звяры, птушкі больш не чулі роднае мовы, паветра тужыла па любасных гуках і водару, зямля халаднела ад няроднага голасу і духу…
Косця адчуваў балючую занепакоенасць дзядулі і таксама хваляваўся. Яму хацелася неяк адгукнуцца, нешта зрабіць, але ён не ведаў, што менавіта.
– Пра шчаслівы канец гэтай гісторыі я табе не распавяду. Бо яго пакуль няма, дый наўрад ці ён будзе. Як абмежаваныя істоты, мы не ўяўляем усіх маштабаў гэтай трагедыі . Галоўнае – мы яе не заўважаем, не жадаем заўважаць. Вось адкажы мне: ты – хоць і малы, але спрытны, дапытлівы – калі-небудзь чуў дома, у школе, на вуліцы, каб зацікаўлена абмяркоўвалі альбо проста краналі гэтую тэму?
– Не.
– Раўнадушша да роднай мовы – найважная перамога ворага. Не здзіўляйся – я ўсё называю сваімі імёнамі. Ён заўсёды хлусіць, калі гаворыць, што мова, гістарычныя сымболі не маюць вялікага значэння для асобы, прытым сам, земляед, настырна і злосна навязвае свае. Мова – гэта нашая сутнасць, адчуванне, розум. Адбяры яе – і нас не стане. Яна дадзеная нам, каб адрознівацца ад іншых, каб мець свой адметны голас у БОСКІМ Хоры, каб годна зносіцца з Вышынямі. Там, за межамі нашага свету – у раі ці ў пекле, нас успрымаюць толькі па прыналежнасці да мовы. Як выявімся, так і атрымаем. Нашым нябёсным уладарам вельмі баліць ад таго, што мы ўсё радзей і радзей ужываем роднае слова. Яны не ўспрымаюць і дужа пакутуюць, калі мы ўслаўляем сваю краіну, сябе на чужым языку, і адпаведна рэагуюць на гэта – адсюль нашыя шматлікія няшчасці, пакуты, нядужасці, бо ўсё пад сонцам узаемазлучанае, вынікае адно з аднаго. У выніку ў метагістарычным ракурсе – ёсць такое сусветнае вызначэнне, унучак, – утвараецца звыродлівая, пачварная выява нашае Вялікае Радзімы.
Дзядуля распаліўся, пасвятлеў чалом – і ўнук на імгненне ўбачыў натхнёнага сівавалосага прарока, з якога струменілася жыватворная праўда.
– Дык што рабіць, дзядуля? – спытаў уражаны Косця.
– Размаўляць на роднай мове, – радасна адказаў Міхал, – вось з гэтым садам, небам, зямлёю, людзьмі.