Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 43
Ільвінае вока[1]
Шкаляры
41
ОглавлениеМаючы досвед засяроджанасці, Кастусь укульміўся даволі хутка.
У галаве нешта пстрыкнула – і праісначыўся позірк. Вакаём звузіўся да тонкай лініі, якая стала імкліва ўбіраць-усмоктваць у сябе ўсё наваколле. Дзіўным чынам скажаліся і ляцелі ў бяздонне лужок, дрэвы, горы, рэчкі, азёры, вёскі, гарады, кантыненты, моры і акіяны. Калі ўсё зямное было паглынутае, лінія ўміг збеглася да мікраскапічнай кропкі – гэтая асляпляльна ўспыхнула і стала падобная на звычайную зіхатлівую зорку на небе.
Кастусь агаломшана пазіраў на зорную пространь і адчуваў невераемны ўнутраны ўздым, які спараджалі неабсяжнасць, прыгажосць і ўзнёслая рытміка Космасу. Ніводзін імпульс не паланіў свядомасць, не ўцяжарваў і не азмрочваў дух – такога пачуцця свабоды хлопец яшчэ не зведваў.
Ад радасці ён загарэўся і паляцеў куды хоця.
Раптам яго кранула прыемная хваля – і ён без супраціву, ахвотна даверыўся ёй, адчуваючы роднасную агнявую сутнасць, якая віравала і ўцягвала ў сябе. Пакруціўшыся на арбіце, Кастусь апантана нырнуў у цэнтр, дзе цалкам растварыўся і на свядомым узроўні спазнаў багацце сваіх магчымасцяў. Ён убачыў сябе ў процьме частачак і зведаў іхнюю здатнасць. Нават найменшае варушэнне ягонага іства падпарадкоўвала і змушала іх да дзеянняў.
З такім пашыраным светаўспрыманнем юнак вярнуўся да пачатку эксперыменту.
Знадворна ніякіх пераменаў не прыкмеціў, затое ўнутрана знайшоў сябе інакшым. Нешта нязведанае ўзбуджала і прасілася на волю. Заманулася апрабаваць свае новыя здольнасці.
Зірнуў на квяцісты пагорак – і адарваўся ад зямлі. Ад нечаканасці ахнуў, закалытаўся ў паветры, перакуліўся і ўпаў далоў.
Памарудзіўшы, паспрабаваў нанова. Думкай задаў сабе раўнавагу, падлучыў рукі, ногі – і нетаропка, хістаючыся, заляцеў на пагорак.
Задаволены, адпачыў і намерыўся да суседняй гары, але на гэты раз вырашыў ляцець не вертыкальна, як спярша, а птушма. Толькі нічога не атрымалася: як толькі галава мкнулася наперад – цела не слухалася і прызямлялася. Калі ж накіроўваў першымі ногі – палёт адбываўся. Гэта азадачыла Кастуся. Ён стаў выпрабоўваць розныя думка-формы і ў выніку даўмеўся, што фізічны рух чалавека ў масавай свядомасці злучаны менавіта з нагамі, а не з галавою – і каб перавярнуць гэтыя ўяўленні, трэба выдаткоўваць больш энергіі.
Такім чынам хлопец дабраўся да вяршыні гары і пераможна агледзеўся. Бадай, дагэтуль ніхто з людзей не станавіўся на гэтыя недасяжныя камяні. Ад усведамлення сваёй выключнасці аж перахапіла дых. Ён скіраваў позірк у наваколле і захапіўся прыродай. Нечакана на вока трапілі далёкія постаці людзей. Яны паводзілі сябе як дурасліўцы: уздымаліся ў паветра і нязграбна куляліся, некаторыя смешна сутыкаліся і падалі. Кастусь зразумеў, што гэта – шкаляры, і ўзрадаваўся. Яго пацягнула да іх.
– Далучайся! – весела крыкнуў Джордж і ўзвіўся ўвысь, дзе ўжо блазенствавалі Жак і Мікаэль.
Услед за ім шустра ўзняліся над лагчынаю Замба і Генрых.
Кастусь улёт заразіўся іхнім імпэтам і таксама стаў дураваць разам з імі.
Што толькі хлопцы не вычваралі! Як птушаняты, упершыню расправіўшы крыллі, вольна гарэзуюць-шчабечуць і прагна ўбіраюць у сябе бясконцасць прасторы, так і яны, глытнуўшы нязведанай радасці палёту, ачмурэла луналі-свавольнічалі па-над зямлёю і ніяк не маглі наталіцца вабнай стыхіяй.
Кожнае імгненне было нечаканым адкрыццём і ўражвала. Нутро, якое звыкнулася з зямным кантактным рухам і паўсюдным прыцягненнем, надта развярэдзілася і шугала небывалымі настроямі. Ніхто не мог дый не хацеў даць сабе рады. Усе неяк забыліся пра ўменне валодаць сабою, бо былі ўпэўненыя, што гэта не той выпадак.
Сапраўды, як можна стрымлівацца, калі расчыняецца нешта новае, незвычайнае ды яшчэ такое, што па сілах толькі мальнасці людзей? Шкаляры адчувалі яго вялікую значнасць, але не да канца разумелі, што разам з ужо набытым у вучэльні яно мусіла даастатку перавярнуць іхнюю свядомсць і рэальна прылучыць да вышэйшай дзейнасці.
Ікар улоўліваў хвалі выхаванцаў і адзначаў асаблівасці кожнага. Можна было б абурыцца і астудзіць запал гарэзнікаў, якія непажадана ўзрушвалі і расхіствалі сваё сведам'е, але не рабіў гэтага, бо ведаў людзей і тое, як цяжка існаваць з абрэзанымі крыламі. «Калі чалавек, нават цераз памылку і забарону, паспытае вышэйшага сэнсу, ён захавае ў сабе радасць узьлёту і абавязкова выправіцца – гэта лепш, чым ісці-спатыкацца, не маючы ўяўленняў пра нябёсы».
– Цяпер я магу ўсё, – гучна і ўзнёсла абвяшчаў усяму свету Замба, стрымгалоў кідаючы сваё цела ў розныя бакі.
– Я – валадар усіх стыхіяў, – радасна гарланіў Джордж, выпісваючы ў небе дзіўныя фігуры.
– Я не хачу назад, – рагатаў Мікаэль, віхрам узвяваючыся ўверх.
– Гайда да аблокаў, – клікнуў Кастусь, і чародка пракуднікаў ашалела ірванула ўвышыню.
Весела нырнуўшы ў хмары, яны апынуліся ў вільготна-змрочным асяроддзі. Бачнасць была слабой, але скарыстоўваць іншыя мажлівасці для прасвятлення не хацелася, бо няўтольна ўсцешвала адвечная прыродная цнота. Хлопцы ўзбуджана мітусіліся ў лёгкіх суцемках, шукалі-ганяліся адзін за адным.
Жак падляцеў да краю воблака, спыніўся і быццам бы сеў.
– Я – БОГ! – закрычаў ён. – Як адсюль усё добра відаць!
– А я цябе зрыну, – страпянуўся Генрых і піхнуў яго. – Нябёсы мае!
Іншыя таксама наблізіліся да іх і пачалі смехам тузацца нібыта з-за адзінага месца.
Неўспадзеўкі Жак страпянуўся, войкнуў і стаў падаць каменем.
Уражаныя, сябры стралой памчалі за ім, ураз падхапілі яго на рукі і асцярожна сталі спускацца. Ён быў у прытомнасці, але вельмі спалоханы.
– Што адбылося? – спытаў Кастусь.
– Не ведаю, – ужо на зямлі адказаў Жак. – Калі мы таўхаліся, мяне працяла нечым страшным, надта падобным на электрычны разрад.
– Хіба электрычны разрад мае выгляд? – здзівіўся Замба.
– І чаму ён страшны? – унікаў Генрых.
Жак задуменна паглядзеў на іх і прамовіў: – Я так адчуў. Мне здаецца: я ведаю, што гэта, але ўспомніць ніяк не магу.
– А як ты пачуваеш сябе? Нічога не турбуе? – пацікавіўся Мікаэль.
– У галаве бязладзіца, а так – нармальна.
– Рухацца можаш? – Джордж паклаў руку на плячо Жака.
– Не смяшыце! Канечне! – той пакрыўджана варухнуў целам, аслабаніўшыся ад цяжару, устаў на ногі і ўпэўнена зрабіў колькі крокаў.
– А лятаць? – усіхнюю занепакоенасць выразіў Кастусь.
Раптоўная цішыня скавала хлопцаў. Жак кінуў насцярожаны пагляд на кожнага, засяродзіўся, падняў правіцу і адарваўся ад зямлі. Крыху пакалываўся ў паветры і ўпаў. Усе кінуліся да яго, але ён рукою адхіліў іх, рашуча падняўся і зноўку ўзляцеў. На гэты раз трымаўся ўпэўнена, доўга, нават зрабіў узорны пераварот.
Юнакі задаволена засмяяліся, запляскалі ў далоні.
– А што з астатнімі? – успомніў Замба.
– Шукайма! – гукнуў Кастусь і першым ірвануў у неба.
Усе ахвотна рушылі ўслед.
Каб дазнацца іншых кунпаноў, тое можна было і не рабіць.
Да Ікара мігам дакацілася іхнае агульнае жаданне. Ён належна апрацаваў яго і надаў яму неабходны накірунак. Адразу паўстала карціна супольнае чыннасці, у якой кожны ўбачыў сябе і сваіх таварышаў.
Гэта змусіла ўсіх сабрацца навідавоку на прыгожай горнай даліне.
– Малайчыны! – пахваліў Ікар і абвёў вучняў удзячным позіркам. – Мяне радуе вашая гатовасць да ўдасканальвання. Сёння вы паказалі, за некаторым выключэннем, годныя якасці. Няхай не засмучаецца той, у каго нешта не атрымалася. Галоўнае – вы зрабілі крок наперад. Толькі рух пасоўвае нас да мэты і дае неабходныя набыткі. Хвала ідучаму! Двайная – таму, які ляціць!
Шкалярам словы настаўніка прыйшліся па душы, асабліва тым, каго напаткала няўдача.
– У кожнага яна была своеасаблівай, але ўва ўсіх спараджалася адным – сумневам, – зацеміў Ікар. – Вы павінныя былі адчуць гэты здрадніцкі пазыў і тое неўтаймаванае шуганне касмічных стыхіяў, якое затым вас ахапіла.
Сапраўды, небаракі ўспомнілі свой недарэчны мыслявы капрыз і ліхаманкавы стан пасля яго. Атрымалася, што замест чаканай радасці яны зазналі неспадзеўную непамыслоту. Нейкая невядомая ўладная сіла мігам авалодала іхняй свядомасцю, падпарадкавала сабе нутро і ў асалоду зайграла на ўсе лады, дэманструючы адну несусвеціцу. Напачатку здавалася, што іство затапіў хаос, але паступова праяснілася дзіўная ўпарадкаванасць навалы, якая са звыклай логікай не мела нічога агульнага.
– Вы сутыкнуліся зь іншасцю, якой ў Сусвеце хапае. Яна падпільноўвае нас пад час разгубленасці альбо сумневу на нечаканых паваротах Космасу і ўзрушвае розум. З якою мэтай? – не заўсёды вядома. Мець пра яе ўяўленне – карысна, але неакрэпламу сведам'ю лепш не трапляць у гэты палон, бо можна страціць сябе. Як бараніцца? Перш-наперш, пры выкананні нейкай задачы кіравацца думкамі толькі аднаго значэння і напрамку, ясна ўяўляючы, што трэба. Па-другое, падстрахоўвацца і не зачыняцца ад нашае апекі.
Ікар тлумачыў і неяк загадкава, са спадзевам пазіраў на вучняў.
– А дзе Аляксандр? – раптоўна выгукнуў Кастусь, і настаўнік з палёгкай уздыхнуў, пэўна, дачакаўшыся.
І толькі тут усе заўважылі, што Аляксандра няма.
Страсянутыя, апаслівыя позіркі ўміг стрэліся на настаўніку.
– Так, менавіта гэтая сіла захапіла Аляксандра, – Ікар пацвердзіў усіхнюю асцярогу. – Як толькі ён адчуў сябе незалежнай адзінкай Сусьвету, то ўсумніўся ў сваіх магчымасцях і захацеў максімуму ведаў. Ягоны запыт мігам паляцеў у прастору і адразу знайшоў зацікаўленую сілу. Тая, не марудзячы, усмактала яго.
– Што з ім будзе?
– Невядома.
– Ён вернецца?
– Цяжка сказаць.
– Чаму?
– Мы не ведаем, дзе ён апынуўся. Паўтараю: гэта іншасць. Там усё не так, як у нас. Уявіць яе немагчыма.
– А хто-небудзь адтуль варочаўся?
Ікар задумліва паглядзеў удалячынь і адказаў:
– Было колькі выпадкаў. Але ад тых, хто вярнуўся, нічога даведацца не атрымалася, бо яны адразу звар'яцелі.
Маўкліваю зрабілася даліна. Чародка прагных, неспатоленых юначых думак успырхнула і паляцела ўвышыню.