Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 37
Ільвінае вока[1]
Шкаляры
35
ОглавлениеБрацік занядужаў. Бацька і маці не ведалі што й рабіць. Да каго яны толькі не звярталіся – да лекараў, святароў, шаптухаў, знац е цаў, і ніхто не дапамог, не здолеў падняць хлопчыка з ложка.
Сэрцы родных сціскала скруха, уся хата нібы патанула ў тускноце.
Адным ранкам стары, які апошнім часам больш маўчаў і журыўся, разбудзіў Косціка. Той прахапіўся і спачатку не разабраў, што ад яго хочуць.
– Пойдзеш са мной?
Мальцу падабалася, што дзядуля заўсёды водзіць яго па цікавых месцах, і згодна матнуў галавой.
Калі яны апынуліся на бальшаку, унук спытаў:
– Куды мы ідзем?
– Да вельмі цікавага чалавека.
– Навошта?
– Каб вылечыць твайго брата.
– Ён – доктар?
– Ён – майстра, умее ўсё.
Косцік трохі памаўчаў і зноў да дзядулі:
– А чаму людзі хварэюць?
– Ад слабасці.
– Мой жа брат дужы: любога равесніка паваліць?!
– Я пра іншую слабасць – унутраную, тую, якая сядзіць у кожным з нас і бесперастанку трушчыць цела.
– І ў мяне таксама?
– Так. І ў цябе, і ў мяне.
– Я нічога такога не адчуваю. Якая яна?
– Выгляд у яе розны: па чалавеку. Якая ў каго натура – такая і яна.
– Нічога не разумею. Ты, дзядуленька, неяк складана кажаш.
– Прабач, унучак. Зараз патлумачу. Дасведчаныя яшчэ завуць яе недасканаласцю. Вось прыклад: я збіў услончык абы як, а ты – добра. Што з гэтага атрымаецца?
– Твой будзе рыпець, хістацца і ўрэшце хутка разваліцца, а мой паслужыць доўга і на радасць усім.
– Вось так і з чалавекам: стварылі яго няўдалым альбо наўмысля, альбо не таленавіта. Таму ён і кідаецца то направа, то налева, пакутуе і, па сутнасьці, не ведае, што рабіць. У сваёй недасканаласці людзі вінаватыя толькі крыху. Калі б мы былі гарманічнымі, суладнымі ад веку, тады б і не хварэлі, і не мучыліся. А насамрэч, унук, усё намнога складаней, чым я табе распавядаю. Падрасцеш – зразумееш. Ну, вось мы і прыйшлі.
Іх стрэў сівабароды дзед. Ён шырока і прыемна ўсміхаўся і, было відаць, узрадаваўся наведнікам.
– Якія госці! З такой далечы! Мабыць, стаміліся. Калі ласка, праходзьце, сядайце. Я вас зараз гарбатай з разнатраўя пачастую. Каго гэта ты да мяне прывёў, Міхал?
– Свайго ўнука. Кастусём зваць.
– А мяне – дзед Апанас. Ладны хлопчык. У школу ходзіш?
– Так.
– І якія поспехі?
– Ён здольны, – адказаў за яго дзядуля. – Вучыцца на выдатна. Усім цікавіцца, любіць марыць, назіраць неба.
– Малайчына, – пахваліў дзед Апанас і засяроджана паглядзеў у вочы Косціку.
Той не сумеўся і таксама неадрыўна пазіраў на яго.
– Выдатна! – задаволена сказаў гаспадар і лопнуў хлопчыка па плячы. – Я табе нешта падарую.
Ён выйшаў у другі пакой і хутка вынес адтуль залаты кудмень у выглядзе сонца.
– Насі і беражы. Ён прынясе табе поспех.
– Косцік, ідзі пагуляй, – папрасіў дзядуля. – Мы з дзедам Апанасам сёе-тое абмяркуем.
Калі абодва вярнуліся дадому, брат ужо сядзеў на ложку і ветла ўсміхаўся.