Читать книгу Каханне (зборнік) - Мікола Калядны - Страница 31
Ільвінае вока[1]
Шкаляры
29
ОглавлениеШкаляры паступова суняліся і, заняўшы свае месцы, скіравалі погляды на настаўніка. І толькі забіякі непрыязна зіркалі адзін на аднаго.
– Дзікуны. Брыдка бачыць усё гэта, – спакойна прамовіў філосаф. – Сваімі паводзінамі вы дэманструеце найгоршыя якасці чалавека. Такое ўражанне, што нічаму не навучыліся за гэтыя гады, бо ніхто не скарыстаў акультныя навыкі, не паказаў умельства самавалодання і вытрымкі.
Клас адчуваў віну і моўчкі каяўся. Плутарх успрымаў гэтыя хвалі, але патураць нікому не збіраўся, заставаўся няўмольным і жорсткім:
– Я пераканаўся, што вы не ацураліся ранейшых звычкаў і ў завадах аднолькавыя, яшчэ зямныя. Да абсалютнай індывідуалізацыі вам яшчэ далёка, хоць вы і бліжэй да яе, чым астатні люд. Разумею вашую любоў да роднага краю, але фанатызму і слепаты не прымаю. Досыць заставацца ў палоне нізкіх матэрыялістычных уяўленняў. Вы ўжо дастаткова атрымалі ведаў, каб уцеець, што вашая агульная радзіма – Зямля – уяўляе сабою не сама лепшую ілюзію.
– А хто вінаваты? – зноўку пасмялеў Аляксандр.
Плутарх уважліва паглядзеў на яго, спадзеўным позіркам акінуў клас – усе скемілі, што ён ацаніў пытанне і на штосьці разлічвае, – і, не дачакаўшыся, прадоўжыў:
– Яна патанае ў скажэннях Праўды, але валодае велізарнымі патэнцыямі выбару. На жаль, скарыстоўваюць толькі прасцейшыя зь іх. Памятайце: свет шматварыянтны, а жыццё – выбар, кожны крок – выбар. Які шлях абраў, такім і будзеш.
– А як рабіць правільны выбар? – выказаў усеагульную зацікаўленасць Кастусь.
– Усякі выбар правільны, – агаломшыў настаўнік, – і прыводзіць да канчатковае мэты, але не аднолькавы з іншымі па скарыстаным Часе і Прасторы, то бок энергетычна нераўнацэнны. Можна ісці доўга непралазным лесам, а можна хутка – бесперашкодным полем. Адзін вандроўца дасягае фінішу самастойна, здаровым і бадзёрым, другі – з дапамогаю, хворым і нездаляшчым.
– Чаму? – выбухнуў усхваляваны клас.
Плутарх крыху памаўчаў, нібы выпрабоўваючы шкаляроў на цярпенне, і толькі потым ізноў іх аглушыў:
– Таму што кожнаму выбару адпавядае адрозны ад іншых касмічны пласт, дзе Час і Прастора ўзаемнічаюць па-свойму. На чале яго знаходзіцца Правадыр, прыступкай ніжэй – кагорта Настаўнікаў. Менавіта яны вызначаюць асаблівасці развіцця і эвалюцыі, але больш таго, што дадзенае Богам, зрабіць не могуць.
– І яны абмежаваныя, не маюць свабоды, – са шкадаваннем уздыхнуў Джордж.
– Вось табе і нябёсы, – расчаравана вымавіў Генрых.
Клас незадаволена ўсхадзіўся, але Плутарх яго прыцішыў:
– Вы, як заўсёды, спяшаецеся. Не могуць не ад таго, што сціснутыя нейкімі асадкамі, а таму, што ў Сусвеце ўсё прадугледжанае і штосьці новае прыдумаць проста немагчыма дый бессэнсоўна.
Не ўсе вучні здолелі ўявіць такія маштабы, таму настаўнік, бачачы іхнія адхіленыя і ўдумлівыя пагляды, дадаў:
– Вельмі цяжка прытрызніць бясконцасць і бязмежнасць – вам гэтая здольнасць будзе дадзеная пасля поўнага курсу навучання, – ён зрабіў невялічкую паўзу і загаварыў больш цёпла. – Вы напэўна ўсвядомілі, як пачынаўся ваш шлях на Зямлі. Усё, што з'явілася на ёй потым, – супольная заслуга вашая і Настаўнікаў, плён агульнае творчасці, перамогаў і паразаў. На жаль, вы аб гэтым не памятаеце. На кожным занятку я буду паступова адчыняць ячкі вашага сведам'я, і вы ўбачыце сапраўдную карціну гісторыі планеты, прачуеце значнасць удзелу ў ёй кожнай жывой істоты.